КУЗЬМА ЧОРНЫ I МАКСІМ ГАРЭЦКІ
ДА ПРАБЛЕМЫ ГІСТОРЫКА-ЛІТАРАТУРНАЙ ПЕРАЕМНАСЦІ
Значную ролю ў філасофскім асэнсаванні гістарычнага лёсу беларускай нацыі адыгрывае публіцыстычная і мастацкая творчасць Кузьмы Чорнага. Празаічныя творы пісьменніка скіраваны на адлюстраванне глабальных катаклізмаў XX ст., якія непасрэдна паўплывалі на жыццё кожнага чалавека на тэрыторыі Беларусі. “У беларускай прозе 1910-1940-х гадоў асэнсоўваюцца асноватворныя моманты нацыянальнага быцця, лёс нацыі ў мінулым, сучасным і будучым, актуальнейшыя пытанні часу. Больш за тое, наша проза ў асобе М. Гарэцкага і Кузьмы Чорнага спрабуе спасцігнуць заканамернасці гістарычнага працэсу ўвогуле, аб’ектыўны сэнс гістарычных падзей XX ст., іх духоўна-маральны аспект”, - адзначае А. Мельнікава.
У сучасным літаратуразнаўстве патрабуе вывучэння праблема гісторыка-літаратурнай пераемнасці, даследаванне паступовага фарміравання і развіцця беларускай літаратуры з улікам малавядомых фактаў жыцця і дзейнасці пісьменнікаў, твораў, па аб’ектыўных прычынах надрукаваных толькі ў канцы XX ст. Прыкладам такога вывучэння можа быць аналіз жыцця і дзейнасці класікаў беларускай літаратуры XX ст. Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага, даследаванне ідэй і вобразаў іх публіцыстычных і мастацкіх твораў, якія дапамогуць асэнсаваць гісторыка-літаратурны працэс у цэлым, убачыць маштабнае палатно нацыянальнай літаратуры, набыткі пісьменнікаў, што ўзбагацілі айчыннае прыгожае пісьменства каштоўнасцямі сусветнай культуры.
Праблематыка і паэтыка асобных твораў М. Гарэцкага знайшла працяг у апавяданнях, аповесцях і раманах К. Чорнага. Выступаючы як літаратурны крытык і публіцыст, М. Гарэцкі адным з першых заўважыў і ацаніў творчы патэнцыял маладога пісьменніка, які, як і сам М. Гарэцкі, пачынаючы шлях, усведамляў адказнасць за лёс народа, адчуваў, што сваімі творамі павінен сцвердзіць яго права на існаванне, на ўласную мову і літаратуру.
Творчасць некаторых прадстаўнікоў абяднання “Маладняк” у аднайменным артыкуле (1925) М. Гарэцкі называе маладым, жыццяздольным зернем, вылучаючы ў галіне прозы К. Чорнага: “Найперш трэба прызнаць, безумоўна, што маладнякоўцы - новая і ўжо значная літаратурная беларуская сіла. Яны - у цэлым - ёсць тое маладое, здаровае, поўнае жыццяздольнасці зерне, з якога вырасце ў будучыні наша новая, праўдзіва пралетарска-сялянкая літаратура. Паміж іх ёсць і вельмі здольныя паэты (У. Дубоўка, М. Чарот, А. Вольны, [А.] Александровіч), і навелісты (М. Зарэцкі, Кузьма Чорны), і вельмі здольныя крытыкі ([А.] Бабарэка), публіцысты і наогул працаўнікі друку”.
Максім Гарэцкі, які на працягу жыцця ацэньвае і характарызуе беларускі літаратурны працэс, адзначае высокую мастацкую вартасць першых апавяданняў К. Чорнага. У літаратуразнаўчым артыкуле “Белорусская литература” (1928) ён аналізуе працэсы станаўлення і развіцця айчыннага пісьменства ад старажытных часоў да пачатку XX ст. Важнымі для літаратуразнаўчай працы М. Гарэцкі лічыць звесткі пра фарміраванне і творчае прызначэнне літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, каля вытокаў якога стаяў К. Чорны: «Осенью 1926 г. часть молодняковцев выходыт из “Молодняка”, заявляя свое неудовлетворенне его органызационными формамы, и создаёт новую органызацию – “Узвышша” (приблизительно “Вершины”), заявляя о своём желании идти и дальше по пути пролетарской литературы, но не отвлекаться массовой молодняковской литературной агитацией и создавать не агитки, а действытельно художественные произведения. Узвышевцы стали издавать свой толстый журнал “Узвышша” В организацию вошли видные молодые писатели - Дубовка, Кузьма Чорный, Крапива и др, а из нашенивцев - Бядуля».
Аналізуючы беларускую літаратуру 20-х гг. XX ст., М. Гарэцкі сцвярджае вядучую ролю К. Чорнага ў мастацкай прозе і звяртае ўвагу на асобныя крытычныя заўвагі пра творчасць пісьменніка: «В художественной прозе первое место занял Кузьма Чорный, автор прекрасных рассказов и повестей; его лучшие сборники - “Пачуцці”, т. е. “Чувства” (1926) и “Хвоі гавораць”, т. е. “Сосны говорят” (1926). Критика, однако, находит у этих писателей некоторую невыдержанность в пролетарской идеологии».
Пакутлівыя перажыванні за лёс краіны, яе культуру, мову і літаратуру адлюстраваны ў публіцыстычных творах К. Чорнага. Як у свой час М. Гарэцкага, маладога пісьменніка клапоціць трагічны лёс асобнага чалавека ў катастрафічных падзеях XX ст. (“Аўтабіяграфія”, 1928): «Пішу многа, многа працую і думаю над формай. От кароткія весткі аб сабе. Галоўнае, што мучыць мяне з самых маладых год маіх, гэта пакуты чалавека на зямлі, якія ў нас яшчэ не знішчаны і за знішчэнне якіх мы ўсе цяпер змагаемся. Гэта таму, што я выйшаў з самага “дна”нашага беларускага жыцця і з гэтым “дном” і цяпер звязаны духоўна і фізічна. Прынамсі - блізкія мне людзі і цяпер жывуць у гэтым дне”.
Нельга не адзначыць падабенства жыццёвай і творчай дзейнасці пісьменнікаў, разуменне ўласнага прызначэння, асэнсаванне сваёй ролі і месца ў гістарычным працэсе. Дастаткова параўнаць біяграфічныя звесткі, публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы М. Гарэцкага і К. Чорнага. Лёс абодвух вызначаецца паходжаннем з беднай сялянскай сям’і, уплывам фальклорнай спадчыны на фарміраванне характару і светапогляду, пакутлівым станаўленнем асобы ў крызіснай гістарычнай сітуацыі, шматлікімі жыццёвымі выпрабаваннямі.
У адной з першых аўтабіяграфій (1926) К. Чорны адзначае: “Радзіўся я ў сялянскай сям’і на Случчыне. Дзяцінства правёў у адзіноце панскага фальварку, дзе бацька служыў. Пасля бацькі пераехалі на радзіму - ум. Цімкавічы, дзе пачалі заводзіць гаспадарку. Вялікі ўпльіў на развіццё адчуванняў і дум мела маці, жанчына простая, што навучылася чытаць сама праз сябе, але развітая і многа чытаўшая, пачынаючы бібліяй і канчаючы ўсякімі брашурамі, - што можна былоў нязначным ліку і з вялікімі труднасцямі дастаць у глушы. Памерла маці ад сухот, здабытых ад жыцця (страшная беднасць)”.
Ва ўспамінах “Слова пра брата і настаўніка” (1963) Гаўрыла Гарэцкі апісвае сям’ю М. Гарэцкага: “Вялікая сялянская сям’я бацькі і дзядзькі Якава складалася з 12 душ, жыла ў адной цеснай хаце з замшэлай саламянай страхою, з земляною падлогаю і маленькімі акенцамі на адну шыбу. Асвятлялася хата лучынаю. Жылі бедна, кожная луста хлеба, кожная лыжка былі на ўліку. Працавалі многа і цяжка. Часта хварэлі. Але ў гэтай хаце маленькі Максімка быў на ўсё жыццё зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысцёны, ціхімі песнямі сваёй матулі Ахрасінні, у казках і песнях пазнаваў ён цяжкую гісторыю сацыяльна і нацыянальна прыняволенага беларускага народа”.
Сацыяльнае паходжанне і ўмовы жыцця пісьменнікаў паўплывалі на фарміраванне творчага сrеdо, прадвызначылі іх далейшы лёс, які выражаецца ў бесперапынным руху наперад, удасканаленні і развіцці пісьменніцкага майстэрства, актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Нездарма літаратуразнаўца М. Тычына ключавымі да творчасці пісьменніка выбраў словы з рамана “Сястра” (1927-1928) К. Чорнага: “Ты вечна ідзі. I жадай толькі аднаго, каб было табе куды вечна ісці. I калі ты вернешся назад, памятай, што ты быў ужо тут. Бо калі забудзеш, тады пойдзеш назад і назад”.
Паслядоўным рухам і бясконцым пошукам характарызуецца жыццё і творчасць М. Гарэцкага (“Скарбы жыцця”, 1935): “Бачу я поле, жніво. Узмахі жменек жыта, сагнутыя спіны, нахіленыя белыя голавы. Чую песню. Далёкую, маркотную - і жудасна спакойную песню. Вечную песню! I вечнасць варушыцца ў маёй істоце: ідзі, ідзі! Усе ідуць - ідзі ты. Стапталіся мае лапці, урэзаліся аборы ў ногі, давяць матузы ад хатыля. Ідуць - іду. Узіраюся ў вечнасць”.
Пераемнасць ідэй і вобразаў, падабенства мастацкага мыслення М. Гарэцкага і К. Чорнага адзначаюцца ў крытычных артыкулах пачатку XX ст. Антон Адамовіч у манаграфічным даследаванні піша: “Максім Гарэцкі, бадай-што адзін з нашых старэйшых пісьменнікаў-адраджэнцаў, можа ганарыцца сваім “вяскораўскім” паходжаньнем. У дачыненьні да гэтага ён ужо бліжэй стаіць да пісьменьнікаў маладзейшых і, паміж іх, да другога нашага прозаіка і псыхёлага Кузьмы Чорнага, з якім, дарэчы сказаць, ён мае шмат чаго агульнага, і які таксама выйшаў з вяскораўскіх гушч”.
Тыпалагічная блізкасць мастацкага мыслення пісьменнікаў адлюстравана ў працах сучасных літаратуразнаўцаў. Так, А. Гарадніцкі, даследуючы суадносіны светабачання мастацкіх прынцыпаў і ўяўленняў пісьменнікаў беларускай літаратуры XX ст. у манаграфіі “Мастацкі свет беларускай літаратуры XX ст” (2005), адзначае: “I Максім Гарэцкі, і Кузьма Чорны ў цэнтр сваёй творчасці паставілі чалавека рэфлексіўнага, здольнага зазірнуць у глыб сябе. Такая прырода таленту абодвух гэтых самых значных празаікаў першай паловы XX ст. Іх героі не маглі быць іншымі, бо неслі ў сабе многа аўтарскага, таго, што было характэрна для саміх класікаў літаратуры з іх нязменнай увагай і даверам да свайго ўласнага жыццёвага, экзістэнцыйнага і эстэтычнага вопыту”.
У грунтоўным даследаванні шляхоў развіцця беларускай мастацкай літаратуры XX ст. “Час прозы” (1988) М. Тычына ставіць актуальнае пытанне пра даследаванне пераемнасці гісторыка-літаратурнай спадчыны. Літаратуразнаўца сцвярджае, што фенаменальныя дасягненні беларускай паэзіі і прозы другой паловы XX ст. немагчымыя без плённай працы папярэднікаў, стваральнікаў літаратуры сусветнага маштабу, у тым ліку М. Гарэцкага і К. Чорнага: «Так, польская крытыка 30-х гадоў, знаходзячыся пад уражаннем творчага феномена Максіма Танка, замест таго каб даследаваць нацыянальныя карані яго творчасці, гаварыла пра кветку агаву, якая расцвітае раз у стагоддзе. Так, асобныя сучасныя крытыкі, апынуўшыся ў становішчы, калі цяжка растлумачыць узнікненне Васіля Быкава ў нашай прозе, рабілі агаворкі: беларусам проста пашанцавала! Так, наша паэтычная крытыка, застаўшыся без свайго прызнанага лідара Рыгора Бярозкіна, літаральна разгубілася перад творчым эксперыментам у вобласці паэтыкі Алеся Разанава і аб’явіла яго творчасць “кветкай з чужых палёў”. Але і тыя, і другія, і трэція не ўлічвалі, што і ў Танка, і ў Разанава былі вялікія папярэднікі, на творчасць якіх яны арыентуюцца і арыентаваліся, і што поле вайны, на якое ўзышоў і падзяліў на “квадраты аповесцей” Быкаў, было ўжо ўзарана і засеяна Гарэцкім і Чорным».
Такім чынам, мастацкая і публіцыстычная спадчына Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага сведчыць пра штодзённую працу на карысць роднай краіны, клопат пра духоўны росквіт нацыі, развіццё беларускай культуры, мовы і літаратуры ў неспрыяльных умовах голаду і нястачы, хваробы, рэпрэсій і зняволення, рэвалюцыі і вайны. Творы пісьменнікаў характарызуе падабенства мастацкага мыслення, аднолькавыя погляды на ролю і месца пісьменніка ў гістарычным працэсе, імкненне да стварэння псіхалагічнай прозы, аналіз паводзін чалавека ў экзістэнцыйнай сітуацыі.
Даследаванне тыпалагічнай сувязі іх творчасці, гісторыка-літаратурнай пераемнасці застаецца надзённым пытаннем сучаснага літаратуразнаўства. Праца па асэнсаванні творчай спадчыны пісьменнікаў дапаможа не толькі ўзнавіць асаблівасці развіцця літаратуры першай паловы XX ст., але і вызначыць тэндэнцыі развіцця сучаснай мастацкай прозы.