Главная

Алег Дышлевіч

З плеяды “нашаніўскага” рэнесансу : споўнілася 100 гадоў ад дня народзінаў вялікага сына беларусі Максіма Гарэцкага

Пачатак XX стагоддзя быў часам тытанаў, надзвычай таленавітых людзей, на якіх асабліва шчодраю была наша зямля ў гады Высокага Адраджэння, у “нашаніўскую” пару. Гэта была эпоха Цёткі, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Ядвігіна Ш., Максіма Багдановіча і Сяргея Палуяна, Аляксандра Уласава, Вацлава Ластоўскага і братоў Луцкевічаў... I пералік можна яшчэ доўжыць.

Кожны з названых выдатна выявіў сябе ці то ў культуры, ці то ў навуцы, ці то ў грамадска-палітычным жыцці, а то і ва ўсіх галінах адразу. I тут можна правесці паралель з эпохай еўрапейскага Рэнесансу XVI стагоддзя, эпохай, якая, паводле словаў Маркса, “спарадзіла тытанаў па сіле думкі і страсці”. Рэнесанс тады вылучыў на Беларусі шэраг дзеячоў агульнаеўрапейскага маштабу — Францішка Скарыну, Міколу Гусоўскага, Яна Вісліцкага, Мацея Казіміра Сарбеўскага, Сымона Буднага, Васіля Амельяновіча-Цяпінскага і яшчэ дзесяткі і сотні іншых не менш выдатных асобаў.

Да бліскучай плеяды “нашаніўскага” Рэнесансу належыць і Максім Гарэцкі — адзін з пачынальнікаў беларускай псіхалагічнай прозы, аўтар першых буйнамаштабных твораў у ёй, выдатны навуковец- літаратуразнаўца (яму належыць грунтоўная праца, першая “Гісторыя беларускае літаратуры”, прызнаная спецыялістамі за адну з лепшых, якая ў міжваенны час была падручнікам у школах і ВНУ і вытрымала некалькі выданняў), педагог і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся М. Гарэцкі 18лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павету Магілёўскай губерні, у сялянскай сям’і Івана і Еўфрасінні Гарэцкіх.

Глядзіш на іхныя струджаныя рукі і змардаваныя працай твары, запомненыя фотаздымкай таго часу, і разумееш, што хлеб сабе і дзецям здабывалі бацькі нялёгка. Да таго ж патрапілі не толькі добра выхаваць сваіх дзяцей, але й даць ім адукацыю (малодшы брат Максіма — Гаўрыла Гарэцкі — таксама стаў выдатным навукоўцам, акадэмікам АН Беларусі).

Вучыўся Максім Гарэцкі ў школе граматы ў роднай вёснцы, потым у другакласнай школе ў суседняй Вольшы, а з 1903 па 1913 год — у Горы-Горацкай агранамічна-каморніцкай вучэльні. На гэты час і прыпадае пачатак творчасці пісьменніка. У “Нашай Ніве” 26 верасня 1912 года з’яўляецца ягоны першы допіс, 25 студзеня 1913 — першае апавяданне “У лазні”, а праз год ён — дваццаціаднагадовы юнак — ужо аўтар першай кнігі прозы “Рунь” (1914 год, Вільня, друкарня Марціна Кухты) і шэрагу значных публіцыстычных артыкулаў пра беларускую літаратуру. Але перад тым была Вольша, настаўнік Кцітараў які прышчапіў яму любоў да мастацтва і, у прыватнасці, да літаратуры. Тут Максім захапіўся паэмай “Тарас на Парнасе”, “Панскім ігрышчам” Ф. Тапчэўскага, тут ён пачаў усведамляць сябе як нацыянал, як сын вялікага і гаротнага народа, імя якому — Беларускі. Затым быў гурток энтузіястаў роднай мовы і культуры ў Горы-Горацкай вучэльні.

Зборнік “Рунь” прыхільна сустрэлі чытачы і высока ацаніў Максім Багдановіч у артыкуле “Беларускае Адраджэнне”. Крытык адзначаў Гарэцкага як мастака новай, арыгінальнай манеры ў адборы жыццёвага матэрыялу і індывідуальна-мастацкай інтэрпрэтацыі яго, як пісьменніка, які ўзбагачае нашую прозу рознымі кампазіцыйна-стылявымі формамі. Даследчыкі пазней падкрэслівалі заслугу Гарэцкага ў тым, што ён канцэптуальна па-новаму зірнуў на беларускага селяніна, ён адным з першых выводзіць у беларускай літаратуры і вобраз інтэлігента-адраджэнца.

Па сканчэнні агранамічна-каморніцкай вучэльні пісьменнік працуе на Віленшчыне. У гэты час юнак марыць пра паступленне на гісторыка-філалагічны факультэт універсітэту, бо цвёрда перакананы, што Беларушчыне “настаўнікі больш патрэбныя, чым каморнікі і аграномы”. Але перад самай імперыялістычнай вайной Максіма Гарэцкага паклікалі “паслужыць цару і ацечаству”, а потым — жорсткія баі ва Усходняй Прусіі, цяжкае раненне пад Сталупенем, лячэнне ў віленскім шпіталі, дзе ім “апекавалаея Цётка і супрацоўнікі “Нашай Нівы”, затым зноў фронт, Паўлаўская ваенная вучэльня прапаршчыкаў у Пецярбурзе, служба ў Іркуцку, Гжацку, акопы пад Пінскам, хвароба, лячэнне, камісацыя “па белым білеце”...

Пра гэта пазней Гарэцкі напіша: “...на пазіцыі месяцаў дзесяць, а то ўсё ці лячыўся, ці ў тыле бадзяўся...”. Але кароткага тэрміну пабыцця на фронце хапіла, каб з дзённікавых запісаў стварыць выдатны дакументальна-мастацкі твор “На імперыялістычнай вайне”, які можна паставіць упоравень з лепшымі кнігамі пра вайну Л. Талстога, В. Верасаева, А. Барбюса, Э.М. Рэмарка. У ім — вытокі беларускай ваеннай прозы, каторая неўзабаве, дзякуючы таленту В. Быкава, А. Адамовіча, стала адной з сама чытэльных у свеце.

Гарэцкі першы ў нашай літаратуры сказаў горкую праўду пра захопніцкую імперыялістычную вайну і раскрыў ейную антыгуманную сутнасць. У “Запісках салдата” (гэткую падназву мае кніга) выразна праводзіцца думка, што вайна нясе гора і пакуты роўна ўсім народам, але, нявечачы людскія лёсы, яна не можа вытруціць чалавечае ў чалавеку, а, наадварот, робіць людзей чулымі да чужой бяды і духоўна з’ядноўвае іх.

У 1919 годзе ў Вільні Гарэцкі выдае адну з лепшых сваіх аповесцяў “Дзве душы”. Кнігу гэтую напаткаў вельмі нешчаслівы лёс: яна блізу не на семдзесят гадоў была пазбаўлена масавага чытача. У ёй пісьменнік працягвае тэму героя-інтэлігента, пачатую ў ранніх творах (апавяданне “Улазні”, “Роднае карэнне”, аповесці “У чым яго крыўда?”, “Меланхолія”), але галоўны герой аповесці Ігнат Абдзіраловіч; у адрозненне ад папярэдніх (Кліма Шамоўскага і Лявона Задумы), змешчаны ў іншую, вельмі складаную і супярэчлівую рэвалюцыйную эпоху. У аповесці “Дзве душы” Максім Гарэцкі паказаў пакутлівы шлях маладой беларускай інтэлігенцыі да ідэі Бацькаўшчыны.

З пачатку 1919 году пісьменнік прыязджае ў Вільню, дзе займаецца выдавецкай і навуковай дзейнасцю, выкладае ў беларускай гімназіі (пра Гарэцкага-педагога пакінула поўныя ўдзячнасці ўспаміны адна з найвыдатнейшых паэтак нашай эміграцыі Наталля Арсеннева, якую менавіта ён заахвоціў да паэтычнай творчасці), працуе рэдактарам і выдаўцом газёт “Наша думка” і “Беларускія ведамасці” (1920—1922 гады). Тут, у Вільні, у друкарні кааператыўнага таварыства “Друк” у 1920 годзе выходзіць ягоная “Гісторыя беларускае літаратуры”, дзе Гарэцкі надзвычай цэласна выклаў уласную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры. Толькі ў 20-х гадах гэтая кніга вытрымала пяць выданняў, у якіх аўтар удасканальваў, дапаўняў сваю працу. У 1922 годзе Гарэцкі выдае хрэстаматыю беларускай літаратуры (ад XI ст. да 1905 г).

Апроч літаратуразнаўчых прац пісьменніку належыць шэраг мовазнаўчых (“Маскоўска-беларускі слоўнік”, 1918 г., разам з Г. Гарэцкім; “Практычны расійска-беларускі слоўнік”, 1926 г., разам з Байковым і інш.), а таксама артыкулы пра беларускі тэатр, запісы народных песень з мелодыямі і інш.

У 1922 годзе за актыўную беларускую дзейнасць Максім Гарэцкі быў звязнены польскімі ўладамі ў Лукішскай турме, у адзіночнай цэлі. Пасля вызвалення пісьменнік з сям’ёй (жонкай Гарэцкага была беларуская дзіцячая пісьменніца Леаніла Чарняўская (1893 —1976) у 1923 годзе рашаецца на зварот у савецкую Беларусь. Акрылены поспехамі беларусізацыі на Радзіме, Гарэцкі актыўна ўлучаецца ў культурна-грамадскую дзейнасць: выкладае на рабфаку універсітэта, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаецца літаратурнымі даследаваннямі ў Інбелкульце (пазней у АН БССР). Не пакідае і літаратурнай працы. Выдае зборнік апавяданняў “Досвіткі”(1926), аповесць “Ціхая плынь”(1930), піша п’есы і драматычныя абразкі “Жартаўлівы Пісарэвіч”(1925), “Чырвоныя ружы”(1926), “Гапон і Любачка” (1929) і інш. Працуе Гарэцкі і над буйнымі творамі — раманамі “Віленскія камунары” (1932) і “Камароўская хроніка”(застаўся няскончаным).

Але настаюць часы бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Ужо звязненыя Францішак Аляхновіч і Вацлаў Ластоўскі, скончыў самагубствам прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, пачалося планамернае вынішчэнне нашай творчай інтэлігенцыі, жудасны паводле сваіх памераў генацыд супроць беларускага народу. Ахвярамі яго стала і сям’я Гарэцкіх. У 1931 годзе Максім Гарэцкі быў сасланы ў Вятку, куды неўзабаве прыехала жонка з дзецьмі — Леанідам і Галінай. З вялікімі цяжкасцямі сям’я пражыла там да 1935 года. Пасля сканчэння тэрміну ссылкі Гарэцкаму не —дазволілі-вярнуцца на Беларусь. Тады пасяліліся ў пасёлку Пясочня Калужскай вобласці, дзе пісьменнік працаваў пэўны час выкладчыкам у сярэдняй школе, дарабляў свае раманы, пасылаў у Менск, але адтуль было маўчанне.

Неўзабаве Максіма Гарэцкага арыштоўваюць другі і ўжо апошні раз. Яго не стала, як дазнаўся пляменнік пісьменніка Радзім Гарэцкі, не ў 1939, а ў 1938 годзе. Вырак быў выкананы прысланым з Масквы оперупаўнаважаным.

Вось так хутка, проста і празаічна вяршылі бальшавікі лёсы асобаў і цэлых народаў.

Аднак яны не маглі знішчыць нацыянальную душу. I сведчанне гэтаму — наш беларускі рух сёння. Ён — няўнікнёнасць часу і працяг той справы, якую рабілі на пачатку стагоддзя Максім Гарэцкі і ягоныя паплечнікі.

Алена Дзенісенка

Аўтограф для акадэміка

Сёлета споўнілася 115 год з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага, акадэміка, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і СССР, грамадскага дзеяча. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца архіў вучонага і яго кнігазбор.

Бібліятэка Гаўрылы Іванавіча доўгі час знаходзілася ў Інстытуце геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі. Шэсць гадоў таму сын вучонага Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі, геолаг, геатэктонік, перадаў яе ў нашу кніжніцу. Сёння архіўны збор Г. Гарэцкага ўключае каля 3000 экзэмпляраў кніг, перыядычных выданняў, арыгінальных адбіткаў, аўтарэфератаў кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Самыя раннія выданні — тры кнігі “Инструкций для иследования и описания рек”, якія ўбачылі свет у Друкарні Імператарскай Акадэміі навук у 1896 — 1898 гг.

Тэматычна бібліятэка падзелена на дзве часткі. У першую ўвайшлі выданні, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю вучонага-геолага: даследаванні вучоных 1960 — 1980-х гг. па геалогіі антрапагену, стратыграфіі, палеаграфіі, палеанталогіі, геамарфалогіі, гідрагеалогіі, інжынернай геалогіі, археалогіі на ўсёй тэрыторыі былога СССР. У другой — кнігі беларускіх літаратуразнаўцаў, фалькларыстаў, гісторыкаў з аўтографамі і дарчымі надпісамі гаспадару і яго сям’і.

Гаўрыла Іванавіч быў адным з найбольш аўтарытэтных ву- чоных-чацвярцічнікаў Савецкага Саюза, у 1967 — 1983 гг. узначальваў камісію АН СССР па вывучэнні чацвярцёвага пе- рыяду. З усіх канцоў Савецкага Саюза вучоныя дасылалі яму свае даследаванні. Нашчадкам ён пакінуў багатую спадчыну ў выглядзе манаграфій, артыкулаў, справаздач і іншых дакументаў па геалогіі антрапагенавага перыяду.

Акадэмік праводзіў сумесныя даследаванні на тэрыторыі Украіны, прымаў удзел у канферэнцыях па чацвярцёвай геалогіі і геамарфалогіі. Працуючы ў Мінску, супрацоўнічаў з украінскімі геолагамі, з многімі ліставаўся. На кнігах ад украінскіх калег — дарчыя надпісы са словамі ўдзячнасці. Акадэмік сябраваў і з вучонымі з іншых рэспублік былога СССР. Пра гэта сведчаць дарчыя надпісы ад прадстаўнікоў Літвы (М. Кабайлене), Малдавіі (К. Негадаеў-Ніканаў, П. Яноўскі), Грузіі (Д. Цэрэтэлі) ды інш. У кнігазборы шмат выданняў, якія падарылі вучонаму беларускія геолагі, палеантолагі, геахімікі.

Апошнія дваццаць гадоў жыцця Г. Гарэцкі не пакідаў Беларусь. Шмат працаваў, выязджаў на доўгатэрміновыя палявыя работы, аб’ездзіў усю краіну.

У другой частцы кнігазбору Г. Гарэцкага прадстаўлены кнігі беларускіх літаратуразнаўцаў, з якімі вучонага звязвалі сяброўскія, грамадскія і прафесіянальныя сувязі. Інтарэсы Гаўрылы Іванавіча не абмяжоўваліся толькі спецыяльнай літаратурай. Яго вабілі мова і літаратура, гісторыя і этнаграфія, тэатр і музыка. Любоў да роднай мовы ў яго была з дзяцінства. Вучоны гаварыў не толькі па-беларуску і па-руску, але валодаў польскай і нямецкай мовамі. Каштоўны ўнёсак у айчынную культуру зрабіў Гарэцкі, склаўшы сумесна з братам Максімам “Руска-беларускі слоўнік” (Мінск, 1918), які пасля быў дапоўнены і выдадзены пад назвай “Маскоўска-беларускі слоўнік” (Вільня, 1920).

Сябраваў з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам. Пра сустрэчы з Янкам Купалам Гарэцкі ўспамінаў: “У 1918 годзе ў Смаленску жыў і Янка Купала з маладою жонкаю Уладзіславай Францаўнай, жылі яны на Малой Багаслоўскай вуліцы, у прыдаліннай частцы горада, у аднапавярховым доме. Купала досыць часта запрашаў Максіма ў госці, брат і мяне браў з сабою. Хоць і цяжка жылося ў той час, але Уладзіслава Францаўна заўсёды была выключна гасціннай і жыццярадаснай”.

Пасля смерці паэта Гарэцкі наведваў Уладзіславу Францаўну. У лісце да сваёй жонкі Ларысы пісаў: “Быў у Купаліхі. Шмат чаго яна апавядала мне пра апошні год жыцця Купалы. Якія цяжкія ў яго былі перажыванні — ад фізічных хвароб і іншых” (25. 05. 43). І ў другім лісце ад 17. 06. 43 вучоны піша з Масквы жонцы: “Учора быў я ў гасцёх у цёткі Уладзіславы, якая жыве ў гасьцініцы “Масква”. Добра пагаманілі. Успамінае яна ўсё Янку, яго апошнія гады. Паказала мне ўсе яго апошнія карткі. Як-небудзь паедзем у крэматорый, укланіцца праху вялікага нашага песняра-прарока...”.

У кнігазборы захоўваюцца выданні Янкі Купалы ваеннага часу: прыжыццёвы зборнік вершаў і паэм “От сердца” (1941) і пасмяротнае выданне выбраных твораў (1943) пад агульнай рэдакцыяй Якуба Коласа. Адзіная кніжка Купалы з дарчым надпісам у кнігазборы Гарэцкага — “Поэмы” (1978). Яе вучоны атрымаў ад пляменніцы паэта Ядзвігі Раманоўскай: “Даражэнькім Гарэцкім у дзень юбілея Гаўрылы Іванавіча на добрую памятку ад родных Янкі Купалы. Красавік 1980 г. Мінск. Ядвіга Раманоўская”.

З Якубам Коласам Г. Гарэцкага пазнаёміў у 1924 г. яго брат Максім. Пясняр і браты Гарэцкія сябравалі на працягу ўсяго жыцця. Іх аб’ядноўвала работа ў камісіях і секцыях Інбелкульта, яны разам удзельнічалі ў канферэнцыі, прысвечанай рэформе беларускага правапісу і азбукі. Якуб Колас дасылаў свае новыя кнігі Гаўрылу і Ларысе Гарэцкім. Пасля выхаду ў свет паэмы “Рыбакова хата” паэт падараваў і яе. Да кнігі быў прыкладзены ліст, у якім Якуб Колас пісаў: “Мае дарагія Ларыса і Гаўрыла! Пасылаю Вам сваю паэму “Рыбакова хата”. Прашу прабачэння за неахайны экземпляр. На ім шмат паметак, але ўсё ж чытаць можна. Вельмі прашу Г. І. пачытаць мае падборкі аб сваім сучасным становішчы. Я ўсё ж хачу вярнуць Вас на Беларусь. Я ўсё яшчэ знаходжуся ў становішчы хворага. У лёгкіх усё скончылася, тэмпература нармальная. Хвароба і гады забралі сілу. Доктар усё трымае мяне ў хаце, не пускае на вольнае паветра. Цалую Вас. Пішыце. Якуб Колас. 27. XII. 47”. На кнізе аўтограф: “Маім мілым, дарагім землякам Ларысе і Гаўрыле Іванавічу Гарэцкім на добрую памяць. 25. ХІІ. 1947 г.”. Гэту кніжку сын акадэміка перадаў у дар музею Якуба Коласа.

У бібліятэцы ёсць кнігі з аўтографамі Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі і інш. З імі вучоны пазнаёміўся падчас вучобы ў Горацкім землямерна-агранамічным вучылішчы і Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі. У архіве вучонага захоўваецца і перапіска “Гурыка і Уладзіка” (так ласкава называлі адзін аднаго Гаўрыла Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка). Гэтая багатая эпісталярная спадчына сведчыць пра іх адносіны, у якіх не было афіцыёзу, а адчувалася шчырая цікавасць да творчасці адзін аднаго.

У кнігазборы некалькі кніг У. Дубоўкі. У зборніку вершаў “Жёлтая акация” (1970) яго аўтограф: “Дарагім Г. І. І Л. І. Гарэцкім на памяць, ад шчырага сэрца. 15/02. 71 Масква. Ул. Дубоўка”.

Вучоны часта бываў у Маскве — удзельнічаў у дэкадах беларускай літаратуры і культуры. Ён з цікавасцю слухаў выступленні, радасна ўспрымаў прамоўцаў, але часам ацэньваў іх крытычна. Пра гэта сведчыць ліставанне вучонага з роднымі. У лісце да Ларысы Восіпаўны ён пісаў: “Паэты выбралі для чытання ў большасці старыя творы ды і чыталі іх не ўсе па-майстэрску. А. Куляшоў добра прачытаў верш “Да аб’еднаных нацый”, але мог бы выбраць нешта больш мастацкае... П. Панчанка чытаў кепскавата, хоць і добры верш пра высотны дом. П. Глебка таксама невыразна прачытаў верш пра мір. К. Крапіва кепска прачытаў стары верш пра асла і сонца. К. Кірэенка тэатральна, але не вельмі ўмела, прачытаў вялікі стары верш, які ён чытаў у гэтай зале... М. Танк чытаў без захаплення, глухім голасам, свой стары верш, які сказаў добра: “А хто вецер пасее, — той буру пажне”.

У бібліятэцы амаль усе выданні твораў беларускіх літаратараў маюць аўтографы, адрасаваныя вучонаму і яго сям’і. Больш за ўсё кніг для дзяцей ад Станіслава Шушкевіча.

У зборніку вершаў “Лясная калыханка” (1958) аўтограф паэта: “Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму са шчырым пачуццём і самымі найлепшымі пажаданнямі. Станіслаў Шушкевіч. 20. XII. 1959”; на кнізе “Сарочы церамок” (1959): “Гаўрылу Іванавічу на добры ўспамін. Станіслаў Шушкевіч. 20. XII. 1959”.

У год свайго 75-гадовага юбілею Гаўрыла Іванавіч атрымаў падарунак ад беларускіх пісьменнікаў — зборнік вершаў “Слухайце — Хатынь. Слушайте — Хатынь” (1975). На кнізе 32 аўтографы ад І. Шамякіна, А. Астрэйкі, К. Кірэенкі, П. Панчанкі, А. Зарыцкага, С. Грахоўскага, М. Лужаніна, К. Цвіркі, М. Танка, А. Бачылы, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, П. Броўкі ды інш.

Г. Гарэцкі сябраваў і з вучонымі-гуманітарыямі. Сярод іх — вядомы фалькларыст, літаратуразнаўца, краязнаўца Арсень Ліс, аўтар зборніка “Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы” (1984), аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма пра творчасць Максіма Гарэцкага “Прысады жыцця” (1985). У кнігазборы акадэміка яго аўтограф на кнізе пра мастака Язэпа Драздовіча “Вечны вандроўнік” (1984): “Глыбокапаважанаму Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму на згадку пра даўнейшую Беларусь з пажаданнем усяго добрага. А. Ліс. 4. 9. 84”.

З часам кнігазбор Г. Гарэцкага значна папоўніўся выданнямі з уласнай бібліятэкі яго сына Радзіма Гарэцкага. І цяпер гэты кнігазбор носіць назву “Бібліятэка Гарэцкіх”.

Іван Чыгрын

Нам да яго ісці ды ісці

Толькі што закончыў працу над манаграфіяй «Паміж былым і будучым» пра прозу Максіма Гарэцкага. Першы дотык да творчасці гэтага пісьменніка ў мяне адбыуся не меней як 30 гадоў назад, калі абдумвалася тэма кандыдацкай пра мастацкае станаўленне беларускай прозы.

Але асноўныя цяжкасці для мяне пачаліся пазней-тады, калі ўзнікла патрэба адчутае, зразумелае, асэнсаванае прабіваць у людзі. На абароне дысертацыі нечаканым (хаця і чаканым) пытаннем мяне спыніў Кандрат Крапіва, самы аўтарытэтны тады член Вучонага савета:

—Дык вы ставіце прозу Максима Гарэцкага вышэй за прозу Якуба Коласа?

Даводзілася пераконваць жывога класіка, што Максім Гарэцкі таксама вялікі і чаму вялікі. Нялёгкая, скажу вам, была гэга задача, асабліва ў той сітуацыі, калі мой навуковы кіраўнік (потым казалі, што з тактычных меркаванняў) ад свайго аспіранта толькі што публічна адмежаваўся, хінуўшы ў залу не без хітрага намёка агграўданне:

—У дысертанта ёсць свая галава на плячах.

Справа ў тым, што ўжо тады я прыйшоў да высновы (ад чаго не адракаюся і сёння), што М. Гарэцкі абазначыў наступны пасля Якуба Коласа этап у мастацкім сцвярджэнні беларускай прозы перыяду яе станаўлення. Дакаралі, што залішне вялікую ролю адводжу крамольнаму пісьменніку, што М. Гарэцкі, наогул, і не тая велічыня, каб яго творы параўноўваць з творамі тых, чый аўтарытэт кананізаваўся, і г. д. I ўсё-такі прарыў быў зроблены. Дапамагла хрушчоўская адліга. Інстытутам літаратуры ўрэшце быў запланаваны асобны раздзел пра творчасць М. Гарэцкага для «Гіісторыіі бе- ларускай літаратуры». К гэтаіму у часу пабачыў свет нарыс Д. Бугаева «Максім Гарэцкі». У 1971 г. выйшла з друку і мая кніжка «Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Дакастрычніцкі перыяд», трэці раздзел якой напалову прысвечаны творчасці М. Гарэцкага. Рыхтаваўся да друку двухтомнік. У 1980 г. было апублікавана даследаванне Алеся Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю...»

Так было некалькі дзесяцігоддзяў назад. Але і сёння, у постперабудовачны час, літаратуразнаўцам працуецца не лягчэй. I дзіўнаіга тут нічога няма. Нават самыя радыкальныя ў мінулым даследчыкі літаратурнага працэсу (дапусцім, што яны сёння кіруюць інстытіутамі, бо магчымы і горшыя варыянты) як творчыя асобы складваліся пад сцягам сацыялістычнага рэалізму і, значыць, іхнія тварчыя схемы, што дазвалялі ў свой час ганарова трымадца на паверхніі, а то і на грэбені хваляў, сённія нелітасціва састарэлі (вектар часу ж на 180° павярнуўся ў іншы бок), а новыя ствараюцца не так лёгка. Даводзіцца карыстацца старымі, у лепшым выпадку латаць-пералатваць, як свой кажух стары Анісім (успомнім апавяданне Якуба Коласа). Вось і атрымліваецца, што Максім Гарэцкі для некаторых па-ранейшаму ніякі не класік, аповесць «Антон» ніякі не мастацкі твор, «Дзве душы» усяго толькі рэмінісцэнцыя чужога рамантычнага сюжэта...

Што мяне найболыш уразілаў творчасці і асобе Максіма Гарэцкага? Найперш непадобнасць ні на кога з тых, услед за кім ён прыйшоў у беларускую літаратуру, іншымі словамі — падкрэслена выяўленая творчая самабытнасць.

Другое, — таленавітасць, якая звязана не тольюі з уменнем данесці да чытача думку, але і дайсці да яе, г.зн. сцвердзіць непаўторнае, дасюль нікому невядомае. Такім ён, напрыклад, з’явіўся перад чытачом у аповесцях «На іміперыялістычнай вайне» і «Дзве душы», дарэчы, творах вельмі розных паводле і фармальнай і ідэйнай сутнасці. Нічога падобнага беларуская проза да М. Гарэцкага не мела. Тут ён ва ўсіх адносінах перша адкрывальнік. I не толькі новых тэм — філасофіі быцця ў пэіўных ракурсах адкрывальнік. Не трэба забываць, што беларуская празаічная мастацкая традыцыя толькі складвалася (на першым плане стаяла праблема паскоранага развіцця) і што без яе выйсці да твораў падобнага ўзроўню было неверагодна цяжкай справаю.

Маштабнасцю асобы сваёй уражвае М. Гарэцкі. Чалавечай вышынёй уражвае. Сярод беларускіх пісыменнікаў, якіх накрыла эпоха Сталіна сваім вогнанным валам, другога такога, можа, і няма.

Валерый Мазынскі

Адужаў час

Для мяне, чалавека пасляваеннага, выхаванага, так бы мовіць, на партызанска-патрыя тычнай глебе, імя Максіма Гарэцкага доўгі час нічога не значыла. Першае маё знаёмства з яго творчасцю адбылося дужа позна. I сёння, прыгадваючы першую сустрэчу з “Красными розами” М. Гарэцкага, я шкадую, што не патрапіў на чалавека, які б падштурхнуў да добрай, глыбокай літаратуры. Хоць бы ў школе, ці ў тэхнікуме, ці пасля... Далей, ужо ў тэатральным інстытуце, яе начала вымагаць будучая прафесія. I ўсё роўна гэта былі пакуль Колас, Купала, Мележ, потым “ужо захапіўся Быкавым. I Караткевіча не было яшчэ.

Чэхаў, Горкі, Талстой, Дастаеўскі, Хемінгуэй і ніяк не Мрый, не Гарэцкі, нават Купала быў такі, якога ад мяне хавалі!

Калі, дапытваючы сваю драматургію, сутыкнуўся ўрэшце з Максімам Гарэцкім, першае, што мяне ўразіла, гэта тое, што — не з мужыкоў. Паходжаннем не з лапцей, нават не з ботаў. Тое, што беларус мог быць з чаравікаў, мне было не як нязвыкла, затое недзе там, унутры, салодка казытала і абнадзейвала. Усё-такі і ў нас ёсць! Сёння гэта ўжо смешна, бо ведаю, што было і еўрапейскае адзенне на беларусу. I Купала са школы навязваўся нам як мужык.

Пасля таго, як надрукавалі Шашалевіча, лягчэй уздыхнулася. А “Дзве душы”? Было, усё ў нас было, і калі б не перарвала гэтая жудасная сістэма паўнакроўнага жыццёвага працэсу нашай літаратуры, то ўсё ў нас магло б ужо быць. У дачыненні да тэатра, прынаімсі, мы мелі б не толькі трох віядомых драматургаў — Крапіву, Макаёнка, Дударава, але і модную інтэлектуалыную аснову для тэатральнага працэсу і самае галоўнае — свядомую ў сваіх каранях.

Я не тэарэтык, я практык і адчуваю ў Гарэцкім паўнавартага драматурга. У ім, акрамя шырокай адукаванасці, што такважна, прысутнічае яшчэ і багатая інтуіцыя, падрабязнасць псіхалаігічнага малюнка. Дзеючыя асобы ў яго жывуць без натужнай прыдумкі. Яны не вымушаны гаварыць аўтарскі тэкст, а жывуць, дзейнічаюць. Усё тое нямногае з яго драматургічных абразкоў гаворыць аб моцным драматургу. “Антон”, маленькая п’еска “Атрута...” Калі чытаеш яе сёння, то дзіву даешся таму болю, якім прасякнуты гэты твор на дзвюх старонках. I хто ведае, можа, у хуткім часе мы знойдзем агульную мову на нашых падмостках. Нядаўна мае студэнты прынеслі для работы (адкапалі для сябе) яшчэ адзін твор — “Мутэрку”.

Што гэта? Час мяняецца ці аўтар ўсё-такі адужаў час?

Алена Барадзіна

“Таемнае, шчыра-беларускае…”

Вельмі б хацелася быць арыгінальнай і пачаць свой допіс з таго, што кнігі Максіма Гарэцкага акружаюць мяне з часу, як усвядоміла сябе. Аднак... У маім школьным падручніку па беларускай літаратуры (70-я гады) звестак пра такога пісьменніка не было. Праўда, упаміналіся Алесь Гарун, Власт, Карусь Каганец, «ліберальна-буржуазныя» пісьменнікі, якія «...адыходзілі ад сучаснасці ў свет рэакцыйнай рамантыкі, ідэалізавалі феадальнае мінулае Беларусі». (Цытую па падручніку З. В. Барысенкі, В. У. Івашына 1978 года выдання). У гэтым сэнсе думаецца, што Максіму проста пашанцавала...

Як ні намагаюся ўспомніць што-небудзь выразнае з курса інстытуцкіх лекцый па беларускай савецкай літаратуры, так-сама нічога не атрымліваецца. Хаця ў студэнцкія гады не была заўважана сярод тых, хто вязаў на занятках джэмперы ці камізэлькі.

Не было патрэбы шмат гаварыць піра Гарэцкага і ў пазнейшы час, калі яму адвялі 28 радкоў у аглядзе беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя пры перавыданні вышэйпамянёнага падручніка, сарамліва прамаўчаўшы аб тым, якая такая хвароба скасіла пісьменніка ў самым росквіце яго жыццёвых і твоірчых сіл.

А потым на маім працоўным шляху былі першыя ў горадзе класы з паглыбленым вывучэннем беларускай літарату ры і тэма: «Максім Гарэцкі. Жыццёвы і творчы шлях. Апавяданне «Роднае карэніне». Аповесць «На імперыялістычнай вайне». I хаця на ўсё адводзілася 3 ўрокі, абмежавацца дваццацю васьмю редкамі не выпадала. Так адбылося маё блізікае знаёмства з творчасцю Максіма Гарэцкага. Да таго ж з’явіліся шчырыя, праўдзівыя матэрыялы ў перыядычным друку (у прыватнасці, у «Крыніцы»), з якіх паўставала асоба таленавітая, неардынарная і разам з тым сціплая, некрыіклівая, як тое асяроддзе, у якім яна заканамерна сфарміравалася.

Сярод класічных твораў, што ўведзены ў школьную праграму, «Роднае карэнне» — удалае выключэнне. Голай ідэі якая можа быць сфармулявана мёртвымі шаблоннымі фразамі, у ім няма.

Уражвае ў асобе Гарэцкага імкненне да самаўдасканаленя, шырыня інтарэсаў, здольнасці, эрудыцыя.

«Канчаю апрацоўваць «Камунараў». Цяжка мне іх пісаць для друку, усё баюся, каб не зіребіць якой памьткі ў асвятленні», — піша Гарэцкі ў лісце за 10 снежня 1931 г. Але страх гэты прыйдзе потым. Пакуль жа — 1913 год, Максім як дыхае, лёгка і свабодна. Здаецца, што больш за ўсё яго цікавіць «таемнае, страшнае». Такім чынам аддадзена даніна шукальнікам прыгодніцкага элементу ў літаратуіры. Але беларуская літаратура з часоў Скарынавага «понеже от прирождения птицы, летающие по небу, ведаюць гнёзды своя...» вы лучалася высокім патрыятызмам. Ён гучыць і ў гэтым сінанімічным радзе: «Таемнае, страшнае, шчыра-беларускае». Ім прасякнута ўсё апавяіданне. I яшчэ адзін аспект: філасафічнасць прозы Гарэцкага хутчэй правіла, чым выключэнне ў яго творчасці. Пры чытанні апавядання «Роднае карэнне» ў мяне міжвольна ўзнікла асацыяцыя з вершам Максіма Танка «Пра філосафаў». Герой гэтага апавядання добра ведаў і запомніў аднаго з народных філосафаў, сівога дзеда Яхіма, які даў маладому інтэлігенту тры парады: «Чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі... Часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным... А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе... за салодкімі напіткамі ды смачнымі дарагімі стравамі, не забывай ты спытаць у сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?» I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш. Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць...»

Прачытаўшы гэта, яшчэ раз недаверліва адгарнула дату напісання: сапраўды, 1913. А здаецца, што сказана сёння.

А.М.

“…Ва ймя святога ўсім нам адраджэння”

Памятаецца, пасля выхаду апошняга, чацвёртага тома Збору твораў Максіма Гарэцкага знаходзіліся ахвотнікі пакпіць, што ўкладальнікі — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР і выдавецтва “Мастацкая літаратура” — не парупіліся, маўляў, уключыць у яго асобныя творы пісьменніка і праявілі тым самым звычайную аглядкавасць, якой не могуць пазбавіцца яшчэ з застойных часоў. Няўцям было “добразычліўцам”, што хоць тамы і пазначаны 1984—1986 гадамі, ды рыхтаваліся яны задоўга да гэтага, а значыць, пры ўсім жаданні немагчыма было ўключыць у іх і аповесць “Дзве душы”, і іншае з таго, што і сёння яшчэ сяму-таму падаецца “крамольным”.

Аднак Бог з імі, з тымі закідамі. Што было, тое было. Здзіўляе іншае: больш за паўгода ляжыць на паліцах кнігарань том “Твораў” М. Гарэцкага, выпушчаны як дапаўненне да тых чатырох ранейшых (дарэчы, у гэткім жа афармленні, хіба што лічбы пяць на ім няма), а хоць бы слова ў друку. Вось і выходзіць: крычым, браткі, крычым, а калі да справы...

Выхад “Твораў” М. Гарэцкага — з'ява ў літаратурным і культурным жыцці. Сюды якраз і ўвайшло тое са спадчыны нашага нацыянальнага класіка, што вельмі доўга працярэблівала дарогу да сучаснага чытача. Найперш — ужо згаданая аповесць “Дзве душы”. Твор быў вернуты з небыцця роўна праз семдзесят гадоў. Упершыню асобныя раздзелы з аповесці публікаваліся ў чэрвені-ліпені 1919 года ў газеце “Беларуская думка”. У тым жа годзе “Дзве душы” выйшлі асобнай кнігай у Вільні. I толькі ў 1989-ым годзе аповесць надрукаваў часопіс “Полымя” (№ 7). Публікацыі спадарожнічаў артыкул П. Васючэнкі “Чаму дваілася душа?” Варыянт яго пад назвай “Дыялектыка душы” ўключаны ў том.

Пра аповесць “Дзве душы” “ЛіМ” пісаў пасля палымянскай публікацыі. Таму абмяжуемся некалькімі словамі. М. Гарэцкі ў гэтым творы ўжо тады, адразу пасля рэвалюцыі, глянуў на яе як бы з другога боку, паказаў, што ачышчальны працэс нясе з сабой не толькі абнаўленне свету, але і актывізуе сілы цемры, дае жыццё розным прыстасаванцам. Безумоўна, галоўным носьбітам аўтарскай ідэі стаў Ігнат Абдзіраловіч, у якога “душа дваілася. Адна палова несказана плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі”. Але ж, як чытач памятае, ёсць у “Дзвюх душах” і іншыя, не менш каларытныя вобразы.

Іван Карпавіч Гаршчок, што ідэю рэвалюцыі апаганьваў і сваімі паводзыамі, і сваёй... разбуральнай дзейнасцю. Настройваў людзей супраць тых, хто на самай справе хацеў народу лепшага жыцця. Есць тут і іншыя “гаршчкі”, для каго, ап’яненых сусветнай рэвалюцыяй, не было нічога святога. Поруч стаяць у творы вобразы сапраўдных шчырых, адданых змагароў за беларушчыну, за нацыянальнае адраджэмне. Ірына Сакавічанка, Мікола Канцавы… Магчыма, Канцавы і празмерна катэгарычны ў сваіх меркаванкях і абагульненнях, але хіба не мае ён рацыі, хіба яго развагі не актуальныя і сёння? “Міколе, як і ўсім адраджэнцам, было дужа цяжка зносіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізме, апрача чужынцаў, апынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партыйна-тупыя праціўнікі “ўсякага там яшчэ адраджэння”, пагарджаўшыя, з іх убогай духоўнай фанатычнасцю, беларускай моваю і ўсім нацыянальна-беларускім”.

Падобнае сцвярджэнне і лічылася крамолай. Яно, а таксама агульны пафас аповесці і вырашылі яе далейшы лёс. Маўчалі спецхраны, не адчыняліся дзверы перад тымі, хто турбаваўся, каб “Дзве душы” сталі актыўным набыткам літаратуры, а не толькі яе гісторыяй. Нялёгна было і рэдактару “Полымя” С. Законнікаву, які прабіваў аповесці дарогу ў друк.

“Пройгрышныя”, калі падыходзіць да іх з пункту гледжання нядаўняй афіцыйнай ідэалогіі, асобныя апавяданні М. Гарэцкага, якія таксама на гадоў семдзесят заставаліся толькі ў сваіх першых публікацыях. Узяць, напрыклад, адно з іх — “Лірныя спевы”. Даследчыкі звярталі ўвагу на гэты твор. Падкрэслівалі нават, што ў ім пісьменнік паспяхова абжывае гістарычную праблематыку. Але… Вельмі ж “муляла” ў апавяданні адна мясціна. Тая самая, дзе мніх Грыгорый разважае: “Ня хочыць Польшча Русь Літоўскую сястрой роўнай лічыць, дык ня будзіць ні Літвы, ні Польшчы, а будзе магутная бесканечная Маскоўшчына”.

І ў іншых забароненых апавяданнях (“У 1920 годзе”, “Фантазія”, “Апостал”, “Незадача”, “Усебеларускі з'езд 1917-га года”) перастрахоўшчыкі нязменна знаходзілі тое, што дазваляла ім неаднойчы падымаць перад гэтымі творамі шлагбаум забароны. Ці не самае характэрнае ў гэтых адносінах апавяданне — “У 1920 годзе”. Галоўны герой твора, які мае падзагаловак “апавяданне народнага чалавека”, як і Ігнат Абдзіраловіч, належыць да тых, хто пакуль што не знайшоў на зямлі нейкага пэўнага прыстанішча. Больш дакладна — ён далёка не ўсё прымае ў рэвалюцыйных падзеях. I мае на гэта падставы.

У рэчаіснасці, якую па-мэстацку пераканаўча адлюстроўвае М. Гарэцкі, і на самай справе непрывабны выгляд. Зноў жа, не будзем забывацца, рэвалюцыйная плынь падхапіла шмат людскога смецця, што не толькі не тоне, а пастаянна трымаецца на паверхні. Характэрная гаворка, выпадковым сведкам якой стаў “народны чалавек”. Апынуўшыся за лініяй фронту, знаходзячыся ў хаце селяміна-праведніка, якога схапілі чырвонаармейцы і, па ўсім відаць, ужо расстралялі, апавядальнік глыбока пакутуе, што ён па сутнасці прынёс гора чужой сям'і, паставіў пад пагрозу жыццё сумленных людзей.

Аказваецца, у гэтай жа хаце ёсць і такія, хто сумленнем не пакутуе. Наадварот, з любой, самай складанай сітуацыі знаходзяць выйсце. Адзін з субяседнікаў — настаўнік, каб неяк выжыць, у розных вёсках па чарзе прапаноўваў, так сказаць, руку і сэрца дочкам заможных бацькоў. Калі ж справа ішла да вяселля — своечасова ўцякаў. Амаральнасць яго паводзін відавочная, але амаральнасць гэтая двайная. Нават у такіх сітуацыях “герой” як быццам стаіць за беларускасць: “з каханкамі я толькі па-беларуску й гаманіў”. Гэта проста гульня на нацыянальных пачуццях свядомых людзей, пераконвае далейшы ход гаворкі. Другі субяседнік, былы афіцэр, хваліцца: “Я “прымазаўся” да беларусаў, дастаю паёк у беларускай вайсковай арганізацыі... Цяпер прыехаў вось сюды вербаваць ахвотнікаў”. Пасля дадае: “Я, прызнацца, не шаную гэтай мовы: дык, няхай, чаго... адно свінства!” “Шчыры” беларус-настаўнік не прамінуў выпадку, каб папрасіць; “А ўсё ж ты мяне завярбуй у сваё беларускае войска па старой дружбе”, Двурушнасць яго тым больш адчувальная, што перад гэтым афіцэр яму адкрыта сказаў: “Як будзе адзіная недзялімая Расея, то я й цябе адным заходам пастараюся павесіць”.

У адрозненне ад іншых апавяданняў, у гэтым як быццам шмат і недагаворана аўтарам. I сапраўды, М. Гарэцкі не спяшаўся расставіць усе кропкі над “і”, хоць апошнюю кропку ў творы паставіў адразу і тым самым даў магчымасць чытачу зноў і зноў задумацца над усёй супярэчнасцю “кручаных дзен” (Л. Калюга). іх нейкай драматычнай наканаванасцю. Быццам і на самай справе насіліся не дзе поруч нябачныя чэрці, тыя “бесы” Ф. Дастаеўскага, якім толькі і хацелася ўсё рушыць з месца, знішчаць, руйнаваць, не задумваючыся надта, ёсць у гэтым неабходнасць ці няма. Неверагодна, але гэта так: становішча, у якое траплялі самыя шчырыя і самыя адданыя рэвалюцыянеры, адначасова несла ў сабе і камічнасць, і трагедыйнасць.

Як не ўспомніць. тут апавяданне “Незадача”! Выпадак, пра які расказвае пісьменнік, тыповы. Нездарма ў адным з рукапісаў М. Гарэцкага пад самой назвай рукой аўтара пазначана: “Быль”. У творы нічога лішняга, як бы знарок — пратакольная дакладнасць, што відаць ужо ў самым пачатку: “Часовы камісар Н-скай франтавой надзвычайнай камісіі ў справе змагання з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і дэзерцірствам, таварыш Батрачонкаў, ехаў на аўтамабілі ў сваёй матроскай куртцы дамоў к Іллі на свята, каб разам з тым даведацца, як ідзе рэвалюцыя ў вёсцы”.

Аўтар не абцяжарвае твор разгорнутымі апісаннямі, не вельмі клапоціцца, каб “ужыцца” ў вобраз. Таварыш Батрачкоў і так навідавоку. Ён — тыповы прадстаўнік народнай масы, абуджанай да новага жыцця, але ў той час няздольнай (амуніцыі, як кажуць, адпаведнай не было) узняцца над гэтым жыццём, цвяроза ацаніць і свае паводзіны, і паводзіны таварышаў па партыі. Ёсць рэвалюцыйны максімалізм, ёсць задаволенасць ад усведамлення, што мы, яшчэ ўчора будучы нічым, сёння сталі ўсім… І ўсё. У астатнім Батрачонкаў (прозвішча сімвалічнае), як усе.

Хочаш смейся, хочаш плач... Па дарозе ў родную вёску Батрачонкаў у думках прадугадвае радасць моманту, як глянуць на яго, камісара, землякі, калі ўбачаць у аўтамабілі: “Падумаць: былы падпасак Арцёмка Батрачонак — другі чалавек, што едзе па гэтым шляху на аўтамабілі; першым быў Шальновіч (земскі. — А. М.)”.

“— Хай жыве рэвалюцыя! — голасна крыкнуў Батрачонкаў. Шум машыны і свіст ветру схапілі яго словы.

— Што вы, таварыш? — лачуў, аднак, шафёр і аглянуўся.

—Нічога, нічога... — сканфузіўся матрос”.

Фінал жа гэтых адведзін “былога падпаска” і цяперашняга камісара Арцёма Батрачонкава ў родную вёску аказаўся страшнейшым, чым можна было і падумаць. Гарачая галава, Батрачонкаў, ап’янены уладай, гуляў, як мог... Зноў пратакольная дакладнасць у заключных радках апавядання: “Цераз дзень ен быў арыштаваны і адданы лад суд за спекуляцыю, п’янства і шкодную для службы адлучку для асабістых патрэб на казённым самакаце”. Не ведаю, як каму, а мне ў гэтым “казённы самакат”, паколькі словы ідуць з вуснаў самога аўтара, а не з вуснаў зацюканых персанажаў, чуецца з’едлівая іронія. А мо і напамінак (ці перасцярога?): і не такое яшчэ будзе, калі да ўлады паўсюдна прыйдуць батрачонкавы...

Вернуты з небыцця М. Гарэцкі — гэта і п’еса “Жартаўлівы Пісарэвіч” (па-сапраўднаму нацыянальны характар, увасоблены ў галоўным героі, які, нягледзячь ні на што, застаецца беларусам, хоць і не тутэйшым), багатая літаратурна-крытычная, публіцыстычная і эпісталярная сладчына (44 лісты публікуюцца ўпершыню).

Матэрыялы гэтыя — самыя розныя. I спроба падрахункавання пэўнага этапу ў творчасці асобных пісьменнікаў (С. Баранавых, Я. Нёманскі, М. Чарот, А. Моркаўка і іншыя), і артыкулы з нагоды тых ці іншых падзей культурнага і грамадскага жыцця, і развагі краязнаўчага характару...

Хацелася б вылучыць артыкул “Развагі і думкі”, упершыню надрукаваны ў 1914 годзе ў “Велікоднай пісанцы”. Напісаны ён быццам сёння, бо ўвесь прасякнуты ідэяй нацыянальнага Адраджэння, клопатам аб будучыні нашай нацыі.

Услухаемся ж у гэты бескампрамісны, неабыякавы голас. Ён адрасаваны і нам, сучаснікам чарговай хвалі нацыянальнага ўздыму. I не ў апошнюю чаргу таксама тым, хто, як кажуць, па абавязну службы мусіць рухаць Адраджэнне наперад: “Вот тут-то я і звярнуся да “генералаў” адраджэння, кіраўнікоў руху... Тут я скажу ім: смялей гаварыце новае слова народу беларускаму! Смялей! Менш уважайце на напасці з польскага і расійскага боку. Менш азірайцеся на іх. Смялей спраўляйце хаўтуры па тых святых мучаніках, на касцях каторых радзілася новая Беларусь, і смялей пасылайце добрыя весткі тым братам нашым. што “сярод лядоў, сярод жуды” пакутуюць за адраджэнне!”

Як запавет — і гэтыя радкі: “Прыйдзіце к нам, справядлівыя, прыйдзіце к нам, цвёрдыя, упорныя, смелыя, прыйдзіце к нам, рухавыя. Прыйдзіце к нам з воляю крэпкаю, прыйдзіце к нам, асілкі волі! А вы, браты мае, сястрычкі мае, здабывайце сабе волю, гадуйце ў сабе волю, перш-наперш будзьце вольны ў саміх сабе”.

Сярод эпісталярнай спадчыны прыцягвае ўвагу ліст М. Гарэцкага ад 1 ліпеня 1919 года да рэдактара газеты “Беларуская думка” У. Знамяроўскага. Пісаўся ён у сувязі з тым, што невядомы аўтар, які схаваўся пад псеўданімам “Я”, у той жа “Беларускай думцы” фальсіфікаваў змест апавядання М. Гарэцкага “Ідуць усе — іду я”, абвінавачваў пісьменніка ў “хныканні”, адсутнасці “цвёрдасці ў наш адказны час”. М. Гарэцкі пратэставаў, але, хоць і быў пакрыўджаны на газету за публікацыю пасквіля, не збіраўся парываць з ёй: “Ад літаратурнага супрацоўніцтва ў “Беларускай думцы” не адмаўляюся пасля такой прыгоды толькі дзеля таго, што ахвярую сваім “Я” ва ймя святога ўсім нам адраджэння”.

Вось так: пісьменнік здатны быў узвысіцца над асабістым дзеля агупьнанацыянальнага! Ці не прыклад усім нам, незалежна ад таго, у якіх партыях мы знаходзіліся ці ў якія партыі ўступім заўтра? Адкінем дробязна-ўласнае, калі не на словах, а на справе стаім за нацыянальнае Адраджэнне. Гісторыяй дадзены нам апошні шанц. Выкарыстаем жа яго...

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” мае намер у 1992 годзе выпусціць у серыі “Спадчына” і яшчэ адну вядомую працу М. Гарэцкага — “Гісторыю беларускай літаратуры”. Зноў жа: мо варта адмовіцца ад серыйнасці і зрабіць яшчэ адзін том-дадатак да Збору таораў?

I апошняе. Збор твораў М. Гарэцкага ў чатырох тамах выходзіў тыражом 8 тысяч экземпляраў кожны. Тыраж тома-дадатку — усяго 3100... Прайшло з дня яго выхаду, паўтараю. больш за паўгода, а кніга не разышлася.

Якія ж мы пасля гэтага змаганцы за Адраджэнне?


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина