Главная

Вольга Губская

Слова і ідэя
Тэмай ХХV Гарэцкіх чытанняў стала літаратурна-мастацкая і навуковая дзейнасць братоў Гарэцкіх

Такім чынам аднаўляецца гістарычная справядлівасць, бо амаль на паўстагоддзя пісьменнік Максім Гарэцкі быў выкінуты з літаратурнай прасторы. Даследчыкі памятаюць, як складана было вярнуць яго імя ў культурнае жыццё Беларусі. Аднак, як у свой час трапна адзначыў літаратуразнаўца Ігар Жук, “літаратура жыва памятае вырваныя з яе творы, загубленыя лëсы яе стваральнікаў і трымае ўгатаванае для іх месца і выштукаваную “пад памер” матрыцу”.

Таму Гарэцкія чытанні заўсёды багатыя не толькі на цікавых дакладчыкаў, але і на шчырых сяброў, якія прыходзяць з добрым словам і да ўдзельнікаў, да гаспадароў-старшынь — прыкметных асоб беларускай навукі Радзіма Гарэцкага і Міхася Мушынскага. Чым уразілі юбілейныя Гарэцкія чытанні? Усведамленнем таго, што ўжо зроблена ў галіне гарэцказнаўства. Папершае, становіцца зрарумела, што імя Максіма Гарэцкага мае ўсе шанцы быць трывала ўпісаным у сусветны літаратурны кантэкст. Па-другое, відавочна, што ўсё большая ўвага надаецца братам Гарэцкім-лексікографам. Тон гэтаму напрамку ў даследаванні задае мовазнаўца Сяргей Запрудскі.

Уражвае грунтоўнымі разважаннямі Міхась Мушынскі. “Камандзір”-куратар на ніве гарэцказнаўства сказаў аднойчы, што драматургам варта звярнуць увагу на творы Гарэцкага — у Дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы з’явіўся спектакль “Дзве душы” па аднайменнай аповесці пісьменніка; адзначыў недастатковую даследаванасць публіцыстыкі Гарэцкага, якую можна наблізіць да журналістыкі, — калі ласка, чытайце артыкулы пра Гарэцкага-публіцыста.

Сёлета Міхась Іосіфавіч звярнуўся да даледчыкаў з прапановай больш уважліва ставіцца да ліставання братоў Гарэцкіх, да літаратурнай спадчыны Гаўрылы Гарэцкага, бо менавіта праз гэтыя, на першы погляд не самыя прыкметныя, дакументы мы можам прыйсці да ўсведамлення гістарычнай рэальнасці, што пралье святло на “прыхаваныя таямніцы” твораў Максіма Гарэцкага.

Заўсёды шчыміць сэрца, калі пачынае сваё выступленне Радзім Гарэцкі. Гледзячы на яго, уяўляеш, які ж слаўны быў род Гарэцкіх, як яны ўмелі паважліва ставіцца да людзей. Кожнае слова Радзіма Гаўрылавіча ў яго аповедзе пра бацьку ахутана цеплынёй, захапленем і павагай. Дзейнасць Радзіма Гарэцкага — гэта працяг дыялогу братоў Гарэцкіх з беларусамі, рэалізацыя іх задум і спадзяванняў.

Нават тыя літаратары, якія на пачатку сваёй творчасці выкарыстоўвалі імя і творы пісьменніка.

Гарэцкага для рэалізацыі ўласных амбіцый, сёння мяняюць сваю пазіцыю. Гарэцказнаўства развіваецца, многа зроблена, аднак ёсць да чаго імкнуцца. Хацелася б мець збор твораў, большы, чым у 6-ці тамах, і зняць усе пытанні вакол існавання дома пісьменніка ў Малой Багацькаўцы.

Ад роду да асобы

Пытанне стану Літаратурнага музея Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна абмяркоўвалася на круглым стале ў Магілёве, што быў прысвечаны пытанням музеефікацыі літаратурных мясцін. Мерапрыемства ладзіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў межах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “XXV Гарэцкія чытанні” на базе Музея гісторыі Магілёва. Заклапочанасць захаваннем памяці пісьменніка прадыктавана думкамі пра яго юбілей, што будзе адзначацца ў 2018 годзе. І ў рэзалюцыі Гарэцкіх чытанняў сёлета ёсць прапанова абвясціць у Беларусі 2018-ты годам Максіма Гарэцкага. Асаблівая ўвага — да мемарыяльных мясцін пісьменніка, у першую чаргу да месца, дзе ён нарадзіўся. Удзельнікі круглага стала віталі рашэнне ўлад Мсціслаўскага раёна захаваць Літаратурнаы музей імя Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка, беручы пад увагу значнасць асоб Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.

Дзмітрый Яцкевіч, дырэктар Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры: — Згодна з Кодэксам аб культуры, наш музей — каардынацыйны метадычны цэнтр для музеяў падобнага тыпу. Мы мэтанакіравана праводзім іх маніторынг. На сёння падобных музеяў па краіне 5, і яшчэ 35 з’яўляюцца філіяламі іншых музеяў. Але не трэба забываць, што фактычна ў кожным краязнаўчым музеі ёсць старонка, прысвечаная сваім літаратурным дзеячам. На сёння маніторынг стану музея Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы прыемна здзівіў: ён можа функцыянаваць, а праблемы ў яго тыя самыя, што ва ўсіх музеяў рэспублікі. Каб у гэтага музея былі наведвальнікі, неабходна вялікая праца як самога музея, так і мясцовых улад. Музей стварае пэўны прадукт, якім трэба зацікавіць людзей. Гэтая праблема стаіць не толькі перад філіялам Мсціслаўскага краязнаўчага музея ў Малой Багацькаўцы, але і перед усімі музеямі рэспублікі, у тым ліку перад нашым музеем, у якога 9 філіялаў. Наша задача — агульнымі намаганнямі прадумаць стварэнне такога прадукту, на які паедуць людзі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Гэта могуць быць самыя разнастайныя формы інтэрактыву: квэсты, музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі. Яшчэ адна задача — распрацаваць розныя экскурсійныя маршруты з магчымым наведваннем шэрагу іншых аб’ектаў, якіх не бачаць наогул, напрыклад, археалагічныя, прыродныя помнікі. Што тычыцца больш шырокага прыцягнення ўвагі да ўшанавання памяці Максіма Гарэцкага, то ў нас ёсць досвед арганізацыі перасоўных выставак у Латвіі, Эстоніі, Расіі. Асабліва яны карыстаюцца попытам там, дзе ёсць беларускія суполкі. Але найперш трэба думаць пра тое, каб памяць пра пісьменніка, які для нас — класік, жыла на радзіме. На жаль, той дом у Горках, дзе жыў, працаваў і сустракаўся са знакамітымі асобамі Максім Гарэцкі, знесены, і няма ніякага памятнага знака пра тое, што там было. Таму музей у Малой Багацькаўцы застаецца галоўным мемарыяльным месцам пісьменніка.

Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага фонду культуры: — У сярэдзіне 80-х гадоў музейная справа ў Беларусі зрушылася, колькасць музеяў значна павялічылася: ствараліся музеі народнай славы. Ведалі, што гэта яшчэ толькі зародкі музеяў, але спадзяваліся, што пройдзе час, і яны ператворацца ў сапраўдныя музеі. Але гэта цэнтры, дзе можна выхоўваць людзей. Пачаць можна са сваёй вёскі, раёна. Бо ў кожным раёне ёсць знакамітасці, што вартыя ўшанавання, — нават увесь іх род... І калі ты адчуваеш, што цэлы род спрычыніўся да славы радзімы, воляй-няволяй задумваешся: а хто ты? Гэта магчымасць абудзіць у моладзі, у дзяцей пачуццё павагі да продкаў. Адсутнасць гонару за сябе, за сваіх прадзедаў спараджае да абыякавасць. Таму праца, што вядзецца музеем у Малой Багацькаўцы, вартая павагі. Але як зрабіць, каб туды паехалі? Магчыма, да музея будзе больш увагі, калі яго ператварыць у музей роду Гарэцкіх. Ці трэба хоць помнік які паставіць: тут зямля Гарэцкіх, тут могілкі, дзе мама з татам ляжаць… Важна паказваць: гэта геаграфія нашай культуры. Калі разглядаць пытанне пераносу музея з маленькай вёскі ў Мсціслаў, то варта задумацца пра тое, што мы знішчаем культурную прастору, культурную геаграфію. Разам са знікненнем вёсак ідзе іншы небяспечны працэс: мы збядняем сябе. Хто замінае на скрыжаванні дарог паставіць камень з прозвішчамі людзей, што жылі ў гэтай вёсцы? Тым самым захаваць нашы прозвішчы для гісторыі. Калі такое адбудзецца, калі мы зразумеем, што гэта наша беларуская геаграфія, у тым ліку прадстаўленая праз мноства дробненькіх музеяў, мы лепей пачнём разумець сябе як нацыя.

Міхась Кенька, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ: — Музей — не музей, калі там няма ніякай разынкі. Яна магла б з’явіцца ў Малой Багацькаўцы, каб сапраўды стварыць музей роду Гарэцкіх. Калі я стаяў у хаце каля калыскі, думаў: тут жа ляжаў не толькі Максім Іванавіч, але і Гаўрыла Іванавіч. Колькі яны пабадзяліся, знішчалі дакументы, фотаздымкі, калі даведаліся, што Максім сядзіць. Толькі ў Дубоўкі некалькі фотаздымкаў захавалася. Я наслухаўся гэтых гісторый, калі працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук і браў удзел у падрыхтоўцы збору твораў Гарэцкага ў чатырох тамах. Добра, што тады была жывая Галіна Максімаўна. Колькі яна нам дапамагла, як апекавалася памяццю бацькі! Яна баялася, каб збор твораў раптам не патрапіў пад забарону, бо тады яшчэ былі адчувальныя водгукі сталіншчыны. Цяпер гэтых перашкод няма. І думаю, што з’явілася магчымасць выдаць як мага больш поўны збор твораў Максіма Гарэцкага. І ў гэтым маглі б дапамагаць музейныя работнікі. Як у музеях Коласа, Купалы, Багдановіча: там не толькі прымаюць наведвальнікаў — у іх ёсць навуковы штат, яны захоўваюць рукапісы, працуюць як даследчыкі. І калі выдаваліся зборы твораў Купалы, Коласа, Багдановіча, музейшчыкі вельмі дапамаглі: знайшлі новыя матэрыялы. І па Гарэцкаму павінна весціся такая праца, каб не толькі захоўвалі, але і папаўнялі тую ж этнаграфічную частку. І каб апекаваліся ў літаратурнай справе. Важна, каб не знікала памяць пра пісьменніка. Каб музейныя і архіўныя работнікі знахо- дзілі нешта новае. Яшчэ не ўсе магчымас- ці вычарпаны ў пошуку спадчыны Максіма Гарэцкага.

Віктар Аненкаў, дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Раманава: — Я падзяляю заклапочанасць наконт будучыні музея ў Малой Багацькаўцы. Думаю, правільна звязваць лёс музеяў з існаваннем перспектыўных ці неперспектыўных вёсак. Больш за 20 гадоў таму я бачыў, як ствараўся музей у Малой Багацькаўцы, як ён быў філіялам Рэспубліканскага музея беларускай літаратуры, а на пачатку 2000-х стаў філіялам раённага Мсціслаўскага музея. Калі там бываю, мне сумна, бо адна з умоў стварэння музея — наяўнасць калекцыі. Што мы маем у Багацькаўцы? Наваробны зруб хаты, збудаваны на пачатку 90-х гадоў, і набор тыпалагічных рэчаў. Ці ёсць хоць адзін мемарыяльны прадмет, які адносіцца да Гарэцкіх? Чым прыцягнуць наведвальніка?.. Літаратурны музей сваіх рэчаў з калекцыі не дасць, таму што няма ўмоў для захоўвання. А на лічбавыя копіі наведвальнікаў туды не зацягнуць. І чаму мы лічым, што музей — гэта адзіны варыянт ушанавання асоб, значнасць якіх ніхто не падвяргае сумневу. Акрамя музея можа быць помнік, можа быць мемарыяльная дошка. А працу па прапагандзе трэба весці з людзьмі, можна рабіць перасоўныя выстаўкі. Але ў такім стане, як цяпер, музей у Багацькаўцы свае задачы не выконвае, я не ўпэўнены, што тут можна дапамагчы геніяльны менеджмент: гэта не горад з пэўнай колькасцю насельніцтва, а вёска, якую не так проста ўключыць у турыстычныя маршруты.

Дзмітрый Яцкевіч: — У Здраўнёва таксама навароб, і няма сапраўдных рэчаў. У Бычках — таксама новая хата. У дадзеным выпадку ў Багацькаўцы сабраныя рэчы, якімі маглі карыстацца і Гарэцкія.

Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў: — Доля песімізму тут патрэбна. Я гэтую пазіцыю разумею. Сапраўды, трэба вельмі моцна працаваць, каб хоць мінімальна схема спрацавала на папулярызацыю, на прыцягненне наведвальнікаў. Са свайго досведу арганізацыі экскурсій скажу, што можна ўключаць падобныя музеі ў турыстычныя маршруты, і наведвальнікам насамрэч цікавая літаратурная гісторыя, звязаная са знакавымі асобамі, такімі як Максім Гарэцкі ці Алесь Адамовіч, на Магілёўшчыне. Але без вырашэння кадравай праблемы ў Малой Багацькаўцы музею Гарэцкага будзе складана існаваць і развівацца. Тым не менш добра, што ёсць разуменне таго, што музей трэба пакінуць: гэта мемарыялізацыя месца. Удзельнікі круглага стала падтрымалі ініцыятыву стварэння музея Алеся Адамовіча ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, на які грошы збірала грамадскасць: ці не самае яркае сведчанне неабходнасці ўшанавання значных для краіны пісьменнікаў? Але гэта тэма асобнай публікацыі.

Ларыса ЦІМОШЫК Фота прадастаўлены Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Алена Ярмоленка

Хранатоп i культурная памядь у творчасці Максіма Гарэцкага

Празаічныя творы Максіма Гарэцкага выступаюць паказальным прыкладам захавання і перадачы культурнай памяці з дапамогай мастацкай літаратуры. Яны не толькі захоўваюць канстантавую інфармацыю пра нацыянальную ідэнтычнасць беларускага народа, але і з’яўляюцца генератарам ідэй, уплываюць на развіццё грамадскай і філасофскай думкі. У артыкуле на матэрыяле аповесці “Ціхая плынь” даследуецца ўзаемасувязь катэгорый хранатопу і культурнай памяці. Прааналізаваны суб’ектыўны (біяграфічны), сацыяльны і міфалагічны час; канкрэтная і абстрактная (сімвалічная) прастора ва ўзаемасувязі з індывідуальнай і культурнай памяццю.

Даследаванне творчасці Максіма Гарэцкага дазваляе сцвярджаць, што роля прасторава-часавага кантынууму для разумення мастацкай задумы пісьменніка вялікая. Наратыўная прастора і час набываюць сімвалічнае значэнне ў сістэме твора, адлюстроўваюць ідэйна-эстэтычны накірунак прозы, вызначаюць форму і змест, жанр і стыль. Больш за тое, прастора і час у апавяданнях і аповесцях цесна звязаны з культурнай памяццю, вывучэнню якой прысвечаны шматлікія навуковыя працы XX - XXI стст.

Пачынальнікам навуковага даследавання феномена калектыўнай памяці лічыцца французскі сацыёлаг Марыс Хальбвакс, які сцвярджаў, што ўспаміны абумоўлены сацыяльнымі абставінамі. Памяць асэнсоўвалася ім не толькі як ментальная аперацыя, але і як залежная ад кантэксту сацыяльная з’ява, у якой культурны код (архетып, сімвал, метафара) адыгрываў фундаментальную ролю. Ідэі Хальбвакса знайшлі працяг у працах французскага гісторыка П’ера Нара, што звязваў культурную памяць з гістарычнымі помнікамі, месцамі памяці, якія не толькі захоўваюць гісторыю, але арганізуюць і актывізуюць чалавечую дзейнасць. На думку сучасных даследчыкаў (Я. Асман, В. Халізеў, А. Эрл і А. Нюнінг), культурная памяць уяўляе сабой кангламерат тэкстаў, малюнкаў, помнікаў абрадаў і звычаяў. Нягледзячы на высокую ступень стылізацыі і нарматыўнасці, яна шматслойная і неаднастайная, паколькі культура таксама характарызуецца цыркуляцыяй шматлікіх і часта дывергентных накірункаў мінулага. Культурная памяць, такім чынам, як і месцы, якія яе выклікаюць, - дынамічнае і пастаянна зменлівае сховішча фундаментальных каштоўнасцей грамадства.

Нямецкі даследчык Ян Асман распрацаваў канцэпцыю асэнсавання індывідуальнай, сацыяльнай і культурнай памяці, якая цесна звязана з катэгорыямі прасторы і часу і рэалізуецца ў фальклоры, міфалогіі, гісторыі, культуры і літаратуры народа.

Творчасць М. Гарэцкага асабліва прыдатная для вывучэння ўзаемасувязі прасторы і часу з культурнай памяццю, бо М. Гарэцкі, якога Э. Іофе характарызуе як унікальнага беларусазнаўцу, усё жыццё прысвяціў менавіта захаванню нацыянальнай адметнасці беларускага народа, культурнай памяці, звязанай з абрадамі і звычаямі продкаў. Паказальны прыклад перадачы культурнай памяці з дапамогай мастацкай літаратуры - празаічныя творы класіка. Яны не толькі захоўваюць канстантавую інфармацыю, але і з’яўляюцца генератарам ідэй, уплываюць на развіццё грамадскай і філасофскай думкі. Вызначальным топасам у творах М. Гарэцкага служыць вёска, у якой адлюстравана культурная памяць пакаленняў беларусаў. Невыпадкова дэталёваму апісанню вясковага жыцця прысвечаны шматлікія апавяданні (“Што яно?”, “Роднае карэнне”), аповесці (“Антон”, “У чым яго крыўда?”, “Меланхолія”, “Ціхая плынь”), раман-эпапея “Камароўская хроніка”.

Вёска захоўвае традыцыйную сялянскую культуру, “рытуалы памяці” і ў аповесці “Ціхая плынь” М. Гарэцкага. У артыкуле “Камунікатыўная і культурная памяць” Я. Асмана можна знайсці класіфікацыю відаў памяці.

Узровень Час Ідэнтычнасць Памяць
асабісты унутраны, суб'ектыўны унутранае"я" індывідуальная
сацыяльны сацыяльны час сацыяльнае "я" сацыяльныя ролі камунікатыўная
культурны гістарычны, міфічны, культурны час культурная ідэнтычнасць культурная

Максім Гарэцкі ў аповесді “Ціхая плынь” аналізуе ўсе віды памяці, разглядае суб’ектыўны і сацыяльны час, але асаблівую ўвагу аддае культурнаму ўзроўню, культурнай ідэнтычнасці, якая асэнсоўваецца аўтарам як нешта ў працэсе знікнення, страчанае. Невыпадкова першая частка аповесці носіць назву “Забыты шлях”. Прыведзеныя апісанні вёсак і ваколіц вёсак Асмолава і Лугвенева расказваюць пра заняпад і забыццё. Засохлая і зарослая рэчка, размыты, глухі і забыты шлях, закінутыя могілкі - усё сведчыць пра разбурэнне традыцыйнага ладу жыцця, страту культурнай памяці. Новае XX стагоддзе дыктуе свае правілы існавання: “Дзікай травою красуюць палеткі. Гніюць і правальваюцца стрэхі. Хлопцы едуць у шахты і на фабрыкі і наогул “у свет ”, але шлюць яны адтуль часцей лісты з уклонамі старому і малому, чымся пяць, тры, а то хоць бы адзін рубель. I штогоду наязджае валасное начальства спаганяць нядоімкі, наязджае з грудам асмолаўскіх махляроў рабіць продаж мужыцкай маёмасці з торгу. I смяюцца начальнікі і махляры: прадаваць бо нядужа чаго ёсць. А тыя асмолаўцы возяць а возяць князёў спірт, болей а болей нялюдзеюць і хаваюцца саміў сабе”.

Страта культурнай ідэнтычнасці вядзе да разбурэння асобы, якое адлюстравана ў першай частцы аповесці праз з’яўленне лжэпрарока, які разам з паслядоўнікамі забівае дзіця. Маральная дэградацыя закранае ўсіх жыхароў вёскі, але асабліва ўплывае на лёс галоўнага героя Хомкі. Безнадзейнасць горкага лёсу вызначана яму за грахі бацькі-п’яніцы. Замест шчасця і радасці Хомка спасцігае горкую прамудрасць жыцця сіраты пры жывых бацьках. Другая частка аповесці “Герой гісторыі” пачынаецца з характарыстыкі патрыярхальнага ладу вёскі, адвечнага колазвароту вясковага жыцця. Апісанне сонечнага, ціхага дня, шчаслівай дзіцячай пары супрацьпастаўлена адлюстраванню гаротнай долі забытага і закінутага дзіцяці, героя аповесці Хомкі. Гістарычны час, побытавыя ўмовы прадвызначаюць сацыяльную ролю галоўнага героя:“Гэтаўжо не плач - гэта песняроспачы... I наўчаюцца той песні ў забытым краі яшчэ пад сэрцам матак. Яна снуецца тут вякамі. Яе шумяць тут панскія дубровы, гудзяць пяскі ў мужыцкім полі, жабы кумкаюць вясну і лета ў выгарах-балотах. Яе тут шэпчуць гнілыя стрэхі вясковых хат, скуголяць свінні ўзімкуў дзіравым хлеве, рыкаюць вясною галодныя каровы. Яе крычыць тут кожны бацька, калі цягнецца з карчмы да хаты па калюгах ніколі непаладжанай дарогі, сярод абы-як абы толькі, абы з рук уробленых палёў”.

Некалькі пакаленняў п’яніц і самадураў налічвае род галоўнага героя аповесці “Ціхая плынь”. Па народных павер’ях, пракляцце ляжыць на сям’і Хомкі: “Наогул, у іхнім родзе ўсе нейкія дзівакі. У вялікай злосці яны могуць забіць свайго супарата”. Такім чынам, сацыяльныя і культурныя абставіны, адлюстраваныя М. Гарэцкім у частках аповесці “Горкая прамудрасць” і “Школа жыцця”, не пакідаюць выбару маладому хлопцу: школа становіцца для яго горкай прамудрасцю, яшчэ горшымі здаюцца яму “жыццёвыя ўніверсітэты”. Паколькі памяць аднавяскоўцаў захоўвае мадэль паводзін прадстаўнікоў Хомкавага роду, людзі чакаюць адпаведных паводзін і ад Хомкі, ім дакладна вядома, што ён павінен піць, красці і забіваць, як яго дзяды і прадзеды. Але галоўны герой - белая варона ў сям’і. Ён не п’е гарэлку і нават не выносіць гарэлачнага паху, вызначаецца працавітасцю, дабрынёй і спагадай. Яго ўнутранае “я”, чуллівая душа балюча перажывае несправядлівую наканаванасць лёсу. Прыгажосць унутранага свету героя супрацьпастаўлена жорсткаму прыгнёту сацыяльна-побытавых умоў. “Пракляцце роду” спасцігае яго. Выгнаны са школы, ён павінен разам з бацькам у зімовую сцюжу вазіць спірт у бочках, начаваць на пастаялым двары сярод чужых і варожых людзей. Унутраны канфлікт героя з рэчаіснасцю яшчэ больш абвастраецца несправядлівым абвінавачваннем у крадзяжы.

Ахвяра абставін, Хомка спрабуе змяніць лёс, ідзе працаваць на чужога гаспадара, зарабляць грошы. Але цяжкая доля батрака мала спрыяе развіццю асобы. У частках “Млявыя сненні” і “Кірмашовыя прыемнасці” М. Гарэцкі адлюстроўвае станаўленне асобы з багатым унутраным светам, паэтычнай душою, здольнай да спачування, спагады і ласкі. Толькі ў снах можа раскрыцца душа героя, які адчувае хараство прыроды, сэрцам адданы роднай зямлі і роднаму краю. У снах Хомкі адлюстраваны каляндар- на-абрадавы (міфічны) час: жніво, калядныя святкі, веснавая палявая праца, летнія святы. Спрадвечны лад жыцця, добрыя ўспаміны маленства даюць галоўнаму герою надзею на лепшую долю. Такім чынам, індывідуальная памяць праз абрады і звычаі ўзнаўляе культурную памяць, памяць продкаў, тыя традьшыйныя каштоўнасці (дом, сям’я, радзіма), што складаюць аснову жыцця чалавека. Дзякуючы культурнай памяці адбываецца самаідэнтыфікацыя галоўнага героя, ён пачынае ўсвеламляць, хто ён такі і чаго хоча ў жыцці. Мары і надзеі юнака зусім простыя: зарабіць на жыццё, знайсці добрую дзяўчыну. Здаецца, ім наканавана збыцца але і тут спрацоўвае “родавае пракляцце”: мала хто зверне ўвагу на батрака, сына п’яніцы.

Сімвалічнае і заканчэнне жыццёвага шляху галоўнага героя, адлюстраванае ў апошняй частцы аповесці “Парогі”. Звычайны лад сялянскага жыцця перапыняе вайна, у аповесці яна асэнсоўваецца як народная трагедыя, страшная і незразумелая. Тым больш незразумелая яна для Хомкі, якога забіраюць за два гады да прызначанага тэрміну з-за памылкі папа. Гаротны лёс вясковага хлапца яскрава выражаны ў радках народнай песні, якую прыводзіць М. Гарэцкі ў якасці эпіграфа да апошняй часткі: “Вазьмі, маці, пяску жменю, / Пасей, маці, на каменю: / Як прыжджэшся пяску ўсходу, - / Тады верне сын з паходу..”. Менавіта такім чынам у народнай памяці асэнсоўваецца вайна. Так перадае яе і М. Гарэцкі. Зноў індывідуальная памяць суадносіцца ў пісьменніка з культурнай памяццю продкаў. Перад смерцю Хомка бачыць сон-успамін пра тое, як яго бацькі рэжуць авечку, якая аказваецца акотнай. Сімвалічнае параўнанне загінулых салдат і зарэзаных ягнят указвае на біблейскі архетып нявіннай ахвяры, што павінна быць прынесена за людскія грахі, такая ахвяра - галоўны герой аповесці Хомка.

Максім Гарэцкі - пісьменнік, творчасць якога цесна звязана з культурнай і індывідуальнай памяццю. Характарыстыка і раскрыццё мастацкага вобраза ў аповесці “Ціхая плынь” адбываецца праз успаміны і сны, гісторыю роду, хрысціянскую і язычніцкую міфалогію і фальклор. Для адлюстравання станаўлення і развіцця асобы галоўнага героя аўтар выкарыстоўвае ўсе віды памяці, вызначаныя Я. Асманам: індывідуальную (асабістыя ўспаміны і сны), камунікатыўную (грамадская думка) і культурную (традыцыйныя абрады і звычаі). Важнае значэнне надае М. Гарэцкі “месцам памяці” (тэрмін П. Нара). У аповесці “Ціхая плынь” гэта вёска, сялянская хата, могілкі.

Такім чынам, у аповесці М. Гарэцкі фіксуе ўвагу на такіх прасторавых паняццях, як вёска (Асмолава як сімвал беларускай вёскі), сялянская хата і могілкі. Вызначальныя для М. Гарэцкага, як і для Я. Купалы і Я. Коласа, архетыпы дома і зямлі, сакральныя месцы, якія сімвалізуюць род і Радзіму. Прастора ў аповесці “Ціхая плынь” складаецца са статычных шматузроўневых сімвалічных кампанентаў: дом - вёска - зям- ля - Радзіма, могілкі - смерць. Прастора падзяляецца на канкрэтную (абжытую) і абстрактную (сімвалічную). Дакладна можна вызначыць бінарную апазіцыю, ужытую аўтарам: свой - чужы свет.

У “Ціхай плыні” дзве канцэпцыі часу - цыклічная і лінейная. Лінейны (біяграфічны) і цыклічны (міфалагічны) час звязаны паміж сабой, з’яўляюцца ўмоўнымі (могуць сціскацца і расцягвацца). Вельмі важны для асэнсавання творчасці М. Гарэцкага - унутраны, суб’ектыўны час, які дапамагае аўтару раскрыць эвалюцыю свядомасці галоўнага героя.

Такім чынам, мастацкі хранатоп аповесці “Ціхая плынь” цесна звязаны з праблемай культурнай памяці як галоўнага фундаментальнага элемента нацыянальнай ідэнтычнасці. Істотным фактарам фарміравання духоўнага свету героя выступае традыцыйны сялянскі лад жыцця, падпарадкаваны каляндарна-абрадавай арганізацыі часу. Сімвалам жыцця і перадачы ведаў наступным пакаленням служыць вёска. Трансфармацыя вёскі ў М. Гарэцкага вядзе да трансфармацыі грамадства, страты духоўных арыенціраў, маральнай дэградацыі.

Актуалізацыя культурнай памяці, у тым ліку і ў аповесці “Ціхая плынь” Максіма Гарэцкага, - надзённая і вострая праблема сучаснага літаратуразнаўства, звязаная з філасофска-эстэтычнымі пошукамі прадстаўнікоў розных галін навукі XX - XXI стст. Цалкам заканамерна, што гэтая праблема патрабуе грунтоўнага вывучэння на матэрыяле творчасці класікаў беларускай літаратуры.

Алена Ярмоленка

Творчасць Максіма Гарэцкага ў літаратурна-крытычных артыкулах яго сучаснікаў

У артыкуле прааналізаваны шэраг літаратурна-крытычных прац вядомых сучаснікаў М. Гарэцкага. Прыведзены аналіз іх работ сведчыць, што талент пісьменніка быў заўважаны і высока ацэнены самымі аўтарытэтнымі крытыкамі таго часу: М. Багдановічам, В. Ластоўскім, А. Луцкевічам.

Ключавыя словы: крытыка, публіцыстыка, праблемы вёскі, містыка, наватарства.

Творчасць Максіма Гарэцкага рана была высока ацэнена яго сучаснікамі. Некаторыя даследчыкі ўжо на пачатку шляху пісьменніка пісалі пра незвычайную творчую сталасць маладога празаіка. На нашу думку, гэта зусім не выпадкова, а глыбока заканамерна. Толькі пачынаючы шлях у літаратуры, М. Гарэцкі ўжо добра разумеў, што нясе адказнасць за лёс свайго народа, што ўласнымі творамі павінен сцвердзіць яго права на існаванне, на існаванне мовы і літаратуры. Пра незвычайную грамадзянскую адказнасць пісьменніка сведчаць перш за ўсё ўспаміны яго родных. Так, Радзім Гарэцкі ў грунтоўным даследаванні жыцця і творчасці Гаўрылы і Максіма Гарэцкіх распавядае: “Ужо ў 1912 годзе пад псеўданімам “Беларус” у газеце “Наша Ніва” былі надрукаваны дзве нататкі, а ў снежні ён напісаў сваё першае апавяданне “У лазні” якое ў студзені наступнага года пад псеўданімам “Максім Беларус” выйшла ў “Нашай Ніве”... Максіму хацелася ўсебакова паказаць рэаліі вясковага жыцця. Ён адчуваў, як пакрысе змяняюцца адносіны многіх сялян да яго: чым больш ён жыў у горадзе, больш атрымліваў ведаў, тым больш яны пачыналі бачыць у ім “будучага пана”. Ёк жа не хацеў ператварацца ў “пана” а марыў аб больш светлым жыцці вяскоўцаў, імкнуўся да асветніцкай дзейнасці; ён не разумеў, чаму ў вёсцы пануе такая абыякавасць, прымхлівасць, цемната”.

Мастацкая вартасць першых апавяданняў М. Гарэцкага была адзначана М. Багдановічам, які ўважліва сачыў за беларускім літаратурным працэсам. У крытычным артыкуле “За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911 - 1913 гг.” (1913) ён адзначыў: “Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменніка Максіма Беларуса”.

Вылучаў М. Багдановіч і першы зборнік “Рунь” М. Гарэцкага, публіцыстычную і крытычную працу пісьменніка. У артыкуле “Белорусское возрождение” (1914) ён пісаў: «Наконец, в сфере публицистики и критики, а иной раз и научной работы много сделали инициатор и руководитель “Нашай Нівы” А. Новина, местный экономист А. Власов, уже упомянутый нами Власт (книга “Гісторыя Беларусі” и ряд статей), Ив. Луцкевич, критик и библиограф Р. Земкевич, А. Бульба, С. Полуян, И. Маньковский, Ю. Верещака, Л. Гмырак, Максим Белорус, иначе Максим Горецкий (“Рунь”, 1914 г.) и мн. друг. Характеристика каждого из них в отдельности затруднительна, но не упомянуть о них нельзя. Ведь именно благодаря их стойкости и самоотвержению белорусское движение, нашедшее ныне твёрдую опору в широких кадрах народной интеллигенции, выдержало всю тяжесть первых годов своего существования, приобрело свой теперешний идейный облик и некрупными, но глубокими, нестираемыми буквами врезало своё имя на скрижалях мирового прогресса”.

Грунтоўны аналіз першага зборніка М. Гарэцкага можна знайсці ў артыкуле “М. Гарэцкі. Рунь” (1914) В. Ластоўскага. Ужо з першых радкоў аўтар гаворыць пра наватарства, глыбіню, беларускасць зборніка апавяданняў: “Рунь” - гэта не зборнік апавяданняў мляўка-стагнальных і не скалазубства з вяскоўца, з яго мазалеў і цемнаты, гэта першы ў нашай літаратуры паэмат-трагедыя Маладой Беларусі. Першы голас беларускай, маладом набалеўшай душы “на весь свет, на Белу Русь”. Па словах В. Ластоўскага, сапраўдны сын свайго народа М. Гарэцкі зазірае ўглыб душы, малюе трагедыю беларуса-інтэлігента, які марыць несці асвету, але сустракае непаразуменне і непрыязь. Адзначае В. Ластоўскі апавяданні “У лазні”, “Рунь”, “Што яно?” Даследчык звяртае ўвагу на праблему, упершыню ўзнятую. М. Гарэцкім у беларускай літаратуры, - “прымацтва” ў панстве і “пасынкаўства” ў вёсцы, глыбокую душэўную драму героя (апавяданне “У лазні”), якога не разумеюць родныя і блізкія. Тэма адказнасці за свой народ, на думку даследчыка, далей знаходзіць распрацоўку ў апавяданні “Рунь”. Галоўная праблема, што стаіць перад сынам вёскі Уладзімірам, які “выйшаў у людзі”, гэта пакутлівыя пошукі шляху служэння беларускаму народу, балючая крыўда за яго долю.

Характарыстыку народа, па словах В. Ластоўскага, можна знайсці ў апавяданні “Што яно?” М. Гарэцкага, прысвечаным асэнсаванню “праклятых пытанняў”, што раз’ядаюць душу насельнікаў глухіх лясоў і балот. Упершыню аналізуе М. Гарэцкі менталітэт і нацыянальныя асаблівасці беларусаў. Заканамерны і вывад, які робіць В. Ластоўскі пра першы зборнік маладога пісьменніка: “Рунь” М. Гарэцкага, гэта вялікі ўклад у беларускую літаратуру, як па глыбіні і багаццю думак, так і красе мовы, каторую аў- тар умее гэтак прыкрасіць магілёўскімі правінцыяналізмамі і падборам слоў для выражэння сваёй думкі».

У артыкуле “Тарас Гушча. Родныя з’явы” (1914) В. Ластоўскі згадаў і творчасць М. Гарэцкага. Ён наступным чынам ацаніў уклад маладога пісьменніка ў айчынную літаратуру: “Адзін, як напр. М. Гарэцкі, уносіць у родны вулей глыбокія думы, містычна-таемныя, пытанні глыбокія...”.

Падрабязную характарыстыку творчасці М. Гарэцкага можна знайсці ў публіцыстычнай спадчыне А. Луцкевіча. М. Гарэцкі называецца пачынальнікам містычнага напрамку ў беларускай прозе, згадваецца як аўтар першай беларускай аповесці, адзін з пачынальнікаў новай беларускай ваеннай прозы і драматургіі. Артыкул “Ідэолаг народнае інтэлігенцыі (Максім Гарэцкі)” (1922) А. Луцкевіча цалкам прысвечаны асобе М. Гарэцкага. У першым раздзеле А. Луцкевіч назваў М. Гарэцкага найглыбейшым ідэолагам беларускай адраджэнскай народнай інтэлігенцыі і прывёў яго біяграфічныя дадзеныя і звесткі пра пачатковы этап яго творчай дзейнасці: “На шлях беларускай сьвядомасьці ўзышоў зусім самастойна, пачаўшы, яшчэ ў Вольшы (1907 г.), зь перапісваньня “Панскага ігрышча”, дэклямаваньня “Тараса на Парнасе” і наўмыснага ўжываньня ў школе “мужыцкае мовы”. Аб “Нашай Ніве” пачуў першы раз у Горы-Горках у 1912 годзе ад таварыша-вучня, паляка зь Вільні, выпісаў пробныя нумары, наўчыўся чытаць, пісаць, стаў пасылаць карэспандэнцыі, а потым апавяданьні, зь якіх першае - “У лазьні” (канец 1912 году)”.

Другая і трэцяя часткі артыкула прысвечаны падрабязнаму аналізу першага зборніка апавяданняў “Рунь” М. Гарэцкага. Аўтар, у прыватнасці, зазначыў, што пісьменнік свядома імкнец- ца спасцігнуць таямніцы быцця; асэнсоўваючы іх, моцна трымаецца за “роднае карэнне”, без якога інтэлігента чакае нацыянальная і нават духоўная смерць. У чацвёртым і пятым раздзелах крытычнага агляду творчасці М. Гарэцкага А. Луцкевіч піша пра два вялікія творы: “Антон” і “Дзве душы”. Аўтар сцвярджае, што аповесць “Антон” раскрывае містычны бок народнай душы, а “Дзве душы” прысвечана нацыянальна-грамадскай сферы жыцця. А. Луцкевіч адзначыў дакладнае апісанне жыцця беларускага селяніна М. Гарэцкгм, выразныя характары Антона і Аўтуха Жабонаў з драматычнай аповесці “Антон”. У аповесці “Дзве душы” даследчыка цікавіць перш за ўсё вобраз Ігната Абдзіраловіча, раздвоенасць яго душы і барацьба з самім сабой. Вывад, які робіць А. Луцкевіч, сведчыць, як высока ацэньвалі сучаснікі мастацкую вартасць самых першых твораў маладога пісьменніка: «Беларуская нацыянальная справа, справа нацыянальнага адраджэньня беларускага народу - гэта найважнейшы догмат грамадзкае рэлігіі Гарэцкага. Мы ўжо бачылі, як у асобах герояў дробных апавяданьняў Гарэцкі падыходзіў да гэтага пытаньня, мы бачылі, якімі нязвычайна сьветлымі выходзяць у яго тыпы байцоў за беларускую справу ў ягоных “Дзьвюх душах”.

Асобны артыкул прысвяціў А. Луцкевіч аналізу аповесці “Дзве душы”, назваў яе першай беларускай аповесцю, адзначыў яе сучаснасць, поўнае і шматбаковае выяўленне беларускага жыцця. Даследчык акрэсліў галоўную праблему аповесці, якая, на яго меркаванне, заключаецца ў падмене сялянскага і панскага сына. Слабое месца твора, на думку крытыка, у недакладным адлюстраванні матываў псіхалагічнага разладу душы галоўнага героя. Між тым аўтар артыкула шчыра падзякаваў пісьменніку за яго твор і зазначыў: “Повесьць Гарэцкага, нягледзячы на яе недахваткі, цікавая і варта ўвагі. Цікавая глаўным чынам як адбіцьце беларускага жыцьця ў пачатку бальшавіцкага перавароту”.

Згадвае творчасць М. Гарэцкага А. Луцкевіч і ў літаратурных аглядах “Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры” і “Літаратурна-выдавецкая праца ў 1920 годзе” (1921). У першым ён піша пра містыцызм М. Гарэцкага, у другім засяроджвае ўвагу на гісторыі беларускай літаратуры, якую напісаў М. Гарэцкі. У артыкулах “Аб беларускай драме” і “Водгукі вялікае вайны” (1924) таксама ўзгадваецца прозвішча М. Гарэцкага як драматурга і аўтара ваеннай прозы.

Высока цаніў М. Гарэцкага і класік беларускай літаратуры Я. Колас. Сяброўскія стасункі звязвалі яго сям’ю і сям’ю М. Гарэцкага, пра што сведчыць артыкул “Якуб Колас і Максім Гарэцкі”, надрукаваны ў часопісе “Роднае слова” ў лютым 2013 г.

Павага да М. Гарэцкага і шчырае жаданне супрацоўнічаць з ім выказаны і ў асабістым лісце Я. Коласа да Л. У. Гарэцкай ад 9 лістапада 1927 г.: “Шчырае прывітанне дзядзьку Максіму. Я, прызнацца, часта думаў над тым, што яму трэба напісаць ліст, але ўсё нейк не сабраўся”.

У Поўным зборы твораў у дзевяці тамах Я. Купалы змешчаны артыкул “Нашы пісьменнікі і грамадскія дзеячы на вайне” з “Нашай Нівы” (І914, № 37, 18 вер.). Класік беларускай літаратуры называе М. Гарэцкага маладым і здольным пісьменнікам і ўзгадвае, што вылучала яго сярод іншых: “М. Гарэцкі, пісьменнік-містык, родам з Магілёўшчыны, каморнік (землямер)”.

Такім чынам, першыя крокі Максіма Гарэцкага на шляху прыгожага пісьменства былі станоўча ацэнены яго сучаснікамі. Больш за тое, аўтарытэтныя крытыкі адразу заўважылі новага героя пісьменніка - маладога інтэлігента сялянскага паходжання, а таксама незвычайны псіхалагізм у адлюстраванні ўнутранага свету героя. Адзначана была і ўвага да праблем вёскі, дакладнае апісанне беларускага побыту, а галоўнае, надзвычайная цікавасць да духоўнага жыцця простага селяніна. Пра містычны бок народнай душы, які раскрывае М. Гарэцкі ў творах, пісалі В. Ластоўскі і А. Луцкевіч. Ужо тады даследчыкамі было ацэнена імкненне пісьменніка да жанравай разнастайнасці, стварэння буйных твораў рознай тэматыкі і праблематыкі. Нездарма М. Багдановіч называў імя М. Гарэцкага сярод імён руплівых працаўнікоў на ніве беларускага адраджэння і ўскладаў на яго вялікія надзеі, а Я. Купала і Я. Колас лічылі здольным і таленавітым пісьменнікам.

В.М. Губская

Поліфанічная прырода рамана М. Гарэцкага
“Віленскія камунары” (1931–1932)

У гэтым артыкуле даследуецца апавядальная структура рамана М. Гарэцкага “Віленскія камунары” (1931–1932). Выказваецца меркаванне пра наяўнасць двайной падзейнасці ў творы – падзеі, якую перажыў сам аўтар, і той, якую стварыў непасрэдна ў рамане. Аналізуецца пазіцыя аўтара, раскрываецца змест вобраза галоўнага героя Мацея Мышкі, вызначаецца наяўнасць “дзвюх свядомасцей” у рамане – “свядомасці героя” і “свядомасці аўтара”, што дазваляе больш глыбока адчуць не толькі галоўную ідэю твора, але і гістарычны кантэкст. У артыкуле падкрэсліваецца ўніверсальнасць стылю М. Гарэцкага. Наяўнасць гэтых асаблівасцей паэтыкі прыводзіць да меркавання аб поліфанічнай прыродзе рамана “Віленскія камунары”. Гэты артыкул сцвярджае аргументаваную неабходнасць адысці ад традыцыйнага погляду на раман як гістарычны раман-хроніку і абгрунтаваць новую пазіцыю: раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” – поліфанічны раман.

Творчасць М. Гарэцкага даследавалася такімі навукоўцамі, як А. Адамовіч, Д. Бугаëў, М. Мушынскі, І. Чыгрын, Л. Корань, Т. Голуб і інш., у матэрыялах Гарэцкіх чытанняў. Увага надавалася аглядаваму аналізу творчасці пісьменніка, разглядалася ідэйная эвалюцыя яго творчасці, высвятлялася жанравая спецыфіка яго твораў, рабіліся спробы раскрыць цэнзурныя купюры, якія ў дастатковай ступені замаруджвалі імкненне даследчыкаў стварыць навуковую карціну ідэйна-мастацкага зместу творчасці пісьменніка.

Нягледзячы на тое, што вывучэннем літаратурнай спадчыны М. Гарэцкага ў апошні час займаюцца даволі актыўна (былі абаронены дысертацыі па тэмах “Лексікаграфічная спадчына М. Гарэцкага: моўна-гістарычны кантэкст, фарміраванне лексікону, нармалізатарская практыка” І. Савіцкай (2002), “Гутарковая камунікацыя ў мастацкай прозе М. Гарэцкага: спосабы стылізацыі” Л. Кныш (2006), “Тыпалогія нацыянальнага характару ў творчасці Кнута Гамсуна і Максіма Гарэцкага” В.Уткевіч (2006), “Ідэйна-мастацкая эвалюцыя творчасці М. Гарэцкага” Г. Кажамякіным (2007), “Мастацкае ўвасабленне нацыянальнага характару ў драматургіі Максіма Гарэцкага” А.Шышко (2009), існуе шэраг праблем, якія патрабуюць высвятлення.

Так, раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” і па сëняшні дзень застаецца адным з самых маладаследаваных у творчай спадчыне пісьменніка. Існуюць розначытанні пры вызначэнні жанравай спецыфікі рамана.

Мэта дадзенага артыкула – аналіз наратыўнай структуры рамана “Віленскія камунары”. Задачы – аргументавана адысці ад традыцыйнага погляду як на гістарычны раман-хроніку і абгрунтаваць новую пазіцыю: раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” – поліфанічны раман.

Матэрыял і метады. У рабоце, дзе аб’ектам даследавання выступае апавядальная структура рамана М. Гарэцкага “Віленскія камунары”, выкарыстаны канкрэтна-аналітычны і параўнальна-супастаўляльны метады.

Вынікі і іx абмеркаванне. Праблема, пастаўленая ў артыкуле, вызначаецца сваëй актуальнасцю: апавядальная структура класічнай прозы М. Гарэцкага разглядаецца ў ім як пазнака яскравага індывідуальнага стылю.

Выказваецца меркаванне аб наяўнасці двайной падзейнасці ў творы, якая, у сваю чаргу, прыводзіць да праблемы “ўласнага аўтарства”. Аналізуецца пазіцыя аўтара, раскрываецца змест вобраза галоўнага героя рамана Мацея Мышкі, што дазваляе вызначыць наяўнасць “двух свядомасцей” у рамане – “свядомасці героя” і “свядомасці аўтара”, убачыць рысы хранікальнага, апісальнага, авантурна-прыгодніцкага, і разам з тым рэалістычнага пісьма ў тэксце М. Гарэцкага. Наяўнасць гэтых асаблівасцей паэтыкі прыводзіць да думкі пра поліфанічную прыроду рамана “Віленскія камунары”.

Выказваецца меркаванне, што раман “Віленскія камунары” – першы поліфанічны раман класічнай беларускай літаратуры. Паняцце поліфаніі выкарыстоўваецца як тэрмін. Тэрміналагічнае значэнне паняццю надаў М. Бахцін у працах, прысвечаных творчасці Ф. Дастаеўскага.

Аднак задачай было не дастасаваць бахцінскую тэрміналогію да творчасці М. Гарэцкага, а, адштурхнуўшыся ад бахцінскага прачытання тэкстаў Ф. Дастаеўскага, падкрэсліць спецыфіку поліфанічнага гучання ў рамане М. Гарэцкага, дзе кругагляд і голас аўтара падаюцца не толькі сінхронна, але і відавочна ў звязцы з кругаглядам і голасам персанажа (галоўнага героя “Віленскіх камунараў” Мацея Мышкі). Пры гэтым асноўны акцэнт зроблены на разуменні таго, што аўтар і чытач знаходзяцца ў розных часе і прасторы ў дачыненні да твора.

Аналітычны разгляд тэксту (што традыцыйна вызначаўся як гісторыка-рэвалюцыйны) з новага пункту гледжання, з улікам наратыўнай ускладненасці, дазволіў абгрунтаваць, сцвердзіць іншае, сучаснае вызначэнне жанру “Віленскіх камунараў” – гэта не толькі гістарычны раман-хроніка, але і поліфанічны раман, бо ў ім назіраюцца рысы хранікальнага, апісальнага, авантурна-прыгодніцкага і разам з тым рэалістычнага пісьма.

Апавядальная (наратыўная) структура рамана М. Гарэцкага “Віленскія камунары” (1931–1932) вызначана “двайной падзейнасцю”. Сярод дастатковай колькасці трактовак гэтага паняцця выдзяляецца думка М. Бахціна: “Перад намі дзве падзеі: падзея, пра якую апавядаецца ў творы, і падзея самога аповеду (у гэтым апошнім мы і самі ўдзельнічаем як слухачы-чытачы); падзеі гэтыя адбываюцца ў розныя часы (розныя і па працягласці) і ў розных месцах, і ў той жа час яны непарыўна аб’яднаны ў адзінай, але складанай падзеі, якую мы можам пазначыць як твор у яго падзейнай паўнаце. <…> Мы ўспрымаем гэтую паўнату ў яе цэласнасці і непадзельнасці, але адначасова разумеем і ўсю розніцу момантаў, якія яе складаюць”.

Пытанне “двайной падзейнасці” ў мастацкім творы выцякае з праблемы, якую М. Бахцін вызначае як праблему “асабістага аўтарства”. На яго думку, “пазіцыя аўтара рамана ў дачыненні да адлюстраванай рэчаіснасці вельмі складаная і праблематычная ў параўнанні з эпасам, з драмаю, з лірыкай. Агульная праблема “асабістага аўтарства” тут ускладняецца неабходнасцю мець нейкую істотную нявыдуманую маску, якая вызначае як пазіцыю аўтара (як і адкуль ён – прыватны чалавек – бачыць і раскрывае гэта прыватнае жыццё), так і яго пазіцыю ў дачыненні да чытачоў, да публікі (у якасці каго ён выступае з “выкрыццём” жыцця – у якасці суддзі, следчага, “сакратара-пратакаліста”, палітыка, прапаведніка, блазна і г.д)”.

Усведамленне прысутнасці гэтай праблемы (праблемы асабістага аўтарства) ў рамане “Віленскія камунары” дазваляе выказаць меркаванне, што вобраз Мацея Мышкі – гэта і ёсць тая “істотная, нявыдуманая” маска, якая дазваляе зразумець, адкуль сам пісьменнік “бачыць і раскрывае гэта прыватнае жыццё”. А бачыць ён яго з самай глыбі народа, з таго асяроддзя, якое было блізкім і зразумелым яму, як сялянскаму сыну, хто, як і ўсе абяздоленыя, верыў абяцанням пра знішчэнне несправядлівасці жыцця.

Іншая справа, якую пазіцыю як аўтар-творца ён прымае ў дачыненні да чытача, якой мэты жадае дасягнуць. Тут трэба нагадаць, што ад рэвалюцыі 1917 года да напісання рамана “Віленскія камунары” (1931–1932) прайшло 15 год. За гэты час пісьменнік меў магчымасць пераасэнсаваць гэту значную гістарычную падзею, супаставіць спадзяванні з вынікамі, абяцанні з рэальна дасягнутым, а, самае галоўнае, спазнаць усё гэта праз уласны лёс, што быў не надта літасцівы да М. Гарэцкага (за 15 год пісьменнік быў двойчы арыштаваны: першы раз белапалякамі за пракамуністычную дзейнасць, другі раз камуністамі па падазрэнні ў антысавецкай дзейнасці). Такая школа жыцця ўнесла сур’ёзныя карэктывы ў разуменне М. Гарэцкім сутнасці рэвалюцыйных падзей. Дзеля таго, каб паказаць сапраўдную рэвалюцыю, а не глянцавае яе апісанне, аўтару-творцу і спатрэбіўся вобраз Мацея Мышкі, чалавека, які прадстае перад чытачом часам дзіваком, часам прайдзісветам, а часам нават і героем. Гэта ўдалая знаходка пісьменніка-прафесіянала, бо, па словах М. Бахціна, “раманіст мае патрэбу ў нейкай істотнай фармальна-жанравай масцы, якая вызначыла б як яго пазіцыю, так і пазіцыю для апублікавання жыцця. І вось тут маскі блазна і дурня, канечне, розным чынам трансфармаваныя, і прыходзяць раманістам на дапамогу... Вельмі важны момант пры гэтым – непрамое, пераноснае значэнне вобраза чалавека, суцэльная іншасказальнасць яго”.

Безумоўна, мы не можам лічыць Мышку ні цалкам блазнам, ні дурнем, але пэўная шматграннасць вобраза (бо на самой справе дзеянням Мышкі складана даць адназначную ацэнку) даводзіць чытача да разумення, што пісьменнік уступае з ім у пэўнае сумоўе, стварае нейкую сваю “падзею”, якая ў дастатковай ступені адрозніваецца ад хрэстаматыйнага апісання рэвалюцыі гісторыкамі. Уменне ўбачыць наяўнасць гэтай другой “падзеі”, усведамленне “непрамога” значэння вобраза галоўнага героя, разуменне таго, што аўтар і чытач знаходзяцца ў розных часе і прасторы ў дачыненні да твора, і з’яўляецца ключом да правільнага разумення стылю М. Гарэцкага ў “Віленскіх камунарах”.

Праз рух герояў, які часам нагадвае броўнаўскі (можа таму і “мышкавы”), можна ўбачыць праўдзівую гістарычную панараму – што хутчэй за ўсё і было задачай аўтара. А навошта ж уведзены ў твор дзівакі Мышкі, апрыёры актыўныя барацьбіты, калі можна было б ужо ў апрацаванай аўтарам творчай манеры дакументальнага аповеду перадаць змест падзей і пазбегнуць такім чынам розначытання і цэнзарскіх заўваг? Час змяняўся, цэнзура ўзмацнялася, і сам М. Гарэцкі захацеў памяняць стыль дакументальнага аповеду, характэрнага, напрыклад, для “Камароўскай хронікі”.

У рамане “Віленскія камунары” ўзнікае шматузроўневасць тэксту, так званая “двайная падзейнасць”, дзе паралельна з гісторыяй самога рамана, падтэкстава, завуалявана, паказваецца гісторыя сапраўдная. Такім чынам мы можам сачыць за дзвюма падзеямі: падзеямі рамана і падзеямі-фактамі гісторыі. Менавіта такое супастаўленне і выводзіць нас да разумення аўтарскай канцэпцыі.

Маўленне героя выглядае маналагічным толькі фармальна. Чытач увесь час адчувае аўтарскую пазіцыю, чуе інтанацыю самога Максіма Гарэцкага, які “даручае” персанажу расказаць пра перажытае і асэнсаванае ім самім. Пісьменнік фактычна стварае дзве рэальнасці. Першая – пастка для шараговага чытача, другая – тое балючае, нацыянальна-адраджэнцкае, на чым хацеў акцэнтаваць увагу М. Гарэцкі.

Для прыкладу возьмем эпізод, у якім пошукі нечага новага ў жыцці (а трэба адзначыць, што Мацей Мышка – асоба схільная да самааналізу, чые душэўныя пошукі накіраваны на дасягненне душэўнага камфорту) прыводзяць нашага героя ў Вільню ў Беларускі клуб на Віленскай вуліцы, 29. Канцэрты, спевы, танцы, буфет, маладыя дзяўчаты, зварот на “ты” нават да незнаёмых (так было заведзена на беларускі лад) – усё гэта вельмі падабалася Мацею. І быццам стала нечакана камфортна, але не дазваляе М. Гарэцкі так проста ўладкавацца ў жыцці свайму герою. Палітычная атмасфера падпільноўвала героя нават у буфеце: «Не разумеў я тады, што гэткім спосабам уцягвалі беларускія нацыяналісты ў свае сеці «массу» (вылучана мною. – В.Г.). І спадабаў хадзіць туды – от, каб пагуляць… Правадыроў жа беларускага нацыяналізму: братоў Луцкевічаў, прафесара Іваноўскага і іншых мы там і ў вочы не бачылі. З вядомых людзей давялося мне там бачыць адзін раз Янку Купалу. Ён сарамліва і ціхавата, грудным голасам, прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Здаецца, паскакаў і полечку з нейкаю дзяўчынаю. Выпіў шкляначку гарбаты ў буфеце і ціхенька пайшоў з клуба”. Такім чынам у рамане ўзнікае тэма беларускага Адраджэння. Мышка агучвае антыбеларускія штампы; М. Гарэцкі ж іранізуе з яго, бо за голасам героя чуецца голас аўтара, чыя свядома-адраджэнцкая, адрозная ад Мышкавай, светапоглядная пазіцыя добра вядомая чытачу. А ў выніку пісьменнік паказвае і рэальную гісторыю, і яе ўспрыняцце шараговым чалавекам.

Прага да пошукаў сябе ў жыцці прывяла Мацея да паэзіі. Ён нават напісаў адзін вершык “пад Купалу”, паслаў у “Нашу ніву” і атрымаў у адказ прапанову звярнуцца да прозы. Пачаў апісваць сваѐ жыцце – і тут нічога не атрымалася: “Зрабілася сорамна, – падраў, пашматаў, у печ укінуў, юшку адчыніў і сярнічкаю падпаліў. Ляці, маё горкае жыццё, дымам!”. Так, ствараючы для свайго героя чарговую камічную сітуацыю, М. Гарэцкі адлюстоўвае хрэстаматыйны нашаніўскі перыяд беларускага Адраджэння.

Голас аўтара, удала прыхаваны пад маскай героя рамана, чуецца не толькі ў дачыненні да нацыянальнага пытання. Герой М. Гарэцкага трапляе і ў новае інфармацыйнае поле, у новыя для яго абставіны, назва каторым – вайна. Але ж вайна свядома падаецца ў творы неяк тэатральна, бы дэкарацыя для наступнага акту сцэны, героем якой з’яўляецца Мацей. Тут ізноў моцна выяўляецца “двайная падзейнасць”: вайна – безумоўная трагедыя для аўтара, для чытача. Але герой, які знаходзіцца нібы “ўнутры” гістарычнай сітуацыі, не адразу разумее яе маштабы і тым больш сутнасць. Перад непасрэдным апісаннем ваеннай Вільні для паўнаты ўспрыняцця Гарэцкі вуснамі Мышкі знаёміць нас з даваенным горадам: “Перад імперыялістычнай вайною Вільня, гэты старынны, вялікі і прыгожы горад, эканамічны цэнтр цэлага краю і культурны пуп усяе Літвы і Беларусі, была, аднак жа звычайным “губеранскім горадам” царскае Расіі. Шкарлятына, дыфтэрыт, брушны тыфус і нават малярыя не выводзіліся ў Вільні ніколі… Таму што ў яе светлых крыніцах была зараза, на яе вялікіх пляцах кучамі валялася смяццё, у цёмных закутках яе прыгожых садоў звінелі камары, як на балоце, а яе старынныя падворкі і кватэры ў спрадвечных мурах былі самыя брудныя і самыя вільготныя ва ўсім свеце… Калі прыйшла вайна, у горадзе спачатку як быццам нічога не змянілася, толькі што вакзал, вуліцы і ўсюдых усё было забіта салдатамі. Таксама, як і раней, людзі пілі, елі, спалі, жралі, а хто мусіў хадзіць на работу – хадзіў на работу. І кахаліся, і жаніліся, і дзяцей зачыналі…”. Ведаючы пра непасрэдны ўдзел пісьменніка ў ваенных дзеяннях, можна з упэўненасцю сказаць, што такі спосаб перадачы інфармацыі цалкам наўмысны і адпавядае развіццю аўтарскай задумы як з кампазіцыйнага боку, так і з эмацыянальнага: наш герой працягвае для сябе падарожжа, а аўтар – іранічнае апавяданне-назіранне, камічная інтанацыя якога спалучана з трагізмам.

Пры гэтым мы павінны адзначыць, што М. Гарэцкі вонкава не ўмешваецца ў станаўленне Мацея Мышкі як асобы, у фарміраванне яго светапогляднай пазіцыі. Герой ідзе па жыцці сваім шляхам, пераскоквае з месца на месца, назірае і робіць заўвагі – ён самастойны і непасрэдны.

Пры гэтым чытача больш цікавіць не тое, дзе ён апынецца ў наступны раз, а як ён успрыме наступную з’яву жыцця – і ў гэтым заслуга М. Гарэцкага (вылучана мною. – В.Г.). У такой падачы героя М. Гарэцкі наблізіўся да Ф. Дастаеўскага, у якога “рэчаіснасць становіцца элементам яго (героя) (заўв. – В.Г.) самасвядомасці”.

Такім чынам, навідавоку арыгінальная поліфанічнасць рамана, якая не наўпрост, але па сутнасці стасуецца з адпаведным тэрмінам М. Бахціна. Як вядома, М. Бахцін, вывучаючы паэтыку Ф. Дастаеўскага, меў на ўвазе наступнае: “Мноства самастойных і нязлітых галасоў, на самой справе з’яўляюцца асноўнай асаблівасцю раманаў Дастаеўскага. <...> Менавіта мноства раўнапраўных свядомасцей з іх светам зліваюцца тут, захоўваючы сваю нязлітасць, у адзінстве пэўнага быцця” (курсіў Бахціна. – В.Г.).

М. Бахцін меў на ўвазе, што Ф. Дастаеўскі адлюстроўваў не толькі лёс героя, а найбольш свядомасць і ўнутраны свет. Героі Ф. Дастаеўскага “не толькі аб’екты аўтарскага слова, але і суб’екты ўласнага непасрэдна значнага слова. Слова героя, таму, зусім не вычэрпваецца тут звычайнымі характарыстычнымі і сюжэтна-прагматычнымі функцыямі, але і не служыць выражэннем уласнай ідэалагічнай пазіцыі (як у Байрана, напрыклад). Свядомасць героя дадзена як іншая, чужая свядомасць, але ў той жа момант, яна не апрадмечваецца, не закрываецца, не становіцца звычайным аб’ектам аўтарскага доследу... Слова героя пра сябе самога і пра свет паўназначна адпаведна аўтарскаму; яно не падпарадкавана аб’ектыўнаму вобразу героя, як адна з яго характарыстык, але і не служыць рупарам аўтарскага голаса. Яму належыць выключная самастойнасць ў структуры твора, яно гучыць быццам бы побач з аўтарскім словам і асаблівым чынам зліваецца з паўназначнымі ж галасамі іншых героеў” (вылучана мною. – В.Г.).

Безумоўна, мы не будзем сцвярджаць, што поліфанія «дастаеўскага» кшталту мае месца ў рамане М. Гарэцкага “Віленскія камунары”, але пэўныя перазовы, сугучча творчай манеры навідавоку.

Нягледзячы на тое, што і аўтар, і галоўны герой рамана Мацей Мышка мелі непасрэднае дачыненне да падзей рэвалюцыі, мы ніяк не можам сцвярджаць, што Мышка – гэта літаратурны вобраз пісьменніка і рэалізатар яго светапогляднай пазіцыі ў творы. Мышка жыве сваім, часам нават не зразумелым чытачу, жыццём; пісьменнік дазваляе герою дзейнічаць самастойна, памыляцца, весці сабе з нейкага пункту гледжання непрыстойна, і пры гэтым ніяк не каментуе ўчынкі героя. Толькі ў атмасферы рамана мы можам адчуць іронію – гэта адзіны адбітак аўтарскіх эмоцый, які адкрыты чытачу. Вось гэта іронія, якая быццам бы суправаджае нас на працягу рамана, і ёсць след другой свядомасці аўтара, і трэба адзначыць, што гэтыя дзве свядомасці аўтаномныя, яны не перасякаюцца. Такая наватарская для беларускай прозы 30-х гг. апавядальная манера – вялікая знаходка беларускага класіка.

Калі задацца пытаннем аб мэце аўтара пры выкарыстанні падобнага падыходу, можна прыйсці да наступнага тлумачэння: Мышка – асоба, якая знаходзілася ў эпіцэнтры нацыянальных і рэвалюцыйных падзей, чалавек, які не пераасэнсоўвае, а дзейнічае ў экстрэмальных абставінах (яму няма часу думаць, што добра, а што дрэнна, што карэктна, а што не, бо для яго стаіць адна задача – выжыць). Ён апавядае нам, як усё адбывалася, з пазіцыі звычайнага бедняка, які некалі «паехаў у пралетарыі»; голас М. Гарэцкага ж (яго свядомасць) прыводзіць нас да разумення таго, якім коштам здабывалася пралетарыямі доўгачаканая свабода і роўнасць. З улікам набытага жыццёвага і гістарычнага вопыту пісьменнік быццам бы ўступае ў сумоўе з чытачом і гаворыць: паглядзіце, а яны ж, гэтыя маладыя і шчырыя рэвалюцыянеры, не ведалі, што рабілася ў кулуарах вялікай палітыкі. Можна сказаць, што голас М. Гарэцкага – гэта голас недалёкай паслярэвалюцыйнай гісторыі, голас Мышкі – голас рэчаіснасці таго часу, голас з масы маладых і даверлівых пралетарыяў.

“Сама эпоха зрабіла магчымым поліфанічны раман (вылучана мною. – В.Г.). Ф. Дастаеўскі быў суб’ектыўна далучаны да гэтай супярэчлівай шматпланнасці свайго часу, ён мяняў станы, пераходзіў з аднаго ў другі, і ў гэтых адносінах суіснуючыя ў аб’ектыўным сацыяльным жыцці планы былі для яго этапамі яго жыццёвага шляху і яго духоўнага станаўлення”, – такую думку выказаў М. Бахцін у дачыненні да Ф. Дастаеўскага. Вылучаную фразу можна з упэўненасцю аднесці і да аўтара выбітнага ў беларускай літаратуры поліфанічнага рамана “Віленскія камунары”. Само жыццё ўнесла карэктывы ў развіццё рамана як жанра ў беларускай літаратуры: у краіне сталася сітуацыя, пры якой чалавек страціў магчымасць адкрыта выказваць свае думкі, запатрабаваннем зрабілася двупланавасць існавання, двух-сэнсоўнасць выказвання, неабходнасць чытаць паміж радкоў. Усё гэта вяло пісьменніка да стварэння падобнай стылістыкі – так успрыняцце праз “дзве душы” перарасло ў “поліфанічную карціну быцця”. М. Гарэцкі паспрабаваў супаставіць два станы, дзве свядомасці – свядомасць «чалавека непасрэдна з гушчы рэвалюцыйных падзей” Мацея Мышкі і “аналітыка” аўтара – менавіта вынікі такога ўзаемадзеяння і ёсць асноўная структурная каштоўнасць рамана. Прычыну такога “дзялення свядомасцей” трэба шукаць у ідэйна-мастацкіх пошуках, ва ўнутраных супярэчнасцях свядомасці М. Гарэцкага, якія, бясспрэчна, узнікалі на працягу жыцця пісьменніка.

У дачыненні да творчасці Ф. Дастаеўскага М. Бахцін пісаў наступнае: “Можна адкрыта сказаць, што з кожнай супярэчнасці ўнутры аднаго чалавека Дастаеўскі імкнецца зрабіць двух людзей, каб драматызаваць гэту супярэчнасць, разгарнуць яе экстэнсіўна”. Пэўную “супярэчнасць” М. Гарэцкі адчуваў у сабе: з аднаго боку ён, сялянскі сын, шчыра вітаў надыход рэвалюцыі: «Няхай жыве камуністычная Беларусь!» (1918); з другога боку, вельмі хутка расчараваўся ў ідэях «інтэрнацыянала», затым канца 1920–1930-х гадоў. Таму і абсалютна натуральным з’ўляецца ўзнікненне двух свядомасцей, якія, нарадзіўшыся з адной (свядомасці самога пісьменніка), выносяць напаверх супярэчнасць ва ўспрыняцці рэвалюцыі, “драматы-зуюць” яе, “экстэнсіўна разгортваюць”. Паралельнае існаванне гэтых дзвюх свядомасцей, адлюстраваных як свядомасць Мышкі і свядомасць пісьменніка, і надаюць раману М. Гарэцкага “Віленскія камунары” поліфанічнае гучанне, што вызначае герою ў рамане пэўнае месца.

М. Бахцін у разважаннях пра месца героя ў рамане Ф. Дастаеўскага адзначаў: “Побач з самасвядомасцю героя, які ўвабраў у сябе ўвесь прадметны свет, у той жа плоскасці можа быць толькі другая свядомасць, побач з яго кругаглядам – другі кругагляд, побач з яго пунктам гледжання на свет – другі пункт гледжання на свет. Усе-паглынаючай свядомасці героя аўтар можа супаставіць толькі адзін аб’ектыўны свет – свет другіх раўнапраўных з ім свядомасцей” Так М. Гарэцкі побач са свядомасцю Мышкі ставіць сваю, і ўся розніца паміж імі, якую толькі можа заўважыць чытач, і ёсць тая праўда, якую нельга было пакласці на паперу з прычыны жорсткасці цэнзуры 1930-х гадоў.

М. Гарэцкі пастаянна падкрэслівае сувязь Мацея Мышкі з гістарычным кантэкстам, накіроўваючы чытача да разважання не столькі над пытаннем: хто ёсць Мацей Мышка, колькі над тым, як Мацей Мышка ўсведамляе сябе ў кантэксце такіх падзей? Такім чынам пісьменнік імкнецца давесці чытача да разумення драматызму і трагізму, звязаных з рэвалюцыяй, дае магчымасць сучасніку ўявіць сябе на месцы новаспечанага пралетарыя і паразважаць над яго ўчынкамі ў канкрэтна-гістарычным кантэксце.

Гарэцкі стварае такую літаратурную прастору, якая дае нам магчымасць быць удзельнікамі складанай літаратурнай падзеі пад назвай “твор”, прыводзіць да разумення таго, што неабходна схіліцца да аналізу не толькі падзей унутры сюжэта, але і вынесці гэтыя падзеі з-за межаў твора, каб увесці ў гістарычны кантэкст.

Спрыяе такой “двайной падзейнасці” незвычайны, сінкрэтычны, “рухомы” жанр рамана “Віленскія камунары”, у якім спалучаюцца рысы пісьма паслядоўна-хранікальнага, апісальнага, своеасаблівай сямейнай сагі, а таксама авантурна-прыгодніцкага, і разам з тым рэалістычнага, з тыповымі вобразамі і сітуацыямі, з сацыяльнай дэтэрмінаванасцю і гістарызам. Наяўнасць гэтых асаблівасцяў разам з новым для беларускай літаратуры існаваннем у мастацкім творы двух “свядомасцяў”, двух “галасоў” і ёсць тая стылёвая поліфанія, якая робіць раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” ўнікальным.

Заключэнне. М. Гарэцкі стварае такую літаратурную прастору, якая дае нам магчымасць не толькі быць удзельнікамі складанай літаратурнай падзеі пад назвай “твор”, але і прыводзіць да разумення таго, што неабходна схіліцца да аналізу падзей унутры сюжэта, вынесці гэтыя падзеі з-за межаў твора, каб увесці ў гістарычны кантэкст.

Вынікі працы могуць быць выкарыстаны пры далейшым даследаванні творчасці М. Гарэцкага, улічаны пры напісанні вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пры вывучэнні гісторыі беларускай культуры.


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина