Главная

Таццяна Дасаева,
загадчык кафедры замежнай журналістыкі
і літаратуры факультэта журналістыкі
Інстытута журналістыкі БДУ,
доктар філалагічных навук, прафесар.

Галіна Гарэцкая – захавальніца духоўных скарбаў
роду Гарэцкіх

Сям’я Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай нядоўга была шчаслівай. Ім і іх дзецям, Галі і Лёню, быў наканаваны цяжкі лёс. Суровыя выпрабаванні паўплывалі на фарміраванне характару Галіны Гарэцкай. Яна рана стала дарослай. Галі не споўнілася яшчэ і года, калі ў Вільні, дзе жыла сям’я Гарэцкіх, з 19 на 20 студзеня 1922 г. польскімі ўладамі быў упершыню арыштаваны яе бацька Максім Гарэцкі - пісьменнік, журналіст, грамадскі дзеяч. Памятаць пра гэта яна не магла. Пазней пачула ад матулі, прачытала ў бацькавым творы “Камароўская хроніка”.

Наступныя арышты бацькі ўрэзаліся ў памяць назаўсёды. Галі было толькі дзевяць гадоў, калі у Мінску (сюды пераехала сям’я Гарэцкіх у канцы кастрычніка 1923 г.) з 18 на 19 ліпеня 1930 г. М. Гарэцкага зноў арыштавалі. Фактычна тады і скончылася яе дзяцінства.

Па сфабрыкаваным абвінавачванні пісьменніка асудзілі на пяць гадоў і выслалі ў Вятку. Жыццё сям’і рэпрэсаванага было складаным як у маральным, так і ў матэрыяльным плане, але дарослыя і дзеці трымаліся мужна. М. Гарэцкі дасылаў лісты і супакойваў сям’ю, што ў яго ўсё добра. Пра цяжкасці амаль што не пісаў. У ім жыло адчуванне віны перад жонкай, дзецьмі. Ведаў, што драматычныя жыццёвыя абставіны не даюць магчымасці Леаніле Усцінаўне забяспечыць дзяцей добрым харчаваннем, вопраткай, наладзіць нармальны побыт. Клопатам пра сям’ю прасякнуты кожны ліст да жонкі: “Між радкоў твайго пісьма прачытаў я грашовы клопат… Мне казалі, што вы мерзлі ўзімку, купляючы па паленцу возіку дроў і мяркуючы па паленцу на дзень» з ліста ад 11.07.1931 г.; Вятка).

Ужо з той пары Галя Гарэцкая адчула цяжар выпрабаванняў, якія выпалі на долю горача любімых ёю бацькоў і малодшага брата, і стала першай памочніцай маці. Так было ўсё жыццё, пакуль яны былі разам. У лістах, звяртаючыся да дачкі М. Гарэцкі пісаў: “Маладзец, што ты пасабляеш маці і насіла заказную бандэроль” (ліст 01.1932 г.). Пяшчотай прасякнуты і наступныя радкі: “Галінка, дачушка мая любая! Што ж гэта ў цябе плечкі няроўныя? Можа мы вінаваты, а можа, ты сядзіш у школе няправільна. Старайся сядзець, пішучы і чытаючы, роўненька. Але нічога, не клапаці. У мяне правае плячо ніжэйшае - жыву. Што ты зробіш... I ты, Лёня, галубок, старайся сядзець роўненька. Сумна мне, падумаўшы, што не магу памагчы вам нічым” (з ліста ад 26.02.1932 г.).

“Бацька адмаўляў сабе ва ўсім і пасылаў з Вяткі грошы нам і бацькам у вёску, хоць мама і прасіла не трывожыцца за нас... Колькі сілы мела маці! Хадзіла на працу, пісала апавяданні, нарысы, пераклады. А дома дзеці. Трэба накарміць, дагледзець. Калодзеж не блізка, дроў мала, прадуктаў не хапае... I ўсё ж спяваць любіла, толькі песні сумныя пяяліся”- напісала праз многа гадоў ва ўспамінах “Наша сям’я” Галіна Максімаўна, захапляючыся мужнасцю бацькоў.

Менавіта ў гэтым дакументальна-мастацкім творы расказана пра перажытае сям’ёй Гарэцкіх. Трагічнае светаадчуванне выявілася ў Г. Гарэцкай вельмі рана, таму такой абвостранай была яе памяць, якая захавала да драбніц усё тое няўлоўнае для старонняга вока і дарагое для яе, звязанае з бацькам, якога гвалтоўна адарвалі ад сям’і, творчай працы; і маці, якая раздзяліла з мужам усе выпрабаванні, паехала да яго разам з дзецьмі летам 1932 г. у месца высылкі, каб не быў ён адзінокім, каб дзеці раслі і выхоўваліся ў поўнай сям’і, адчувалі любоў і клопат бацькоў. За ўсё гэта Галіна Максімаўна была ўдзячная ім абаім.

Нягледзячы на голад, неўладкаванасць побыту, там, у Вятцы, яны былі шчаслівымі, бо былі разам, адчувалі ўзаемную падтрымку, вялікую любоў адно да аднаго. Лаканічна і стрымана, іншы раз нават з гумарам, пісала Галіна Максімаўна пра цяжкасці. Затое вельмі падрабязна, з цеплынёй і пяшчотай, апавядала пра хвіліны, калі побач быў бацька. Успаміны пра гэтыя імгненні сагравалі яе ўсё жыццё. Бацька вадзіў Галю і Лёню на прагулкі, любіў фантазіраваць, расказваў цікавыя гісторыі пра марсіян. Аднойчы прыдумаў з Лёнем марсіянскую песню, якую потым спявалі ўдвух. Іграў на скрыпцы, балалайцы, зімнімі марознымі вечарамі паказваў дзецям сузор’і і зоркі, вучыў знаходзіць найбольш вядомыя.

Максім Гарэцкі прывучаў дзяцей да самастойнасці, падтрымліваў іх творчыя здольнасці: развіваў схільнасці Лёні да канструявання, малявання, спорту; Галі раіў пісаць невялікія сачыненні, настойліва прасіў весці дзённік. Леаніла і Максім Гарэцкія цешыліся, што іх дзеці добра вучацца, удзельнічаюць у грамадскім жыцці. “Як я цяпер разумею, - заўважыла Галіна Максімаўна, - радавала бацькоў маіх, што лёс, які выпаў сям’і нашай, не перашкодзіў належнаму выхаванню дзяцей, не адбіўся на ім”.

Пасля адбыцця пяцігадовага тэрміну пакарання М. Гарэцкі не вярнуўся з сям’ёй у Беларусь, застаўся ў Расіі. Жылі ў пасёлку Пясочня Кіраўскай вобласці. Аднак выпрабаванні на гэтым не скончыліся. З 3 на 4 лістапада 1937 г. М. Гарэцкага зноў арыштавалі. 16 гадоў было тады Галі, Лёню - 15. Дзеці бачылі свайго бацьку апошні раз. Леаніла Усцінаўна пабачыла мужа яшчэ 21 снежня 1937 г., калі М. Гарэцкага разам з іншымі арыштаванымі перавозілі з Кірава-Пясочні ў Вязьму. 8 студзеня 1938 г. яна прыехала ў Вязьму, каб атрымаць дазвол на перадачу мужу. Дазвол атрымала, перадалак бялізну, цукар, махорку. У адказ М. Гарэцкі даслаў апошнюю кароценькую запіску (яе захавала Галіна Максімаўна).

У лютым 1938 г. Леаніла Усцінаўна вярнулася ў горад Кіраў (былую Вятку). Крыху пазней, у гэтым жа годзе, Галя і Лёня паехалі ў Ленінград, паступілі на вучобу: Галя ў Ленінградскі педінстытут імя А. I. Герцэна, Лёня - у Ленінградскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.

Толькі 1 лістапада 1939 г. на шматлікія запыты Леанілы Усцінаўны пра лёс мужа ёй далі вусны адказ, што ён памёр 20 сакавіка 1939 г. у пасёлку Важаэль Комі АССР.

Калі пачалася вайна, Леаніла Усцінаўна жыла ў горадзе Кіраве (былая Вятка), а яе дзеці знаходзіліся ў Ленінградзе, вучыліся. Вайна перапыніла іх вучобу. Лёню Гарэцкага адразу ж мабілізавалі. 3 яго лістоў да родных можна ўзнавіць ход далейшых падзей. “Зараз ад’яджаю з Ленінграда ў часць РККА. 3 Галяй не бачыўся з пачатку вайны”, - пісаў Лёня матулі (з ліста ад 07.08.1941 г.)

Лісты Лёні сведчаць пра надзвычай цёплыя ўзаемаадносіны з сястрой. Знаходзячыся на фронце, Лёня клапаціўся, каб сястра закончыла навучанне ў інстытуце. “Галі абавязкова трэба здаць экзамены, я не давучыўся, няхай давучыцца яна”, - пісаў Лёня маці (з ліста ад 03.12.1941 г.).

“Я рады, Галя, што ты добра здаеш дзяржэкзамены і хутка атрымаеш дыплом” (з ліста ад 06.06.1942 г.). Лёня чакаў лістоў ад сястры, бо яна ўмела знайсці патрэбныя словы, каб падтрымаць яго маральна, падбадзёрыць. А была яна толькі на год старэйшая за брата. “Атрымаў сёння ад цябе ліст. Ён здаўся мне вясёлым і поўным надзей”, - пісаў Лёня сястры ў лісце ад 06.06.1942 г. 3 ліста да маці ад 30.11.1942 г.: “Няхай піша Галя, яна заўсёды ўмела стварае ўражанне, што жыве добра і не цяжка, але я ведаю. Мы жывем намнога лепш за вас, мы сытыя і апранутыя”. Лёня добра ведаў сястру і разумеў, што яна не напіша праўду, як ёй даводзіцца перажываць ліхалецце. Не напіша яна пра гэта і пазней, у сваіх успамінах. Не палічыць патрэбным, кіруючыся, відаць, тым, што вайна – выпрабаванне для ўсіх. Я ўдзячная Галіне Максімаўне, што яна даверылася мне ў лісце ад 13.07.1997 г.: “Мне цяжка вайна далася. Летам 1941 года прабыла на акопах пад Ленінградам, а ў канцы 1943 - пачатку 1944 года працавала (у школе) блізка ад лініі фронта (пад Вялікімі Лукамі). Многа чаго нагледзелася, нацярпелася”.

Гарэцкія... Яны ўмелі падтрымаць, супакоіць адно аднаго ў цяжкія перыяды жыцця, а калі адбывалася непапраўнае, мужна пераносілі страты. Аб смерці брата Галіна Гарэцкая даведалася з ліста Леанілы Усцінаўны ад 21.04.1944г.: “Галя, забіты наш Лёня. Адна ты ў мяне засталася. Беражы сябе. Потым напішу падрабязней. Ён забіты 18 лютага, любы мой сыночак. Цалую цябе і абдымаю моцна. Не можам мы і паплакаць разам”. Цяпер у сям’і Гарэцкіх Галіна стала галоўнай. Было ёй тады толькі 23 гады. У пасляваенны перыяд яна “была настаўніцай, а пасля цяжкай аперацыі працавала рэгістратарам у паліклініцы” . У 1947 г. Леаніла Усцінаўна пераехала да дачкі ў Ленінград.

3 студзеня 1957 г. Галіна Максімаўна паслала заяву ў Пракуратуру СССР з просьбай пра пасмяротную рэабілітацыю М. Гарэцкага. Яна робіць спробу даведацца пра месца і прычыну смерці бацькі. На афіцыйны запыт у пасёлак Важаэль атрымлівае паведамленне, што ў спісках зняволеных М. Гарэцкага няма. У 1958 г. у Ленінградзе ёй уручылі пасведчанне аб смерці ад 2 ліпеня, дзе паведамлялася, што М. Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 г. ад кровазліцця ў мозг. Пасля незваротных страт (смерці бацькі і брата) галоўнай справай жыцця Галіны Максімаўны стала ўпарадкаванне і падрыхтоўка да выдання творчай спадчыны М. Гарэцкага. Спачатку яна займалася гэтым разам з маці. Разам прынялі рашэнне перадаць на захаванне матэрыялы сямейнага архіва ў аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа.

26 верасня 1976 г. Леаніла Усцінаўна Чарняўская, восем гадоў прыкутая да ложка, памерла. Галіна Максімаўна засталася адна.

Агульнымі намаганнямі Галіны Максімаўны, Гаўрылы Іванавіча, Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкіх, а таксама Алеся Міхайлавіча Адамовіча, Міхася Іосіфавіча Мушынскага і многіх іншых у Беларусі на дзяржаўным узроўні было прынята афіцыйнае рашэнне аб выданні творчай спадчыны Максіма Гарэцкага. Галіна Максімаўна пачала актыўна супрацоўнічаць з Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе група тэкстолагаў прыступіла да вывучэння архіўных матэрыялаў М. Гарэцкага. У складзе гэтай групы пашчасціла быць і мне. Я рыхтавала да выдання “Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцка”. Вось тады, на пачатку 1980-х, упершыню сустрэлася з Галінай Максімаўнай. Яна стала для мяне блізкім і дарагім чалавекам. Галіна Максімаўна была цікавым і ўважлівым суразмоўцам. Усё, пра што яна апавядала, захапляла, бо было напоўнена яркімі дэталямі, вызначалася змястоўнасцю і глыбінёй. Ад яе я шмат даведалася, многаму навучылася. Пачаліся сустрэчы і перапіска.

Галіна Максімаўна прыязджала ў Мінск. Мы гадзінамі сядзелі над тэкстам “Летапісу…” удакладнялі ўсё да драбніц. Спачатку быў складзены першы, скарочаны яго варыянт, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння М. Гарэцкага. Пры падтрымцы Янкі Сіпакова “Летапіс...” упершыню быў апублікаваны ў часопісе “Маладосць” (1983, № 2). Потым рыхтаваўся варыянт для 4-га тома Збору твораў М. Гарэцкага і, нарэшце, асобнае выданне “Летапісу.. ”, прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Праца наша працягвалася і падчас перапіскі. Іншы раз у лістах Галіна Максімаўна адрасавала непасрэдна мне толькі пару абзацаў. Усё астатняе тычылася “Летапісу...”. Як лейтматыў гучалі словы ўдзячнасці за зробленую працу і пажаданне ўнесці праўкі ў падрыхтаваны тэкст. «Прагледзела я “Летапіс” у 4-м томе. Шчыра дзякую Вам за ўсё, што Вы зрабілі і яшчэ зробіце, каб быў ён поўным, цікавым і дакументальна бездакорным», - пісала яна ў лісце ад 26.11.1987 г. Далей ішлі праўкі, удакладненні і новыя факты. Усё гэта я потым уключала ў “Летапіс...”. Я многаму навучылася ў Галіны Максімаўны, але дасягнуць той дасканаласці ў тэксталагічнай працы, якой валодала яна, было проста немагчыма.

Па волі лёсу мы сталі сведкамі знамянальнай падзеі. Дзякуючы працэсам дэмакратызацыі, якія адбываліся ў грамадстве, пляменнік пісьменніка Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі атрымаў магчымасць азнаёміцца са справай № 13036, якая была заведзена на М. Гарэцкага ў сувязі з яго апошнім арыштам у г. Кіраве. У пасведчанні аб смерці, выдадзеным у 1992 г., пазначана, што М. I. Гарэцкі памёр 10 лютага 1938 г. Прычына смерці - “расстраляны”. Месца смерці - “невядомае”. На падставе архіўных дакументаў Радзім Гаўрылавіч напісаў і апублікаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” (1992; 9, 16 кастрычніка) артыкул “Расстрэл Гарэцкага”. Як бачым, сапраўдная дата смерці Максіма Гарэцкага стала вядомай толькі праз 54 гады пасля таго, як ён пайшоў з жыцця. Дачцэ пісьменніка яшчэ раз давядзецца перажыць смерць бацькі, даведацца пра падрабязнасці апошняга арышту, допытаў, жахлівага прысуду. Душэўнае ўзрушэнне, боль ад перажытага былі настолькі моцнымі, што па стане здароўя Галіна Максімаўна не змагла прыехаць з Ленінграда на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага, якое адбылося ў Горках у лютым 1993 г.

Як няйвялікшую каштоўнасць захоўваю лісты Галіны Максімаўны. Люблю перачытваць іх. Мне здаецца, што ў лістах яна адкрылася мне найбольш поўна. Сустрэчы з Галінай Максімаўнай былі не такія частыя, як нам хацелася, а ў лістах адлюстроўвалася тое, што жыло ў нашых душах.

За ўважлівыя адносіны да творчай спадчыны М. Гарэцкага, да роду Гарэцкіх Галіна Максімаўна не стамлялася выказваць удзячнасць, як, напрыклад, у наступных фрагментах з лістоў да мяне: «Найвялікшы Вам дзякуй за “Летапіс...” і цікавы, сардэчны, падрабязны ліст ад 03.03.93 г. А яшчэ - за ўдзел у Гарэцкіх чытаннях, за ўніверсітэцкія лекцыі пра Максіма Гарэцкага і арганізацыю прагляду кінафільма “Максім Гарэцкі” (з ліста ад 30.03.1993 г.). “Вельмі ўдзячная, што слухалі Вы па радыё перадачу пра кнігу “Народныя песні з мелодыямі”, пра бабулю маю Ефрасінню Міхайлаўну. Шкада, што не задалося нам больш пагаварыць, што не пачула я Ваш болей падрабязны расказ пра гэтую перадачу. А не напішы Вы, я нічога пра яе і не ведала б. Колькі Вы мне радасці прынеслі, суцяшэння!” (з ліста ад 18.03.1998 г.)

Галіна Максімаўна вяла аскетычны лад жыцця: строгае адзенне някідкіх колераў (галоўнае, каб было зручным, практычным); простая стрыжка (звычайна хадзіла з грабеньчыкам у валасах); харчаванне як неабходнасць (не да прысмакаў было). На ўсіх этапах свайго жыцця Галіна Максімаўна ведала, што такое нястача, нават голад, абмежаванасць у матэрыяльных сродках, таму жыла сціпла, эканомна, мела толькі самае неабходнае. Пра матэрыяльныя цяжкасці ўласнага побыту нідзе адкрыта не пісала, іншы раз пра гэта можна было прачытаць толькі ў яе лістах: “Цэны ў нас шалёныя. У магазіне за адну тысячу рублёў можна купіць хіба што дзесятак яічак і літр малака. Адно суцяшэнне, што час ад часу павышаюць пенсію, так што жыву патроху” (з ліста ад 10.12.1993 г.).

Моцна перажывала, калі не магла аддзячыць за аказаную ёй паслугу, нават самую нязначную: “Пра тое, што Вам і Тэрэзе дорага каштавалі пасылкі, стараюся не думаць. Каб жа магла хоць нечым аддзячыць, ды не выходзіць” (з ліста ад 30.03.01998 г.).

На пытанне, хто ёй дапамагае, адказала так: “Дапамога мне пакуль што не патрэбна. Жыву дружна з нашчадкамі дзядзькі майго - Івана Гарэцкага, а таксама з сяброўкамі маімі старымі. Есць з кім падзяліцца, сустрэцца. Спраўляем дні нараджэння, праведваем блізкіх сваіх на могілках, сустракаемся на святы, часам і ў буднія дні. На вялікі жаль, наш дружны калектыў пачаў радзець: у апошнія гады некалькі чалавек памерлі ад розных хвароб” (ліст ад 10.10.1995 г.).

У выяўленні пачуццяў Галіна Максімаўна была стрыманай, а калі адкрывалася - колькі ў ёй было маладога тэмпераменту, рамантычных усплёскаў эмоцый! Стрыманасць зыходзіла ад яе самой. Яна нібыта рабіла ўстаноўку: немагчыма быць шчаслівай, калі столькі пакут выпала на долю яе родных і блізкіх. За стрыманасцю хавала несціханы боль. Адкрывалася не кожнаму, а толькі тым, да каго адчувала давер, прыязнасць.

Дабрыня, спагадлівасць спалучаліся ў Галіны Максімаўны з прынцыповасцю, бескампраміснасцю. Першае выяўлялася ў адносінах да людзей, якіх яна добра ведала, якім давярала, якіх любіла. Другое - да тых, з кім разыходзілася ў поглядах на жыццё, творчасць, маральныя нормы. 3 апошнімі не хацела мець ніякіх стасункаў. У гэтым бачыцца спадчынная рыса Гарэцкіх. Па словах Галіны Максімаўны, Максім Гарэцкі, “з тымі нямногімі, хто не падабаўся яму, ніякіх адносін не меў. Да апошніх гадоў гэтай рысе свайго характару не здрадзіў. Людзей шанаваў, добра адносіўся да ўсіх, з кім прыходзілася жыць, працаваць, сустракацца”. Літаратурны талент Галіны Максімаўны адзначалі ўсе, хто яе ведаў. Ён выявіўся ў яе ўспамінах, артыкулах, нарысах, тэксталагічных каментарыях, нарэшце, у яе лістах. Гэта была таксама спадчынная рыса па бацькоўскай і мацярынскай лініях. Як трапна заўважыў Максім Лужанін, Галіна Максімаўна “чуе на гук і на вобмацак роднае слова і так яго падае, што возьмеш скупыя радкі ўспамінаў і не адарвешся”.

У калейдаскопе жыццёвых малюнкаў, адлюстраваных ва ўспамінах “Наша сям’я”, Галіна Максімаўна вылучае постаці бацькі, маці, брата. Асабліва бацькі. Дакладнымі, выразнымі мазкамі стварае яна партрэт М. Гарэцкага, раскрывае яго духоўны свет. Кожнае яе слова напоўнена пяшчотай, замілаваннем. Напрыклад, у эпізодзе, дзе згадваецца, як у чэрвені 1938 г. Максім Гарэцкі з дачкой ехаў у Багацькаўку: «Раніцай прыехалі ў Смаленск. Пайшлі ў горад... Насустрач групкамі і па адным чырвонаармейцы. Некаторыя мне падмігваюць: “Гэй, курносая!” Глянула сарамліва на бацьку, а ён ідзе справа побач, стройны, дужы і ўсміхаецца. У сінім шавіётавым касцюме, белай летняй фуражцы. Вышэй сярэдняга росту быў, вочы карыя, даволі вялікія, хоць і глыбокія. Усмешка прыгожая, добрая. Сорак тры гады было яму, а мне пятнаццаць». I яшчэ пра адно наведванне Багацькаўкі: “3 канца саду ішоў да мяне бацька, энергічны, любы мне”.

Вялікая любоў да бацькі дазваляла Галіне Максімаўне адчуваць яго настрой, прадугадваць душэўны стан. Увасобленыя ў мастацкім слове, гэтыя пранікнёнасць, заглыбленасць асабліва ўражваюць. “Помню заўважаны мною, дзяўчынкаю, міг усхваляванасці ў бацькі. Цвіў у Вятцы бэз, і выдаўся цёплы сонечны вечар. Я прынесла аднекуль пышны букет фіялетавага бэзу. Тата ўсё падыходзіў да яго, не гаварыў нічога, а быў неяк радасна ўсхваляваны. Можа, успомніў што ці проста вясну адчуў” - пісала Галіна Максімаўна.

Менавіта дзякуючы ўспамінам Галіны Максімаўны, разам з успамінамі іншых людзей, постаць Максіма Гарэцкага паўстае ва ўсёй шматграннасці. I самыя тонкія грані, глыбінныя рысы характару раскрыла менавіта дачка пісьменніка. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да паказу духоўнага свету Леанілы Усцінаўны Чарняўскай, Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, брата Лёні.

У дакументальна-мастацкай прозе Галіны Гарэцкай праступаюць і адметныя рысы самой аўтаркі: паэтычнасць натуры, здольнасць адчуваць навакольны свет ва ўсім багацці фарбаў, адценняў, гукаў, як, напрыклад, у фрагменце ўспамінаў, дзе Галіна Максімаўна перадае дзіцячыя ўражанні, што засталіся ад Горак. Там сям’я Гарэцкіх пражыла два шчаслівыя гады: “Запомніліся Горкі мноствам кветак. Адзін раз хадзілі з бацькам туды, дзе іх было цэлае мора, чырвона-барвовае… Каля дома нашага, як выйсці, ад ганка справа і злева за дом - вялікі кветнік быў. Луг насупраць дома бываў ружовы ад маргарытак, і ў летні ясны ранак я ўлоўлівала ў паветры над імі ледзь чутную дзівосную музыку”.

Адчуванне хараства прыроды, паэтычнасць у самыя цяжкія хвіліны жыцця вярталі Галіне Максімаўне душэўную раўнавагу, надавалі моц яе характару.

Стылю літаратурных твораў Галіны Максімаўны ўласцівы лаканізм, дакладнасць, яркасць мастацкай дэталі, ёмістасць слова, лексічнае багацце, адметны сінтаксіс. Сама Галіна Максімаўна адмяжоўвала сябе ад паняццяў літаратурны талент, творчасць, літаратуразнаўчая праца, тым больш ад прызнання яе заслуг. А яна ж была бібліёграфам, тэкстолагам, літаратуразнаўцам, мовазнаўцам, фалькларыстам, празаікам у адной асобе. Галіна Максімаўна катэгарычна адмовілася ад прапановы ўступіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. У гэтым выявіліся яе неверагодная сціпласць, вялікая патрабавальнасць да сябе - спадчынныя рысы роду Гарэцкіх.

Яна была вельмі далікатнай і, разам з тым, магла сказаць у вочы не вельмі прыемныя, але справядлівыя словы, выказаць сваё меркаванне публічна ў друку. Абурэнне Галіны Максімаўны выклікалі, напрыклад, публікацыі, якія тычыліся яе бацькоў, дзе былі дапушчаны недакладнасці, памылкі, скажэнне фактаў. Аднойчы яна напісала мне: “Радзім прыслаў 2-гі том “Энцыклапедыі Беларусі”, дык там маці мая прадстаўлена як мужчына. У артыкуле пра Бягомльскі музей народнай славы (с. 159) сказана: “Сярод экспанатаў музея матэрыялы пра беларускіх пісьменнікаў П.Панчанку, Ю. Свірку, А. Ставера, Л. Чарняўскяга... У пачатку 70-х гадоў мы паслалі, па просьбе загадчыка музея, некаторыя матэрыялы для экспазіцыі. Спадзяюся, што ператварэнне Л. Чарняўскай у Л. Чарняўскага адбылося толькі ў энцыклапедыі” (ліст ад 10.10.1995 г.).

Права на такую крытыку Галіна Максімаўна заслужыла дакладнасцю, выверанасцю ўласных матэрыялаў, падрыхтаваных ёю для апублікавання.

Разважаючы пра спадчынныя рысы роду Галіна Максімаўна найперш успамінала бацькаву маці, “любую бабу багацькаўскую”. “Бацька лічыў”, - пісала яна, - што моц духоўную ў цяжкім жыцці прыдавала Ефрасінні Міхайлаўне не вера ў бога, а паэтычнасць яе душы, веданне столькіх песень, народных абрадаў, здольнасць адчуваць хараство іх і хараство прыроды”.

Паэтычнасць натуры ўласцівая ўсім Гарэцкім. Іх аб’ядноўвае любоў да народнай творчасці, мастацтва, адчуванне хараства прыроды. Гэта не толькі аснова іх духоўнай і фізічнай моцы, але і выдатных прафесійных дасягненняў, літаратурнага таленту.

Галіна Максімаўна ганарылася прыналежнасцю да роду Гарэцкіх, падтрымлівала цесныя сувязі з роднымі. Асабліва любіла бацькавага брата Гаўрылу Іванавіча і яго сям’ю. Гаўрыла Іванавіч таксама прайшоў праз рэпрэсіі (цудам застаўся ў жывых), а яго сям’я зведала цяжкія выпрабаванні. Сем’і братоў Гарэцкіх сябравалі, падтрымлівалі адна адну. Пасля смерці Максіма Гарэцкага Гаўрыла Іванавіч, па сутнасці, быў для яго дзяцей, Галі і Лёні, як родны бацька. Варта толькі прачытаць лісты Лёні Гарэцкага з фронту да дзядзькі, і ўсё адразу становіцца відавочным.

Галіна Максімаўна прысвяціла Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму - акадэміку АН БССР, сусветна вядомаму вучонаму ў галіне геалогіі - твор “Дзядзька Гурык”, у якім раскрыла сваю любоў да дзядзькі і Максіма Гарэцкага да брата. Кожнае слова тут прасякнута павагай да роднага чалавека. Чаго варты адзін толькі сказ: “Імя Гурык так і засталося за ім для блізкіх яго на ўсё жыццё. Каму – дзядзька Гурык, каму быў проста Гурык, а найбліжэйшыя і цяпер скажуць – Гурэечка”.

Галіна Максімаўна апавядала, як у 1951 г. разам з матуляй “выправілася з Ленінграда ў Растоў-на-Доне, долей плылі двое сутак на параходзе”, каб трапіць у станіцу Раманаўскую пагасцяваць у сям’і дзядзькі. Відаць, Гаўрыла Іванавіч хацеў, каб вандроўка хоць на пэўны час адцягнула ўвагу дарагіх яго сэрцу людзей ад перажытага, якое балела і яму. Па словах Галіны Максімаўны, “кіраваў ён тады інжынерна-геалагічнымі вышукваннямі, што папярэднічалі будаўніцтву Цымлянскага гідравузла, а таксама Цымлянскага вадасховішча”. Падчас той вандроўкі Галіне было толькі 30 гадоў. Маладая, прыгожая, разумная дзяўчына, за плячыма якой столькі гора і роспачы. Але трэба было стрымліваць пачуцці, каб незнарокам не патрывожыць матулю, засцерагаць яе ад цяжкіх успамінаў.

У творы “Дзядзька Гурык” ёсць невялічкая пейзажная замалёўка, напоўненая глыбокім падтэкстам. Яна не толькі перадае душэўны стан Галіны Гарэцкай, але і вытлумачвае “загадку” духоўнай моцы Гарэцкіх. “Хмурным днём выйшлі ўпершыню ў данскі стэп, і раптам я пабегла. Расхінула пахучае травамі паветра, пакуль не здавалілася. Адчула стэпавы прастор. Цудоўнае было паветра, гаючае. Можа і яно прыдавала дзядзьку Гурыку нястомныя сілы”, - пісала Галіна Максімаўна. Новыя мясціны, бязмежнасць стэпу, уражанні ад незвычайнай, поўнай рамантыкі і таямнічасці працы дзядзькі Гурыка, які здабываў “скарбы зямлі” - усё гэта вярнула Галіне Гарэцкай душэўную раўнавагу, надало фізічнай моцы, абудзіла новыя пачуцці. Яна наблізілася да дзядзькі Гурыка: глыбей спасцігла яго чалавечую сутнасць, праніклася яго працай, адчула яго трывалую сувязь з “родным карэннем” (гэтая рыса ўласцівая ўсім Гарэцкім).

Галіна Максімаўна раскрыла багаты духоўны свет Гаўрылы Іванавіча: “Я чула, што дзядзька Гурык дае паэтычныя, як кажуць, былінныя назвы некаторым прарэкам. Вось і скажу пра любоў яго да народных спеваў, у прыватнасці, да беларускіх.
Будзе слухаць песні па радыё, на канцэртах, будзе сачыць за ўсімі беларускімі фальклорнымі зборнікамі і таму яшчэ, што неабыякавы да творчасці народнай, і таму, што амаль у кожным з іх ёсць песні, запісаныя калісьці ад яго маці - Ахрасінні Міхайлаўны”
.

Вось яны, вечныя крыніцы творчасці, - матуля, родная зямля, духоўныя скарбы народа. I ўсе Гарэцкія стаялі ля вытокаў гэтых крыніц.

Апавядаючы пра геалагічныя экспедыцыі Гаўрылы Іванавіча, Галіна Максімаўна з захапленнем адзначала: “Колькі чарговых адпачынкаў выкарыстоўваў дзядзька Гурык для ўсё новых і новых геалагічных пошукаў. Міжволі ў гэтым параўноваю яго з бацькам маім. Так жа і бацька мой ездзіў, шукаў, ахвяруючы для навукі, для сваёй творчасці кожную часіну. I, мусіць, такая апантанасць, як у іншых, падобных ім, самаадданых сваёй справе людзей, толькі ўзмацняе духоўныя і фізічныя сілы”.

Шматграннасць асобы Гаўрылы Іванавіча Галіна Максімаўна дапоўніла яшчэ адным істотным штрыхом: “Ён не ўяўляў сабе паўнацэннага творчага жыцця ў галіне навукі без жывейшай цікавасці ў пытаннях літаратуры і мастацтва”.

Саму Галіну Гарэцкую падчас незабыўнай вандроўкі ўразілі ўнікальныя знаходкі геолагаў: Адзін жаночы бранзалет здзівіў. Варажылі, на чыёй жа такой тонкай руцэ быў ён? 3 найцікавейшых знаходак - багатая, з унікальнымі каштоўнасцямі, магіла качэўнай жанчыны-воіна, пахаванай разам з канём. Такая рэакцыя на ўбачанае яшчэ раз засведчыла паэтычнасць натуры Галіны Гарэцкай.

Галіна Максімаўна - яркая прадстаўніца двух родаў: Гарэцкіх і Чарняўскіх. Асабліва выразна выявіліся ў ёй спадчынныя рысы Гарэцкіх, найперш духоўная моц, адданасць роду, высокая чалавечая годнасць, любоў да Бацькаўшчыны, роднай мовы, народнай творчасці, глыбокая ўнутраная культура, літаратурны талент, вытанчанасць пачуццяў, паэтычнасць натуры, мужнасць, прынцыповасць, стрыманасць, любоў да людзей.

Успаміны “Наша сям’я”, якія ўбачылі свет у 1984 г., завяршаюцца наступнымі словамі Галіны Максімаўны: “Літаратурная спадчына бацькоў маіх засталася жыць. Франтавыя лісты брата былі апублікаваны ў часопісе “Маладосць” № 9 за 1974 год і “Юнасць” № 4 за 1975 год”. Колькі за гэтымі словамі перажытага, выпакутаванага. Колькі падзвіжніцкай працы і вялікай радасці, шчасця ад пачуцця выкананага абавязку.

Наперадзе ў Галіны Максімаўны былі яшчэ два дзесяцігоддзі напружанай працы разам з тымі, хто прычыніўся да выдання творчай спадчыны Максіма Гарэцкага. У 1984 г. завяршылася выданне чатырохтомнага Збору твораў Максіма Гарэцкага, потым выйшлі “Творы” (1990), “Гісторыя беларускае літаратуры” (1992), тамы выбраных твораў Максіма Іарэцкага на беларускай і рускай мовах, яго дзённікі і многае іншае. У кожным выданні - неацэнны ўнёсак Галіны Максімаўны, яе самаахвярная праца.

13 сакавіка 2011 г. споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Галіны Максімаўны Гарэцкай, а 20 верасня 2011 г. - 5 гадоў з таго дня, калі яна пайшла з жыцця. Але яна жыве ў творчай спадчыне бацькоў і брата, ва ўласных літаратурных творах. Жыве ў нашай памяці як дарагі і блізкі чалавек, як захавальніца духоўных скарбаў роду Гарэцкіх.

Уладзімір МАРХЕЛЬ

“Гісторыя...” Максіма Гарэцкага i
“тыпова нашыя камбінацыі”

“Гісторыю беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі пачаў пісаць, калі не мог яе не пісаць: мастацкія творы без гісторыі яшчэ не літаратура, а нібыта будоўля, дзе матэрыял нарыхтаваны, але дом не ўзведзены. За напісанне свае “Гісторыі...” М. Гарэцкі ўзяўся, галоўным чынам, як адраджэнец, а пасля ўжо як пісьменнік, гісторык, крытык - з асветніцкай мэтаю запоўніць інтэлектуальную лакуну ў нацыянальным самаспазнанні і з надзеяй пераадолець (магчыма, найперш у сабе) комплекс беларускай гістарычнай непаўнавартаснасці. Акрамя таго, напісанне “Гісторыі...” дазваляла аўтару прайсці шляхам папярэднікаў, тым шляхам станаўлення мастацкага слова Беларусі, на якім ён апынуўся сам, г. зн. глянуць на літаратурны працэс хоць і суперажывальна, але збоку, што, несумненна, было ў сугуччы з самаспазнаннем і самарэалізацыяй герояў яго празаічных твораў. А паколькі пісьменнік быў свядомым адраджэнцам, то яго праца над “Гісторыяй беларускае літаратуры” была, разам з тым, і спраўджваннем грамадзянскага абавязку.

Неабходнасць стварэння “Гісторыі беларускае літаратуры” востра ўсведамлялася М. Гарэцкім, выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, дзе штодзённая практыка, несумненна ж, увідочніла пільную патрэбу ў школьным падручніку па беларускай літаратуры. Таму, працуючы над “Гісторыяй...”, пісьменнік арыентаваўся не меней як на дапаможнік шматфункцыянальнага характару. Гэта вызначыла універсальную стылёвую простасць падачы матэрыялу ў кнізе, адрасаванай самаму шырокаму колу беларускіх чытачоў, што, у сваю чаргу, павысіла запатрабаванасць “Гісторыі...” і паспрыяла яе неаднаразоваму перавыданню. Адбыліся тры віленскія выданні (1920, 1921, 1924), адно, значна дапоўненае ў параўнанні з апошнім віленскім, - маскоўска-ленінградскае (1924) і два мінскія (1926 г. - пашыранае найперш за кошт фалькларыстыкі; 1992 г. - паўтор маскоўска-ленінградскага выдання, дапоўненае змястоўным гістарычна-літаратурным каментарам). Апошняе перавыданне “Гісторыі...”, здзейсненае з ініцыятывы і пад апекаю Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларуси яскрава пацвердзіла словы самога М. Гарэцкага, выказаныя ім у лісце да Яўхіма Карскага ад 30 красавіка 1927 г., дзе, у прыватнасці, напісана: «Мінаецца час, калі мусілі мы, няўчоныя беларускія працаўнікі, “перерабатывать, - праўду кажаце, - старую российскую науку на белорусской почве “... З прыемнасцю сведчу Вам, Яхім Фёдаравіч, сваю радасць з прычыны з’яўлення Вашай працы ў перакладзе на нямецкую мову. Пахвалу, якую ласкава выказваеце там, між іншым, маім кампіляцыям і некампіляцыям (“Гістор. белар. літар. ”), я ў большай яе частцы аддаю глыбокапаважаным аўтарам тых кніг, па якіх я меў магчымасць пазнаваць гісторыю мае роднае літаратуры. На мой заўсёды вялікі жаль, некоторым з іх, можа, найбольш заслужаным, я не мог у сваёй кнізе аддаць хоць ласкавым словам тое, што ім некалі аддадуць, нелицеприятно, нашы на потым будучыя, праўдзівыя, вучоныя гісторыкі”.

Знакавыя словы, сказаныя аўтарам ліста не так дзеля сціпласці, як з усведамленнем першаснасці свае працы і недастатковасці яе інфармацыйнага насычэння, а таксама з вераю ў тое, што з часам распачатае ім, аматарам, будзе прадоўжана прафесіяналамі.

Нельга сказаць, каб сучаснікі Максіма Гарэцкага не спрабавалі асвятляць шлях, пройдзены беларускай літаратурай, але іх намаганні былі скіраваныя на асобныя з’явы і перыяды літаратурнага жыцця, на пэўныя персаналіі або жанры і на пашырэнне фактаграфіі. Артыкулы, нарысы, бібліяграфічныя напрацоўкі Максіма Багдановіча, Яўхіма Карскага, Сяргея Палуяна, Антона Навіны (Луцкевіча), Рамуальда Зямкевіча і іншых хоць і насычалі інфармацыйнае поле, аднак праблему гісторыі беларускай літаратуры не вырашалі.

Яшчэ раней, у XIX ст., Рамуальд Падбярэскі ў артыкуле “Ян Баршчэўскі і Беларусь” (1844) і Аляксандр Ельскі ў энцыклапедычным матэрыяле “Беларуская літаратура і бібліяграфія” (1892) давалі адпаведныя сваёй інфармаванасці ўяўленні па гісторыі літаратуры Беларусі, а Аляксандр Рыпінскі ў апошняй чвэрці замінулага стагоддзя, назапасіўшы значны масіў крыніц, нават пачаў распрацоўку біяграфій пісьменнікаў, якія, паводле яго словаў, “або нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай”.

Пра гэтае пачынанне А. Рыпінскага М. Гарэцкі не ведаў, але ён быў знаёмы з артыкулам Р. Падбярэскага, названага ім “першым гісторыкам нашае літаратуры”, які, дарэчы, кіраваўся тымі самымі крытэрамі адбору пісьменнікаў, што і А. Рыпінскі. Між тым М. Гарэцкі за імі не пайшоў. Пішучы гісторыю беларускай літаратуры, а не літаратуры Беларусі, ён прыналежнасць пісьменнікаў вызначаў паводле мовы іх твораў. Гэта як быццам спрашчала, але не вырашала гістарычна-літаратурнай праблемы, пастаўленай самім існаваннем і развіццём беларускай літаратуры. З поля зроку выпадаў масіў лацінамоўных твораў, напісаных беларускімі аўтарамі, калі лаціна лічылася ў Еўропе агульнапрызнанай формай пісьменніцкага выяўлення, а таксама значны польскамоўны даробак білінгвальных аўтараў XIX ст. Праўда, у выпадку з Янам Баршчэўскім было зроблена выключэнне: побач з вершамі на беларускай мове разглядаліся і яго аповеды-прыпавесці са “Шляхціца Завальні”, напісаныя па-польску. М. Гарэцкі тым самым распачынаў вывучэнне білінгвізму як з’явы новай беларускай літаратуры, хоць гэта пярэчыла яго стратэгіі падачы матэрыялу ў кнізе. Разам з тым сваю стратэгію М. Гарэцкі парушыў і з іншага боку, не прысвяціўшы ў “Гісторыі беларускае літаратуры” асобнага артыкула Уладзіславу Сыракомлю і толькі мімаходзь назваўшы беларускамоўныя вершы паэта “Добрыя весці” і “Ужо птушкі пяюць ўсюды”, цалкам пададзеныя ў яго “Хрэстаматыі беларускае літэратуры: XI век — 1905 год” (1922).

Акрамя таго, М. Гарэцкі звярнуўся да выказвання У. Сыракомлі пры аналізе вершаванай аповесці “Гапон” В. Дуніна-Марцінкевіча і прывёў тыя словы вясковага лірніка, якія тычацца заўвагі наконт мастацкай праўды ў абмалёўцы вобраза Гапона, падкрэсліваючы не толькі эстэтычны сэнс заўвагі, але і прагрэсіўнасць аўтара выказвання. Зразумела, М. Гарэцкі быў знаёмы з водгукамі У. Сыракомлі на беларускамоўныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча ў польскім друку, ды скарыстаў іх вельмі стрымана - і ці не таму, што іх аналіз у артыкуле пра У. Сыракомлю быў бы не менш дарэчны... Аднак такога артыкула для “Гісторыі...” М. Гарэцкі не напісаў. Чаму? Для прасвятлення гэтага пытання звернемся да адной з рэцэнзій на “Гісторыю беларускае літаратуры”, якая была напісана ў палемічным запале, выкліканым спрэчкай наконт прыналежнасці пісьменнікаў і іх твораў. У свой час мне даводзілася цытаваць названую рэцэнзію ў сувязі з беларускамоўнай творчасцю Уладзіслава Сыракомлі. Цяпер, думаецца, ёсць сэнс прывесці яе паўней: “Мечыслаў Карловіч, найзаконнейшы паляк, народжаны Сулістроўскай у прыазёрным свянцянскім Вішневе, напісаў музычную рапсодыю, названую “Літоўскай” і заснаваную на матывах народных песняў... беларускіх.

Вось гэта тыпова нашыя камбінацыі, краёвыя, этнаграфічна-гістарычныя, традыцыйна правінцыйная, якія выводзяць у поле найвыдатнейшыя замежныя розумы, дзякуючы якім тут у нас, дома, ліцвіны прымаюць Міцкевіча за свайго, паколькі ён вельмі выразна перад светам і гісторыяй усклікнуў: “Літва, мая айчына!” Але ж мы палякі, не можам яго нікому “саступіць”, а беларусы не вагаюцца сдвярджаць: “Ён наш!” - бо нарадзіўся на этнаграфічна беларускай тэрыторыі і паходзіць з дробнай шляхты, несумненна калісьці там беларускай. I Рагоўскі са сваёй “Беларускай сюітай” у гэтым вар’яцкім коле блытаніны... паняццяў. Можа, нават Манюшка...

Калі нядаўна ў прысутнасці аднаго з кіраўнікоў беларускага нацыянальнага руху я наўздагад разгарнуў толькі што выдадзеную “Гісторыю беларускае літаратуры” Гарэцкага і міжвольна жахнуўся, убачыўшы вялікі партрэт Вінцэнта Каратынскага, то атрымаў адказ:
- А як жа, а як жа! А два выданні “Гутаркі”, пазнанскае і парыжскае?
- Вершаваная, і то не арыгінальная рэвалюцыйна-агітацыйная брашура...
- Ён пісаў беларускія вершы.
- Тры, роўна тры вершы адшукаў, як я бачу, сам Гарэцкі. Не болей!
- Але ён вельмі цікавіўся беларускай літаратурай...
- Прыхільнікі не належаць да літаратуры, - адказаў я. - Мне самому, як мяне пан бачыць перад сабою, давялося напісаць беларускі верш. Даўно гэта было. Пасылаў я ў той час з вёскі, з-пад Вільні, ёмістыя карэспандэнцыі ў “Кurjer Warszawski” і, каб даць маім суайчыннікам з-пад Віслы ўяўленне пра беларускую мову, тут жа зрабіў на ёй вершаваны ўзор. Ну, і адгадай, дарагі пане, што праз добрых дваццаць гадоў сталася з маім родным вершам? - Адкуль мне ведаць!
- Сын Вінцэнта Каратынскага, пра якога мы толькі што гаварылі, пан Уладзіслаў, незвычайны эрудыт у літаратуры і гісторыі, прыпісаў мой верш... Сыракомлю і змясціў яго, слова ў слова, у пасмяротным зборы паэзіі неўміручага вясковага лірніка з патэтычнай дапіскай пра гарачыя пачуцці нашага паэта да беларускага народа. Я абвергнуў гэты пацешны ляпсус у пісьме ў “Кurjer Warszawski” і - смеху было многа.
Цяпер... беларуская літаратура не мае патрэбы збіраць крошкі ні з чыйго стала...”.

Архіўныя і бібліяграфічныя росшукі не далі ні прамога, ні ўскоснага пацвярджэння надзіва прыблізнай “інфармацыі” Чэслава Янкоўскага наконт якогасьці яго верша на беларускай мове, нібыта прыпісанага Сыракомлю. Тут, трэба думаць, у наяўнасці безадказная містыфікацыя, разлічаная на ўкараненне сумнеўнага стаўлення да беларускамоўных твораў, напісаных ці прыпісаных тым аўтарам, якія далучаны да польскай літаратуры. Творчая білінгвальнасць нараджэнцаў беларуска-ліцвінскага краю так ці інакш стварала прэцэдэнт этычнай нязручнасці перш-наперш яе прызнання, а тады ўжо прысваення і вызначэння яе двухпрыналежнасці. Не ў стане пераадолець стэрэатып непадзельнасці польскай літаратуры, Ч. Янкоўскі звёў размову да неправамернасці залучэння ў гісторыю беларускай літаратуры тых аўтараў, якія пісалі пераважна па-польску і пакінулі адзінкавыя прыклады беларускамоўнай творчасці. Да таго ж усякую (выказаную вусна ці ў друку) спробу зямляцкага прысваення творцаў, што паходзілі з краю, ён называе правінцыйнай хоць іх прыналежнасць толькі да польскай культуры лічыць недатыкальнай.

Можна, такім чынам, уявіць, якія сумненні і цяжкасці на ўзроўні грамадскай думкі і тагачасных стэрэатыпаў даводзілася пераадольваць М. Гарэцкаму пры назапашванні матэрыялаў і напісанні свае “Гісторыі...”, калі пасля яе выдання ў польскім віленскім друку папулярны журналіст нават спрабаваў дакараць (праўда, ускосна, праз імітаваны дыялог зацікаўленых асобаў) за тое, што ў “Гісторыю...” увайшоў Вінцэсь Каратынскі - адзін з тых аўтараў XIX ст., хто мог адпавядаць ідэальнаму вобразу беларускага пісьменніка, які ўяўляўся М. Гарэцкаму. Аднак апошні, вельмі верагодна, не ведаў пра сялянскае паходжанне В. Каратынскага, назваўшы яго сярод “новашляхоцкіх” пісьменнікаў, і нават памылкова лічыў, што ён родам з Віцебшчыны.

Інтанацыйна скептычны водгук на “Гісторыю беларускае літаратуры” ў “Gazecie Krajowej”, дзе, па сутнасці, ігнаравалася сама “Гісторыя...”, а рабіліся заўвагі на яе палях, надзвычай яскрава паказаў, наколькі хваравіта мясцовая палонія ставілася да ўспрымання творчасці беларуска-польскіх пісьменнікаў як супольнай з беларусамі спадчыны. Гэтага не мог не ведаць і не ўлічваць М. Гарэцкі. Таму, адвёўшы пэўнае месца ў сваёй "Гісторыі...” аналізу беларускамоўных вершаў В. Каратынскага (“Уставайма, братцы, да дзела, да дзела...”, “Далібог-то, Арцім...” і “Туга на чужой старане”), ён не падаў гістарычна-літаратуразнаўчага артыкула пра У. Сыракомлю, хоць пра яго жыццё і творчасць быў, па ўсім відаць, інфармаваны лепш і два яго вершы на беларускай мове (“Добрыя весці” і “Ужо птушкі пяюць усюды”) падаў у “Хрэстаматыі...”.

У “Гісторыі беларускае літаратуры”, узнятай на адраджэнскіх хвалях у рэвалюцыянізаваным грамадстве і напісанай з арыентацыяй на нацыянальна-беларускія прыярытэты, але з нарастаючай тэндэнцыяй сацыялагізацыі, праблема разгляду польскамоўнай творчасці аўтараў, якія пакінулі мастацкую спадчыну і на беларускай мове, відаць, не магла быць узнята (за выключэннем “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага), ад чаго даследаванне літаратурнага працэсу Беларусі, у якім адбывалася станаўленне новай беларускай літаратуры, не набыло дастатковай паўнаты і доўга заставалася на ўзроўні ігнаравання ўсяго польскамоўнага мастацкага масіву, пакінутага нам у спадчыну нашымі землякамі.

Уладзімір Ліўшыц,
дырэктар гісторыка–этнаграфічнага музея.

Справа № 13036

Да 100–годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

Усяго 44 гады пражыў пісьменнік. Амаль 9 год яго жыцця было звязана з Горкамі. Шмат гадоў жыццё і творчасць пісьменніка вывучае дырэктар Горацкага гістарычна–этнаграфічнага музея У. М. Ліўшыц. Ён зрабіў запыт ва ўпраўленне Міністэрства бяспекі Расійскай Федэрацыі па Калужскай вобласці, і яму далі магчымасць азнаёміцца са справай “По обвинению гражданина Горецкого Максима Ивановича по ст. 58, п. 10, ч. 1 УК РСФСР”. Матэрыялы гэтай справы і пакладзены ў аснову артыкула.

Прычына арышту
Звычайная папка з кардону з датамі: пачата 3.ХІІ.1937 г. — закончана 22.XII.1937 г. У ёй павінна было быць 60 лістоў, але 8 прапала. Хутчэй за ўсё нехта не захацеў, каб ведалі ўсе падрабязнасці арышту і смерці М. Гарэцкага.

Органы НКУС забараніць працаваць М. Гарэцкаму не маглі, бо гэта быў яшчэ 1935 год. Але пад свой нагляд узялі. На гэтую думку наводзіць цікавы дакумент, што падшыты пад грыфам “Совершенно секретно”. У ім начальнік 5–га аддзялення 4 аддзела НКУС па Заходняй вобласці ў студзені 1937 г. пісаў начальніку Кіраўскага раённага аддзялення лейтэнанту Карасёву: “Предлагаем немедленно исполнить наш N 7524/5 от 16.ХІІ.1936 г. о Горецком”.

Прайшло менш месяца і ўжо ў вельмі сярдзітым тоне зноў Карасёў атрымлівае ліст: “В четвертый раз просим исполнить наш 7524/5 от 16.ХІІ.1936 г. о Горецком. Несвоевременный ответ по такому важному делу мы расцениваем как Вашу оперативную немощь. Если Вы не в состоянии выполнить наше задание в отношении Горецкого, сообщите, мы выделим оперативного работника на место, который это сделает”.

Насцярожваюць словы з пісьма: “...по такому важному делу...” Вядома ж, беларускі пісьменнік, “вораг народа”, асуджаны ў 1931 годзе ў Мінску па так званай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, які адседзеў у ссылцы 5 год і раптам з’явіўся на тэрыторыі Заходняй вобласці. Ці ж маглі на гэта спакойна глядзець прадстаўнікі НКУС?

На наступных лістах “Справы N 13036” мы бачым на бланку рэдакцыі газеты “Правда” за подпісам члена рэдкалегіі Бегавога пісьмо, у якім ён піша ў Смаленскі абком ВКП (б) аб тым, што рэдакцыя газеты атрымала пісьмо настаўніка матэматыкі і фізікі П. Васільева, дзе ўскрываецца варожая дзейнасць настаўніка М. I. Гарэцкага. Яна выражалася ў тым, што “...на вечере памяти Ленина докладчик, преподаватель литературы Горецкий М. И. назвал троцкистско–зиновьевскую банду оппозицией и сказал, что в нашем обществе еще имеется эксплоатация (так у тэксце) человека человеком”...

Тут жа падшыта і “Докладная записка учителя средней школы П. Васильева” аб тым, што ў сваім дакладзе Гарэцкі дапусціў шэраг грубых выпадаў супраць партыі і радзімы.

Прайшло амаль шэсць месяцаў, і ў кастрыніку 1937 г. органы НКУС вырашылі, што кампраметуючых матэрыялаў больш чым дастаткова і што трэба арыштаваць “ворага народа” М. Гарэцкага.

Арышт і допыты
У канцы кастрычніка 1937 года матэрыялы на М. Гарэцкага разглядаліся ў Смаленску.

“...Горецкого Максима Ивановича, судимого к 5 годам лишения свободы за участие в контрреволюционной организации белнацдемов... арестовать и содержать под стражей гор. Сухиничи”.

Выдаецца ордэр на арышт М. Гарэцкага, які і быў праведзены ў ноч с 3 на 4 лістапада 1937 года. У час арышту ўпаўнаважаны Пруднікаў разам з памагатымі склалі “Протокол обыска”. 3 яго бачна, што ў Гарэцкага забралі асабістую перапіску на 282 лістах, 42 канверты, пашпарт і вайсковую кніжку.

На пратаколе вобыску М. Гарэцкі напісаў: “Претензий на производство обыска мною заявлено не было, но считаю, что взяты материалы, которые не могут быть названными и обнаруженными для доставления в НКВД”.

Арыштаванага М. Гарэцкага, як успамінала яго жонка Л. Чарняўская, трымалі ў падвале аддзела міліцыі города Кіраўска.

Пачаліся допыты. 3 пратаколаў ад 6 лістапада 1937 г. бачна, што акрамя звычайных пытанняў наконт прозвішча і месца нараджэння і г. д. М. Гарэцкі падрабязна адказаў на пытанне аб сваёй працы, пачынаючы з 1917 года. Тут даследчыкі жыцця пісьменніка знойдуць вельмі цікавыя факты з яго біяграфіі, якіх няма нават у падрабязным “Летапісу жыцця і творчасці” (М. Гарэцкі. Збор твораў у чатырох тамах. Том 4, Мн., 1986, с. 345–380).

Другі раз Гарэцкага дапыталі толькі 20 снежня 1937 года. Гэты допыт у архіўнай справе названы “Дополнительные показания обвиняемого”.

Са справы бачна, што ў следчых ніякіх “данных” аб тым, што М. Гарэцкі быў завербаваны для шпіёнскай працы, не было. Але ж у 1937 годзе абвінавачванне ў шпіянажы з’яўлялася штампам. Шпіёнамі былі і члены Палітбюро ЦК ВКП(б), і буйныя военачальнікі.

Як бачна з пратакола “...обвиняемый от подписи отказался и дальнейшие показания также давать отказался”.

У справе N 13036 знаходзяцца таксама пратаколы допыту двух сведак “варожай дзейнасці” М. Гарэцкага. Спачатку, 15 снежня 1937 года быў дапытаны М. К. Мішуткін, сусед Гарэцкага па кватэры, старшы інспектар сельскагаспадарчага банка. Ён заявіў, что Гарэцкі ў размове з ім гаварыў: “Трудно представить, что Советский Союз останется существовать долгое время. Международная обстановка сложилась так, что Советский Союз неизбежно должен быть побежден капиталистическими державами...”

20 снежня 1937 года дапыталі другую сведку – П. Першыну, загадчыцу гаспадарчага аддзела Кіраўскай сярэдняй школы. Яна таксама “пацвердзіла” контррэвалюцыйную дзейнасць М. Гарэцкага.

Але вернемся да справы N 13036. Як з яе бачна, следчыя больш не дапытвалі ні М. Гарэцкага, ні сведак. Відаць, ім і так было ўсё зразумела. Гарэцкі – “шпіён і контррэвалюцыянер”. I таму 21 снежня 1937 года яго пераводзяць у турму горада Вязьмы, дзе і адбыўся суд.

Суд, расстрэл і рэабілітацыя
На самой справе ніякага суда не было. Ён у тыя гады замяняўся пасяджэннямі “тройки УНКВД”. Але для таго, каб справу разглядала “тройка”, патрэбна было “обвинительное заключение”. Яно і было складзена 22 снежня 1937 года.

У частцы “Обвиняется” сказана: “Будучи непримиримым врагом Советской власти в течение ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения, работая учителем школы обрабатывал учеников в контрреволюционном духе”.

Зыходзячы з гэтага, упаўнаважаны НКУС, які складаў абвінавачванне “полагал бы”: “Следственное дело N 13036 по обвинению Горецкого Максима Ивановича направить на рассмотрение в НКВД в несудебном порядке”.

Наступіў 1938 год – апошні год жыцця пісьменніка. 5 студзеня адбылося пасяджэнне тройкі.

“Слушали... Постановили...
Горецкого Максима Ивановича расстрелять.
Лично ему принадлежащее имущество конфисковать.
Секретарь тройки Антонов”.

Ці прысутнічаў Максім Іванавіч на гэтым пасяджэнні? Невядома. Хутчэй за ўсё – не. Калі ён азнаёміўся з прыгаворам – таксама невядома. Але з 5 студзеня ён апынуўся ўжо ў камеры смеротнікаў.

Якраз у гэты час у Вязьму прыехала яго жонка – Л. Чарняўская. Яна прынесла яму перадачу і ў адказ атрымала кароткую запіску “Спасибо за передачу. Получил всё. Отсылаю обратно корзину и 2 рубашки. Заботьтесь о себе. Максим”. Гэта была апошняя вестачка ад Гарэцкага.

А 10 лютага 1938 года яго не стала.

З успамінаў вязняў ГУЛАГа вядома, што расстрэльвалі, у асноўным, ноччу. Максіма Іванавіча Гарэцкага расстралялі днём. Відаць, ноччу не спраўляліся...

Прайшло 20 год. Увесь гэты час сям’я пісьменніка жыла надзеяй, што М. I. Гарэцкі можа яшчэ жывы і будзе рэабілітаваны. I калі пачалася “хрущевская оттепель”, дачка пісьменніка – Галіна Максімаўна, напісала заяву на імя Генеральнага пракурора СССР аб рэабілітацыі.

4 снежня 1958 года былі дапытаны сведкі, што давалі паказанні ў 1937 годзе. 21 студзеня 1959 года прэзідыум Калужскага абласнога суда прыняў пастанову, у якой адзначалася: “...показания свидетелей Мишуткина и Першиной были фальсифицированы...”

Абласны суд вырашыў: “Постановление Тройки УНКВД Смоленской области от 5.01.1958 г. в отношении Горецкого Максима Ивановича отменить, а дело производством прекратить за отсутствием состава преступления”.

Прайшло больш за 50 год, як трагічна загінуў М. Гарэцкі. 3 мэтай знайсці месца яго пахавання аўтар артыкула паехаў у Вязьму. Тут застаўся невялічкі кавалак зямлі былых турэмных могілак, дзе, на нашу думку, і трэба паставіць помнік нашаму славутаму земляку. Ён будзе помнікам усім ахвярам ГУЛАГа, што загінулі ў Вяземскай турме.

Помнік яму трэба зрабіць і ў Мінску, і на яго радзіме – у Мсціславе. I галоўнае, трэба вывучаць яго творы ў школе (зараз на вывучэнне творчасці пісьменніка выдзелена аж 2 гадзіны!).

Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць рашэнне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб стварэнні ў Горках, у кватэры, дзе пісьменнік жыў у 1926—1928 гг. мемарыяльнага музея–кватэры.

Радзім Гарэцкі

Браты Гарэцкія і Уладзімір Дубоўка

Гаўрыла Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка — аднагодкі (адзін нарадзіўся 10 красавіка, другі - 15 ліпеня 1900 г.), равеснікі веку. Максім Гарэцкі - на 7 гадоў старэйшы за іх. І браты Гарэцкія, і Дубоўка паходзілі з сялянскіх сем’яў, першыя — з усходу Беларусі (Мсціслаўшчына), апошні — з паўночнага захаду краіны (Пастаўшчына). Роднае карэнне, беларуская мова, народнае мастацтва, цудоўная прырода зямелькі дзяцінства — вось вытокі іх жыццяздольнасці, аптымізму і плённай творчасці.

Браты Гарэцкія закончылі Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Максім разам з Янкам Купалам слухаў лекцыі ў Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута, але так і не атрымаў вышэйшай адукацыі. Гаўрыла, як выпускнік Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі, стаў эканамістам. Уладзімір Дубоўка закончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, пару месяцаў вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Маскоўскага універсітэта, потым у Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце (пазней імя В. Брусава), рэктарам і прафесарам якога ў той час быў Валерый Брусаў. Але галоўнымі крыніцамі ведаў і станаўлення як грамадзян, пісьменнікаў і навукоўцаў для Гарэцкіх і У. Дубоўкі былі несупынныя самаадукацыя і самавыхаванне.

На пачатку 1920-х гг. Гаўрыла Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка жылі ў Маскве. У сувязі з вайной яшчэ ў 1915 г. сям’я Дубоўкаў пераехала ў Маскву, а ў 1920-1921 гг. паэт служыў у Чырвонай Арміі. Гаўрыла ў 1920 г. паступіў у Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе стварыў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю студэнтаў-беларусаў. 30 мая 1921 г. каля вёскі Ліхаборы недалёка ад станцыі Пятроўска-Разумоўскае адбылася арганізаваная гэтай асацыяцыяй маёўка, прысвечаная памяці Максіма Багдановіча. Уладзімір Дубоўка якраз меў адпачынак і прыехаў на маёўку. Гаўрыла, як старшыня асацыяцыі, зрабіў даклад пра творчасць М. Багдановіча, паводле ягоных жа словаў, мінорны. Ён успамінаў: “І вось у абмеркаванні майго даклада слова бярэ Уладзімір Дубоўка. Прамова Уладзіміра была трапяткая, палкая, глыбокая па змесце, пераканаўчая. Дубоўка даводзіў, што творчасць Максіма Багдановіча была не такая песімістычная, што ён (Багдановіч) быў пэвен у вялікай будучыні беларускага працоўнага народа, у росквіце яго гаспадаркі, культуры, навукі, літаратуры, перамогі над усімі перашкодамі. Уладзімір Дубоўка цытаваў на памяць многія вершы Багдановіча для ілюстрацыі сваіх доказаў, чытаў гэтыя вершы сапраўды па-мастацку, з выключнай артыстычнасцю, захапляў сваім словам усіх слухачоў, стварыў гераічны вобраз паэта-змагара, узнімаў настрой”.

3 таго часу Гурык і Уладзік (так яны называлі адзін аднаго) пасябравалі на ўсё жыццё. У жніўні 1921 г. Уладзіміра Дубоўку дэмабілізавалі з арміі і ён пачаў працаваць у Наркамаце асветы РСФСР і вучыцца ў Брусаўскім інстытуце, Гаўрыла Гарэцкі стаў адным з найлепшых вучняў вядомых эканамістаў - прафесараў Ціміразеўкі А. Чаянава, М. Кандрацьева і шмат часу аддаваў працы ў Беларускай асацыяцыі студэнтаў, што аб’ядноўвала больш як 200 сябраў і не толькі мела мэтай вывучэнне народнай гаспадаркі, культуры і гісторыі Беларусі, але і імкнулася да культурна-эканамічнага адраджэння Беларусі.

Бюро беларускіх студэнцкіх арганізацый у 1922 г. выдала літаратурна-навуковы зборнік “Маладая Беларусь”, што пачынаўся артыкулам Г. Гарэцкага “На новы шлях” і ў якім тры вершы змясціў У. Дубоўка.

У жніўні 1922 г. Г. Гарэцкі быў арыштаваны ў Маскве. Загінула, трапіўшы пад трамвай, вельмі здольная сястра Гарэцкіх — Ганна (яна паступіла ў Заатэхнічны інстытут), калі несла перадачу ў Лубянскую турму для брата. (Г. Гарэцкага збіраліся выслаць у Нямеччыну, але пасля яго размовы з намеснікам старшыні АДПУ НКУС В. Мянжынскім выпусцілі на волю.)

Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: «Ніколі не забуду сустрэчу з Уладзімірам Дубоўкам у верасні 1922 г. у Беларускім прадстаўніцтве на Малой Мікіцкай, 18. У горкія часіны, калі трагічна загінула, трапіўшы пад трамвай, адзіная ў нашай сям’і сястрычка Ганначка, студэнтка, Дубоўка суцяшаў мяне як брат. У хуткім часе Уладзімір Дубоўка склаў першую кнігу вершаў “Строма”, як вяночак на магілу Ганнулькі. “Строма” паказала, які здольны лірычны паэт з’явіўся на Беларусі, як блізка стаіць ён каля творчай постаці Максіма Багдановіча».

“Строма” (1923) мае такое прысвячэнне: “Сьветлае памяці Ганулі Гарэцкай, як вяночак на могілку ў чужыне, прысвячаю. Аўтор”. Верш “Спагадае хто?” прысвечаны “Габрыэлю Г.” — Гаўрылу Гарэцкаму. Тут паэт звярнуўся не толькі да свайго сябра-паплечніка, але і да ўсіх маладых адраджэнцаў:
Маладое пакаленне,
Прачынайся, час прыйшоў.
Залатое Адраджэнне
Кліча ўсіх пад родны схоў.

Сябры сустракаліся і ў хаце Дубоўкаў. Вось як гэта запомнілася Г. Гарэцкаму: “...Уладзімір быў вельмі падобны да сваіх бацькоў, асабліва да маці — і выглядам, і голасам, і моваю, і дабразычлівасцю, спагадай. Адчувалася роднасць Уладзіміра і да бацькі — рахманасцю, разважлівасцю, рухамі, сціпласцю, пранікнёным поглядам вачэй, удумлівасцю. Ад бацькі перадалася Уладзіміру схільнасць да лінгвістыкі. Калі маці Дубоўкі нават у Маскве гаварыла толькі па-беларуску і была непісьменнай, дык бацька Уладзіміра валодаў рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай і нямецкай мовамі. Маці Дубоўкі перадала яму не толькі лексіку беларускай мовы, але і яе мілагучнасць, усе тонкасці вымаўлення, музычнасці, выразнасці, фальклорнага багацця.

У сям’і Дубоўкаў панавала жывая, чыстая беларуская мова, у атмасферы якой арганічна ўзрастаў талент Уладзіміра як нацыянальнага паэта”.

На працягу 1923-1925 гг. Гаўрыла Гарэцкі выкладаў эканамічную геаграфію ў беларускім сектары Камуністычнага універсітэта нацыянальных меншасцяў Захаду (Масква), а Уладзімір Дубоўка — тамсама беларускую літаратуру. Гаўрыла нярэдка хадзіў на лекцыі сябра, якія лічыў бліскучымі і вельмі цікавымі: “Аднойчы трапіў я на лекцыю Дубоўкі пра Максіма Багдановіча. Гэта была лекцыя-імправізацыя. Уладзімір гаварыў без усякіх папер, без усякіх дапаможнікаў і падручнікаў. Урыўкі з твораў Багдановіча дэкламаваў на памяць.

Гэтая лекцыя нагадвала прамову Дубоўкі на ліхаборскай маёўцы ў 1921 г. Але больш увагі ў ёй надавалася аналізу мастацкай вартасці твораў Багдановіча, іх вытокаў, параўнанням, арыгінальнасці, сацыяльнай накіраванасці, ідэёвасці, новым шляхам, новым формам, філасофскаму асэнсаванню, неўміручасці беларускага слова.

Дубоўка гаварыў з выключнай перакананасцю, захапленнем, замілаваннем да Максіма Багдановіча, глыбокай павагай да надзвычайнай мужнасці паэта, да яго адданасці беларускаму працоўнаму народу і Беларусі. Студэнты слухалі Уладзіміра Дубоўку з найвялікшай увагай”.

З Вільні ў Мінск у 1923 г. прыехаў Максім Гарэцкі. У хуткім часе ён пачаў рыхтаваць да трэцяга перавыдання “Гісторыю беларускае літаратуры”, у сувязі з чым запрасіў на сваю кватэру Уладзіміра Дубоўку і Алеся Якімовіча. Апошні згадваў: “...Максім Іванавіч... меўся абмеркаваць з Дубоўкам першы раздзел гэтай кнігі — народную творчасць. ...Гэта была размова двух знаўцаў вышэйшага, што называецца, класа ў такой справе”.

У сярэдзіне 1920-х гг. выйшла некалькі зборнікаў У. Дубоўкі. У архіве Гарэцкіх захоўваецца кніга “Наля” (1927) з надпісам: (Гурыку Гарэцкаму. 20 ліпеня 27. Масква, Уладзік”. Верш “Цаля за цаляй” прысвечаны “Г. Г.” (Гаўрылу Гарэцкаму):
Любы мой браце! — Ня мы — дык другія,
справа жывая ня можа памерці.
Можам і нерасьцьвёўшы загінуць,
але ня здрадзім ні думцы, ні сэрцу.

Максім Гарэцкі ў выступленні 2 студзеня 1925 г. на літаратурнай вечарыне “Маладняка”, а потым у адпаведнай публікацыі адзначыў, што сярод іх ёсць вельмі здольныя паэты, і першым назваў У. Дубоўку. У 4-м выданні “Гісторыі беларускае літаратуры” (1926) ён больш падрабязна разгледзеў творчасць Уладзіміра Дубоўкі. Пазней назваў яго “шукальнікам арыгінальнага хараства ў вершаскладанні” і так ацаніў творчасць: “...мастацтвам сваіх лірычных вершаў і паэмак заняў ужо адно з самых першых месц у беларускай паэзіі. У яго творчасці — глыбіня, музыкальнасць, свядомае хараство...”.

За гэты час Гаўрыла Гарэцкі стварыў кафедру эканамічнай геаграфіі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі), стаў арганізатарам і дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі ў Мінску, адным з заснавальнікаў Беларускай Акадэміі навук і самым маладым (28-гадовым) акадэмікам за ўвесь час яе існавання.

Плённая творчая праца братоў Гарэцкіх і Уладзіміра Дубоўкі гвалтоўна абарвалася ў 1930 г. Яны разам з вялікай колькасцю прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі былі арыштаваны па выдуманых справах “Саюза вызвалення Беларусі” і “Беларускага філіяла Сялянскай працоўнай партыі”. Усе былі сасланы і ў сярэдзіне 1930-х гг. зноў арыштаваны. Максіма Гарэцкага 10 лютага 1938 г. расстралялі ў Вязьме. Гаўрыла Гарэцкі яшчэ двойчы адсядзеў у сталінскіх казематах. Уладзіміру Дубоўку спачатку падоўжылі тэрмін высылкі на 2 гады, у 1937 г. асудзілі на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, у 1949 г. ён быў арыштаваны ў трэці раз і атрымаў пакаранне - 25 гадоў зняволення.

Гаўрыла Гарэцкі стаў геолагам, займаўся інжынерна-геалагічнымі даследаваннямі для ўзвядзення шматлікіх гідратэхнічных збудаванняў. Уладзімір Дубоўка авалодаў многімі спецыяльнасцямі, працаваў цесляром, сталяром, мулярам, тынкоўшчыкам, эканамістам, бухгалтарам і інш. Пасля смерці Сталіна яны былі поўнасцю рэабілітаваны “за адсутнасцю складу злачынства”: У. Дубоўка ў 1956-1957 гг., Г. Гарэцкі - у 1958 г. Першы прыехаў у Маскву і пасля амаль 30-гадовага перапынку паступова ўключыўся ў літаратурную працу, другі амаль праз 40 гадоў, у 1969 г., змог вярнуцца ў Мінск, быў адноўлены ў званні акадэміка, арганізаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР лабараторыю геалогіі антрапагену, загадчыкам якой і працаваў.

У 1959 г. Г. Гарэцкі і У. Дубоўка выпадкова сустрэліся ў цягніку “Масква — Мінск”, едучы ў адным вагоне. Хоць мінула каля 30 гадоў з часу развітання, яны пазналі адзін аднаго адразу. Прагаварылі ўсю ноч. Гарэцкі быў “здзіўлены і захоплены мудрасцю Дубоўкі, яго жыццёвым імпэтам, энэргіяй, разуменнем людзей, маладосцю духам”. Прыблізна тое самае сказаў і Дубоўка пра Гарэцкага.

Сябры часта сустракаліся ў Мінску і ў Маскве, перапісваліся, абменьваліся творчымі планамі, дасылалі свае друкаваныя працы, дзяліліся ўражаннямі пра іх, падтрымлівалі адзін аднаго ў жыццёвых цяжкасцях, натхнялі на новы плённы ўздым...

Вось некаторыя вытрымкі з лістоў Гаўрылы Гарэцкага і Уладзіміра Дубоўкі*.

“27.ХІІ.65 <...> Не, я не перабольшваю. Ты створыш яшчэ беларускую “Песню пра Гайавату”, “Калевалу”. Каб толькі здароўе, ды доўгі век, ды ласкавае жыццё!
Усё гэта будзе, будзе! Усё папярэдняе падрыхтавала такі ўзыход на сапраўднае Узвышша...”

“5.ХІ.66 <...> Верым, што новы маскоўскі кругабег у жыцці Дубоўкі будзе такі жа плённы, як болдзінская восень Пушкіна. Якое гэта будзе шчасце! <...> А калі мы зможам пачытаць “Жоўтую акацыю”?”

“17.III.1966
Дарагі Уладзік!
Сардэчная Табе падзяка за Твой ласкавы ліст ад 12.III.66 г., за дзіўны пераклад суровых вершаў Аношкі, за добрыя пажаданні. Упарта збіраю матар’ялы пра алюві Пра-Дняпра, каб праз два гады скласці трэццюю кнігу: “Алювіальны летапіс вялікага Пра-Дняпра”. І ў гэтай працы Твая сяброўская спагада так для мяне дорага. І Ты так дасканала і дэталёва разумееш працэс маёй працы, — мне гэта вельмі прыемна”.
10 жніўня 1967 г. У. Дубоўка падараваў кнігу “Жоўтая акацыя” з надпісам: “Дарагім Ларысе Іосіфаўне і Гаўрылу Іванавічу Гарэцкім — на строгі суд і прыязную крытыку свой першы празаічны твор даручаю — з вялікай пашанай Уладзімір Дубоўка”. Ужо прыблізна праз тыдзень ён атрымаў адказ.

“18.VIII.67
Дарагі Уладзімір Мікалаевіч!
Надоечы прыехаў я з 50-дзённага падарожжа па Украіне і Беларусі, і ў гэты час паштальёнка прынесла Твой найлепшы падарунак — “Жоўтую акацыю”. Ларыса Восіпаўна і я бязмежна ўдзячны Табе.
Цікавая, арыгінальная кніга, у якой няма падабенства ні з якай папярэдняй.
Кнігу Тваю з удзячнасцю будуць чытаць ня толькі юнакі і юначкі, але і дарослыя, асабліва настаўнікі, для якіх кніга Твая будзе настольнай. Выхаваўчае значэнне Тваёй кнігі бязмежнае, — яна прышчэпіць моладзі палкае замілаванне да Радзімы, да прыроды яе і людзей, да жыцця, да раслін, узгадуе тысячы прыродалюбаў і прыродазнаўцаў, будучых батанікаў і аграномаў, лесаводаў і садаводаў. Ты праклаў векавечны мост да людскіх сэрцаў і розуму (старонка 89). Хвала Табе, браце!”

“18.ІХ.67.
Дарагія Уладзік і Марыя Пятроўна!
Пасылаю спісаныя з “Маладой Беларусі” вершы... <...> На ўзвышшы гадоў пабачылі мы зноў усё такога ж маладога Дубоўку”.

“22.09.1967.
Братка Гурык!
Даруй - не адказаў адразу, не падзякаваў за тваю вялікую ўвагу і ласку — прысылку выпіскі з альманаху. Не гледзячы на тое, што пераклад верша Байрана зроблены ў 22 годзе — ён мне нават і цяпер спадабаўся. Я неяк не спадзяваўся, што ён нечага варты”.

“30.Х.67
Дарагія Уладзік і Марыя Пятроўна!
<...> А ўвечары, аж да паловы першае гадзіны начы, чыталі мы з Л. В. вершы Уладзіка ў рускіх перакладах.
Вельмі нам спадабаліся пераклады Ахматавай, Пракоф’ева, Камісаравай, Раждзественскага. Яны захавалі выключную асаблівасць Дубоўкінага верша, яго музычнасць (кожны верш — гэта песня), вобразнасць, такую лірычнасць, слоўнае хараство.
І прадмова Пракоф’ева спадабалася, — дзякуй вялікаму другу Дубоўкінай паэзіі.
Чамусьці мне здалося, што “Полесские предания” з рытмам Бунінскай песні пра Гайавату маглі б зрабіцца асновай вялікай паэмы пра Беларусь. Пэвен, што “Палесская рапсодыя” спадабаецца рускім чытачам як самыя лепшыя творы класічнай рускай паэзіі».

“17.VI.69
“Ганна Алелька” мне спадабалася. Чаруе хараство мовы, дынамічнасць, яснасць, прастата апавядання. Здаецца часам, нібы чуеш апавяданні Пушкіна, Баккачыа.
Вершаваныя ўстаўкі кранаюць сэрца, выгукаюць слёзы, надаюць апавяданню сапраўдную паэтычнасць.
Аповесць чытаецца з цікавасцю і хваляваннем за лёс гераіні. Аўтар малюе жывых людзей, добра кпіць з недарэкаў, дае багаты падтэкст. Веды аўтара бязмежныя, культура — найтанчэйшая, веданне жыцця, асабліва настаўніцкага, глыбокае.
Цікавы канец аповесці. Чытач ад усяго сэрца будзе спагадаць намеру аўтара паказаць жывых людзей у іх “паходзе ў светлую будучыню”.
Ганна Алелька — светлы чалавек, якога нельга не палюбіць.
Толькі ці не занадта станоўчая яна гераіня? Ці не надта лёгка пераадольвае яна жыццёвыя перашкоды? Ці ўсе ўчынкі яе псіхалагічна апраўданы?”
“25 чэрвеня 1969. Падмаскоўе (Жукаўка)
Братка Гурык!
Шчыра і сардэчна дзякую за водгук на маю сціплую аповесць, які я атрымаў толькі сёння, бо жыву ў Падмаскоўі, адкуль мая Марыля ўцякла на некаторы час у Маскву.
Ты дарэмна так асцярожна і далікатна выказваеш свае заўвагі. Крытыкаваць ёсць, пэўна, шмат за што і я ніколі не пакрыўджуся за праўду!
Але каб табе было зразумела, чаму я сапраўды ідэялізаваў сваю гераіню, дам табе некаторыя тлумачэнні.
Мне думаецца, што да апошняга часу патэнцыяльныя магчымасці настаўніцтва не выкарыстоўваюцца як мае быць. Мне гэта нагадвае выпадак з дарэвалюцыйнага часу, калі ў адным месцы выдатных стаеннікаў запрагаюць у вадавозныя бочкі, альбо калі цяпер (бывае так) на пяцітоннай аўтамашыне вязуць бідон малака.
А, тым часам, яшчэ Бісмарк сказаў, што “ў вайне 1870 г. французаў перамаглі не нямецкія салдаты, а нямецкі народны настаўнік”. Толькі падумай: у нашай Айчыне ёсць цэлая армія высокакваліфікаваных працаўнікоў, якая па-за школьнай працай выкарыстоўваецца нават для дзяжурства на пажарных вышках, не кажучы ўжо пра перапісванне розных спісаў-рэестраў у канцылярыях мясцовай улады альбо спаганянне падаткаў.
Я імкнуўся (вось іншае пытанне — наколькі гэта мне ўдалося ажыццявіць) сваёй аповесцю падштурхнуць у першую чаргу саміх настаўнікаў на пошук шляхоў да паглыбленай працы ў сваёй галіне (маю на ўвазе спецыяльнасць кожнага з іх— хімік, фізік і г. д.), паказаць крыху ім, якая пры гэтым ёсць магчымасць, хаця гэты паказ і даецца ў маёй аповесці толькі пункцірам. Няхай жа яны самі падумаюць пра гэта і пашукаюць лепшага.
У нашай сучаснай беларускай літаратуры апублікаваны два творы з настаўніцкага жыцця: у 1958 (ці 1959) г. п’еса “Выгнанне блудніцы” і ў сёлетнім № 6 “Полымя” аповесць.
У першым творы пададзена настаўніца дзяўчына, якая робіць “сужыццё” з дырэктарам школы. I раптам з'яўляюцца дырэктаравы цесць, цёшча, жонка і пачынаюць ганяць тую дзяўчыну вакол стала, пасля чаго яна змушана была выехаць адтуль зусім. Цікава, што сам дырэктар застаўся збоку, на яго не скіраваны ні аўтараў гнеў, ні гнеў родзічаў.
Як той казаў — “Боская воля!” — колькі я ведаю адмоўных прыкладаў! Нават засведчаных нашымі газетамі. Але ж такое адмоўнае бывае не толькі ў настаўнікаў. Няхай бы той пісьменнік... крануў каго рангам вышэй! — “Табу!” А настаўнікаў — можна.
Вось я лічу сваім прыемным абавязкам даць табе як дадатковае тлумачэнне да Алелькі. Буду спадзявацца, што сустрэўшыся асабіста мы кранём гэтае пытанне больш грунтоўна, а пакуль — з самымі найлепшымі пажаданнямі табе і Ларысе Восіпаўне, з сардэчным прывітаннем ад М. П. — Уладзік».

“9.ХІ.69
Дарагі Уладзік!
<...> Як радасна, што памяць Адама Бабарэкі адзначылі так цёпла. Ганна Іванаўна і Лора гаварылі нам пра святкаванне на Капыльшчыне — гэта сапраўды народнае ушанаванне. А Тваё слова пра друга самае важкае.
Прачытаў я пра Тваю найвышэйшую ацэнку маіх прарэк і пачырванеў. Яны ня варты нават невялічкай часткі Тваіх няўміручых вершаў. “О, Беларусь, мая шыпшына...”, гэта верш, які ніколі не забудуць нашчадкі, як і многія другія Твае вершы.
На вечары беларускіх пісьменнікаў у Мінску, прысвечаным Міліцыі, гэты верш з вялікім запалам прачытаў С. П. Шушкевіч. Нібы электрычнасць запаліла пачуцці прысутных. Гэта словы Бога-Паэзіі да Пушкінскага Прарока — “глаголом жги сердца людей”.
Вось Ты і ўладаеш найвялікшым талентам запальваць людскія сэрцы — “Восстань, пророк!”. Адзін палымяны верш Твой варты сотняў тамоў.
А цяпер Ты — беларускі Рабіндранат Тагор. Пішы, што пішацца, у Тваіх руках усё няўміручае.
Ад усяго сэрца жадаю Табе найвышэйшага творчага ўздыму, да якога Ты ўсё больш набліжаешся».

“26 снежня 1970 г.
Дарагі братка Уладзік!
Дзякуй за ліст ад 24.XII.70 г., за віншаванне з Новым Годам і добрыя пажаданні.
Засмуціла нас вестка, што і Марыя Пятроўна і Ты пакрысе хварэеце, а часам — нават і цяжка нядужаеце.
А словы Твае “Адным словам — падыйшла зіма майго веку” сцісканулі сэрца...
Зімы ў паэтаў не бывае — дух іх, і асабліва Твой, не старэе. Ты ўсё яшчэ малады Волат, Асілак, і слова Твайго, песен Тваіх чакае Бацькаўшчына, прагна чакае.
Неяк у Маскве, у 1944 годзе, выпадкова сустрэўся я на станцыі метро “Бібліятэка Леніна” з Максімам Танкам. Гаманілі пра аднаўленне Беларусі, адкуль ужо прагналі фашыстаў. Гаманілі пра беларускую паэзію і яе будучыню праз 50 - 100 гадоў.
“Хто застанецца незабыўным з беларускіх паэтаў?” І Максім Танк сказаў: “Купала, Колас, Багдановіч, Дубоўка”...
А надоечы я задаў такое ж пытанне аднаму з беларускіх літаратараў — “Хто застанецца незабыўным з беларускіх паэтаў у 2050 годзе?” І ў адказ пачуў тыя ж імёны.
Дык ці ж маеш Ты права думаць пра сваю зіму? Ты павінен сказаць яшчэ сваё вялікае слова, стварыць яшчэ не адну няўміручую “Шыпшыну”. Братачка дарагі, пішы вершы, ніхто лепш не напіша. Усе чакаюць, Будучыня чакае, моладзь чакае, каб павучыцца ў Вялікага Майстра, у Старэйшага, самага таленавітага.
Перамажы самога сябе, свой часовы настрой. Пішы новыя вершы. Побач з сумам, гаркатой, палынамі будуць у іх прарочыя радкі, няўміручае, самае Тваё істотнае, крышталёвае, матэрыялізаваныя ў слова душа, талент, самае лепшае.
Не маўчы, дарагі Уладзік.
Ласкава Цябе цалую.
Твой Гурык”.

“8.VII.71
Вёска Дварэц на Дняпры, Рэчыцкага раёну.
Дарагі, любы Уладзік!
Ад усяго сэрца віншую Цябе з Днём нараджэння, у які мо і прыйдзе да Цябе мой ліст.
Жадаю Табе, братка, перш-наперш трывалага здароўя, каб не чапіліся да Цябе ніякія хваробы, ні цела, ні духа.
I каб быў Ты заўсёды на Узвышшы, маладым і мудрым, каб нішто з мінулай гаркаты не засціла Табе залатую будучыню нашай Бацькаўшчыны.
I каб стварыў Ты ня рэквіем беларускаму слову, а песню песняў, няўміручы паэтычны гімн нашай будучыні, нашага народу, яго Росквіту, Шчасця і Славы.
Многа прыгожага падараваў Ты Беларусі. А падаруеш яшчэ больш! Як Байран, як Пушкін, як Есенін, як Міцкевіч, як лепшы з лепшых беларускай паэзіі, літаратуры.
Моцна Цябе абыймаю, цалую.
Вітання ласкавага і віншавання Марыі Пятроўне.
Твой Гурык”.

“10 ліпеня 1973 г.
Дарагі Уладзік!
Ад усяго сэрца віншуем Цябе з днём нараджэння. “А дні бягуць, а дні бягуць угрунь”... Не агледзішся, а ўжо ўсе сівыя валосы, толькі душа не сівее, больш трывалая, чым цела. Пялёсткі пачуццяў і думак застаюцца жыць у прыгожым Слове. Ты ўзняў нашае Беларускае Слова на п’едэстал Няўміручасці, Хараства, сапраўднай Паэзіі.
Дык жадаем Табе ўсё новага і новага ўздыму, вялікага хвалявання, новых вялікіх твораў.
А перш-наперш трывалага здароўя і Табе і Марыі Пятроўне, мудрай радасці, шчасця».

“21.VII.73
Дарагі, любы, братка Уладзік!
Сардэчна дзякую Табе за два лісты ад 16.VII.73, за Твае ласкавыя адносіны да Максіма, яго творчасці, лёсу, да яго сям’і.
Вялікае гэта свята для родных Максіма. А Тваё пажаданне аб хуткім складанні поўнага збору твораў — цудоўнае, але, мусіць, пакуль што недасяжнае.
Успомніў Ты “Строму” і паўстаў Твой вобраз таго часу як жывы, — столькі ў Табе было добрага ў той сумны кругабег.
Гэта ж было 50 год назад!
...Пра дзевасіл чытаў. Першыя ідэі часта застаюцца невядомымі...
Абыймаем Цябе і Марыю Пятроўну.
Прывітанне Вам ад Л. В., усёй нашай сям’і і мяне.
Твой Гурык”.

5 мая 1970 г. Г. Гарэцкі быў у Маскве, дзе сустрэўся з сябрам. Яны вырашылі сфатаграфавацца, і праз некаторы час У. Дубоўка даслаў той здымак, на якім з сумным гумарам зрабіў надпіс:
Ай дзяды!.. Гляньце, колькі на іх сівізны!
А нядаўна ж былі маладымі яны:
удваіх накруцілі сто сорак гадоў...
Застаецца Капа да двух круглых вякоў.
Паднаціснем, браток, ды... ў Зацішны Куток...

Масква. Ул. Дубоўка
Гаўрыла Гарэцкі кароткія ўспаміны пра некаторыя сустрэчы з Уладзімірам Дубоўкам завяршыў, углядаючыся ў гэты фотаздымак: “З фотакарткі ўзіраецца мудры Чалавек, з ласкавым поглядам маладых вачэй, з пышнай сівой барадою і добрай чупрынай сівых валасоў.
Здаецца, што гэта Чараўнік Жыцця, пераапрануты Юнак, які пазнаў усе таямніцы жыцця і не згубіў ні веры ў яго, ні цікавасці. <...>
Зарана адышоў Дубоўка ў “Зацішны Куток”, не сказаўшы свайго велічнага і апошняга слова».

Артыкулы з перыядычных выданняў аб жыцці і дзейнасці М.Гарэцкага

Успаміны пра М.Гарэцкага

Гаўрыла Гарэцкі, брат М.Гарэцкага:

“...сялянская сям’я бацькі і дзядзькі Якава складалася з 12 душ, жыла ў адной цеснай хаце з замшэлай саламянай страхою, з земляною падлогай і маленькімі акенцамі на адну шыбу. Асвятлялася хата лучынаю. Жылі бедна, кожная луста хлеба, кожная лыжка была на ўліку. Працавалі многа і цяжка. Часта хварэлі.

Але ў гэтай хаце маленькі Максім на ўсё жыццё быў зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысціны, ціхімі песнямі сваёй матулі – Ахрасінні...”

“цяжкія гады, вялікія матэрыяльныя цяжкасці (з выпадковай працай не па спецыяльнасці і маральная прыгнечанасць не сакрушылі Максімавага духу і не згасілі прагнасці да літаратурнай творчасці”.

Пісьменнік Юрый Паўлавіч Гаўрук, які працаваў разам з М.Гарэцкім на кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў БСГА:

“Я мала ведаў людзей, якія б так любілі сваю справу, так аддаваліся ёй усёй душой. Ён стараўся сабраць і песні, і казкі, і народную лексіку, стварыць зборнікі, слоўнікі, падручнікі. Ён вельмі старанна ўсё вывучаў і імкнуўся зрабіць гэта здабыткам мас. Усё, што рабіў, рабіў грунтоўна, укладаючы душу”.

Аляксандр Сцяпанавіч Вечар, студэнт акадэміі, што вучыўся ў М.Гарэцкага:

“З пачуццём вялікага задавальнення даведаліся мы, што лекцыі па беларускай літаратуры на нашым курсе будзе чытать вядомы беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі. Некаторыя з нас былі знаёмы з яго творамі. Лекцыі Максіма Гарэцкага вызначаліся глыбокім зместам, вялікай эрудыцыяй, народным гумарам, папулярнасцю. Праз некаторы час на яго лекцыі пачалі прыходзіць студэнты з іншых курсаў і факультэтаў. Як ніхто іншы, ён прывіваў нам любоў да беларускай літаратуры, якую я пранёс праз ўсё жыццё”


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина