Ева Лявонава
Гісторыя двух ператварэнняў
На мяжы ХХ — ХХІ стагоддзяў нашым літаратуразнаўствам многае зроблена па вывучэнні творчасці Максіма Гарэцкага, у тым ліку з прыцягненнем еўрапейскага мастацкага кантэксту. Тым не менш для кампаратывісцкіх росшукаў літаратурная спадчына беларускага класіка па-ранейшаму ўяўляе сабой неабсяжную і надзвычай удзячную глебу, што і хацелася б паказаць на прыкладзе апавядання «Рускі» (1915, апубл. 1925). Спынімся гэтым разам на аналогіі, бадай, самай нечаканай — з вядомай навелай «Ператварэнне» («Die Verwandlung», 1912) Франца Кафкі, для якога гэты год, як і для М. Гарэцкага, юбілейны: 3 ліпеня сусветная культурная грамадскасць адзначыць 130-годдзе з дня яго нараджэння. Па сімвалічным супадзенні, слынны аўстрыйскі пісьменнік апублікаваў навелу менавіта ў год стварэння М. Гарэцкім апавядання «Рускі» — у 1915-м.
У аснову навелы Ф. Кафка паклаў сюжэт з ператварэннем чалавека ў «пачварную жамяру». Сам па сабе феномен ператварэння чалавека ў жывёліну не быў яго вынаходніцтвам. Паводле прац вядомага расійскага вучонага Е. Меляцінскага, у міфах і казках розных народаў дастаткова шырока распаўсюджаны ініцыяльныя формулы, якімі пачынаюцца аповеды пра сівую даўніну: «гэта было тады, калі людзі яшчэ былі жывёламі» або «гэта было тады, калі жывёлы яшчэ былі людзьмі». Праўда, метамарфоза героя Ф. Кафкі іншая — яна нечаканая, фатальная, цягне за сабой незваротныя драматычныя наступствы для персанажа і завяршаецца яго смерцю. Па сутнасці, чытач мае справу з аўтарскім міфасюжэтам, з’яўленне якога было абумоўлена цэлым шэрагам прычын: і непаразуменнямі самога Кафкі з сям’ёй, найперш з бацькам, і ўласнай фізічнай немаччу, і няўпэўненасцю ў сваіх пісьменніцкіх здольнасцях, і атмасферай суцэльнага адчужэння, што панавала ў Аўстра-Венгрыі напярэдадні Першай сусветнай вайны, настроямі адзіноты і бездапаможнасці перад блізкай і непазбежнай катастрофай. Апошняя акалічнасць, пры ўсёй паглыбленасці Ф. Кафкі ва ўнутраныя праблемы, мела для яго выключна важнае значэнне. Не будучы палітычна ангажаванай асобай, ён, аднак, разумеў: «Кожнае сапраўднае мастацтва — дакумент, сведчанне». Ф. Кафка сачыў за падзеямі ў Еўропе, блізка да сэрца прымаў сучасныя яму сацыяльна-гістарычныя катаклізмы. «Вайна, рэвалюцыя ў Расіі і беды ўсяго свету ўяўляюцца мне разводдзем зла, — гаварыў ён. — Гэта паводка. Вайна адчыніла шлюзы хаосу». У час вайны, паводле яго слоў, «усё духоўнае заглушаецца і душыцца фізічным, жывёльным». У сувязі з вядомай кнігай нямецкага празаіка Леангарда Франка «Чалавек добры!» пра Першую сусветную Ф. Кафка заўважыў: «У большасці сваёй людзі зусім не злыя. Людзі паводзяць сябе кепска і наклікаюць на сябе віну таму, што гавораць і дзейнічаюць, не ўяўляючы сабе наступстваў сваіх слоў і ўчынкаў. Яны лунатыкі, а не злодзеі».
Вышэйпрыведзеныя выказванні Ф. Кафкі вельмі істотныя, бо дадаюць падстаў успрымаць сюжэт таго ж «Ператварэння» не толькі як своеасаблівы аўтакаментарый, але і як парадыгму чалавечага існавання ў памежных, смяротна небяспечных абставінах, а значыць, тым больш дазваляюць разглядаць навелу поруч з апавяданнем М. Гарэцкага, у якога сюжэт хоць і цалкам належыць рэальнасці, але ў сэнсавых адносінах, як будзе далей паказана, таксама выходзіць за межы канкрэтнага выпадку.
Сюжэт жа твора М. Гарэцкага сам па сабе просты. На шляхах Першай сусветнай «у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту» перасякуцца лёсы двух салдат — мабілізаванага ў расійскае войска селяніна-беларуса і «аўстрыяка» (мяркуючы па гаворцы, украінца). Забавіўшыся блізу аўстрыйскіх пазіцый у пошуках якога-небудзь «пажытку» ў дадатак да ўбогага пайка, на зваротным шляху беларус нечакана сутыкнецца з аўстрыйскім салдатам. Агаломшаныя ворагі хутка, аднак, апамятаюцца, выкажуць лагодныя намеры, павітаюцца за руку, «як даўныя сябры», і, паклаўшы стрэльбы, падзеляць між сабой аўстрыякавы хлеб і гарэлку ды махорку беларуса. Час разысціся, але абодва пачуваюцца прыкра, і аўстрыяк прапаноўвае беларусу: «Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся», на што той адказвае, як і варта было чакаць у такой сітуацыі: «Не, братка, ідзі сабе да сваіх». Зноў паціснулі адзін аднаму руку, нават ужо і «завярнуліся ў свае бакі», ды «бліснула» салдату-беларусу «ў галаве», каб жа «не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю…» І гучыць услед аўстрыяку раптоўны стрэл (апавядальнік знарок акцэнтуе, што стрэл зроблены быў беларусам неўсвядомлена, «без дум»: «І раптам бліснула яму ў галаве…»; «…толькі бліснула яму так у галаве…»), і нядаўні «братка» падае ніцма, выдыхаючы з апошнімі словамі «безнадзейную крыўду» на свайго забойцу.
З таго часу «чалавек… перамяніўся» (вылучана мною. — Е. Л.); ператварыўся — з не меншымі падставамі маглі б сказаць мы. Неўсвядомлены, спантанны ўчынак абяртаецца для яго знішчальнай, невыноснай душэўнай мукай, бясконцай жудой, няспынным болем і маркотай, па сутнасці — вар’яцтвам, і ад гэтага «ператварэння» ўратаваць гаротніка не ў стане ніякія дактары. «Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..» — крычыць ён у шпітальнай палаце, калі няўсцерп забірае хвароба.
Сама мова твораў аўстрыйскага і беларускага пісьменнікаў ёсць падмуркам для аналогій. Пра стылёвы аскетызм Ф. Кафкі, яго стрыманасць і нават сухаватасць, поўную адсутнасць нейкай мастацкай аздобы ў яго прозе, лапідарнасць і традыцыйнасць яго моўных структур нямала сказана германістамі. Нешта блізкае сцвярджаюць літаратуразнаўцы і па адрасе беларускага пісьменніка. М. Стральцоў, напрыклад, звяртаў увагу на адсутнасць у творах М. Гарэцкага, «празаіка строгага», «шырокай, разгаліна- ванай фразы са складанай сістэмай кіравання, падпарадкавання, сузалежнасці...» Падобны пункт гледжання месцяць у сабе працы і іншых даследчыкаў мастацкай спадчыны пісьменніка.
У абодвух выпадках галоўны герой ва ўсіх адносінах звычайны: у Ф. Кафкі — сціплы коміваяжор, у М. Гарэцкага — салдат і селянін у адной асобе; іначай кажучы, «маленькі чалавек», які апынуўся ў незразумелых, нязвыклых для сябе, выключных абставінах.
Што ж да сітуацый ператварэння, то найперш працытуем пачатак кафкаўскай навелы, дзе да будзённага проста, панатуралісцку дэталёва выкладаецца жахлівая ява: «Прачнуўшыся аднойчы раніцай пасля неспакойнага сну, Грэгар Замза заўважыў, што ён у сваім ложку ператварыўся ў пачварнае насякомае. Лежачы на панцырнацвёрдай спіне, ён бачыў, варта было падняць галаву, свой карычневы, выпуклы, падзелены дугападобнымі лускамі жывот, на версе якога ледзьве трымалася <…> коўдра. Яго шматлікія, танюсенькія ў параўнанні з астатнім целам ножкі бездапаможна мітусіліся ў яго перад вачыма».
А цяпер згадаем паводзіны Рускага пасля таго, як ён «перамяніўся», стаў жывым трупам, іншымі словамі — пасля яго ператварэння: ён «упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі нагамі і рукамі», імітуючы тую самую позу, у якой сустрэў сваю нечаканую смерць забіты ім «братка»-аўстрыяк. Калі ўдумацца, ці ж не нагадвае нават вонкава апісанне гэтага распластанага на зямлі, тварам да неба, чалавека, што падсвядома ідэнтыфікуе сябе з ахвярай здзейсненага ім непраўдзівага забойства, тую самую кафкаўскую агідную і бездапаможную жамяру, у якую ператварыўся Грэгар Замза? Не кажучы пра сутнаснае, экзістэнцыяльнае напаўненне жудаснай метамарфозы герояў Ф. Кафкі і М. Гарэцкага, якая ў абодвух творах ёсць вызначальнай сюжэтнай акалічнасцю.
Экзістэнцыяльнай насычанасці свайго сюжэта Ф. Кафка дасягае праз спалучэнне-сутыкненне нечуванага абсурдызму, умоўнасці з падрабязнасцямі побыту, але найперш — праз зааморфны код, робячы гэта дзеля выкрыцця ненатуральнасці, неразумнасці, алагічнасці светабудовы, якая не адпавядае сапраўднай гуманнасці ды і простай логіцы. М. Гарэцкі, застаючыся на цалкам кожнадзённай, рэальнай глебе і ў рэчышчы рэалістычнага мастацкага слова, анталагізуе свой аповед іншым шляхам — праз адсылкі да Бібліі, надзвычай істотныя ў алюзіўным патэнцыяле апавядання. Сугестыўна ў «Рускім» прачытваецца алюзія на старазапаветнае паданне пра Каіна і Авеля, пра першае ў гісторыі чалавецтва братазабойства. Забіты Авель, але Бог чуе яго «голас крыві» і абрынае ў прадонне забойцу. Каін, забіўшы брата, забівае і сябе, бо, паводле вядомага знаўцы Старога Запавету Д. Шчадравіцкага, сакральна, «містычна ўсе людзі ёсць нібы адзін чалавек… той, хто губіць блізкага свайго, губіць самога сябе». Думка пра тое, што ўсе людзі — нібы адзін чалавек і кожны чалавек — нібы ўсё чалавецтва, ускосна гучыць і ў апавяданні М. Гарэцкага, прычым, што важна, у свядомасці самога забойцы: «Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго» (вылучана мною. — Е. Л.). Менавіта з біблейскім паданнем звязваў семантыку апавядання і Алесь Адамовіч, маючы на ўвазе душэўную драму героя пасля ўчыненага ім забойства: «Застаўся толькі чалавек — нібы першы на зямлі, той, што забіў…»
Паказальна, што, як і біблейскі Каін, «чалавек з акопаў» у М. Гарэцкага быў чалавекам якраз ад зямлі, селянінам. Зноў узгадаем Біблію: «І цяпер пракляты ты ад зямлі… больш не стане яна даваць табе сваёй сілы…» (Быц. 4:11, 12; пер. В. Сёмухі). Не дае яна «сваёй сілы» і Рускаму, нават яго ўласныя апошнія сілы забірае: упадабаўшы ляжаць на зямлі, ён «зазябіў сабе грудзі», з чаго і быў адпраўлены ў тылавы шпіталь.
Канцэптуальна важна ў абраным намі кампаратыўным ракурсе, што і ў Ф. Кафкі, і ў М. Гарэцкага героі ўяўляюць сабою персаніфікацыю комплексу віны. У аўстрыйскага пісьменніка праблема віны мела перадусім вытокі асабістыя; як вядома, ён праз усё сваё нядоўгае жыццё пачуваўся вінаватым перад сям’ёй, асабліва перад дэспатам бацькам, сам быў жывым увасабленнем амбівалентнасці, раздвоенасці, існаваў — паводле яго ўласнага прызнання — у стане «не смерці, а вечнай пакуты памірання». Неадольнае пачуццё віны перажывае і яго герой Грэгар Замза.
У той жа час, на што вышэй ужо звярталася ўвага, навела Ф. Кафкі не была адно мастацкай сублімацыяй яго інтымных перажыванняў, іначай не ўспрымалася б яна цягам усяго ХХ стагоддзя як метафара рэчаіснасці, як універсальная выява існавання чалавека ў небяспечным, жорсткім свеце. Бясспрэчна, мае рацыю вядомы расійскі германіст У. Сядзельнік, калі піша: «…логіка прамінулага «кафкаўскага» або «кафкіянскага» стагоддзя не вытрымала выпрабавання на слушнасць. Але галоўнае — у гэтых часткова запазычаных у жывога жыцця, часткова сканструяваных вобразах і малюнках таілася не падлеглая раскрыццю загадка быцця і небыцця…» Ды і сам аўтар «Ператварэння» заўважаў, што «Замза не з’яўляецца цалкам Кафкам», што наогул уся «сучаснасць — гэта змяненне і ператварэнне». Насамрэч, праблема віны ў навеле ў рэшце рэшт засланяецца іншай праблемай — трагічнай адзіноты чалавека сярод людзей. Сама віна героя Ф. Кафкі падаецца выразна амбівалентнай: з аднаго боку, Грэгар Замза не апраўдаў надзей сям’і; з іншага — чытач бачыць і віну сям’і перад Грэгарам, якога яна звыкла ўспрымала як сродак здабывання матэрыяльных даброт і ад якога бязлітасна адвярнулася пасля на- паткаўшай яго бяды.
Неадназначнай уяўляецца і віна Рускага. Ён забойца, і забойства гэтае тым страшней, што ён пазбаўляе жыцця ў пэўным сэнсе «свайго» — славяніна, «брата». З іншага боку, яшчэ большая віна ляжыць на тых, хто гвалтам навязаў яму ненатуральныя, ненармальныя правілы паводзін, маральна дэзарыентаваў.
У абодвух творах мае месца дзіўная ўстойлівасць сюжэтнага развіцця, вельмі нетрадыцыйна пададзены прынцып суадноснасці ў ім дынамікі і статыкі. І Грэгар Замза, і Рускі ўнутрана ачалавечваюцца пасля факта свайго вонкавага расчалавечвання. Замза, набыўшы пачварнае аблічча, нашмат вастрэй адчувае і сорам, і гора, і спагаду да родных, і дакоры сумлення, прагне — як ніколі раней — прыналежнасці да сямейнага кола (у той час як сям’я ўнутрана, калі можна так сказаць, ажывёльваецца). І Рускі пасля ўчыненага ім забойства па ўнутраным пачуванні таксама ж ачалавечваецца, сумленне не дае яму спакою, раздвоеная душа ірвецца і курчыцца ў невыноснай нудзе.
Абодва творы адметныя выключным мастацкім псіхалагізмам асаблівага кшталту: і ў «Ператварэнні», і ў «Рускім» героі паказаны ў стане свайго роду дуалізму свядомасці і падсвядомасці. Як у аўстрыйскага празаіка, так і ў беларускага знаходзяць увасабленне два канфлікты — знешні і ўнутраны. Прычым, першы падкрэслена лакалізаваны, ён толькі запачаткоўвае сюжэт; другі ж, унутраны, займае ў кожным з твораў цэнтральнае месца і ўяўляе сабою гісторыю перажывання персанажамі сваіх трагедый, гэткіх непадобных і падобных у адзін і той жа час.
Ёсць і яшчэ адна акалічнасць, якая збліжае аўстрыйскага і беларускага творцаў, — гэта вялікая ўвага абодвух да Ф. Дастаеўскага. Ён быў любімым пісьменнікам Ф. Кафкі («кроўным сваяком», паводле ўласнага яго прызнання). У пэўным сэнсе працягам і развіццём традыцый Ф. Дастаеўскага была і творчасць М. Гарэцкага; невыпадкова будучыню беларускай літаратуры ён звязваў з эстэтычнымі дасягненнямі накшталт прыналежных рускаму класіку. Сам лад мыслення на мяжы з філасофіяй, хоць і праз пасрэдніцтва мастацкіх вобразаў, збліжае М. Гарэцкага з Ф. Дастаеўскім. Апавяданне «Рускі» ў гэтым сэнсе не выключэнне. Тая ж сітуацыя «злачынства і пакарання», што і ў аднайменным творы рускага празаіка, тая ж раздвоенасць героя, той жа разрыў паміж свядомасцю і падсвядомасцю, тая ж катастрафічная перабудова асобаснай структуры персанажа ў выніку разбуральнага зваротнага ўдару па псіхіцы. Праўда, высакародны і далікатны Радыён Раскольнікаў учыняе забойства не тое што не «без дум», а якраз з-за адданасці ідэі, але праз маральны закон, праз біблейскую запаведзь «Не забі» пераступаюць абодва.
Такім чынам, апавяданне М. Гарэцкага, як і навела Ф. Кафкі, мае якасці парадыгматычныя; у ім не толькі паказаны знішчальныя наступствы «вялікай вайны белых людзей» (А. Цвэйг), але і прадбачыцца ці не самая значная драма ХХ стагоддзя — пазбаўлен- не чалавека ўласнай волі, ператварэнне яго ў аб’ект бязлітасных маніпуляцый. Магчыма, усведамляючы значэнне і ўніверсальнае гучанне «Рускага», аўтар і адмовіўся ад першапачатковага намеру ўключыць апавяданне ў кнігу «На імперыялістычнай вайне», надаўшы яму самастойнае жыццё.
Вольга Губская
ЖАНРАВА-СТЫЛЁВАЯ СПЕЦЫФІКА РАМАНА М. ГАРЭЦКАГА «ВІЛЕНСКІЯ КАМУНАРЫ» (1931-1932)
Here are the existing definitions of a genre and style of the novel “Vilenskiya Camunari” analysed. Its being proved that this masterpiece is not so much traditional historical chronicle, but an example of a difficult novelistic discourse with picaresque romance elements, a combination of tragical, melodramatic and humorus intonations at a voice of the story-teller.
Дыяпазон гістарычных падзей, ахопленых у творы, дастаткова шырокі - ад паказу акупацыі кайзераўскімі салдатамі часткі Беларусі да стварэння Віленскага Савета, як выніка Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый у акупаванай Вільні. І ўсё гэта падаецца чытачу праз прызму бачання і разумення галоўнага героя твора Мацея Мышкі. Безумоўна, вялікае месца ў сюжэце займае трагічная гісторыя Віленскага Савета, лёс якога апісаны вельмі падрабязна. Успаміны дачкі М. Гарэцкага Галіны сведчаць, што для дакладнасці інфармацыі, неабходнай для напісання «Віленскіх камунараў», Гарэцкі сустракаўся з «Тарасам» - Каронісам (для ўдакладнення падзей на Вароняй вуліцы ў Вільні), а таксама з жонкай Францішка Эйдукевіча, якая расказвала пра арганізацыю рабочага клуба на Вароняй.
Пэўны час было прынята лічыць, што адлюстраванне рэвалюцыйных падзей і станаўленне бальшавіцкай улады ў Заходняй частцы Беларусі - асноўная ідэя твора «Віленскія камунары». Па сутнасці, гэта была асноўная думка даследчыкаў літаратуры на працягу амаль двух дзесяткаў гадоў (гаворка ідзе пра 1960-80 гады), але логіка яе ўзнікнення дастаткова зразумелая. Гарэцкага нядаўна рэабілітавалі, і трэба было даказаць, што ён заўсёды быў прыхільнікам савецкай улады, а яго творы адпавядалі савецкай ідэалогіі.
Так, Юльян Пшыркоў у артыкуле «Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары», матэрыял для якога быў напісаны ў 1965 годзе, выказваў наступную думку: «Адной з важнейшых эстэтычных праблем літаратуры сацыялістычнага рэалізму з’яўляецца стварэнне вобраза камуніста, чалавека-змагара і пераўтваральніка жыцця на новых сацыяльных і палітычных асновах... Свой плённы ўклад у распрацоўку названай праблемы зрабіў і Максім Гарэцкі. Вобразы камуністаў у яго рамане не схема, а жывыя людзі, і ў гэтым вялікая паэтычная прыгажосць і сацыяльная значымасць «Віленскіх камунараў». «Віленскія камунары» - раман гістарычны. Аўтар адлюстраваў адзін з найбольш важных і рашаючых этапаў у барацьбе беларускага і літоўскага народаў за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі. Ён апісаў рэальныя гістарычныя падзеі, паказаў сапраўдных удзельнікаў».
Суровай летапіснай праўдай пра тое, як беларускі і літоўскі народ змагаліся за Кастрычнік, называў раман «Віленскія камунары» ў 1982 годзе і Барыс Сачанка.
Дакументальную дакладнасць пацвярджалі і самі ўдзельнікі падзей на Вароняй вуліцы. Адзін з іх, стары літоўскі камуніст А. Якшэвіч, напісаў своеасаблівую рэцэнзію на раман-хроніку «Віленскія камунары», у якой мы можам прачытаць наступнае: «Нават асобныя дэталі, апісаныя ў рукапісе, цалкам адпавядаюць таму, аб чым расказваюць жывыя сведкі і ўдзельнікі гэтых падзей, а таксама таму, што я сам бачыў і перажыў... «Лоўля людзей на вуліцах горада ...» - «гэта прыйшлося перажыць і мне ранняй вясной 1918 г.» [У часе нямецкай акупацыі Вільнюса. - В. Г.] «Нямецкая акуратнасць, што межавала з тупагаловасцю», «гігіена...», «Я сам паспрабаваў такую [як апісаная Гарэцкім. - В. Г. ] лазню ўжо летам 1918 г. у мястэчку Кашэдары...».
Узаемаадносіны палітычных партый і груп у Вільні, апісанне ўдзельнікаў падполля і проста канкрэтных людзей у рамане М. Гарэцкага амаль цалкам адпавядае рэальнасці.
Менавіта такая поўная адпаведнасць, а значыць, гістарычная праўда, і па сённяшні дзень прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Аднак дыскусіі пачынаюць фарміравацца вакол думкі аб тым, што дакументалізм «Віленскіх камунараў» больш падобны на «спрошчаную публіцыстыку» на фоне арыгінальнай фігуры Мацея Мышкі.
Розныя трактоўкі рамана адбіліся на разуменні даследчыкамі вобраза Мацея Мышкі - галоўнага героя твора. Актуальнай застаецца наступная характарыстыка героя: нашчадак былога прыгоннага, чалавек сялянскага паходжання, які з цягам часу стане «тыповым прадстаўніком рабочага класа, які потым перарасце ў камуніста, чалавека-змагара і пераўтваральніка жыцця на новых сацыяльных і палітычных асновах». Але найперш ён усяго толькі, як адзначаў І. Чыгрын, «дзівак з мізэрным прозвішчам Мышка», «непасрэдны», «капрызны і ўпарты», які не мае трывалай палітычнай пазіцыі, разважлівасці і ўвогуле, нармальнага чалавечага прагматызму. Большасць даследчыкаў згодныя, што гэта збіральны вобраз, цалкам падпарадкаваны гісторыі ці, па словах М. Мушынскага, «носьбіт адбітку гістарычнага вопыту мінулага». Аднак пазней М. Мушынскі прыйдзе да высновы, якая можа стаць канцэптуальнай у падыходзе да разумення вобраза галоўнага героя: «Чалавек, у тым ліку непасрэдны ўдзельнік рэвалюцыі, ва ўяўленні пісьменніка - вялікая загадка, глыбокая таямніца, а матывы ўчынкаў і паводзін чалавека, яго памкненні патрабуюць уважлівага разгляду, самага пільнага вывучэння».
Вобраз бунтарскі, і менавіта гэтая здольнасць Мацея Мышкі «не трываць» выклікала ў даследчыкаў 1960-х - першай паловы 80-х гг. розначытанні. Так, адны сцвярджалі, што Мацей «ад стыхійнага пратэсту прыйдзе да разумення неабходнасці згуртаванай барацьбы пад кіраўніцтвам камуністаў» (М. Мушынскі) і стане свядомым і актыўным барацьбітом за новае жыццё (Д. Бугаёў), другія сумняваліся ў Мацеевай здольнасці свядомай ацэнкі рэчаіснасці і наяўнасці трывалага погляду на гістарычную сітуацыю па прычыне адсутнасці рацыянальнага падыходу да рэчаіснасці і стыхійнага характару мыслення. «Стыхія яшчэ не ўвайшла ў берагі, - заўважаў І. Чыгрын у новым выданні сваёй кнігі пра М. Гарэцкага. - Зразумела, што падобныя героі не маглі быць надзейнай апорай у такой жорстка рэгламентаванай справе, як класавая барацьба. Калі ацэньваць баявыя магчымасці віленскага рабочага асяроддзя з пункту гледжання псіхалагічна-родавых дадзеных Мышкаў (а з іншага ацэньваць няма падстаў: Мышкі найбольш характэрныя і масавыя прадстаўнікі так званага віленскага пралетарыяту), то не цяжка зрабіць вывад, што мары бальшавікоў авалодаць тады ўладай у Паўночна- Заходнім краі праз актывізацыю мясцовых рэвалюцыйных сіл былі не інакш як фікцыяй».
На стыхійны характар удзелу беларуса ў барацьбе звяртаў увагу і Алесь Адамовіч, знаходзячы такія дзеянні часам «гарачымі» і «бяздумна-безагляднымі», а значыць, мала апраўданымі, нягледзячы на сілу супраціўлення. «Супраць людзей такога тэмпераменту, такога складу характару бязлітасна дзейнічае «закон гістарычнага бумерангу», - сцвярджаў А. Адамовіч. - Бо актыўнічаюць Мышкі часцей за ўсё - як узрываюцца. Калі ўжо больш цярпець не можна. Без патрэбнай гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. Дорага, заўсёды вельмі ж дорага абыходзіцца такім людзям, як Мышкі, «удзел у гісторыі». Жывуць яны гістарычным жыццём не пастаянна, а імпульсіўна, «час ад часу». Адштурхнуць «бумеранг» і зноў пагружаюцца ў паўсядзёншчыну, у клопаты, справы, думкі свае, а ён вернецца ды так стукне! І зноў нечакана». Але ж Мацей, як бачыць Адамовіч, герой перспектыўны, які актыўна бярэ ўрокі ў гісторыі, а значыць будучае за імі - рэальнымі людзьмі, энергія якіх падпітана бунтарскім вопытам продкаў.
Відавочна, што вобраз Мацея Мышкі дастаткова складаны, у яго стварэнне Гарэцкі ўклаў не толькі свой вопыт творчы, але і жыццёвы. І адказаць гэтым вобразам імкнуўся не толькі на пытанне «што рабіць?», але і спрабаваў указаць на тое, з чым трэба змагацца. І не выпадкова герой твора такі непасрэдны, капрызны дзівак з камічна-бунтарскім мінулым, і не выпадкова, як трапна заўважаў А. Адамовіч, «адчуваецца ў творы рука «Пісарэвіча».
Заканамерна, што неўсталяванасць ацэнак вобраза галоўнага героя выклікае супярэчлівасць у ацэнках і самога жанру рамана.
Сам аўтар назваў твор «Віленскія камунары» раманам-хронікай. Сапраўды, храналагічнай перадачы падзей у Вільні рэвалюцыйнага перыяду, якія ў сваю чаргу прывялі да паўстання віленскіх камунараў, надаецца вялікая ўвага. Аднак аснова сюжэта - гісторыя Мышкі і яго роду, і вось гэта хроніка роду Мышкаў як чыннікаў гісторыі падаецца са спасылкаю на смехавую культуру. Перад намі - не «сур’ёзная», не кананічная хроніка, як, напрыклад «Камароўская хроніка», і на гэтым неабходна зрабіць акцэнт.
«Продкі мае з бацькавага боку былі сяляне-крапакі польскіх паноў Хвастуноўскіх і жылі ў вёсцы Жабракоўцы, Брудзяніскай вобласці, Свянцянскага павета, Віленскай губерніі. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Прадзед быў чалавек упарты, грубіяніць не кідаў. Нарэшце, на злосць пану, задавіўся ў лесе, на горкай асіне, калі быў яшчэ малады гадамі,» - вось так нечакана ў рамане «Віленскія камунары» трагедыя перадаецца праз смехавое слова. У апавядальнай плыні парадаксальна звязваецца сур’ёзнае з жартоўным, драматычнае з іранічным, трагедыйнае з фарсава-камічным.
Менавіта такая сямейная легенда, дзе героі ад безвыходнасці, якая «ўрачліваму погляду» можа падавацца немэтазгоднай упартасцю, вешаюцца, слепнуць «ці то ад слёз, ці то ад трахомы», жабруюць з малымі дзецьмі, жывуць у адмысловай «непарыўнай сувязі» з прыродай (як становіцца вядомым, дзядуля галоўнага героя застаецца сіратой, таму што яго маці спаліў пярун). І ўсё гэта яшчэ аздоблена эпіграфам - усяго толькі двума радкамі верша Я. Купалы: «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына...», якія пры ўсім гэтым маюць абсалютна неадназначнае гучанне. Вось і атрымліваецца нейкі зашыфраваны зачын, толькі чаго - рамана-хронікі ці гісторыі «плута», авантурыста не па сваёй волі, чалавека, вымушанага зрабіцца экстрэмалам у жыцці, Мацея Мышкі, які, каб мы маглі лепш зразумець яго вобраз, знаёміць нас з гісторыяй сваіх продкаў.
Для цікавасці параўнаем, як пачынаюцца іншыя гісторыка-хранікальныя творы М. Гарэцкага. Так, запіскі салдата «На імперыялістычнай вайне» маюць больш роўны ў эмацыянальным плане характар. Твор пачынаецца наступным чынам: «Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня, 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класса па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мясцечку недалечка ад нямецкае граніцы». Вось для прыкладу той жа адзін абзац - і ніякай іроніі, ніякага эпіграфа, толькі павольны настрой апавядальніка.
«Камароўская хроніка», у параўнанні з вызначанай аўтарам хронікай «Віленскія камунары», кардынальна адрозніваецца па характары першых старонак, нягледзячы на тое, што і пачынаецца ў пэўным сэнсе экскурсам у мінулае, з самага пачатку мы можам чытаць: «На аднэй геаграфічнай мапе, складзенай за часы Кацярыны, - значыцца, у блізкім часе пасля далучэння краю да Расіі (1772), - няма ні П’янава, ні Палянкі, хоця яны большыя за Камароўку, а Камароўка, хаця яна меншая, паказана. Можа, тут быў трыянгуляцыйны пункт.
Самыя старыя камароўскія дзяды не ведаюць, калі Камароўка пачалася. Але апавядаюць, што п’янаўскі пан, каб болей мець засеву, выганяў людзей з даўных вёсак на новыя месцы, глыбей, у лес, на ляды і расцяробы. І тады, кажуць яны, у ліку іншых новых вёсак пачалася Камароўка. Нібыта выйшлі з Палянкі чатыры двары, потым яшчэ два, - з таго яна і пачалася».
Такім чынам, пасля супастаўлення пачаткаў твораў хранікальнага характару, становіцца зразумелым, што іранічны зачын «Віленскіх камунараў» не выпадковы. Сумоўе з чытачом, у якое ўступае М. Гарэцкі ў рамане «Віленскія камунары», можа быць адзначана яшчэ і тым, што аповед вядзецца ад першай асобы (але ж такі факт мы можам назіраць і ў запісках «На імперыялістычнай вайне», аднак там сур’ёзны дакументальны аповед вядзецца ад імя салдата, непасрэднага ўдзельніка падзей вайны), ад імя Мацея Мышкі, які сам народзіцца толькі ў сярэдзіне твора. «Радзіўся я на маслянку, - дзеліцца з намі радасцю апавядальнік. - Пілі многа піва, і елі сыр з маслам, і жадалі мне, каб качаўся я ў жыцці, як сыр у масле. Што і спраўдзілася ў значнай меры...».
Прыём рэтраспекцыі, па-майстэрску выкарыстаны М. Гарэцкім, не пазбаўляе нас адчування, што асоба-эмбрыён пэўны час апавядае гісторыю сваіх продкаў, спрабуе разабрацца ў палітычным становішчы краіны, якое непасрэдна адбіваецца на лёсе яго роду.
Усё гэта дае падставы лічыць, што вышэйназваны раман-хроніка М. Гарэцкага не традыцыйны па жанры раман беларускай літаратуры. Між тым яшчэ і ў даследаваннях 2004 года, напрыклад, рабоце П. Васючэнкі, можна прачытаць, што «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка» напісаны ў «паслядоўнай рэалістычнай манеры, у традыцыі аналітызму і псіхалагізму, без прэтэнзій на пашыраны падтэкст і іншасказальнасць». Нягледзячы на тое, што літаратура савецкай краіны мела сацрэалістычны характар, Гарэцкі імкнуўся наблізіць свой твор да новай эстэтыкі, да традыцый сусветнай літаратуры XX стагоддзя.
Магчыма, невыпадковы і той прыватны факт, што ў працэсе работы над раманам пісьменнік чытаў твор Ч. Дзікенса «Крама старажытнасцяў», пра што сведчаць лісты з перапіскі Гарэцкага з жонкай, Леанілай Чарняўскай. Можна выказаць меркаванне, што гісторыя маленькай адзінокай дзяўчынкі Нэл нейкім чынам паўплывала на гісторыю жыцця Мацея Мышкі.
У прадмове да «Крамы старажытнасцяў» Ч. Дзікенс пісаў: «Скажу здесь только, что, работая над «Лавкой древностей», я всё время старался окружить одинокую девочку странными, гротескными, но все же правдоподобными фигурами и собирал вокруг невинного личика, вокруг чистых помыслов маленькой Нелл галерею персонажей столь же причудливых и столь же несовместимых с ней, как те мрачные предметы, которые толпятся у её постели, когда будущее ее лишь намечается».
Чыстыя намеры героя і гратэскныя персанажы вакол героя - ці не гэта мы можам назіраць у творы «Віленскія камунары». Магчыма, і прыгодніцкі, часам плутаўскі характар рамана - гэта не выпадковасць, а тая каштоўнасць, якую нясе ў сабе твор.
М. Гарэцкі - сапраўдны майстар слова, чалавек з глыбокімі ведамі, быў схільны да наватарства і эксперыменту ў літаратуры. Да таго ж, у яго было выдатнае пачуццё гумару, якое не пакінула яго нават у высылцы (з перапіскі мы можам бачыць, як ён імкнуўся падбадзёрыць сваю сям’ю), - і ўсё гэта пераканаўча даказвае, што Гарэцкі імкнуўся ўспрымаць рэчаіснасць праз прызму часам іроніі, а часам і сарказму, тым больш што жыццё вельмі часта і жорстка нібы іранізавала з пісьменніка.
Падчас узнікнення «Віленскіх камунараў» М. Гарэцкаму было немагчыма абысці ідэалагічны бок, метад сацыялістычнага рэалізму (нягледзячы на тое, што сам тэрмін узнік у 1932 годзе і быў замацаваны толькі ў 1934 г., аднак прыярытэтнасць сацыялістычнага рэалізму сцвярджалася ўжо з 1906 года, часу напісання М. Горкім рамана «Маці»). Гэта вельмі добра разумеў беларускі пісьменнік, і гэта таксама абумовіла той факт, што лёс кожнага героя твора цесна ўплецены ў палітычны працэс. Уласна, і ў аснову назвы пакладзена не імя галоўнага героя, а працэс на чале з групай людзей - віленскімі камунарамі. Але ўсё гэта толькі знешнія атрыбуты, якія давалі твору права на існаванне ў савецкай сістэме каштоўнасцяў. Пра гэта пісала і Л. Сінькова: «Няцяжка заўважыць, што большасць з твораў 1910-1920 гг., якія пазней назвалі сацрэалістычнымі (напрыклад, Купалы, Багдановіча, Бядулі, Чарота, Дубоўкі, Жылкі, Зарэцкага, а таксама Ядзвігіна Ш., Коласа, Гарэцкага, Чорнага), у сапраўднасці былі напісаны згодна з паэтыкай рамантызму і неарамантызму, наіўнага рэалізму і рэалізму сталага, пасляталстоўскага, імпрэсіянізму і сімвалізму - у спалучэнні або з адраджэнцкай ідэяй, або з ідэяй сацыялістычнай, камуністычнай. Падкрэслім, што ў розныя часы сацрэалістамі маглі кваліфікавацца вельмі розныя пісьменнікі. Дзеля гэтага досыць было таго, калі яны з пэўнай нагоды публічна выказвалі прыхільнасць да Савецкай краіны».
Калі ўзяць пад увагу гэта меркаванне, то становіцца зразумелым, чаму твор Гарэцкага на першы, павярхоўны погляд мае такую савецкую афарбоўку, а тагачасная крытыка, што абгрунтоўвала рэабілітацыю пісьменніка, - такую тэндэнцыйную аналітычную згоду. Савецкі тэматычны настрой твора - нібы код доступу ў свет, пэўная вуаль, што прыкрывае бунтарскі настрой, які не пакінуў пісьменніка нават пасля шматгадовых пакут. Таму мы маем усе падставы, каб лічыць і аргументавана даказваць, што твор М. Гарэцкага «Віленскія камунары» - не столькі традыцыйная гістарычная хроніка, колькі першая спроба раманнага апавядальніцтва (дымскурсу) ускладненага, шматузроўневага, з увядзеннем у беларускую прозу элементаў так званага плутаўскога рамана, з адмысловым спалучэннем трагічных, меладраматычных і смехавых інтанацый у голасе апавядальніка.
Вольга Губская
Максім Гарэцкі — па-руску
28 лістапада ў Доме Масквы пры падтрымцы «Рассупрацоўніцтва» адбылася прэзентацыя кнігі Максіма Гарэцкага «Родные корни. Избранное» ў перакладзе на рускую мову Ідаліі Кананец (выдавецтва — «Выдавецкі дом «Звязда»»).
Прыемна адзначыць зацікаўленасць творчасцю М. Гарэцкага з расійскага боку. Выконваючы абавязкі Старшыні Федэральнага агенцтва «Рассупрацоўніцтва» Рэспублікі Беларусь Віктар Мічурын прызнаўся, што з цікавасцю слухаў аповесць «На імперыялістычнай вайне» ў выкананні Алега Вінярскага, а са з’яўленнем рускамоўнай версіі твора з асалодай прачытае яго.
Імпрэзу наведалі літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Міхась Кенька, Ганна Запартыка, Ірына Муфель і, вядома, нязменны кіраўнік Фонду братоў Гарэцкіх Радзім Гарэцкі.
На жаль, перакладчыца кнігі Ідалія Кананец не змагла прыехаць на прэзентацыю, але даслала вестачку ад сябе — «Слова перакладчыка да прэзентацыі кнігі Гарэцкага «Родные корни»» — каштоўны літаратурны ўспамін пра тое, як праца над творамі М. Гарэцкага змяніла яе жыццё. Пачалося гэта, як адзначае І. Кананец, у 1987 годзе з ліста ад «Мастацкай літаратуры»: «Да гэтага часу я ўжо ведала і ўсёй душой разумела і прымала Гарэцкага, але нават не сніла, што мне даручаць перакладаць класіка. (…)
Пасля выхаду ў свет «Выбранага» вырашыла пазнаеміцца з Галінай Максімаўнай Гарэцкай. Гэта знаёмства перерасло ў сяброўства: сустрэчы ў мяне і ў яе, дні народзінаў, абмен кнігамі, ледзь не штотыднёвыя тэлефонныя размовы, яе лісты, калі яна ад’язджала ў Мінск, і падараваныя ёю кнігі (чатырохтомнік Гарэцкага і дадатковы да яго аднатомнік, кніга «Апавяданняў» яе маці, пісьменніцы Леанілы Чарняўскай, кніга яе брата «Лісты з фронту», яе ўласная кніга) — і ўсё гэта з чуллівымі надпісамі і «вялікай удзячнасцю».
Сяброўства наша цягнулася да сыходу дачкі М. Гарэцкага ў далейшы незваротны шлях. Я была б нашмат бяднейшая душой, калі б не маё сяброўства з Галінай Максімаўнай».
Нягледзячы на цеплыню ўспамінаў, ліст перакладчыцы быў азмрочаны шкадаваннем, што свет убачылі не два, а адзін том твораў М. Гарэцкага.
Сюрпрызам імпрэзы стаўся фільм «Рускі», які рэжысёр Віктар Аслюк зняў па матывах апавядання «Рускі» з цыкла «На імперыялістычнай вайне».
Творы, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму
Восень. Пагодзіна. Горкі.
Цэдзіць святло маладзік.
Тут па былінных пагорках
Калісьці
Гарэцкі
хадзіў.
Гэтак жа падалі зоркі,
Антонаўкі спелі ў садах.
Пахла бульбоўнікам горкім,
Калі ён пра долю гадаў.
Спеліў шчымлівае слова,
Каб праўдаю высветліць сказ,
Каб слова дыхнула жытнёва
І нам растлумачыла нас.
***
М.Гарэцкаму
У краі лясоў і ўзгоркаў
Убачыш Былыя Часы,
Дзе некалі дзіўная зорка
Шукала свае галасы.
Ды нема зямліца маўчала,
Сказаць не знаходзіла сіл.
Самому ж здавалася мала
Пражыць Час, якому не міл:
Устаўшы над брудам адчаю,
Пабачыў уперадзе свет.
Адбіткі тых слоў прыкмячаю,
Паспелых, як яблык - ранет.
***
М.Гарэцкаму
Я зноў пачуў гаворку дзеда,
Маіх краёў і смех і стогн.
Да вёскі ў падводзе еду,
Вязём паціху сена ў стог.
Хоць гэты час не так далёка,
Ды ўжо яго не раглядзець,
Малюнак іншы бачыць вока,
І пачынаеш жыць хацець.
А дар сапраўднага паэта
Гучыць з адпешчаных радкоў,
Так доўжыцца навука дзеда,
І сена смак з усіх бакоў.
Гады ідуць, боль заціхае.
Мінуў парадаксальны век,
А нас Гарэцкі сустракае
Ля карпусоў, бібліятэк.
І сіла залатой эліты
Не страціць моцы праз гады,
Што беларускасцю адліта –
Дасць праз вякі свае плады.
Боль здрады
Багацькаўка Малая. Дата:
Праз сем гадоў – дваццаты век…
Пад саламяным дахам – хата.
Тут нарадзіўся чалавек.
Ён Сейбітам стаў і Аратым
Адвечнага ў краі бацькоў.
Загінуў не на полі ратным –
Партыйныя забілі каты
У самым росквіце гадоў.
Быў.
Быль.
Боль здрады прыціхае.
Сыйшоў парадаксальны век.
А нас Гарэцкі сустракае
Ля карпусоў, бібліятэк.
Насенне залатой эліты
Не страціць моцы
праз гады.
Што беларускасцю адліта,
І праз вякі дае плады.
Памяці Максіма Гарэцкага
I
Не толькі тая маці нам,
Што нарадзіла, узрасціла,
А тая родная сынам,
Чыя жыве ў іх моц і сіла.
Чые пякуцца мазалі,
Чые завуць палі і гоні…
Ты сын і горацкай зямлі,
З якой твае ўзляцелі коні.
Каб заіскрыла цемра-ноч,
Патрэбны моцныя падковы,
Ды не ляцець жыцця узбоч,
Дзе лёс лунае выпадковы.
А крочыць, дзе звініць ралля,
Дзе родзіць, б’е так трапна слова,
Калі майстэрствам каваля
На шчасце зроблена падкова.
II
У Багацькаўцы сягоння
Песні матчыны шчыруюць.
Сыне родны і народны,
Землякі цябе шануюць.
Не, таго не адбылося
На тваім шляху агністым,
Каб ты здрадзіў свайму лёсу,
Здрадзіў песні асабістай.
Ў час знявагі і знямогі
(Каты цешыліся ўволю)
Закаваць даў рукі, ногі,
Песню ж выпусціў на волю.
Марыя Новік
Слова i вобраз у “Скарбах жыцця” Максіма Гарэцкага
Словы Уладзіміра Калесніка датычацца як і яго самога, так і тых постацяў нацыянальнае культуры, што сталі сімваламі Беларусі, што пакінулі нашчадкам сваё асэнсаванне вечных праблемаў - жыцця і смерці, рэальнага і нерэальнага, яўнага і “патаёмнага”, свой вопыт быцця ў Сусвеце. З гэтымі словамі звязваецца і асоба Максіма Гарэцкага. Яго “Скарбы жыцця” адкрыліся для беларусаў толькі ў 100-гадовы юбілей пісьменніка. I гэты факт успрымаецца як своеасаблівы знак - адбітак трагедыйнага лёсу нацыі, нацыянальнае культуры.
Усё ў творы сэнсава і эмацыйна скандэнсаванае, насычанае шматслойным падтэкстам. Кніга, што так доўга ішла ад творцы да чытача, — “лебядзіная песня” Максіма Гарэцкага, споведзь яго душы, тэстамант нашчадкам. Гэта аповед-трагедыя, якая ўвабрала ў сябе найлепшае, чаго дасягнуў пісьменнік у творчасці. Усе назвы, якія прапанаваў аўтар для загалоўка, - “Скарбы жыцця (Лебядзіная песня)”, “Скарбы (Лебядзіная песня)”, “Плач”, “Брама скарбаў” - сімвалічныя. Кожная з іх дапаўняе, дадае новае сэнсавае адценне канчаткова выбранай. Лебядзіная песня — устойлівы выраз, значэнне якога паходзіць з падання, што лебедзь пяе толькі адзін раз у жыцці — перад смерцю. Пісьменнік падзяліўся скарбамі, што “назбіраў-назапасіў за сваё жыццё”. Скарбы незвычайныя: яны — набытак душы, дзе “дабра прыхавана нямала: залатога смутку багатыя скрыні, самацветнай бяссільнасці доўгія нізкі, бясцэннай роспачы буйныя зерні”. Метафарычна-алегарычны кантэкст, у якім асноўную сэнсавую нагрузку нясуць алагічныя спалучэнні залаты смутак, самацветная бяссільнасць, бясцэнная роспач, выяўляецца праз словы мужнага чалавека, што змог адолець і смутак, і роспач, і бяссільнасць ды ацаніць іх, ператварыць у каштоўнасць, скарб. Для сябе. Для нашчадкаў. Гэта словы мастака, што годна ішоў цярністай дарогай, нёс крыж пакуты і годна прыняў смерць. “Дастойнае пражыванне жыцця, — У. Калеснік, - справа не простая для душы ўражлівай, чулай, ранімай. Ёй не абысціся ні гордым маўчаннем, ні ганарлівым скепсісам, ні нават дэманічным бязвер’ем. Разуменне свету і здабытая ў пошуках зычлівасць, ласка – вось спосаб парадкавання уласнай душы”. “Скарбы жыцця” – адбітак душы, у якой змагаюцца разнастайныя, часам супярэчлівыя пачуцці, ды ўсё ж перамагае - праз спазнанне красы і трагедыі жыцця зямнога, жыцця свайго народа — мудры спакой моцнага чалавека: “Цану рэчам пазнаў. Людзей да самых глыбінь уведаў. Жыццём даражыць навучыўся. I да смерці сябе рыхтаваць я ўмею”.
Твор М. Гарэцкага ўспрымаецца як сваеасоблівыя мастацкія лісты, лісты-абразкі, непарыўна звязаныя з ягонай эпісталярнай спадчынай - “лістамі з няволі” да жонкі і дзяцей (паказальна, што ліст да жонкі ад 3 лютага 1932 г. нагадвае абразок са “Скарбаў жыцця”).
Пісьменнік вельмі лаканічны. Экспрэсіўнасць малюнкаў дасягаецца і словам, і ладам фразы, ладам усяго тэксту. Адметныя асацыяцыйна-сімвалічныя, алегарычныя вобразы і эмацыйны сінтаксіс ствараюць высокае поле напружанасці, з якога немагчыма вырвацца. Найчасней М. Гарэцкі выкарыстоўваў простыя сказы. Сярод іх вялікую колькасць складаюць назыўныя, неразвітыя. Яны фіксуюць пэўную падзею, з'яву, прадмет, дзеянне. Кожны абразок — як кадр кінастужкі. Так — кадр за кадрам — адкрываецца чытачу лёс асобы, лёс народа. У кожным новым тэксце-кадры ўвага акцэнтуецпа на тым, што выпакутавана, што яшчэ і яшчэ раз прайшло праз розум і сэрца і што важна ведаць чалавеку — жывой часцінцы “бязмернага сусвету”. Лексічнымі паўторамі, інверсійнасцю сказаў, недасказанасцю ў канструкцыях са шматкроп’ем, а таксама драбленнем тэксту абразкоў на шматлікія абзацы ствараецца надзвычай эмацыйная, экспрэсіўная рытмамелодыка асобных абразкоў і ўсяго твора. Інфармацыйнасць аповеду ператвараецца ў лірычную эмацыйнасць маналогу. Чытач далучаецца да аўтарскага “я” і таксама шукае адказы на вечныя пытанні. Словы вечны, вечнасць — ключавыя словы-сімвалы ў “Скарбах жыцця”. Рэалістычныя малюнкі набываюць алегарычна-сімвалічнае гучанне. Так, хлопчык-пастушок, які ходзіць з трубою “па полю, па балоце, па лагу, па кустох-хмызнякох, у пушчы і з пушчы — ходзіць”, - увасабленне музыкі, песняра. Берасцяная труба “галосіць аб вечнасці. Яна пяе вечна аб вечнасці”.
Вобраз Беларусі, што ўзнікае з апісання разнастайнага ландшафту, у наступным абразку дапаўняецца новымі дэталямі: “А ў тым полі ёсць узгорак, а на ўзгорку — гай. Шумяць вечныя бярозы, а пад імі - могілкі”. У абшар жывога, што расце, шуміць уверсе, уключаецца тое, што ўнізе, што дапаўняе беларускі краявід: “Сумна-кінута, забыта-недагледжана ўнізе: сціраюцца мізэрныя курганкі. Пагнілі, патрухлелі, паваліліся крыжыкі...”. Лаканічныя, нешматслоўныя абразкі — як фота, малюнкі, на якіх балючыя рэаліі жыцця сучасных беларусаў. Занядбаныя магілы - боль пісьменніка. Ён звязваў культуру, духоўнасць чалавека з памяццю продкаў, з пашанаю да гістарычнае памяці, да нацыянальнае спадчыны — курганоў і магілаў.
Паўтараючы словы вечны, вечна, вечнасць у новых спалучэннях, новых кантэкстах, М. Гарэцкі падключаў чытача да асэнсавання жыцця асабістага, да асэнсавання жыцця чалавека як часцінкі свайго народа. Падарожнікі і “бясконцы спрадвечны шлях”. Шлях аднаго і шлях народа: “Жудасна-марудны крок. Вечнасць. Хада”. Падарожнікі “гуляюць, круцяцца ў безуважнай немай вечнасці”.
Кола-круг. Усё жыццё чалавечае — кола, што круціцца ў вечнасці. Чалавек - часцінка загадкавага, бясконцага Сусвету, з якім непарыўна звязана і жыццё чалавечае, жыццё народнае, яго мінуўшчына, сучаснасць і будучыня. I ты — кожны — у гэтым бясконцым руху: “I ты - круціся! Вырві маркоту з свайго сэрца і круціся, круціся! Музыка варушыць у табе вечнасць — вечна маркотную, часам вясёлую. Дык круціся ж, круціся! Не зняважыш гэтым вечнасці. Бо і яна ў табе, і ты ў ёй. Не выскачыш - круціся!”.
У “Скарбах жыцця” біблійныя матывы і вобразы спалучаны з традыцыйнай народнай сімволікай, што выяўляе асновы, карані этнічнай свядомасці беларусаў. Традыцыйныя сімвалы абноўленыя, паглыбленыя, пазначаныя трагедыйным лёсам самога аўтара, лёсам беларусаў-выгнаннікаў, пакутнікаў. Так, рамантычны вобраз васількоў, асэнсаваны, асвоены Максімам Багдановічам “як сімвал красы, як імкненне да прыгожага, да ідэалу”, у апошнім творы Максіма Гарэцкага атрымлівае новыя адценні. Васількі - не толькі любімыя кветкі пісьменніка (паводле ўспамінаў дачкі), але і яркі мастацкі сродак. Жытнёвае поле і васількі - разгорнутае апісанне ў аповесці “Ціхая плынь”. Васількі - гэта сімвал духоўнай повязі з радзімаю, з родам, гэта сімвал творчай сілы, мастацтва, што “ўзвышае чалавека ў чалавеку” (А. Лойка). Гэта і сімвал духоўнага скарбу народа, нацыі, што ідзе крыжовым шляхам. Слова пісьменніка — гэта малітва за свой народ, за творчы геній народа: “Судзі мяне, судзі мяне кожны і ўсякі. Судзі мяне судом сваім і кожным і ўсякім... Карай мяне карамі сваімі, карай. Толькі прашу цябе: не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў...”.
Трывушчасць, ахвярнасць і духоўная нескаронасць асобы, нацыі — асноўны матыў “Скарбаў жыцця”. Усохлая старая груша, што выпусціла жывы парастак, — ці не сімвалічнае ўвасабленне думкі пра неўміручасць духоўнае энергіі, духоўных скарбаў, думкі пра непарыўную сувязь продкаў і нашчадкаў, пра жыватворнасць вечных каранёў, якія даюць сілу маладому - парасткам (паказальна, што сваіх дзяцей М. Гарэцкі ў лістах называў парасткамі). Груша дуля — акраса роднага саду, пэўна, тое дрэва, што ў свядомасці беларусаў звязваецца з маленствам. I не толькі таму, што гэтае дрэва з матчынае калыханкі. Груша - слова-вобраз, замацаванае ў народнай вусна-паэтычнай творчасці, звязваецца ў “Скарбах жыцця” і з тым дзіўным дрэвам тэравінфавым, ад якога, паводле меркаванняў вучоных, паходзіць назва вострава Патмос: яно “дасягае тысячагоддзя, а потым на месцы аджыўшага з’яўляюцца маладыя парасткі” (Гарэцкая Г. Тлумачэнні; 118). (Разгорнутым апісаннем грушы, што “цвіла апошні год”, пачынаецца раман “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.) Твор М. Гарэцкага адкрывае пакутлівы шлях пераадолення суму, самоты, шлях змагання з маркотаю, скрухаю і адчаем асобы творчай, дзейснай. Пісьменнік ратаваў свой дух, лекаваў яго творчаю працай — і ў ссылцы пісаў хроніку жыцця свайго, свайго роду, свайго народа. Няўробленае поле, пустое поле, убогая ніва, пасохлая ніва — гэта ягоны вечны боль: “Скарбы мае, скарбы бясцэнныя! Што з вамі робяць! Як жа мне жыць!..” Твор, дзе многае зашыфравана, зацемнена, схавана ў алегарычна-сімвалічных вобразах, уражвае такой глыбокай, пранізлівай інтанацыяй, такой журботнай, сумнай, якая не пакідае ні на хвіліну, запаланяе, забірае ў сваё кола. Адчуваеш неймаверны смутак, нуду, самоту, разумееш, якую ж моц душы трэба было мець, каб жыць: “I адчую сябе самотным смяртэльна” (27); “I быў я адзін, адзін...” (29); “I слёзы мёрзлі ў мяне на ваччу” (35). Рытмамелодыка, стылістыка абразкоў сапраўды падобная да плачу. У хвіліны смутку, адзіноты з’яўляецца вобраз маці. У пакутлівыя хвіліны, на фоне змрочнага, жудаснага, чорнага, яна - як знак падтрымкі, як знак суперажывання ягонае мукі. Гэта і сімвалічнае ўвасабленне маці-Беларусі: “I вось на разку, пад гайком, дзе кусты і магілы, адна, сумная, аслабелая, - маці мая чорнае жыта дажынае, чорныя снапы зносіць... Маўчыць. Тугу сваю чорную хавае”.
Плач па маці ў заключных старонках “Скарбаў жыцця”. Пакутаваў, гараваў: не стала яе, а ён далёка, ён не можа нават правесці маці ў апошні шлях — не атрымаў дазволу (маці не стала 4 сакавіка 1935 г.). Як плач-галашэнне - радкі, дзе эмацыйна выяўляецца сваё, асабістае — боль ад страты, ды за такімі адчуваннямі, пачуццямі — перажыванні многіх: “Больш яе не ўбачу ніколі. Ніколі не пацалую. Ніколі да яе не прытулюся...
У зямлі сырой, глыбока, пад снегам, пад мяцеліцаю ляжыць. У госці мяне ўсё чакае. Так і тая сына свайго ўсё чакала. Так усе маткі нашы нас чакаюць, чакаюць...”.
Пра маці сказаў, выкарыстаўшы і пашыраны ў “Скарбах жыцця” сімвал: “Выспа Патмос сэрца ёй мацавала. Таму сэрца ў яе было такое моцнае”. Так лаканічна - пра духоўную моц маці, пра духоўнае хараство яе, пра багацце матчынае душы, яе красу. Родны і блізкі вобраз маці вырастае да біблійнага вобраза Маці Божай: “У гаі высокім бярозавым я хадзіў. Абраз маткі-пакутніцы з пахіленаю да дзіцятка галавою бачыў, - высока, сумна, паважна...
Чорныя баравікі там браў...
I не было мне адхлання...
Ніхто не ведаў, што гора ў мяне. Ніхто не ведаў, што цяжка мне. З кім было мне гора падзяліць? З кім мне было цяжкасць аблягчыць? Вакол людзі сцюдзёныя, чужыя... Што ім да мяне...”.
Спалучэнне ў творы ўмоўна-сімвалічных вобразаў — біблійных і фальклорна-паэтычных — адзнака і майстэрства аўтара, і ягонай глыбокай унутранай повязі з родным, з тымі каранямі, што мацавалі яго, матчын парастак. Матчына душа — птушка. Яна вольная, яна жывая: “Заўтра дванаццатая птушка паляціць. Ідзі, прывітай яе”. Матчына вечная спагада, ахвярнасць і святло — у абліччы той, што на абразах.
Апошнія старонкі “Скарбаў жыцця” — гэта абразкі, дзе гучыць думка пра развітанне і сустрэчу. Душэўны боль не сціхае, хоць і аддаляецца дзень незагойнае раны, незваротнае страты. Пачуццё віны перад маці не пакідае. Ды адначасна жыве адчуванне, што хутка і сустрэча - там, высока, далёка. I не страшна адляцець: там матчына душа.
“Скарбы жыцця” выяўляюць М. Гарэцкага мужным, нескароным чалавекам, творцам. Яму дадзена было зазірнуць у тое “таёмнае”, каб напісаць гісторыю душы, каб сказаць:
Дык слава жыццю!
Слава і смерці!
Антанімічныя вобразы паяднаныя не толькі інтанацыйна. Вечныя палярныя філасофскія катэгорыі семантычна збліжаюцца ў гэтых радках. Так пісьменнік выказаў свой погляд, сваё разуменне: у іх — пра бязмежнасць прасторы, пра бясконцасць руху ў Сусвеце, пра вечнае пераўвасабленне, пра нескаронасць Духу. Радкі, якімі зачыняе Максім Гарэцкі браму сваіх скарбаў жыцця, — падтрымка кожнаму. Ён захаваў боскае ў душы. З ім і з ягоным народам - ягоны вечны скарб у вечнасці. I скарб гэты — старонкі пакутнай гісторыі душы, асобы, народа — яшчэ адно пацвярджэнне, што беларусы маюць тыя скарбы духоўныя, перад якімі “прыемна адчыніцца агульначалавечая скарбніца векавечных здабыткаў і цывілізацыі”.
Эмануіл Іофе,
прафесар Беларускага дзяржаўнага
педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка,
доктар гістарычных навук
Максім Гарэцкі – беларусазнаўца
Што такое беларусазнаўства? Многія адкажуць так: “Беларусазнаўства - гэта навука, што вывучае адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі і ролю ў сістэме міжнароднай супольнасці народаў у мінулым. Яно вызначаецца комплексным, міждысцыплінарным падыходам да праблем даследавання”.
У артыкуле “Беларусазнаўства” З. Шыбекі (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск, 1993) адзначаецца, што ля вытокаў беларусазнаўства стаялі песняры Ф. Багушэвіч, К. Каганец, археолаг Г. Татур, беларускія народнікі, беларускія гурткі. Сярод беларусазнаўцаў даследчык вылучае А. Сапунова, братоў А. і I. Луцкевічаў, В. Ластоўскага, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Я. Карскага, Е. Раманава, А, Шахматава, Б. Эпімаха-Шыпілу. Вельмі шкада, што ў спісе адсутнічае арыгінальны беларусазнаўца Максім Гарэцкі.
Вядомы пісьменнік М. Лужанін трапна заўважыў: “Першыя празаічныя спробы Гарэцкага прыкмеціў і паставіўся да іх з надзеяй вялікі паэт, крытык бездакорнага густу, Максім Багдановіч... Я. Ф. Карскі знаходзіў у творах маладога Гарэцкага “ўсе дадзеныя, каб з аўтара з часам развіўся добры пісьменнік з самародным талентам”... Са здзіўленнем сталага мастака прыглядаўся Якуб Колас да майстэрства пісьменніка рабіць пры апісанні з’явы і рэчы як бы адчувальнымі навобмацак.
Тры такія сведчанні - важаць больш за прызнанне... <...>
Максім Гарэцкі выключны стыліст, тонкі знаўца народнай і адзін з творцаў нашай літаратурнай мовы...
Максім Гарэцкі для людзей майго пакалення - першаадкрывальнік творчых каштоўнасцей нацыі”.
Біёграф М. Гарэцкага прафесар філалогіі Д. Бугаёў падкрэслівае: “Арыгінальны пісьменнік і таленавіты вучоны - даследчык літаратуры, фалькларыст, мовазнаўца - Максім Іванавіч Гарэцкі на працягу ўсяго свайго жыцця з выключнай самаадданасцю працаваў на ніве беларускай культуры, аддаючы ёй усяго сябе без астатку...
Асабліва значная роля належыць Максіму Гарэцкаму ў развіцці беларускай літаратуры, у першую чаргу мастацкай прозы, а таксама публіцыстыкі, крытыкі і, вядома ж, літаратуразнаўства. Нямала зрабіў Гарэцкі і як пісьменнік, і як вучоны-мовазнаўца для выпрацоўкі сталых норм і агульнага ўзбагачэння беларускай літаратурнай мовы, у асаблівасці мовы мастацкай прозы”.
Вядомы беларускі літаратуразнаўца М. Мушынскі адзначае: “Гарэцкі належыць да ліку тых выдатных прадстаўнікоў беларускай культуры, якія ўнеслі велізарны ўклад у нацыянальнае прыгожае пісьменства і айчынную гуманітарную навуку, узнялі іх на новы, больш высокі ідэйна-мастацкі, эстэтычны і тэарэтыка-метадалагічны ўзровень. Сёння Гарэцкі - агульна-прызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы... <... >
Асобнай гаворкі заслугоўвае дзейнасць Гарэцкага-публіцыста, арганізатара выдавецкай справы, лексікографа, перакладчыка, прапагандыста народнай творчасці”.
Дзіўна, што вучоныя да сённяшняга часу не адзначаюць, што Максім Іванавіч з пачатку творчага шляху быў таленавітым беларусазнаўцам, што ён зрабіў у беларусазнаўства велізарны ўклад які і цяпер яшчэ не атрымаў належнай, сапраўды глыбокай і ўсебаковай ацэнкі.
…Увосень 1909 г. 16-гадовы Максім Гарэцкі паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, хоць конкурс быў вельмі вялікі: толькі 25 месцаў пры 400 заявах. Стрыечны брат вядомага авіяканструктара Паўла Сухі, які вучыўся разам з Максімам, успамінаў: “Я неяк адразу вылучыў Максіма па яго сур’ёзнасці ў кожнай справе і адносінах да сяброў. У скорым часе злучыла і супольная цікавасць да беларускага друкаванага слова. Максім Гарэцкі адзін з першых сярод нас пачаў пісаць па-беларуску карэспандэнцыі і малыя апавяданні з жыцця магілёўскіх сялян, адсылаючы іх у рэдакцыю “Нашай Нівы”. Варта паслухаць яго гутарку, нашу мову, якая гучала ў яго вуснах, як песня, каб запомніць яго на ўсё жыццё”.
Невялікія нататкі, допісы, фельетоны М. Гарэцкага друкаваліся ў “Нашай Ніве” за подпісамі М. Б., Беларус, М. Беларус і Максім Беларус. Першая такая нататка з’явілася ў “Нашай Ніве” 26 верасня 1912 г. Сапраўднае прозвішча аўтар паставіў толькі на кнізе “Рунь” (1914, Беларускае савецкае таварыства ў Вільні).
У ліпені 1914 г. у часопісе “Украинская жизнь” з’явіўся артыкул “Белорусское возрождение” М. Багдановіча, дзе ён прыгадваў кнігу “Рунь” Гарэцкага, а яе аўтара адносіў да людзей, якія ўжо тады займалі прыкметнае месца ў беларускай культуры, нямала зрабілі для развіцця беларускага-нацыянальнага вызваленчага руху і былі віднымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння: “Менавіта дзякуючы іх стойкасці і самаадданасці, беларускі рух, які знайшоў цяпер цвёрдую апору ў шырокіх кадрах беларускай інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існавання, набыў сваё цяперашняе ідэйнае аблічча і нябуйнымі, але глыбокімі, несціральнымі літарамі ўрэзаў сваё імя на скрыжалях сусветнага літпрагрэсу”.
Ужо ў самым пачатку творчага шляху М. Гарэцкі паказаў сябе эрудыраваным пісьменнікам, які добра ведаў творчасць такіх волатаў рускай, украінскай і польскай літаратур, як А. Пушкін і М. Гогаль, Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі, Т. Шаўчэнка і А. Міцкевіч, глыбока разумеў іх выключную ролю ў духоўным жыцці сваіх нацый, востра адчуваў патрэбы літаратурнага развіцця беларусаў. Пра гэта можна меркаваць з двух праграмных артыкулаў, апублікаваных Максімам Іванавічам у 1913-1914 гг.: “Наш тэатр” і “Развагі і думкі”. У іх ён упершыню выявіў сябе як тэарэтык-публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, тэатра, літаратуры, мовы.
Нельга не згадзіцца з меркаваннямі літаратуразнаўцы Д. Бугаёва: “... галоўны пафас гэтых артыкулаў зусім выразны і канкрэтны - абарона права народа на сваю нацыянальную культуру. У тыя часы... гэта была вельмі актуальная задача, бо якраз у праве на самастойнае нацыянальнае развіццё, на будаўніцтва ўласнай нацыянальнай культуры адмаўлялі беларусам, з аднаго боку, рускія чарнасоценцы на чале з царызмам, а з другога - польскія шавіністы. I тыя, і другія ўпарта не хацелі прызнаць беларусаў народам, самастойнай, самабытнай нацыяй, няхай сабе і вельмі блізкай, роднай такім братнім славянскім народам, як рускія, украінцы або палякі...
Артыкул “Наш тэатр” непасрэдна ставіць пытанне аб ролі тэатра ў нацыянальна-вызваленчым руху, у беларускім адраджэнні, у развіцці самасвядомасці беларускага народа. Але аўтар разам з тым закранае і многія іншыя пытанні. Ён імкнецца вызначыць асобныя рысы нацыянальнага характару беларусаў, абгрунтоўвае думкі пра добрую змястоўнасць, яркасць і каларытнасць народнай мовы, сцвярджаючы тым самым, што наш народ гэтак жа, як і кожная нацыя, мае свае вялікія вартасці... не бяднейшы за любы другі народ”.
Нельга без хвалявання чытаць наступныя радкі: “Каб прыдумацъ і сказаць ладную беларускую прыказку, - трэба мець мастацкую і глыбокую душу. Трэба быць артыстам, відзячым чалавека і жыццё наскрозь з аднаго погляду...
А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жывець, няможна, гэткага жыцця няможна трываць...
I трэба яшчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён - чалавек і што ён павінен мець чалавечы гонар. I павінен дзетак сваіх гадаваць з сумленнем...
I трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён маіць слаўнае прошлае...
I трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чалавек той, каторы спіць без канца краю, якой вартасці гэты чалавек і што жджэць яго ў будучыні...
Тэатр наш павінен стаць храмам Нашага Адраджэння... <...>
Трэба, каб са сцэны беларускага тэатра палілася беларуская песня, каб ад яе павеяла на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзіі, каб пачулася ў ёй турлычлівая песня жаўраначка пад вясеннім небам над зялёнай рунню, каб у ёй пачуўся і далёкі спакойна-тужлівы гук бяроставай трубы хлопчыка, што кароў пасе каля рэчкі, і шум бясконцых лясоў непраходных, і “шэпты спелых каласоў”...”.
Ацэньваючы раннюю творчасць М. Гарэцкага, Алесь Адамовіч адзначыў: “Аказалася, што ў маладога 20-гадовага студэнта-каморніка ёсць цэлая праграма грамадскай, культурнай дзейнасці. Ёсць свой, вельмі ж своеасаблівы погляд на беларускі нацыянальны характар, на тое, як пісаць і што пісаць, разумение, што ёсць, а чаго няма ў маладой беларускай літаратуры...
Першыя ж артыкулы яго - “Наш тэатр”, “Думкі і развагі” здзіўляюць нечакана сталым клопатам пра лёс нацыянальнай культуры, літаратуры, інтэлігенцыі, народа. Аказалася, што маладому каморніку з Малой Багацькаўкі ёсць што сказаць аб справах і клопатах зусім не мясцовых.
Ролю беларускага літаратара малады Максім Гарэцкі расцэньвае як нешта вельмі адказнае, высокае, што патрабуе ад чалавека вялікай грамадзянскай, нацыянальнай свядомасці, але ёй чужая правінцыяльная замкнёнасць.
У артыкуле “Наш тэатр”, напісаным трохі “біблейскім”, трохі “прароцкім” стылем, выказваецца яго высокае разумение той ролі, да якой беларускім літаратарам, беларускай літаратуры трэба дарастаць - раўняючыся на Купалу, на Коласа раўняючыся...
Бачыце (гаворка ідзе пра выказванне М. Гарэцкага, што тэатр наш павінен стаць храмам Нашага Адраджэння. - Э. I.) - гэта як бы купалаўскае “А хто там ідзе?” звернутае стылем, пафасам да самой літаратуры.
Чалавек з вясковай прагай бярэ тое, што дае яму адукацыя, кніга, і ўсё гэта не адгароджвае яго ад свайго, ад народнага, забыта-нацыянальнага, а наадварот толькі павышае нацыянальна-культурную ацэнку і самаацэнку...”.
У 1918 г. у Вільні выйшла ў свет кніга палітычнага дзеяча і літаратурнага крытыка Антона Луцкевіча “Нашы песняры: Літаратурна-сацыяльныя нарысы”. Яе артыкул “Ідэолаг народнае інтэлігенцыі” прысвечаны М. Гарэцкаму, якога А. Луцкевіч лічыць “найглыбейшым з ідэолагаў беларускае адраджэнскае народнае інтэлігенцыі”. Крытык паважае яго як “натуру абдораную, чуткую і адзыўчывую на ўсё, што робіцца навокал”. Менавіта гэтым аўтар тлумачыць няспынныя пошукі пісьменнікам свайго ідэалу: “Гарэцкі асабліва востра перажывае і шуканьне грамадзкага ідэалу, і захапленьне агульналюдскімі пытаньнямі і містычнымі настроямі, і ўрэшце даходзіць да яўнага нацыянальнага ідэалу”.
Перад намі паўстае вобраз трохі нечаканага М. Гарэцкага - фанатыка беларускай справы: “Беларуская нацыянальная справа, справа нацыянальнага адраджэньня беларускага народу - гэта найвышэйшы дагмат грамадзкае рэлігіі Гарэцкага”. А. Луцкевіч падтрымліваў М. Гарэцкага ў памкненні сінтэзаваць духоўнае і нацыянальнае, бачыў менавіта гэты шлях перспектыўным для адраджэння беларускага народа.
У лістападзе 1917 г. М. Гарэцкі прыехаў у Смаленск. Менавіта тут у 1918 г. быў выдадзены “Руска-беларускі слоўнік” братоў Гарэцкіх, пазней кніга выйшла ў Вільні (1921). У прадмове напісана: “Знібеіць сэрца за розныя падзеі і да працы гукаіць, бо ўсякая наша бава а маруда надаюць сораму ад іншых народаў і нясуць кару - сканання мовы бацькоўскае ці, маўляў, душы беларускае, хаця ж уціскі незлічоныя мы вытрывалі, і ўжо здавалася, нібы то і сонца ў ваконца бліснула. “Каб не памёрлі” - загадаў наш пясняр-нябожчык”. Гэта першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт пісьменніка ў галіне лексікаграфіі, паспяхова прадоўжаны ў наступныя гады. Так, М. Гарэцкаму належыць яшчэ “Невялічкі беларуска-расійскі слоўнік” (Вільня, 1919), які меў тры выданні (апошняе называлася “Беларуска-расійскі слоўнічак”, выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 г.).
Складзены М. Гарэцкім разам з М. Байковым “Практычны расійска-беларускі слоўнік” на 20 тысяч слоў з’явіўся ў Мінску ў 1924 г. Праз два гады Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі выпусціла дапоўненае выданне гэтай грунтоўнай працы. Яе аўтары ставілі перад собой задачу “даць практычную дапамогу пры пераходзе на беларускую мову ў выкладанні навук у беларускіх школах і вядзенні спраў у беларускіх дзяржаўных, грамадскіх і кааперацыйных установах”. Кідаючы агульны погляд на гісторыю нашага моўнага развіцця, складальнікі слушна падкрэслівалі, што старая беларуская літаратурная мова была высока культурная для свайго часу і з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім.
Двухмоўныя перакладныя слоўнікі М. Гарэцкага адпавядалі канкрэтным патрэбам дня і звычайна прыхільна ацэньваліся сучаснікамі, у тым ліку спецыялістамі-філолагамі. М. Гарэцкі працаваў як энтузіяст, кіруючыся пашанай і любоўю да мовы, клапоцячыся, каб жыло і развівалася, не траціла каларытнасці роднае беларускае слова. Слоўнікавыя працы М. Гарэцкага пакінулі прыкметны след у гісторыі беларускай лексікаграфіі, фактычна вызначыўшы цэлы этап яе станаўлення і развіцця.
З ліпеня 1919 г. Максім Іванавіч працаваў выкладчыкам беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні і адначасова ў Віленскай беларускай гімназіі. Таксама ён выкладаў беларускую мову ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і рэдагаваў газеты прагрэсіўнага кірунку: “Беларускія ведамасці”, “Наша будучыня”, “Наша думка”.
У 1920 - 1926 гг. у Вільні, Маскве-Ленінградзе і Мінску выйшлі чатыры выданні “Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкага. На працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя кніга служыла адзіным падручнікам для сярэдняй і вышэйшай школы. Выданне вылучаецца тонкасцю назіранняў, уменнем разглядаць літаратурныя з’явы на шырокім гістарычным фоне, вобразнасцю і даступнасцю выкладання. У “Гісторыі беларускае літаратуры” дадзены сістэматызаваны, глыбока навуковы і адначасна шырокадаступны аналіз тысячагадовага шляху беларускага прыгожага пісьменства – да дахрысціанскай міфалогіі, старажытна-літаратурных помнікаў да творчых набыткаў пачатку 1920-х гг. Кніга насычана багатай фактурай, арыгінальнымі прыкладамі з літаратурных першакрыніц, характарызуецца цэласным спалучэннем літаратуразнаўчых і гісторыказнаўчых задач, прасякнута нацыянальна-патрыятычным пафасам і высокім мастацкім густам.
22 лістапада 1920 г. у “Нашай Ніве” змешчана рэцэнзія Антона Навіны (Антона Луцкевіча) на “Гісторыю беларускае літаратуры” М. Гарэцкага: “Мы горача вітаем працу М. Гарэцкага. Яна бясспорна мае вагу не толькі як учэбнік, але і як адзін з фактараў усведамлення “маладых” беларусаў, каторыя так мала ведаюць аб сваім народзе, аб яго гісторыі і літаратуры. Яна пакажа і нашым суседзям, якія культурныя скарбы меў і мае беларускі народ...
Яна павінна апынуцца ў руках кожнага свядомага беларуса, у кожнай бібліятэцы”.
Праз 58 гадоў беларускі паэт і празаік М. Лужанін пісаў згодна з павевамі свайго часу: “I яшчэ адна акалічнасць вылучае згаданую работу: яна напісана вельмі проста - прачытаў старонку і адразу ж запомніў.
Гэта ўжо заслуга Гарэцкага-пісьменніка, ён умеў падаваць думку лаканічна і даходліва. Меў невычэрпны лексічны матэрыял і па-майстэрску валодаў народнай фразеалогіяй. Як ні шкада, але бесстаронні твар гісторыка засланіў ад многіх з нас жывое, своеасаблівае, багатае на адценні аблічча мастака”.
Складзеная пісьменнікам грунтоўная і вельмі цікавая “Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XI век - 1905 год” з’явілася ў 1922 г. Яна павінна была дапоўніць напісаны аўтарам гісторыка-літаратурны курс падборкай мастацкіх тэкстаў.
Тэксты для чытання і завучвання на памяць змяшчаліся М. Гарэцкім у 1921 г. і ў “Дэкламатары”. Акрамя таго, ён выпусціў некалькі зборнікаў “Беларускіх ведамасцей”, дзе перадрукаваў найбольш істотныя мастацкія творы з аднайменнай газеты.
З лютага 1922 г. Максім Іванавіч чатыры месяцы чытаў лекцыі на Беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. 22 кастрычніка 1922 г. у Беларускай гімназіі ў Вільні М. Гарэцкі прачытаў лекцыю на тэму “Доктар Францыск Скарына”, а ў пачатку лістапада - лекцыю пра В. Дуніна-Марцінкевіча.
На запрашэнне выдатнага расійскага і беларускага вучонага-славіста, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. Пічэты М. Гарэцкі з сям’ёй у кастрычніку 1923 г. пераехаў у Мінск. Тут ён выкладаў беларусазнаўства навучэнцам рабочага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым - выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Адначасова Максім Іванавіч стварыў гурток беларускай культуры на рабфаку БДУ. У студзені 1924 г. М. Гарэцкі наведаў Віцебск, дзе чытаў лекцыі па фальклоры. Ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР у Мінску. З верасня 1925 г. праца ў гэтай установе стала асноўнай для М. Гарэцкага.
16 студзеня 1925 г. Народны камісарыят асветы БССР зацвердзіў новы склад правадзейных членаў Інстытута беларускай культуры, у які ўвайшоў і М. Гарэцкі.
Хоць пра лёс і творчасць пісьменніка-даследчыка напісана даволі шмат, перыяд працы Максіма Іванавіча ў Інбелкульце даследаваны недастаткова. Гэта кароткі, але вельмі плённы перыяд жыцця выдатнага беларусазнаўцы, які заслугоўвае асобнай кнігі.
Прывядзем толькі некаторыя фрагменты з фондаў Цэнтральнага навуковага архіва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і беларускага друку 1920-х гг.
4 лютага 1925 г. М. Гарэцкі і М. Байкоў узначалілі слоўнікавую камісію Інстытута беларускай культуры.
8 лютага 1925 г. на агульным сходзе Інбелкульта абрана слоўнікавая камісія, старшынёй якой (часова) прызначаны М. Гарэцкі.
9 лютага таго ж года адбылося пасяджэнне Прэзідыума Інстытута беларускай культуры, дзе слухалася пытанне пра фарміраванне яго секцый. У спісе, прыкладзеным да пратакола пасяджэння, пазначана, што М. Гарэцкі ўзначальвае мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі.
Даследчык энергічна працягваў папярэднюю працу прапагандыста беларускай мовы і літаратуры. Пра гэта сведчыць беларускі друк сярэдзіны 1920-х гг. У лютым 1925 г. у Мінску Максім Іванавіч двойчы (у школе і народным доме) выступіў з лекцыяй “Беларуская мова і гісторыя беларускай літаратуры”. У тым жа месяцы Народны камісарыят асветы Беларусі камандзіраваў яго ў Калінінскую акругу для чытання лекцый па беларусазнаўстве.
15 лютага 1925 г. адбылося пасяджэнне Правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта ў складзе Я. Лёсіка, М. Азбукіна і К. Міцкевіча (Я. Коласа). Для працы ў камісіі было вырашана запрасіць Я. Купалу, М. Гарэцкага і У. Чаржынскага.
26 лютага таго ж года Максім Іванавіч прысутнічаў на сходзе камісіі па складанні слоўніка беларускай мовы.
30 сакавіка 1925 г. на агульным сходзе членаў Інстытута беларускай культуры быў зацверджаны склад літаратурнай камісіі, старшынёй якой абраны I. Замоцін, а сакратаром М. Гарэцкі. Акрамя таго, у Склад Навуковай рады ад правадзейных членаў Інбелкульта дадаткова абралі К. Міцкевіча (Я. Коласа), М. Гарэцкага, В. Друшчыца і кандыдатам да іх - І. Луцэвіча (Я. Купалу).
У дакладзе прафесара I. Замоціна “Літаратурная камісія Інбелкульта ў працэсе працы над зборам твораў М. Багдановіча. Падрахункі і перспектывы”, які датуецца не пазней за 12 лістапада 1925 г. занатавана: “...камісія пачала працу ў складзе старшыні праф. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І.І. Замоціна і сакратара - М. I. Гарэцкага ў палове сакавіка м[есяца] г. г. <...>
...Вехі працы былі вызначаны ў наступным відзе:
- агульны агляд рукапісных і іншых матэрыялаў,
- працы па чытанню і капіяванню рукапісаў,
- працы па першапачатковаму адбору матэрыялаў для друку.
Камісіяй складзен быў гэтак сама заклік да шырокіх колаў грамадзянства з просьбай дапамагаць у працы па збіранню твораў Багдановіча шляхам прысылкі матэрыялаў ці тых ці іншых звестак аб паэце, зваротак быў надрукаваны ў газетах: “Звязда” і “Савецкая Беларусь”.
Самы працэс працы камісіі адбываўся ў наступным парадку. Па-першае, была расчытана папка рукапісаў, абгарэўшых у час пажара ў Яраслаўлі. Расчытванне гэтых рукапісаў запатрабавала вялікай працы і напружанай увагі нярэдка не толькі простым вокам, але і праз павялічанае шкло не ўдавалася ўстанавіць тэкст, абгарэлыя краі рукапіса пры гэтым рассыпаліся пры пёршым датырканні, а з попела аднаўляць тэкст было ўжо немагчыма. Дзякауючы працы М. I. Гарэцкага, часткова і Ул. Дубоўкі, камісія расчытала гэтую частку рукапісаў і не без вынікаў: была адрэдагавана да друку больш за дваццаць новых (яшчэ да цяперашняга часу нявыдрукаваных вершаў) Багдановіча, з якіх частка зусім закончаных, а іншыя толькі эскізы (нарысы), не пазбаўленыя аднак мастацкага значэння, пры гэтым перапісвалася з абгарэлае пачкі па магчымасці ўсё, што было магчыма разабраць для таго, каб не толькі выкарыстаць закончаныя творы паэта для друка, але і захаваць яго накіды і паасобныя радкі для будучага даследчыка яго стылю і паэтыкі ў шырокім сэнсе слова, застаўлялась без перапіскі тое, што цалкам не паддавалася расчытванню. Апроч абгарэлае пачкі, зазначаннай у сабранні рукапісаў паэта № 11, найвялікшую труднасць у сэнсе расчытвання прадстаўляла пачка № 1, якая змяшчае артыкулы ў прозе... Расчытванне пачкі № 1 было пачата М. I. Гарэцкім, но ў хуткім часе было пакінута з прычыны выхаду яго са складу камісіі [з 1 чэрвеня 1925 г.]”.
На ўрачыстым пасяджэнні літаратурнай камісіі Інстытута беларускай культуры, прысвечаным 20-годдзю літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы (май 1926 г.), М. Гарэцкі зрабіў даклад пра ролю песняра ў беларускім нацыянальна-культурным адраджэнні. Па яго прапанове сход ушанаваў маці і жонку паэта, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.
Разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым у пачатку 1925 г. Максім Іванавіч пачаў рыхтававаць зборнік “Народныя песьні з мэлёдыямі”. У 1928 г. ён быў выдадзены Інбелкультам. Туды ўвайшло 318 песень, запісаных ад маці Максіма Ефрасінні Міхайлаўны Гарэцкай. Сярод іх малавядомая “Кума мая, кумачка”. Яе мелодыю выкарыстаў М. Аладаў у оперы “Тарас на Парнасе”, П. Падкавыраў - у Другім скрыпічным канцэрце, Р. Пукст - у Другой сімфоніі. Песню “Па гарохаўю, па ячанню” выкарыстаў Я. Цікоцкі ў оперы “Міхась Падгорны”, М. Аладаў - у фінале “Квінтэта”; песню “Ты, чырвоная каліна” - кампазітар М. Крошнер у балеце “Салавей”, Я. Цікоцкі - у Першай сімфоніі, Я. Глебаў - у Канцэрце для голасу з аркестрам. Кніга “Народныя песьні з мэлёдыямі” хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю.
З 1 лютага 1926 г. Максім Іванавіч працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. 3 1 кастрычніка 1927 г. яго прызначылі дацэнтам кафедры беларусазнаўства ў гэтай акадэміі.
У лютым 1926 г. М. Гарэцкі выступіў на III Усебеларускім краязнаўчым з’ездзе з дакладам “Збіранне і апрацоўка фальклору”.
Вялікі рэзананс меў яго даклад “Нашаніўскі перыяд у беларускай літаратуры”, зроблены 18 лістапада 1926 г. на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Мала каму вядома, што ў чэрвені 1927 г. М. Гарэцкі быў прызначаны “старшынёй выпытальнай камісіі па беларускай мове” Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Нельга не згадзіцца з думкай акадэміка Радзіма Гарэцкага, што М. Гарэцкі стварыў моцную кафедру, на якой працавалі Юрка Гаўрук, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў. Усе - актыўныя сябры аршанскай філіі “Маладняка”. Пісьменнік многа дапамагаў ім, не толькі парадамі, але і ўдзелам у літаратурных вечарах.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Ганчарык, блізкі з братамі Гарэцкімі, у размове з аўтарам гэтых радкоў адзначыў: “Максім Іванавіч аказаў значны ўплыў на фарміраванне светапогляду і станаўленне творчасці такіх маладнякоўцаў, як Тодар Кляшторны, Юлій Таўбін, Васіль Каваль, Алесь Вечар, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Герасімовіч, Аляксееў”.
Праз шмат гадоў Ю. Гаўрук успамінаў: “Гарэцкі вельмі любіў выкладаць мову. <...> У той час выходзіла вельмі многа сельскагаспадарчых брашур па самых розных пытаннях земляробства, жывёлагадоўлі. Усе яны ў значнай колькасці траплялі ў сельскагаспадарчую акадэмію. Студэнты перакладалі гэтыя брашуры з рускай мовы і тым самым засвойвалі тэрміналогію і набывалі практыку перадачы думак па-беларуску. Мы кантралявалі гэты пераклад, памылкі перакладу аналізавалі ў аўдыторыі... <...> Яго падтрымлівала незвычайная вернасць, адданасць літаратуры, навуцы, народу свайму беларускаму...”.
2 кастрычніка 1928 г. Максім Іванавіч быў прызначаны вучоным спецыялістам Інстытута навуковае мовы Інстытута беларускай культуры, пасля пераўтварэння Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук у студзені 1929 г. ён заставаўся на гэтай пасадзе. Адначасова пісьменнік з’яўляўся кіраўніком дыялекталагічнай камісіі і, магчыма, быў у экспедыцыі на Гомельшчыне.
Мала каму вядома, што М. Гарэцкі не баяўся выступіць у абарону пісьменнікаў, арыштаваных органамі АДПУ. Так, 1 студзеня 1927 г. ДПУ БССР па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць буржуазнай Польшчы быў арыштаваны беларускі драматург і тэатральны дзеяч, публіцыст і празаік Ф. Аляхновіч. Ён быў асуджаны на 10 гадоў высылкі на Салавецкія астравы.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь сярод матэрыялаў Прадстаўніцтва КПЗБ пры Камінтэрне захоўваецца ліст-хадайніцтва, скіраваны ў абарону Ф. Аляхновіча. Ён напісаны 10 лістапада 1927 г. М. Гарэцкім, які пасля пастановы бюро ЦК КП(б)Б аб немагчымасці ставіць пытанне пра перагляд прысуду па справе Ф. Аляхновіча зрабіў спробу ўзняць гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях. Ліст заканчваецца наступнымі словамі: “Во имя революционной справедливости, во имя чести человека, писателя, артиста. Во имя хоть кое-каких заслуг в прошлом, во имя белорусской литературы и театра, из внимания советской власти к престарелой матери. К маленьким детям, - это дело нужно ещё раз тщательно пересмотреть”.
10 снежня 1928 г. М. Гарэцкі разам з Я. Купалам, Я. Коласам, 3. Бядулем, В. Ластоўскім, С. Некрашэвічам, Я. Дылам, У Галубком, Ф. Ждановічам, М. Грамыкам падпісаў хадайніцтва старшыні СНК БССР М. Галадзеду ў абарону Ф. Аляхновіча.
Нягледзячы на некаторыя нападкі, творчасць М. Гарэцкага з 1928 г. атрымлівала высокую ацэнку. Так, у даследаванні “Максім Гарэцкі (спроба манаграфіі аб творчасці)”, апублікаваным у часопісе “Узвышша”, Антон Адамовіч адзначыў: “Мы ўжо не кажам тут аб значэньні М. Гарэцкага як першага пісьменніка выключна празаіка ў нашай літаратуры, як першага пісьменніка-псыхолінгвіста, як першага стварыцеля вялікіх рэчаў у гэтай літаратуры... Мы ня можам маўчаць пра значэньне М. Гарэцкага як выяўляльніка пануючага тыпу эпохі беларускага адраджэння, якое адно дае права на пачэснае месца ў гісторыі літаратуры гэтай эпохі”.
Прайшло болmш за 70 гадоў пасля гэтай ацэнкі. У другім томе фундаментальнага акадэмічнага выдання “Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.” адзін з самых аўтарытэтных беларускіх літаратуразнаўцаў М. Мушынскі так характарызаваў асобу Максіма Іванавіча: “Максім Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячоў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. М. Гарэцкі - асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону - таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. М. Гарэцкі - гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў”.
Трэба дадаць, што Максім Гарэцкі быў унікальным беларусазнаўцам і цяжка пераацаніць яго ўнёсак у беларускае і сусветнае беларусазнаўства.

















































