Святлана Сачанка
Мясцовая лексіка з твораў Максіма Гарэцкага i Барыса Сачанкі ў дыялектных слоўніках
Моўнае майстэрства пісьменніка выяўляецца ў тым ліку і ва ўменні арганічна спалучаць у сваіх творах розныя пласты лексікі – словы дыялектныя, устарэлыя, індывідуальна-аўтарскія і інш. Пры гэтым моўнае багацце твора заключаецца ў першую чаргу ў багацці слоўніка яго аўтара. Многія словы з мовы твораў Максіма Гарэцкага і Барыса Сачанкі з’яўляюцца дыялектнымі. Гэтую лексіку можна знайсці і ў дыялекных слоўніках, якія адлюстроўваюць спецыфіку народных гаворак. Параўнанне дыялектызмаў, або слоў мясцовага паходжання, выяўленых у мове твораў названых аўтараў, дазваляе прыйсці да наступных высноў (прааналізаваны аповесці М. Гарэцкага “Дзве душы” і Б. Сачанкі “Мальвіна”). Дыялектнай лексікай пісьменнікі карыстаюцца вельмі актыўна, уводзячы яе ў дыялогі (простую мову) дзейных асоб, няўласна-простую мову персанажаў і нават у аўтарскую мову. Аднак у М. Гарэцкага заўважаны большыя багацце і разнастайнасць мясцовых слоў. Амаль усе выяўленыя дыялектныя словы зафіксаваны ў слоўніках дыялектнай лексікі, дзе тлумачацца іх значэнні і паказваецца арэал распаўсюджання. Такім чынам, у слоўніку дыялектнай лексікі адлюстраваны наступныя мясцовыя словы, выяўленыя ў мове аповесці “Дзве душы” М. Гарэцкага (прыводзяцца ў алфавітнай паслядоўнасці): абмахнуцца дзеяс. “памыліцца, спудлаваць [прамахнуцца], не папасці ў цэль” (Гар. 51, Бяльк. 28), абмашка наз. “абмах, памылка [промах]” (Гар. 48, Бяльк. 28), абшчапіць дзеяслоў “абняць” (Гар. 12, Бяльк. 37), агоўтацца дзеясл. ‘агоўтацца [супакоіцца, сцішыцца], прывыкнуць’ (Гар. 43, Бяльк. 40), аджа злучна ўсё ж такі” (Гар. 12, Бяльк. 43), адзаду прысл. “заду” (Гар. 73, Бяльк. 44), ай злучн., часц. ‘ці’ (Гар. 58, 77, 89, Бяльк. 50), аткуля прысл. ‘адкуль’ (Гар. 34, Бяльк. 66), апыніцца дзеясл. ‘апынуцца’ (Гар. 13, 54, Бяльк. 78), ба часц. ‘бы’ (Гар. 12, 14, 22, 31, Бяльк. 78), блішчэць дзеясл. ‘блішчаць’ (Гар. 8, 10, 21, Бяльк. 88), блутацца дзеясл. “блытацца” (Гар. 74, Бяльк. 88), браценнік наз. “дваюрадны брат” (Гар. 41, Бяльк. 91), вакно наз. “акно” (Гар. 8, 9, 11, 14, Бяльк. 103), відзець наз. “бачыць” (Гар. 76, 79, 96, Бяльк. 108), вугалле наз. “вуголле” (Гар. 14, Бяльк. 113), вугол наз. “вугал” (Гар. 21, Бяльк. 113), вучыцель наз. “настаўнік” (Гар. 18, 37, 68, Бяльк. 115), выхадзіць дзеясл. “выходзіць, атрымоўвацца” (Гар. 37, Бяльк. 125), вясёла прысл. “весела” (Гар. 41, Бяльк. 129), гутацца дзеясл. “гутацца, гушкацца” (Гар. 7, Бяльк. 143), дайжа прысл. ‘нават’ (Гар. 37, 41, 83, Бяльк. 147), дзела наз. ‘справа, работа’ (Гар. 84, Бяльк. 15), дзіцёнак наз. “дзіцяня, дзіця” (Гар. 7, 15, 20, 48, Бяльк. 153), дзяньгубства наз. “марнаванне часу” (Гар. 60, Бяльк. 154), заробіць дзеясл. “зарабіць” (Гар. 37, Бяльк. 181), згары прысл. “наперад” (Гар. 43, Бяльк. 188), здаволены прым. “задаволены” (Гар. 8, Бяльк. 189), знаймавацца дзеясл. “спавядацца, быць у споведзі” (Гар. 38, Бяльк. 195), знасіць дзеясл. “зносіць, цярпець” (Гар. 10, Бяльк. 195), зюкаць дзеясл. “гаварыць” (Гар. 58, Бяльк. 212), іногды прысл. “іншы раз, часамі” (Гар. 17, Бяльк. 215), клапаціць дзеясл. “клапаціцца” (Гар. 12, Бяльк. 227), клум наз. “тлум” (Гар. 10, 31, 34, 58, 75, Бяльк. 228), кумпанія наз. “кампанія, таварыства” (Гар. 53, Бяльк. 238), маргелка наз. “магерка, шапка з лямцу” (Гар. 30, 35, Бяльк. 260), наагул прысл. “наогул” (Гар. 17, Бяльк. 272), налецця наз. “наступны год” (Гар. 17, Бяльк. 276), наўпроці прысл. “наўпроці [насупроць]” (Гар. 11, 35, Бяльк. 282), наўчыць дзеясл. “навучыць” (Гар. 36, 87, Бяльк. 282), нейдзе прысл. “недзе” (Гар. 51, Бяльк. 283), павучыння наз. “павуцінне” (Гар. 24, Бяльк. 301), парукацца дзеясл. “прывітацца, падаўшы адзін аднаму рукі” (Гар. 12, Бяльк. 316), пачопка наз. “пачопка, матуз у калысцы, за які калышуць яе” (Гар. 72, Бяльк. 323), пруд наз. “млын” (Гар. 13, 348), пульхлый прым. “пульхны, мяккі” (Гар. 9, Бяльк. 359), сароміцца дзеясл. “саромецца” (Гар. 12, Бяльк. 401), спушчаць дзеясл. “апускаць” (Гар. 37, Бяльк. 417), ступою прысл. “ступою, ціхім ходам” (Гар. 35, Бяльк. 424), схудзець дзеясл. “зрабіцца худым” (Гар. 99, Бяльк. 429), сянні прысл. “сёння, сягоння” (Гар. 21, 23, 73, Бяльк. 439), тутака прысл. “тут” (Гар. 14, Бяльк. 448), узноў прысл. “зноў” (Гар. 7, 8, 28, 31, 34, 51, 71, 74, Бяльк. 456), украдня прысл. “употайкі” (Гар. 28, Бяльк. 457), уласць наз. “улада, урад” (Гар. 80, Бяльк. 458), усюдых прысл. “усюды” (Гар. 51, 63, 71, 95, 104, Бяльк. 466), хвартук наз. “фартух” (Гар. 11, Бяльк. 472), хвустка наз. “хустка” (Гар. 17, Бяльк. 472), хунт наз. “фунт” (Гар. 84, Бяльк. 477), хурман наз. “фурман” (Гар. 34, Бяльк. 477), чарод наз. “чарга” (Гар. 12, Бяльк. 489), шубнуць дзеясл. “[шыбнуць], кінуць” (Гар. 24, Бяльк. 501). Усяго 62 лексемы. Гэтыя словы не адлюстраваны “Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы” (2002). Асобныя з іх пададзены ў каментарыі да 4-томнага Збору твораў Максіма Гарэцкага. А вось пералік дыялектных лексем з мовы твораў Барыса Сачанкі, адлюстраваных у дыялектных слоўніках: блішчэць дзеясл. “блішчаць” (Сач. 240, 263, Бяльк. 88), грудзіна наз. “грудзі” (Сач. 257, Тур. I, 229), грудка наз. “камяк, грудка” (Сач. 187, Тур. I, 229), дзела наз. “справа” (Сач. 262, Тур. II, 13, Бяльк. 153), дзятлавіна наз. “дробная канюшына, дзяцельнік” (Сач. 186, Тур. II, 21), згукваць дзеясл. “склікаць” (Сач. 193, Тур. II, 145), прудка прысл. “прытка, скора, хутка” (Сач. 254, Тур. IV, 233), смуродзіна наз. “чорныя парэчкі” (Сач. 211, Тур. V, 65), хвартух наз. “фартух” (Сач. 195, Тур. V, 233). Усяго 8 слоў; у ТСБЛМ яны не зафіксаваны. Выяўлена супадзенне трох лексем з мовы твораў М. Гарэцкага і Б. Сачанкі: блішчэць, дзела, хвартух (хвартук). Яны зафіксаваны ў двух дыялектных слоўніках, у якіх прадстаўлены словы дзвюх розных мясцовасцей – Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Гэта сведчыць пра супадзенне лексічных запасаў розных рэгіёнаў Беларусі (словы бытуюць у розных гаворках). Ужыванне дыялектызмаў дапамагае аўтарам літаратурных твораў перадаць, у прыватнасці, мясцовы моўны каларыт, уласцівы пэўнаму канкрэтнаму рэгіёну Беларусі: для Максіма Гарэцкага гэта Магілёўшчына (паўночна-ўсходні дыялект), для Барыса Сачанкі – Гомельшчына (паўднёва-заходні дыялект). Стылістычныя функцыі дыялектызмаў у мастацкім тэксце ўвогуле вельмі шматлікія: характарыстыка герояў, наданне мове твораў эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і інш.
Прынятыя скарачэнні Бяльк. – Бялькевіч І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. – Мінск, 1970; Гар. – Гарэцкі М. Дзве душы: Творы. – Мінск, 1990; Сач. – Сачанка Б. І. Мальвіна. Барвы ранняй восені: Апавяданні. Аповесці. – Мінск, 1962; Тур. – Тураўскі слоўнік: у 5 т. – Мінск, 1982 – 1987.
Ларыса Цімошык
Лісты ў сучаснасць
У юбілейны год Максіма Гарэцкага гавораць пра яго ўплыў на грамадскі і літаратурны працэс Беларусі. Але цікавая і сама асоба пісьменніка, які быў жывым чалавекам, пакутаваў і радаваўся, непакоіўся і хваляваўся, перажываў і меў моманты, якія былі адзначаны шчасцем. Такі быў час — для ўсіх магчымых пачуццяў была адкрытая яго душа. Як і да людзей, якія ўзбагачалі яе думкамі і пачуццямі. Пра гэта можна паразважаць, напрыклад, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
Таму што два волаты беларускай літаратуры не проста былі знаёмыя, яны кантактавалі. Пра гэта, прынамсі, сведчаць прадстаўленыя на выставе ў музеі арыгіналы лістоў Якуба Коласа і Марыі Дзмітраўны да Леанілы Чарняўскай (жонкі Максіма Гарэцкага), да брата пісьменніка Гаўрылы Іванавіча і яго жонкі Ларысы Іосіфаўны. Ёсць рукапіс успамінаў Галіны Максімаўны, дачкі Максіма, пра бацьку і роднага дзядзьку, можна пабачыць выданні твораў Максіма Гарэцкага 20-х гг. мінулага стагоддзя, сямейныя фотаздымкі з даронымі надпісамі.
Яны сябравалі сем’ямі. З братамі Гарэцкімі Якуба Коласа лучылі не толькі працоўныя і творчыя, але і шчырыя сяброўскія стасункі. Іх збліжалі і настаўніцкія клопаты, і пісьменніцкія прыхільнасці, бо Максімава жонка, Леаніла Усцінаўна, таксама была не толькі педагогам, складальніцай школьных падручнікаў, але і вядомай тады дзіцячай пісьменніцай, аўтаркай чытанак для школьнікаў "Родны край". І калі імя Максіма Гарэцкага, які загінуў падчас рэпрэсій, было пад забаронай, то не ў сям’і Коласа. Якуб Колас, у прыватнасці, хадайнічаў аб вяртанні з высылкі Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь. Але і вялікага народнага паэта ўлады не паслухаліся. Гаўрылу Іванавічу дазволілі жыць і працаваць у Беларусі толькі ў 1968 годзе.
Гэтыя дзве сям’і, два вялікія і магутныя беларускія роды кантактуюць і сёння. І ў рамках праекта "Нашчадкі славутых людзей", які ажыццяўляе музей Якуба Коласа ў дні юбілею Максіма Гарэцкага, гасцямі была сям’я Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які сёння імкнецца захаваць у свядомасці сучасных беларусаў памяць пра братоў Гарэцкіх і той час, калі кожны з іх адпакутаваў з думкамі пра Беларусь.
Святлана Сачанка
Моўныя пытанні ў публіцыстыцы Максіма Гарэцкага
Моватворчая практыка – складаная і ўпартая праца на мяжы нормы і адступленняў ад яе. Пісьменнік не толькі стварае ўзоры мастацкага слова, але і спрыяе засваенню народам літаратурных нормаў, таму адказвае за мову сваіх твораў. Максіма Гарэцкага цікавілі пытанні развіцця беларускай мовы, яго артыкулы адлюстравалі літаратурную палеміку 1920-х гг. У іх пісьменнік абараняў беларускае адраджэнне: нашаму народу “не да твару быць прыбаўкаю, дадаткам да нацыі дужэйшай”, заклікаў Янку Купалу, Якуба Коласа, іншых пісьменнікаў “менш уважаць на напасці з польскага і расійкага боку, менш азірацца на іх”. Гарэцкі патрабаваў ад інтэлігенцыі “вучыцца розуму ў народа”. Ён пісаў: “Беларуская інтэлігенцыя не павінна рабіць абмылак: трэба ёй усімі сіламі хапацца за народ”, “не глушыць у сваім дэмакратычным беларускім сэрцы беларускіх народных здаровых пачуццяў”. У выніку “літаратура… простага народа… будзе мець пры добрых варунках значэнне сусветнае…”. Пазнаёміўшыся з працай “Беларусы” Яўхіма Карскага, этнаграфічнымі зборнікамі, “дзе можна знайсці досыць характэрных, прыгожых і граматычна цікавых зваротаў беларускай мовы”, М. Гарэцкі параіў студэнтам-беларусам і людзям “з вышэйшай філалагічнай асветай” напісаць беларускую практычную граматыку: “Гэта быў бы важны крок уперад у нашым адраджэнні”. У мове мастацкіх твораў ён пагаджаўся з няправільнасцю: “Гэты недахват такі любы і прыгожы, што магнэсам цягне. Так і мова”. Праца над мовай абазначала для яго ўжыванне арыгінальных слоў: “Калі ёсць дзе ў кутках Беларусі слова на вышэйшае (“отвлечённое”) паняцце (Гродзеншч.: летуцець – мечтать) ці добры тэхнічны тэрмін і т. д., каторых няхай… не ведаюць усе беларусы, дык іх варта ўвясці ў нашу літаратурную мову, чымся пазычыць у суседаў… Калі для аднаго якога паняцця ў нас ёсць два ці некалькі слоў, але ў адным кутку Беларусі гавораць адно слова, а ў другім другое, то я раіў бы ўжываць такое, каторае… вядома большай частцы беларусаў”. Для пісьменніка тэрміны “расіянізм”, “паланізм” былі адноснымі: “Другі нябога крычыць: “Гэта слова – паланізм! Паланізм!” Бяру кніжку песень, казак, пасловіц, загадак беларускіх, запісаных на ўсходзе Беларусі, і паказваю тое слова ў чысцейшай беларускай мове старадаўнай беларускай песні…”
Развагам даследчыка наконт неабходнасці ўзмацніць “народны” характар беларускай мовы надаў доказнасць праведзены ім моўны аналіз помнікаў і твораў нашаніўцаў. Даследаваўшы мову кніг Францыска Скарыны, М. Гарэцкі назваў яе тагачаснай беларускай. Але Ф. Скарына карыстаўся і царкоўнаславянскімі словамі, у яго заўважаны ўплывы чэшскай, польскай, літоўскай моў, сустракаюцца нямецкія словы – майстар, тахта, “усё да меры”. Ужываліся і словы, якія і ў ХХ ст. можна было пачуць у глухіх кутках Беларусі: вонках “на дварэ, ізўне”, жужэлка “яшчарка”, зараніца, волот “багатыр”, дзяўкоўна, братанічна “пляменніца”, дружына “таварышы” і інш. Адзначаны ў Ф. Скарыны словы, якія за чатыры стагоддзі не змяніліся: борзды, бараніць, вінаваціць, вір, граблі, жыто, забрэхаць, вішчэць, заручыць, лемеш, карагод, пражыцца на скаўрадзе, пуга, скрыня, торг, не цяміць, узгорак, віхор і інш. У артыкуле “Белорусская литература (Краткий очерк)” даследчык спыніўся на асаблівасцях стылю В. Цяпінскага, Ф. Багушэвіча, паказаў значэнне граматыкі беларускай мовы Я. Карскага, навуковых прац У. Дабравольскага, М. Доўнара-Запольскага, І. Насовіча, М. Нікіфароўскага, Е. Раманава, М. Федароўскага, П. Шэйна, раскрыў ролю нашаніўцаў у развіцці беларускай мовы. Справа нашаніўцаў знайшла працяг у 1920-я гг., калі з “поспехамі беларусізацыі, асабліва ў галіне навукі… усё больш удасканальвалася сучасная беларуская мова, прычым рупліва зберагалася яе народная аснова”. “На беларускую мову нашаніўцы глядзелі так, што яна павінна ахапіць усе з’явы жыцця (вышэйшая адукацыя, дзяржаўнае дзелаводства, тэхнічныя тэрміны і г. д.). Нашаніўцы… стараліся развіваць багацце і гібкасць беларускай літаратурнай мовы”. У 1920-я гг. разгарнулася праца Інбелкульта, беларусізаваліся ўніверсітэт, сельгасакадэмія, усе дзяржаўныя ўстановы; перадавая інтэлігенцыя заўсёды і ўсюды размаўляла “выключна на беларускай мове”. Максім Гарэцкі прааналізаваў мову твораў М. Чарота, Я. Нёманскага, М. Грамыкі, М. Зарэцкага, Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, М. Лынькова і многіх іншых пісьменнікаў. У вершах 1919 – 1922 гг. Міхася Чарота даследчык знайшоў “рух, імпэт, імкненне, нават у паасобных вобразных выразах і словах і загалоўках вершаў: мяцежны бунтар (хоць гэта і не зусім па-беларуску), вокліч мой, гудзе звон, вечная бура, завіруха, апошні крык і да т. п.”. У найлепшых паэмах М. Чарота (“Ленін”, “Карчма”, “Марына”) – “рытміка вершаў сучасная, асанансы, алітарацыі, гучная музыкальнасць”, “з боку гучнасці – гэта магутны аркестр, якім кіруе самавук”. Найбольш пашыраны ў Чарота “эпітэты, паўторы, параўнанні… метафары”. Сустракаюцца паўторы псіхалагічныя (Ой, Рахіль! Ой, шынкаркі дзіця!; Многа згіне, згіне многа) або “залежныя ад пераймання народнай творчасці (Каля рэчкі касец косіць, каля рэчкі касец косіць…; Зашумеце, ды сыры бары, загручэце, перуны-громы…)… Метафары… вельмі яскравыя (неба абліта агнём – пажар, стогне віхар-бура – рэвалюцыя)”. У мове прозы М. Чарота даследчык знайшоў “антыэстэтызм, грубаватасць стылю”, “некаторую неапрацаванасць”. Ён пісаў: “На мове Міхася Чарота шмат расійскіх уплываў. Пажадана, каб нашы вучоныя мовазнаўцы часцей пісалі б на гэтыя тэмы”. Творчасць Янкі Нёманскага зацікавіла Гарэцкага, бо той паказаў “сутнасць нацыянальных і рэлігійных пытанняў на чыста беларускім грунце”. Мова твораў Я. Нёманскага “незвычайна простая, сціплая (скромная), але… вобразная, драматычная і з гумарам… чыстая народная з Навагрудчыны, з прыгожымі, рэдка лішнімі паветалізмамі (усцішша), расіянізмамі (касцёр) і паланізмамі (пэнт)”, аднак з ужываннем “некаторых няправільнасцей у значэнні слоў: астатнія ў значэнні рэшты, замест расійскага остальные”. У мове дзейных асоб і ў словах аўтара ўжываюцца “расіянізмы: дзень-та, хтось-та, чые-та, ліш бы, вачкі або ачкі, настаяшчы, наскучыла, паланізмы: статэчны, сконтвечная, украінізмы: швідка, нявытлумачаныя рэдкія мясцовыя словы: андуфэльт, сумелая, спонкі… паветалізмы: кангаз, гавяда, бома, няправільна ўжытыя беларускія словы: асабіста замест асобна, астатнія замест рэшта або іншыя… спадабаецца замест падабаецца, надзеў новыя лапці замест абуў…”. Даследчык разглядаў змест у адзінстве з формай, быў прынцыповым крытыкам. Імкненне да прыгожай формы не павінна шкодзіць зместу твора. Пра Міхайлу Грамыку М. Гарэцкі сказаў: “Форма гняце яго, бо ён не ўмее валодаць ёю, і ад гэтай прычыны ён хоча рабіць над ёю пэўны “гвалт”, дапушчае нібы “наўмысныя” вольнасці ў форме, часам сапраўды з вышчарбленнем сэнсу… Патрэбна яму рыфма да слова снег, і ён піша: “Спяць без пацех” (?!)… Мова беларуская далей ад яго, чым мова расійская… Ён не працуе над паглыбленнем свае веды ў беларускай мове, бо слаба ведае беларускую фразеалогію… Знаходзім гэткія выразы: “тады як лінія дзедавага брата (Іван Грамыка) і дагэтуль працуе над зямлёй… а па-беларуску трэба было напісаць хоць гэтак: тым часам лінія дзедавага брата (Івана Грамыкі) і дагэтуль працуе на зямлі…”. Мова Міхася Зарэцкага “кніжная… з мастацкага боку – гэта… недахоп, асабліва ў тых выпадках, калі апавяданне павінна быць звязана з… народным бытам”. Стыль Зарэцкага – “бойкае пяро”, але ў пагоні “за таннай бліскучасцю стылю” ён пісаў “падкрэслена размеранымі сказамі, абрыўкамі сказаў, рознымі напамінкамі і таннымі слоўнымі фокусамі: “кветка пажоўклая”, а не “пажоўклая кветка””… У мове твораў Цішкі Гартнага М. Гарэцкі знайшоў “збітыя паўторы”. Гарэцкі ахарактарызаваў развіццё беларускай мовы ў Заходняй Беларусі пасля падзелу беларускіх зямель увосень 1915 г. як добрае: на беларускай мове працавалі народныя школы, настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы, выйшлі “падручнікі, укладаў якія Ластоўскі”, граматыка беларускай мовы Пачопкі. Даследчык па заслугах ацаніў апавяданні Я. Лёсіка: “Аўтар многіх граматык і прасторных правапісаў загубіў у ім не вельмі плоднага, але вельмі добрага і нацыянальна-беларускага пісьменніка”. Падзеяй для М. Гарэцкага было выданне ў Вільні ў 1918 г. граматыкі Б. Тарашкевіча, пасля чаго беларускі правапіс зрабіўся навуковым, абавязковым для ўсіх беларусаў. Даследчык пісаў пра вершы заходнебеларускай паэткі Н. Арсенневай, што яны “захопліваюць шчырасцю пачуцця, далікатнасцю тону і нейкаю асабліваю пяшчотнасцю вобразаў і слоў”. Разглядаючы беларускі рух у Латвіі, ён адзначыў выданне ў Коўне беларускага слоўніка В. Ластоўскага, вершы А. Смаленца назваў “моцнымі думкаю і даволі арыгінальнымі формаю”. Максім Гарэцкі слушна адзначаў: “Рэвалюцыйны час даў магчымасць праславіцца… маладым паэтам і пісьменнікам не столькі за мастацкасць іхнае творчасці, колькі за ідэалагічны змест яе”. Праўда, у 1920-я гг. мастацкі ўзровень твораў павышаецца з-за “агульнага развіцця беларускай культуры… пранікання беларускай мовы ў вышэйшую школу, у навуку і ў штодзённы ўжытак шырокага кола людзей з высокаю інтэлігентнасцю і адукаванасцю”. Таму “першыя вершы кожнага… вядомага сучаснага маладога беларускага паэта стаяць… вышэй за першыя вершы нашаніўцаў, а кожны… выдатны малады паэт піша вершы… лепшыя за вершы Ясакара або Цішкі Гартнага”. Тагачасныя беларускія аўтары пісалі так, як і нашаніўцы: без “гвалтаў над формаю, з некаторым… ухілам у бок шукання і навізны”. Мова пісьменнікаў паслякастрычніцкага перыяду з мастацкага боку больш апрацавана, што абумоўлена “развіццём беларускай навуковай тэрміналогіі, фразеалогіі, беларусізацыяй усіх галін культурнага жыцця ў БССР”. Даследчык адзначыў сувязь духоўнага і матэрыяльнага: “Дасканаласць беларускага санета залежыць ад дасканалага росту беларускай бульбы, але і дасканалы рост беларускай бульбы залежыць ад таго, на якіх санетах будуць мець сваё выхаванне студэнты Акадэміі ў Горках”. Высокае паэтычнае майстэрства ўласціва творам Янкі Купалы, паэме Якуба Коласа “Новая зямля”, у якой “народны характар вобразнасці, незвычайная сакавітасць і прыгаство мовы”. Мова пазнейшых апавяданняў Я. Коласа “менш сакавітая” ў параўнанні з мовай ранейшых. Творчасць У. Дубоўкі вылучаецца “глыбінёй, музыкальнасцю, свядомым хараством”. У творах Міхася Лынькова М. Гарэцкі выявіў як станоўчыя рысы, так і недахопы. Так, напрыклад, у апавяданні “Чыгунныя песні” аўтар даў моцныя і простыя словы, аднак ён хацеў, “каб песні былі чыгунныя, гукі – медныя і чыгунныя, поступ чыгунны, накіп – сталёвая”. Мова яго зборніка “Апавяданні” (1927) прыгожая, але паказвае любоў да стылізацыі. “Закрыеш вочы – і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым. У карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў, з магутных подыхаў людской грамады, з вобразаў даўно мінулых дзён прашумеўшых, з жалезнага рокату расквітаючых дзён будучыні, з чалавечых дум і жаданняў… Сустракаюцца недакладна ўжытыя словы, выразы: Ты мне трэба замест Ты мне патрэбна; Каб іх жыццё праходзіла як мага найлепей замест як мага лепей, як найлепей. Ёсць і русізмы: сіліцца “намагаецца”, гатовіцца “рыхтуецца”, вуцюгом “прасам”. М. Гарэцкі палічыў русізмамі і словы прамая “простая”, урокаў “лекцыяў”, зашыпела “засіпела”, лодыр “лотра, латруга”, імені “імя”, пытаеш мяне “пытаешся ў мяне”. Яны адзначаны ў сучаснай літаратурнай мове, бо пасля прыняцця пастановы 1933 г., у 1930 – 1950-я гг. і пазней, развіццё беларускай літаратурнай мовы адбывалася пад уплывам рускай мовы. Пра сінанімічныя словы гарбата і чай у мове твораў М. Лынькова даследчык пісаў: “У мове дзеючых асоб, калі яны з усходу Беларусі, можа быць і чай, але ў літаратурнай мове даўна прынята слова гарбата (ад лацінскага кораня)… Што кажух – то не вата, што капуста – то не гарбата”. Наконт ужывання слоў рада і савет М. Гарэцкі зазначыў: слова савет ужыта Лыньковым “не толькі ў сэнсе Савет дэпутатаў, але і ў сэнсе “даваць раду, радзіць, раіць””. А беларускія сяляне ўжываюць словы: рада, дай раду; парадзь, парай, а не савет, дай савет. Замест слова неабходныя лепей гаварыць патрэбныя, пільна патрэбныя. М. Лынькоў апісваў каханне мужчыны і жанчыны словамі любоў, любві, палюбіўшае. Любоў – гэта “ўсякая любоў”, да таго ж у родным склоне будзе: любові, а не любві. Не прымаў даследчык у М. Лынькова ўкраінскіх, польскіх слоў: чобат “бот”, прасцірадлы “посцілкі”, да забачэння “бывайце”.
Максім Гарэцкі лічыў, што некаторыя недахопы ў мове твораў З. Бядулі, А. Моркаўкі, П. Галавача і іншых можна растлумачыць паходжаннем пісьменніка, умовамі яго працы. Вершы і апавяданні паслякастрычніцкага перыяду Змітрака Бядулі са зборнікаў “Пад родным небам”, “Буралом”, “На зачарованых гонях”, “Апавяданні”, “Танзілія” напісаны “хапаючыся”, “у газетных абставінах творчасці”. Таму ў іх “ёсць розныя недагляды і неапрацаваныя месцы”. Важную ролю ў творчасці пісьменніка мае яго сацыяльнае паходжанне. “Інтэлігент сялянскага паходжання”, паэт Аркадзь Моркаўка быў інтэлігентам у творчасці, таму яго лірыка “выкручаная ў матывах, вобразах і проста зваротах мовы”. Мову А. Моркаўкі даследчык назваў добрай, з рэдкімі русізмамі: радам “побач”, калясом “колам”, на ём “на ім”, дыялектызмамі з паўднёвай Міншчыны, Случчыны, Бабруйшчыны: чвыр “жвір”, палі “віткі, вехі”. Выхаваны ў рабочай сям’і, празаік Ілары Барашка імкнуўся выказвацца “ў кароткіх моцных вобразах і словах”. Апавяданне “Кантрасты і сугучнасць” ён стварыў “пад уплывам народнай творчасці і паэтычна стылізаванаю моваю”; яго кароткія апавяданні, мастацкія нарысы напісаны прыгожай мовай, поўнай “паэтычнага хараства”. Празаік Платон Галавач паходзіў з сялянскай сям’і. Мова яго твораў ахарактарызавана Гарэцкім як “добрая, народная мова”, хоць у ёй трапляюцца русізмы, “празаічныя звароты і выразы… лішняя літаратурнасць, кніжнасць”. Дбаючы аб высокай мастацкай культуры творчасці, даследчык гаварыў, што форма – таксама ідэалогія, і ў прывітанні 1-й арганізацыі пралетарскіх пісьменнікаў Беларусі “Маладняк” пажадаў, каб маладнякоўцы “пісалі… вершы, якія б зрабіліся песнямі… шырокіх мас… Аднак патрэбна, каб гэта не было зніжэннем да мас, а каб гэта было падняццем мас”. Такім чынам, Максім Гарэцкі неабыякава ставіўся да пытанняў развіцця беларускай мовы, беларускай стылістыкі, ухваляў вучобу на ўзорах літаратурнай творчасці, таму яго парады беларускім пісьменнікам актуальныя і ў ХХІ ст.
Мікалай Мішчанчук
На шляху да модульнага пісьма.
Малая проза Максіма Гарэцкага
Часта думаю пра тое, як пачыналі і — не ў меншай ступені — заканчвалі свой шлях (а лепш — сваё стварэнне мастацкага, вобразнага іншасвету) пісьменнікі. Якуб Колас усе назіранні, адчуванні, прадметныя рэаліі лучыў у цэласную карціну, давяраючыся пазітывісцкаму лозунгу пра гармонію як аснову быцця. Асабліва выразна падобны погляд, ад якога ўсё астатняе залежыць, выяўляецца ў яго паэме “Новая зямля”, у трылогіі “На ростанях” і нават у “Казках жыцця”, дзе, нягледзячы на значную сілу негатыву, “перамагае гармонія”. Цэласнасць свету “знешняга” і “ўнутранага”, вера ў святло — апорныя сігналы творчасці класіка нашай нацыянальнай літаратуры, якія і вызначаюць яе стылявы рух па прамой лініі. Дарэчы, падобны рух уласцівы і рускаму класіку А. С. Пушкіну — паэту, празаіку, драматургу, нават у “Маленькіх трагедыях” якога крынічыць вера ў перамогу дабра. Двух аўтараў аб’ядноўвае, калі гаварыць у плане агульнатэарэтычным, вернасць прынцыпам класічнага, уласцівага рэалістычнаму мастацтву, варыянта пісьма перыяду модульнай паэтыкі як у змястоўным (згаданая намі раней арыентацыя на пазітыў), вобразнастылявым (рух да гармоніі), так і жанравым (пераважнае захаванне выпрацаваных яшчэ ў эпоху эйдэтычнай паэтыкі кананічных прыкмет) аспектах. Заўважым яшчэ, што ў Якуба Коласа, а таксама ў “рэалістаў” Цішкі Гартнага, Івана Мележа, Івана Чыгрынава, Міхаіла Шолахава, Томаса Мана ды іншых, свет рэальны ператвараецца ў іншасвет вобразны паводле закона (канона ў названым вышэй варыянце паэтыкі) адноснай гармоніі аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, калі “Я — суб’ект” можа быць і “Я — іншым”, “аб’ектызавацца” ў карцінах, падзеях паводле наследавання яшчэ эйдэтычнай паэтыкі (як у “Іліядзе”, “Адысеі”, “Калевале”, “Слове пра паход Ігаравы...”). “Я” ў творчасці згаданых аўтараў і іншых, схільных да эпічнага спосабу мыслення, выяўляе сябе і ў героях іх твораў, і ў лірычных адступленнях-каментарыях, яно часта “маскіруецца” пад “аб’ектыўнага” (Я — гэта ён, другі) наратара. Жанравая сістэма творчасці пісьменнікаў эпічнага складу мыслення пераважна грунтуецца на захаванні гармоніі суадносін аб’ектна-суб’ектных і ўмоўна можа быць прадстаўлена ў форме замкнёнага кола, выхад за межы якога дапускаецца ў рэдкіх вьпадках і ў абмежаванай форме (“Казкі жыцця” Якуба Коласа і — часткова! — паэма “Сымон-музыка” — пацвярджэнне гэтаму). На кругавой арбіце творчасці згаданых вышэй пісьменнікаў знаходзяцца і паэма, і апавяданне, і аповесць, і раман, і апавядальны (апісальны) верш, і іншыя “чыстыя” жанры. I гэтая заканамернасць таксама вынікае з ураўнаважанасці суб’ектнага і аб’ектнага пачаткаў у мастацтве слова. На думку многіх даследчыкаў літаратуры, эпоха эйдэтычнай або “рытарычнай” паэтыкі, што доўжылася звыш двух з паловай тысячагоддзяў, памянялася на эпоху мадальнасці ў другой палове XVIII стагоддзя. У сваю чаргу, гэтая эпоха падзяляецца на два перыяды — “класічны” (другая палова XVIII — 80-я гады XIX стагоддзя) і канец XIX — пачатак XXI стагоддзя. У першы перыяд слоўнае мастацтва яшчэ не вызвалілася канчаткова ад комплексу нарматыўнасці вобразнага, жанравага, стылявога мыслення, абумоўленага арыентацыяй на асобу, што не мае ўнутранай разняволенасці, захавала рэшткі арыентацыі не на феномен, а на эйдас — ідэю чалавека не аўтаномнага, а залежнага ад Бога, ад аб’ектыўнага свету. У рускай — канец XIX, а ў нашай нацыянальнай літаратуры пачатак XX стагоддзя сталіся пачаткам перыяду модульнай паэтыкі мастацкасці, калі асоба аўтара ўнутрана разняволілася, пачала выступаць у розных праявах, а суб’ект-аб’ектныя адносіны па гэтай прычыне ператварыліся ў суб’ект-суб’ектныя. Па прынцыпе ланцуговай рэакцыі ў сувязі з падобнай сітуацыяй суб’ектывізаваўся (стаў больш экспрэсіўным, “непасрэдна-аўтарскім” ці ад імя аўтарскага) стыль пісьма, вынікам якога можна лічыць лірычную прозу. Я-акцэнтаваны стыль “запатрабаваў” адкрытасці жанравай сістэмы, а таму і з’явіліся прамежкавыя формы і мадыфікацыі: лірызаваныя апавяданні-абразкі, эсэ, імпрэсіі, лірычныя аповесці, творы-ліставанні (“У чым яго крыўда?”, “Страхаццё”, “Красаваў язмін” М. Гарэцкага), маналогі душы (“Што яно?” таго ж аўтара, апавяданні-споведзі Івана Навуменкі), драматычныя абразкі, падобныя “Атруце” Максіма Гарэцкага, ліра-эпічныя і лірычныя паэмы, оды-элегіі, оды-балады, трагікамедыі, драма-камедыі і інш. Мадэрнізм і постмадэрнізм як мастацкія кірункі актыўнейшыя за рамантызм і неарамантызм (выключэнне складае нарматыўны сацыялістычны рэалізм артадаксальнага характару, які нібы паўтарыў на новым гістарычным этапе вопыт рускага класіцызму XVIII стагоддзя) разбуралі абмежаваныя межы класічнага і сцвярджалі прынцыпы некласічнага (нетрадыцыйнага) варыянта модульнай паэтыкі мастацкасці. Прадстаўнікі гэтага другога варыянта ў рускай літаратуры — Леанід Андрэеў, Андрэй Белы (у большай ступені ў прозе), Аляксандр Блок і іншыя сімвалісты (бяром перыяд злому XIX — XX стагоддзяў), у нас — Янка Купала ў паэзіі, Максім Гарэцкі ў прозе, а яшчэ Змітрок Бядуля і ў паэзіі, і ў прозе. Іх пісьмо, а за імі — пісьмо Кузьмы Чорнага 20-х гадоў XX стагоддзя, Язэпа Пушчы, Тодара Кляшторнага, Аркадзя Моркаўкі развіваюцца ў межах большай змястоўна-фармальнай свабоды. Аўтарскае “Я” пануе над ранейшым эйдэтычным “Я ў другім”, падпарадкоўвае сваёй волі аб’ектыўны пачатак, робіцца аўтаномным. Адсюль і свабода яго пераўвасаблення ў суб’ектыўныя інварыянты, больш актыўнае ўмяшанне ў апавядальны працэс (лірызацыя), разбурэнне жанравых межаў і, на гэтай аснове, вяртанне да старадаўняга (аднак няпоўнага) сінтэтызму, вольнае перамяшчэнне аповеда ў часе і прасторы. Свабоднае аперыраванне мастацкім матэрыялам пашырае межы звычайнага эпічна-апавядальнага аповеду. Максім Гарэцкі дасягае гэтага ў сваіх ранніх творах з кніжкі “Рунь”, быццам не думаючы не толькі пра тое, што, але і пра тое, як пісаць. Адкрываецца зборнік аднайменным творам, тэкст якога створаны дзвюма ўзаемаперасякальнымі апавядальнымі плынямі — аўтарскай (ад імя аўтара) і ўяўна героевай, пра якога, як адзначаецца, “у паліцыі запісана коратка: “прапаў без весці”. Як у рускіх постмадэрністаў, хоць бы таго ж Абрама Тэрца (Сіняўскага), гэтыя тэкставыя плыні пераплятаюцца вольна, не дазіруюцца, ствараецца эфект “працы і гульні”, адзін тэкст упісваецца ў другі, адна гісторыя — у гісторыю іншую. Напачатку ідзе аповед пра сябра, якога рана не стала, але ён — носьбіт “сільнага і арыгінальнага характару”, свядомы беларус, які здолеў зрабіць перакананай беларускай паненку Ядзю і, магчыма, жывы цяпер, знаходзіцца з ёю разам у Італіі. Другая частка — рэалістычны абразок Уладзіміра “Войт” пра жахлівую гісторыю — як забаўлялі паноў, што балявалі ў палацы, прыгонныя дзяўчаты. Аўтар твора, прыпісанага ўяўнай асобе, нічым сябе не выдае чытачу, дае магчымасць яму самому ацаніць падзеі. У апавяданні “Княгіня” пераважае лірычная стыхія, якая ў канцы твора перапыняецца аўтарскім каментарыем пра тое, што гаспадыня, у якой кватараваў Уладзімір, пакінула яму запіскі. Наступны кавалак тэксту — унутраны маналог Уладзіміра (сентыменталісцкі культурны код), страсная споведзь сына народа, інтэлігента — абаронцы прыніжаных і пагарджаных з застаўкамі-каментарыямі аўтара. I заканчваецца твор “Кавалкам з днеўніка” Уладзіміра. Такім чынам, тэкст сатканы з розных фрагментаў, як дыван з рознакаляровых нітак, што дае магчымасць пісьменніку пашырыць ідэйна-вобразны змест твора. У тэксце, як і ў творах пазнейшых постмадэрністаў, утрымліваюцца коды розных культур — перыяду жыцця пад прыгонам і пазнейшага, розных грамадскіх сфер — сацыяльнай і нацыянальнай, цесна пераплятаецца агульналюдскае (каханне, прызначэнне чалавека, воля — няволя) і прыватнае, бытавое (побыт і норавы людзей, малюнкі прыроды). Падобна мадэрністам, уяўны (другі) аўтар Уладзімір З., рэпрэзентаваны як асоба, што ведае сабе цану і хоча быць самастойнай ва ўсіх адносінах, перш за ўсё непакоіцца пра тое, каб не страціць годнасць у трагедыйных умовах. I яшчэ адзначым, што ў перадапошняй структурнай частцы твора, жанравае вызначэнне якому нават цяжка даць — ці гэта абразок з лірычнымі застаўкамі, ці гэта дыялог, які складаецца з маналогаў розных аўтараў, ці кароткая аповесць у навелах, ці лірызаваны дакументальны дзённік, — аўтар канстатуе поўнае супадзенне сваёй пазіцыі і пазіцыі Уладзіміра З. у пытанні культу асабістага “Я”, культу свабоды ва ўсім — у жыцці асабістым і грамадскім. “Кавалак з днеўніка” ўяўляе сабой надзвычай цікавую мастацкую структуру. Захоўваецца дакументальная дзённікавая (запісы па днях) аснова, але яна літаральна размываецца, разломваецца стыхіяй пачуцця Уладзіміра, “уціснутага” ў рамкі кароткіх фраз (падкрэслім — пераважна кароткіх, дзякуючы чаму павышаецца экспрэсія тэксту, адчуваецца, што ў душы таго, хто іх кладзе на паперу, віруюць, змагаюцца, набягаюць адно на адно думкі і пачуцці): “Мама паміраіць. Не разумею, і вясёл. Потым — у павадыры. Дзядзька забраў. Біў кійком. Дворнічыха ратавала; было непагодна, сьцюдзёна, я туляўся па дварэ. Яна ўзяла, грэла, чаем паіла. “Ногі, як лядні... Лядзень-ляднём... Дзетка маё”. Прыведзены кавалак тэксту характэрны для пісьма “лірыка-драматычнага” (калі скарыстаць умоўны тэрмін), а не спакойна-сузіральнага, эпічнага. Пачуццё і дзеянне ў ім уступаюць у кантакт, узаемна дапаўняюцца, перацякаюць адно ў адно і працуюць на стварэнне закончанай, аб’ёмнай карціны жыцця. Яна такая выразная, што можна яе кадрыраваць некалькімі малюнкамі: “Смерць маці” — “Павадыр у дзядзькі” — “Босы, адзінокі” — “Ратаванне дворнічыхай”. Тэкст поліфанічны, складаецца з галасоў Уладзіміра, яго каханкі паненкі Ядзі і самога аўтара. Зрэдку да гэтага “трыа” падключаюцца галасы другарадных персанажаў — дзядзькі, дворнічыхі. Так у маленькай часцінцы тэксту выяўляецца агульная асаблівасць прозы М. Гарэцкага, ужо з самага пачатку скіраванай на сінтэз жанрава-родавых адзнак, на пераадоленне нарматыўнасці класічнага варыянта модульнай паэтыкі. Менавіта гэтая тэндэнцыя вядзе да таго, што ў кнізе “Рунь” Максім Гарэцкі побач з апавядальнымі творамі ці блізка-апавядальнымі (чыста апавядальных твораў у кнізе фактычна няма) “У лазні”, “Роднае карэнне” змяшчае творы лірызаваныя (“Красаваў язмін”) і лірычныя маналогі, споведзі “Страхаццё”, “Што яно?”, “Лірныя спевы”, у якіх стыхія лірычных перажыванняў ператвараецца ў “аповед”. У апавяданні “Што яно?”, ды і ў пазнейшых тэкстах (“Скарбы жыцця”, “Лявоніус Задумекус”), як і ў творах постмадэрністаў Венядзікта Ерафеева, Уладзіміра Сарокіна, Сашы Сакалова, Юры Станкевіча, Сержа Мінскевіча, споведзь вядзецца ад імя чалавека “не ў сабе”, што выламаўся з асяроддзя па прычыне сваёй непадобнасці да іншых. Гэты герой праходзіць праз выпрабаванні жорсткасцю “правільных людзей” (а ў “Лявоніусе Задумекусе” — налпаў), адчыняе “браму скарбаў сваіх” тым, хто яго не чуе (можа, пачуе калі-небудзь пазней?), шукае сваю жыццёвую прыстань — востраў Патмас. Вакол гэтага героя не экзатычныя, часам смешныя, нейкія “хатнія” “бесы” Пушкіна, а купалаўскія відмы, чорныя і, нарэшце, новаствораныя фантазіяй мастака налпы — выніковы “прадукт” не толькі зла, а і бяздушнасці, унутранай акамянеласці. Свет страчвае для такіх герояў сваю цэласнасць і гармонію, уяўляецца ім суцэльным кашмарам. Гэта і ёсць найпершыя прыкметы мастацтва, зарыентаванага на прынцыпы адкрытага постмадэрнісцкага мадулявання, процілеглага класічнаму. Чытаю радкі з апавядання “Што яно?” (“Іх многа. Яны ўсе завуць яго дурным. Уся парахвія. I паны. А ён адзін; з яго сьмяюцца людзі, калі ён гукнець каго дурным. Людзі... іх многа. А яму аднаму няможна зваць іх дурнымі. А ён па-свойму хоча быць. Па-свойму... А дзеці плююцца і пылам у вочы сыплюць...”) і чую другія радкі — са “Скарбаў жыцця”, такія ж самыя трагедыйныя па змесце. Аднак вернемся да размовы пра родава-жанравы сінкрэтызм творчасці М.Гарэцкага... У зборніку “Рунь” вельмі выразна выяўляюцца прыкметы трэцяга класічнага роду літаратуры — драмы. Пра гэта сведчаць ужо “знешнія” прыкметы: з абразкамі, экспрэсіямі, сюжэтнымі гісторыямі стаіць побач “кароткі жалобны абразок” (аўтарская кампазіцыя) “Атрута”, у якім паслаблена дзеянне за кошт разгорнутых унутраных маналогаў Дзеда, Ганны, Рамана, даецца разгорнутая рэмарка пра месца дзеяння. Пісьменнік як бы не прызнае “чыстых” прыёмаў эпічнага, лірычнага і драматычнага пісьма, вольна карыстаецца імі. Па гэтай прычыне дыялогавы характар маюць творы “Рунь” (адкрывае кнігу), “У чым яго крыўда?” (закрывае зборнік), тэкст якіх складаецца з перакрыжаваных галасоў аўтара і герояў, пададзеных з дапамогай прыёмаў ліставання, дзённікавых запісаў. Максім Гарэцкі, як і Змітрок Бядуля, адкрываў новы шлях беларускай літаратуры — шлях пераадолення нарматыўнасці класічнай паэтыкі слоўнага мастацтва, а значыцца — мадэрнізму і постмадэрнізму, і тым самым апярэджваў час, супрацьпастаўляў свабоду мастацкіх пошукаў нарматыўнасці рэалізму.
Таццяна Студзенка
Цяпло сям’і, цяпло сяброўства
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася літаратурная сустрэча з цыкла “Нашчадкі славутых людзей”, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага і Леанілы Гарэцкай-Чарняўскай. Сем’і Гарэцкіх і Міцкевічаў, блізкія па духу і справах, цесна сябравалі паміж сабой — пра гэта ўспаміналі іх нашчадкі: Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, пляменнік Максіма Гарэцкага, і Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Якуба Коласа.
Вельмі прыемна, што цёплыя стасункі захоўваюцца і цяпер: Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай Рыгораўнай адчуваюць гасціннасць Коласавага дома, шанаванне і любоў Коласавай сям’і. Атмасферай утульнай цеплыні, падкрэсленай нягучнай класічнай музыкай, прасякнутыя сцены музея — адчуць яе маглі ўсе прысутныя. Упершыню Якуб Колас і Максім Гарэцкі сустрэліся, калі разам выкладалі на рабфаку ўніверсітэта. Потым пасябравалі, гасцявалі адзін у аднаго, шчыра ліставаліся, адчувалі ўзаемападтрымку ў літаратурных справах. Пра гэта распавёў Міхась Канстанцінавіч. Для Радзіма Гаўрылавіча сустрэча стала нагодай прыгадаць сямейнае жыццё, лёс і характары блізкіх Максіма Гарэцкага: жонкі, дзяцей, брата, пляменнікаў. Колькі б ні імкнуліся навукоўцы і пісьменнікі адарваць класікаў ад мармуровых пастаментаў, узнаўляючы іх чалавечыя постаці ў верагодных эпізодах паўсядзённага жыцця або па-мастацку інсталюючы эпізоды рэальныя, нішто не заменіць жывое слова сведак. Радзім Гарэцкі каменціруе фотаздымак маці і бацькі Максіма і Гаўрылы: “Здаецца, як у непісьменных людзей мог вырасці сын-пісьменнік — і надзвычай адукаваны, шматгранны? Але ж маці, Ефрасіння Міхайлаўна, была народнай пясняркай. Максім запісаў 318 яе песень, апрацаваных кампазітарамі М. Аладавым, Я. Цікоцкім і інш. Як, напрыклад, песня: “Кума мая, кумачка, дзе жывеш?.. Чаму ж мяне ў госцікі не завеш?..” Ведала маці таксама казкі і была, такім чынам, сапраўдным фалькларыстам. Вось яно, “роднае карэнне”: любоў да мовы, да сваёй зямлі, свайго народа”. Трагічная старонка жыцця Максіма Гарэцкага, пра якую шырокі чытач на ўрад ці ведае, — смерць сына Леаніда, якога забілі ў 1944 г. пад Ленінградам. “Лёню было тады 20 гадоў. Увогуле, ён цягнуўся да канструктарства, выдатна маляваў. Але лісты яго з фронту вельмі нагадваюць бацькаў твор “На імперыялістычнай вайне” і нават былі вылучаныя потым на прэмію Ленінскага камсамола. Але палічылі — мёртваму навошта даваць?..” Месца пахавання Леаніда Гарэцкага, як і яго бацькі, — невядомае. Трагічныя лёсы, трагічныя старонкі гісторыі... Напэўна, з прагай зрабіць “і за тых, хто загінуў”, — уздым надзвычай трывалых постацей тых, каму пашчасціла выжыць: Леанілы і Галіны Гарэцкіх, Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага і яго брата Усяслава. Іх (ды іншых нашчадкаў славутых людзей) руплівай працы ў першую чаргу над сабой — сваёй адукацыяй, сваім выхаваннем як Асоб — мы абавязаныя захаваннем памяці і спадчыны класікаў.
Таісія Лысова
Ля вытоку цiхай плынi
У Мсцiслаўскiм раёне распрацавалi новы маршрут да сядзiбы-музея Максiма Гарэцкага.
…Дагэтуль да драбнiц памятаю тую зiмовую дарогу: з рэдактарам мясцовай раёнкi Аляксандрам Сапёравым мы настойлiва прабiралiся да заснежанай вёскi Малая Багацькаўка — больш чым дваццаць кiламетраў ад райцэнтра, праз галалёд i сумёты. Канешне, можна было адкласцi падарожжа, як кажуць, да лепшых часоў, да наступнай камандзiроўкi. Але маiм спадарожнiкам кiравала такое шчырае iмкненне падарыць сустрэчу з незвычайным музеем.
I вось мы ў музеi аднаго з заснавальнiкаў нацыянальнай прозы 20-30-х гадоў XX стагоддзя, лiтаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, лексiкографа i грамадскага дзеяча Максiма Гарэцкага. Адкрылi музей у 1989 годзе ў рэканструяванай сямейнай сядзiбе — тыповай драўлянай пабудове XIX стагоддзя: цёмная (цёплая) хата, сенi, светлая (халодная) хата...
Аднаўленне сядзiбы ў свой час пачалося дзякуючы iнiцыятыве пiсьменнiка Уладзiмiра Караткевiча i мясцовай улады. Працуючы над кнiгай “Мсцiслаў. Эсэ пра гiсторыю людзей адной зямлi”, Караткевiч быў уражаны вулканам тутэйшых талентаў i хараством краявiдаў, якiя адкрывалiся ў час яго гiстарычна-лiрычнай вандроўкi, i па-фiласофску разважаў: “Нам невядомы законы таго, чаму i як, на якой глебе i дзякуючы якiм абставiнам раптам зараджаецца недзе культурны ачаг i ў нейкай мясцовасцi часам, як грыбная сям’я, на паверхню лезуць паэты i вучоныя, мастакi i дойлiды, дзяржаўныя дзеячы, героi, пiсьменнiкi...”
Чым дарагi мясцовым жыхарам менавiта Гарэцкi, Караткевiч адчуў адразу: “У творах ягоных гамонiць, радуецца, працуе, плача i смяецца, гаворыць адметнай i трапнай гаворкай уся Мсцiслаўшчына”, “нават дробязi мсцiслаўскага побыту, нават сучасныя пейзажы ўстаюць перад намi на старонках ягоных кнiг”.
Лiтаратурна-дакументальная частка экспазiцыi музея расказвае пра складаны жыццёвы лёс Максiма Гарэцкага. А этнаграфiчна-бытавая ўзнаўляе iнтэр’ер часу, у якi тут жылi прадстаўнiкi славутага роду. Унiкальныя сведкi эпохi — рарытэтныя рэчы, пажаўцелыя ад часу фотаздымкi, рукапiсы, пiсьмы, кнiгi, сярод якiх выдадзены ў 1928 годзе зборнiк абрадавых песень, якiя некалi спявала мацi...
Пра Малую Багацькаўку добра ведаюць i ў суседнiм памежным раёне. Дырэктар Горацкага раённага гiсторыка-этнаграфiчнага музея Святлана Скаромная кажа, што ў краязнаўчай тэме цесна пераклiкаюцца iмёны выдатнага беларускага вучонага, доктара геолага-мiнералагiчных навук, лаўрэата Дзяржаўных прэмiй СССР i БССР Гаўрылы Iванавiча Гарэцкага i яго старэйшага брата Максiма — класiка беларускай лiтаратуры. Славутым беларускiм родам Гарэцкiх цiкавяцца не толькi даследчыкi-навукоўцы, але i студэнты Горацкай сельгасакадэмii, школьнiкi, шматлiкiя госцi… Дарэчы, для папулярызацыi цiхай мсцiслаўскай вёсачкi i музея ў родавай сядзiбе Гарэцкiх — фiлiяла Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры нямала зрабiў улюбёны ў сваю справу аматар краязнаўства з Горак Уладзiмiр Лiўшыц.
Але рэспублiканская падпарадкаванасць музея ў Малой Багацькаўцы i адсутнасць у iм пастаянных штатных экскурсаводаў у пэўнай ступенi стрымлiваюць намеры мсцiслаўцаў рэалiзаваць грандыёзныя планы па развiццi ў родным краi турыстычнай галiны.
— Пытанне актуальнае, — расказвае начальнiк аддзела культуры Мсцiслаўскага райвыканкама Наталля Бiскуп. — Арганiзаваныя экскурсii з Мiнска ў апошнi час прыязджаюць да сядзiбы Гарэцкiх не так часта, як раней. Шлях туды няблiзкi. Нам жа хочацца, каб да легендарнай Малой Багацькаўкi народная сцежка не зарастала. Таму нашы супрацоўнiкi распрацавалi надзвычай цiкавы маршрут, адной са старонак якога можа стаць гэты гiсторыка-лiтаратурны аб’ект. Да яго вандроўнiкi пройдуць цi праедуць па вельмi прыгожых i цiкавых мясцiнах, а заадно ўбачаць пародзiстых рысакоў на “Конезаводзе-120”, зону адпачынку ў Дубраве, дзiвосную Белкаву крынiчку, якая струменiць магутным напорам вады, пабываюць у Пустынкаўскiм манастыры, наведаюцца ў вёску Слаўнае, дзе дагэтуль захавалася “лiтаратурная славутасць”, апiсаная ў некалькiх творах Максiма Гарэцкага, — драўляная царква Прарока Iлii, узор сталага класiцызму першай паловы XIX стагоддзя./p>
У Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры пра планы мсцiслаўскiх краязнаўцаў чулi. Больш таго, ужо звязвалiся з Магiлёўскiм дзяржкамiтэтам па маёмасцi i Мiнiстэрствам культуры наконт падтрымкi iдэi. Паводле слоў дырэктара Лiдзii Макарэвiч, намер перадачы музея — нармальная з’ява i апраўдваючая сябе мера. З iдэяй згодныя i нашчадкi Гарэцкiх, у прыватнасцi, сапраўдны патрыёт свайго роду Радзiм Гарэцкi.
...Мiнаюць гады. Мяняюцца пакаленнi i лiтаратурныя густы. А псiхалагiчнасць прозы Максiма Гарэцкага, якi адным з першых звярнуўся да гiстарычнага мiнулага свайго народа, i сёння ўражвае чытача. У дваццатыя гады ён — галоўны рэдактар газеты “Наша думка”, дзеючы член Iнстытута беларускай культуры (папярэднiка Беларускай акадэмii навук). У 1914 годзе свет убачыў першы зборнiк апавяданняў Гарэцкага “Рунь”. Потым былi творы “Цiхая плынь”, “Дзве душы”, дакументальныя нататкi “На iмперыялiстычнай вайне”, “Камароўская хронiка”, раманы “Чырвоныя ружы” i “Вiленскiя камунары”, лiтаратурная манаграфiя, зборнiкi беларускага фальклору, слоўнiкi...
У 1930 годзе — арышт па беспадстаўным абвiнавачваннi. 10 лютага 1938 года — расстрэл у Вязьме. А рэабiлiтацыя — толькi ў 1957-м.
Лёс адвёў Максiму Гарэцкаму ўсяго 44 гадоў жыцця. Сёння невядома, дзе дакладна знаходзiцца магiла беларускага класiка. Але добра вядома, адкуль узяла глыток цiхая плынь яго таленту, якой было наканавана стаць такой адмысловай, бурлiвай, трагiчнай... I разам з тым жыццядайнай!

















































