Сяргей Панізнік
Паперадзе нас
Адкрыў для сябе М. Гарэцкага ў Львове, дзе ў бібліятэках I. Свянціцкага, “Рідкісна кніга”, навуковай кніжніцы імя Стэфаніка штовечар чакалі мяне творы-помнікі, якія яшчэ і сёння не заўсёды ўдаёцца прачытаць у Мінску. Такім чынам курсант факультэта журналістыкі Вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча вяртаўся да беларускасці, змагаўся сасваёй псеўдаінтэрнацыяналісцкай замшэласцю. І “Гісторыя...” і “Хрэстаматыя...” М. Гарэцкага чыталіся нібы тэкст адваротнага боку медаля, за якім, здавалася, навечна была схавана вялізная спадчына нацыі. Потым, чытаючы “Камароўскую хроніку”, завёў сабе сшытачкі для слоўніка, куды ўпісваліся каларытныя словы-жарынкі Максіма Гарэцкага. I як было сумна і няўцешна чытаць пасля Гарэцкага многія празаічныя рэчы іншых творцаў, дзе героі мовяць гэтаксама, як і сам аўтар, дзе , не чутно , жывога , дыхання мовы — адно яе закалькаванасць, закратаванасць... Да таго ж — яна яшчэ была і прадыстылявана жорсткімі фільтрамі сацрэалізму.
Яшчэ больш прыцягальнай стала для мяне постаць М. Гарэцкага тады, калі, зацікавіўшыся беларускім культурна-асветным рухам у даваеннай Латвіі, нечакана выявіў яго прысутнасць у Дзвінску (Даўгаўпілсе). Пасля таго, як ён у студзені 1922 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, пасаджаны ў Лукішкі, а потым “без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны Пас памііж польскім і літоўскім фронтам” (гл. “Аўтабіяграфію” М. Гарэцкага), і апынуўся ў Коўне — яго ратаваў Канстанцін Барысавіч Езавітаў, аднагодак Гарэцкага, былы дзеяч БНР, на той час адзін з кіраўнікоў беларускага культурна-асветнага таварыства ў Латвіі “Бацькаўшчына”, інспектар беларускіх пачатковых школ Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. К. Езавітаў “выпісаў” Ігната Дварчаніна з Вільні, а Максіма Гарэцкага з Коўна на летнія шасцітыднёвыя курсы Беларусазнаўства для настаўнікаў — будучых выкладчыкаў Дзвінскай і Люцынскай беларускіх гімназій. I вось у кнізе К. Езавітава “Беларускае культурна-асветнае т-ства Бацькаўшчына” (Рыга, 1932) бачу аблічча лектара М. Гарэцкага на фотаздымку, які падпісаны так: “Беларускія Дзяржаўныя Аднагадовыя Вучыцельскія Курсы ў першы год працы ў Дзвінску”. Праз некалькі старонак аўтар К. Езавітаў змяшчае партрэт М. Гарэцкага з подпісам: “-Максім Гарэцкі, аўтар “Гісторыі Беларускае Літаратуры”, выкладчык літаратуры на Дзяржаўных Беларускіх Вучыцельскіх Курсах у 1922 г.”
Максім Гарэцкі ў Дзвінску напісаў апавяданні “Салдат і яго жонка”, “Каменацёс”, “Свецкі чалавек”, “Не адной веры”. Але мне хочацца адзначыць яшчэ адну вартасць тых дзвінскіх ратоўных для яго тыдняў. Ён перадаў у душы тамтэйшых беларусаў-асветнікаў такое свячэнне, якое, як прызнаецца 96-гадовы паэт і настаўнік з-пад Індры, і па сёння падтрыімлівае ауру беларускасці на латгала-крывіцкім памежжы.
I я вёру, што М. Гарэцкі не толькі з намі, але і паперадзе нас. I ў адраджэнні Краіны мы сыходзімся з ім усё бліжэй і бліжэй.