Максім Гарэцкі: 120 гадоў. Факты, цытаты, творы
Сёлета – юбілей Максіма Іванавіча Гарэцкага (18 лютага 1893 – 10 лютага 1938), беларускага пісьменніка, крытыка, літаратуразнаўцы, лексікографа, фалькларыста. Яго жыццё было цесна звязана з Мсціслаўскай і Горацкай зямлёй.
А ці шмат мы ведаем пра гэтага творцу, які ўсяго пражыў 45 гадоў? Якія факты з жыцця можам успомніць? Што здольныя працытаваць? Што падзабылі ці яшчэ не прачыталі?
Факты
***
У 2013 годзе спаўняецца не толькі 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, але і 100 гадоў ад таго часу, як у газеце "Наша ніва" быў апублікаваны першы твор пісьменніка "У лазні".
100 гадоў таму Максім Гарэцкі скончыў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, куды змог паступіць па вялікім конкурсе.
***
Максім Гарэцкі – з сям'і доўгажыхароў. Яго дзед з бацькавага боку пражыў 100 гадоў (1801–1901 гг.).
Памятаў, як у Французскую вайну ад французаў у каноплі хаваўся". Прадзед маці М. Гарэцкага пражыў 115 гадоў.
***
Першы зборнік Гарэцкага "Рунь", які выйшаў у Вільні ў 1914 годзе, прафінансавала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.
***
Маці Гарэцкага Ефрасіння Міхайлаўна вельмі любіла спяваць і ведала шмат песень. Пры дапамозе вядомых кампазітараў М. Аладава і А. Ягорава, Максім запісаў ад яе болып за 300 народных песень і выдаў іх асобным зборнікам. Пазней М. Аладаў уключыў некалькі з запісаных песень у свой квінтэт і оперу "Тарас на Парнасе".
***
Сам пісьменнік умеў граць на многіх музычных інструментах: балалайка, скрыпка, цымбалы, дудкі-жалейкі, гармонік.
***
Максім Гарэцкі паставіў у хаце бацькоў у Малой Багацькаўцы ў Мсціслаўскім раёне самае першае радыё. Многія вяскоўцы хадзілі слухаць тое радыё праз навушнікі.
***
М. Гарэцкі ў час Першай сусветнай вайны быў разведчыкам. Яго сын Леанід на Другой сусветнай вайне таксама служыў сяржантам-разведчыкам і загінуў на фронце.
***
Дачка Гарэцкага, Галіна, успамінала, што бацька быў вельмі жартаўлівым. Аднойчы “бацька прыводзіў у парадак вокны..., падпяразваў мамін фартух і павязваў на галаву вялікімі рожкамі пад падбародкам яе хустку ў буйныя чырвоныя кветкі. Няхай людзі думаюць, што гэта маладзіца!”
***
Гарэцкі быў чалавекам, цікаўным да сакавітага народнага слова. Захаваўся такі ўспамін ягонай дачкі: "Аднойчы захацелася мне падражніць старую Домну, што жыла ў канцы нашай вуліцы... Даволі было проста ўзірацца праз высокі паркан у Домнін сад. Выскачыла Домна з праклёнамі. Я зір у бок свае хаты, ці не выйшаў бацька. А ён стаіць непрыкметна і ...запісвае гэтыя праклёны ў кніжачку".
***
Калі Гарэцкі выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, ягонай вучаніцай была будучая паэтка Наталля Арсеннева. Яе першы друкаваны верш "Восень" у газеце “Наша думка” змясціў менавіта Гарэцкі.
***
Многія літаратуразнаўцы адносяць аповесць "Дзве душы" да найбольш значных дасягненняў Гарэцкага ў галіне прозы. Аднак доўгі час гэта аповесць была забаронена. Надрукаваная ўпершыню ў 1919 годзе, яе перавыданне адбылося толькі ў 1990 г.
***
М. Гарэцкага "надзвычайна цягнула яшчэ і да кіно" – нават была думка замест рамана "Віленскія камунары" напісаць кінасцэнарый, аднак гэтая задума не спраўдзілася.
***
Даследчыкі творчасці пісьменніка лічаць, што кніга Максіма Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне" (1926) "стаіць у Беларусі ля вытокаў жанру дакументальна-мастацкай літаратуры". Гэты твор параўноўваюць з такім сусветна вядомым раманам як "На заходнім фронце без перамен" Эрыха Рэмарка.
Цытаты
Пра жыццё
"Ай, каб не дарагоўля – памякчэў бы народ" ("Дзве душы").
"Быў малы, і часта здавалася тады, што дужа мне цяжка на гэтым свеце, а не ведаў, што тое гора дзяцінае будзе шчасцем здавацца цяпер" ("На імперыялістычнай вайне").
"Чытай у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі. Споўніш гэты загад – у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. I ніякія думы чорныя не змогуць цябе" ("Роднае карэнне").
Пра смерць
"Што тут асаблівага? Здаецца, нічога. А як уяўлю сабе тыя страшныя, мутныя, мёртвыя вочы, вывернутыя мазгі, кроў, сцягнутыя сутаргай і пастаўленыя ўгору адубеўшыя рукі са сціснутымі кулакамі, – тады толькі чую значэнне слоў "забіты чалавек" ("На імперыялістычнай вайне").
Пра людзей
"Каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць" ("Роднае карэнне").
Перш-наперш ёсць сумленны чалавек, а потым ужо чалавек такой-та нацыі, такой-та веры і гэтак далей ("Мутэрка").
"Нашы салдацікі, калі бяруць – перша за ўсё бульбу" ("Літоўскі хутарок").
"3 лепшых людзей робіць голад звяроў" ("Роднае карэнне").
Пра будучыню
"Хочацца і тут "бачыць гэтыя зручныя, з прысадамі шосы, прыгожыя цагляныя хаткі..., але каб і наш прастор захаваць, паэтычную шырыню і волю лясоў, лужкоў. Ці гэта прызвычаенасць да свайго? Ці гэта дзве душы ўва мне – усходняя і заходняя?" ("На Імперыялістычнай вайне").
"...гаварылі... пра 2014 год ("рай будзе на зямлі")" ("На імперыялістычнай вайне").
Што пачытаць?
Што пачытаць са спадчыны Максіма Гарэцкага? Толькі пачніце – і вам будзе складана спыніцца.
Пра загадкавую беларускую душу
Апавяданне "Рускі" і аповесць "Дзве душы".
Пра вайну
Апавяданне "Літоўскі хутарок" і аповесць "На імперыялістычнай вайне".
Пра каханне
Аповесць "У чым яго крыўда?".
Пра нас з вамі
Творы-палотны жыцця беларусаў "Камароўская хроніка", "Віленскія камунары", аповесці "Меланхолія", "За што?".
Крыху біяграфіі
Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета (цяпер там у адроджанай хаце пісьменніка – музей).
Быў аўтарам не толькі шэрагу празаічных твораў, але і першай гісторыі беларускай літаратуры, некалькіх беларуска-рускіх слоўнікаў.
3 1926 па 1928 гг. жыў і працаваў у Горках у мясцовым ВНУ. На жаль, дом, які доўгія гады захоўваўся ў нашым горадзе як памяць пра Гарэцкага, быў летась пад “Дажынкі” зруйнаваны.
У 1931 годзе Гарэцкага арыштавалі і асудзілі да высылкі на пяць гадоў у Вятку. А ў 1938 годзе расстралялі. I толькі праз 19 гадоў – 15 лістапада 1957-га Максім Гарэцкі быў апраўданы і рэабілітаваны.
Падрыхтавалі
Таццяна Трыфанава і Ілля Заранок
Міхась КЕНЬКА
ДАКУМЕНТАЛІЗМ ПРОЗЫ
МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Пра дакументалізм, як і пра аўтабіяграфізм, прозы Максіма Гарэцкага даследчыкі пішуць ужо даўно. Я хачу паразважаць пра характар яго дакументалізму. У чым ён праяўляецца? Калі разумець дакументалізм як узнаўленне ў тэксце твора рэальных падзей, канкрэтных біяграфій, фактаў дэталяў, дык гэта ёсць амаль у кожнага пісьменніка. Усе абапіраюцца ў сваёй творчасці на тое, што ім вядома. Можа быць, М. Гарэцкі ў гэтым быў хіба толькі больш паслядоўны. Ён амаль ніколі не вёў сваіх персанажаў туды, дзе не пабываў сам. І вёска Мардалысава, куды прыехаў герой яго першага апавядання Клім Шамоўскі, і літоўскі хутарок, і акопы першай сусветнай вайны, дзе гіне Хомка, — усё гэта з жыцця самога Максіма Гарэцкага. Выключэнне складаюць хіба толькі апавяданні з цыкла “Люстрадзён”, “Амерыканец”, раман “Віленскія камунары” ды аповесць “Дзве душы”. Калі ж разумець дакументалізм як звядзенне да мінімуму творчага вымыслу за кошт выкарыстання цалкам ці ў фрагментах фактычнага матэрыялу і лістоў, дзённікавых запісаў, мемуараў, газетнай хронікі, службовых дакументаў і г. д., то такі дакументалізм для пісьменніка не быў характэрны. Яго проза арыентаваная на праўдзівасць, дакладная ў фактах, але мы нідзе ў яго творах не знойдзем мантажу і супастаўлення дакументаў, больш таго, не знойдзем іх саміх. Як ні імкнецца аўтар, напрыклад, у апавяданні “У чым яго крыўда?” пераканаць чытача ў сапраўднасці існавання пісем “яму” і “ад яе”, паставіўшы пэўныя даты, узнавіўшы нават выгляд і ўсе аксесуары “паштоўкі з абразлівай карцінкай на другім баку”, але ж гэта стылізацыя пад ліставанне, а не рэальныя пісьмы Гарэцкаму і ад Гарэцкага. Мы ведаем, што пісьменнік сабраў багата матэрыялаў, у тым ліку ўспамінаў, пра Віленскае паўстанне, але ў рамане “Віленскія камунары”, хаця ён і названы раманам-хронікай, не сустракаем ніводнага дакумента, урыўка з успамінаў. Запіскі “На імперыялістычнай вайне” напісаны паводле дзённікаў, якія вёў у акопах Максім Гарэцкі, але як мастацкі твор гэта “Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы”, Мы зноў сустрэнемся з гэтымі запіскамі (дакладней, з урыўкамі з іх) у “Камароўскай хроніцы”, але і тут няма прозвішча Гарэцкага, ёсць Батура (або Задума). I, нарэшце, уся “Хроніка...” як быццам і пабудавана на строга дакументальным матэрыяле, але і пісьмы, і ўрыўкі з дзённікаў, нататак — усё гэта належыць асобам, якія, хаця і маюць прататыпаў, з’яўляюцца персанажамі мастацкага твора. Так, у многіх месцах сустракаюцца сапраўдныя імёны, назвы населеных пунктаў. Напрыклад, у дзённіку Пракопа (а на самай справе брата Максіма Гарэцкага — Парфіра) я прачытаў пра добра знаёмыя мне мясціны Куранец, Даўгінава, Глыбокае і нават сустрэў упамінанне пра маю родную вёску Верацеі. Але часцей за ўсё і назвы замяняюцца на выдуманыя; нават такія, як Масква — Кучкі, Мінск — Ксенем, Магілёў — Яма і г. д. Для чаго ж спатрэбілася ўвесь сабраны аўтарам матэрыял, пра існаванне якога вядома з успамінаў родных, “перапісваць”, “пераводзіць” на псеўданімы, выдуманыя прозвішчы, назвы і г. д.? Адказ можа быць самы просты. Тут і жаданне “аддаліцца”, “адасобіцца” ад канкрэтнага, каб прадставіць жыццё роду Батураў як хроніку не толькі адной сям’і, роду, але як хроніку, за якой паўстане гісторыя існавання народа. Тут і спосаб “схавацца” за вымысел там, дзе апавядалася пра падзеі не зусім даўнія, бо маглі быць канфлікты, абвінавачванні з боку канкрэтных людзей. Згадаем, чаго каштавала Міхасю Лынькову гісторыя з выведзеным пад уласным прозвішчам у дакументальна-мастацкай эпапеі “Векапомныя дні” партызанскім камандзірам Заслонавым.
Але найперш — тут тэндэнцыя ўсёй творчасці Максіма Гарэцкага, які, грунтуючыся на рэальным, існым, дакументальным, кожны раз прыходзіў да стварэння мастацкага і толькі мастацкага твора. Гэты прынцып добра праілюстраваць на прыкладзе з роднай вёскай. Мардалысава ў апавяданнях “У лазні”, “Цемналессе”, у аповесці “У чым яго крыўда?”, Асмолава ў “Ціхай плыні” ці Камароўка ў “Камароўскай хроніцы” — усё гэта родная Малая Багацькаўка, але нідзе яна ў мастацкім творы так і не названа сваім першародным найменнем.
Цікавы матэрыял дае тэкст “Камароўскай хронікі” і некаторых іншых твораў М. Гарэцкага, асабліва запісак “На імперыялістычнай вайне”, у супастаўленні з біяграфіяй аўтара. Мы не маем магчымасці супаставіць з імі яшчэ і рэальныя запісы, зробленыя ў акопах, але і ўрыўкі з “Лявонавага дзённіка” ў параўнанні з адпаведнымі сюжэтнымі момантамі з “Запісак...’’ паказваюць, што занатоўкі, зробленыя па свежых слядах падзей, разгортваліся ў цэлыя сцэны, служылі своеасаблівым каталізатарам памяці для пісьменніка, дапамагалі абудзіцца ўспамінам, прыводзілі ў рух яго творчую думку.
Звернемся да “Сібірскіх абразкоў” і цыкла “Люстрадзён”. Гэтыя рэчы засталіся незакончанымі, служаць у пэўным сэнсе ключом да творчай лабараторыі пісьменніка. “Сібірскія абразкі” цэментуе скразная лінія падарожжа па Транссібірскай магістралі. Разбіраючыся з імі пры падрыхтоўцы першага тома Збору твораў, мы з Галінай Максімаўнай Гарэцкай звярталіся нават да спецыяльнай карты, дзе адзначаны станцыі, каб па іх вызначыць, у якім парадку павінны ісці адзін за адным чарнавыя фрагменты, каб не парушаўся храналагічны парадак. Вось тут мы можам бачыць, як з “дзённіка падарожніка” нараджаюцца апаваданні. Некаторыя з абразкоў ёсць у неапрацаваным і апрацаваным выглядзе. Гэта “Перасяленцы”, “На вяселлі”, “Могільнік”, “Благавешчанскія абразкі”. Па іх можна меркаваць, як “дакументальнае” — гэта значыць, убачанае і запісанае па свежых слядах — уздымаецца да ўзроўню мастацкага, як “адсякаецца” прыватнае, дробязнае, неістотнае і застаецца значнае, змястоўнае, тыповае. А дзе яшчэ і ўказанне самому сабе:
“Уставіць: успаміны аб радзіме
як ехалі
як разжываліся
як змагаліся
радасць жыцця
і сум у тых, хто меў тую радзіму”.
Вось гэты план пацвярджае, што пісьменнік ужо меў на мэце пісаць не дакументальна, а па-мастацку. А першыя апрацаваныя абразкі — “Чорны лебедзь”, “Пабожны мешчанін”, “Фельчар Плакун” — ужо завершаныя навелы, такія, якімі сталі б і іншыя абразкі.
“Люстрадзён’’ — яшчэ адзін прыклад таго, якім чынам развівалася ад дакументальнай да мастацкай задума, заснаваная на сапраўдных гістарычных падзеях. М. Гарэцкі напісаў цыкл апавяданняў дзеянне якіх храналагічна “прывязана” да часу ад 23 жніўня да 30 верасня 1929 г. і кожны раз да канкрэтнага месца. Размяшчэнне апавяданняў гэтага цыкла тэкстолагам у дадзеным выпадку давялося рабіць паводле календара за 1929 г. Падзеі ж, верагодна, таксама былі рэальныя. Дакладна вядомыя, пакуль што, даты смерці і пахавання Паўлюка Труса (навелы “Смерць” і *Пахаванне”), але ў тагачаснай перыёдыцы можна, пашукаўшы, знайсці звесткі і пра пагранічны інцыдэнт на Амуры, і пра арышт яўрэйскіх камуністаў у Ерусаліме, і пра кірмашовае пабоішча ў мястэчку Крывічы ў Заходняй Беларусі. Прынамсі, навела “Асляпёны конь” дае прамы адрас публікацыі, якая паслужыла крыніцай сюжэта, — магілёўская абласная газета.
Цікава, што толькі ў двух месцах (на Амуры і на магіле П.Труса) мог быць сам аўтар, дзеянне ў астатніх апавяданнях цыкла адбывалася там, куды ён не мог патрапіць, – у Лондане, Ерусаліме, Крывічах.
Сам жа цыкл быў задуманы, відаць, як своеасаблівы “зрэз” падзей, што адбываліся амаль адначасова ў розных месцах. Якая была ідэя, “звышзадача” цыкла? Паказаць стан чалавечага грамадства на Зямлі ў адзін з момантаў яго гісторыі?
У каментарах да 1-га тома Збору твораў я пісаў, што ў М. Гарэцкага мелася ідэя і яшчэ аднаго “стрыжня” гэтага цыкла — вывесці ў кожным з апавяданняў некалькіх братоў Вышнявецкіх, якіх лёс раскідаў па свеце. Але, мусіць, гэта падалося яму занадта штучным, ненатуральным.
Вядома, што, працуючы над “Камароўскай хронікай”, пісьменнік “прымяраў” да яе напісанае раней — запіскі “На імперыялістычнай вайне”, асобныя апавяданні. А ці не была праца над цыклам “Люстрадзён” першай прымеркай да эпапеі пра лёс прадстаўнікоў адной сям’і? Згадаем, што “Люстрадзён” ствараўся ў 1929 — 1930 гг., а над “Хронікай...” аўтар пачаў працаваць у 1934 — 1935 гг. I “прымерка” гэта магла аказацца не ажыццёўленай якраз таму, пгго “дакументалізм” газетны, рэпарцёрскі аказаўся для яго чужым, нязвыклым, не выклікаў тых асацыяцый з перажытым, якія выклікалі ўсе ранейшыя творы.
Некалькі слоў пра дакументалізм “Камароўскай хронікі” ў дачыненні да асобы аўтара. Максім Гарэцкі хацеў, каб за лёсам роду Батураў (Задумаў) стаяў лёс усёй Бацькаўшчыны. Ці нё таму ён свядома не вылучаў свайго Кузьму (правобразам якога быў сам) з шэрагу іншых персанажаў, “прыглушаў” свой асаблівы статус як чалавека, надзеленага пісьменніцкім талентам.
Такім чынам, дакументалізм быў для Максіма Гарэцкага падмуркам, асновай для напісання мастацкіх твораў. Відаць, і “Камароўская хроніка” пасля апрацоўкі выглядала б інакш.
Радзім ГАРЭЦКІ
ЕЎФРАСІННЯ БАГАЦЬКАЎСКАЯ –
МАЦІ БРАТОЎ ГАРЭЦКІХ
У глухім кутку Мсціслаўшчыны ёсць вёска Курманава, дзе была сядзіба мясцовага пана, які высяляў сялян у суседнія лясы, каб стварыць тут больш палёў для пасеву. Так, каля 250 гадоў таму на беразе невялічкай рачулкі Віранкі з’явіліся вёсачкі Большая Багацькаўка, а потым і Меншая (пазней – Малая) Багацькаўка. Цяпер іх называюць адным імем – Багацькаўка. Панскі ткач Міхалка Папоў, які жыў у сяле Слаўнае, меў дачку Еўфрасінню – прыгожую дзяўчыну з дзвюма доўгімі русымі косамі, вялікімі блакітнымі вачыма. Яна нарадзілася на самае Купалле ў 1864 г., вылучалася добрым і спакойным характарам, вельмі любіла спяваць і ведала процьму песняў. Яе прадзед пражыў 115 гадоў. У Малой Багацькаўцы тады жыў Іван Гарэцкі – сын Кузьмы (той памёр у стогадовым узросце). Іван быў невысокага росту, чарнявы, вельмі рухавы, працавіты. Спачатку служыў у паноў з Курманава, а потым многія гады быў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы, што каля пасёлка Краснае на Смаленшчыне.
Міхалка Папоў лічыўся досыць заможным (праўда, таксама ў лапцях хадзіў), таму прывабная Еўфрасіння была яшчэ больш жаданай нявестай. Многія сваталіся да яе, але з розных прычынаў да згоды не прыходзілі. Неяк Іван завітаў да Міхалкі, паглядзеў на нявесту – і яна спадабалася. Хадзілі пяць ці шэсць разоў сватацца, і ўсё не атрымоўвалася. Нарэшце заручыны згулялі. «А Ганна пасля заручын голасам выла, каб не ісці ёй у Камароўку, за Стахвана. Спаміж людзей ён – як камлыжачка, чорненькі, маленькі. Усе смяюцца: "Выбірала-выбірала, а каго выбрала"...
І справілі вяселле. Звянчаліся на Кузьму-Дзям’яна. Скамарохі былі – скрыпка і бубен. Гарэлкі многа было. Але ніхто не пабіўся, не пасварыўся... Прывязлі маладую ў Камароўку ўвечары. Увайшла яна ў іхную хату, дзе жыць ёй. Хата маленькая, столь высокінькая: “Як школка яўрэйская”. Без падлогі, на зямлі, і нічога не насыпана, дык з высокага парогу шалоп! Уніз, як у яму, і калодка нейкая пад парогам ляжала. І гразі па калена, аж цвякчыць. Бо хата маленькая, а свадзьба. Пасля свае хаты тут ёй страшна стала. Села яна на лаўку і заплакала дужа. <...> Пасаг Ганне далі: карову рабую рублёў на 15, дзве авечкі – рублі па 2 кожная; свінню – рублі на 4. Гэта тое, што ў агульную гаспадарку ідзе, і Саўка потым не раз прытыкаў, што багаты бацька каня Ганне не даў... З адзежы ёй далі: шубу белую на заборах і тулуп чырвоны, світку суконную чорную і світку суконную шэрую. Матка дала тры падушкі, коўдру суконную, дзяругу, 3 посцілкі, абрусоў, набожнікаў, рушнікоў. А грошы абяцаў Тамаш зяцю 500 рублёў, дый зацягнуў, не даў».
Калі адбыўся шлюб, жаніху было 28 гадоў, а нявесце – 20. Абое непісьменныя. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, непаважліва ставіўся да мовы мужыцкай; Еўфрасіння «гаварыць па-руску саромелася, што “па-панску”, і так і не наўчылася» (23). Пажыўшы троху ў хаце, Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Узяў з сабою і Еўфрасінню, каб пані паглядзела. Тая сказала: «”Ты говоришь четко и хорошо, только не благородно”. А Ганна па-руску гаварыць не ўмела, гаварыла “па-дзеравенску”». Еўфрасіння да Івана ездзіла толькі ў госці, ды і то “зрэдку, што далёка, а коні слабыя” (26).
У Івана і Еўфрасінні Гарэцкіх нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але трохі больш чым праз год ён памёр. Амаль праз два гады Еўфрасіння нарадзіла сына Івана. Наступнай была Марына, але хутка памёрла з водры.
«Памёрла Марынка перад Вялікаднем, а ў маі, месяцы прыгожым, а для Ганны ў тым годзе гэткім сумным, Ганна яшчэ зачала... Мінула лета, восень пачалася, – Ганна паспакайнела, цяжарная хадзіла. I палова зімы прайшло. Ужо блізка было радзіць ёй. Гэта – чацвёртым разам. Пасля Каляд, у канцы мясаеда, на Стрэчанне, яна яшчэ ў Харошым была. А пасля Стрэчання, на Масленку, у суботу, радзіла сына... У пятніцу ўвесь дзень мычкі мыкала, пражу матала. У лазню ўвечары схадзіла... I на печы з Алёнаю ляжала. Мучылася. Злезла з печы, пайшла ў другую хату, – ужо віднелася на дварэ. Прыходзіць туды Стахван: “Чаго тут мерзнеш?” А ў іх старая хата ўзімку халодная стаяла. – “Маўчы, бяжы па Алёну, дзіцёнак радзіўся...” Была Ганна не рада, што хлопец, а не дзяўчынка» (34 – 35). Так 18 лютага 1893 г. нарадзіўся Максім Гарэцкі.
У наступныя гады Еўфрасіння нарадзіла двайнятак – Парфіра і Панаса, але апошні памёр, пражыўшы чатыры тыдні. Праз чатыры гады, 10 красавіка 1900 г., нарадзіўся сын – Гаўрыла, а яшчэ праз два – Ганна. “Радзіўся Лаўрэн у месяцы марцы, Вялікім пастом, у сераду, як ідуць па Андрэева стаяніе. Кросны стаялі ў хаце. Ганна ткала. Увечары, дзеля свята, у хаце прыбралі. Ганна хадзіла па хаце, дужа мучылася, стагнала, плакала... Ужо цёмна было, як радзіўся. Якраз пад ставы, пад навой, выкаціўся. На другі ці на каторы дзень хрэсьбіны былі.
<...> Лаўрык дужа крыклівы быў. Ганна мала спала за ім. Раз – грады трэба палоць. І вочы ёй забалелі. Пайшла палоць. А ён крычыць, плача... I яна загаласіла, седзячы з ім у градзе. Пазней людзі наймаць наўчыліся – ці за хлеб, ці за пазыку. А ёй тады і ў галаву не прыходзіла, што магла ж бы наняць каго, што самой так цяжка з дзіцёнкам. Лячылі яго ад крыксаў” (40 – 41).
Засталіся ў сям’і Гарэцкіх чатыры браты – Іван, Максім, Парфір і Гаўрыла і адна сястра – Ганна. У цеснай хаце з саламянай страхою і земляной падлогаю разам жылі сем’і Івана, яго брата Якава (з жонкай Хрысцёнай і дачкой Гапкай) і іх сястры Праскоўі з сынам Панасам. Усіх набіралася 12 чалавек. Рабочых рук, асабліва мужчынскіх, было мала, бо Іван Кузьміч часта адсутнічаў, служачы лакеем у паноў, – таму яго сям’ю звалі крыўдным імем – Лакяёнкі. Якаў быў незадаволены, што даводзілася працаваць і за брата, увесь час стагнаў і жаліўся на цяжкае жыццё і таму атрымаў мянушку – Тужык. Каб не было спрэчак паміж братамі і папрокаў з боку Якава, Еўфрасіння Міхайлаўна старалася за некалькі чалавек і рабіла як жаночую, так і мужчынскую працу. Якаў быў вельмі скнары і нават хаваў па-ціхеньку грошы. Еўфрасіння некалькі разоў выпадкова знайшла яго хованкі, але нікому не сказала пра гэта. 3 часам Якаў паставіў сваю новую хату. Але ўсё роўна і пасля падзелу і Лакяёнкі, і асабліва Тужыкі жылі бедна.
Старэйшы брат Іван, а потым і Парфір павінны былі займацца гаспадаркай і таму пасля пачатковай школы не вучыліся. Максіму, Гаўрылу і Ганне з гэтага боку пашчасціла значна больш.
Дзяцінства і Максіма, і Гаўрылы, і ўсіх дзетак сям’і Гарэцкіх было шчаслівае, бо кожны крок, кожны кавалачак жыцця малых былі звязаны з іх ласкавай маці. Мама здавалася ім наймагутнейшай і найдаражэйшай істотай, нейкім вялікім стварэннем, якое заўсёды можа абараніць, якое любіць і шкадуе, корміць і вучыць, вядзе да ўсяго самага прыгожага, самага добрага.
Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: «Зіма. Максім прыехаў з Вольшы на Каляды. Мама сядзіць на палку, ля акна, праз якое прабіваецца струменьчык сонца. Мама маладая, прыгожая, шые і пяе. На запечку сядзіць дзядзіна Хрысцёна і прадзе. Максім, Парфір, Ганначка і я прымасціліся каля мамы, слухаем яе песні, нам так добра...
А потым пачынаюцца другія гамонкі. Максім распытваецца ў мамы пра ўсіх родных, пра ўсе багацькаўскія сем’і, іх гісторыю, пра прыгон і падзеі пасля прыгону, пра панскіх казакаў і стражнікаў, бойкі з імі, падзеі 1905 года.
Зімовыя дні кароткія. І вось ужо вечар. На запечку сядзіць мама і дзядзіна Хрысцёна, прадуць. На палку каля іх уладкаваліся Максім, Ганначка, Парфір і я. Дзядзіна Хрысцёна расказвае нам казкі, адна цікавеій за другую. А мама пяе песні, пераважна сумныя, але і весялейшыя. Многа прыгожых песень ведала мама. Гарыць лучына, устаўленая ў светач. Бегаюць па сухой лучынцы вясёлыя зайчыкі агню, адвальваюцца адгарэлыя кавалачкі лучынкі на земляную падлогу і ў адмыслова падстаўлены цэбар, шыпяць у вадзе, кадзяць.
Парфір старанна сочыць за агнём, каб спрытна ўставіць у светач новую лучынку замест дагарэлай.
I ўзрастае шчасце ў дзіцячых істотах ад матчынай і дзядзінавай ласкі, ад пазнання свету, ад гарэзлівага агеньчыка на лучынах, ад крышталёвай паэзіі беларускіх песень і казак.
<...> Гамонкі Максіма з мамаю былі доўгія, ласкавыя, задушэўныя. Цяпер Максім пачаў запісваць маміны песні і казкі, а таксама апавяданні пра жыццё родных і знаёмых. Часта чытаў ён маме і нам, меншым, вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, газету “Наша ніва”, свае першыя беларускія допісы.
Максім часта граў на скрыпцы і дудах-жалейках, хораша граў. 3 вялікім захапленнем слухала ўся сям’я, асабліва мама, як пела і галасіла Максімава скрыпка.
<...> Сама манера апавядання ў “Камароўскай хроніцы” нагадвае просты расказ мамы, дзядзіны Хрысцёны, звычайнага багацькаўца. За гэтай прастатой хаваецца вялікае веданне жыцця, праўда яго, як у Баркулабаўскім летапісе, які так любіў Максім».
Алесь Адамовіч, калі працаваў над кнігай “Браму скарбаў сваіх адчыняю...”, запытаўся пра асобу Максіма ў Гаўрылы Гарэцкага і атрымаў на свой ліст такія адказы: “На фармаванне асобы Максіма вялікі ўплыў мела спадчыннасць ад бацькі і маці. Знешне Максім быў больш падобны да бацькі. Чарнявы, ладнай постаці, сярэдняга росту, з бліскучымі карымі вачыма, з прыгожым высокім ілбом, тонкімі вуснамі, цвёрдым падбародкам, акуратнымі стройнымі зубамі, спаміж якімі вылучаўся пасярэдзіне зубчык малых памераў.
Ад маці перадаўся Максіму крышачку курносы нос, некалькі павялічаныя скулы, нізкага тэмбру пявучы голас, вялікія вочы.
Па характары Максім пайшоў у бацьку. Яскравы сангвінік, з праявамі халерычнасці, надзвычайна жывы, рухавы, палкі, уражлівы, непасрэдны, актыўны, успрыімлівы. Але і ад маці многае перайшло ў характар брата. Выключная дабрата, цярплівасць, стрыманасць, разважнасць, невычэрпны аптымізм, летуценнасць, самаахвярнасць.
Супрацьлегласць характараў бацькі і маці праявілася і ў характары Максіма; бацькаў і матчын пачаткі змагаліся ў істоце Максіма ўсё жыццё, але матчына спадчына звычайна перамагала. Таму Максім здаваўся заўсёды лагодным, супакоеным, разважлівым, стрыманым, тактоўным. Выбухі бацькавай палкасці, няроўнасці і нецярплівасці здараліся ў Максіма толькі зрэдку”.
Асабліва цяжка жылося бацькам Гарэцкіх у час імперыялістычнай вайны , калі Іван, Максім і Парфір былі на фронце, а Гаўрыла вучыўся ў Горках. Ад Максіма доўга не было лістоў, і ўсе пачалі думаць, што ён забіты. “За работаю барзджэй праходзіў невясёлы, трывожны час. Ганна была дужа невясёлая, і плакала, і малілася Богу” (74). Браты заўсёды памяталі пра бацькоў, па магчымасці дапамагалі ім, дасылалі грошы ці пасылкі, стараліся хоць на кароткі час прыехаць дахаты і нешта зрабіць па гаспадарцы.
Гануля ў дзённіку 23 студзеня 1921 г. пісала пра жыццё ў дварэ: “...Татавы крыкі. Перад вачмі ўся драбязлівасць жыцця. Сэрца сціскаецца ад жалю, што людзі такія дробныя. Драбніцы нарэшце рэшт даводзяць мяне да слёз. Я плачу. Мама, добрая і мілая мама, умаўляе мяне, просіць не зварочваць увагі на ўсё гэтае мяшчанства, а ў самае слёзы так і сыплюцца. Слаўная мамачка! Як магла ты жыць столькі і з такім чалавекам, як тата. Як хапіла ў цябе сілы і здароўя ўзгадаваць нас у такой катарзе?” (160).
20 красавіка яна запісала: “...Тата не мяняецца. Ходзіць па-даўнейшаму хмуры, тасклівы, маўклівы, адзін з сваімі думкамі. Хацелася б ведаць, што яго мучыць. Мама заметна старэе, але весялосць, дабрата, ласка яе не пакідаюць, яна заўсёды з імі. Дзіўлюся, як гэта маглі жыць столькі гадкоў разам такія дзве супрацьлегласці, як тата і мама” (166).
Еўфрасіння вельмі сумавала па сваіх сынах і дачцэ, якіх армія, служба, вучоба раскідала па краіне. У чэрвені 1921 г. з Горак прыехаў Гаўрыла, якога маці папрасіла з яе слоў напісаць ліст Максіму ў Вільню. “...Маці казала, што пісаць. — Здароў, мой ты сыночак! Ці не можна табе і жоначцы тваёй нявіданай прыехаць у родны дварочак? Пабываць у нас. ...А прыедзь, паглядзі: можа, ты ўжо даўно не відзіў, як снапы возяць, дык прыедзь у самую пару, як снапы возяць. Хоць бы ты на гумне, на старонцы, на снапочках паляжаў і жоначку на гуменца ўзвёў, хоць бы мы на яе паглядзелі, хоць бы я тваю дачушку на руках падзяржала, а то, можа, мне й не даждаць, ужо я плоха стала... Дулькі ёсць, яблыкаў няма. Морква ёсць. Я для цябе дзве градкі пасадзіла. І бацька тож цяпер плох, няможна ўжо яму работаць, ад самага Вялікадня рука ў яго баліць” (177).
Гануля на Каляды пісала Максіму: “...У дварэ ўсё па-даўнейшаму, толькі тата і мама старэюць і старэюць, і ўсё больш пачынаюць клапаціць аб усіх нас” (192).
Вучань М. Гарэцкага ў Віленскай беларускай гімназіі Мар’ян Пецюкевіч успамінаў, як аднойчы на ўроку роднай мовы настаўнік тлумачыў: “Найдаражэйшая істота для кожнага чалавека, а нават і для жывёлы, – маці. ...Таму, што маці першая прамовіла для нас у роднай мове. ...Яна – маці – першая настаўніца нашай роднай мовы – найдаражэйшага скарбу. Дык ведайце, што той вялікі праступнік, які адкіне найдаражэйшы скарб, атрыманы ад роднай нашай маці. Шануйце сваю родную маці,родную мову”.
Польскія ўлады ў Вільні ў 1922 г. арыштавалі Максіма, а савецкія ў Маскве – Гаўрылу, які вучыўся там у Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі. Іх любая сястрычка Гануля, студэнтка Заатэхнічнага інстытута, несла перадачу да Гаўрылы ў Бутыркі, трапіла пад трамвай і ў хуткім часе памерла. Для братоў Ганны і асабліва для Еўфрасінні гэта была страшэнная згуба, вялікае гора, ад якога сэрца балела і душа ныла ўсё іх жыццё.
У 1923 г. Максім з сям’ёй пераехаў з Вільні ў Менск. Яшчэ ў Вільні Максім атрымаў пакет з Масквы ад Гаўрылы, у якім «толькі фатаграфіі з нейкім у труне... не хацеў прызнавацца: “Гэта яна, яна, даражэнькая сястрыца...”» (218 - 219). Пазней прыйшоў ліст, у ім Гаўрыла пісаў: “Няшчасце вялікае, як хмара цёмная, гразавая, абступіла двор наш... Не стала адзінай сястрыцы нашай, зязюлі лесавыя...” (219). “Страшны быў гэты ліст Кузьме. Вялікае і доўгае, ніяк не гаючае гора зрабіла яму Марынкіна смерць. Напісаў ліст Лаўрыку, каб падтрымаць яго. Напісаў дамоў, каб хоць троху прымірыць і з тым, што сталася, і прасіў Пракопа, бацьку і Рамана падтрымаць маці. Хадзіў, працаваў, жыў... Але вобраз Марынкі стаяў яму ўваччу” (219). У Багацькаўку “прыйшлі карткі – і жменька валасоў Марынкіных, – паліліся матчыны слёзы... Брала лупу і глядзела-глядзела на дачушку ў труне, гаравала... Богу малілася. Як першы раз паміналі, не магла ісці, ногі не слухалі” (217). Максім ведаў, як цяжка перажывае смерць адзінай дачушкі маці... Таму па прыездзе ў Менск Максім адразу паехаў у Малую Багацькаўку, вярнуўся ў Менск разам з маці і ў канцы лістапада павёз яе ў Маскву, каб наведаць магілку Ганулі. На вакзале іх сустрэў Гаўрыла разам са сваім найлепшым сябрам Уладзімірам Дубоўкам. Браты не бачыліся больш за тры гады – сустрэча была і радасная, і вельмі сумная...
“Вера ў Бога, у той свет, дзе яна яшчэ спаткаецца з Марынкаю, дапамагала ёй цярпець. У хаце як бы ўжо прызвычаіліся, што Марынкі няма, толькі маці не прызвычаілася. Яна заглушала свой боль працаю, гутаркаю, рэлігіяй. Пры Кузьме яна старалася ні разу не заплакаць. Кузьма быў маўклівы” (227).
“Натура ў яе была дужая: ніводнага сівога воласу не мела. 3 няшчасцем мірылася праз рэлігію, лёс” (230).
“Прыйшлі на магілку. Дробненькі снег ужо ляжаў, траўка павялая, памёрзлая, былінкі яшчэ з-пад снегу былі відаць. Маці стала на калені, памалілася. Не заплакала, утрымала слёзы – можа, пры людзёх... Спыталася, у які бок галоўкаю яе паклалі: бо звычайна хаваюць, галавою на захад, каб устаўшы – тварам на ўсход быць, а яны, можа, тут іначай зрабілі” (238).
У траўні 1923 г. Гаўрыла прыехаў у Багацькаўку разам са сваёй будучай жонкай Ларысай Восіпаўнай Парфяновіч – таксама студэнткай Пятроўскай акадэміі. «Увечары. Спаць кладуцца. Бацька: “Лаўрык тут ляжа, а дзе ж паненку пакладзем?” Маці: “Дзе Лаўрык, там і яна ляжа”. Бацька: “Што ты гэта? Паненка! Дзе яна з ім ляжа?” Маці: “Нічога, ляжа... Яна ж бы не ехала з ім”. ІІаслалі ў хаце старой ці пад павеццю. Там яны і спалі разам» (233).
Калі Максім і Гаўрыла жылі і працавалі ў Горках і Менску, яны часта прывозілі бацькоў да сябе ў госці на тыдзень, а то і на месяц; асобна ці ўсёй сям’ёй наведвалі двор, дзе стараліся дапамагчы па гаспадарцы. Максім выкарыстоўваў гэтыя сустрэчы для запісаў ад маці песняў, якія ён пачаў збіраць з 1925 г. разам з кампазітарамі Мікалаем Аладавым і Аляксандрам Ягоравым. У 1928 г. зборнік “Народныя песьні з мэлёдыямі” быў выдадзены Інбелкультам. У яго ўвайшло 318 песняў Еўфрасінні Міхайлаўны. Сярод іх шырокавядомая “Кума мая, кумачка”. Мелодыю гэтай песні М. Аладаў выкарыстаў у оперы “Тарас на Парнасе”, Пётр Падкавыраў – у 2-м скрыпічным канцэрце, Рыгор Пукст – у 2-й сімфоніі. Песню “Па гарохаўю, па ячанню” ўжыў Яўген Цікоцкі ў оперы “Міхась Падгорны”, М. Аладаў – у фінале “Квінтэта”; песню “Ты чырвоная каліна” – Міхаіл Крошнер у балеце “Салавей”, Я. Цікоцкі – у 1-й сімфоніі, Яўген Глебаў – у канцэрце для голасу з аркестрам. Кніга гэтая стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Некаторыя песні Еўфрасінні Гарэцкай былі змешчаны ў шэрагу зборнікаў. Напрыклад, у “Анталогіі беларускай народнай песні” (укладанне Г. Цітовіча; Мінск, 1975) прыведзена 6 песняў, запісаных ад Еўфрасінні Гарэцкай, а ўвогуле са зборніка “Народныя песьні з мэлёдыямі” – 16. Вядомая беларуская этнамузыколаг Зінаіда Мажэйка адзначыла: “Зборнік унікальны дзякуючы мноству адценняў жывой, амаль вачыма адчувальнай дакументальнасці вялікага майстра гэтага жанру...”.
Нярэдка ў летнія месяцы дзеці Максіма і Гаўрылы – Галіна, Леанід, Усяслаў – жылі ў Багацькаўцы, дзе адчувалі вялікую ласку бабулі Еўфрасінні, якую яны вельмі любілі і з якой надзвычай добра і лёгка сябе адчувалі. Еўфрасіння Міхайлаўна мела вялікія здольнасці лячыць і загаворваць розныя хваробы, немачы. Мой брат Усяслаў успамінаў, як ён вострым нажом глыбока, аж да косткі пырнуў нагу троху вышэй за калена. Кроў фантанам палілася з раны. Ён вельмі спужаўся і пабег да бабулі. Тая спакойна аглядзела рану, нечым яе папырскала, павадзіла рукамі вакол, пашаптала – і вельмі хутка кроў перастала цячы і менш стала балець нага. Толькі досыць вялікі шнар, які застаўся на ўсё жыццё, нагадвае пра той выпадак і выклікае ўдзячныя ўспаміны пра нашу любую багацькаўскую бабулю.
“Сыны, стараліся не ўспамінаць ёй Марынку, каб не бярэдзіць ёй раны... Яна сама ўспамінала. Рада была, калі ўва сне яе сніла” (263). У чэрвені 1927 г. Максім разам з маткаю ездзіў у Маскву на магілу Ганны.
У 1930 г. Еўфрасінню чакала новае гора: арышты Максіма і Гаўрылы. Праз год сыны былі асуджаны і высланы: першы – у Вятку, другі – на Салаўкі.
Гаўрылу павезлі праз Оршу, дзе яму выпала сустрэцца спачатку з жонкай, а пазней – з маці і братам Іванам. Для Гаўрылы гэтыя сустрэчы былі зусім нечаканыя, але такія радасныя. Ён паглядзеў у добрыя і мужныя матчыны і жончыны сінія вочы, якія свяціліся любоўю і горам, ласкай і смуткам, прытуліў абедзвюх – і здалося, што з’явіліся новыя сілы, каб перанесці пакуты, што напэўна чакалі яго ў найбліжэйшай будучыні. Ён дзівіўся мужнасці жанчын, якія пры ім не пралілі ніводнай слязінкі. Трымаліся з усіх сіл, каб і яго падтрымаць, перадаць бадзёрасць і ўпэўненасць у лешпым лёсе.
“Калі маці праваджала Лаўрыка ў Варне, яна крапілася, васільковыя вочы яе былі спакойны і іскрыліся. Сваёю агрубелаю ад працы рукою яна гладзіла нясмела яго руку і калена. Але ўсё некуды спяшалася, турбавалася...” (279).
Пазней Максім і Гаўрыла змаглі досыць часта пісаць бацькам лісты і нават дасылаць грошы. Яны страшэнна хваляваліся пра здароўе і жыццё родных, сумавалі, а тыя – пра сыноў і іх сем’і. Маці ніяк зразумець не магла: не сядзяць жа сыны ў астрозе, ходзяць вольна, жывуць з сем’ямі, працуюць, нават грошы пасылаюць, а ўсё не могуць прыехаць. Матка ў кожным лісце прасіла, каб прыехалі. Найбольш балела сынам тое, што колькі ні прасілі, не маглі атрымаць дазволу з’ездзіць у наведкі да бацькоў на Беларусь. Так і прайшло больш за 4 гады.
Нарэшце ў лістападзе 1934 г. Гаўрыла Гарэцкі змог прыехаць, каб забраць сваю сям’ю ў пасёлак Мядзведжую Гару ў Карэліі, яго вызвалілі, але катэгарычна прапанавалі жыць і працягваць працу па інжынерна-вышуковай дзейнасці пад будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала.
«9 – 19 лістапада быў у дварэ Лаўрык. Пасля ён апісваў свой прыезд так: “Я адчыніў дзверы ў хату – і ўбачыў тут жа пры дзвярох: нагнулася старэнькая – мама, перабірала буракі. Адзенне нейкае заношанае, старое, на галаве закручана нейкая брудная шмата, нібы баляць зубы і хворая галава. На нагах лапці. Заскаруджаныя рукі, з глыбокімі зморшчкамі. Мама мяне спачатку не спазнала. А потым прыцягнула сабе на грудзі, пачала мяне хлопаць рукамі па спіне і, нібы млеючы, казала спуджана-радасна: “Ай, ай, ай... ай, ай, ай... ай, ай, ай... А Лаўрынічка... ай, ай, ай...” І чулася ў гэтым голасе – такая страшэнная драхласць, такая струджанасць, такое доўгае чаканне, што мне стала страшна за маму... Але гэта быў момант. Мама хутка ператварылася. Нібы і не было тых 4 1/2 гадоў. I такая мама была ласкавая, радасная, столькі ў ёй было яшчэ жыцця і разумення. Мама лашчыла мяне, гладзіла сваёю агрубелаю рукою, гаманіла са мною, некалькі разоў паціхеньку пяяла... Не хапала толькі Кузьмы, каб мама была зусім-зусім бязмежна шчасліваю.
...Яна была яшчэ вельмі бадзёраю, вочы былі светлыя-светлыя, чыстыя такія, неўміручыя, нястомныя. Не было ніводнага сівога воласа. Голас быў гучны, чысты, малады. ...Мама ўсё яшчэ працавала каля гаспадаркі. Паднімала цяжкія цугуны, я ёй не даваў рабіць гэтага пры мне, паднімаў і ўстаўляў у печку сам, – і гэта сапраўды былі цяжкія цугуны. Мама даглядала карову, парыла ёй бульбу, буракі, сама часамі цягнула цэбар з паранкамі, мы звычайна насілі цэбры на кіёчку, дык нават дваім і то цяжка. Па ваду мама ўжо не хадзіла, прыносіў звычайна бацьа, а ў часе майго побыту я. Дровы з-пад павецця прыносіла мама сама, а часам тата. Цяжкай для мамы працай было хадзіць у пограб. Я хадзіў з ёю разы тры. Пограб далекавата. А самае цяжкое – паднімаць карзіны з бульбаю і буракамі на гару. Гэта нават зусім здароваму цяжкавата. А мама заўсёды паднімала карзіны сама. Дый хто б яшчэ мог пасобіць? Бацька і сам стары, і яму цяжка» (302).
26 лютага 1935 г. Парфір напісаў Максіму ліст: “...Паведамляю вам вельмі жуткія весці. Мама наша яшчэ зараз жыва, а калі вы будзеце чытаць гэты ліст, то мамы не будзе, а будзе халоднае мёртвае цела. Прычына смерці наступная. У мамы была грызь, і ў гэтым месце, паміж косці, было зашчамленне кішкі, якая амярцвела і прарвалася. Няшчасце здарылася 21.ІІ. ...доктар сказаў, што ў яе заварот кішок, загадаў зараз жа везці ў Горад. 22.ІІ яе прывезлі ў бальніцу і аперыравалі. Доктар як браў на аперацыю, казаў, што мама нізашто не вытрымае аперацыі. Калі мама прачнулася і стала гаварыць, ён дзівіўся, што за крэпкае яе сэрца. ..Мама мяне адразу пазнала, вельмі была рада. Вочы яе такія жывыя, зусім неўміручыя, памяць здаровая. Яна мне расказала пра ўсе камароўскія навіны, пыталася пра Вас, Лаўрыка, ёй вельмі не хочацца ўміраць. Найбольшае яе жаданне – пабачыць усіх сыноў разам” (303).
У наступным лісце Парфір пісаў Максіму: “Мама наша памёрла 4.ІІІ у 2 гадзіны дня. Пахавалі яе ўчора, 6.ІІІ, у 5 гадзін вечару” (304).
Цяпер на месцы хаты Гарэцкіх у Багацькаўцы з ініцыятывы сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна пабудаваны Літаратурны музей-сядзіба Максіма Гарэцкага, які адкрыты ў 1993 г. да 100-годдзя пісьменніка паводле эскізаў Гаўрылы Гарэцкага. Аўтар экспазіцыі – Міхась Пратасевіч. Спачатку музей даглядала Клаўдзія Шнарская – старэйшая дачка Івана Іванавіча Гарэцкага, а пасля яе смерці – яе нявестка Лідзія Шнарская.
Святлана МАЧУЛЬСКАЯ
ПРЫМАЧ У “ПАНСТВЕ” І ПАСЫНАК ВЁСКІ
ЭВАЛЮЦЫЯ ВОБРАЗА ГЕРОЯ–ІНТЭЛІГЕНТА Ў РАННЯЙ ТВОРЧАСЦІ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Творчасць класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для літаратуразнаўчых даследаванняў. Ужо першыя спробы пяра маладога пісьменніка дазволілі меркаваць, што з’явіўся яркі самабытны талент з адметнай мастакоўскай манерай і вялікім патэнцыялам.
Ранняя творчасць Максіма Гарэцкага – гэта, бадай, адзіны перыяд з ўсёй яго літаратурнай дзейнасці, калі асоба аўтара была максімальна набліжана да асобы яго героя. Знешняе аўтарскае назіранне за персанажам тут яшчэ выразна не прасочвалася. А таму герой выступаў як носьбіт аўтарскіх поглядаў.
Пісьменнікам Максіма Гарэцкага зрабіла прага пошуку. Ад ранніх твораў яго героі імкнуцца наблізіцца да спасціжэння таго, пгго чалавеку ведаць, можа, і не дадзена, але што так адчайна ён прагне зразумець. Гэта ярка і пранікнёна выказана ў апавяданні “Ш т о я н о?" (1913): “Хто можа знаць, адкуль жыццё? Адразу было многа людзей ці з аднаго пайшло? Як? Чаму ён не пераказаў унукам, адкуль ён, першы, узяўся?” [1, 94]. Менавіта такія пытанні сталі зыходным пунктам пошуку М. Гарэцкага. Цяжкага і пакутлівага пошуку інтэлігента-адраджэнца, які нарадзіўся ў вёсцы, не дазволіў сапсаваць сябе гарадскім выхаваннем і абраў нялёгкі шлях да абуджэння роднай Беларусі.
Кажуць, ёсць штось містычнае ў беларусах. Адкуль у іх гэта? Ці то ад былін-казак, ці ад прымхаў і паданняў пра ўсялякае “страхаццё”? А можа, той містыцызм – з адсутнасці веры ў нешта іншае, адрознае, што пакажа шлях да лепшай долі і вызвалення ад ілюзій? Шматлікія пытальнікі характарызуюць раннюю творчасць празаіка.
Герой Максіма Гарэцкага таго перыяду вельмі неадназначны па сваёй сутнасці. Яго духоўны свет напоўнены адначасова светлымі марамі пра будучыню і змрочнымі пакутамі ад сучаснасці. У пазнейшай эпічнай творчасці пісьменніка такі вобраз юнака-інтэлігента стаў менш схематычным, больш разгорнутым, поўным, асэнсаваным: герой пачаў знаходзіць адказы на пытанні, якія раней толькі ставіліся перад ім.
У снежні 1912 г. Максім Гарэцкі напісаў першае апавяданне – “У л а з н і ”. І менавіта яно сведчыць пра пачатак фармавання свядомасці пісьменніка-псіхолага. Ён з дакладнасцю малюе партрэт юнака, выхадца з вёскі, які, павучыўшыся ў горадзе, успрымае сваю вёску па-іншаму . Чалавек, жывучы ў брудзе, сам не заўважае таго бруду. І як маладому інтэлігенту, які дзякуючы адукацыі падняўся на прыступку вышэй, патлумачыць гэта звыкламу да такога жыцця селяніну? Як давесці, што можна жыць інакш, калі па законах псіхалогіі чалавеку цяжка паверыць у тое, чаго ён сам не бачыў: “некалі ім займацца панскім дзелам” [1, 50]. Назіраючы, як у душы Кліма расце абурэнне, заўважаем, што звычайныя побытавыя фактары выклікаюць у героя думкі сацыяльнага зместу: “Жывуць жа людзі, – думаў ён. – Лес пад бокам, жыды ў пана адваявалі яго за даўгі і прадаюць колькі гадоў... маюць лазню... каб яна, даруй Божа, згарэла на чыстым полі гэткая” [1, 50].
Кароткая гісторыя. Але яна яскрава абазначае вельмі важную праблему. Лазня – гэта толькі “зачэпка”. А такіх “зачэпак” у Кліма і падобных да яго інтэлігентаў – процьма. Простыя людзі не прымаюць яго навукі, кажуць, што “запанеў” ён. «І лацвей ім, – думаў Клім далей, – страляць у вочы “запанеў", ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў “панстве” і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі б з сахою на родныя палеткі, чымся, адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб, вісець у новым і невыразным паветры...» [1, 51]. Увогуле, гэты першы твор нібы папярэджваў і прадказваў будучыя шуканні аўтара, які ўжо склаў сваю эстэтычную праграму, прасякнутую патрыятызмам: “Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан...” [1, 53].
Светапогляд героя мяняўся паралельна з тым, як мянялася ўспрыманне жыцця самім аўтарам. М. Гарэцкі ва ўзросце свайго героя падзяляў яго шчырую веру ў тое, што ідэі Адраджэння будуць убірацца ў моц і жыццё ў яго краіне будзе мяняцца да лепшага. Свядомасць пісьменніка расла не без дапамогі яго папярэднікаў у літаратуры. Бо ці не згадваў ён Коласавы “Казкі жыцця” [2], калі вуснамі навучэнца пансіёна Кастуся Зарэмбы ў апавяданні “У чым яго крыўда?” (1914) зазначаў: “Толькі мы гадуемся на чужым грунце і забываемся добра разумець свой грунт”? [1, 121]. Як і М. Багдановіча, М. Гарэцкага апаноўвалі тыя самыя мары, і ён горача і шчыра прамаўляў: “Каб нам, ведаеш, свой беларускі прарок, каторы б прамыў нам вочы, у чым наша істота, паэзія жыцця, прыгажосць жыцця... Ці наўчыла нас, слухай, наша школа любіць сваё беларускае, шанаваць прыгажосць роднай прыроды, пранікнуцца гармоніяй родных з’яў? Чаму нас вучылі!” [1, 121]. Прамаўляў, не ведаючы, што ён сам стане для Беларусі такім самым прарокам, як і Якуб Колас, і Максім Багдановіч, але ўжо тады прадчуваў, што шлях гэты цяжкі і пакутлівы. Сімвалічны ў гэтым сэнсе фінал апавядання “У лазні”:
“— Ці не захварэла галава твая, Клім, пасля лазні? — спытаў бацька.
— Палепшае, — адказаў сын” [1, 53].
Але ці хутка палепшае? Бо далейшая творчасць М. Гарэцкага сведчыць пра тое, што жыццё не раз япгчэ заводзіла яго героя ў, здавалася б, безвыходныя тупікі:
“— Пуста на сэрцы... і нічога не ведаю. I няма ўжо чаго рабіць... Думкі мае, летуценні мае, ідэалы мае... Скончылася дарога, няма куды бегчы-хапацца... Куды ісці далей? Нічога й нікога няма ў мяне...” [1, 92].
Яшчэ неаднаразова прыходзіў малады пісьменнік разам са сваімі героямі да ўсведамлення таго, што “страшна яно, роднае”. 3 падобнымі думкамі пісаліся і апавяданні “С т р а х а ц ц ё” (1918), “П а т а ё м н а е” (1913).
Апавяданне “Патаёмнае” нагадвае своеасаблівую псіхалагічную медытацыю. Спачатку адбываецца нагнятанне трывогі. У самой прыродзе, у наваколлі тоіцца нейкі страх, нейкая жудасць, што напаўняе паветра, авалодвае свядомасцю. Здавалася б, вяселле ў вёсцы – радасць. Але ж не: “змрочыць на небе – цёмная ноч на зямельку ідзе”, сабакі выюць “немаведама на каго”, куры непакояцца – “ці не чуюць што ды нядобрае?” [1, 53]. Аўтар выбірае для апісання над вячорка самую трывожную фарбу – чорную: “І каровы з поля ідуць – вядзе перад чорная”; “На захадзе хмара чорная, незвычайная, павісла, вісіць, узнімаецца...”; “І сунецца ночухна нейкая несупакойная, трывожная...” [1, 53 — 54]. Чаму ноч так палохае людзей? Бо тут абмалявана не проста ноч, не звычайнае апісанне яе надыходу, а псіхалагічны стан аўтара, прадчуванне чагосьці нядобрага. Гэты традыцыйны, сімвалічны вобраз спрадвеку вызначаў у фальклоры штосьці трагічнае. Жудасна-трывожнае гучанне ўзмацняецца, калі ў другой частцы апавядання з’яўляюцца старцы – таксама традыцыйны фальклорны вобраз, да якога ў свой час звярталіся Янка Купала і Якуб Колас. І, нарэшце, наступае кульмінацыйны момант – сон маладухі, якая едзе на возе разам з мужам з вяселля. Зноў адзначым, што апісанне чыйго-небудзь прароцкага сну таксама часта выкарыстоўвалася ў народнай творчасці, а ўслед за ёй – і ў літаратуры, напрыклад, у паэме “Сон на кургане” Я. Купалы [3, 34 — 111]. Але і Я. Купала, і М. Гарэцкі пакідаюць сны сваіх герояў неразгаданымі. Тут варта было б успомніць прагматычнага Зігмунда Фрэйда, які на філасофска-навуковым грунце імкнуўся вытлумачыць значэнні снабачанняў; але ж у беларусаў свая філасофія, нашыя літаратурныя класікі не спяшаліся даваць тлумачэнні, а дазвалялі зрабіць гэта чытачам.
Між тым матыў “патаёмнага” пераходзіць у М. Гарэцкага з апавядання ў апавяданне. У адным з іх – “Ц ё м н ы Л е с” (1913) – аўтар чарговы раз спрабаваў прыадхінуць тую фіранку, што ўтойвае ад нас, людзей, сэнс гэтага “патаёмнага”. Словы “Цёмны Лес” М. Гарэцкі пісаў з вялікіх літар не толькі таму, што яго радзіма – Цемналессе, а яшчэ і таму, што Лес для яго – загадкавы сімвал “старонкі гэтае патаёмнае”. Апавяданне вельмі меладычнае па гучанні. Яно ўяўляе з сябе маштабную карціну, адметную гістарызмам, працягласцю ў часе: “Любуешся ты, любата мая!
Ніколі ж не налюбавацца табе бясконцай і неабгляднай удоўжкі і ўшыркі істужкай палёў гэтых рознакалёрных, гэтых лясоў зялёна-сініх, гэтых рэчак ціхаводных, што вербалозам ды ціхімі краскамі абраслі...” [1, 56]. Усё, да чаго звяртяўся аўтар, паўстае адухоўленым, і найперш – сам Цёмны Лес. Гэта зноў вельмі нагадвае Коласавы “Казкі жыцця”. Тут і настальгія па мінулых часах, па былой велічы, увасобленая ў думках-пачуццях дуба – “старога дзеда лесавога”, якога хоча скарыць шалёны вецер. Ды не так проста вынішчыць былое, памяць, гісторыю: “– Ня руш! Не чапай! – толькі і прамовіў магутны, дуб. Кінуўся на адзін момант да багны і ўзноў выпрастаўся. Абправіў сваё каравае суччо – і ўзноў задумаўся аб старадаўніх часах, калі аквячалі яго людзі славай і хвалай, і шукалі пад ім адказу на свае загадкі, і клятвы пад ім давалі.
Мінулася, прайшло...” [1, 56].
І зноў кароткае апавяданне, а ў ім – цэлая гісторыя краю, глыбокая філасофія, разнастайная сімволіка. Стары дуб – сімвал велічы гэтага краю. А як жа пісьменнік маляваў сучаснасць? “Скрыпаюць дрэвы хворыя, бахаюць вобзем з гукамі жудкімі. Стогнуць старыя дзяды лесавыя. Рыскаюць спуджаныя звяры ды яшчэ болей смуцяць глухі, смутны лес.
Стогне лес.
Зарастае багна – дарма што пільна так беражэ яго <...> вечная да часу астатняга – зарастае багна!” [1, 57]. Але не загінуў яшчэ аптымізм. Жывыя пакуль “лесавыя цурочкі, цуркі і цэлыя ручаі сцюдзёныя”. “Не зусім яшчэ падаўся Цёмны Лес...” [1, 57].
Сімвалічны ў творы і прыход вясны, якая абуджае жыццё ў Цёмным Лесе. Жывыя тут і старыя казкі, легенды, паданні. Пра шэрую маці-зязюлю, што да скону дзён не прычакае страчанага сына, пра спакушальніц-русалак, якія зводзяць са свету “мужчын слабавольных”, пра птушак незвычайных, дзівосных. I, што адметна, – ва ўсім адчуваецца прысутнасць чалавека: “Страшна там у восень цёмную, калі пушча стогне, а ваўкі выюць, а скігоча немаведама што, быццам душаць каго, быццам хто ведае што... Жуда вялікая на сэрцы ўзнімаецца” [1, 57]. Ці не ўгадваецца за гэтым апісаннем лёс Бацькаўшчыны, яе гісторыя і вялікая трывога за будучыню?
Найбольшую моц набывае гучанне гэтай тэмы ў навеле-мініяцюры “С т о г н ы д у ш ы” (1913). У ёй зноў пошук гармоніі, жаданне жыць па-новаму, інакш, імкненне да таго, па чым “стогне” душа мастака. Гэта гімн, малітва, боль. Такія матывы ў нечым збліжаюць Максіма Гарэцкага з Фёдарам Дастаеўскім. Але М. Гарэцкі не мог абмежавацца толькі канстатацыяй таго, што свет змрочны, “бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага...” [1, 58]. Ён не толькі казаў пра сваю незадаволенасць гэтым светам, але і даводзіў, што так жыць няможна: “Гэтак не павінна быць і не можа быць!..” У адрозненне ад Ф. Дастаеўскага М. Гарэцкі сцвярджаў, што хоць яму і нудна, але ён не хварэе “ўсясусветнай журбой-жудою” [1, 58]. Адчай, імкненне і, нарэшце, упэўненасць авалодваюць аўтарскім двайніком: “Я не хачу трываць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю!” [1, 58]. І сапраўды, як завецца тая хвароба калі “сыну краю свайго баляць усе болькі ягонай зямлі”? Гэтыя матывы і перажыванні выліліся пазней у драме “А н т о н” (1914).
У ранняй творчасці Максім Гарэцкі, як ужо адзначалася, пераважна задаваў пытанні, не даючы на іх адказу, бо ён, як і яго героі – шукальнікі ісціны – такога адказу не меў: «Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай. I шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця, або хто бадай што не думае аб гэтых “шалёных” пытаннях ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. I гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зазірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях – смерць» [1, 66], – робіць выснову студэнт-медык Архіп Лінкевіч у апавяданні “Р о д н а е к а р э н н е” (1913).
Максім Гарэцкі глыбока закранаў праблемы, якія паўставалі перад беларускай моладдзю на шляху да свядомасці і навукі. Праблемы гэтыя маюць маральна-філасофскі характар, і іх асвятленне дазваляе паказаць, якім чынам адбываўся паступовы духоўны рост герояў. Наватарства Гарэцкага-пісьменніка ў тым, што ён здолеў адысці ад звычайнага бытаапісання, яго больш цікавіла духоўная сфера жыцця чалавека, яе эвалюцыя. Творы М. Гарэцкага вылучаюцца тым, што яго героі найчасцей шукаюць пазітыўнага вырашэння ўсіх жыццёвых праблем.
Апавяданні “Што яно?”, “У лазні”, “Стогны душы”, “Роднае карэнне”, “Цёмны Лес” і іншыя дэманструюць розныя стадыі развіцця светапогляду маладога чалавека, які сур’ёзна задумваецца пра сваё прызначэнне ў жыцці і з цягам часу пачынае разумець, што яго асабісты лёс непарыўна звязаны з лёсам Радзімы. Герой М. Гарэцкага выяўляе ў сабе якасці лідэра, ён верыць, што можа быць карысным для сваёй Радзімы і натхняць на пазітыўныя дзеянні іншых. Пры гэтым ён усведамляе, што, каб дапамагчы іншым, трэба быць моцным самому. М. Гарэцкі паказаў, што беларуская моладзь мае багаты патэнцыял сіл і здольнасцяў, і асвятленне пісьменнікам паступовага духоўнага росту героя дае магчымасць меркаваць пра пэўныя асаблівасці беларускага нацыянальнага характару.
АРХЕТЫП ДОМУ, СЯЛІБЫ
ВЫЯЎЛЕННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СВЕТАПОГЛЯДУ
Ў ТВОРЧАСЦІ КНУТА ГАМСУНА І МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Паняцце “архетып”, уведзенае ў актыўны ўжытак швейцарскім псіхолагам і філосафам Карлам Густавам Юнгам, шырока выкарыстоўваецца цяпер не толькі ў тэорыі міфалогіі, але і ў літаратуразнаўстве, у прыватнасці ў параўнальным. Гэта тлумачыцца тым, што тоесныя па сваім характары архетыпавыя вобразы і матывы можна выявіць не толькі ў міфах розных народаў, запазычанні паміж якімі былі немагчымыя, але і, як вынік, ў розных літаратурах. У адносінах да архетыпу дому і сялібы сказанае азначае не толькі анталагічную блізкасць, але і генетычнае адзінства самой літаратуры. Сапраўдны літаратурны твор можа нараджацца толькі ў доме ці распавядаць пра дом. I ўвогуле, Дом — калыска ўсёй чалавечай культуры. Менавіта ў доме пісьменнік бачыць тое сапраўднае спляценне сувязяў, ў якім вобраз і правобраз, архетып і рэальнасць пераплятаюцца і ўзаемаператвараюцца ў акце быцця. Міжволі творца бачыць і сябе, алё іншага, заглыбленага каранямі ў Дом як у першааснову свайго быцця і светабачання. Увогуле, трэба адзначыць, што тэмы ўласнай зямлі, прыналежнасці да роднай сялібы, пабудовы агульнага дому-дзяржавы лейтматывам праходзяць праз ўсю нашу літаратуру. Ім прысвечаны вызначальныя творы беларускіх пісьменнікаў: “Раскіданае гняздо” Янкі Кўпалы, “Новая зямля” Якуба Коласа, “Зямля” Кузьмы Чорнага, “Камароўская хроніка” Максіма Гарэцкага і інш.
Далучанасць да Дому як да спрадвечнага пачатку і лагічнага завяршэння зямнога чалавечага існавання – характэрная рыса мастацкага светапогляду пісьменнікаў-традыцыяналістаў незалежна ад іх нацыянальнасці. Аднак суадносіны дому і свету выяўляюцца ў пісьменнікаў – носьбітаў розных менталітэтаў па-рознаму. Яны аналагічныя адносінам чалавека (якога старажытныя грэкі лічылі мікракосмасам) і знешняга свету (ці макракосмасу). Дом як мікракосмас і знешні свет як макракосмас у многіх пісьменнікаў складаюць арганічную цэласнасць чалавека і свету. Але бачанне гэтага адзінства можа быць розным. Для адных дом – гэта пачатак шляху ў знешні свет, адкрыты на ўсе бакі. Зусім іншае ўяўленне пра сувязі дому і свету прысутнічае ў рамане “Плёны зямлі” (1917) Кнута Гамсуна. Дом для нарвежскага пісьменніка – гэта канцэнтраванае засяроджанне свету ў невялікім прасторава-часавым кантынууме. Геаметрычная інверсія – згортванне знешняй прасторы ўнутр – такая анталагічная існасць дому ў К. Гамсуна. Для саміх герояў рамана, Ісаака і Інгер, разуменне дому як знешняга свету ў невялікім аб’ёме прасторы рэалізуецца ў жаданні стварыць ізаляваны, самадастатковы ў матэрыяльным сэнсе куток. Згодна з гэтым жаданнем Ісаак на нейкі час ператвараецца нават у своеасаблівага насільшчыка: “Ён зразаў бяросту ў навакольных лясах... сушыў... адносіў у вёску за шмат міляў і прадаваў. Да хаты ж, да адхону, прыносіў новыя мяшкі з прыпасамі і інструментамі, свініну, кацёл, рыдлёўку, хадзіў па сцяжынцы туды і назад, і ўсё насіў і насіў. Прыроджаны насільшчык, ён слізгаў па лесе, нібы паром між берагамі; здавалася, яму падабаецца такая планіда – шмат хадзіць і шмат насіць” (тут і далей цытаты пададзены ў перакладзе аўтара артыкула). Адзначым, што і адной з галоўных вартасцяў Інгер у вачах Ісаака было таксама імкненне да памнажэння іх уласнасці. Зазначым, што такія адносіны герояў К. Гамсуна да свайго дому не маюць нічога агульнага са спажывецка-тэхнічнымі адносінамі сучаснага чалавека да сусветнага цэлага. Апошняе, як вядома, ёсць праява рацыянальна-калькавальнага мыслення. Учынкі ж Ісаака і Інгер арганічна цэласныя. Да іх можна аднесці наступныя словы нямецкага мысляра Освальда Шпенглера: “Сялянская хата і далей знатны двор, пфальц і бург ёсць шкарлупіны жыцця, выяўленне крыві, што бруіцца ў жылах”.
Успрыманне дому як "выяўлення крыві, што бруіцца ў жылах", спрыяе наладжванню трывалай кроўна-роднаснай сувязі паміж самім чалавекам і ягоным домам. Уласцівае нашаму часу бяздумнае спажывецтва, для якога прырода – толькі гіганцкая бензакалонка (паводле выразу Марціна Хайдэгера), яшчэ не закранула патрыярхальнасці душаў гамсунаўскіх герояў. Дом для іх – не проста матэрыяльная аснова чалавечага быцця, гэта нешта большае, што звычайна выяўляецца ў прыказцы: мой дом – мая крэпасць. Крэпасць як правобраз у К. Гамсуна з’яўляецца характарыстыкай не толькі велічнага, але ўсялякага сапраўднага дому. Моц яго – не толькі відавочная, знешняя характарыстыка, але і ўнутраная, нябачная звычайным зрокам. А ўнутрана моцным можа быць толькі тое, што мае карані па-за сваёй існасцю. Такая ўкаранёнасць чалавечага дому ў зямлю, на якой ён стаіць, даўно заўважана многімі філосафамі, пісьменнікамі. Дом, як і чалавек, наталяецца сокамі зямлі. А ў К. Гамсуна ёсць яшчэ і цудоўны вобраз нібы зваротнай сувязі дому з зямлёй. “У пасёлку шмат вось такіх хатак, – пісаў ён у артыкуле “С у с е д н і п а с ё л а к”, – дзе адчуваеш сябе як у бацькоўскім доме. Іх не прадаць, не закінуць, яны створаныя для таго, каб іх перадавалі з пакалення ў пакаленне, каб жыць у іх і паміраць. Прысадзістыя, яны падобныя да істот, што жывуць арганічным жыццём, і памерамі і знешнім выглядам упісваюцца ў навакольны краявід, імі быццам глеба наталяецца, зямля, на якой яны стаяць”.
Укаранёнасць дому ў родную зямлю робіцца такой моцнай, што здаецца, быццам не ён у яе, а – яна ў яго ўрастае і наталяецца ім. К. Гамсун стварае вобраз адзінага Дому – Зямлі. У гэтым вобразе прычына і наступства пераходзяць адно ў другое, падобна да таго, як дарослы сын, ускормлены бацькам і маці, потым, на старасці іх гадоў, пачынае сам карміць іх.
Адзначым, што ў К. Гамсуна архетып Дому ўключае ў сябе адзінства матэрыяльнага і духоўнага. Прычым матэрыяльныя карані працягваюцца не толькі ў прасторы, але і ў часе: ад мінулага – праз сучаснасць – да будучыні. Без каранёў, якія адыходзяць у мінулае, у гісторыю, не існуе і сам народ, тое ў яго існасці, што накладваецца на род. Духоўнасць не расце сама па сабе. Зразумела, маліцца Богу можна ў любым месцы, але лепш за ўсё ў храме – матэрыяльным месцы засяроджання духоўнага жыцця. Як асобны чалавек, так і народ у цэлым набывае сапраўдную паўнату свайго быцця толькі ў доме, дзе ён становіцца найбольш моцным целам і душой. А пакуль яшчэ раз звернем увагу на тое, што ў творах нарвежскага пісьменніка архетып Дому – гэта правобраз замкнёнай і ўкаранёнай у цэнтры Сусвету амаль жывой істоты. А ў разуменні суадносінаў “дом – свет” мы назіраем гістарызм. Дом – гэта месца, дзе ствараецца гісторыя народа, незалежна ад таго, куды накіравана гэтая творчасць – вонкі ці ўнутр.
Менавіта ў такім аспекце мы разгледзім зараз вобраз дому, створаны Максімам Гарэцкім.
На першы погляд можа здацца, што многія творы беларускага пісьменніка ўвогуле пазбаўленыя гістарызму: так часта ў іх рэфрэнам праходзіць тэма руціннага сялянскага жыцця ў забытым Богам месцы на ўскрайку Расейскай імперыі. Вось тыповая рэмарка з яго драматычных абразкоў: “У беднай мужыцкай хаце. Выбітая, з мокрымі мясцінамі зямля... Маленькія вокны. Голыя чорныя сцены. Троху ўбогага шкумацця і лахманоў па кутках”. Трэба сказаць, што такі погляд на становішча не толькі беларускай вёскі, але і ўсяго беларускага народа ў цэлым – як народа пазагістарычнага, – быў характэрны ў той час для многіх нашых літаратараў. Але М. Гарэцкі – сапраўдны патрыёт. Гісторыя Дому, згодна з яго ўяўленнямі, прадугледжвае наяўнасць свайго гістарычнага часу, свайго храналагічнага вымярэння быцця. Быцця, не пазбаўленага руху, але здольнага захоўваць цэласнасць, нягледзячы на знешнія супярэчнасці сялянскага жыцця. У творах М. Гарэцкага, як, дарэчы, і К. Гамсуна, дзеці, пакінуўшы бацькоўскі дом, сваю сялібу, апынуўшыся ў гарадскім свеце, пазбаўляюцца ўкаранёнасці, а тым самым – і ўнутранай цэласнасці. Вось як разважае пра гэта герой апавядання “Р о д н а е к а р э н н е” (1913) М. Гарэцкага стары Яхім: “А нашы хлопцы, што ў свет, у людзі ідуць, яны ад вёскі адпаўзаюць... Прыедуць у госці з чыстаты, з хлеба белага на пушны; як пабачаць тут, як мадзеем мы па родных кутках, робіцца ім халодна, і непрыхільна, і прыкра. Паедзець назад, закруціцца там у вадаверці гарадской, агалцеець, у вёску ўжо ані блізка, мужыка чураецца...”. Так сталася з гамсунаўскім Элесеусам з “Плёнаў зямлі”, з Лаўрыкам з “К а м а р о ў с к а й х р о н і к і” (1934 — 1935) М. Гарэцкага. Яны трапілі ў “новую гісторыю”, але гэтая гісторыя не прынесла плёну, таму што чалавеку ўласціва асэнсоўваць, а дзеля гэтага яму ні ў якім разе нельга адрывацца ад свайго дому. Такім чынам, і для К. Гамсуна, і для М. Гарэцкага дом – гэта цэнтр сялянскай светабудовы, той цэнтр, у якім ствараецца гісторыя. Вораг можа прыйсці на родную зямлю, вынішчыць яе, але пакуль стаіць дом, гісторыя народа яшчэ не скончана.
Разам з трываласцю архетып Дому ў Кнута Гамсуна заключае ў сабе і ўтульнасць. Гэтае слова нясе асаблівае эстэтызаванае пачуццё і адначасова любоў да дому. Утульнасць мае не толькі матэрыяльны, але і духоўна-псіхалагічны характар. Змест гэтага паняцця шырокі. Гэта і гармонія рэчаў і чалавека, і адэкватнасць розных функцый дома яго знешняй форме, а таксама пачуццё спакою і ўпэўненасці, якое павінен перадаваць сам дом яго насельнікам. Утульна – азначае “спакойна, любоўна, клапатліва”. Па сутнасці, утульнасць дому – гэта і ёсць дом, арганічна паяднаны з людзьмі. Сапраўдны дом выяўляе сваёй архітэктурай душу народа і пабудаваны па найвышэйшай, боскай логіцы. Менавіта ў ёй і існуе архетып Дому, што знаходзіць свае канкрэтныя праявы ў кожнага народа – не толькі ў архітэктуры асобнага будынка, але і любога селішча. У хрысціянскай Еўропе быў адзіны архетып Дому. Ён па-рознаму выяўляўся ў залежнасці ад геаграфічных, кліматычных і іншых знешніх умоў, а таксама ў залежнасці ад псіхалагічных асаблівасцяў розных еўрапейскіх народаў. Але ў часы К. Гамсуна і М. Гарэцкага гэты знаёмы кожнаму лад парушаўся і замяняўся ідэалам новага “дома з усімі выгодамі”, у якім, аднак, пакутуе чалавечая душа. “Туга нашай душы, – пісаў К. Гамсун, – звернута ў мінулае, мы спрабуем суцяшаць яе пры дапамозе старасвецкай мэблі. Тыя, у каго няма сродкаў, радуюцца, па меншай меры, што могуць палюбавацца ёю ў антыкварных крамах, людзі заможныя хапаюць, не разважаючы, то стол, то крэсла. Гэтая ўласнасць не даецца ў спадчыну, гэта набытая ўтульнасць, і Бог ведае куды знікае налёт нечага інтымнага, роднага, уласцівага ўсякаму жытлу”. Дом не набудзеш, сапраўдны дом трэба пабудаваць самому ці атрымаць яго ў спадчыну ад сваіх продкаў.
Як ужо адзначалася, утульнасць у доме – гэта парадак. Парадак знешні – у рэчах. Парадак унутраны – у чалавечых душах. Адзінства знешняга і ўнутранага парадкаў якраз і вызначае месца чалавека ў жыцці. І для жанчыны гэтае месца знаходзіцца менавіта ў доме. Ва ўсіх творах К. Гамсун паказвае ўтульным толькі той дом, дзе жанчына цалкам аддадзена яго стварэнню, іншымі словамі, утульнасць – своеасаблівая мера вяртання жанчыны да сваёй першаснай існасці, вяртання да самой сябе. Заўважым, што многія філосафы і пісьменнікі адзначалі жаночы характар архетыпу Дому, суадносячы гэта з прыроджанай памяццю ўсіх людзей пра знаходжанне ва ўлонні маці. 3 найстаражытнейшых часоў чалавек, суадносячы сваё першае жытло – пячору са знешнім светам, дзе ўладарылі стыхіі, адчуваў сваю абароненасць. Калі Ісаак, галоўны герой “Плёнаў зямлі”, на некалькі гадоў застаецца без жонкі, ён востра адчувае, што ягоны дом ператварыўся, па сутнасці, у паўдома, хоць нават і ў такое жытло ён рады вярнуцца з падарожжа.
Зыходзячы з меркавання, што архетып Дому мае жаночы характар, можна сказаць, што такія яго якасці, як трываласць, моц, не ўласцівыя дому першапачаткова, ствараюцца мужчынам. Як гэта ні парадаксальна, будаўніцтва Дому пачынаецца не з падмурка, не са сценаў, а з даху, які абароніць, пакрые і сам Дом, і яго насельнікаў і надасць дому трываласць. Зразумела, размова – не пра звычайны, а пра метафізічны Дах, што з'яўляецца мастацкім сімвалам, які выяўляе надзейнасць, упэўненасць, трываласць і абароненасць. Так, можна сказаць, што покрывам Дому (менавіта покрывам, а не падмуркам) для герояў К. Гамсуна і М. Гарэцкага стала зямля, паднятая ўгару чалавечай працай. Першапачатковая ўкаранёнасць у зямлю і ўзняцце да горняга – вось шлях станаўлення чалавека духоўнага. Гэта востра адчувалі абодва пісьменнікі, паходжаннем – сяляне. Вось як гаворыць вуснамі свайго героя Кастуся Зарэмбы ў аповесці “У ч ы м я г о к р ы ў д а?” (1926) М. Гарэцкі: “Мы выпаўзаем са сваіх хат і папраўдзе... маем жа нейкую зямельную сілу ў сабе”. На гэтым шляху адбываецца з’яднанне розных узроўняў прасторы. У выніку гэтага адзінства Дом набывае дах, а разам – і такую неабходную яму трываласць. Менавіта ў такім абароненым доме чалавек здольны, ўкараніўшыся ў зямлю, не толькі выратоўваць сваё быццё, але і пераасэнсоўваць сваё мінулае і задумвацца пра далейшае ўдасканаленне. Дарэчы ўзгадаць, што ў германа-скандынаўскай міфалогіі вертыкаль прасторавай мадэлі Сусвету сімвалізуе дрэва Ігдрасіль – велізарны ясень, які яднае неба, зямлю і падземны свет.
Спачатку мы разглядалі Дом у вельмі шырокім сэнсе – як Дом усяго народа, а потым занадта вузка: непасрэдна як будынак. Аднак у паняцце “дом” звычайна ўваходзіць і той кавалак зямлі, які апрацоўваецца гаспадаром будынка. Паняцце “дом”, па сутнасці, эквівалентнае беларускаму слову “сяліба”, “гаспадарка”. Для селяніна трываласць дому шмат у чым выяўляецца ў паўнаце гаспадаркі, ў наяўнасці ўсяго таго, што неабходна для сялянскай працы. Як пабудова ўтульны дом унутры ствараецца жанчынай, а трываласць набывае па-за гэтай пабудовай. Такі пункт гледжання не новы, ён традыцыйны не толькі для нарвежцаў і беларусаў, але і для ўсёй Еўропы.
Пры параўнанні вобразаў дамоў у творах Кнута Гамсуна і Максіма Гарэцкага трэба памятаць таксама, што лёсы абодвух пісьменнікаў закранула Першая сусветная вайна. Таму невыпадковы іх зварот да тэмы дому, сялібы, сялянства, якое “выратуе свет”. Вайна разбурае дом і забівае людзей. Але тыя, хто застаецца, адбудоўваюць разбуранае. І вельмі сімвалічна, што “Плёны зямлі” і “Камароўская хроніка” напісаныя пасля Першай сусветнай. У “Плёнах зямлі” Ісаак і Інгер, як першыя людзі, будуюць свой дом. Казачны асілак Ісаак ператварае дзікі лясны край у плённую ніву, і ад яго пачынаецца новы род. Амаль біблійны радаводны пералік ёсць і ў “Камароўскай хроніцы”: “Ад Мар’і выраслі [у Стахвана] сыны: Янка, Тамаш і Максім... Ад Зіноўі Раманоўны выраслі ў яго два сыны: Хомка і Лукаш, і тры дачкі: Луцэя, што ў Івоны замуж зайшла, Мар’я – што ў Маскалёўку, і Любка, што ў Гаршчыну”.
Калі Кнут Гамсун апісваў нарвежскі дом і сялібу, ён не толькі не сумняваўся ў агульначалавечнасці гэтых вобразаў, але і выказваў думку пра тоеснасць саміх матэрыяльных правобразаў як аснову літаратурных архетыпаў, што з’яўляецца своеасаблівай мастацкай формай выяўлення патрыятызму. Дакладней, самай першаснай формай патрыятызму, якую ірландскі мысляр і пісьменнік Карл Льюіс ахарактарызаваў як “любоў да дома, да месца, дзе мы раслі...да старых сяброў, знаёмых твараў, знаёмых даляглядаў, пахаў і гукаў. Такі патрыятызм, зразумела, зусім не агрэсіўны. Ён хоча, каб яго не чапалі. Ва ўсялякага хоць трошкі разумнага чалавека з фантазіяй ён выклікае добрыя пачуцці да чужаземцаў. Ці здольны я не любіць свой дом і не разумець, што іншыя людзі любяць свой”. К. Гамсун па-сапраўднаму любіць свой дом, а значыць, ён не толькі разумее іншых (рускіх, немцаў, англічанаў і г. д.), якія таксама любяць свае дамы, але і, натуральна, не сумняваецца ў наяўнасці нечага агульнага ў розных тыпах дому, таго агульнага, што дазваляе адчуваць духоўную роднасць сэрцаў людзей, што належаць да розных народаў, але аднолькава цёпла ставяцца да родных мясцін. Такая самая ўпэўненасць у агульначалавечым асэнсаваным прызначэнні дому, сялібы, зямлі і чалавека на ёй характэрны і для Максіма Гарэцкага. Сяліба ў яго творах – гэта таксама тое тыповае, што змяшчае ў сабе сакральнае; яна ёсць спрадвечны ўзор, спрадвечная формула, зададзеная нам продкамі, якая існуе “цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя”, без якой немагчыма ўявіць сялянскага жыцця і сялянскай свядомасці. Ні ў К. Гамсуна, ні ў М. Гарэцкага няма вобраза гарадскога дому. Хутчэй у іх прысутнічае вобраз бяздомнага горада. Прынамсі, сучаснага горада, варожага чалавеку, знешне падобнага да нейкай пачвары. Вось якое апісанне горада дае К. Гамсун у рамане “Містэрыі”: “З таго ўзгорка, дзе стаяў дом доктара, гарадок выглядаў як дзіўнае гіганцкае насякомае, казачная жывёліна, якая распрасталася на чэраве і працягнула свае лапкі, хабаткі і шчупальцы ва ўсе бакі; часам істота гэтая варушыла той ці іншай канечнасцю ці выцягвала раптам кіпцюр”.
Напрыканцы адзначым, што сапраўдны дом, у якім адчуваецца паўната чалавечага быцця, ёсць недасяжны на практыцы ідэал народнага светапогляду. І беларускі, і нарвежскі пісьменнікі востра адчувалі недасягальнасць гэтага ідэалу, а адсюль, напэўна, і іманентна прысутныя ў іх творах матывы экзістэнцыйнага суму. Сум гэты кліча ў дарогу, на пошук ідэалу. Можна сказаць, што ў нарвежскім і беларускім характарах жаданні Дому і Дарогі спляліся ў адзінстве.
МАКСІМ ГАРЭЦКІ «У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?», «МЕЛАНХОЛІЯ», «ЦІХАЯ ПЛЫНЬ», «НА ІМПЕРЫЯЛІСТЫЧНАЙ ВАЙНЕ», «РОДНАЕ КАРЭННЕ»
Аповесці Максіма Гарэцкага на першы погляд могуць падацца маладому чытачу дужа лакальнымі па задуме і ўзнятых жыццёвых пластах. У першых двух аповесцях і ў дакументальна-мастацкіх запісках «На імперыялістычнай вайне» — адзін скразны герой Лявон Задума. Яго жыццёвая сфера — родны край, свая сям'я і аднавяскоўцы, знаёмыя і сваякі з іншых вёсак і мястэчка, вучылішча з выкладчыкамі і сябрамі, прыяцелямі, Лявонавы асабістыя настроі і перажыванні, хоць у іх і гучаць грамадскія матывы. Гэта і нязгода з векавечнай прыгнечанасцю вёскі, пакорай лёсу і цемраю, усведамленне сябе шукальнікам шляхоў да лепшай долі свайго народа. У аповесцях, асабліва ў другой і трэцяй, мала падзей, мала пакручастых паваротаў сюжэта, хоць і многа герояў, акрэсленых яскрава і запамінальна.
Гэта ўражанне па першым чытанні аповесцей. Калі ж пачынаеш удумвацца і ўглядацца ў рэчаіснасць, узноўленую Максімам Гарэцкім, адкрываецца складанасць задумы цыкла твораў і наватарскае яе вырашэнне. Шырокая панарама беларускай дакастрычніцкай вёскі намалявана каларытна, жыццёва.
«У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?»
«...а там гарэла ціхае сялянскае
святло і гулялі святам людзі».
...Гадамі жыццё ішло сваімі звыклымі каляінамі, у ім мала што мянялася. Але вось пачынаюцца зрухі, мужыцкія сыны прагнуць асветы, іхнія бацькі з апошняга стараюцца вывесці сыноў «у людзі», вывучыць іх. І што ж? Трохі далучыўшыся да культуры, паглядзеўшы на свет, сялянскі сын Лявон Задума ўжо не можа па-ранейшаму згаджацца са звычайным ладам жыцця, ён перастаў быць мужыком-селянінам. І хоць панам ён стаць не імкнецца, тым не менш паміж ім і роднымі, аднавяскоўцамі ўзнікае нейкая мяжа, перайсці якую немагчыма. Свае рамантычныя парыванні, сваё ўзнёслае імкненне служыць народу і адраджэнню роднай Беларусі герой Гарэцкага ніяк не звязвае з рэальнасцю, яшчэ не ўмее гэта рабіць. Лявону здаецца, што ён намнога перагнаў у разуменні жыцця блізкіх і знаёмых. Аднавяскоўцы, на яго погляд, нецікавыя, грубыя людзі, вельмі далёкія ад яго рамантычнага ілэалу. На «вечарушках», куды маці раіць яму пайсці, «знайду ˂ думае ён ˃ тупагаловых дзевак, буяншчыкаў-хлапцоў, брыдкую лаянку, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэткім жыцці».
Аповесць мае выразна пазначаны аўтабіяграфічны характар, але аўтар з самага пачатку аддзяляе сябе ад свайго героя, хоць глядзіць на яго са спачуваннем, а часамі і зліваецца з ім. Тым не менш у яго адносінах да героя адчуваецца нота іроніі, лёгкай усмешкі, нібы глядзіць старэйшы і разумнейшы брат на маладыя выбрыкі меншага, якому жыццё яшчэ не паказвала кіпці, не давяло пра свой холад і жорсткасць.
« — Сыночак!..
— Ну, што? — з ніяк няскрытай злосцю ў голасе перабіў пытанне сын...
— Прайдзіся ты на вечарушкі, пагуляй з людзьмі...
— Што я там знайду? — адказаў сыночак, мімаволі натапырыўшыся, як той індык».
На адзіноце, у час вандровак па наваколлю, Лявон то спрабуе выць па-сабачы, то падбрыквае, то бяжыць, «халяруючы», — паводзіць сябе як блазен. Аўтар усміхаецца, гледзячы на свайго героя.
Вось заснежанае поле. «Пустэльня цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю». На гэтыя адзінокія пагулянкі ён апранае бацькаў кажух, а не сваё чорнае паліто з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам, бо «на яго вучнёўскае паліто сабакі надта брэшуць». Увесь другі раздзел аповесці прасякнуты такой іранічнай інтанацыяй, якая настройвае чытача на ўспрыманне і наступных раздзелаў у тым жа ключы.
Асаблівая мішэнь гэтай іроніі — «жаданне перавярнуць на свой капыл усё жыццё гэтай пустэльні». Але жыцё яго не слухаецца, а ён і не хоча лічыцца з яго логікай. Таму для яго зусім неспадзяванай аказваецца рэакцыя Лёксачкі, бацькоў, аднавяскоўцаў на ліст да каханай дзяўчыны.
Драматычная гісторыя разбітага і абсмяянага кахання пададзена аўтарам без трагедыйных нот, але і без спрошчвання. Ніводзін з аднавяскоўцаў Лявона, нават сама Лёксачка, нават бацькі Лявона, не адчуваюць сябе жорсткімі людзьмі, разбуральнікамі чужога шчасця ці лёсу. Гэты ліст, словы кахання, непасрэдныя і шчырыя, — усё такое нязвыклае ў суровым побыце вёскі, дзе пра пачуцці не прынята гаварыць уголас. І таму ліст выклікае рогат, а ўсё з ім звязанае робіцца вясёлай падзеяй у аднастайным жыцці цёмналесцаў. Яны не прызнаюць, што чалавек мае права на незалежнае ад усіх жыццё, асабістыя справы і пачуцці, што духоўны свет чалавека недатыкальны. Асоба на вёсцы яшчэ не вылучылася з людской супольнасці. Грамадскі кантроль за паводзінамі кожнага — неад’емнае права гэтай супольнасці. Так не тое што думаюць усе — гэта няпісаны закон. А развітая асоба не прызнае і не церпіць над сабою такога кантролю. Ён яе абражае сваей бесцырымоннасцю. Для Лявона кантралюючая інстанцыя — яго ўласнае сумленне. Таму, абражаны і пакрыўджаны, ён некалькі гадоў не можа паказацца ў сваёй вёсцы.
Так рамантыку Лявону Задуме жыццё дало цяжкі ўрок. Аўтар і шкадуе яго, і спачувае яму, але пры гэтым добра разумее, што без такіх жорсткіх «навучанняў» нельга вызваліцца ад «рамантычнага туману» ягоных уяўленняў. Усё гэта Лявон перажывае вельмі цяжка. Прачытаўшы паштоўку з вёскі, ён «збялеў, ногі знямелі, а рукі марудна разарвалі канверт». Калі ж прабег вачамі ліст ад Лёксы, напісаны чужой рукой, «ад прыкрасці плюнуў, тады засаромеўся, схапіўся ад жалю і крыўды за галаву і глынуў паветра, як шчупак, выкінуты з рэчкі на сухі пясок». Само гэта параўнанне ўтрымлівае лёгкае пасміханне аўтара з свайго нешчаслівага героя. А яго сябар Максім Г., пад лістом да якога той падпісваецца «твой скрыўджаны жыццём — Лявон Задума», называе ўсю прыгоду трагікамедыяй. Лявону яшчэ трэба будзе навучыцца бачыць і прымаць жыццё такім, якое яно ёсць. Гэта зусім не значыць, што абавязкова прыйдзецца змірыцца з яго недарэчнасцямі. Ці магчыма ў холадзе і жорсткасці жыцця зберагчы свой духоўны свет, свае прынцыпы, застацца самім сабой? Вось адна з важных праблем аповесці. Другая: якія суадносіны паміж духоўным светам народнага жыцця і духоўным светам асобы? Як гэтыя два светы прывесці да адпаведнасці аднаго аднаму, да згоднага і зладжанага суіснавання?
Першы ўрок.
I. Жанр, стыль, кампазіцыя, праблематыка аповесці «У чым яго крыўда?».
Паводле жанравых адзнак твор з'яўляецца тыповай аповесцю з адным цэнтральным героем, які праводзіцца праз шэраг эпізодаў. Асаблівасць аповесці ў тым, што, акрамя галоўнага героя, у творы яшчэ ёсць апавядальнік. Яго прысутнасць добра праяўляецца не толькі ў тэксце першага і другога апавядальных раздзелаў, але і ў своеасаблівай інтанацыі іх, у іранічным, насмешлівым поглядзе на героя і на ўсё, што з ім адбываецца. У творы — і ў гэтым яго стылёвая адзнака — свабодна спалучаюцца эпічнае адлюстраванне жыцця вёскі і лірычнае выяўленне характару галоўнага героя з гумарыстычным поглядам аўтара-апавядальніка на ўсе здарэнні. I гэты погляд не супадае з светаадчуваннем героя ў тых жа эпізодах.
Кампазіцыйна аповесць пабудавана як чаргаванне апавядальных і выяўленчых раздзелаў, а VIII і IX амаль цалкам складаюцца з эпісталярнага матэрыялу, які не толькі пашырае лірычную плынь аповесці, але імкліва рухае сюжэт да развязкі, асвятляе гумарам усю трагікамічную калізію.
Кола праблем, пастаўленых аўтарам у аповесці, досыць шырокае і выяўляе глыбіню задумы твора. Адна з галоўных ліній тут — асоба і чалавечая супольнасць; народ у сваіх суадносінах з гарадскім прагрэсам, агульначалавечымі каштоўнасцямі, культурай. Мастак даследуе не толькі індывідуальную псіхалогію героя, які адрываецца ад звыклага сацыяльнага асяроддзя, але ў той жа час адданы яму, — адданы не з той прычыны, што тут, у вёсцы, нарадзіўся, а найперш таму, што рыхтуецца стаць яе заступнікам і змагаром за асвету, лепшую будучыню народа. Аўтар яшчэ пільна ўглядаецца ў твар чалавечай супольнасці на вёсцы, выяўляе галоўныя рысы грамадскай, сацыяльнай псіхалогіі.
II. Лявон Задума «як пэўны адраджэнец», «з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццем». «Ціхае сялянскае святло».
Пытанні да гутаркі:
1. Якія бакі аўтарскай задумы бачны ў супастаўленні «знакаў цывілізацыі», цёмналескага побыту і Лявонавага светаадчування? Дзе і чаму развагі аб суадносінах гэтых сэнсавых пластоў суправаджаюцца інтанацыяй то іранічнай, часам з'едлівай, то дабрадушна-ўсмешлівай?
2. Чаму аўтар сімпатызуе Лявону? Які свет яго думак, пачуццяў, ідэалаў? Як ён паводзіць сябе сам-насам (II раздзел), з бацькамі (III), у лазні (IV), у сватоў (V). Які ход яго думак і адчуванняў?
а) Які сэнс мае апошняя фраза II раздзела: «Як трошкі вінаваты, без злосці пазіраў на хаты, а там гарэла ціхае сялянскае святло і гулялі святам людзі»?
б) Чаму няма ўзаемаразумення паміж Лявонам і яго бацькамі? Як яны ставяцца да яго, ён да іх? Што іх раздзяліла? Ці любіць ён іх? Чаму адварочваецца ад сялянскай супольнасці? (III раздзел).
в) Чаму ён прыкра адчувае сябе ў лазні, адкуль злосць, смутак і боль у яго сэрцы? Як тут аўтар ставіцца да свайго героя? Якія трапныя, каларытныя дэталі і асобныя замалёўкі ствараюць жывую карціну? (IV раздзел).
г) Якая задума так маляўніча і дэталёва намаляваных сцэн у сватоў? Якімі людзьмі паказаны сваты? Якім аўтарскім поглядам асветлены гэтыя сцэны? Як пачувае сябе Лявон, як перададзены «душэўныя пералівы» ў яго настроі? Чаму гэты выпадак мяняе яго светаўспрыманне: ці справа ў тым, што ён захмялеў, ці ў чым іншым? Як цяпер глядзіць на яго аўтар? («Вось гэтак то і стаўся перакрут у думках»).
д) Якія новыя бакі характару і натуры Лявона адкрываюцца падчас скокаў і гульні? (Непасрэднасць і сарамлівасць, сапраўдная інтэлігентнасць і сціпласць у адносінах з дзяўчатамі; разуменне жартаў, уменне падпарадкавацца агульнаму тону гульні; адчуванне паэзіі жыцця і юнацкіх адносін.) Чаму раней ён паводзіў сябе інакш?
Другі урок. «Ен цяпер зусім другі чалавек». «Уся хата, як ёсць, палягла ад смеху».
I. Працяг гутаркі (VI раздзел).
1. Новая інтанацыя, сумная і гарэзная адначасова, у пачатку VI раздзела. Чаму да яе звяртаецца пісьменнік? («О, вы — шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцерагчыся ад вас...» «На жаль, Лявон жыў у малакультурную эпоху...»)
2. Каларытныя партрэты выкладчыкаў пададзены ў гумарыстычным ключы. Чаму іх не магло быць на пачатку аповесці? 3 чыйго пункту гледжання яны намаляваны? Партрэты аднакашнікаў Лявона — таксама яскравыя замалёўкі. Пра якія бакі натуры Лявона гаворыць іх наяўнасць? Як тут перададзена аўтарам змена ў светаўспрыманні Лявона?
3. Два лісты Лявона да дарагіх яму людзей (раздзел VII). Якім чалавекам выглядае Лявон у гэтых лістах? Чаму ён піша, што стаў іншым чалавекам? («I тата разумее, што я новы, што я іншы, што я лепшы».) Як змянілася яго грамадзянская пазіцыя? Чаму раздзел з лістамі заканчваецца ўспамінамі і разважаннямі аб панскім балі?
II. Абмеркаванне VIII раздзела па пытаннях:
1. Чаму ліст Лявона да Лёксы так усіх насмяшыў? Чаму Лёкса сама не супраць, каб ліст чытаўся ўголас? Чаму за Лёксу і Лявона ніхто не заступіўся, не забараніў чытанне? «Лёксе сорам — не яму» — чаму так гаворыць маці Лявона? Ці ў Цёмналессі злыя людзі? Чаму ў гэту прыгоду аказаліся ўцягнутыя сваякі, дзеці?
2. Як выглядае ўся прыгода з лістом, дапоўненая спрэчкамі Лаўрынькі з дзяўчаткамі Ходкай і Просяй? (Здымае драматызм сітуацыі, прымушае бачыць не драматычны, а гумарыстычны бок.) Як намаляваны вобразы дзяцей? Як яны дапаўняюць агульную панараму жыцця вёскі?
3. Як намаляваны аднавяскоўцы Лявона — мужчыны, жанчыны, моладзь, дзеці? Якія гэта людзі? Як сябе паводзяць? Як ставяцца адзін да аднаго? Якія суадносіны паміж маральным кліматам вёскі і духоўным абліччам сына вёскі Лявона?
4. Яшчэ адзін герой у аповесці — Максім Г., сябар Лявона. Якім бачыць яго Лявон, як да яго ставіцца? Які мастацкі эфект ад увядзення гэтага пазасюжэтнага героя? (Лявон Задума не адзін, ён мае аднадумцаў, мілых таварышаў, у якіх вучыцца, з якімі шчыра сябруе. Максім Г. старэйшы за Лявона, лепей ведае жыццё, таму інакш, чым ён, успрымае ўсё, што адбываецца.)
III. Абагульняючая гутарка.
1. Як вырашана ў аповесці праблема адносін асобы і грамады, асобы і сям'і, «я» і калектыву? (Узнікненне калізіі дае штуршок да развіцця асобы, да ўсведамлення ёю і сваіх адносін да людзей, і паводзін людской супольнасці. Перад асобаю ўзнікае патрэба пераасэнсаваць свае дачыненні да грамады, выпрацаваць сваю пазіцыю ў новых абставінах, зрабіць маральны выбар. 3 сутыкнення пачынаецца духоўнае вызваленне Лявона ад рамантыкі, адарванай ад жыцця.)
2. Як вырашаецца пытанне аб асабістым гонары? Ці ёсць у цёмналесцаў пачуццё ўласнай годнасці? Як усё гэта бачна ў сутыкненні грамадскай і індывідуальнай свядомасці і псіхалогіі? (Індывідуальная свядомасць развітой асобы аказваецца значна вышэйшай. Моц стыхіі народнай свядомасці ў супадзенні, аднолькавасці пазіцый, у агульнасці іх для ўсёй грамады. Гэта надае кожнаму з грамады адчуванне ўпэўненасці. Тое, што не супадае з агульнапрынятым, грамада не прымае. Аўтар бярэ пад абарону індывідуальнасць.)
3. Якім малюецца народ, як падаецца нацыянальны характар беларуса? (Народ, якім пагарджаюць, мовы якога нідзе не чутно, які накіроўвае сваіх лепшых сыноў у навуку,— жыве, мае сваю філасофію жыцця, свае няпісаныя маральныя законы, свой гонар, сваю веру. Гэта чалавечы свет, свет сваёй культуры, сваіх жыццёвых ідэалаў. Гэты свет апаэтызаваны пісьменнікам. Нацыянальны характар добра бачны і ў самім Лявоне, яго бацьках, аднавяскоўцах, сваяках, таварышах і г. д.)
4. Чаму аповесць так называецца? За што аднавяскоўцы (ці жыццё, людзі наогул?) скрыўдзілі Лявона? (Як далей ішло духоўнае развіццё героя, відно з наступнай аповесці.)
5. 3 якой мэтай уведзены эпіграфы да кожнага раздзела? У чым іх мастацкая мэтазгоднасць? Як яны дапамагаюць здзейсніць аўтарскую задуму — апаэтызаваць народнае жыццё, сцвердзіць духоўны змест гэтага жыцця?
Заданні да аповесці «У чым яго крыўда?» (даюцца папярэдне ці да наступнага ўрока).
Папярэднія заданні:
1. Напісаць кінасцэнарый да наступных урыукаў (на выбар): а) у сватоў; б) скокі ў Задумаў; в) размова Лявона з Лёксаю.
2. Напісаць рэжысёрскі каментарый да мізансцэн (на выбар) у хаце Мікіціхі: а) размова жанчын пра Лявона; б) з'яўленне старасты і размова яго з жанчынамі; в) Лёкса з лістом і інш.
3. Напісаць каментарый да лістоў (на выбар) з VII ці IX раздзелаў.
Да першага ўрока:
1. У II раздзеле знайдзіце фразы ці асобныя выразы, якія перадаюць інтанацыю лёгкай іроніі ці з'едлівай усмешкі. Вызначце іх мастацкую ролю.
2. Знайдзіце маляўнічыя, яскрава-каларытныя фарбы і сцэны, якія выклікаюць зрокавыя вобразныя ўяўленні (раздзелы III, IV, V). Назавіце сцэны, асветленыя гумарам.
3. Сцэна ў сватоў, поўная руху і дзеяння. Звярніце ўвагу на падбор дзеясловаў, якія надаюць дынамізм усёй сцэне. Раскажыце аб суадносінах знешняга і ўнутранага дзеяння.
Да другога ўрока:
1. Складзіце характарыстыку вобраза Лаўрынькі.
2. Прасачыце, як каханне да Лёксачкі змяніла светаадчуванне Лявона.
«МЕЛАНХОЛІЯ»
У аповесці «Меланхолія» мы сустракаем Лявона Задуму ўжо пасталеўшым, больш спрактыкаваным у жыцці, з больш шырокімі поглядамі. Але ён такі ж ранімы, як і раней, так, як і раней, хваравіта ўспрымае разлад ідэалу з жыццём. I ўсё ж жыццё навучае яго больш спакойна ўспрымаць гэты разлад, яго непазбежнасць і разам з тым больш пільна ўглядацца ў жыццё, у людзей.
Вось яго патрон — стары каморнік, забулдыга, п'яніца, стары цынік. Гэты першы прысуд Лявона безапеляцыйны. 3 другога боку паглядзеўшы — адзінокі, няшчасны чалавек, які бароніцца жартам, выпіўкай ад аднастайнасці і трагічнасці жыцця. Гэта Лявон разглядзеў значна пазней. У яго асобе Лявон Задума бачыць горшы варыянт жыццёвага лёсу і для сябе: ад адзіноты і адчування бессэнсоўнасці жыцця і працы ён можа стаць такім жа, як гэты стары.
Раней Лявон быў засяроджаны на ідэі адраджэння і на сваім унутраным стане. Цяпер ён больш глядзіць наўкола, чымся ў сябе самога. Невыпадкова аповесць пачынаецца з «Сумных лістоў». Паэтычныя Лявонавы лісты набылі новыя якасці ў параўнанні з лістамі 1910 года. Замілаванне роднай Беларуссю, яе людзьмі, прыродай, паэтычнае ўспрыманне яе хараства раскрывае тонкасць душэўных перажыванняў, настрояў героя. У яго вельмі трапныя назіранні, ён імкнецца знайсці тых, каго лічыць сваім духоўным ідэалам, каб справу адраджэння шпарчэй рухаць наперад. Ва ўсім адчуваецца высакародны чалавек, паэт-рамантык, філосаф. Разам з тым ён вельмі імпульсіўны, з абвостраным пачуццём годнасці, заступнік за пакрыўджаных.
Але бяссэнсіца жыцця і каморніцкай працы, адзінота, немагчымасць ажыццявіць свае мары аб шчаслівай долі для Беларусі і беларусаў кідаюць Лявона ў вялікі сум і нават у адчай. Думка аб самагубстве выспявае паступова. Ен едзе дадому, падсвядома шукаючы ратунку ад свайго намеру і хочучы памерці сярод сваіх, дзе яго любяць і шкадуюць. Ен не думае, як будуць пасля яго жыць бацька і маці, другія блізкія людзі, меншы і такі дарагі брат Лаўрынька. Эгаізм маладосці і тут добра адчувальны.
Раздзел «На могілках», дзе адбываецца перакрут у думках і светаадчуванні Лявона, — адна з выдатных старонак аповесці. Падчас сустрэчы з дзедавай магілкай вялікі жаль і спагада агарнулі яго.
«Старая, з выкручанаю дзіркаю... пахіленая бяроза, і каля яе — шырокая, нізкая магіла, абкладзеная старым, гнілым церамком і з дошкаю згары пасярод. Дзедава, здаецца.
Хацелася кінуцца на яе ніц, прытуліцца блізенька грудзьмі і галавою і заплакаць. Выплакаць любенькаму, роднаму дзеду ўвесь жаль, усю крыўду, усю незадачлівую долю...
«Дзядулечка мой сляпенькі, ці чуеш ты, як ізноў шукаю твайго любага подалу, і ласкавай рукі, і пацехі ў жыццёвых незадачах?» «Прымі, дзед, унука свайго...».
Думка Лявона і аб тых, хто ляжыць побач з дзедам. «Тут ціха, супакойна... Вось ужо колькі іх тут ляжыць, што знайшлі сабе вечны прыпынак, вечны спакой.
Вечны. Якое страшнае і вяліка-спакойнае слова... Вечны спакой...
Ляжаць старыя і маладыя, дзяды і дзеці, мужчыны і жанчыны. Ляжаць ворагі і другі. Усе ляжаць тутака пад бярозамі, побач ляжаць». I гэта закінутае, убогае кладзішча, і хатка-каплічка з дзвярыма на адной завесе нібы мацуюць думку Лявона, што і ён неўзабаве ляжа тут з усімі.
Але дзед нібы з магілы дапамог унуку, даў яму моц перасіліць свае такія страшныя намеры. У гэтым жа раздзеле М. Гарэцкі малюе Лявонаву сустрэчу з панамі.
«— Вось яны, гаспадары краю, будзь яны прокляты! — горка падумаў Лявон. — Жывуць, замкнуўшыся ў сваіх гнёздах, а што ёсць вакол гэтых гнёздаў?.. А гэта ж іхная родная краіна! I як ім не сорамна жыць у такой краіне?..
I раптам з'явіўся ў яго складаны клубок пачуццяў, у якім была і пагарда да паноў, і крыўда за свой край і народ, і жаль да сябе самога...
Сорамна зрабілася, што ён, каго тут першага высунула спаняволеная і цёмная мужыцкая грамада бліжэй да волі і навукі, да правадырства і змагання, што ён ходзіць тут як непрыкаяны, наракае, тужыць і думае аб смерці.
«На каго ж я наракаю, хто ж мне вінаваты? — з балючай яснасцю праляцела думка. — Што мне такое зрабілася, адкуль гэтая хвароба?..»
Чалавечае жыццё паміж нараджэннем і смерцю, чалавечы лёс, ягоны лёс... Родная Беларусь. Так думкі Лявона набылі іншы кірунак. Жыць! Толькі жыць! I змагацца! Драматызм і прыгажосць жыцця, незваротнасць таго, хто пераступіў мяжу смерці, абавязак змагацца за свой край Лявон усведамляе цяпер нібы ўласнае адкрыццё. Перахварэў і застаўся жыць, перамог спакушэнне ўцячы ад цяжкіх пытанняў жыцця.
У наступнай частцы, «Калоніі», ужо другая танальнасць. Погляд героя цяпер скіраваны не ў самога сябе, а наўкола, на людзей. Ен у новым свеце бачыць свайго патрона, даруе яму хібы ў яго характары і паводзінах, і яны не здаюцца яму такімі ўжо вялікімі. Ен узіраецца ў навакольнае жыццё, бачыць чалавечы свет з яго вечнай бядою і скрухаю, вечнаю трагікамедыяй. А галоўнае, ён адкрывае для сябе, што і людзі з народа ўспрымаюць жыццё больш цярпліва, больш па-філасофску, а часам умеюць і пасмяяцца з сябе. Ен нібы вылечыўся ад рамантычнага эгаізму і засяроджанасці на сабе самім.
Вось гэтыя няшчасныя «жмогусы», што сварацца між сабою за зямлю, гэта Сымончыха з яе падранымі свіннёю ніткамі. Сваім лямантам над імі, як па нябожчыку, яна збірае ўсю вёску, а потым вёска кладзецца ад смеху з яе. Вось Казюк, які кожную раніцу перад каморнікам і Лявонам разыгрывае сваю камедыю, а потым смяецца разам з усімі. Лявон цяпер новы чалавек з рэалістычным поглядам на жыццё, ён бачыць людзей такімі, як яны ёсць, і любіць іх не менш, чым раней, таму што гэта чалавечы свет з яго непазбежнымі драмамі і трагікамедыямі, з непазбежнасцю шэрых будняў і незаўважнай цяжкай працы.
Такім чынам, у цэнтры аповесцяў «У чым яго крыўда?» і «Меланхолія» — рух і развіццё духоўнага свету героя ад рамантычнай узнёсласці і адарванасці ад рэчаіснасці — да разумення складанасці, супярэчлівасці і драматызму, трагікамізму жыцця. Аўтар па-мастацку даследуе станаўленне асобы, якая прагне яснасці, праўды, хараства, згоды са светам і з сабою. М. Гарэцкі пераконвае, што рамантычнае светаўспрыманне — неабходная ступень у развіцці высакароднага чалавека. А ўслед за ёю павінна прыйсці больш сталае, спакойнае ўспрыманне жыцця, яго драматычных калізій.
У вырашэнні праблемы, як адбываецца такое развіццё, якія яго стымулы і ступені, як канкрэтна выяўляецца асоба ў пераломныя моманты, ёсць і яшчэ адзін бок — гэта жывапісанне нацыянальнага характару. Рахмана-задуменны, удумлівы, поўны хутчэй унутранага дзеяння, чым знешняга, даверлівы і шчыры, сарамлівы юнак-рамантык аказваецца вельмі моцным духоўна. Ен здольны перажыць, перапрацаваць у самім сабе сваю драму, перапакутаваць і выйсці да разумення народнага філасофскага погляду на асновы жыцця, народнага характару, без чаго немагчыма плённая работа па ўдасканаленню рэчаіснасці. 3 рамантыка дрэнны перабудоўшчык. Ен увесь час злуецца на жыццё, на людзей, якія не паспяваюць за яго марай, ідэалам, ён схільны падганяць жыццё, людзей у іх нетаропкай хадзе.
Новы погляд Лявона на жыццё выяўляецца ў няспешнай манеры апавядання аб старым каморніку, гаспадыні і яе дочках Стэфці і Міхасі, аб Казюку і Стасюку, аб Сымончысе і яе старэйшым сыне Франаку, калі кожны чалавек цікавы сам па сабе. Вобразы іх, пластычныя, каларытныя, маляўніча акрэсленыя некалькімі фразамі, у адным-двух эпізодах. Пераканаўча даводзіць М. Гарэцкі думку аб самакаштоўнасці лёсу і жыцця кожнага чалавека. Кожны заслугоўвае ўвагі і шкадавання, спачування. Так перад чытачом устае гуманістычны ідэал аўтара, спроба ўзяць пад абарону і апраўдаць чалавека, раскрыць яго душэўнае хараство, нягледзячы на яго памылкі, хібы, смешныя ці недарэчныя бакі натуры. Гэты эстэтычны погляд на чалавечую прыроду адкрывае нам М. Гарэцкага як мастака-гуманіста.
Першы ўрок. «1 чаго ж смутна мне? Адкуль туга мая, адкуль жаль той па нечым немажлівым, недасяжным, ці то мінулым, ці то неўзваротным?»
I. Тлумачэнне назвы. Жанрава-стылявыя асаблівасці. Кампазіцыя аповесці. Праблематыка.
Назва. Меланхолія — хваравіта-прыгнечаны стан, туга, хандра. Меланхолік — чалавек, які пакутуе на меланхолію, схільны да смутку, да змрочных думак.
Жанр можа быць вызначаны як лірыка-філасофская аповесць.
Жанравая адзнака аповесці ў тым, што гэта твор у асноўным аднаго героя, псіхалогія якога даследуецца мастаком. У творы мала падзей, яны ў большасці побытавага плана.
Стылявыя асаблівасці знайшлі сваё ўвасабленне ў тым, што эпічныя карціны займаюць менш месца, чым у папярэдняй аповесці, затое пашыраны лірычна-псіхалагічны пласт праз лісты, а то і непасрэднае выяўленне перажывання, якое даецца як цэласная карціна ў руху, як працэс узнікнення і развіцця думкі, настрою. Жыццё душы героя малюецца з супярэчнасцямі, перападамі настрояў, перажыванняў.
Аповесць складаецца з сямі раздзелаў, аднолькавых па памеры.
Кампазіцыйны прынцып пабудовы аповесці той самы, што і ў папярэдняй: чаргуюцца лірычныя і эпічныя раздзелы, лірыка зліта з філасофскімі разважаннямі. Эпічныя раздзелы малююць рэальнае жыццё людзей, дзе філасофія жыцця растворана ў самой яго плыні і зразумець яе няпроста.
У аповесці працягваецца паглыбленая распрацоўка тых жа праблем, што і ў папярэдняй. Пераважаюць філасофскія праблемы, вечныя пытанні індывідуальнага існавання: у чым сэнс жыцця? дзеля чаго варта жыць? што такое жыццё? што такое гора ў жыцці? што такое смерць? якая наша сувязь з жывымі і адышоўшымі?
Трэба падкрэсліць, што масавае, грамадскае існаванне, стыхія народнага жыцця не ставіць гэтыя пытанні ў такім адкрытым выглядзе, але пакуль яны не вырашаны ў дачыненні асобы да самой сябе, не можа быць і сацыяльнага прагрэсу, таму што ён вызначаецца сацыяльным развіццём грамады, якая складаецца з асобных людзей. Прадоўжана тэма маральнага росту, узмужнення рамантыка-летуценніка, яго звароту да рэальнага жыцця. Адлюстраваны крызісныя моманты ў духоўным развіцці асобы і іх пераадоленне.
II. Пытанні да гутаркі, да абмеркавання:
1. Якое духоўнае аблічча Лявона малюецца ў раздзеле «Сумныя лісты»? (успрыманне навакольнага свету, планы на будучыню, адносіны да панскай і сваёй народнай культуры, да Беларусі, таварыскія пачуцці і г. д.). Чаму аповесць пачынаецца менавіта з «сумных лістоў»? Іх мастацкая мэтазгоднасць у агульным руху твора? Якім стаў Лявон? Што змянілася ў яго жыцці за два з паловай гады?
2. У раздзеле «На пошце» знаходзім пашыраныя апісанні наваколля, лёсу людзей, выпадковых спадарожнікаў і сустрэчных. Як адносіны да прыроды і да людзей перадаюць духоўны свет Лявона? Выпадак на пошце. Чаму Лявон так груба, дзіка, некультурна паводзіў сябе? Чым выкліканы такія паводзіны? Што яго збянтэжыла ў рэакцыі чыноўніка на яго выхадку?
Тут трэба звярнуць увагу на тое, што моцная крыўда Лявона за наведвальнікаў пошты, простых людзей, да якіх чыноўнікі паставіліся зняважліва, патрабавала нейкага выхаду, нейкага ўчынку. Ен потым перажывае за «гэтую брыдкую гісторыю», яму сорамна перад самім сабой, што ён так абразіў чалавека: «навошта было гэтак рабіць? Што я гэтым каму давёў, што я гэтым палепшыў? Паказаў толькі сваю азіяцкую натуру і некультурнасць...» Але ў рэакцыі чыноўніка на гэтую пстрычку па носе яму пачулася, што не самі гэтыя чыноўнікі вінаватыя, яны такія самыя безабаронныя перад грубым наскокам, як і наведвальнікі пошты. Не ў іх справа. Есць якаясьці сіла, што кіруе гэтымі людзьмі, дазваляе ці прадпісвае ім гэтак ставіцца да сялян. Хто вінаваты ў пагардлівых адносінах чыноўнікаў да простых людзей?
3. Чаму пакінуў свайго патрона каморніка? («Паварот»). Чаго хоча ад жыцця Лявон? Чаго ён шукае? Ці не хоча ўцячы ад сябе самога?
4. Чаму расчараваны сустрэчай з адраджэнцамі? Чаму там не знайшоў ні Купалы, ні Коласа, ні каго іншага з паважаных супрацоўнікаў «Нашай нівы»?
5. Як і калі ўзнікла думка скончыць жыццё самагубствам?
6. Сустрэча з бацькамі, братам («Прыехаў»). Чаму ён такі безуважны да іх? Ці ёсць у яго сумненні ў правільнасці, разумнасці свайго намеру?
7. Якое светаадчуванне Лявона перададзена ў раздзеле «Малацьба»? Якую тут ролю адыгрываюць успаміны? Гэта і карціны мінулага, і родныя людзі, асветленыя пачуццём Лявона. Што гэта за пачуццё?
8. Праца на гумне. Як яна намалявана? Сустрэча з Лёксаю. Як яна трымае сябе? Думкі і пачуцці Лявона (Т. 2. С. 100). «Але нейкі, перш надта маленькі і слабенькі, клубочак прыкрасці, нездаволення і жалю цяпер рос і ўзнімаўся вышэй. Лявон і сам не сказаў бы, адкуль гэтая крыўда і гэтая прыкрасць... Можа найбольш было жалю, што ён адарваны ад простага, роднага... Што ён мае гэтыя думкі, якія мучаць яго? Можа, хацелася скінуць з сябе той смутак, тую хваробу духа, каб быць здаровым чалавекам? Найлепей было б зрабіць сабе смерць, і нават там, на чужыне, не едучы дамоў; брыдка было, што і ў гэтай справе аказаўся ён такі непаважны, што і думку аб самагубстве зрабіў цяпер такою мізэрнаю, дурною думкаю. Пустота, пустота... Болей няма нічога. А некалі ж глыбока-глыбока адчуваў салодкасць жыцця, калі бывала скарадзіў папар...» Як можна пракаменціраваць гэты ўрывак? Якія тут відавочныя адзнакі глыбокага псіхалагізму?
Другі ўрок. «Вечны спакой...» «Ці ж я жыў? ЦІ ж я змагаўся? Ці ж я шукаў новых шляхоў, калі тыя, якімі ішоў дагэтуль, не вядуць да мэты?»
I. Працяг аналітычнай гутаркі папярэдняга ўрока.
9. Што адбываецца з Лявонам на могілках? Які ход яго думак і перажыванняў, успамінаў? Ці можна назваць увесь раздзел лірычным маналогам? Чаму? Як, калі, пад уплывам чаго Лявон «вылечваецца» ад сваёй хваробы «меланхоліі»?
10. Якая агульная танальнасць раздзела «Калоніі»? Які погляд на жыццё, якое разуменне ўсталявалася цяпер у Лявона? Які ў яго настрой, светаадчуванне?
11. Жыццёвыя гісторыі, лёсы людзей у адлюстраванні М. Гарэцкага («Калоніі»). Чаму цяпер гэта адлюстраванне больш аб'ектывізаванае, больш эпічнае? Чаму тут менш лірыкі, а больш гумару, трагікамічнасці?
II. Пытанні да заключнай гутаркі:
1. « Якая аўтарская пазіцыя ў адносінах да Лявона Задумы? Да іншых людзей?
2. Як вырашана праблема станаўлення асобы? Якія псіхалагічныя, сацыяльныя, філасофскія аспекты развіцця героя раскрыты аўтарам?
3. Якая аўтарская канцэпцыя народнага жыцця, народнага, нацыянальнага характару?
4. Як вырашаецца пытанне аб адраджэнні, аб барацьбе за свабоду?
Заданні да аповесці «Меланхолія»:
1. Пракаменціраваць і растлумачыць перапады настрою Лявона на пошце. Як намаляваны наведвальнікі пошты і адносіны Лявона да іх — да паштовых чыноўнікаў і іх гасцей? Зрабіць ілюстрацыі (на выбар).
2. Пракаменціраваць у раздзеле «Прыехаў» сустрэчу з маці, бацькам, Лаўрынькам. Знайсці і адзначыць партрэтныя і трапныя псіхалагічныя дэталі. Намаляваць ілюстрацыі (на выбар).
3. Сустрэча з Лёксаю. Вызначыць дэталі з псіхалагічным напаўненнем, якія перадаюць настрой і стан Лявона і Лёксы.
4. Прасачыць змены і пераключэнні ў настроі на могілках, у размове з дзедам.
5. Як у раздзеле «Калоніі» спалучаюцца драматызм і гумар? Як паказана аўтарам пераключэнне ўвагі Лявона з сябе і сваіх настрояў на драму народнага жыцця, на трагічныя рысы ў жыцці і стаўленні людзей да іх?
6. Чаму так многа тут партрэтных замалёвак, жыццёвых гісторый, асобных лёсаў, выкладзеных адной-дзвюма фразамі?
«ЦІХАЯ ПЛЫНЬ»
Трэцяя аповесць, «Ціхая плынь», у параўнанні з папярэднімі нібы стаіць асобна, не так моцна злучана з імі. Іншы герой, Хомка, гаротнае жыццё якога аўтар прасачыў ад маленства да заўчаснай пагібелі на вайне. Ва ўсёй аповесці бачна задума намаляваць тыповага беларуса, якіх многа палягло на імперыялістычнай вайне немаведама за што, такіх маладых, такіх безабаронных. Чытаючы апопесць, увесь час адчуваеш шчымлівае аутарскае пачуццё жалю, горычы, болю за свайго героя, спагаду яму. Гаротная Беларусь узгадавала яго, яшчэ ў дзяцінстве правёўшы праз зусім дарослыя драмы, пакінуўшы цяжкія сляды ў душы, падаравала рэдкія шчаслівыя хвіліны.
Ва ўнутраным і знешнім абліччы Хомачкі выступае нацыянальны характар беларуса з яго знешняй сціпласцю, без прэтэнзій на ўвагу і асаблівае месца. Але колькі паэзіі ў яго стаўленні да жыцця, чуйнасці да людзей і ўдзячнасці за дабрыню! Сапраўды, залатое сэрца!
Паэтызуючы свайго героя, хоць і такога някідкага, М. Гарэцкі сцвярджае духоўнасць як сутнасць чалавечай асобы і яе самую як найвялікшую ў свеце каштоўнасць.
Такім чынам, трэцюю аповесць з папярэднімі злучае агульная праблема выспявання нацыянальнага характару ў розных умовах вясковай Беларусі. Уражвае глыбіня агульнай задумы аповесцей, і ў прыватнасці «Ціхай плыні». Беларуская проза 20-х гадоў не мела яшчэ вопыту такой глыбокай псіхалагічнай распрацоўкі характару, пададзенага ў развіцці, у руху да свайго здзяйснення. Аўтар нібы заглянуў у таямніцы жыцця і адкрыў для сваіх суайчыннікаў незлічоныя духоўныя скарбы народа, багатыя россыпы каларытных народных характараў, някідкіх, не размашыстых, але сціплых, засяроджаных на сваім унутраным жыцці, прасякнутых дабрынёю і вераю ў дабро.
Ен сцвярджае, што народ заслугоўвае шчасця і свабоды, самастойнага нацыянальнага развіцця, што ідэя адраджэння мае грунт, абяцае вярнуць народу пачуццё нацыянальнай і чалавечай годнасці, узбагаціць духоўнае жыццё.
Праз эпічныя карціны, абмалёўку характараў дзеючых асоб відаць адметны аўтарскі пункт гледжання на жыццё, на чалавечыя лёсы, разуменне складанасці духоўнага існавання асобы. За гэтым досыць акрэслена бачна гуманістычная сутнасць твора, маральны і эстэтычны ідэал аўтара.
Заданні да аповесці (1, 2, 3 — да першага ўрока):
1. Вызначце, якімі стылявымі сродкамі ствараецца разгорнутая карціна сівой мінуўшчыны?
Вызначце рытм фразы, знайдзіце інверсію (I, II абзац), звярніце ўвагу на чаргаванне карцін (II абзац — краскі, III абзац — карціны). Якую ролю адыгрываюць замалёўкі цяперашняга жыцця?
2. Знайдзіце лірычныя адступленні, звароты да чытача ў раздзеле «Герой гісторыі». Вызначце іх ролю ў стварэнні своеасаблівага каларыту жыцця, агульнага гучання гэтага раздзела. (3 лірычнага адступлення, звароту да чытача пачынаецца II частка аповесці: «Ці даводзілася вам... », «Ці траплялася вам...», «Ці здаралася вам...», «Ах, гэтыя перашкоды ў вольнай творчасці...»
Эпічныя малюнкі сагрэты душэўнай цеплынёй аўтара-апавядальніка.)
3. Паспрабуйце зрабіць ілюстрацыі да раздзелаў «Герой гісторыі» і «Горкая прамудрасць» ці выберыце адну з карцін і апішыце яе вусна. Прасачыце за гукавым суправаджэннем вашай карціны.
4. Напішыце сцэнарый ці рэжысёрскі план-каментарый пастаноўкі «Выпадак на заезным двары» (аб прапажы падпінка).
5. Падрыхтуйце каментарый да аднаго (любога) з кірмашовых эпізодаў.
Першы ўрок. «Цяпер яно — забыта шумным светам і ціха спіць». «Гэта ўжо не плач — гэта песня роспачы...» «О, бірка, бірка! Колькі за цябе пралілося горкіх дзіцячых слёз...»
I. Жанравыя, стылявыя, кампазіцыйныя асаблівасці. Задума. Праблематыка.
Адрозненне гэтай аповесці ад першых дзвюх у большым стылявым адзінстве. Тут знікаюць прыкметы суб'ектыўнага, настраёвага апавядання. Эпічны малюнак з першых старонак твора набывае мноства фарбаў і рытмічных паваротаў. Велічная эпічная карціна сівой мінуўшчыны малюецца шырокімі павольнымі мазкамі. Старадаўнасцю з яе размеранай, няшпаркай хадой вее і ад сённяшняга Асмолава. Здаецца, волаты павінны вырастаць на гэтай зямлі. Але пісьменнік на шырокім, сапраўды эпічным фоне малюе жыццё занядбанай вёскі і гісторыю Хомачкі, гаротнага беларускага хлопца з трагічным лёсам. 3 ім звязаны і шматлікія лірычныя адступленні, якія надаюць суроваму эпічнаму палатну мяккасць і паэзію.
Гісторыя адразу набывае адзнакі абагульнення, тыповасці абставін і характару. Так складаюцца нібы тры слаі, тры гарызонты апавядальнага матэрыялу, тры яго плыпі — мінуўшчына, якая праглядвае ў пакінутых са старых часоў прыкметах старой культуры, сённяшняе Асмолава, гаротнае, жабрацкае, і чалавечы лёс, які не можа быць не трагічным у такім заняпалым, забытым богам краі. Але і сюды дацягваюцца рукі рэжыму, каб на вайну забраць моладзь, загубіць яе ў чужым далёкім полі немаведама за што.
Пра што аповесць? Пра лёс народа, пра лёс чалавека. Нейкая варожая сіла гне народ, вынішчае яго сыноў, Прадчуванне гэтай адгадкі мы бачылі ў М. Гарэцкага ў папярэдняй аповесці, калі Лявону адкрылася, што не самі людзі, канкрэтныя людзі, вінаваты ў такім ладзе жыцця. Так паступова перад чытачом адкрываецца задума аповесці-даследавання. Чаму такі трагічны лёс у Хомкі? Можа, характар героя яго прадвызначае? I пісьменнік даследуе характар, сацыяльныя ўмовы, псіхалогію не толькі самога героя, але і акаляючага чалавечага свету. Кампазіцыя раскрывае логіку гэтага даследавання.
«Герой гісторыі» — аб маленстве героя на фоне галечы;
«Горкая прамудрасць» — аб вучэнні ў бірцы;
«Школа жыцця» — праца з бацькам, заезны двор, гісторыя з падпінкам, знявага;
«Млявыя сненні» — цяжкае жыццё пастушка, патравы, сон, гнеў гаспадара;
«Кірмашовыя прыемнасці» — пра такія рэдкія шчаслівыя хвіліны ў жыцці Хомкі;
«Парогі» — дарога на вайну і пагібель.
Аўтар нібы сам праходзіць разам з Хомкам па жыцці, праз яго драмы. Як вынік мастацкага даследавання паўстае характар беларуса — безадказнага працаўніка, цярплівага гаротніка, у сэрцы якога дабрыня і паэзія, любоў і гатоўнасць цярпець і несці ўвесь цяжар жыцця. Разам з гэтым і спадзяванне на лепшае і жаданне шчасця і дабра. Апаэтызаваны вобраз Хомкі, атулены аўтарскай спагадай, жалем, вырастае ў чытацкім уяўленні ў маштабную фігуру. Гэта народ. Гэта душа народа.
Варта звярнуць увагу на кампазіцыйную зладжанасць і суразмернасць твора.
II. Работа над тэкстам аповесці.
Выступленні вучняў, якія загадзя рыхтавалі першае і другое заданні. Выразнае чытанне ўрыўкаў з раздзелаў «Забыты край» і «Герой гісторыі». Тлумачэнне малюнкаў (трэцяе заданне).
2. Гутарка па тэксце раздзела «Горкая прамудрасць». Як Хомка трапіў у школу? Вызначце, чым ствараецца пластычнасць сцэн у школе. (Выразныя дэталі, трапныя выразы, агульны настрой раздзела.) Дзе бачна, што пісьменнік з любасцю малюе дзіцячыя вобразы? Як раскрываецца ўбоства духоўнага свету настаўніка, яго рабская натура праз «метады выхавання і навучання»? Як ставіцца пісьменнік да «новага» метаду настаўніка? Дзе гэта асабліва пераканаўча паказана? Як пісьменнік раскрывае сэнс перавучвання дзяцей на чужую мову?
(У іх нішчаць павагу да блізкіх, да жыцця, што ўзгадавала дзяцей, стараюцца прывіць пагарду да «нялюдскай» мовы. Такім чынам нішчаць аснову, на якой і можа вырасці пачуццё ўласнай годнасці чалавека.)
3. Пытанні да гутаркі па раздзеле «Школа жыцця». Чаму раздзел пра падарожжа са спіртам і заезны двор названы «Школа жыцця»? Што гэта за школа? Як пісьменнік малюе адносіны паміж людзьмі? Як створана поўная драматычнага напружання сцэна пошукаў падпінка? Якія маральныя выдаткі жыццёвай навукі? (Усе людзі нядрэнныя, і спагадныя, і добрыя. Гэта і гаспадыня заезнага двара, і старыя сяляне, але ўсе чамусьці падпарадкаваліся больш злоснаму, нядобраму, удзельнічалі ў зневажэнні хлопчыка і яго бацькі. Вось псіхалагічная загадка. Чаму ніхто не заступіўся за пакрыўджаных, не дапамог? Што перажывалі Хомка і яго бацька?)
Абмеркаванне сцэнарыя ці рэжысёрскага плана (папярэдняе заданне).
Другі ўрок. «Сненні, поўныя бясконцага змагання, надзей і перашкод, паглынулі ўсю ўвагу, скавалі розум...» «Да ўсіх казаць нейкія найласкавейшыя словы, усім рабіць нешта найпрыямнейшае жадаецца яму».
I. Працяг гутаркі па тэксце раздзелаў: «Млявыя сненні», «Кірмашовыя прыемнасці», «Парогі».
1. Чаму нас агортвае вострае пачуццё жалю, спагады, калі чытаем «Млявыя сненні»? Як аўтар будуе гэты раздзел? Якія малюнкі сялянскай працы разгорнуты тут? Як яны чаргуюцца? Як у сненні ўрываецца рэальнасць? Чаму ў раздзеле шмат пейзажаў? Як яны дапамагаюць стварыць вобраз Хомкі?
II. Абмеркаванне каментарыяў да розных эпізодаў з раздзела «Кірмашовыя прыемнасці».
III. Пытанні да гутаркі:
1. Калі Хомачка адчувае сябе шчаслівым? Як ён ставіцца да людзсй? Як яго характарызуюць адносіны да Гануткі? Як на працягу ўсяго раздзела мяняецца настрой Хомачкі? Як пісьменнік гэта тлумачыць?
2. Чаму да апошняга раздзела «Парогі» ўзяты такі эпіграф? Якая агульная танальнасць гэтага раздзела? Адчуванні Хомачкі, яго думкі на вайне. Як намалявана трагічная карціна пагібелі Хомачкі?
3. Як у аповесці раскрываецца аўтарская пазіцыя, аўтарскае стаўленне да героя? Як малюецца маральны і эстэтычны ідэал пісьменніка?
IV. Падагульненне па трох вывучаных аповесцях.
1. Што, на ваш погляд, аб'ядноўвае тры аповесці ў цыкл? Якія агульныя стылявыя рысы вы адзначылі ў гэтых творах? ІІІто агульнае ў іх задуме, праблематыцы, героях, аўтарскай пазіцыі ў вырашэнні галоўных праблем твораў?
2. Асоба і народ, народ і яго духоўны свет, нацыянальны характар у яго сувязях з мінулым і цяперашнім. Як, на ваш погляд, вырашаны гэтыя праблемы ў аповесцях?
3. Якія традыцыі ў развіцці нацыянальнай літаратуры замацоўваліся ці нанова закладваліся М. Гарэцкім?
«НА ІМПЕРЫЯЛІСТЫЧНАЙ ВАЙНЕ»
Кніга «На імперыялістычнай вайне», арыгінальны твор, сапраўднае адкрыццё ў беларускай літаратуры 20-х гадоў, спалучае ў сабе адзнакі дакументальнасці і мастацкага ўвасаблення. Такая яго жанравая прырода. Ваенны дзённік салдата, удзельніка баёў, уключае ў сябе яскравыя, па-мастацку выпісаныя карціны ваеннага і мірнага жыцця, мноства каларытна намаляваных герояў, акрэсленых чалавечых лёсаў. У стылявых адносінах гэта ці кароткія нататкі з поля бою, з імклівай зменай падзей, пачуццяў, калі запісы рабіліся проста пад абстрэлам, ці замалёўкі, ці шырока разгорнутыя, спакойныя, аб'ектываваныя панарамы, апісанні, ці роздумы аўтара аб убачаным, перажытым, аб жыцці наогул сагрэтыя спагадай, болем за чалавека і яго трагічны лёс на вайне. Усе яны свабодна чаргуюцца, разгортваюцца перад чытачом, змяняючы адны адных. Падпарадкаваны гэтаму кампазіцыйнаму прынцыпу, а таксама храналогіі, матэрыял «Запісак» размеркаваны аўтарам па 20 раздзелах, памерам 5 — 10 старонак кожны. Чатыры апошнія — гэта ўжо не дзённік («Абоз», «Шпіталь», «Пабыўка», «Ліст»), а мастацкае ўзнаўленне складаных, супярэчлівых абставін жыцця, зробленае пісьменнікам-аналітыкам, які імкнецца даследаваць, зразумець маладаступныя таямніцы чалавечай душы.
Рознахарактарны, багаты матэрыял «Запісак» аб'яднаны асобай галоўнага героя салдата Лявона Задумы, а найбольш — адзінствам пункту гледжання, адзінствам маральнай пазіцыі аўтара-апавядальніка ў адносінах да ўсяго, што ён бачыць і перажывае, пазнае і разумее. Самы агульны сэнс гэтан пазіцыі — у гуманным стаўленні да чалавечай асобы. Адсюль пракляцце вайне і ўсім, хто яе распачаў. Інтэлігент-гуманіст не можа прыхільна ставіцца ні да ўра-патрыётаў, ні да шавіністаў, ні да тых, хто лічыць, што на вайне ўсё можна, быццам тут адмяняюцца ўсе агульна-чалавечыя законы. Таму ён шкадуе гэтых безабаронных пад абстрэлам пехацінцаў і ездавых, і «гэтых няшчасных жмогусаў»-бежанцаў, і бедных «гарохавых» дзяцей, і тых немаладых немцаў, маці і бацьку, што бягуць знясіленыя, шукаючы свайго 15-гадовага сына, якога павезлі рускія салдаты. Пакутаю працята яго душа, калі ён бачыць, як памірае чалавек, калі даведваецца, што загінулі маладзенькі афіцэр Сізоў і камандзір батарэі, якімі ён захапляўся. Агіду выклікаюць у яго рабаўніцтва, марадзёрства, амаральныя паводзіны Шалапутава. Не ўхваляе ён і бяздумнае захапленне, якое выклікае ў натоўпу паздаравеўшых георгіеўскі кавалер, што расказвае, як ён і двое казакоў па-маладзецку, як таму здаецца, абрабавалі краму і забралі з касы ўсе грошы, прыставіўшы да горла гаспадара шаблю. Усе разнастайныя праявы чалавечай натуры, ад самых высакародных да самых ганебных, праходзяць праз душу героя-апавядальніка. Гэты справядлівы і аб'ектыўны суд распаўсюджвае ён і на самога сябе, калі ганіць свае ўчынкі, прадыктаваныя страхам падчас страшэннага абстрэлу. У гэтым пачуцці справядлівасці, аб'ектыўнасці бачна жывое сумленне апавядальніка — зарука таго, што ўсё расказанае — чыстая праўда. Так па высокім рахунку забяспечваецца пэўнасць, дакладнасць усяго зместу «Запісак». Аўтар мог бы сказаць словамі Л. М. Талстога, які ў «Севастопальскіх апавяданнях» пісаў, што яго галоўны герой, які ёсць і заўсёды будзе найпрыгажэйшы,— праўда. Адчувальна, што традыцыя Талстога ў адлюстраванні вайны і чалавека на вайне была ўспрынята М. Гарэцкім і адыграла сваю ролю ў мастацкім адкрыцці і асваенні ваеннай тэмы у новай беларускай літаратуры.
Трагічная і горкая праўда аб вайне і чалавеку на вайне выступае як аснова зместу і галоўная праблема, якая па-мастацку даследуецца ў кнізе. Лявон Задума, вольны ад ура-патрыятызму, з самага пачатку бачыць фальш і дэмагогію, якімі суправаджаюцца прамовы аб вайне. «Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію? «Адзінаверную», калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі» («Пачатак»). Ясны для яго і антынародны характар вайны: «Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам... ва славу... ва славу... чаго? Вызвалення «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна?» («Мост»). У другім месцы чытаем: «Салдаты крычалі «ўра». Я маўчаў» («Дзённік», 24 ліпеня). Калі пачынаюцца баі, то адзін салдат кажа пра «паганую вайну», то другі шле ёй праклёны. Мітусня і блытаніна, адсутнасць надзейнай сувязі прыводзяць да жахлівага: наша артылерыя «палажыла сваіх казакоў і пяхоту» («Роў», 5 жніўня, ранне). Дрэнныя вынікі першых месяцаў вайны тлумачацца тым, адзначае для сябе Лявон, што ў арміі ёсць «господа офицеры», ды няма палкаводцаў.
Вайна адлюстравана так, як яе бачыць радавы салдат. Няма ні яе ідэалізацыі, ні нагрувашчвання жахаў. Гэта бясконцае капанне акопаў, страляніна, жыццё на валасок ад смерці, голад, холад, процьмы вошай. I забітыя, забітыя, параненыя. «Груды светла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі... Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых: скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгору, сціснутымі кулакамі: («Роў», 5 жніўня па абедзе). Праз колькі старонак чытаем: «Не пацяшае перамога. Сумныя малюнкі! Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы» («Катастрофа», 24 кастрычніка). Побач ці ў адной магіле пахаваны і немц, і свае. «Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў».
Усё гэта бачыць і занатоўвае Лявон Задума, інтэлігент-грамадзянін, гуманіст. 3 першых старонак «Запісак» узнікае пытанне аб асабістай пазіцыі і становішчы неваеннага чалавека ў войску, а «вальнапісанага» асабліва. «Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.
— Здраўствуй!
— Здраўствуйце!
Ува ўсіх прабег смех, а ў фельдфебеля і прыкрасць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў смешан і дзік» («Лагер»). А юнкер Шалапутаў, які потым, калі пачаліся баі, паказаў сябе сапраўдным баязліўцам, дэзерцірам, дае такія рады: «Кідайце, калега, сваё інтэлігенцтва! Ведайце, што з інтэлігента салдат, як з гразі куля». Але радуючыся, што навучыўся казыраць і выконваць каманды, Лявон імкнецца застацца самім сабою, не прыстасоўвацца, а зберагчы ў такіх умовах суверэннасць сваёй асобы. Вось падрыхтаваліся да бою. «Таварышам маім, тэлефаністам, прыкра, што я ў такі момант запісваю ў сваю кніжку. Не лайцеся, чорт вас дзяры! («Роў», 4 жніўня). Але праходзіць тры тыдні, і Лявон зазначае: «Я ўсё болей пазнаю сваіх батарэйцаў... Усе салдаты са мною добрыя і чым могуць аблягчаюць мне цяжар вайсковага жыцця на вайне. Яны думаюць, што мне, як навічку і вальнапісанаму, асабліва цяжка. Між «паноў» няма столькі вялікіх душ, колькі ёсць у «простым» народзе («Аленбург», 24 жніўня, нядзеля).
Учынкі і адчуванні Лявона нетыповыя для ваеннага часу. «Тут жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага... Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся і палажыў на грудзі трупу. I тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціхенька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы» («Роў», 5 жніўня па абедзе). I Лявон, і Талстоў бачаць тут людзей, загінуўшых, хоць яны яшчэ сягоння былі ворагамі. Другія салдаты за рэчамі не адчуваюць людзей, «пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль з нейкай радаснай прагавітасцю і быццам небяспекаю, алавяную лыжку, мыла, ручнічок, кавалачак белага хлеба» («Роў», 5 жніўня па абедзе). Зайшоў у дом. «Дзверы адчынены, пуста, але чую: у задняй цёмнай каморцы нешта робіцца. Схапіўся за кінжал, асцярожна гляджу: аж мізэрны пехацінец, з цыфрай 106 на пагонах, капаецца лапатачкаю ў зямлі. Цягне адтуль вялікае бярэма рознага рыззя, завязанага ў посцілку, і поркаецца ў ім. Сорамна і гідка: гэта шакал. Я яму нічога не сказаў і павярнуўся на мыснічках назад. Аж улятае аграмадны чорны бусайла (таксама 106) і клапатліва басуе на парозе: «А шчо, нэма часом хусточкы?" Паскудства» («Фарты», 17 жніўня). У раздзеле «Прывалы» ёсць такая сцэна. У беднай нямецкай хатцы «салдаты нашай батарэі параскідалі, параскідалі ўсё чыста і кінжаламі ламалі вялікую скрыню, дужа цяжкую, брудную. Ніяк не маглі зламаць замка. Я абазваў іх свіннямі і хуліганамі, марадзёрамі і саромеў іх, а ім хоць бы што. Аблаялі мяне па-расійску і назвалі «вальнашляючым». Я кінуў іх і пайшоў...» (13 жніўня). Праходзіць колькі часу, і салдаты і афіцэры прызнаюць Лявона за асобу, паважаюць, таму што за высакародныя ўчынкі людзі не могуць не паважаць.
Для чалавека на вайне, асабліва маладога, які толькі пачынае жыць і пазнаваць свет і самога сябе, першыя баі — вялікае выпрабаванне. Шчыра і праўдзіва апавядае М. Гарэцкі пра свайго героя, перадае яго адчуванні са ўсімі псіхалагічнымі нюансамі. «Батарэя б'е і б'е бесперастанку. Я баюся... Я нічога не бачу скрозь запыленае з другога боку акенца. Згіну без усякае карысці. Кулі пабілі акенца, калі я трошку адхінуўся. Хаваюся за комін, трасуся, атупеў. Над самаю страхою трахнуў снарад. Ахоплены дзікім страхам, засыпаны чарапкамі ад даху, бягу наніз. Камнем валюся ў акопчык. «Смерць прыйшла»,— шэпча адзін таварыш. Старшы гняўліва акідае яго вокам. А камандзір за тонкім дрэўцам стаіць, прыкуты ля трубы і вугламеру... Толькі хрысціцца часцей. Гэты чалавек мае нязмерную мужнасць. Я смялею. Кулі як бы трошкі сціхаюць. «Па наступаючай кавалерыі!» — прарэзлівым голасам крычыць камандзір, хоць мы за два метры ад яго. Жах вісіць у паветры. Батарэя грукоча з перабоямі: штось там папсулася,— о, няшчасце! «Другое аруддзе засыпана снарадам!» — чуем перарывісты голас па тэлефоне.— «У пятым збіт прыцэл». О, няшчасце, няшчасце!» <...> «На вышкі!» — грозна роўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысціцца. Ізноў паўзу на вышкі, як загіпнатызаваны: смерць дык смерць, абы не мучыцца гэтак. О, не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя грэшнага! — і хочацца хрысціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам жа ў сто раз горш... Успамінаю родных. Мыслі блытаюцца. Во яно, акенца-смерць... Разбіваю ўсё шкло са злосцю. Свежая відаль, «Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, снарады кладуцца па ёй!» — ашалелым, прарэзлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад?» («Варшлеген», 8 жніўня, пятніца).
М. Гарэцкі не баіцца сказаць пра свайго героя, што ён часамі не можа перамагчы страх, але гераізм камандзіра, абавязак перад людзьмі, таварыскасць дапамагаюць зберагчы мужнасць, застацца чалавекам, потым нават стаць героем. Сцэны звязвання пад страшэнным абстрэлам перабітага тэлефоннага дроту — адна з самых уражлівых мясцін кнігі, праўдзівая, па-чалавечы зразумелая.
«Хадзілі злучаць па чароду — усе пабылі на валасіначку ад смерці, бо звязваць прыходзілася на гладкім полі пад страшэнным абстрэлам. 3 Беленькім пасля пятага бегання злучаць парваны провад была істэрыка. Прыбегшы, ён кінуўся ў акоп на дно, ёрзаў на спіне і як бы хацеў урыцца ў зямлю, галасіў, крычаў, лаяўся. У гэты час аглушаючы ўдар цяжкага снараду... На гэты раз быў мой чарод шукаць, дзе парваўся кабель. Я пабрыў, паглядаючы на дрот, як абрэчаны. Ізноў бухнуў снарад — адзін спераду ў мяне, другі — ззаду, у 1-е аруддзе. Людзей размяло каго куды. Я таксама заваліўся, але чаго — не ведаю. I балазе так зрабіў: асколкі зазвінелі вышэй, над галавою; а два канцы дроту я ўбачыў перад самым маім носам» («Аленбург», 27 жніўня, ранне).
Пасля першых двух баёў і перажытага атупляючага страху ён адчувае, што назаўсёды мяжа аддзяліла ўчарашні і сённяшні дзень, змянілася яго светаадчуванне: «Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма» («Варшлеген», 8 жніўня, пятніца). На яго вачах памірае чалавек. Смерць. Смерць аднаго з батарэйцаў, Талстова, выклікае ў душы Лявона цэлы пераварот. Ен нібы зазірнуў на той бок жыцця, за тую мяжу, якая аддзяляе жывых ад мёртвых, зазірнуў у таінства смерці. У яго ўзнікла асацыяцыя з калісьці бачанай карцінай смерці сабакі, што схаваўся ад людзей, каб яго ніхто не бачыў і не трывожыў. I ў далейшым, калі лёс зводзіць яго з паміраючымі, побач з вострым шкадаваннем, жалем у яго душы ўзнікае вострая патрэба назірання, ведання, спасціжэння, як гэта адбываецца. Ен заўважае сінюшнасць на твары, «вочы замітусіліся» і г. д. Верагоднасць і дакладнасць гэтых дэталей робіць на чытача вялікае ўражанне, узнікае эфект прысутнасці пры гэтым. I няможна не адчуць жах вайны, жах перад нябытам, у які нізрынуты нядаўна жывы, рухавы, такі мілы чалавек.
Гэтым адчуваннем каштоўнасці чалавечага жыцця, асобы, павагі Лявона Задумы да жыцця і смерці прасякнуты многія старонкі «Запісак». Пра ліст забітага мы ўжо прыводзілі ўрывак, пра магілы, дзе побач ляжаць нядаўнія ворагі. Смерць напомніла, што яны перш за ўсё людзі, і ўраўняла ўсіх. Такія адносіны героя твора да жыцця і смерці сцвярджаюцца не як нешта надзвычайнае, чым варта захапляцца, а як маральная норма, як тое агульначалавечае, на чым трымаецца ўвесь свет. Намаляваны ў кнізе і іншыя сітуацыі, якія Лявон успрымае як маральную норму. Міма афіцэра-артылерыста, што некалькі хвілін назад камандаваў агнём батарэі, вядуць да санітараў параненага палоннага немца. Рускі афіцэр яму выказвае спачуванне. I гэта таксама ўспрымаецца як норма чалавечых адносін. Пакуль стралялі — ворагі. Калі вораг паранены, узяты ў палон, ён ужо не вораг, а толькі чалавек, пакута якога дае яму права на спачуванне ўсіх людзей. Высокі маральны ўзровень героя, афіцэраў, пераважнай большасці салдат, патрабавальнасць да духоўнага свету асобы з'яўляецца па сутнасці выражэннем духоўных магчымасцей народа, духоўнага зместу народнага жыцця. Так герой М. Гарэцкага выступае і як сын свайго народа, і як прадстаўнік агульначалавечай культуры.
Для Лявона Задумы характэрна найвялікшае пачуццё асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца, за ўсё, у чым ён удзельнічае. Малюючы поле бою, заваленае пабітымі немцамі, прыводзячы дэталі гэтай карціны, Лявон занатоўвае і сваё ўражанне: «Дыханне сцінае мне ў горле, не магу глядзець... Можа, работа нашае батарэі» («Роў», 5 жніўня па абедзе). У другім месцы, асэнсоўваючы падзеі і свой удзел у іх, аўтар дзённіка піша: «А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усёй глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля...» («Стаім», 29 верасня).
Адна з важных праблем твора — што такое сапраўдны гераізм, хто сапраўдныя героі. Адказ у шматлікіх замалёўках і роздумах аўтара. Захапленне выклікае камандзір батарэі, што пад абстрэлам бясстрашна кіруе агнём гармат, капітан Смірноў, які заўсёды валодае сабой. Але вось георгіеўскія кавалеры. У роздуме пра іх многа супярэчлівага («Стаім», 29 верасня). Як тэлефаністы пад агнём злучалі дрот, мы ўжо бачылі. Гэта сапраўдныя героі. Але цяпер пра сябе, Беленькага і Пашына Лявон запісвае: «Мы, тэлефаністы, дасталі іх (георгіеўскія крыжы) за той бой, калі зазвычай далёка не па-геройску спіраліся: «Ты ідзі злучаць провад!» — «А сам?» — «А ты?» — «А чарод чый?» — «А я за цябе старшы: мусіш слухаць».
«Дык у чым жа праўдзівае геройства і ці шмат пад гэтымі крыжамі герояў? Ці я, можа, нядобра разумею слова «геройства»? На сучаснай вайне — усе героі ці, лепей кажучы, няма герояў, а ёсць больш ці менш дысцыплінаванае быдла». Нельга прайсці міма і такіх разважанняў, хоць тут аўтар супярэчыць самому сабе. У другім месцы ён кажа, што, каб не вайсковая дысцыпліна ды пагроза суда за непадпарадкаванне, хто б сядзеў ці страляў пад агнём? Дык хто ж тады героі? Вось у такіх супярэчнасцях б'ецца аўтарская думка, шукаючы ісціну. Ен падкрэслівае будзённасць гераізму як звычайнай з'явы. Карцінна-геройскага мала на вайне. Чэсна выкананы абавязак у такіх жудасных умовах ужо робіць чалавека героем. Так, тэлефаністы — героі, нягледзячы на сваё «спіранне». А тыя, што пасылалі ніжніх чыноў пад агонь, а самі хаваліся, канешне, не могуць быць прызнаны праўдзівымі героямі. Не можа быць герояў за чужы кошт. Тым не менш узнагародзілі крыжамі тых, хто адседжваўся ў акопах, а на ніжніх чыноў і ўзнагарод не хапіла. Такая справядлівасць на вайне.
М. Гарэцкім створаны вельмі прывабныя вобразы салдат і афіцэраў з іх непаўторнымі рысамі знешняга і ўнутранага аблічча, асаблівасцямі паводзін. Гэта сапраўдны чалавечы свет, шматфарбны і многагалосы. Людзі застаюцца ў памяці чытача, прывабныя сваёй сціплай высакароднасцю, цеплынёй сваіх таварыскіх адносін адзін да аднаго. У адзін з драматычных момантаў бою Лявон чуе, як камандзір батарэі звяртаецца да капітана Смірнова: «Антон Антонавіч!.. Бяда з правага боку... Чатыры гарматы стаўце пад простым кутам...» Я быў блізка і пачуў. Словы тыя абпяклі мяне. А камандзір, падхапіўшы полы шыняля, сам кінуўся да бліжэйшай гарматы і схапіўся за кола разам з усімі. Умомант адна палова батарэі страляла, як і дагэтуль, проста з фронту, а другая — у правы бок, пад кутом у 90°» («Катастрофа», пасля дзённіка). Пранікнёныя словы любові, павагі, часам захаплення ідуць у Лявона ад душы пра Гіршу Беленькага, Пашына, Талстова, падпаручніка Сізова.
Як ні цяжка на вайне, але і ў такіх абставінах герой М. Гарэцкага не забываецца на сваю родную Беларусь. I ў гэтых думках Лявон Задума бачны як сапраўдны адраджэнец-дэмакрат.
«За які родны край, і наогул,— за што? Ці ж Беларусь будзе мець нейкую палёгку ад гэтае вайны? А не здарыцца так, што, дастаўшы перамогу на фронце, расійская рэакцыя ўзмацуецца і загне нас у яшчэ горшы рог? <...>
Прыйшла і «Наша ніва» за 25 верасня. Колькі радасці прыносіць мне наша друкаванае «мужыцкае» слова! Нервы мае распускаюцца... Але чаго мне саромецца, што я тут, на гэтай праклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі слязьмі на вачах цалую лісты з дому і «Нашу ніву» з Вільні? Чаго саромецца мне? Эх вы, слёзы, слёзы, дурныя вы слёзы: не засцілайце мне вачэй. I ты, дурное сэрца, не сціскайся болем і жалем» («Стаім», 2 кастрычніка). Пасля, ужо ў шпіталі,— тыя ж пачуцці, думкі, «што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок, што ў гэтую проклятую нешчаслівую гадзіну заліт ён скрозь слязьмі, спавіт галечай, абязвечан, абяздолен» («Шпіталь»).
Лагічным працягам «ваенных» раздзелаў здаюцца «мірныя», асабліва «Пабыўка», перш за ўсё таму, што ўсё ўзноўленае тут асветлена тымі ж адносінамі да чалавека і да жыцця, што і ў папярэдніх. I на вайне, у акопах, Лявон не раз успамінаў маці, шкадаваў яе. Цяпер дома яго душу запаўняе злосць і прыкрасць. «Думаю, што злосць такая таму, што маці стаіць уваччу пакорная і няшчасная, а люблю яе і шкода, што яна ў такіх растоптаных, кялматых лапцях.
І так трэба жыць усё жыццё, і мучыцца — няведама на што...» Думкі з дому лятуць туды, у акопы, да таварышаў. «Бедныя, любыя!» («Пабыука»).
У раздзеле «Пабыўка» ёсць і некалькі псіхалагічных загадак, якія аўтар дае магчымасць разгадваць чытачу, намякаючы часам на сапраўдныя прычыны нелагічных паводзін свайго героя. Злосць, прыкрасць Лявона, жорсткасць, якая для яго не характэрна, але тым не менш ўвайшла ў яго душу на вайне, знаходзіць выхад у расправе над галубком. Адразу ж і прысуд самому сабе: «зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку...» Пасля гэтага яму пялягчэла, працаваў, размаўляў з канем:
«— Канёк мой! Гнядзенькі мой! Усё добра будзе!»
Працяг гэтага матыву жорсткасці і злосці на жыццё і безабароннасці перад яго бязлітаснасцю знаходзім у наступных сцэнах, калі б'юць і выганяюць сабаку, сварацца з нявесткаю. Сцэны намаляваны так дакладна, з такімі каларытнымі дэталямі, што запамінаюцца, патрабуюць абдумвання, асэнсавання, уражваюць агульнай танальнасцю беспрасвецця: «нядобра, прыкра, цяжка...»
Апошні раздзел «Ліст» нібы злучае, у адзіны вузел звязвае і «ваенныя», і «мірныя» раздзелы, гучыць як апошні моцны акорд усіх «Запісак». Адначасова ён усмешлівы сваім пачуццём любасці і павагі да Лявона і драматычна, высакародна спакойны, як спакойныя гэтыя людзі, прыслаўшыя яго, адданыя на волю лёсу і гатовыя з ім змірыцца. Тэма чалавечага лёсу і моцы, непарыўнасці чалавечых сувязей, яднання людзей у няшчасці чуецца тут з вялікай сілай і ўзмацняе агульнае гуманістычнае гучанне кнігі.
Першы ўрок. «Вызваленне «малых» народаў?» «Забіваю людзей. Што гэта я раблю?» «Дык у чым жа праўдзівае геройства?»
(Адлюстраванне вайны. Чалавек і яго лёс на вайне. Лявон Задума як галоўны герой «Запісак».)
I. Жанр, стыль, кампазіцыя кнігі.
ІІ. Пытанні для абмеркавання:
1. Як з самага пачатку «Запісак» і далей у нататках выражаны адносіны да вайны? Як раскрыта яе сапраўднае жахлівае аблічча — у пакутах, смерці?
2. Паводзіны чалавека на вайне. Як яны адлюстраваны ў «Запісках» у розных сітуацыях боя ці зацішша?
Якія эпізоды асабліва ўражваюць, запамінаюцца? Якія дакладныя псіхалагічныя дэталі вы можаце адзначыць? Які аўтарскі пункт гледжання на гэтыя сітуацыі, учынкі?
3. Асоба галоўнага героя. Як мяняецца яго адчуванне, успрыманне вайны, што ў ім астаецца нязменным? Як ён бароніць свой духоўны свет? Яго адносіны з таварышамі, камандзірамі, выпадковымі знаёмымі. Як у паводзінах Лявона Задумы вырашаецца праблема асабістай адказнасці чалавека на вайне? Як вырашана праблема гераічнага? Аўтарскі пункт гледжання на яе. Якой выглядае ва ўмовах вайны ідэя адраджэння Беларусі? Ці можна савярджаць, што Лявон праз вайну праходзіць як дэмакрат-гуманіст. верны сваім ідэалам? Што пра Лявона мы даведваемся з раздзелаў «Абоз» і «Шпіталь»?
Другі ўрок. «Заб'юць цяпер... I к ліху новае жыццё... Ну і чорт яго бяры, такое жыццё,— не шкода...»
(Лявон Задума на пабыўцы.
Жыццё беларускай вёскі ў час вайны. )
I. Гутарка па раздзелах «Пабыўка», «Ліст».
1. Якая агульная танальнасць гэтага раздзела («Пабыўка»)? Чаму так цяжка на душы ў Лявона? Чаму няма (ці ёсць?) узаемаразумення з бацькамі, чаму ён на усё злуецца?
а) Якія новыя бакі вясковага жыцця адкрываюцца нам у эпізодзе ў Самусёвых? Як словы Самусіхі: «Пад'ясі, дзеткі... Ць! Без ялавічыны, ды на сваёй печы, то лепей, мой ты Панаська» перадаюць пагляд народа на вайну? А адказ Панаські: «Гаршы не будзе... Праваліся яна тут наскрозьдоння, свая печ!»?
б) Як зразумець і ацаніць учынак Лявона, калі ён забіў галубка? Як гэты ўчынак звязаны з «ваеннымі» і «мірнымі» сцэнамі?
в) У хаце. У чым прычыны агульнай незадаволенасці, зласлівасці? Чаму гоняць і б’юць сабаку, нявестка б'е дзяўчынку, усе сварацца? Якое ўспрыманне, разуменне прычын гэтага бязладдзя відаць у самім узнаўленні гэтых праяў жыцця? у роздумах Лявона аб іх?
2. Які агульны тон ліста таварышаў да Лявона? Чым дапаўняе ліст нашы ўяўленні аб лёсах людзей на вайне, аб адносінах салдат і афіцэраў адзін да аднаго, усіх іх да Лявона? Успомнім, як капітан Смірноў загадаў усе рэчы Лявона, у тым ліку кнігі, запісы, сабраць (гэта ў абставінах баёў!) і адвезці яму ў шпіталь.
II. Абагульняючая гутарка аб кнізе «На імперыялістычнай вайне».
1. Цэнтральная частка кнігі пабудавана як дзённік салдата з датамі, запісамі аб часе дня (ранне, па абедзе), аб дні нядзелі. Які мастацкі эфект гэтых дэталей?
2. У першых чатырох раздзелах («Лагер», «Пачатак», «Мост», «Дзённік») і апошніх чатырох («Абоз» «Шпіталь», «Пабыўка», «Ліст») няма баявых сцэн у 12 сярэдзінных — многа падзей, герояў. Ці выпадкова такое размеркаванне матэрыялу «Запісак»? Якія рысы М. Гарэцкага-мастака тут бачны?
3. Праблематыка і аўтарская пазіцыя ў кнізе. Якія з праблем кнігі маюць агульначалавечы змест, якія — прыватнае значэнне? якія вырашаны канчаткова, а якія трэба аднесці да «вечных»? Як і ў чым выяўлена гуманістычная пазіцыя аўтара ў дачыненні да свайго галоўнага героя, да іншых герояў, да розных праблем і сітуацый? Якія з праблем кнігі і аўтарскіх адносін трэба прызнаць надзённымі і ў наш час?
4. Сувязь з традыцыямі рускай літаратуры.
III. Падагульненне настаўніка па творчасці М. Гарэцкага.
1. Адметнасць мастакоўскага погляду на жыццё і чалавека. Пастаноўка самых «цяжкіх» і надзённых пытанняў эпохі. Лявон Задума як нацыянальны характар.
2. Мастацкая дасканаласць прозы М. Гарэцкага. Жанравая і стылявая навізна твораў. Кампазіцыйнае майстэрства аповесцей і «Запісак». Моўнае багацце.
Заданні да кнігі «На імперыялістычнай вайне»:
1. Прасачыце па ўсёй кнізе паводзіны і лёс якога- небудзь героя з салдат ці афіцэраў.
2. Пейзажныя замалёўкі ў «Запісках». Якую мастацкую ролю яны адыгрываюць у раскрыцці тэмы вайны, у перадачы светаадчування герояў?
3. Сны Лявона. Іх ідэйна-мастацкая роля.
4. Ідэйна-мастацкае значэнне такіх вобразаў, як юнкер Шалапутаў, афіцэр Пупскі, падпалкоўнік Гноеў.
5. Чаму ліст таварышаў Лявона пастаўлены аўтарам у канцы кнігі, а не раней, напрыклад, пасля раздзела «Шпіталь»? Якія вашы асабістыя назіранні над кампазіцыйнай зладжанасцю кнігі «Запісак» у цэлым ці асобнага раздзела? Якая тут мастацкая логіка і мэтазгоднасць?
Урок пазакласнага чытання. Апавяданні «Літоўскі хутарок», «Рускі», «Габрыелевы прысады», «Стары прафесар» ці інш.
«РОДНАЕ КАРЭННЕ»
У апавяданні «Роднае карэнне» Максім Гарэцкі ўзнаўляе жыццё дакастрычніцкай вёскі ў жывых, рухомых, шматфарбных малюнках побыту, працы, задушэўных гутарках герояў. Перад чытачом разгортваюцца рэальныя карціны з мноствам мастацкіх дэталей, якія дапамагаюць дадумаць цэлае, здагадацца пра тыя бакі жыцця і людскіх стасункаў, што пазначаны гэтымі дэталямі.
«— Ну й пісара знайшоў бацька сабе,— уголас загаварыў Архіп, ніяк не могучы разабраць словы ў пісульцы.
Ен (...) вылаяў у думцы пісаку, што, нягледзячы на добры сялянскі пачастунак і пяць капеек, так дрэнна піша пісьмы, саўсім нечытэльна...»
У некалькіх радках перад чытачом паўстае скрозь непісьменная вёска і адзіны «пісака» ў ёй, якога яшчэ трэба пачаставаць ды заплаціць яму, ды і той не дужа які майстар пісаць пісьмы.
«Архіп спаў доўга і смачна. Ноччу сніў нешта, хто яго знае якое, але, прачнуўшыся, нічагусенька не помніў. У хаце нікога не было, толькі чутна — у прысценку за дзвярмі маці ляпала ў качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла... Сонейка гуляла снапамі па настольніку і па старэнькіх абразах. У куце гарэла лампадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзячы на бярвенні, старыя і хлопцы».
А вось адчуванні ў роднай сям’і, асяроддзе, у якім натура героя павінна раскрыцца паўней.
«Радавалася сэрца старога бацькі яго, як пойдуць на сенакос яны: хлапец-работнік Восіп, сын і сам стары Нупрэй.
Сала возьмуць, бліноў матка напячэ, вады ў біклажцы набяруць, выйдуць утрох на дзесяціну ў Дуброўках, у паноў дзе сенакос купілі.
Восіп уперадзе, а студэнт ззаду, не паддаецца, гонар мае. Толькі й чутно: ўжык-ўжык-ўжык...
Скіне студэнт і брыль з галавы, і расшпіліцца, і расперажацца, хоча плячо ў плячо з работнікам харошьш ісці.
Вясёла! Вецер сарочку паддувае, халадзіць. Скакунцы — стрык-стрык-цырр...— песеньку пяюць. Пад кустом жупаны ляжаць, і пясчанка з бруском стаіць, і Разбой іх сцеражэ, звіўся там».
Усё багацце вясковага асяроддзя пададзена праз успрыманне галоўнага героя Архіпа Лінкевіча, студэнта-медыка, які едзе ў родныя мясціны з яўна «асветніцкай» мэтай — развеяць забабоны, разагнаць туман чартаўні, што запанавала ў новай бацькавай хаце.
Душа галоўнага героя, чуйная да прыгажосці прыроды, адклікаецца на змену пейзажу.
«Лес кончыўся. Выехалі ў поле. Дарога пайшла роўная. Архіп залюбаваўся прыгажосцю летняга вечара. Сэрца ласуна да красы забілася дужэй у маладых грудзях яго. Наўкруг было так ціхамірна і так па-нябеснаму святочна і прыгожа. Цямнела. На захадзе гарэла зара...
Абапал дарогі было жыта ў копах і на карэнні, што не паспелі яшчэ зжаць. 3 аржанішча нёсся прыемны жытні пах. 3 логу ціхі, цёплы ветрык тхнуў сенам. На небе паказалася зорачка, другая, трэцяя...
Праехалі мосцік, ярына пайшла, а на полі цямней ды цямней. Усё неба зорамі гарыць, дзіўнае, пекнае!
Чароўнае хараство разліта ў ім...»
Як відаць, пейзаж зліты з адчуваннем героя.
Асаблівай увагі заслугоўвае натуральная жывая інтанацыя твора, сціплая, без прэтэнцыёзнасці або ўяўнай шматзначнасці. Проста і ясна разгорнута ў апавяданні жыццёвая рэальнасць, у якой толькі неспакушонаму розуму ўсё можа здацца да канца зразумелым і вытлумачальным. Сутыкнуўшыся з таямнічымі з'явамі, герой М. Гарэцкага імкнецца не толькі іх разгадаць. Яго розум і душа звяртаюцца да ўсеагульных загадак чалавечага існавання. I тады за ўяўнай прастатой і немудрагелістасцю падзей чытачу адкрываецца глыбіня аўтарскага мастацкага, філасофскага асэнсавання жыцця і чалавечай асобы. Робіцца бачным маральна-этычны і эстэтычны ідэал пісьменніка.
Задума і праблематыка. У апавяданні «Роднае карэнне» (1913) выкладзена філасофія чалавечага жыцця, не якія-небудзь асобныя яго пытанні, а цэласны погляд на свет, на прызначэнне чалавека, на сэнс яго існавання на зямлі. Духоўныя асновы народнага жыцця, гарманічная сістэма каштоўнасцей народа пададзена аўтарам праз нескладаныя побытавыя сітуацыі, праз самабытныя характары вяскоўцаў, галоўнага героя — студэнта-медыка Архіпа Лінкевіча. Асабліва цікавы пункт гледжання аўтара на крыніцы духоўнасці. Не студэнт-медык — адукаваны чалавек — нясе духоўнасць у вёску, а сам ён вучыцца ў вёскі, убірае ў сваю душу багаты духоўны і маральны вопыт народа. Гэта не толькі высновы і гатовыя сфармуляваныя запатрабаванні і думкі, да якіх прыходзяць людзі з народа, але гэта і пакутлівы роздум над вечнымі загадкамі жыцця і смерці, і шлях да асэнсавання свайго чалавечага прызначэння, да ўсведамлення ўсеагульных сувязей чалавека з сусветам.
Паэтыка назвы апавядання раскрываецца перад чытачом не адразу. Сувязь з родным карэннем — з роднымі, з вёскай, з яе людам, з яе паўсядзённым жыццём, з яе духоўным грунтам — добра адчуваецца героем. Але ў пачатку апавядання ўсе загадкі вясковага жыцця здаюцца Архіпу простымі, варта толькі за іх узяцца адукаванаму чалавеку. Сутыкнуўшыся з імі бліжэй, ён разумее, што не ўсё так проста. Адгадкі знайсці не ўдаецца. I не толькі таму, што чартаўня часам лёгка тлумачыцца, як у выпадку са спаленымі баронамі. Есць нешта больш таемнае, магутнае, што не падуладна чалавечаму розуму. Але чалавек працуе, паўсядзённыя клопаты аб хлебе не даюць часу на доўгія засяроджаныя пошукі дзівосных разгадак. Жыццё, жыццёвы вопыт навучае чэснаму, адказнаму стаўленню да сябе, сваёй справы, свайго прызначэння, А загадкі чалавечага існавання застаюцца. Аўтар сцвярджае, што яны пакутлівыя не толькі для адукаваных, інтэлігентных людзей, а і для простага мужыка, які, меўшы розум, таксама пытае: «Што яно? Нашто яно?» і пакутуе над імі, але ўголас рэдка калі заводзіць гутарку аб іх.
Такім ходам мастакоўскай думкі пісьменнік у духоўным маштабе нібы ўраўноўвае адукаваных і неадукаваных і высоўвае іншую мерку для ацэнкі асобы — здольнасць ці няздольнасць пакутаваць гэтымі загадкамі чалавечага існавання, адчуваць складанасць і неразгаданасць сусвету ці ўяўляць усё гранічна проста, як вучыць Балазевіч: «Бога няма, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё...» Дзед Яхім проста ацэньвае такі пункт гледжання: «Ну ці не дурны! А здаецца, і дзяцюк нічога сабе, рахманы». Так, калі рахманы, то здаецца яшчэ і разумным, і разважлівым, але спрашчэнства і грубы матэрыялізм неяк не стасуюцца з розумам і разважлівасцю.
У гэтай шматзначнай заўвазе старога Яхіма пісьменнік бачыць яшчэ адзін вельмі важны, на яго думку, прынцыповы падыход. Стыхійны матэрыялізм народнага светаўспрымання ўжо пакінуў ззаду грубае і прымітыўнае тлумачэнне сусвету, жыцця і смерці, сутнасці чалавечай асобы і яе існавання. У народным светапоглядзе матэрыялізм як аснова жыццёвай гаспадарчай практыкі суіснуе з разуменнем і адчуваннем, што духоўнасць чалавечага жыцця — яго найвышэйшая ступень і мера. Ці не на гэтым грунтуецца і перакананне, да гэтага часу яшчэ жывое ў народзе, што сумленнасць — мера духоўнасці. А тады, у пачатку веку, яшчэ цяжка было ўявіць, што, адкінуўшы ўсе загадкі чалавечага існавання, цэлае грамадства кінецца па дарозе прымітыўнага тлумачэння жыцця і смерці і выраўнуе сваю жыццёвую практыку згодна з гэтым уяўленнем...
«Сівы разумны дзед», вясковы філосаф, пераконаны ў тым, што роднае карэнне глыбока сядзіць у кожным сялянскім сыне, калі ён «у людзі наўчоныя выходзіць». «Бо трудненька такому адразу прырасці ў іншым стане людзей, паркалёвых людзей...» «Ось і мучаць яго пытанні розныя...» Дзед мае свае меркаванні наконт таго, як роднае карэнне дапаможа такому «наўчонаму» збе- рагчы сваю душу і розум. «Перша-наперша трэба, каб бацькі ўкладвалі ў галаву гэтым хлопцам-вучням тое, што няхай яны не саромяцца нашых мужыцкіх меркаванняў пра божы свет слухаць. Няхай сабе мы на пагляд шэры, а, браце, душа можа быць і пад шэрым жупаном не шэрая». I ўспамінае пана Беляеўскага з Пецярбурга, які казаў: «У вас, сялян, усе кіруюцца праўду знайсці ўва ўсім. Пастух які-небудзь, слова прамовіць з панам не можа — забіт ці ўжо натура такая ў яго да схоўкі прыхільная,— а каб пабачыў яго душу пісьменнік які, ці там архірэй, ці хто такі, ён бы здзівіўся і пазайздраваў».
Цікава прыгледзецца да мастацкага спалучэння філасофскага і бытавога пластоў у апавяданні. Вельмі яскравыя, каларытныя замалёўкі побыту, шматзначныя дыялогі ў натоўпе, мастацкія дэталі перадаюць подых вясковага жыцця, атмасферу вёскі, сям'і Лінкевічаў, іх сацыяльнага статусу сярод сялян. Сумяшчэнне бытавога і філасофскага планаў пачынаецца з першых старонак твора — з ліста пра новую хату, у якой нельга жыць. Побытавыя падрабязнасці пра адсутнасць мэблі, пра зэдлік пад акном, пра грубку, на якой спаў батрак,— усе гэтыя дэталі ўяўляюць бытавы фон, на якім з'яўляецца таемная сіла, а потым, у часе навальніцы,— маланка, пажар: «пярун чорта забіў», як кажуць сяляне.
«Немалыя клубкі дыму чорна-сівага выбіваліся праз страху новую саламяную, чырвоныя язычкі полымя з хцівасцю і прагавітасцю рупліва лізалі бярвенне, кідаліся ўбок і наводзілі сваёй маўклівай і незразумелай руплівасцю-рухавасцю думку аб вечным і безадказным, думку: адкуля ўсё і што яно?» Так філасофскае пытанне нараджаецца з назірання жывой, рухомай карціны.
Далей, калі малюецца здарэнне з ваўкамі, Архіп думае, што стары Яхім чараўніцтвам ці гіпнозам адвёў небяспеку. Але дзед раскрывае больш празаічную прычыну і тым расчароўвае студэнта. Дзівы дзіўныя здаюцца таму, хто не ведае жыцця прыроды... Але і ведаючы, дзед Яхім кажа пра меру чалавечай цікаўнасці: «...колькі трэба ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. I не думай, што яно такое простае... Што няма нічога...» «Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю — гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б і чалавечага жыцця... Прапалі б людзі».
У кантэксце спалучэння бытавога і філасофскага пластоў твора толькі і можа быць зразуметы сэнс трох наказаў старога Яхіма Архіпу Лінкевічу. У іх — гуманістычны, агульначалавечы сэнс, цэлая праграма бескарыслівага служэння вялікай справе, праграма лёсу працаўніка-асветніка. «Першае, што кажу я табе, гэта — чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі раней нашы тутэйшыя людзі... Споўніш гэты загад — у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. I ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя не змогуць цябе. А другое: часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцякаць ад яго, калі, часам, пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе, дайжа ў добрай таварыскай бяседзе за салодкімі напіткамі ды смачнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць у сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?» I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш... Помні, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самога затопчуць...»
...Ехаў Архіп Лінкевіч, медык-матэрыяліст, каб разгадаць чартаўню і пасмяяцца з цемры і забабонаў, а спаткаўся з такімі невырашальнымі праблемамі, што сам пасталеў, стаў іначай глядзець на свет, у яго з'явілася тое, што можна было б назваць гістарызмам мыслення. У пачатку апавядання, чытаючы бацькава пісьмо, Архіп сумуе з прычыны адсталасці вёскі ад усясветнага прагрэсу.
«Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе — угары, у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі;...усё ідзе шпарка наперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш...Сумна, сумна». Так і закрадаецца думка, каб паскорыць яе рух да прагрэсу!
У канцы апавядання чытаем: «Памысліў студэнт і замаркоціўся...» Але ўжо з іншае прычыны.
«I трыста і чатырыста гадоў назад таксама дуў ён тут, ветрык, і таксама калыхаў-цалаваў траўку сумную і маўклівую... толькі цуда-машыны не было». Ход жыцця Архіп Лінкевіч цяпер ужо ўспрымае як нястрымны паступовы працэс, а тэхнічныя цуды не закранаюць яго свядомасці.
Так даволі выразна выступае перад чытачом аўтарская канцэпцыя жыцця і чалавека. Сапраўды, чалавек робіцца інтэлігентам, калі б'ецца над «праклятымі» пытаннямі і глядзіць не толькі наперад, але і добра ведае мінуўшчыну. Тады ў яго не з'явіцца самаўпэўненасць, што ён адзіны такі на свеце, лепшага і разумнейшага няма, не было і не будзе, ён першы ўсё зразумеў і адкрыў. Гуманістам, кажа пісьменнік, можа быць толькі чалавек з гістарычным мысленнем, які, усведамляючы сваю прыналежнасць да чалавецтва, імкнучыся да прагрэсу, думае і пра маці, заўважае, «якая яна спрацаваная, вочы ўваліліся, уся быццам шчапіна, а ўсё капашыцца, клапоціцца...» А ў вясёлую хвіліну запытацца ў сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?»
У кампазіцыі апавядання выразна адбілася задума твора. 3 сямі частак у першых пяці разгортваецца сюжэт пра таямніцы і малюецца жыццё вёскі.
I. Ліст і рэакцыя Архіпа на звесткі з дому.
II. Дарога дадому з балаголам, успрыняцце пейзажаў.
Таямнічыя агні.
III. Раніца ў хаце і разгадка тайны агнёў.
IV. Ноч у новай хаце. Думкі Архіпа пра навуку і жыццё. «Праклятыя» пытанні.
V. Сны Архіпа пра цуды, павер'і. Навальніца. Пажар. Размовы вяскоўцаў аб чараванні.
Сюжэт спачатку пачынае разгортвацца як бытавое апавяданне з таямнічасцю і неспадзяванымі адгадкамі. Філасофскі план апавядання намячаецца яшчэ ў чацвёртай частцы, у роздумах Архіпа аб жыцці, дасягненнях навукі і «праклятых» пытаннях «не толькі як яно, але і адкуль яно».
«Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай... I гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зазірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях — смерць».
У пятай частцы падаюцца сны Архіпа як адгалоскі павер'яў, забабонаў, як адбітак векавечнага імкнення народа да праўды-справядлівасці, як адбітак веры ў перамогу свету над цемраю. Разам з тым і як пранікненне за тую заслону, што зачынена для жывых.
У шостай і сёмай частках філасофская праблематыка апавядання робіцца галоўнай, але не губляе сувязі з сялянскім побытам, з паўсядзённасцю, на якой трымаецца вясковае жыццё. У пачатку шостай часткі чытаем пра «грошы-страхоўку» за спаленую маланкай хату, пра зямельную рэформу. Тут знаходзім шматзначныя радкі, міма якіх у сённяшніх грамадскіх абставінах прайсці нельга:
«Людзей прадпрыімных, рухавых і здольных душыла жыццё абчэственскае. Ані паляпшэнне якое ў полі зрабіць, ані лепшага сорту жыта пасеяць, ані дабрэйшую жывёлу прыдбаць. <...> А за кожную драбніцу брэшуцца, за шкоду няўмысную і незаметную лаюцца, як агалцелыя.
Эх, бяднота, бяднота, бяднота! Да чаго ж ты даводзіш чалавека! I жалка, і горка, і крыўдна...
3 лепшых людзей робіць цар-голад звяроў, сумлення не маючых.
Пачалі сяляне варушыцца, аб хутарах зюкаць».
Далей даведваемся, што разважлівы і асцярожны Архіп гутарак з сялянамі наконт хутароў не заводзіў, каб не нашкодзіць бацьку. Потым ідуць даволі сціслыя малюнкі працы, у якіх пераважаюць настроі, адчуванні, думкі Архіпа і яго бацькі.
Цікаўнасць студэнта да таямніц і неразгаданых пытанняў ураўнаважваецца захапленнем жывым жыццём, жывымі людзьмі, любай вёскай. Роднае карэнне добра мацуе яго душу да жыцця, да яго скарбаў.
У той жа шостай частцы, відавочна, размова Нупрэя, свата Яхіма і кума Міхася падымаецца да сапраўднай філасофскай вышыні ў разуменні і вытлумачэнні з'яў рэальнага жыцця, канкрэтных лёсаў рэальных людзей — сыноў вёскі, што імкнуцца да навукі. Тэма родных каранёў як невычэрпнай крыніцы высакародства і творчых сіл асобы гучыць тут вельмі выразна і кідае свой адбітак на тыя раздзелы апавядання, што папярэднічаюць гутарцы вясковых філосафаў. Павага і любоў Архіпа да сваіх родных, да вёскі, жаданне служыць Беларусі асэнсоўваецца ў кантэксце гэтай сацыяльнай і філасофскай тэмы.
У сёмай частцы па-філасофску накіраваны розум дзеда Яхіма раскрываецца ў яго разуменні дапытлівасці студэнта, у наказах, звернутых да Архіпа. Стары нібы бласлаўляе хлопца на працу, на сумленнае служэнне народу як на справу ўсяго жыцця. Разам з тым філосаф аказваецца добрым знаўцам прыроды, чалавекам назіральным, вопытным, што добра відаць у прыгодзе з ваўкамі.
Назіранні за кампазіцыйнай пабудовай асобных мясцін можна было б пашырыць, паказаўшы вучням, як з чаргавання некаторых малюнкаў узнікае новы сэнс — падтэкст — тое, што не выказана проста, але ўспрымаецца чытачом, як, можа, і неўсвядомленае да канца адчуванне ці думка.
На пачатку сёмай часткі размова ідзе пра тое, як Архіп з дзедам Яхімам едуць па цёмным лесе на станцыю.
«Дзед ціхенька сцёрбаў пугаю і думаў, каб даў бог хутчэй перабрацца праз лес і выехаць па поле. За вярсты паўтары направа цягнулася Вялікая Патапеча: балота, мох, купнік, зараслі. Там яшчэ вадзіліся ваўкі, і ўвосень і ўзімку праязджаць без прыпасу было страшнавата.
Архіп думаў аб матцы. Праваджала яго... Дзяржалася доўга, але слёзы пацяклі самі... Буйныя-буйныя, як боб. «А можа ж, я і не ўбачу больш цябе, мой сынулечка, мой Архіпачка...» I ноччу, мусіць, плакала. Эх- хо-хэ!
— Гаў-ву-ву...— глуха і нема завыў хтось далёка на Патапечы.
— Дзедку! Чуеш? Выюць... Ваўкі?
— Ды не, не, сабакі дурэюць у Буліне; там вялікая вёска Буліно».
Тут кампазіцыйна ўдалае стыкаванне трох малюнкаў: думкі дзеда пра магчымую сустрэчу з ваўкамі, успамін Архіпа пра маці, з'яўленне ваўкоў — высякае, нібы агонь з крэсіва, думку ці адчуванне, што матчына любоў, дзедава дабрыня, асцярожнасць і вопытнасць выратуюць хлопца.
Стыль і мова апавядання заслугоўваюць асобнага разгляду. Каларытная, багатая інтанацыямі фраза будуецца з арыентацыяй на гутарковую мову.
« — Ну й коні ж твае! 3 крупадзёркі на шкуру прадалі, ці што? — запытаўся Архіп у балагольшчыка, дзівуючыся, што едуць яны — цішэй некуды».
«3-пад лесу нясецца-коціцца песня — жнеі ідуць ад Хаіма з падзёншчыны. I праца не бярэ маладых, красных на здароўе, круглавідых дзевак... О! песня; яны пяюць...»
«Стары Нупрэй сядзіць сабе на пні ды — кляп-клёп, кпяп-клёп — касу клепіць і радасна на сына пазірае: малады, вучоны, прыгожы і добры такі. Сам земскі, сам к яму з рукою здароўкацца першы падыходзіць. I мужыкоў, сваіх людзей, сынок не цураецца, земляка, калі трэба, усюды абароніць і чужога не скрыўдзіць...»
За адметнасцю інтанацыі прыкмячаецца адметнасць індывідуальнасці чалавека, а інтанацыйнае багацце робіць апавяданне населеным значна большым лікам людзей, чым гэта пазначана імёнамі. Чалавечы свет з яго разнастайнасцю — нібы мнагафарбны і многагалосы фон дзеяння і філасофскіх разважанняў. Такім чынам маштаб намаляваных карцін і пастаўленых у апавяданні праблем значна пашыраецца, і мы перагортваем апошнюю старонку твора з адчуваннем, што свет народнай душы адкрыўся і нам, што нацыянальны характар беларуса — рэальнасць.
***
Пытанні для абмеркавання на ўроку:
1. Як пабудавана апавяданне? Чаму яно раздзелена на некалькі частак, розных па зместу і па памерах? Дзе мы бачым замалёўкі побыту, у якіх частках сканцэнтраваны філасофскія разважанні і некаторае вырашэнне загадак? Дзе, у якіх частках выкладзены галоўныя аўтарскія думкі пра свет, пра жыццё, пра чалавечы лёс?
2. Якая мова апавядання? Ці звярнулі вы ўвагу на багацце інтанацый у творы? Падрыхтуйце для выразнага чытання ўрывак (памерам прыблізна паўстаронкі ці трохі больш), які вам здаецца асабліва багатым інтанацыямі ці асабліва выразным.
3. Як намалявана сялянскае жыццё, свет думак, перажыванняў, філасофскіх роздумаў? Чаму менавіта ў сялянскім уяўленні нарадзілася думка аб родных каранях і гэтае выразнае вызначэнне праблемы? Якой праблемы?
4. Архіп Лінкевіч. Што ён за чалавек? Як аўтар малюе яго характар у адносінах да розных загадак быцця, да родных, да працы, да вёскі і вясковых людзей? Як другія персанажы апавядання ацэньваюць Архіпа? Як аўтар ставіцца да яго?
5. Як вырашаецца праблема загадак чалавечага быцця ў роздумах Архіпа аб жыцці, навуцы, аб таямніцах? Якую ролю ў яе мастацкім вырашэнні адыгрываюць падрабязна апісаныя сны етудэнта?
6. Якая сувязь у творы паміж бытавым і філасофскім планамі? Як гэтая разнапланавасць дапамагае зразумець галоунага героя?

















































