Главная

Ганна Запартыка

Максім Гарэцкі ва ўспамінах сучаснікаў

па матэрыялах беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры i мастацтва

Першыя публікацыі ўспамінаў пра Максіма Гарэцкага з’явіліся ў друку ў пачатку 1963 г., калі адзначалася 70-годдзе з дня нараджэння пісьменніка. Найперш паклапаціўся пра гэта яго брат, вядомы вучоны Гаўрыла Гарэцкі, які апублікаваў у другім нумары часопіса “Полымя” “Успаміны пра брата”. Гаўрыла Іванавіч і потым друкаваў успаміны пра брата ў розных выданнях, дапаўняючы іх новымі фактамі і дэталямі. Зробіць шчырыя згадкі пра М. Гарэцкагаў 1963 г. у “Голасе Радзімы” і беластоцкай “Ніве” Янка Шутовіч. Але на той час спіс аўтараў успамінаў, можна сказаць, на гэтым і вычэрпваўся. Тым не менш пачатак быў пакладзены. Рэабілітацыя М. Гарэцкага як пісьменніка, вяртанне яго творчасці да жыцця набірала ходу. З кожным чарговым юбілеем з’яўляліся тыя, хто ў друку ці афіцыйных выступленнях успамінаў пра пісьменніка, вучонага, педагога М. Гарэцкага. Самым вялікім поклічам да напісання ўспамінаў стала 90-годдзе з дня нараджэння творцы. У розных часопісах і газетах у 1983 г. змясцілі свае мемуары сябра М. Гарэцкага А. Сухі, малодшы брат Парфір Іванавіч, акцёр Рускага драмтэатра БССР і былы вучань К. Кулакоў (Рутштэйн), пісьменнікі А. Якімовіч і М. Лужанін, настаўніца В. Маслоўская і інш. У той жа перыяд пачалася падрыхтоўка зборніка “Максім Гарэцкі: Успаміны. Артыкулы. Дакументы.”, складальнікамі якога сталі вядомыя вучоныя, літаратуразнаўцы А. Ліс і I. Саламевіч. Гэты зборнік, што выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1984 г., змяшчае ўспаміны шаснаццаці аўтараў, у тым ліку дачкі пісьменніка Г. Гарэцкай, настаўніка, калегі па працы ў Пясочні Я. Трагубава, этнографа М. Пецюкевіча, гісторыка М. Улашчыка, вучонага-фізіёлага М. Ганчарыка, вучонага-біяхіміка і паэта А. Вечара, якія пісаліся спецыяльна для зборніка ці друкаваліся ўпершыню. У зборніку былі змешчаны і ўрыўкі з чарнавых накідаў-успамінаў жонкі М. Гарэцкага, беларускай пісьменніцы Леанілы Усцінаўны Чарняўскай-Гарэцкай (1893 - 1976). Падрыхтавала да публікацыі гэтую частку ўспамінаў пад назвай “Як складалася кніжка народных песень” Галіна Гарэцкая. Быў час, калі нельга было друкаваць усё тое, што пакінула ў сваіх запісах Леаніла Усцінаўна, і Галіна Максімаўна выбрала для зборніка самае прымальнае. З пачаткам 1990-х гг. і ўсталяваннем традыцыі штогадовых Гарэцкіх чытанняў мемуарыстыка пра М. Гарэцкага папоўнілася ўспамінамі Р. Гарэцкага, А. Бабарэкі, Г. Гарэцкай.

Вялікую ролю ў зборы звестак пра пісьменніка адыграла яго дачка і выдатны даследчык Галіна Максімаўна Гарэцкая. Яна напісала дзясяткі лістоў да самых розных асоб, якія маглі ведаць і помніць бацьку, вывучыла шматлікія архіўныя дакументы і выданні, падрыхтавала да друку многія невядомыя творы літаратара. Пасля смерці Леанілы Усцінаўны Галіна Максімаўна вельмі ўважліва паставілася і да ўсіх запісаў, якія пакінула маці ў нататніках альбо на асобных лістках. У 1989 г. у газеце “Звязда” за 12 кастрычніка яна ўпершыню змясціла невялікі ўрывак з успамінаў маці пад назвай “Памятка”. А ўжо ў першым нумары часопіса “Полымя” за 1990 г. “Памятка” была надрукавана цалкам. У пасляслоўі да публікацыі Г. Гарэцкая напісала: «Маці мая, беларуская пісьменніца Леаніла Чарняўская (1893 - 1976) марыла напісаць успаміны пра блізкіх і знаёмых ёй людзей, але многа хварэла, апошнія восем гадоў жыцця была прыкутай да ложка і змагла занатаваць нямногае: нататкі пра сустрэчы з Якубам Коласам, невялічкі ўспамін “Як складалася кніжка народных песень” (у кнізе “Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы”, 1984, с. 61 - 62), “Успаміны пра сына” і “Памятку” пра апошнія гады жыцця бацькі майго Максіма Гарэцкага».

I тым не менш да ўсяго зробленага і апублікаванага на сёння ёсць што дадаць. Гэта стала магчымым пасля навуковай апрацоўкі сямейнага архіва Гарэцкіх, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Адна з адзінак захоўвання (фонд 426, воп. 2, адз. зах. 134) прыцягнула ўвагу сваёй назвай “Дзённікавыя запісы. Успаміны (1918 - 1920 гг.). Блакноты”. Гады напісання гэтых матэрыялаў - 1968 - 1972. Тое, што ў двух нататніках знаходзяцца не толькі дзённікавыя запісы, а і ўспаміны, гэтаксама пазначаныя дакладнай датай, можна было ўстанавіць толькі пры пастаронкавым знаёмстве з тэкстам. Усе пазнакі ў блакнотах, за выключэннем 2-3 старонак, зроблены алоўкам, графіка тэкстаў у многіх месцах вельмі слабая, ледзьве бачная. Першы запіс датуецца 15 верасня 1968 г., над ім надпіс “Л. Чарняўская”, апошні - 3 мая 1973 г.

Ужо з першай нататкі Леаніла Усцінаўна гаворыць пра свой цяжкі фізічны стан, пра частыя выклікі “хуткай дапамогі”, шкадуе дачку, “якая самааддана даглядае мяне і ў дзень і ўначы”. Калі ж станавілася лягчэй, Леаніла Усцінаўна, акрамя фіксацыі фактаў паўсядзённага жыцця, згадвала падзеі мінулага. Такіх запісаў няшмат, але і яны маюць для нас вялікае значэнне. Праз пятнаццаць старонак пасля першай даты, 5 лістапада 1968 г. Леаніла Усцінаўна пазначыла: “Успаміны, калі іх так можна назваць”. Гэтыя старонкі, у адрозненне ад астатніх, аўтарка пранумаравала. Утрымліваюць успаміны і запісы ад 26 верасня 1969 г. (пра ўкладанне чытанкі), 21 снежня 1968 г. (пра арышт М. Гарэцкага; запіс пачынаецца словамі: “Апошні раз я бачылася і гаварыла з Максімам у гэты дзень у 1937 годзе”), 1, 2 і 18 сакавіка 1970 г. (“што адказаць на пісьмо камсамольцаў з Мінскай школы” - пра жыццё ў Мінску). Найбольш цэласнымі і завершанымі з іх здаюцца запісы ад 5 лістапада 1968 г., якія публікуюцца ніжэй.

«51X1.68 г. Успаміны, калі іх так можна найзваць Слаба я стала вельмі, але ўспомню, што змагу.

Канец 1918 г. У канцы лістапада, цяжка хворая, трапіла я ў Вільню'. Была ў мяне гішпанка і сыпняк разам. Маці абірала вошы, паліла іх у печы і ніхто з яе вялікай сям’і не захварэў. Правалялася я без памяці тыдні са тры, потым, хістаючыся, стала на ногі, мой магутны арганізм вытрымаў і хваробу, і страшныя падзеі мінулага.

Трэба было жыць і зарабляць на жыццё.

Панавалі ў горадзе немцы. Рускіх школ не было. Я, радзіўшыся на Беларусі, чула вакол беларускую мову, ведала яе добра, але вучылася ў рускай школе, выкладалаўрускай пачатковай школе, да “тутэйшай мовы” адносілася не з пагардай, але не сур’ёзна. Мне падабаліся дзіцячыя гульні пра вераб’я, [яшчурка], пра лён, мак. Пры школе быў інтэрнат, начавалі дзеці з дальніх вёсак. Падручнікі былі на рускай мове, ім лёгка давалася мова, але між сабой яны гаварылі на роднай мове.

Кватэра наша была на вуліцы, назву якой я не памятаю, але адным канцом яна выходзіла на Віленскую, другім на Катэдру. Ня памятаю, хто мяне навучыў звярнуцца на Віленскую, 22 да Івана Луцкевіча.

Сустрэў ён мяне прыхільна. Я - настаўніца са стажам, ведаю беларускую мову, і адразу запрог мяне ў работу. Абяцаў пасаду настаўніцы ў Беларускай гімназіі, якая мелася адчыніцца ў Базыльянскіх мурох 1 студзеня 1919 г., і даручыў укласці чытанку пад назвай “Родны край”. Вось калі адчыніўся новы свет: Янка Купала, Якуб Колас (Тарас Гушча), З. Бядуля, Максім Гарэцкі, Багушэвіч, Ядвігін Ш., іншыя.

Гімназія адчынялася ў Базыльянскіх мурох. Раней да вайны там была духоўная семінарыя. Пры немцах - шпіталь. Немцы ўжо эвакуіраваліся.

Зіма была лютая, сцены будынку прамерзлі наскрозь. Аднак там ужо збіраўся будучы калектыў. На радасць сустрэлася я з Алёнай Кірылаўнай Сакаловай, з якой некалі вучылася разам, толькі у розных класах. Былі ў Вільні прытулак на Бакшце і пры Духовым манастыры. На Бакшту ў будынак былога Дух[оўнага] вуч[ылішча]. Пайшла. Дзеці жылі ў цяжкіх умовах. [Загадчыцай] Тэця Станішэўская, хворая на сухоты, цьмяная з твару. Сумна глядзела на мяне.

Я зайшла ў гарадскі зал, поўны народу. Вёў даклад малады чалавек, ніякай трывогі не адчувалася. Слухалі ўважліва. А калі пазней я пайшла ў даведкі да сваёй цёткі, што жыла за Зялёным мастом, то, вяртаючыся дамоў, убачыла, што на масту стаялі кулямёты, але так прасілася пакарміць дзіця (якога у мяне не было), што мяне прапусцілі. Вуліцы былі пустыя.

Ці ў тую ноч, ці пазней адбыліся трагічныя падзеі на Вароньей вуліцы ў рабочым клубе. Неўзабаве ў горад прыйшла Чырвоная Армія. Загінуўшых камунараў хавалі вельмі ўрачыста ў скверы, дзе раней стаяў помнік Катарыне. Уся плошча была запруджана народам. Рабочыя, рабочыя, але шмат варожых твараў. З ухмылкамі і гамонкамі ў паўголаса.

Хутка жыццё маё пайшло іншым шляхам. Я “пякла”чытанку “Родны край”, а мяне ўсе падганялі. У Вільню пераехала з Мінску “Звязда”, у рэдакцыю якой уваходзіў Максім Гарэцкі. Упершыню мы сустрэліся ў нейкім пакоі на Віленскай, 22. Я ўжо ведала яго як пісьменніка па зборніку “Рунь”, ён чуў пра мяне як беларускую настаўніцу, чуў, што ўкладаю чытанку “Родны край”.

Гімназія наша і вучняў набрала, як у Ноеў каўчэг, “каждой твары по паре”. Ну і настаўніцкі калектыў быў не дужа аб’яднаны. Дырэктарам быў М. С. Кахановіч, беларус, інспектар Дмахоўскі, паляк. Далей пайшлі беларусы Г. В. Багдановіч, I. Я. Катовіч, Сакалова, я, і прамільгнула на кароткі час постаць Т. Грыба, фігура арыгінальная. Што ён выкладаў, не ведаю, бачыла, што сядзеў ён верхам на парце, вучні абляплялі яго, а то сядзелі дзе збоку, займаліся хто чым хацеў. У канцэлярыі сядзеў смуглявы хлопец па прозвішчы Шабуня, але хутка знік некуды, Іанна Душэўская.

Чытанка мая “Родны край” была гатова, але трэба быў дазвол рэдактара Біржышкі. Станкевіч аднёс у рэдакцыю, але праз нейкі час сказаў, каб я пайшла з ім да рэдактара, бо таму не ўсё да спадобы, трэба перарабіць тое-сёе.

Пайшлі, селі, дзе нас пасадзілі. Рэдактар гартаў старонкі будучай чытанкі, рабіў розныя заўвагі, вось-вось верне назад, а я ўтаропілася ў яго такімі журботнымі вачамі, што ён глянуў на мяне раз, другі, мусіць падумаў, што слёзы паліюцца з мяне ракой, махнуў рукой, сказаў: “Наогул няма яшчэ добрых падручнікаў” і падпісаў дазвол на друкаванне.

Рады мы былі без меры, хоць гэта задалося. Ну, мне заказалі ўкладаць новыя чытанкі, хоць і працы ў гімназіі было шмат. Добра сябравала я з Алёнай Сакаловай, весялілі адна адну, хоць цешыцца не было чым.

З Максімам Гарэцкім сустракаліся не часта. Калі ў мяне не хапала часу на работу, то ў яго тым больш. Дапрацоўваў ён слоўнічак, пісаў аповесць “Дзве душы”, апрацоўваў “Запіскі на імперыялістычнай вайне”, а галоўнае, узяўся за складанне першай “Гісторыі беларускай літаратуры” па непраторанаму яшчэ шляху.

Час ішоў, надыходзіла вясна, і ў канцы красавіка, у каталіцкі Вялікдзень, горад раптоўна за пару сутак захапілі палякі. Тры дні ішла страляніна. Праз акно нашай мансарды бачыла я: на пярылах балкона вісеў забіты чалавек. Тонкія сценкі нашага дома прашывалі кулі. У дзень мы спускаліся ўніз, начою клаліся спаць на падлогу.

Праз дні тры палякі цалкам захапілі горад. Заставацца мне з маці ў прастрэлянай кватэры не хацелася. Пашанцавала мне спаткацца на вуліцы са знаёмым былым настаўнікам А. Л. Лекантам. Ён жыў у царкоўных будынках побач з Бел[арускай] Гімн[азіяй]. Як кажуць, “на мое счастье”ў адной кватэры нядаўна, гэтымі днямі, памёрла жанчына. Кватэра яшчэ не была занята, і А. Л. выстараўся яе для мяне. А што лепей: побач з гімназіяй. I Гарэцкі, які не паспеў выехаць з Вільні, асталяваўся у адным з пакояў у мурох, дзе ўжо змесцілася рэд. беларускай газеты.

Мы зараз ужо маглі часцей бачыцца, хаця абое былі заняты работай, асабліва Максім. Я пачала апрацоўваць “дзяціныя гульні”. Часта заходзіў Тарашкевіч. Ён і Максім рабілі некаторыя заўвагі, а Тарашкевіч параіў запісаць на музыку карагодную песню “Сядзі, сядзі, яшчар”, прызнаў яе старажытнай. Кімант паклала яе на ноты, таксама “Як пайшоў верабей”. Зрэдка забягаў Станкевіч, ён усё падганяў, не даваў рабіць ніякіх зносак, паясненняў.

У газэце друкаваліся “Дзве душы”.

Максім расказаў мне пра свае любошчы з Аляй, сапраўднае прозвішча якой было [Крупенікава], дачкой багатага купца. У доме іх было поўна элегантных афіцэраў, але балаванае дзяўчо аддала свае сымпатыі прапаршчыку Гарэцкаму. Але тэрмін [лячэння] Гар[эцкага] скончыўся, і яны разлучыліся. Аднак белы тварык з цёмнымі пасмачкамі валасоў застаўся назаўсёдыў яго памяці. Я чытала яе пісулькі абыякавыя, бяздумныя. Я была значна сталейшай за яе і зразумела, які чалавек спаткаўся на маім шляху, і пакахала яго навек. I я яму падабалася. Тарашкевіч, халі прыходзіў да нас, спяваў жартліва: “Максімку, сынку, вазьмі стрэльбінку, забі дзічынку”.

Здаецца, у канцы мая Максім прыйшоў невясёлы з больніцы, дзе памірала ад сухотаў Т. Станішэўская. Пры ёй сядзела маці. Яна сказала дачцэ проста: “Вось бульбачка прымёрзла, але адыдзе, а тьі, дачушка, не аджывеш”. Тэця толькі ўсміхнулася краем вуснаў, а на Максіма паглядзела сумна, сумна.

Неўзабаве яна памёрла. Пахавалі яе гарачым днём на могільніку, на Росе.

16 ліпеня 19 г. мы пажаніліся. Пераехалі ненадоўга на Антокаль, нанялі пакойчык. Але пры гімназіі адчыніліся настаўніцкія курсы. Максім пачаў чытаць лекцыі. З Антокаля далёка было хадзіць да гімназіі, і мы пераехалі ў кватэру, дзе жыла я з маці. Максім быў таксама зацверджаны наст[аўнікам] у гімназіі. Аб настаўніцкіх курсах у нас была вялікая фатаграфія, якая знікла ў адзін з сумных для нас часоў.

Акрамя педаг[агічнай] працы, у газетах, розных “Думках”, якія палякі зачынялі адну за адной, галоўнай работай стала для Максіма стварэнне першага падручніка “Гіст[орыі] бел[арускай] літаратуры”.

У Вільні было вялікіх багатых бібл[іятэк]. Максім карыстаўся музеем бр. Луцкевічаў, бібл[іятэкай] духоўн[ай] семін[арыі], універс[ітэцкай] бібл[іятэкай]. Пазнаёміўся з адвакатам Врублеўскім, у якога была найбагацейшая бібліятэка. Максім прыносіў дамоў “Літоўскі статут”, “АльКітаб”, іншыя рэдкія выданні.

У зімовыя канікулы ў пачатку 1920 года ў Вільню прыехаў Янка Купала. Колькі радасці было ў гімназіі. Спраўлялі вечар у гонар Купалы. Ставілі ўрыўкі з Раскіданага гнязда”, чыталі вершы. Адну ноч Купала начаваў у нас, Максім удакладняў яго біяграфію.

Здаецца, у гэтым годзе я пазнаёмілася з Гаруном. Вершы яго мне вельмі падабаліся. Ён былы сталяр. Быў сасланы ў Сібір. Вярнуўся пасля рэвалюцыі. У нешчаслівую для сябе хвіліну ён звязаўсяз “беларускім” войскам пры польскай арміі. Захварэў на дызэнтырыю і памёр у Кракаве.

1920 г. Максім вельмі плённа працаваў, супрацоўнічаў у газэтах, пісаў апавяданні. Я ўкладала “Родны край”, ужо 3 і 4 часткі. У канцы лета перайшоў граніцу Гурык і прыйшоў да нас. Радаваліся браты сустрэчы. Я была ўжо цяжарная, худая, збялелая і, відаць, не дужа спадабалася Гурыку, [пазней] я пачула выпадкова з размовы братоў, што і мая маці не спадабалася Гурыку. Было яму толькі 20 гадоў, але быў мужны, поўны запалу, кахання да роднага краю.

Ляшук, В. Я.

Літаратура пачатку ХХ стагоддзя

З Палессем звязана жыццё і творчасць Максіма Гарэцкага (1893—1938). Першы раз пісьменнік трапіў на Палессе ў канцы 1915 года. У «Камароўскай хроніцы» ён дакладна называе час свайго знаходжання на Піншчыне — з 15 лістапада 1915 па 24 студзеня 1916 г. 3 фронту Максіма Гарэцкага адправілі ў Петраград. Пра настрой пісьменніка таго часу сведчаць парады героя Кузьмы Лаўрыку («Камароўская хроніка»), які шукаў у першага ратунку ад нуды і суму. Хоць аўтабіяграфічны герой Максіма Гарэцкага адчуваў тое ж самае, што і Лаўрык, але лекі гэтыя даваў. Яны ўдакладняюць ідэалы пісьменніка той пары: «I ён пісаў, каб Лаўрык не зачытваўся лёгкай белетрыстыкай. ад якой развіваецца павярхоўнасць у поглядах і незадаволенасць у настроі, а каб разнаабразіў сваё чытанне кнігамі па прыродазнаўетве, сельскай гаспадарцы, гісторыі, геаграфіі. Каб ён вывучаў чужаземньтя мовы. Каб ён быў рэпетытарам, вучыў якога-небудзь беднага хлопчыка, хоць бясплатна» (Максім Гарэцкі. Збор твораг ў у чатырох тамах. Т. 4. Мн.. 1986. С. 98).

Другі раз Максім Гарэцкі трапіў на Палессе ў самым канцы 1915 года. Спачатку ён зноў апынуўся на перадавой у акогіах, аднак у хуткім часе яго як агранома ўключылі ў камісію па рэвізіі сена ў сялянаў у недалёкім тыле. За сена плацілі па 80 кап. за адзін пуд (16 кг), і палешукі ахвотна прадавалі яго вайскоўцам. У Максіма Гарэцкага наладзіліся прыязныя стасункі з нашымі землякамі. Тым не менш у хуткім часе, ён папрасіўся на перадавую. Прабыў на гэты раз пісьменнік на Палессі некалькі месяцаў. У акопах ён цяжка захварэў і пакінуў Палессе назаўсёды.

Падсумоўваючы свой удзел у Першай сусветнай вайне, Максім Гарэцкі скажа: «Так што за ўсю сваю вайну, з 1914 па 1917 гг. прабыў на пазіцыі месяцаў 10. А то ўсё лячыўся ці ў тыле бадзяўся... Але чатыры гады жыцця прапала» (Тамсама. С. 113). Заўважым, што гэтае выказванне супадае з блокаўскай ацэнкай свайго знаходжання на Палессі ў час Першай сусветнай вайны. А служылі абодва мастакі слова ў адных самых месцах — каля вёскі Парахонск Пінскага раёна. Больш таго, калі Максім Гарэцкі быў вызначаны рэвізаваць сена ў палешукоў, то служыў ён у тым самым Саюзе земстваў і гарадоў, што і А. Блок. Яны ішлі аднымі і ты.мі дарогамі і зусім дапушчальна. што і сустракаліся.

Палессе— новы для Гарэцкага этнаграфічны край. Ён уразіў чуйную душу пісьменніка і не мог не выліцца ў яго творах. Пра гады. праведзеныя на Палессі, пісьменнік згадвае ў «Камароўскай хроніцы». у аповесці «Дзве душы». На палескім матэрыяле напісаны апавяданні «Генерал», «На этапе», Калі ў першым з апошніх двух твораў угадваецца толькі тыповы палескі пейзаж (усё астатняе магло адбывацца ў любым кутку вялізнага фронту ад Пінска да Баранавіч), то ў другім апавяданні - лёс нашых землякоў у гады ваеннага ліхалецця.

Пісьменнік найперш дае разгорнутыя карціны палескіх краявідаў. I што дзіўна, хоць падзеі адбываюцца восенню 1915 г., тым не менш Максім Гарэцкі вуснамі героя-апавядальніка адзначае: «Відаль была адна і тая ж самая за ўсю дарогу, звычайная, але прыгожая відаль: імглявае балотнае надвор’е, грудкі маркотнага алешніку з бакоў пераезду — то ўздоўж ля рэчкі, то найчасцей ля дрэннага паламанага масту... » (Максім Гарэцкі. Выбраныя творы ў дау.х таліах. Т. I. Мн., 1973. С. 199). Пісьменнік заўважыць, што вайна пакінула тут свае сляды, якія нявечаць традыцыйны палескі краявід.

Максім Гарэцкі стварыў у гэтым апавяданні характары палешукоў. Адзначым найперш захапленне пісьменніка іх знешнім хараством. Вось як апісаны гаспадар хаты, у якой спыніліся салдаты на пастой: «Быў ёй стромкі, зграбны і самавіты. Тутэйшая паляшуцкая вопратка, гэтыя шэра-белая світа, кароткая і гладка сцягненая ў поясе, як чаркеска, незвычайна хораша прыйшлася да яго» (Тамсама. С.20). Не менш уражліва апісана гаспадарова жонка Праксэда. Невыпадкова пісьменнік адзначае: «Мне было прыемна, што есць такія жанчыны ў нашым народзе... Дужа доўгія і чорныя вейкі... Твар - авальны, тонкі і мяккі, толькі трохі цьмяны, як ва ўсіх тутэйшых жанчын, але прыгожыя вейкі рабілі гэты твар надта цікавым і харошым», адзначае герой-апавядальнік» (Тамсама. С. 101).

Максім Гарэцкі падкрэслівае і тое адметнае, што характэрна для палешукоў і пра што пазней скажуць Якуб Колас, Марыя Канапніцкая, Уладзімір Караткевіч. Пісьменнік найперш адзначыць у палешукоў годнасць і гордасць, незалежнасць і патрабаванне ад гасцей паважлівых да сябе адносінаў як да гаспадара хаты; маўклівасць жанчыны з чужымі мужчынамі, іх далікатнасць і сціпласць. Герой апавядання, наш зямляк, аказаўся чалавекам мужным іш полі брані. Ён — поўны георгіеўскі кавалер. Характэрна, што гэта паляшук выразна ўсведамляе сваю нацыянальную прыналежнасць і тое, што адрознівае беларусаў ад іншых народаў.

Вайна не толькі нанесла ўрон прыродзе, але пакінула душэўныя раны ў людскіх сэрцах. Герой-апавядальнік адчувае, што ў гэтай паляшуцкай сям’і нешта здарылася, што ўнесла ў яе дысгармонію зрабіла няшчаснымі ўсіх траіх: гаспадара, яго жонку і маці. Найхутчэй гэта звязана з наводзінамі Праксэды. Напэўна, у чымсці яна парушыла няпісаныя народныя законы. Парушыла таму, што край запаланілі салдаты, якія не вельмі лічацца з цывільнымі людзьмі.

Цяжар ваеннага ліхалецця найперш кладзецца на сялянаў. Паляшук жаліцца, «што яго жонку і матку ганялі на работы, і бывала, што з канём, і не давалі жыцця салдацкімі пастоямі», шго яму, георгіеўскаму кавалеру, які страціў здароўе на вайне, «вызначылі пенсію другога разраду» (Тамсама. С. 202). У той самы час князь Друцкі-Любецкі (маёнтак Друцкіх-Любецкіх быў размешчаны каля вёскі Парахонск - В. Л.), які «мае колькі тысячаў дзесяцін, ані яго людзей на работы, ані яго коні ў фурманкі не гналі». Як бачым, Максім Гарэцкі не паказвае палешукоў ані цёмнымі, ані забітымі.

Нам думаецца, слушным і цікавым з’яўляецца меркаванне У. А. Лебедзева, што Максім Гарэцкі за кароткі час знаходжання на Палессі ў экстрэмальных умовах вайны выявіў у сваіх творах «пранікненне ў характары персанажаў, дакладнасць у перадачы абставін побыту, знайшоў трапныя і дакладныя дэталі, звязаныя з жыццём палешукоў» (У. А. Лсбсдісў. Максім Гаріцкі і ІІа.ісссс // Народная трыбуна, 1993, 13 лютаса. С. 60).

Максім Гарэцкі
(1893-1938)

Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка (у 1976 г. аб’яднана ў вёску Багацькаўка) Мсцілаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913). Працаваў каморнікам у Літве. Улетку 1914 г. прызваны ў армію. У час першай імперыялістычнаі вайны быў на фронце, ва Усходняй Прусіі. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню. Пасля Кастрычніцкая рэвалюцыі жыў у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известнях Смоленского Совета», у газеце «Звязда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам Віленскай бедаруекай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). За сувязь з віленскімі камуністамі трапіў у 1922 г. у Лукішскую турму. У 1923 г. вярнуўся ў БССР. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследаваннямі ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у АН БССР. У 1931-1935 гг. жыў у Кіраве (былая Вятка), куды быў высланы. Працаваў чарцёжнікам, тэхнікам. 3 верасня 1935 г. жыў у пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў) Калужскай вобласці, дзе працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1938 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Комі АССР. Расстраляны 10 лютага 1938 г. у Вязьме. Справа па абвінавачанні М. Гарэцкага адменена і спынена ў 1957 г. Вярхоуным судом БССР. Калужскім абласным судом 7 лютага 1959 г. поўнасцю рэабілітаваны.

Першае апавяданне надрукаваў у 1913 г. у газеце «Наша Ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданняў «Рунь», у 1919 г. - драматызаваную апо- весць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песні» (1926, другое выданне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны: «Выбранае» (1960), «Выбраныя творы ў 2 тамах» (1973), «Збор твораў у 4 тамах» (1984-1986), «Творы» (1990).

Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век - 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г. Гарэцкім, Смаленск, 1918; Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-евыданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М. Байковым, 1924, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А. Ягораў і М. Аладаў, 1928).

Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929). Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Леніна (пад псеўданімам А. Мсціслаўскі), А. Фадзеева «Разгром», апавяданні М. Горкага «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».

Гарэцкага Максіма літаратурны музей

ГАРЭЦКАГА МАКСІМА ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ, філіял Дзяржаунага музея гісторыі беларускай літаратуры. Заснаваны 15.1.1993 у в. Багацькаука Мсціслаўскага раёна паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і рашэння Мсціслаўскага раённага Савета народных дэпутатаў.

Хата, дзе М.Гарэцкі нарадзіўся і пражыў палавіну жыцця, згарэла. Засталася толькі пляцоўка, падворак і частка саду. Узнауленне мемарыяльнай сядзібы адбылося па ініцыятыве пісьменніка У.Караткевіча. Музей размясціўся ў адноўленай хаце, якая ўяўляе вясковую жылую пабудову ў традыцыях канца 19 ст. і складаецца з 3 частак: цёмнай (цёплай) хаты, светлай (халоднай) і сяней. 3 2007 філіялам загадвае А.М. Пляшкова.

Экспазіцыйная пл. 79,1 м2. Размешчаная ў 2 залах экспазіцыя раскрывае складанасць жыццёвага і творчага лёсу Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Крыніцамі дакументальных звестак для яе стварэння з'явіліся успаміны брата М. Га¬рэцкага Гаўрылы, дачкі пісьменніка Галіны, яго жонкі — дзіцячай пісьменніцы Л. Чарняускай-Гарэцкай і малодшага брата Парфірыя. У 2007 пачалося абнауленне літаратурнай часткі экспазіцыі з удзелам Р. Гарэцкага, пляменніка М. Га¬рэцкага. Экспазіцыя музея складаецца з літаратурнай часткі, якая прадстаўляе асноўныя этапы творчай біяграфіі пісьменніка і этнаграфічнай — з увядзеннем у інтэр’ер дакументальнага матэрыялу. Паказаны перыяды жьцця і творчасчі М. Гарэцкага: багацькаўскі і першы горацкі (1893—1913) — дзяцінства ў Багацькаўцы, вучоба у Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, літаратурны дэбют пісьменніка; першы віленскі (1913—14) — праца каморнікам на Віленшчыне, потым 1-я сусветная вайна, служба у царскай арміі, выданне першага зборніка «Рунь»; смаленскі перыяд (1917—19) — выданне «Руска-беларускага слоўніка», сустрэчы з Я. Купалам: другі віленскі (1919—23) — выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі, праца над «Гісторыя беларускае літаратуры», драматычнымі абразкамі стварэнне востра-праблемных артыкулаў. Лукішская турма: першы мінскі (1923—25) — праца ў Інбелкульце, выкладанне беларусазнаўства на рабфаку БДУ: другі горацкі перыяд (1926—28) — праца у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі у Гор¬ках; другі мінскі (1928—30) — праца у Акадэміі навук БССР, арышт, Мінская турма: вяцкі (1931 —35) — праца у высылцы; кіраўскі (1935— 37) — выкладанне, арышт, расстрэл. У экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя матэрыялы і копіі, у т.л. пачатку мінулага стагоддзя: фотаздымкі, дакументы, рукапісы твораў («У лазні», «Жалобная камедыя» і інш.), кнігі, газетныя нататкі, паштоўкі, лісты. Сярод экспанатаў кнігі М. Гарэцкага «Рунь», «На імперыялістычнай вайне», «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка», «Дзве душы», «Гісторыя бела¬рускае літаратуры» і інш., літаратуразнаўчыя даследаванні спадчыны братоў Гарэцкіх 20 — пачатку 21 ст., зборнікі Міжнародных Гарэцкіх чытанняў, успамінаў і інтэрв'ю, фотаздымкі. У музеі адбываюцца літаратурныя сустрэчы, на аснове экспазіцыйных матэрыялау праводзяцца лекцыі для школьнікаў.

І.Б.Лапцёнак

Любоў Глазман

“Таямніцы жыцця”
ў апавяданнях Максіма Гарэцкага і Леаніда Андрэева.

Творы Максіма Гарэцкага і Леаніда Андрэева, прадстаўнікоў аднаго творчага пакалення ў беларускай і рускай літаратуры, вельмі разнастайныя, шматпланавыя. Але пэўныя характэрныя для пачатку XX ст. літаратурныя з’явы даюць падставы разглядаць іх творчасць у супастаўленні. Гэта дазваляе не толькі выявіць падабенства ці адрозненне, але і па-новаму асвятліць некаторыя ўжо закранутыя даследчыкамі моманты творчасці кожнага з аўтараў. У дадзеным артыкуле даследуецца адлюстраванне М. Гарэцкім і Л. Андрэевым так званага патаёмнага, неспасцігальнага боку жыцця, які займае асобнае месца ў малой прозе абодвух пісьменнікаў, праз прызму светаадчування герояў іх апавяданняў.

Схільнасць персанажаў М. Гарэцкага да раскрыцця жыццёвых таямніц адзначаецца амаль усімі яго даследчыкамі, напрыклад А. Адамовічам, М. Мушынскім і інш. У супастаўленні са своеасаблівым андрэеўскім стаўленнем да “праклятых пытанняў” жыцця названая творчая адметнасць набывае самастойны сэнс і раскрываецца больш ярка, што дазваляе глыбей паглядзець на постаць героя, які не знаходзіць сабе месца ад пытанняў: “адкуля ўсё і што яно?

Пазначаная тэма мае розныя адценні і спосабы выражэння ў малой прозе пісьменнікаў. Так, у апавяданнях і Л. Андрэева, і М. Гарэцкага сцвярджаецца роля звышнатуральных з’яў у жыцці чалавека. Аднак калі ў Л. Андрэева яны падаюцца як цуд, увогуле здольны карэнным чынам паўплываць на лёс чалавека, яго светаўспрыманне, то ў прозе М. Гарэцкага ўспрыманне “патаёмнага” нясе дадатковую сэнсавую нагрузку. У тых культурна-гістарычных умовах, якія дыктаваў пачатак XX ст. для беларускага народа, яно паўстае, акрамя іншага, неад’емным кампанентам нацыянальнай самабытнасці, багатай духоўнай спадчынай беларусаў. Найбольш паказальныя апавяданні беларускага аўтара “У лазні”, “Патаёмнае”, “Цёмны лес”, “Роднае карэнне”.

Ужо ў першым апавяданні М. Гарэцкі адзначае такія матывы і думкі, якія пройдуць потым праз усё яго творчае жыццё. Пісьменнік паказвае свайго роду пераломны момант у самавызначэнні галоўнага героя, Кліма Шамоўскага, «прымача ў “панстве” і пасынка вёскі», да якога ўпершыню прыходзяць і разуменне адасобленасці ад роднай вёскі, і ўсведамленне любові да яе. Неспасціжнай таямніцай паўстае перад Клімам радзіма, яе дзікія звычаі і “цёмныя” павер’і. Унутранае перараджэнне героя, пераход на новы ўзровень светаўспрымання адбываюцца праз сэнсавую нагрузку на прасторава-часавыя адметнасці апавядання. Невыпадкова Клім праходзіць духоўнае ачышчэнне ў лазні, вядомай для нашых продкаў сваімі ініцыяльнымі функцыямі; адметна таксама, што здараецца гэта ў пераломны этап пераходу да новага года. Кульмінацыйны момант твора - разважанні героя падчас вяртання з лазні. Праз думкі пра расстанне, нязгоду з родным краем прыходзіць разуменне немагчымасці “ўцяміць” яго і адначасова бязмернай любові да радзімы. Аўтар паказвае, што калі рацыянальна зразумець жыццё беларускай вёскі немагчыма, а многае з таго, што ў ёй адбываецца, супярэчыць розуму, то трэба ўмець падыходзіць да яе сэрцам. Бо і ў самім чалавеку рацыянальнага вельмі мала, а душа яго - таямніца. Цікава, што рэфлексія, якая можа здацца толькі лірычнай замалёўкай, нясе вельмі значную сэнсавую нагрузку. Клім не проста разважае. У ім адбываецца сур’ёзная работа пераходу да ўсвядомленай жыццёвай пазіцыі, свядомае прыманне “патаёмнага”. I ў супярэчнасці паміж марай і рэальнасцю ён знаходзіць сілы не адракацца ад рэальнага, а прыняць яго, палюбіць. Ды і нядзіўна, што спасцігнуць беларускія таямніцы немагчыма. Бо чалавек - толькі дробная частка сусвету, а “патаёмнае”, як відаць у аднайменным апавяданні, - цэлы свет, намаляваны пісьменнікам праз вобраз Цёмнага лесу. “Патаёмнае” і “Цёмны лес” увасабляюць і страх, і веліч, і неахопнасць напоўненай фальклорнымі персанажамі, нязведанай, непадуладнай розуму “старонкі”, скарбніцы народнае мудрасці. Рэфрэнам у аповедзе “Цёмны лес” гучыць думка пра немагчымасць “выхадзіць”, “налюбавацца”, “угледзець” і “асвятліць” “старонкі гэтае патаемныя”.

У апавяданні “Роднае карэнне” аўтара цікавяць таксама іншыя праявы таямнічага. Паглыбляецца псіхалагічны канфлікт у свядомасці героя паміж разумным і “патаёмным”. Адсюль узнікае відавочнае супрацьстаянне навуковага і народнага светабачання. Студэнт-медык Архіп Лінкевіч прыходзіць да высновы: “...навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая”. Насамрэч, навука, народжаная чалавекам, павінна зрабіць яго жыццё больш зручным, але яна ніколі не здолее спасцігнуць, змясціць у сябе ўсю сусветную неахопную мудрасць жыцця, якая мае звышнатуральнае паходжанне.

Праблема “патаёмнага” атрымлівае ў М. Гарэцкага статус ідэнтыфікацыйнай. Для Архіпа прыняцце “патаёмнага”, уласная прыналежнасць да міфічна-лірычнага светабачання продкаў - адна з галоўных падстаў, якія сцвярджаюць яго прыналежнасць да ўсяго народа, што сведчыць пра поўнасць, цэласнасць яго асобы. Рэзанёрскія рысы мае ў апавяданні дзед Яхім: ён прапануе хлопцу не лезці ў неспасціжнае і не чапаць таго, што знаходзіцца за межамі чалавечага разумення. Пісьменнік даводзіць да чытача думку, што чалавек на тое і чалавек, каб не мець адказаў на “праклятыя пытанні”, бо яго свядомасць пабудавана не па механічным узоры. Таму ён павінен навучыцца суіснаваць у свеце неадназначнасцей, неахопных пытанняў, якія ніколі не дадуць па-спажывецку зручнага, правільнага, поўнага адказу на пытанне пра сэнс чалавечага жыцця. Адзіным крытэрыем у такім існаванні можа стаць уласнае сумленне, менавіта да яго заклікае дзед Яхім прыслухоўвацца Архіпа.

Іншае ўспрыманне “патаёмнага” ў рускага пісьменніка. У творчасці Л. Андрэева яно таксама няўлоўнае, невытлумачальнае, але паўстае пераважна не як мэта і кірунак да традыцыі, якога трэба прытрымлівацца, не як складнік асобаснага светабачання, а, хутчэй, як цуд, нейкая знешняя сіла, што натхняе чалавека на змены ў светаўспрыманні. Значнае месца займаюць найперш велікодныя і калядныя аповеды пісьменніка: “Баргамот і Гараська”, “З жыцця штабс-капітана Каблукова”, “Свята”, “Што бачыла каўка” і г. д. Штосьці невядомае ўрываецца ў жыццё герояў і пераварочвае іх звыклыя шаблоны паводзін. Нешта звышнатуральнае прымушае гарадавога Баргамота па-іншаму паглядзець на п’яніцу і парушальніка грамадскага парадку Гараську, які, нягледзячы на сваю “подлую натуру”, ішоў у велікодную ноч пахрыстосавацца з ворагам. Чаканне цуду пранізвае апавяданне “Свята”. Дарэчы, яно перагукваецца з творам “Роднае карэнне” М. Гарэцкага, паколькі Качэрын таксама шукае адказы на “праклятыя пытанні”. Але яго пошукі хутчэй не патрабуюць тлумачэння “патаёмнага”, а чакаюць яго праяў, якія напоўнілі б жыццё сэнсам. Цудоўныя змены адбываюцца і са штабс-капітанам Каблуковым, хто “в мелкой погоне завтрашним днем растрелял по дороге по частям свою душу”, але цудоўным чынам здабывае жыццёвыя асновы, па-іншаму паглядзеўшы на адданага яму дзеншчыка Кукушкіна. Таямніцай паўстае “всепобеждающий свет”, які схіляе галоўнага героя павярнуцца тварам да блізкага чалавека.

Таямнічыя сілы ў апавяданнях Л. Андрэева здольныя абудзіць сумленне нават у злачынцаў. Перад вачыма драпежнай птушкі, якая чакала абеду праз рабаванне і забойства (апавяданне “Што бачыла каўка”), разгортваецца цудоўная перамога дабра над злом. Апавяданне сцвярджае, што ў кожным чалавеку, незалежна ад яго сацыяльнага і маральнага стану, захоўваюцца парасткі таго таямнічага, добрага, на чым трымаецца і дзякуючы чаму становіцца лепшы свет.

Часам штуршком да пераасэнсавання ўласнага шляху робіцца таямніца нараджэння новага жыцця, з яго чысцінёй, бязгрэшнаспю і надзеямі на будучыню, што добра адлюстроўвае апавяданне “У падвале”. Ачышчальным становіцца з’яўленне немаўляці для Хіжнякова, які дажывае век “на самым дне”, сярод зладзеяў і прастытутак. Яно становіцца праменьчыкам радасці ў шэрым, амаль нежывым існаванні героя.

Атрымліваецца, што нейкія звышнатуральныя праявы жыцця могуць паўплываць на лёс чалавека, унесці ў яго душу новыя перажыванні, узбагаціць яе, падштурхнуць да добрых спраў. Цікава, што ў творчай спадчыне М. Гарэцкага ёсць творы, дзе гучаць такія ж матывы - напрыклад у лірычным апавяданні “Габрыелевы прысады”. У ім сцвярджаецца неспасціжная і вечная каштоўнасць жыцця, што складваецца і з “каравага, чорнага і аграмаднага”, і з “гарманічнага, музыкальнага і харошага”, якія адчуліся малому хвораму Габрусіку і засталіся ў яго душы, падштурхнулі насаджаць дрэвы, лёс кожнага з якіх, як і чалавечае жыццё, непрадказальны, але па-свойму каштоўны. Тое, што здарылася з героем, немагчыма лагічна патлумачыць, але, напэўна, адчуванне цудоўнай таямніцы, успрыманне жыцця як цуду і спарадзілі ў Габрыеля звычку няспынна садзіць дрэвы. Аднак як непрадказальны лёс дрэва, так і чалавечае жыццё можа па-рознаму павярнуцца. Для Габрыеля прысады з цягам часу згубілі “патаёмны” сэнс. Нездарма апавядальнік паказвае яго як вялікага “грэшніка, баламута, п’яніцу, картэўніка, гуляку”. А ўвогуле ў структуры апавядання даволі празрыста чытаюцца элементы жыційнага жанру, толькі акрамя цуду ўсе падзеі падаюцца з адваротным, негатыўным сэнсам. Але таму жыццё і таямнічая з’ява, што шляхі яго нязведаныя. I ўжо не Габрыель у цэнтры ўвагі апавядальніка, а яго ўласны лёс, які невядома куды завядзе. Асноўную думку апавядання мы бачым у тым, што ў непрадказальнасці жыццёвых дарог, у іх недасканаласці, якая складаецца адначасова і з гарманічнага, і з “каравага”, калечанага, а таксама ў рэдкіх перамогах светлага боку жыцця над цёмным і заключаецца жыццёвае хараство і прыцягальнасць.

Абодва пісьменнікі сваімі творамі звяртаюць увагу на тое, што “патаёмнае” можа мець не толькі знешнюю, але і ўнутраную, чалавечую прыроду. Увага на гэтым акцэнтуецца ў апавяданнях “Меў быць крадзёж” Л. Андрэева і “Неразгаданыя людзі” М. Гарэцкага. Першае з іх ідэйна перагукваецца з “Габрыелевымі прысадамі” і малюе злодзея, што па дарозе на крадзеж, а магчыма, і забойства, ратуе бездапаможнае шчанё ад смерці, шчанё, міма якога абыякава праходзілі ўсе астатнія, добрапрыстойныя людзі. Герой сам не разумее, што за “непостижимая тайна” прымусіла яго, вопытнага і жорсткага злодзея, ахвяраваць сур’ёзнай, цёмнай справай дзеля “паршивого маленького щенка”. Як бачым, аўтар з верай у перамогу найлепшых рысаў у кожным чалавеку раскрывае перад чытачом непадуладнасць чалавечай душы, матываў і ўчынкаў логіцы, механічным разлікам.

Такой непрадказальнасцю працяты і адзін з позніх аповедаў М. Гарэцкага “Неразгаданыя людзі”, дзеянне ў якім адбываецца ў савецкай рэчаіснасці. Спрабуе “разгадаць” людзей стары жабрак Адам Скарына, праз яго жыццёвы вопыт і характарызуюцца астатнія персанажы. Вобразы іх абагульненыя, бо задачай пісьменніка не было адлюстраванне індывідуальнага светаўспрымання. Галоўнае тут - даць чытачу адчуць неадназначнасць і немагчымасць пралічыць матывы паводзін людзей, рух іх душы нават такім вопытным персанажам. Адам Скарына “выпрабоўвае” людзей на шчодрасць, міласэрнасць і дабрыню. Самыя непрадказальныя ў апавяданні - вобразы інтэлігента (на падобных прататыпаў, дарэчы, на момант напісання твора пачаліся ўжо ганенні) і службоўца. Нечакана былы слуга графа Чапскага, таварыш калекі, цяпер савецкі камісар, не вытрымлівае выпрабавання на чалавечнасць. Яго чэрствасць звязана з жаданнем адгарадзіцца ад таго, хто не здолеў прыстасавацца да новых умоў, каб выбіцца ў людзі, як ён сам. А вось прафесар, “небяспечны” для ўлады чалавек з характэрным прозвішчам Старабыльскі, што сведчыць пра яго прыналежнасць да старога ладу, шчодра падае жабраку. Такім чынам М. Гарэцкі сцвярджае незалежнасць маральнага складу чалавека ад сацыяльна-гістарычных умоў, немагчымасць вывесці адну алгебраічную формулу для вымярэння душы.

Глыбіню чалавечай душы абодва пісьменнікі бачаць таямніцай свету, непадлеглай разгадцы.

Мэтазгодна звярнуць больш увагі на адлюстраваную аўтарамі неспасціжнасць “патаёмнага”. На думку Л. Андрэева (імпрэсіяністычная замалёўка “У цягніку”), бяздонную глыбіню і таямнічасць жыцця перашкаджае спасцігнуць сама чалавечая прырода, бо над жыццёвым багаццем “беззаботно и слепо плавают люди-щепкы”. З-за такога слізгання па паверхні, а таксама падманлівасці зроку, думак і ілюзорнасці быцця чалавеку наканавана пастаянна праходзіць, абмінаць нешта важнае. Але далёка не ўсе героі твораў пісьменнікаў гатовы з гэтым мірыцца. Праблемай становіцца нежаданне чалавека зважаць на таямнічае і гарманічна суіснаваць з ім. Менавіта за гэта пакараны Янка (апавяданне “Што яно?”), Якуб Кубраковіч (апавяданне “Дурны настаўнік”), Гаўрыла Пячкур (аповед “Страхаццё”) і андрэеўскі персанаж Юры Міхайлавіч (апавяданне “Палёт”).

Усе пералічаныя персанажы М. Гарэцкага паплаціліся за недазволеныя, трансгрэсіўныя адносіны з тагасветнымі сіламі, ад якіх у апавяданні “Роднае карэнне” перасцерагаў Архіпа мудры дзед Яхім. Цікава, аднак, што іх карае не звышнатуральны, а чалавечы закон. Так, памірае праз скептыцызм і самаўпэўненасць, непавагу да старажытнай, накопленай стагоддзямі народнай мудрасці Гаўрыла Пячкур. Памірае ад страху, калі чуе адказ на сваё запрашэнне нябожчыкаў закурыць. З аднаго боку, тлумачэнне вельмі прыземленае: звычайны жарт чалавека, які неспадзявана апынуўся побач. Але пісьменнік папярэджвае, што, нават калі на самай справе нічога няма, вельмі асцярожна трэба ставіцца да народных забабонаў-павер’яў, уяўленняў продкаў. Справы, куды рызыкоўна і не без нахабства ўмяшаліся героі пазначаных апавяданняў, не чалавечага ўзроўню, не чалавеку меркаваць пра таямніцы, схаваныя ад яго зроку. Таму, калі настаўнік Якуб Кубраковіч “робіць практыку”, ён, хоць нічога звышнатуральнага не здарылася, ужо заступіў рысу, якую нармальны чалавек заступаць не павінен. За гэта настаўнік асуджаны звацца “дурным”. Яшчэ адзін “дурны” - Янка-чараўнік: каб толькі знайсці адгадкі на “праклятыя пытанні”, ён уступіў у зносіны з нячысцікамі. Разам з тым апошнія два творы даволі неадназначныя па ідэйным змесце. У іх мае месца і сацыяльная праблема, калі знешне разумныя людзі аказваюцца абмежаванымі, нявартымі разумення і спачування абывацелей, і менавіта іх забабоны выносяць прысуд героям - “бунтаўні- кам па натуры”.

Ідэйным зместам у разгледжаную групу твораў упісваецца андрэеўскі “Палёт”. Ён яшчэ больш катэгарычна акрэслівае межы чалавечых магчымасцяў. Лётчык Юры Міхайлавіч марыў выпрабаваць тое, што не дадзена чалавеку. Яго імкненне да сонца, да бясконцасці сусвету павярнулася загубай чалавечага існавання. Тое, што давялося адчуць і спазнаць лётчыку, знаходзіцца за межамі чалавечага, таму і становіцца канечным момантам яго жыцця.

Вядома, што пісьменнікі не давалі моцнай веры у звышнатуральнае. Ды і не заўсёды ў апавяданнях такая вера спраўджваецца. Напрыклад, “Стары прафесар” М. Гарэцкага альбо “Анёлачак” Л. Андрэева дэманструюць падманлівасць спадзяванняў на цудоўнае ўмяшанне тагасветных сіл. Зварот да жыццёвых таямніц быў пераважна сродкам спасціжэння “патаёмнага” не ў свеце, а ў чалавеку. Абодва пісьменнікі нагадваюць, што чалавек не механічны апарат, цалкам пабудаваны на рацыянальнай аснове, а своеасаблівы і непаўторны сплаў эмацыйнага і разумнага, найвялікшай таямніцай у якім з’яўляецца яго сумленне.

Такім чынам, маючы на ўвазе міфапаэтычную спадчыну і рэлігійную, хрысціянскую традыцыю, Максім Гарэцкі і Леанід Андрэеў адлюстроўваюць розныя праявы цудоўнага, маркіраваныя беларускім і рускім культурнымі кантэкстамі. Пісьменнікі не супярэчаць адзін аднаму, а дапаўняюць адзін аднаго ў асэнсаванні “таямніц жыцця”, раскрываючы разнастанныя адценні, акцэнтуючы ўвагу на розных момантах гэтай шматграннай з’явы.

Таццяна Cтудзенка

Класіку — адпаведны фармат

«Чытаеш — нібы кветкі ў вянок спавяваюцца». Так вобразна характарызаваў мову твораў Максіма Гарэцкага паэт Васіль Зуёнак падчас ХХІ Гарэцкіх чытанняў, прымеркаваных сёлета да 120-годдзя беларускага класіка. Яны адбыліся ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў суправаджэнні экспазіцыі, прысвечанай пісьменніку і яго твору «На імперыялістычнай вайне», амаль першаму ў сусветнай літаратуры ўзнаўленню трагедыі Першай сусветнай.

«Лёс яго склаўся так, што пры жыцці юбілеяў не было», — заўважыў Радзім Гарэцкі, родны пляменнік класіка. Сапраўды, Максім Гарэцкі не дажыў некалькі дзён да 45 гадоў, узросту, калі пачынаюць сур’ёзна адзначаць круглыя даты. І тым не менш, зроблена шмат — і зроблена грунтоўна! Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры, яе празаікаў і раманістаў, летапісец рэвалюцыйнага руху на Беларусі і першы апісальнік беларускіх радаводаў як асновы летапісу краіны.

Праўда і тое, што гэта ўнікальная спадчына ўсё яшчэ чакае наступных даследчыкаў. Калі больш-менш асэнсаваны Гарэцкі-апавядальнік, то гісторык-эпік — далёка не. Не лічыць жа сур’ёзным вызначэнне «Віленскіх камунараў» у тэрмінах постмадэрнісцкага дыскурсу. Не кажучы пра «Камароўскую хроніку», аналітычнаму разгляду якой, на жаль, не знайшлося месца ў выступленнях некалькіх дзясяткаў удзельнікаў Чытанняў. «Максім Гарэцкі ў нас — адна з самых выбітных гісторыка-філасофскіх постацей. Адсюль жаданне пабачыць адпаведную кнігу, дзе б прасочвалася станаўленне яго думкі і ўвасабленне яе ў творчасці. Гэта першая «падказка» даследчыкам. І другая — выдаць слоўнік мовы Максіма Гарэцкага», — паэт, ганаровы акадэмік НАН Беларусі Васіль Зуёнак выказаўся ў згодзе з найгалоўнейшым прынцыпам літаратуразнаўчай працы: патрабаваннем адпаведнасці фармату даследавання яго «прадмету».

Выдатная адпаведнасць, дарэчы, — акцэнт на радавой знітаванасці сям’і Гарэцкіх, захаванні ёю свайго твару, сваёй адметнасці ва ўсіх сітуацыях. Пра гэта слушна нагадаў Анатоль Бутэвіч, старшыня Грамадска-назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Прыкладам трываласці, культурнай засяроджанасці роду Гарэцкіх — спадзвіжніцкая дзейнасць Радзіма Гаўрылавіча, намаганнямі якога (зразумела, пры падтрымцы адзінадумцаў) ладзяцца Чытанні, на сродкі якога выдаюцца потым зборнікі. Адпаведным маштабу класіка беларускай літаратуры будзе, зразумела, выданне яго твораў: «рускі том» Максіма Гарэцкага ўключаны ў план «Выдавецкага дома «Звязда».


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина