Зазірнуць у космас Гарэцкага, каб быць беларусам
«А як вы пазіцыянуеце гэтыя культурныя прадукты:
дыск, кружэлку, аўдыёкнігу?»
Такім было маё першае пытанне
да стваральнікаў аўдыёкампазіцый «На імперыялістычнай вайне»
і «Дыяманту пабітым шкле», прысвечаных Максіму Гарэцкаму,
на што мае суразмоўцы — акцёр і рэжысёр Беларускага радыё
Алег Вінярскі і культуролаг, журналіст, выдавец Кастусь Антановіч — павялі
раптам доўгую і трапяткую гутарку, у якой нават тое зусім неістотнае,
што было толькі першым пытаннем, загучала нечакана істотна.
Святлана Воцінава
Алег Вінярскі. Аўдыёкніга — гэта досыць распаўсюджанае найменне, але занадта вузкае для таго што было намі зроблена. Першы дыск па творчасці Максіма Гарэцкага, «На імперыялістычнай вайне», запісаны дзесяць гадоў таму, пазіцыянаваўся намі як аўдыёспектакль. Канешне, прыступаючы да стварэння новага дыска мы задумваліся над тым, што гэта будзе. І першы і другі раз нам хацелася выйсці за межы,за гэты ліміт пад назвай «аўдыёкніга», пашырыць прастору ўспрымання слухачамі творчасці Максіма Гарэцкага. А калі мы пашыраем прастору, у яе уваходзіць жыццё. Умовы стварэння таго літаратурнага матэрыялу, які склаў дыск «На імперыялістычнай вайне», былі якраз вельмі жыццёвыя: у акопах, пры бамбёжках, у голад і холад, — і нам хацелася паказаць не толькі -псіхалагічны стан чалавека, але і тое, што яго атачала. Таму ў запіс было ўнесена мноства спецэфектаў, што пашырыла аўдыёкнігу да аўдыёспектакля, бо апошняе — гэта ўсё ж паняцце больш аб’ёмнае, больш мастацкае больш, я б сказаў, лакальнае па думцы і пачуцці.
Прыклад Гарэцкага павінен раскрыць нам вочы на тое, што ў нас былі прарокі і жылі яны не так і даўно.
Што датычыцца «Дыяманта ў пабітым шкле», то пры яго стварэнні намі валодала імкненне адысці ад першага дыска, умоўна кажучы, як мага далей. Там галоўнай умовай быў дакументалізм, тут жа пераважае мастацкасць. Да таго ж, праз творчасць Гарэцкага мы хацелі паказаць яго родных, асабліва брата, Гаўрылу Іванавіча, і, канешне, Еўфрасінню Міхайлаўну, маці, якая была натхняльніцай для абодвух сваіх сыноў. I калі Кастусь аднаго разу сказаў мне, што вельмі яму цікавая аповесць «Ціхая плынь», што ў яго бачанні гэта адзін з самых праніклівых твораў пра дзяцінства, напісаных на беларускай мове, я ўзяўся яе перачытваць — і зразумеў, што гэта на самой справе так. Такіх пахаў і фарбаў, якія Максім Гарэцкі прыўнёс у апісанне дзяцінства маленькага Хомкі, я не сустракаў ні ў аднаго з беларускіх пісьменнікаў. Праз гэтага хлопчыка мы пазнаём душу самога Гарэцкага. Твор заснаваны на рэальных падзеях. Ведаючы са слоў сваіх аднавяскоўцаў гісторыю падлетка, які жыў у Багацькаўцы, усімі крыўджаны, а з пачаткам вайны быў узяты на фронт і ў першым баі загінуў, Максім Іванавіч прапусціў яе праз свядомасць і запісаў як аповесць, якая мне цяпер уяўляецца адным з самых завершаных твораў Гарэцкага. Дарэчы, пра гэтую завершанасць, уласцівую творам Гарэцкага, Алесь Адамовіч пісаў так: «Максіму Гарэцкаму ў вышэйшай ступені ўласціва было прыроднае пачуццё майстра, які бачыць гліну яшчэ ў кар’еры, глядзіць на яе, расцірае ў пальцах і адчувае ўжо і форму, і фактуру, і гарэлы пах, і гук, і лёгкі цяжар гатовай мастацкай рэчы». Вельмі трапныя і вельмі дакладныя словы. I нам гэтага хацелася — каб слухач наша мінулае аднавіў у сэрцы праз гукі. Аўдыёкнігу мог бы начытаць і блогер, і дыджэй, і поп-зорка, і КВН-шчык, і старшакласнік, але ці будзе ў гэтым сэнс ці якая-небудзь карысць? Кожны павінен займацца сваёй справай, іначай «пироги начнёт печи сапожник, а сапоги тачать пирожник». Нічога добрага з гэтага не будзе. Каб узяцца за такі твор дзеля высокага выніку, патрэбны пэўная сталасць, чалавечая і грамадзянская, жыццёвы і творчы вопыт, адмысловае бачанне. Мы, можа, і доўга над гэтым дыскам працавалі, пачаўшы ажно дзесяць гадоў таму, але на працягу гэтых дзесяці гадоў мы складвалі кампазіцыю. А гэта няпроста. У кожнага з нас сваё жыццё, у якім адбываецца самае рознае, такое, што не трэба ўкладваць у дыск, што не павінна турбаваць слухача, і мы ад сябе адсякалі лішняе, тое непатрэбнае асабістае, да якога слухачу няма і не павінна быць справы, каб толькі дабіцца гучання, якое магло б задаволіць самога Максіма Гарэцкага. Браты Гарэцкія для мяне асабіста — дарадцы самага высокага кшталту. Яны пачыналі з вуснай народнай творчасці, а значыць, усё ўспрымалі на слых. Гэтае матчына апавяданне было для іх самай высокай планкай, па якой яны меркавалі аб іншых мастацкіх творах. I мы не хацелі сфальшывіць, мы хацелі данесці да слухача наша аўтэнтычнае разуменне Гарэцкага.
Кастусь Антановіч. Аўдыёкнігу можна слухаць у машыне і дома ці недзе яшчэ, дзе неабавязкова толькі на ёй засяроджвацца. Я спрабаваў наш дыск слухааь у аўтамабілі: гэта аказалася цяжка - глядзець на дарогу і ўсведамляць тое, што чуеш. Важна, каб душа чытальніка адгукалася ў слухачы і каб пры гэтым захавалася аб’ектыўнасць успрымання. Гэты баланс вытрымаць вельмі складана, гэта высокае майстэрства.
На імперыялістычнай вайне
А. В. Галоўнае, чым вылучаецца аўдыёспектакль «На імперыялістычнай вайне», — споведзь героя. Ён у творы адзін — сам Гарэцкі, увасоблены ў персанажы Лявоне Задуме. Гэта праз яго асэнсаванне мы ўспрымаем Першую сусветную, бачачы яе вачыма беларуса. Менавіта беларуса, я хачу гэта падкрэсліць, — таму што шмат было твораў прысвечана Першай сусветнай, але дзе мы яшчэ бачым беларускага пісьменніка? Мы можам ганарыцца гэтым здабыткам — творам Гарэцкага, які стаіць нароўні з творамі Олдынгтана, Хемінгуэя, Рэмарка, Дзюамеля, Барбюса. На жаль, гэта мала хто ведае, і трэба часцей пра гэта нагадваць. Дарэчы, Гаўрыла Іванавіч пісаў, што ён сустракаўся з нямецкім крытыкам, і той паказваў яму газету з рэцэнзіяй на гэты твор Максіма Гарэцкага на нямецкай мове. Нямецкі крытык знайшоў недзе кніжку, яе прачытаў і сказаў, што яна выдатна напісана, што Гарэцкі закранае шмат чалавечых і грамадзянскіх праблем. Даведаўшыся пра гэта, я ўпэўніўся, што мы добра зрабілі, узяўшы для агучвання твор пра вайну, таму што гэта яшчэ адзін напамін пра тое, як трэба ставіцца да жудасных эпізодаў гісторыі, як заставацца чалавекам і на вайне.
К. А. I адна справа прачытаць гэты твор школьніку ці студэнту, таму што «трэба», і зусім іншая — прачытаць, працуючы над запісам дыска. Мне, калі быў студэнтам, вельмі складана давалася яго ўспрыманне, цяжка ён раскладваўся «па палічках». А пасля мастацкага праслухоўвання стала ўсё зразумела, усё трапіла на свае месцы...
А. В. Я спачатку прачытаў гэты твор на канале «Культура» Беларускага радыё ў 2007 годзе. Гэта была, у добрым сэнсе, прывабная «авантура». Уявіце сабе чытанне твора ў эфіры. Перада мною ўключаны мікрафон і разгорнутая кніга. Тое, што павінен атрымаць слухач, ствараецца «тут і цяпер» — і «без варыянтаў». Я вырашыў напружыць гукарэжысёра, які сядзіць у эфіры насупраць і з якім мяне нічога не падзяляе — ні сценка, ні загародка, ні шкло. Ён мае магчымасць адчуваць усё тое, што адчуваю і я, мне толькі трэба заразіць яго такім адчуваннем, а ён павінен дапамагчы мне не толькі перасоўваннем мікшэраў, але і ўключэннем свайго сэрца і сваёй душы ў дзеянне, якое спрыяе нараджэнню новых вобразаў і новай рэальнасці. Дзве рукі ў чалавека, толькі дзве, але ён з іх дапамогай павінен зрабіць немагчымае: не губляючы кантакту з апавядальнікам, стварыць у слухача адчуванне цэласнай і праўдзівай карціны свету, дзе гукі рознага характару і рознай глыбіні пераплятаюцца, існуюць на адлегласці, тым самым утвараючы аб’ём, ідэнтычны жыццёваму аб’ёму. Каб здавалася, што мы абодва знаходзімся ў акопах на перадавой, абодва стаім пад кулямі. Так мы стварылі адчуванне вайны. Гэта быў «пробны шар», мой першы подступ да твора. Пайшла пошта, людзі зрабілі адкрыццё: гэта Гарэцкі? Ён можа быць такі? «На імперыялістычнай вайне» многія прачыталі ў школьным падручніку, але прачыталі вачыма, а мы далі магчымасць слухачам уявіць саміх сябе сярод страшнай вайны. I тады мы вырашылі абавязкова выпусціць дыск з гэтым творам, адным з найвыдатнейшых не толькі ў спадчыне Максіма Гарэцкага, але, думаю, і ў сусветнай літаратуры, прысвечанай Першай сусветнай вайне. Ён павінен быць пад рукой, гэты вайною агучаны твор. Мы рашыліся на такі падарунак аматарам літаратуры, тым больш што аўдыёмастацтва на Беларусі, трэба канстатаваць, знаходзіцца ў закансерваваным стане. Так яно існуе даволі працяглы час, і трэба адкрыць, нарэшце, гэтую «кансерву», каб людзі адчулі, што такі від мастацтва ў нас ёсць, што павінна яно паміж мастацтвамі кіно, тэатра і тэлебачання знайсці сваё месца.
К. А. Калі ж гаварыць пра спажывальнікаў нашай прадукцыі, то праз год пасля выхаду першага дыска мы ўбачылі, што ён з’явіўся на торэнтах. Можна было б забараніць, але мы вырашылі, што гэта будзе азначаць абмежаванне доступу да творчасці Максіма Гарэцкага, што ніяк не можа быць нашай мэтай.
I якім-было наша здзіўленне, калі ўбачылі мы водгукі слухачоў не толькі з Беларусі, але і з Украіны! Творчасць Гарэцкага стала больш даступнай, разышлася па міжнароднай арэне.
С. В. Наша ўспрыманне Першай сусветнай вайны даволі туманнае. Што, на вашу думку, можа быць у ёй праяснена праз прачытанне твораў Максіма Гарэцкага?
А. В. Першая сусветная пакінула ў нас многа слядоў. Фронт стаяў побач, баі былі жудасныя. Але Максім Іванавіч рухаўся на Захад і бачыў землі прускія і нямецкія.і ўбачанае адлюстроўваў у творах. Што першае кідаецца яму там у вочы? Большая цывілізаванасць, чым у нас, большая дагледжанасць гародчыкаў і садоў. Ён заўважае: і ў беларусаў магло б так быць. Ён хацеў бы, каб гэтыя акуратнасць, дысцыплінаванасць, культура, з якой ставяцца да сваіх сядзібак людзі на чужой зямлі, прыйшлі і да нас. Ён зведаў толькі беднасць, ён бачыў адно заняпад, і назіраць хараство на варожай тэрыторыі яму, безумоўна, было балюча. Але ён паказвае, што нават падчас вайны чалавеку ўласцівая прага прыгожага. «На імперыялістычнай вайне» — твор стракаты, у ім ёсць і баявыя дзеянні, і жудасныя смерці, і сцэны ў шпіталі; і заўсёды мы бачым, што сярод салдат, гэтых простых ваяк, якія, так бы мовіць, рабілі тую вайну, якія яе і выйгралі, кім бы яны ні былі — украінцамі, малдаванамі, грузінамі, русккімі, — заўсёды знойдзецца паразуменне. Вайна людзей ядняла, як гэта ні гучыць. Узоры братэрства, якія апісвае Гарэцкі ад імя Лявона Задумы, ён назіраў там, на вайне. А калі яго герой прыехаў да сям’і на пабыўку, ён не знайшоў у ёй чаканай спагадлівасці. Дома ён назіраў сапраўдную вайну. Вось у чым парадокс. У родным доме сварацца, б’юць лыжкай па галаве малога за тое, што ён расплакаўся. Гаспадарка нікуды не вартая — няма каму ёю займацца. Мужчыны ўсе на вайне. Ён і прыехаў, каб неяк дапамагчы, а пабачыў такое, што вяртанне на фронт успрымалася ім як вяртанне ў сям’ю, да братоў. Яны яго клічуць: у нас тут махорачка, і нічога, што халодныя акопы, але мы тут грэемся душой. Дзівосная праўда Гарэцкага: ён не баяўся сказаць, што ў сям’і не ўсё добра, што ў франтавой сям’і лепш. Паміж гэтымі сем’ямі ёсць падзел, які зрабіла сама вайна.
С. В. Трагедыя чалавека, які вяртаецца з вайны, здавалася б, з пекла, у тым, што ён трапляе ў яшчэ большае пекла — душэўнае. Бо на вайне зразумела і ведаеш, што рабіць, а дома не ведаеш...
К. А. А я вось слухаю і не пагаджаюся. З аднаго боку, Максім Гарэцкі сапраўды паказаў пабрацімства ўнутры сваёй арміі. Але ён хацеў паказаць ідэалагічныя штампы. У вялікі твор «На імперыялістычнай вайне» ён уключае апавяданне «Рускі» — замалёвачку, у якой фігуруюць «рускі» і «аўстрыяк» — беларус і ўкраінец, але ў «рускага» ёсць разуменне, што «аўстрыяк» — гэта вораг і яго трэба забіць, хоць ён такі ж самы гаспадар, такі ж па душы чалавек і мае такую ж сям’ю і дзяцей. Але ен вораг! Праз прызму гэтага шаблону дзейнічае «рускі», забіваючы таго, з кім толькі што выпілі па чарцы. Хаця шмат было прыкладаў пабрацімства паміж варожымі арміямі, калі Новы год сустракалі разам, бо свята, а потым разыходзіліся па сваіх акопах. Максім Гарэцкі паказаў, што вораг — таксама чалавек. Канешне, так меркавалі не ўсе, былі такія, якія глядзелі выключна сваё. Але ж ён не толькі акопную вайну адлюстраваў. Другі твор, «Літоўскі хутарок» мы ўключылі ў дыск таму, што ён паказван некалькі праблем адразу: праблему бежанства і праблему насельніцтва нават не на акупіраваннай тэрыторыі, а на лініі фронту, калі чалавек не ведае, хто заўтра прыйдзе – свае ці ворагі – і , галоўнае, ад каго ён атрымае большую шкоду. Трагедыя адной сям’і, якая жыве на літоўскім хутарку на мяжы вайны. Вельмі моцны і вельмі кранальны твор, чый сюжэт пераносіцца на сотні і тысячы сем’яў па ўсім свеце. Вайной гарады сціраліся з твару зямлі, а тут – хутарок. Максім Гарэцкі так шматпластова малюе вайну, што можна яе вывучае па яго творах. Нават і ход некаторых рэальных аперацый можна па іх прасачыць, бо гэта дакументальныя запіскі, спалучэнне споведзі і хронікі.
А. В. I Яшчэ адну думку ён нам імкнецца трансліраваць: як бы ні заклікалі начальнікі, палкоўнікі ваяваць «За веру, за царя, за Отечество», гэта праз увесь твор гучала толькі як залік аддаваць жыццё. Юны Гарэцкі задумваецца: аддаваць жыццё за веру — а за якую веру? За царя? За якога цара? I за якую Айчыную? Мы людзі XXI стагоддзя, разгортваем яго запіскі, і бачым, што гэта самая што ні ёсць тая праўда зафіксаваў народ. Не салдаты, а народ. Ён гінуў за гэтую праўду. Аддзяліць праўду душы чалавечай ад праўды вайны — як? Калі жыцці аддаваліся на алтар так званай перамогі, то якой перамогі? Дзеля чаго? ІІІто павінна было здарыцца з сусветам, да чаго павінен быў прывесці вынік вайны? Ніхто гэтага не ведаў. Гарэцкі хацеў сказаць, што толькі чалавек, яго сэрца і розум, тонкасць і далікатнасць маюць значэнне. Светлымі фарбамі ён малюе афіцэраў, добрых, інтэлігентных, якія разумеюць душу салдата. I тут праявіўся вялікі досвед Гарэцкага: ён змог знайсці на вайне сапраўдных знаўцаў душы.
С. В. Ці можна гаварыць пра прынцыповую розніцу паміж тым, што сказаў пра Першую сусветную Максім Гарэцкі, і тым, што сказалі пра яе замежныя пісьменнікі, таксама ўдзельнікі вайны і таксама, у нейкім сэнсе, хранікёры?
К. А. Кожны прапускаў вайну праз прызму сваей душы, але і праз пэўную кан’юнктуру. Гарэцкі, напрыклад, друкуючыся ў «Нашай ніве», не мог яе не прарэкламаваць у сваіх творах. Гэта калі казаць вузка. Але што вызначае творчасць Гарэцкага ў тэме Першай сусветнай? Я не ведаю, акрамя Гарэцкага пісаў у той час пра бежанства хто апісваў сітуацыю, калі чалавек вымушаны жыць паміж двума франтамі, хто пісаў пра тое, як чалавек увогуле трапляе на фронт. Ён паказаў вайну з пазіцый розных людзей — і селяніна, і салдата, і сувязіста. Я не настолькі глыбока вывучаў творчасць, напрыклад, Рэмарка, каб параўноўваць яе з творчасцю Гарэцкага, але, пэўна і не варта гэтым займацца — хіба толькі літаратуразнаўцам. У кожнага пісьменніка свій светаполгляд. Трагедыя вайны паказана і там, і тут. Нямецкія літаратуразнаўцы, якія адкрываюць для сябе творчасць Гарэцкага, здзіўляюцца, чаму раней яны пра яго не чулі. Мо сёння гэта ўжо не так актуальна, але гэта тая самая гісторыя, што і з Францішкам Аляхновічам, які напісаў «У капцюрох ГПУ» раней, чым напісаў свае творы на тую ж тэму Аляксандр Салжаніцын — але даведаліся мы пра гэта пазней, і для многіх Салжаніцын — гэта маштаб, а Аляхновіч — ужо другараднае... Калі б творы Максіма Гарэцкага былі ўключаны ў сусветны літаратурны працэс, гэта змяніла б не толькі літаратуразнаўства.
С. В. Парадаксальна, што многае замежнае, значна больш слабае, аказалася ўключаным у сусветны працэс, а наша, больш моцнае нават, — і нашымі літаратуразнаўцамі не ўсё да канца ацэненае. Праблема гэтая досыць прыкрая...
К. А. Ёсць прыказка пра тое, як умела гаспадыня гатаваць ды не ўмела падаваць. Вельмі важна ўмець прэзентаваць сябе ў свеце.
С. В. Гэта вы пра нашу сціпласць як нацыянальную рысу?
К. А. Не, тут не сціпласць. Тут, хутчэй, лянота перакладчыка: прасцей перакласці з рускай. А беларускі пісьменнік, які захоўвае сваю прынцэповасць, піша на роднай мове, чым абмяжоўвае кола патэнцыйных сваіх перакладчыкаў. Ды і хто ў савецкі час мог папулярызаваць творчасць Максіма Гарэцкага? Многія яго творы былі пад сакрэтам. Мы ўводзім яго ў культурны кантэкст «заднім днём». I, зноў жа, папулярызуем яго сярод беларускай супольнасці, а трэба, каб Гарэцкі гучаў рознымі спосабамі і на розных мовах.
А. В. Вяртаючыся да таго, што даў нам Максім Гарэцкі па тэме Першай сусветнай вайны: ён указаў нам напрамак, паведаміў, што ёсць яшчэ нераспрацаваны матэрыял. Бярыце, маўляў, і працуйце. Цікаўцеся. Узаемаадносіны ваеннапалонных — чым не тэма? Або лёсы тых, каго забіралі на работы ў Германію: што стала з тымі людзьмі? Вядома, што многія з іх вярнуліся на радзіму, але ўжо з іншымі тварамі і іншымі думкамі. Яны вярнуліся іншымі — тыя, хто заставаўся там доўга, хто вывучыў мову і зразумеў кантэкст тамтэйшага ладу жыцця; і яны дакладна хацелі б нешта ў нас памяняць. Яшчэ адна тэма — тэма дзяцей на вайне. Пра гэта мы таксама мала што ведаем, а былі ж героі і сярод дзяцей і падлеткаў. Вось яшчэ тэма — рэлігія на вайне: як сябе паводзілі святары? Ім у Гарэцкага таксама адведзена месца, і сярод іх таксама былі героі, і пра іх мы мала што ведаем...
Дыямент у пабітым шкле
А. В. Фармат другога дыска, «Дыямант у пабітым шкле», — аўдыёкампазіцыя, складзеная з твораў пісьменніка, песень, запісаных ім ад маці, і вершаў Янкі Купалы. Герой гэтай аўдыёкампазіцыі — беларускі вясковы інтэлігент, зусім малады чалавек, які трапляе ў вір жыцця пачатку XX стагоддзя. Мы менавіта на гэтым вобразе засяродзіліся, бо першыя творы Максіма Гарэцкага ўсе аўтабіяграфічныя, кожны з іх ён пісаў пра сябе — і «У лазні», і «Роднае карэнне», і «Ціхую плынь». Што трэба было зрабіць Максіму Іванавічу, каб вырвацца з ланцугоў страшэннай бядноты... Багацькаўка была найбяднейшай з вёсак, людзі ў ёй жылі боса і голадна, але Еўфрасінні Міхайлаўне, маці Гарэцкага, была ў вышэйшай, ступені ўласцівая сямейная культура: яна імкнулася прывіць сваім сынам любоў да маленькага чалавека, да селяніна, і ладзіла з гэтай мэтай сяменныя вечары, расказвала гісторыю вескі, роду, усіх забабонаў, усяго містычнага і фантастычнага. Чаму сусвет Гарэцкага такі імпульсіўны? У многім гэта спадчына маці, захаваных ёю ў памяці страшных гісторый, звязаных з прыроднымі з’явамі, на якія накладалася рэлігійнасць, праваслаўная вера. Вось што заклала падмурак мастацкага сусвету Гарэцкага. На яго першае апавяданне — «У лазні» — «Наша ніва» выказалася словамі, досыць абнадзейлівымі для дзевятнаццацігадовага чалавека: «Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас «памножана будзе слава Айчыны нашай», калі толькі агонь, які гарыць у Вас, будзе далей разгарацца». Гэта дэбют узроўню Лермантава. Так ён расказаў пра маленькага чалавека, шкаляра, гімназіста, які прыязджае ў сваю вёску і якога вяскоўцы не могуць зразумець: на каго ён вучыцца, кім ён будзе — панам ці селянінам, і навошта ён гэтыя веды збірае, калі галоўныя веды ўсе ў вёсцы? Асноўны пастулат вяскоўцаў — не адрывацца ад вёскі, ад каранёў, не спяшацца. Будзе яшчэ і горад, але ты, маўляў, ведай, што мы тут жывём і нас трэба помніць, а не тое, што будзе недзе там у цябе адбывацца. Так, ты пабачыш сусвет, але нас ты пры гэтым забудзеш. А ты не адрывайся ад нас. Вось гэтым запаветам і мы кіраваліся пры запісе дыска. Наша Беларусь — краіна, праз вякі спакутаваная, але зорачкі, якія з’яўляліся на яе небасхіле, — імёны яе пісьменнікаў, паэтаў, мудрацоў, музыкантаў, артыстаў — склалі ёй дыяментавае ўпрыгожанне, дыяментавую повязь вякоў. Назва «Дыямант у пабітым шкле» азначае, што дыяменты сярод нас ёсць заўсёды, яны — нібы каменьчыкі пад нагамі, толькі не трэба іх разбіваць, не трэба іх пэцкаць, не ўздзейнічаць на іх ні вайной, ні іншымі ўціскамі. Трэба даць ім магчымасць свяціцца, блішчаць. Такі сэнс назвы дыска. А падзагаловак — «Споведзь разняволенай душы». Я вельмі люблю гэтае слова — «разняволенасць». Яно азначае тое, што павінен зрабіць слухач і чытач: разняволіцца пасля таго, што пачуе ці прачытае ў Гарэцкага і зразумее. Натхніцца Гарэцкім, увасобіць у сабе яго вобраз і — разняволіцца, і прынесці ў дар Беларусі свой прыклад, сваё адчуванне вечнасці.
С. В. Слова «разняволенасць» утварае з суседнімі — «споведзь» і «душа» — унікальнае спалучэнне. Гэта разняволенасць у значэнні, адрозным ад агульнапрынятага, гэта тая ўнутраная свабода, якая патрэбна чалавеку, каб быць здольным раскрыць душу ў споведзі. А як складалася кампазіцыя?
К. А. Не ведаю, як цяпер, але яшчэ нейкі час таму запіскі «На імперыялістычнай вайне» і «Ціхая плынь» уваходзілі ў школьную праграму. I мы падумалі, што вельмі важна, каб такія глыбокія творы былі больш даступныя для ўспрымання іх моладдзю. Лепш іх праслухаць вось так, з дыска, чым прачытаць у «кароткім змесце». Астатнія творы «насаджваліся» на гэтую нітку ўжо як дыяменты, бо кожны з іх нечым ад-метны. «У лазні», да прыкладу, — гэта першы, самы першы твор Максіма Гарэцкага. «Старое замчышча» — проста забыты, нідзе ён не друкаваўся, акрамя як у міжваеннай перыёдыцы, і нават у збор твораў, які складаўся ўжо ў часы незалежнай Беларусі, не ўвайшоў, таму, фактычна, недаступны для шырокага чытача. «Габрыелевы прысады»... Я прапанаваў для запісу апавяданне «Старое замчышча», Алег Аляксандравіч — «Габрыелевы прысады». Я быў спачатку не тое што супраць, я проста не разумеў, навошта, і мне трэба было праслухаць твор раз, другі, трэці. Тады я зразумеў, што твор унікальны, што гэта цудоўнае завяршэнне ўсёй кампазіцыі. Ён вельмі глыбока паказвае душу, незалежна ад таго, добры чалавек ці кепскі. Цуд таленту Гарэцкага ў тым, што ён не дае такую дэілему адназначныя адказы, ён дае кожнаму шанец.
Кожны твор на гэтым дыску мае значэнне і сэнс, хоць у працэсе стварання кампазіцыі да апошняга ўсё ў ёй мянялася, а песні маці ўвогуле з’явіліся фактычна перад сваім выхадам. Спачатку была думка ўзяць іншыя песні — сучасныя або на словы Янкі Купалы. Рашэнне змячіла сустрэча з Радзімам Гаўрылавічам, пляменнікам Максіма Гарэцкага. Бо сапраўды, калі існуюць гэтыя песні, запісаныя пісьменнікам за сваёй маці, то чаму іх не праспяваць, паказаўшы праз іх вытокі яго творчасці? Вось ён, сэнс доўгай работы: калі б мы выпусцілі дыск гадоў пяць таму, ён быў бы іншы. А тое, што мы так доўга і, прытым, пастаянна над ім працавалі ўвесь вольны ад асноўных нашых заняткаў час, сведчыць пра яго шматпрастовасць. Такім чынам, ідэя была ў тым, каб спрасціць жыццё моладзі, дапамагчы ёй у чытанні Гарэцкага, але рэалізацыя гэтай ідэі перарасла ў цэлы культурны праект.
С .В. I гэта, калі я правільна разумею, уласная ініцыятыва двух чалавек, захопленых жыццём і творчасцю Максіма Гарэцкага?
К. А. Я нават не сказаў бы, што мы былі ў такім захапленні ў пачатку работы. А ў працэсе захапіліся ўжо не на жарт.
А. В. Дарэчы, прыступаючы да «Дыяманта...», я доўга не мог знайсці «голас» Гарэцкага, яго аўтарскую інтанацыю, гукавы эквівалент у «Ціхай плыні» і «Родным карэнні» ніяк не акрэсліваўся, я мучыўся, даймаў гукарэжысёра і, пакуль тры разы не перапісаў гэтыя творы, не адшукаў патрэбны тон, доўга яшчэ не мог супакоіцца.
С. В. Вы адкрылі Гарэцкага для чытача і слухача, а якія адкрыцці ў творчасці Гарэцкага за час гэтай працы зрабілі вы для сябе?
А. В. Калі Радзім Гаўрылавіч параіў звярнуцца да зборніка народнай песні з мелодыямі, выпушчанага Максімам Гарэцкім у супрацоўніцтве кампазітарам Аляксандрам Ягоравым, мы ўзялі яго пагартаць у Нацыянальнай бібліятэцы. Пачаў я чытаць тэксты песень — а іх там больш тры сотні, самых розных, — і здзівіўся: як гэта так можа быць, што амаль увесь зборнік нібыта вечаны таму, што ў нашай беларускай сям’і ўсё складваецца не так, як трэба? То нявестка :не можа са свякроўю паладзіць, то жаніх не ведае, як яму знайсці агульную мову з будучай цешчай, і фіналы ў гэтых песень ці не заўсёды трагічныя. I ў нашы дні сем’і нярэдка жывуць нядобра, і маем мы многа разводаў з-за неналаджанасці адносін паміж роднымі, але, гартаючы гэты зборнік, я спасцігнуў цяжар народнай песні, яе глыбокі смутак з-за неразвязаных сямейных цяжбаў, які цягнецца з даўніх вякоў. Гэта было для мяне адкрыццём. У сям’і самога Максіма Гарэцкага таксама не ўсё было проста, і апавяданні і песні яго маці далі нам разуменне таго, што сапраўды, як пісаў Адам Міцкевіч, «яны прайшлі сваю гісторыю ў страшэннай беднасці і галечы, але ў іх казках і песнях ёсць усё...». Беларуская гісторыя складзена з бед, цяжкасцей і жахаў, і гэтую гісторыю Максім Гарэцкі не баяўся паказваць. Ну, але мы такія жудасныя песні ў кампазіцыю не ўзялі, мы бралі тыя, у якіх расказваецца пра долю жанчыны або дзяўчыны, мужчыны або юнака, з філасофскім зместам. Амаль усе яны пяшчотныя і трошкі сумныя. Прапанова, далікатна зробленая Радзімам Гаўрылавічам, аказалася вельмі дарэчы. Каб гэтую частку кампазіцыі давесці да ладу, быў запрошаны ансамбль «Калыханка» з Міханавіч, які з радасцю выканаў матчыны песні.
К. А. Прычым, дзіцячымі галасамі.
А. В.Так, таму што прадстаўлена такім чынам сямейнае кола. Мы ўяўлялі якраз яго. Максім цудоўна спяваў, граў на скрыпачцы і жалейцы, выразна дэкламаваў вершы. Брат Гаўрыла не адставаў. I мы захацелі сабраць дзіцячыя галасы, каб даць слухачам уяўленне, як такія спевы адбываліся ў доме Гарэцкіх, на сямейных вячорках.
К. А. I як на гэтых вячорках фарміравалася сутнасць Максіма Гарэцкага як пісьменніка і чалавека.
С. В. А чаму з вершаў былі выбраны менавіта Купалавы?
А. В. Янка Купала быў адным з першых, хто заўважыў талент Максіма Гарэцкага, і адным з першых, хто сказаў пра яго добрыя словы, даўшы беларусам адчуванне з'яўлення ў іх новага таленту, пра які яны будуць яшчэ гаварыць. У Вільні ў «Нашай ніве» яны сустракаліся, і Купала быў тым, хто даў Гарэцкаму загартоўку і напрамак у творчасці. I яшчэ ёсць прычына: для нас Купала на гэтым дыску гучыць як прарок — мы выкарысталі тыя яго вершы, якія звязаны з адчуваннем беларускасці. Паняцце беларушчыны многа разоў сустракаецца ў публіцыстыцы Максіма Гарэцкага. Ды і ў Гаўрылы таксама. Імкненне, каб кожны адчуў сябе беларусам на роднай зямлі і каб яе карані прайшлі праз яго душу — вось на гэта была скіравана наша задача як укладальнікаў. I быў такі яшчэ змысел, кажучы словам Максіма Іванавіча: ёсць Гарэцкі, а яго адлюстраванне — Купала, і наадварот. Як сонца і цень. Мы хацелі, каб у гэтай аўдыёкампазіцыі і адлюстраванні ігралі ролю. Паэтычнасці нам хацелася дадаць за кошт музычнасці твораў Янкі Купалы. Усё ж прозу на слых успрымаць складана. Многія дыскі прадстаўляюць толькі паэзію, яна бліжэй да музыкі. Зразумела, калі ёсць і музычны фон. Мы хацелі спалучыць аднадумцаў — утварыць на дыску дыялог паміж Янкам Купалам і Максімам Гарэцкім. Дыялог наконт беларускасці. Гарэцкі праз сваё, аўтабіяграфічнае, а Купала — праз грамадскае. Нам падалося, што гэта цікава. Купалавы вершы даюць той глебе, на якой узрос Гарэцкі, вільгаць. Гэтай вільгаці нам не хапала, і мы яе дадалі.
С. В. Самы час распавесці пра вашу каманду.
К. А. Да ўжо знаёмых нам па першым дыску Ігара Пісыгіна і Вольгі Гваздовай, гукарэжысёра і дызайнера вокладкі, дадаліся гукарэжысёр Людміла Свацікава, інжынер майстарынгу Сяргей Чайка і мастак Вячаслаў Паўлавец. Іх адказнасць і высокае майстэрства надалі нашай працы новы маштаб.
А. В. Было б несправядліва не ўспомніць яшчэ двух людзей, без якіх наш дыск не стаў бы паўнавартасным і цэльным, — гэта Таццяна Захарыч і Васіль Ганчарэвіч. Мы дзякуем нашым родным і прыхільнікам, якія на працягу гэтых гадоў верылі ў нас, надзейна падтрымлівалі.
С. В. Відаць, я сама павінна дадаць, што рэжысура і выкананне былі справамі Алега Вінярскага, кампазіцыя складалася Алегам Вінярскім і Кастусём Антановічам, кіраваў абодвума праектамі Кастусь Антановіч.
К. А. Ёсць яшчэ адзін удзельнік праекта: фотамастак Віктар Малышчыц. Ён прадаставіў нам для вокладкі здымак зорнага неба. Зразумела, што вокладка — гэта таксама частка дыска, і досыць важная: без яе цяжка яго ўспрымаць. Прычым стварэнне вокладкі аказалася нават больш цяжкай справай, чым складанне самагодыска. Напоўніць сасуд было чым, але ж трэба было, каб вада ў ім трымалася. Спачатку бачанне дызайнераў было іншым, але дэталі адна з адной не сыходзіліся. А потым відаць, сам Максім Іванавіч зжаліўся над намі і вырашь даць падказку. У рэшце рэшт мы адлюстравалі на вокладцы тое, што ёсць на дыску: інтэлігенцыя — разбітыя акуляры, у якіх адбіваецца рэчаіснасць — вёска, з якой яна выходзіць. родная хата Максіма Гарэцкага. Але ў той час гэта думкі, абсяг, неба, космас... На першым дыске вокладка дэманструе зямлю, на другім перэважае неба. Гэта таксама наша задума. Хоць і тут і там — споведзь, але гэта зямля і неба.
А. В. Мы доўга раздумвалі, што такое ціхая плынь. А гэта тое, што працякае не знешне, а ўнутры чалавечай душы. I важна гэтую ціхую плынь у сабе захаваць. Зберагчы ціхую плынь душы дзіцяці незасмечанай. Пра гэта мы і стваралі наш дыск. Мы наклалі акуляры на панарамны здымак зорнага неба з абрысамі вострава, заходам сонца і руінамі замка або царквы – нібыта гісторыя накладаецца на сучаснасць. Пабітыя акуляры гавораць пра трагічны лёс, але ў трыэнутам шкле адбіваецца неба: праз трагедыю – да вечнасці. Менавіта з дапамогай Віктара, яго цудоўнага фону і нашага калажа з акулярамі атрымалася крыптаграма, якую трэба таксама не проста так разглядаць.
Чаму Гарэцкі?
С. В. Ці ёсць у вас адчуванне свайго Гарэцкага, пра якога вы рэўнасна сказаліб: «А ён вось такі, мой Гарэцкі»?
К. А. Ён няпросты. I настолькі глыбокі, і настолькі сучасны... Твор «Старое замчышча», які мы адкапалі, — маленькі, на пятнаццаць хвілін, абразок. Але ў ім засяроджана фактычна ўся гісторыя Беларусі. Ён можа некаму і не падабацца, Гарэцкі. Нехта сёння мо прылічыць яго да непаліткарэктных, але ён - наша гісторыя. Пазіцыя Максіма Іванавіча да гістарычнай праўды блізкая мне асабіста. Ён чалавек ісціны, чысціні. Як цудоўны псіхолаг, ён адчувае чалавечую душу, яе сутнасць. Шматграннасць яго асобы блізкая мне. Чым больш я з ім знаёмлюся, тым больш ім захапляюся. I цяпер для мяне гэта не ідал, не кумір, а ўзор.
А. В. Гарэцкі — гэта наша зорка, да якой мы яшчэ не дайшлі. Відаць, мы на шляху да яе. Бо ён апярэдзіў свой час. Ен, канешне, з тых мастакоў, якія нарадзіліся мо заўчасна, зле якія змаглі за кароткі перыяд жыцця, ім адведзены, — а Гарэцкі пражыў толькі сорак пяць гадоў, — зрабіць столькі, колькі з папярэднікаў хто мог бы здзейсніць? Невядома. Я не баюся назваць яго прарокам, таму што яго рысы, чалавечыя і творчыя, для мяне нароўні з рысамі рэнесансных эсоб. Я лічу яго чалавекам рэнесанснай культуры, таму што ён, па-першае, мастак-празаік, вялікі крытык і публіцыст, выдатнейшы лексікограф, даследчык літаратуры, мовы, фальклору, а па-другое, ён цудоўны чалавек і асоба. якая заўсёды адгукалася на несправядлівасць, не магла стрымаць сябе, калі бачыла ці чула нешта, што робіцца не так, як павінна рабіцца ў свеце. Якасці, уласцівыя ўсім Гарэцкім, — кволасць, уражлівасць, неўраўнаважанасць — гэта фамільныя асаблівасці, як пісаў Гаўрыла Гарэцкі свайму сыну: «Што ж, браце, зробіш, і дрэнная гэта рыса, і разам з тым добрая, бо не дае яны ні душы, ні сэрцу магчымасці агрубець, прытупіцца. Але рысу гэту трэба ўпарадкаваць, падначаліць яе розуму, стрымлівасці. Мы, Гарэцкія, усе такія крыўдлівыя, такія ўпадлівыя, недачэпныя. Не толькі ад слова, але і ад непрыемных падзей, але нават ад погляду, ад руху поўніцца сэрца наша крыўдаю, балючым успрыманнем». Вось гэтая нераўнадушнасць да ўсяго, што адбываецца ў свеце, для мяне сапраўдная гераічная рыса. Адбітак гэтага высокага прыкладу захаваны ў мастацкіх творах. I ўсе яны насычаныя заклікам да чалавека: будзь добры, разумны, заўсёды справядлівы і абавязкова патрыятычны, не пакідай зямлі сваёй і рабі на ёй, пакуль ёсць гэтая магчымасць, толькі тое, што табе запавядалі нашы продкі. Ён адчуваў сябе толькі падмуркам тых іншых вялікіх, хто прыйдзе яшчэ на зямлю. Дзеля гэтага ён і аддаў жыццё. Яго прыклад павінен раскрыць нам вочы на тое, што ў нас былі прарокі і жылі яны не так і даўно. I зноў звярнуцца да яго твораў, прачытаць іх, нягледзячы на тое, што гэта можа быць цяжка, што многа ў іх дыялектызмаў, але прарвацца праз іх — трэба. Каб зазірнуць у космас Гарэцкага, каб быць беларусам.