Траццяк, З.
ВАЙНА I БЕЖАНСТВА: МАТЫВЫ ПРОЗЫ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА Ў ІНТЭРПРЭТАЦЫІ ВІКТАРА КАРАМАЗАВА
Артыкул прысвечаны параўнальна-гістарычнаму вывучэнню прозы М. Гарэцкага і В. Карамазава. Акцэнт зроблены на дзвюх тэмах (вайны і бежанства), што на працягу XX ст. хвалявалі айчынных мастакоў слова. Падкрэсліваецца, што В. Карамазаў працягнуў галерэю вобразаў уцекачоў, распрацаваную М. Гарэцкім, уключыўшы ў раман “Бежанцы” аповеды пра рэпрэсаваных у 1930-я гг., выгнаннікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і Чарнобыльскай катастрофы. Праводзяцца паралелі ў мастацкім асэнсаванні імагалагічных праблем у творах абодвух пісьменнікаў.
Ключавыя словы: бвларуская літаратура, ваенная літаратура, тэма бежанства, параўнальна-гістарычнаелі- таратуразнаўства.
Напрыканцы XX ст. нацыянальная гісторыя чарговы раз стала крыніцай вобразаў і сюжэтаў для айчынных мастакоў слова. Надыход новага стагоддзя (ды і тысячагоддзя) натхняў літаратараў на спасціжэнне складанай хады падзей, калі ў адзіны комплекс (кантынуум) знітаваліся дзве сусветныя вайны, рэвалюцыі, узброенае грамадзянскае супрацьстаянне, узнаўленне гаспадаркі пасля кожнай з навал, грамадска-палітычныя эксперыменты: пабудова інтэрнацыянальнай еднасці савецкіх людзей, калектывізацыя, індустрыялізацыя, тэхнагенныя катаклізмы.
Раман “Бежанцы” Віктара Карамазава вызначаецца арыгінальнай спробай распавесці пра навалу-кантынуум. Яна разгледжана празаікам праз прызму архетыпавых для беларускага прыгожага пісьменства матываў і вобразаў: выгнання (бежанства), шляху, вяртання да вытокаў і роднага дому, пошукаў уласнай і нацыянальнай ідэнтычнасці, страчанага маленства. Паводле П. Васючэнкі, “страшная рэч - згубіцца ў незнаёмым, жорсткім сусвеце... Так, мусібыць, сталася з нацыяй беларусаў, чые пісьменнікі гэтак часта ўжываюць вобраз-сімвал бежанства (уцёкаў) як увасабленне драматычнага лёсу Бацькаўшчыны поруч з “тутэйшасцю”, “паяз-джанствам” ды іншымі праявамі супярэчлівага “беларускага шляху”.
Віктар Карамазаў скарыстаўся магутнай плынню памяці, якая лёгка пераносіла апавядальніка ў розныя часавыя пласты, робячы іх адзіным надзённым цэлым. Дадзены прыём, на наш погляд, дазваляў акцэнтаваць бясконцасць і ўзаемапранікальнасць асноўных гістарычных падзей. Мастак слова быццам бы нагадваў чытачу, што падцэнзурныя часы скончыліся і надышоў момант, калі неабходна пазбавіцца ад міфаў савецкага перыяду, перагледзець адносіны да асноўных этапаў айчыннай гісторыі, прыгадаць біяграфіі рэпрэсаваных беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў. Як адзначана вышэй, пісьменнік падаў нацыянальнае быццё праз прызму скразной для беларускай літаратуры (асабліва XX ст.) тэмы бежанства-выгнання: “.. .адна людская хваля кацілася ад мірнага берага на захад, дзе вораг, яму насустрач, у агонь, і другая хваля ад таго самага берага рушыла на ўсход. Абедзве дарогі не новыя, пратораныя няведама ад якіх часоў, ад варагаў ці крыжаносцаў, татараў ці шведаў, ад тых, калі пачаліся войны, бо ваўсе часы не кожны могузяць урукі зброю, і той, хто гэтага нерабіў - жанчыны, старыя, дзеці, хворыя, - павінен быў сваім шляхам мацаваць людскі строй і род”. Пісьменнік падкрэсліваў, што ўцёкі ад ворага катастрафічна адбіваліся на дзвюх катэгорыях людзей: сялянах і дзецях (“... па чужых дарогах бяда найчасцей ганяла сялян і дзяцей. Калі бачыў, як жыццё адрывала ад зямлі, гнала па свеце селяніна, спакою не давала думка: ці знойдзецца каму карміць хлебам свет і што будзе з дзецьмі, хто іх накорміць? Бачыў у бежанскіх натоўпах дзяцей - думкі скіроўваліся ў іншы бок: што будзе з зямлёю, калі жыццё растрасе дзяцей па дарогах? Даўно заўважыў, што лёс сялянства і лёс дзяцей знітаваны вельмі моцна).
Выгнанне, паводле пісьменніка, акрамя відавочных негатыўных наступстваў (нівеляванне вартасці чалавечага жыцця, руйнаванне сям’і, звыклага ладу жыцця, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей), усё ж мела асобныя станоўчыя вынікі: “дарогі шмат чаму навучылі, і найперш - слухаць і бачыць чужое, разумець чужое галавою і сэрцам як сваё, ды і ў свае думкі-мары паглыбляцца, сваю душу слухаць”. Ідучы па шляху бежанца-ўцекача, здольная да рэфлексіі і самакрытыкі асоба атрымлівала прышчэпку ад шавінізму, стэрэатыпнага мыслення і самазахаплення. Новае навакольнае асяроддзе і людзі вымушалі персанажаў-інтэлігентаў В. Карамазава перагледзець стаўленне да ўласнай персоны, сваіх патрэб і свайго народа. У такіх умовах яскравей паўставалі і пазітыўныя рысы характару, і заганы.
Празаік недвухсэнсоўна згадаў вытокі, што падштурхнулі яго да мастацкіх пошукаў у рэчышчы навалы-кантынууму. Напрыклад, жыццё і творчасць класіка нацыянальнай літаратуры Максіма Гарэцкага запрашалі да роздумаў. Прываблівала і галерэя (своеасаблівая тыпалогія) персанажаў-бежанцаў: у мастацкай сістэме папярэдніка былі і сяляне-выгнаннікі, што пачалі пакутны шлях у часы Першай сусветнай (“Літоўскі хутарок”, асобныя “Сібірскія абразкі”, эпізоды ў дакументальна- мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”, “Камароўскай хроніцы”), і бежанцы-інтэлігенты, што, у першую чаргу, пачувалі сябе ўнутранымі эмігрантамі ў межах Расійскай імперыі, а пасля і Краіны Саветаў (“Жартаўлівы Пісарэвіч”), і шукальнікі лепшай долі на чужыне, хто верыў, што зможа зноў апынуцца на Радзіме (“Хадзяка”, “Амерыканец”), і салдаты, якія беглі з упарадкаванай і багатай чужыны дадому (абразок “Палонны”), і беларуская моладзь, якую вабіў шырокі, але нядобразычлівы свет з безліччу магчымасцяў, аднак іх урэшце скасоўваў трагічны збег абставін (гісторыя Марынкі з “Камароўскай хронікі”).
На наш погляд, В. Карамазаў адчуваў, што М. Гарэцкі свядома абмінаў шлях у нікуды раскулачаных і рэпрэсаваных (выключэнні - постаць Лявоніуса Задумекуса, асобныя персанажы “Камароўскай хронікі”). Можа, таму напрыканцы XX ст. аўтар рамана “Бежанцы” звярнуўся да багатага гістарычнага матэрыялу па гэтым пытанні. Тым больш, што сталі вядомымі новыя архіўныя крыніцы, якія вярнулі з нябыту шэраг шакавальных фактаў. Празаіка цікавіў сыход з родных і абжытых месцаў і рэвалюцыянераў, і грамадска-палітычных дзеячаў, якія выступалі за нацыянальнае адраджэнне і высылаліся ўладамі за межы радзімы, і сялян, што ў пошуках сродкаў для існавання імкнуліся ў Сібір, на Далёкі Усход, у Паўночную Амерыку, і “чужых”, хто ў часы грамадзянскай вайны свядома не мог ці не імкнуўся ўгрунтавацца на глебе Краіны Саветаў, і так званых кулакоў поруч з іншымі гіпатэтычнымі “ворагамі народа”.
Найбольш багаты на дэталі малюнак уцекачоў-бежанцаў звязаны з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, што зрушыла з абжытых месцаў вялізныя масы насельніцтва. Услед за Ф. Скарынам В. Карамазаў параўнаў абжытыя месцы з гнёздамі: “Тыя дні людзі не спяшаліся пакідаць свае гнёзды, чагосьці яшчэ чакалі, усё не верылі, што з імі, з кожным, можа гэтакае стацца: жыў-быў чалавек, абрастаў хатамі, хлявамі, жывёлаю, птушкамі, рэчамі, звычаямі, знаходзіў, не заўсёды хай разумна і лёгка, сваё месца паміж людзьмі, і вось на табе - кідай усё, што ў хаце ды хлявах, як чужое, непатрэбшчынў”.
Зыходзячы са стаўлення персанажаў да матэрыяльных каштоўнасцей, празаік, на наш погляд, умоўна падзяліў іх на два тыпы: дзейныя асобы, падобныя да Ільі Асташонка, што вымяраў дабрабыт у грашова-рэчыўным эквіваленце, і Захара Падабеда, які часцей за ўсё імкнуўся да душэўнай гармоніі і забываўся на побыт і нястачы. У адпаведнасці са спецыфікай светаўспрымання персанажы па-рознаму пераносілі бежанскі лёс. Былі тут і своеасаблівыя філасафізм, стаіцызм і пакора, жаданне дапамагчы такому ж выгнанніку, што проціпастаўляліся хвалям абурэння, хваравітым росшукам вінаватых, адстойванню выключна ўласных інтарэсаў.
Пасля тэктанічнага зруху чэрвеня 1941 г., як сведчыў В. Карамазаў, беларусам зноў давялося выправіцца ў выгнанне ўжо ў 1986 г. Услед за прататыпамі з рэальнага жыцця сталыя персанажы рамана параўноўвалі першыя месяцы пасля выбуху на ЧАЭС і пачатковы этап Вялікай Айчыннай вайны: у абедзвюх сітуацыях асоба сутыкалася з экстрэмальнымі абставінамі існавання, што адбіваліся на светапоглядзе кожнага чалавека і аксіялагічнай сістэме нацыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы, у адрозненне ад ужо выпакутаваных навал мінулага, шанец на вяртанне зводзіўся да мінімуму, станавіўся нечым прывідна-гіпатэтычным для некалькіх (дзясяткаў?) пакаленняў. Заканамерным, хоць і не выказаным непасрэдна ў творы, было знакавае пытанне “за што?” адказаць на якое спрабаваў яшчэ Хомка Шпак з аповесці “Ціхая плынь” М. Гарэцкага. Такім чынам, «“Чарнобыль” разумеўся... як цэлае вязьмо самых злых і разбуральных для беларусаў сіл, прычым на працягу ўсяго XX стагоддзя». Апошняя падзея, паводле пісьменніка, успрымалася як апафеоз зласлівага лёсу, што аб’яднаў і волю выпадку, і абсурднасць і імперсанальную жорсткасць гісторыі.
Акрамя ўласна тэмы бежанства, В. Карамазаў адчуваў адмысловую повязь з традыцыямі адлюстравання вайны, закладзенымі ў новай беларускай літаратуры М. Гарэцкім. Напрыканцы XX ст. маладзейшы пісьменнік імкнуўся давесці, што проза пра першую ў гісторыі чалавецтва сусветную вайну заставалася актуальнай і напярэдадні новага тысячагоддзя. В. Карамазаў падаў каларытны дыялог двух галоўных персанажаў, каб прыцягнуць увагу да праблемы чытач - творца - час:
- Памятаеш, Ілья, яку Гарэцкага юнкер Шалапутаў? У занатоўках Лявона Задумы. Хоць Шалапутаў і хлюст, але навабранчыкаў называў дакладна: шпакамі, шэрымі, шляпамі.
Асташонак матлянуў галавою:
- Не чытаў. Не ведаю.
- Чытаў. Забыўся. Я табе кнігу даваў, ты яе паўгода ў спальні на тумбачцы трымаў. Ілья пачаў хрумстаць гурком:
- У кнігах брахня.
- Не кажы, Ілья. Сам прасіў у мяне Гарэцкага, калі дазнаўся, што з мужыкоў і наш сусед - мсціслаўскі. Не можа быць, казаў, каб наш мужык, калі ўзяўся пісаць, збрахаў. Казаў гэтак?
Асташонак змоўчаў. ...
- А можа, і не чытаў. Паляжала ў цябе кніга паўгода, а ты яе не чытаў. Такую кнігу! Яе трэба чытаць кожнаму, хто ідзе на вайну. I хто чакае чалавека з вайны”. Ухвала спадчыны М. Гарэцкага выглядала натуральна, але ў цытаце ўвага звернута менавіта на выбіральную няпамятлівасць. Так В. Карамазаў у алюзійнай форме згадваў пра лёс кніг папярэдніка, на якія выпадкова ці наўмысна “забыліся” пасля таго, як яны трапілі ў спецсховішчы, бо імя іх аўтара асацыявалася з нацдэмаўшчынай.
Паказальна, што ў рамане “Бежанцы” М. Гарэцкі выведзены не як недасягальны класік, а як асоба, што падзяліла нялёгкую долю выгнанніка з суайчыннікамі. Яго жыццёвы шлях звязаны і з перыпетыямі Першай сусветнай вайны, і з падзеямі рэвалюцыі, і з палітычнымі рэпрэсіямі. Як і персанаж В. Карамазава Захар Падабед, знакаміты пісьменнік, літаратуразнаўца і грамадскі дзеяч пакутаваў у тым ліку і ад даносаў нядобразычліўцаў. Можа, менавіта таму ў рамане “Бежанцы” паўстаў эпізод з выпадкова згубленымі ў часы Вялікай Айчыннай вайны афіцыйнымі паперамі, што назбіраліся за адносна кароткі тэрмін існавання Краіны Саветаў. В. Карамазаў даводзіў: “Колькі тут было людскога болю ці крывадушнай жорсткасці, у залежнасці ад таго, скардзіўся чалавек ці даносіў, шукаў праўду ці закопваў праўду ў яму, сеяў дабро ці зло, спадзяваўся на закон ці беззаконне. З паперак дыхала жыццё, кожная сведчыла, як на судзе, пра час”. I празаік, і апавядальнік разважалі, што ж павінна стацца з гэтымі дакументамі, што адначасова выглядалі і як спецыфічны састаў злачынства, і як адмысловае абвінавачванне. Падабед не ведаў, ці то захаваць паперы, ці то дазволіць вайне знішчыць іх як нешта непатрэбнае, як тое, што аджыло свой век. У апошнім выпадку разам з недаўгавечнымі носьбітамі інфармацыі магла знішчыцца і чалавечая памяць. Падобны вынік пужаў героя-настаўніка, які разумеў, што ў такім разе жахі мінулага лёгка маглі адрадзіцца ў самай звыродлівай форме.
Творы, так ці інакш звязаныя з ваеннай тэматыкай, вызначаліся пільнай увагай да постаці ворага. Перш за ўсё мастакоў слова цікавіў механізм ператварэння свайго ў чужога: напрыклад, апавяданне “Рускі” М. Гарэцкага, апавяданне “Адна ноч” і аповесці “Сотнікаў” і “Знак бяды” В. Быкава, раман “Карнікі” А. Адамовіча і інш. В. Карамазаў таксама паспрабаваў выкласці генезіс падобнай варожасці: “.. .за частаколам - нос-трэсачка. Ні твару, ні вачэй, ні таго жыцця, што абавязкова... павінна існаваць на твары, проста нос-трэсачка, ражонца танклявае, а пазнаў - ён, злыдзень. Спачатку разгубіўся: чаму - злыдзень? чаму мы з ім ворагі? чаму ўсе мы... - яго ворагі? ці ворагам нарадзіўся? чаму падлеткам-стрыгунком пайшоўу банду? таму, што раскулачылі і вывезлі бацьку? за што вывезлі? за тры мяхі збожжа, схаванага ад улады?”. Пытанняў у персанажа было нашмат больш, чым адказаў: асабліва таму, што Захар Падабед мог з лёгкасцю прыгадаць практычна ідэнтычную сітуацыю з гісторыі ўласнай сям’і. Брат персанажа - Сідар - раскулачаны, але Падабед (некалькі разоў трапляў у поле зроку НКУС) чамусьці не дазволіў сабе пайсці па шляху помсты. У такім выпадку колькасць пытанняў толькі памнажалася б: “...а за штораскулачылі браценніка Сідара, калі той настаўнічаў у вёсцы, не меў ні каня, ні каровы? можа, і той васькавіцкі гарбун, бацька носа-трэсачкі, не большы кулак, як Сідар? можа, і яго, Захара Падабеда, трэба было, як Сідара, раскулачыць - абодва ж настаўнікі? і тады - чаму з ім, Захарам, атрымалася наадварот - сам пасабляў выяўляць схаванаеў кулакоў збожжа?”. У выпадку “носа-трэсачкі” спрацавала, верагодна, схільнасць да “непрадвызначанага здрадніцтва”. Эпізадычны персанаж захлынуўся ў адмоўных эмоцыях, дазволіўшы ім забіць парасткі гуманізму. Захар Падабед, паводле В. Карамазава, заўсёды спрабаваў змадэляваць свае паводзіны ў тых ці іншых абставінах, таму ён не збіраўся адразу ж папракаць “ворага”, навешваць ярлыкі. Некаторыя ўчынкі (удзел у раскулачанні), што здаваліся натуральнымі ў Краіне Саветаў 1920 - 1930-х гг., ужо ў наступныя дзесяцігоддзі сталі нечым анамальным, вартым не гонару, а сораму.
Віктар Карамазаў доказна сцвердзіў умоўнасць падзелу на сваіх і чужых: насуперак прапагандысцкім лозунгам, масавым поглядам на ворага, звычайная нямецкая жанчына дапамагла Захару Падабеду выратавацца з няволі. Тыпалагічна гісторыя з рамана “Бежанцы” нагадвае абразок “Палонны” М. Гарэцкага. Акрамя таго, Захар Падабед адчуваў, што ён надзвычай добра разумеў псіхалогію тых асоб, якія лічыліся бясспрэчнымі ворагамі савецкай улады (але не ворагамі гуманістычнага). Такое адкрыццё хавалася ад чужых - суграмадзян, якія свядома, а часцей за ўсё вымушана, падзялялі афіцыйны курс улад.
Раман “Бежанцы” Віктара Карамазава - твор, што годна працягнуў нацыянальныя традыцыі адлюстравання тэмы бежанства. Мастак слова звярнуўся да вопыту Максіма Гарэцкага, які ўжо ў 1920 - 1930-я гг. распрацаваў цэлую галерэю персанажаў-уцекачоў. Досвед папярэдніка ў значнай ступені дапамог пісьменніку знітаваць падзеі ўсяго XX ст. у адзінае цэлае. У рамане прасочваюцца паралелі паміж перажытым у Першую сусветную і Вялікую Айчынную войны, у часы Чарнобыльскай катастрофы. Сімптаматычна, што В. Карамазаў акрамя адмоўных праяў бежанства падкрэсліў і тое станоўчае, што магло нарадзіцца ў складаных жыццёвых абставінах. Асаблівая ўвага празаіка звернута на імагалагічныя росшукі: напрыклад, размежаванне свайго і чужога ў кантэксце наступстваў класавай барацьбы і рэпрэсій. Акрамя таго, у рамане прысутнічаюць разважанні пра аксіялагічныя змены, выкліканыя навалай-кантынуумам.
Яраслаў Клімуць
Анталогія літаратурнай Магілёўшчыны
Раздзел вядзе Яраслаў КЛІМУЦЬ
Максім Гарэцкі
Дваццатае стагоддзе пачыналася абуджэннем рэвалюцыйнай барацьбы, што спрыяла станаўленню нацыянальнай самасвядомасці. Інтэлігенцыя пачынае цікавіцца гэтымі праблемамі. Але, як і раней, у асноўным прадстаўнікі вёскі папаўнялі рады дзеячаў культуры, абуджалі нацыянальны рух, садзейнічалі паскарэнню літаратурнага працэсу. Так ужо сталася, што ніводзін з беларускіх пісьменнікаў, што працавалі ў XIX стагоддзі, не дажыў да пачатку новага адраджэння. Застаўся толькі Ядвігін Ш., які ў канцы мінулага стагоддзя надрукаваў першыя творы на рускай мове. На пачатку ХХ-га ён становіцца адным з вядучых празаікаў. Неўзабаве пачынае набываць сілу і звонкасць заклікальны верш Цёткі. А за імі загучаў набатны голас нашых волатаў літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Першая рэвалюцыя нарэшце прабіла бар’еры маўчання і забарон, і беларусы атрымалі магчымасць выдаваць сваю газету. Рэдакцыя «Нашай долі», а затым «Нашай нівы» стала цэнтрам згуртавання маладых літаратурных сіл. Тут пачынаюць дэбютаваць паэты і празаікі, якія сталі класікамі беларускай літаратуры: Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі.
Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся ў вёсцы М. Багацькаўка на Мсціслаўшчыне 18 лютага 1893 года ў сям’і бедных сялян. Пасля сельскай школы паступіў у Горацкую каморніцка-агранамічную школу. Ужо тут ён спрабуе пісаць, задумвацца над лёсам беларускага інтэлігента першага пакалення, яго пэўнай непрыкаянасцю. Пачынаючага пісьменніка трывожыла тое, што вёска быццам адразала ад сябе кожнага, хто хоць колькі спрабаваў выйсці з межаў устаяўшыхся звычак: бацька-гаспадар, затым становяцца наследнікамі яго сыны і г. д. Тыя, хто адыходзілі ад спрадвечных установак, шукалі свайго самастойнага шляху, тым больш, калі яны станавіліся адукаванымі, рабіліся ізгоямі. Вёска такіх людзей успрымала з насцярогай, відаць, памятаючы, што самы страшны пан — з мужыкоў. I як пісьменнік, Гарэцкі будзе даследаваць стан душы такога чалавека, шукаць адказу на шматлікія пытанні «чаму»? I ў час працы каморнікам у Віленскай акрузе, і службы ў арміі, а затым і як удзельнік імперыялістычнай вайны ён будзе дабівацца разгадкі гэтых чалавечых адносін. У першых апіавяданнях, што склалі зборнік «Рунь», героі таксама імкнуцца вырашаць гэтыя праблемы.
Максім Гарэцкі ставіў перад сабой і літаратурай вялікую задачу нацыянальнага абуджэння. Ён тэарэтычна абгрунтаваў у артыкуле «Думкі і развагі» неабходнасць стварэння нацыянальнай празаічнай традыцыі, патрэбу з’яўлення беларуса-Гогаля, які б усяму свету змог паказаць нацыянальныя тыпы. Што ж, без перабольшання можна сказаць, што гэту задачу пачалі выконваць яшчэ ў дакастрычніцкі час Якуб Колас і сам Максім Гарэцкі.
Максім Гарэцкі, як ні адзін з прызнаных майстроў беларускай прозы, надзвычай аўтабіяграфічны. Ён піша як бы канцэнтрычнымі кругамі, зноў і зноў звяртаючыся да тых жа праблем, але ўжо твор узбагачаны жыццёвым вопытам, уздымае прозу да новых філасофскіх вышынь.
Аб гэтым сведчаць матывы апавяданняў «Стогны душы», «Роднае карэнне», «Што яно», «Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі» і інш. У больш эмацыянальна-філасофскай форме разгорнецца аўтабіяграфічнасць у аповесцях «У чым яго крыўда?», «Меланхолія», «Ціхая плынь», «Дзве душы» (дарэчы, апошні твор амаль семдзесят год замоўчваўся і толькі ў 7-м нумары часопіса «Полымя» за гэты год апублікаван паўторна), «На імперыялістычнай вайне».
Як супрацоўнік «Звязды», ён у 1918 годзе аказаўся ў Вільні, адкуль не змог выехаць своечасова з-за наступлення бела-палякаў. Актыўна займаецца навуковай, літаратурнай і грамадзянскай дзейнасцю. Працуючы ў Віленскай беларускай гімназіі, узяў на сябе абавязак напісаць «Гісторыю беларускай літаратуры» (выдадзена ў Вільні ў 1920 годзе). Тры дапрацаваныя выданні яе ў Савецкай Беларусі сталі асноўным падручнікам для сярэдняй і вышэйшай школ дваццатых гадоў. У 1922 годзе быў арыштаван польскімі ўладамі, а пасля выслан з Вільні. У 1923 годзе пераехаў у Савецкую Беларусь, працаваў на рабфаку БДУ. У 1926—1928 гадах выкладаў беларускую літаратуру ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, а ў 1928—1930 — супрацоўнік Інбелкульта. У 1930 годзе трапіў у першую хвалю рэпрэсій і быў выслан у Вятку.
Далёка ад роднай зямлі ён праяўляе завідную працавітасць. У такіх умовах піша свае галоўныя кнігі «Віленскія камунары» і «Камароўскую хроніку», і зноў жа надзвычай аўтабіяграфічныя.
Афіцыйна лічыцца, што Максім Іванавіч Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 года, але ёсць меркаванне, што яго жыццёвы лёс завяршыўся ў Курапатах.
Стогны душы
...Шумяць галіны на бярозах, шуміць-гудзе вецер, кідаецца ён мякка — неслухмяны — ка мне ў акно i рве на стале паперы. Звініць недзе муха, звініць, быццам увосень перад смерцю... Верабей хутка пратрос пад страхою сваю песню... А мне ізноў нудна, нудна, нудна... Я не хварэю ўсясветнай журбой-жудою, не, не — я хварэю нечым іншым, але чым?
Я жыць хачу вольным жыццём — жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з іншым творыць гармонію жыцця. Я хачу новага, лепшага жыцця. Я крэпка, усімі сваімі сіламі жадаю яго. Бо нездаволен, вельмі нездаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і іншых вызваліць з гэтага жыцця, Бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага... Я не хачу тры- ваць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыіця і зраблю жыццё новае. Зраблю! Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені,. ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць «паноў» і «мужыкоў». Ланцугі гэтыя выдумаў хіба сам Люцыпар, скаваў, скаваў іх у сваёй кузні і скрыўдзіў імі ўсіх людзей усяго свету, што жылі і паўміралі, што мадзеюць і цяпер, хварэючы ад гэтых ланцугоў... Няможна, няможна! Гэтак не павінна быць і не можа быць!
1913 г.
Максімава зязюля
Пуста мне ў дарозе. Ні душы...
Лес і лес. Кедры, лісцвянкі, бярозы, малады параснік, кусты каля балот.
I не сказаць, каб усё гэта было вельмі пышна, густа ці наогул прыгожа. Звычайны лес, часам даволі рэдкі і нават дробны.
А галоўнае — нейкая адвечная маўклівая нуда пануе тут і гняце думкі і пачуццё. І птушак не чуваць. Толькі зрэдку тарабаніць жаўна.
Вось я выходжу на большы прагал, зелянейшы ад бяроз на яго ўскрайках, — дзесьці далёка і неяк асабліва сумна закукавала сібірская зязюля.
— Ку-ку! Ку-ку!
I мне ўспомніліся яго сумныя вершы:
— Не кувай ты, шэрая зязюля!..
Ці прылятае яна, шэрая, там, у Крыме, пакукаваць яму?
I дзе будзе маё апошняе прытулішча?
Можа, тут, у Сібіры, — як і яму, на далёкай чужыне?
І колькі, колькі нас, хадакоў і перасяленцаў, слухалі тут гэтае сумнае кукаванне, прыгадваючы сабе бары, мілае далёкае бацькаўшчыны?
1926 г.
Уладзiмiр Пучынскі
Аўдыяплынь твораў Максіма Гарэцкага
Поруч з друкаваныміі электроннымі;кнігамі ў нашае жыццё ўсё шырэй уваходзяць аўдыёкнігі. Праўда, адносна няшмат беларускамоных выданняў, айчыннай класікі, сусветнай літаратуры па-беларуску. Мы ж сёння распавядзем пра новую аўдыякнігу, што з’явілася нядаўна.
Выйшла кружэлка «Дыямант у пабітым шкле: Споведзь разняволенай душы», дзе сабраныя творы, Максіма Гарэцкага. Тут варта прыгадаць, што гэта другая аўдыякніга аўтара. У2008 г. была выдадзеная кружэлка «На імперыялістычнай вайне. Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы». Там жа было змешчанае і апавяданне «Літоўскі хутарок». Тады галоўнаю задачай стваральнікі лічылі паказаць сродкамі радыёмастацтва лёс салдата-беларуса ва ўмовах Першай сусветнай вайны, а па форме - зрабіць з салдацкага дзённіка запамінальную і каларытную аўдыякарціну.
I тады ж пачала складвацца ідэя другой кружэлкі, прысвечанай Гарэцкаму, якая б канцэптуальна і структурна адрознівалася ад першай. Ініцыятары стварэння аўдыякніг Гарэцкага адзначаюць: «Нам важна было засяродзіцца на вобразе маладога беларускага інтэлігента, які хоча прысвяціць сваё жыццё асветніцтву і культурнаму адраджэнню Бацькаўшчыны. Цэнтральным творам і своеасаблівай дамінантай новага дыска стала аповесць «Ціхая плынь», у якой вобраз хлопчыка Хомкі крануў нас сваёй незвычайнай лірычнасцю і мастацкай сілай. Нам здаецца, што сярод апісанняў дзяцінства, што існуюць у сусветнай літаратуры, старонкі Гарэцкага - сапраўдны «дыямант», узрошчаны на нашых адвечна беларускіх пакутах і радасцях».
Над выданнем працавалі артыст і рэжысёр Алег Вінярскі, гукарэжысёры Людміла Свацікава і Ігар Пісыгін, а таксама Сяргей Чайка, Вольга Гваздова і Вячаслаў Паўлавец. Кіраўнік праекта - Кастусь Антановіч.
Апроч аповесці ў выданне ўвайшлі апавяданні і абразкі Гарэцкага «У лазні», «Роднае карэнне», «Старое замчышча», «Габрыелевыпрысады», для падмацавання тэмы змешчаныя вершы Янкі Купалы «Беларушчына», «Падсякайце тое дрэва», «Брату ў чужыне».
Раскрыццю тэмы спрыяюць і іншыя творы, сабраныя ў адзіную кампазіцыю. Яны разгортваюць перад намі багатую палітру думак і пачуццяў маладой асобы, якая фармавалася на беларускіх землях у пачатку XX ст. А ва ўсіх маладых героях, прадстаўленых на кружэлцы, мы знаходзім рысы самога аўтара. З боку формы стваральнікі аўдыякнігі пагрузілі слова М. Гарэцкага ў новы музычны кантэкст, чым пашырылі яго вобразныя магчымасці. Скарыстаная музыка Антона Абрамовіча, Стыва Яблонскага, Раміна Джавадзі, гурта «Стары Ольса» ды іншых кампазітараў, спевы Д. Аксенцьевіча. Пачынаецца і заканчваецца аўдыякніга народнымі песнямі «Дубровышка ды зялёная...» і «Дарожка, дарожка, ды ты шырокая...». Гэтыя творы некалі М. Гарэцкі запісаў ад сваёй маці Еўфрасінні Міхайлаўны, тэксты друкаваліся ў 1928 г. у кнізе М. Гарэцкага і кампазітара А. Ягорава «Народныя песьні з мэлёдыямі». Адмыслова для праекта іх праспяваў фальклорны гурт «Калыханка» з Міханавічаў (Мінскі раён).
Аўтар аповесці «Ціхая плынь» маленства называе часам адкрыцця, творчай радасці. Гэта пара, «на якую не варта забывацца, - піша ён. - Хто счарсцвеў, пагінуў у будзёншчыне, - у дзіцячыя гады быў вялікім музыкаю, іграючы на скрыпачцы з лучынак і са струнамі з нітак. Iдаўлела яму, быў змысел і была радасць. Хто зрабіўся тупы, як палка, - у гады маленства з палкі вырабляў мастацкія для яго мастацкіх пачуванняў штукі: птушачак, звяроў і проста харошы кіёчак-папірашку. Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату - і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну ».
Пытанні, што ўзняў класік у сваіх творах, да сённяшняга дня застаюцца вострымі і нявырашанымі. Ягоны мастацкі свет неабсяжны, складаны і шматфарбны. I дзеля ягонага спасціжэння - новая аўдыякніга. Чытайма і спасцігайма сапраўдны «дыямант», узрошчаны на нашых адвечна беларускіх пакутах і радасцях.
Шаладонаў, І.
МЕЛАНХАЛІЧНЫ МАСТАЦКІ ТЫП ГЕРОЯ
Ў АПОВЕСЦЯХ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Для кожнага значнага пісьменніка заўсёды важнай і актуальнай задачай паўставала праблема распазнання і паказу анталагічна-быційных і сацыяльна-грамадскіх выклікаў свайго часу, выяўлення дамінантных духоўна-эстэтычных заканамернасцей іх праяўленасці.
Уважліва засяродзіўшыся на даследаванні творчай манеры празаічнай спадчыны Максіма Гарэцкага, можна амаль без перабольшання сказаць, што ў цэнтры яго светапогляду знаходзіўся меланхалічны тып героя. Чалавека крызіснага, пераходнага перыяду двух стагоддзяў, з выразнымі рысамі нацыянальнай беларускай ментальнасці.
У гісторыі сусветнай культуры меланхалічны тып героя набыў значную папулярнасць і выражанасць у розныя эпохі. Гэта і байранаўскі Чайд-Гарольд з яго англійскім сплінам, і пушкінскі Яўген Анегін з рускай хандрой. У галерэю «лішніх людзей» яскрава ўпісваюцца і такія героі, як лермантаўскі Пячорын з рамана «Герой нашага часу», ганчароўскі Абломаў з аднайменнага рамана.
Часта меланхолію асацыіравалі з інтэлектуальнай адоранасцю. «Чаму ўсе вялікія людзі меланхолікі?» — задаваў пытанне Арыстоцель і сам сабе адказваў: меланхолікам уласцівая незвычайная празарлівасць і інтуіцыя. Меланхолія можа спускацца ў бяздонныя глыбіні цемры і змроку і лунаць да зіхоткіх вяршынь свету.
На нашу думку, менавіта Максім Гарэцкі ў айчынным прыгожым пісьменстве стаў першаадкрывальнікам меланхалічнага тыпу характару героя, галоўныя героі яго твораў Лявон Задума, Ігнат Абдзіраловіч, Клім Шамоўскі, Кастусь Зарэмба выяўляюць выразную светапоглядную канцэпцыю, у аснове якой ляжыць меланхолія як пазітыўная, суб’ектыўна гарманізаваная сфера пачуццёвых і душэўных настрояў, разваг, якія з’яўляюцца неадменнымі праваднікамі ва ўнутраны свет асабовай самаідэнтыфікацыі, ажыццяўляюць экзістэнцыядьны прарыў у структуру нацыянальнага архетыпу.Так, у зачыне аповесці «У чым яго крыўда?» пісьменнік, ствараючы партрэт галоўнага героя, падае даволі трапную характарыстыку эпохі: «Праўда, і ў справах веры быў Лявон Задума дзіцяцем свайго часу, — часу між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт ці, проста кажучы, — павагу, уваччу нават малых дзяцей». Вось гэтая прастора пагранічнасці, якая паўстае ў часавым зрэзе жыцця, шмат у чым і адбіваецца на характары героя, яго развагах, паводзінах і ўчынках.
Будучы «дзіцяцем» крызіснага, пераходнага перыяду, Лявон вельмі тонка адчувае і перажывае працэс пералому, расколу свету, прастору памежнай неадназначнасці ў вырашэнні надзённых калізій жыцця. Трапіўшы ў сацыяльна-экзістэнцыяльны зазор існавання, «паніч сярод сялян» і «сялянскі сын сярод шляхты» Задума не можа не адчуць і зразумець дыскамфорт жыцця, раздвоенасць свайго душэўнага становішча. Гэта разарваная душа справакавана многімі акалічнасцямі нацыянальнага, псіхалагічнага і побытавага характару жыццядзейнасці.Найпершая і вызначальная рыса характару героя — гэта павышаная прага роздуму, жаданне бачыць свет у дзвюх праекцыях, існым і ідэальным варыянце. У працэсе шырокага асваення анталагічнай і антрапалагічнай праблематыкі ў пазнанні лёсу беларуса М. Гарэцкі мэтанакіравана стаў на шлях паглыбленага псіхалагізму, пошуку «карэнняў» душы чалавека, што і стала прычынай яго асаблівых адносін да неардынарных паводзін герояў, іх эмацыйных перажыванняў і душэўных станаў у працэсе сацыяльна-грамадскіх узаемаадносін.
Эстэтычнае і мастацкае асваенне феномена меланхоліі, думаецца, адыграла вызначальную ролю ў фарміраванні філасофскай, антрапалагічнай лініі творчасці М. Гарэцкага. Даследаванні сітуацый страты чалавекам душэўнай раўнавагі даволі шырока пададзены і раскрыты ў духоўна-маральнай прасторы многіх твораў пісьменніка.
Найбольш плённа і поўна асэнсаваць праблему і асаблівы характар меланхалічнага тыпу герояў празаіка можна, даследуючы яго творчасць у жанры аповесці. Ужо сама назва шмат аб чым нам можа сказаць: «Меланхолія», «Дзве душы», «У чым яго крыўда?», «Ціхая плынь», «Што яно?».
Меланхолія — гэта найперш з’ява культурная, мастацкая, эстэтычна-духоўная. Слова паходзіць ад melas — «чорны» і chole — «жоўць» і перакладаецца як «чорная жоўць». Па аналогіі з іншымі вадкасцямі, якія прымаюць удзел у жыццядзейнасці чалавечага арганізма, — крывёй, сліззю і інш. Праз меланхолію пісьменнік ці герой твора заўсёды моцна пакутуе пры бачанні беспрасветнага непарадку, дысгармоніі, той несправядлівасці, якая пануе ў соцыуме, усяляк імкнецца самаізалявацца ад ціснучай яго несвабоды.
У агульным культуралагічным значэнні паняцце меланхоліі мае тры найбольш вызначаныя прапазіцыі самавыяўлення: настрой, пачуццё і хвароба.
Як пачуццё меланхолія можа выражацца і называцца па-рознаму праз такія спецыфічныя настроі, як падаўленасць, туга, сум, маркота, журба, смутак, нуда, засмучэнне, хандра, сплін, сусветная скруха. Не адно з іх у пэўных межах не лічыцца праявай хваробы чалавека. Агульнай для душэўнага стану часцей за ўсё выступае праблема страты чалавекам чагосьці вельмі важнага ў жыццёвым ці светапоглядным плане.
Меланхоліі як псіхалагічна-настраёваму сіндрому можа быць падвержаны не толькі асобны індывід, але і групы, класы і нават цэлыя грамадствы на пэўным гістарычным прамежку часу. На калектыўным узроўні праяўленасці яна можа быць рэакцыяй на сацыяльную, расавую, нацыянальную неўладкаванасць. Добра вядома, што музыка амерыканскага поўдня (блюз), была своеасаблівай рэакцыяй на эксплуатацыю афрыканскіх неграў, вывезеных са сваёй Радзімы, і з’яўлялася яскравай праяўленасцю агульнага настрою негрыцянскага насельніцтва Амерыкі XVII—XX стагоддзяў.
На наш погляд, мінорны экзістэнцыяльны стан душы беларуса .пачатку XX стагоддзя выразна засведчыла мастацкая спадчына ўсяго нашаніўскага перыяду. Асабліва яскрава гэтая тэма прагучала ў 1913 годзе, калі на старонках «Нашай нівы» ўслед за артыкулам «Сплачвайце доўг», які апублікаваў Юры Верашчака, узнікла вядомая дыскусія пра шляхі развіцця беларускай паэзіі.
Нельга адмовіць аўтару ў тым, што ён адчуў некаторую аднабаковасць тагачаснай паэзіі, якая нярэдка паступалася сваімі эстэтычнымі магчымасцямі ў імя першачарговых сацыяльных задач.
У адказ на выступленне Ю. Верашчакі Янка Купала публікуе ў «Нашай ніве» свой артыкул «Чаму плача песня наша?» (за подпісам «Адзін з “парнаснікаў”»), у якім рашуча адстойвае дэмакратычны кірунак мастацкай творчасці, значна шырэй, чым яго апанент, вызначае доўг перад народам. Паэт бачыў галечу і ўціск, якія панавалі ў родным краі, і не лічыў магчымым ігнараваць і помніць пра свае грамадзянскія абавязкі. Асабліва цікавай з’яўляецца тая мясціна ў артыкуле, дзе Купала выказвае свае ўяўленні пра асобу, талент і сэнс паэтычнай творчасці.
«Думка паэта вольная, — пісаў ён, — як вецер, і безгранічная, як даль гэта ўсясветная, сэрца яго напоўнена вечным мілаваннем к бліжняму, як сонца вечным цяплом і святлом, а душа яго глыбокая, як гэта мора-акіян, у глыбінях каторага крыюцца багатыя, недасціпныя чалавечаму воку скарбы. З гэтага святла і агню, што палае ў сэрцы, і з гэтых скарбаў, што крыюцца ў глыбіні душы яго, патрапіць паэта свабоднай думкай дабыць усе хараствы свету і ўсе асалоды жыцця людскога на гэтым свеце і перадаць усё гэта ў бессмяротнай песні свайму народу».
Аднак глыбінныя псіхалагічныя карані гэтай мінорнай настраёвасці характару беларуса з найбольшай псіхалагічнай моцай, нам думаецца, імкнуўся перадаць і выразіць менавіта М. Гарэцкі, асабліва праз прыём адлюстравання меланхалічнага эмацыйнага фону разваг, думак і дзеянняў галоўных герояў сваіх твораў.
Так, у аповесці «Меланхолія» пісьменнік падае нам вобраз Лявона Задумы, юнака тонкай натуры, чулага, уражлівага, унутрана-засяроджанага, які шмат разважае над сэнсам жыцця. Меланхолія высвечвае адносіны паміж чалавекам і акружаючым яго светам, соцыумам і прыродай. Амаль заўсёды ёй адпавядае пачуццё адзіноцтва і непрыняцця існуючага парадку рэчаў. Часта яна — толькі прычына, повад, каб паглыбіцца ў свой унутраны душэўна-духоўны стан. Менавіта так развіваецца асоба неардынарная, задача якой — вылучыцца з асяроддзя, пераадолець наваколле «абыйдзенасці».
Імануіл Кант сцвярджаў, што прычынай меланхоліі з’яўляецца перажыты вопыт канечнасці ці «сутнасць душы, якая пакутуе ад сваёй абмежаванасці», душы, якая імкнецца да Абсалюту, падвержана метафізічнай настальгіі. Адзіноцтва пры гэтым успрымаецца не як адвержанасць, а як свядомае вызваленне ад агрэсіўных і злобных умоўнасцей соцыуму. Гарэнне душы герояў М. Гарэцкага становіцца стылем і спосабам жыццёвага выбару, на кантрасце і супраціўленні з ганебнай лёгкасцю існавання асноўнай людской масы, адпаведным чынам дэманструе сваё крытычнае стаўленне да пошлых умоўнасцей грамадства.
Думкі аб тленнасці чалавечага жыцця даводзяць героя да стану смутку і тугі, больш жа за ўсё яму шкада самога сябе. У душы кіпяць моцныя эмоцыі. Ад набягаючых думак і эмоцый хочацца плакаць, ад крыўды за сваю бездапаможнасць ён гатовы пайсці на самыя адчайныя дзеянні і ўчынкі. Павышаная разважлівасць, уласцівая герою-меланхоліку, як вір зацягвае і перамолвае ўсё тое, што трапляецца на яго шляху.
Меланхолія — гэта псіхічны стан чалавека, які надзелены вышэйшым статусам судакранання з творчасцю, з самарэфлексіяй, дзе асоба сама працуе на яго выбудову, праяўляючы пры гэтым вытанчаную пачуццёвасць, ранімасць, пагарду да сябе, страх і бяздонную трывогу і мучэнне, даследаванне вельмі тонкіх нюансаў пачуццяў і эмацыянальных станаў.
Меланхолік па сваёй прыродзе найчасцей успрымае акружаючую рэчаіснасць як агрэсіўную сутнасць, якая не дазваляе яму да канца рэалізавацца. Ён страчвае магчымасць адчуць сваю злітнасць са светам ідэала, не знаходзіць сябе і гібее ў марыве будзённасці і бездухоўнасці.
Меланхолія можа яшчэ праяўляццца як псіхічная і фізічная слабасць, недахоп жыццёвай энергіі, стомленасць і падаўленасць, што садзейнічае праявам нерашучасці, палахлівасці, сумневу, песімізму, часта правакуе мройнасць і цягу да навязлівых уяўленняў і трызненняў. Такія формы праяўленасці характару герояў гавораць аб тым, што падчас крызіных гістарычных эпох, калі хуткасна ідзе хаатычны працэс змен і злому старых усталяваных форм жыцця, чалавеку становіцца вельмі цяжка і складана вызначыцца. М. Гарэцкі ў сваіх аповесцях выразна даводзіць думку, што атмасфера меланхоліі з’яўляецца яскравым сведчаннем настрою беларускага чалавека пачатку XX стагоддзя, калі бурлівыя падзеі сусветных разбурэнняў і ператрусаў садзейнічалі ператварэнню духоўнай структуры людзей, вызначальнымі пачуццямі станавіліся страх і трывога за сябе і свет. Тыповае для перыяду памежжа вякоў напружанне і стомленасць чалавечага патэнцыялу трэба лічыць, на думку пісьменніка, вынікам крызісу асобы, заняпаду працэсу самаідэнтыфікацыі чалавека, грамадства, нацыі, абумоўленага імклівымі працэсамі секулярызацыі, індустрыялізацыі і мадэрнізацыі грамадства.
Меланхолія разам са сваімі спадарожнікамі — смуткам, тугой, марнасцю і страхам — выяўляе глыбіннае бачанне свету, стан «высокіх мучэнняў душы», які характарызуюцца максімальнай культурай амбівалентнасці. Яна цесным чынам знітавана на кантрасце цемры і святла, адзіноты, разумовага зацьмення і прасвятлення. Меланхолія часта ўтварае прастору, дзе ўнутранае «я» ўсвядомлена ці неўсвядомлена можа знайсці сабе затворніцкую свабоду, душэўную аддушыну, часовае прыстанішча, адухоўленае сховішча. Амаль заўсёды меланхолія і яе спадарожнікі сведчаць аб канфлікце паміж чалавекам і навакольным светам.
Літаратурныя творы і тэксты маюць інтэграваны характар праяўлення чалавечых узаемаадносін. У іх пачуцці і станы душы чалавека знаходзяць моўную адпаведнасць, абалонку і фарміруюць суб’ектыўную рэальнасць, якая ў сваю чаргу можа ўзнаўляць гістарычную рэальнасць пэўнага часу. Выражэнне намераў і эмоцый — важнейшыя складнікі любога сацыяльнага жыцця. Менавіта праз іх рэалізуецца чалавек, асоба. Драбнейшыя нюансы пачуццяў і перажыванняў часта выражаюць і вызначаюць, хто ты на самай справе. Менавіта пачуцці найбольш адэкватна і дакладна выконваюць для нас камунікатыўную функцыю, з’яўляюцца найбольш надзейным сродкам перадачы інфармацыі аб рэчаісным. З дапамогай пачуццяў чалавек умацоўвае для сябе сацыяльны статус і робіцца тым, кім ён хоча быць у сапраўднасці.
Пачуцці вельмі часта наглядна дэманструюць нам характар, нават сацыяльны статус: чым высакародней і прыстойней чалавек у сваіх думках і ўчынках, тым болып складанейшай і далікатнейшай становіцца яго эмацыянальна-пачуццёвая арганізацыя і структура. Без уліку сацыяльнага фактару цяжка зразумець і вызначыць залежнасць пачуццяў індывіда ад стану грамадства і наадварот.
Рамантычны меланхолік XX стагоддзя — гэта чалавек, які ведае сабе кошт, і разам з тым ён унутрана разрываецца паміж самалюбаванем і сумневам, апісвае свае сумненні так, каб яны выглядалі больш цікава і займальна, чым падчас душэўнай раўнавагі. Меланхолія выступае як творчы стан пісьменніка, які балансуе на мяжы святла і цемры, экзальтацыі і дэпрэсіі. Герой часта з’яўляецца прататыпам неардынарнай, унікальнай асобы. Можна заўважыць, што сваім меланхалічным тыпам героя М. Гарэцкі шмат у чым адкрыў у айчыннай прозе псіхалагічны характар беларуса, вельмі шырока выкарыстаў унутраную напружаную мову.
Меланхолія ў кантэксце іншых эстэтычных перажыванняў і пачуццяў герояў вызначае як яго свядомасць, так і ўвесь строй пачуццяў. Элегічная пранікнёнасць прозы М. Гарэцкага напоўнена пачуццём асаблівага тонкага адчування і перажывання «прыгажосці» і «ўзвышанасці», паколькі менавіта ў іх «адлюстраванні» ён бачыў адну з галоўных задач мастацтва. Дасягненню гэтай творчай задачы, на думку празаіка, павінен садзейнічаць своеасаблівы прысутны і дадзены яму «інстынкт такта і густу аўтара». Меланхолія не станавілася тоеснасцю паняццям прыгожага і агіднага, а раскрывалася найперш як своеасаблівае эстэтычна-духоўнае перажыванне, якое ў асноўным было матывавана маральна-філасофскай і светапогляднай пазіцыяй лірычнага Героя ці самаго аўтара.
У творчасці М. Гарэцкага меланхалічная эмацыйная дамінанта часта ўзмацняецца нарастаннем псіхалагічнай канкрэтыкі, што апраўдана прыводзіць героя да лірычнага судакранання з пластычнасцю і дынамізмам карцін прыроды. Рэалістычная дамінанта свядомасці героя выключае для яго магчымасць поўнай залежнасці ад памежнага стану меланхалічнасці, робіць такія перыяды жыццёвага перажывання ў большай ступені змрочнымі і тужлівымі, чым прыемнымі і радаснымі.
У аповесці «Меланхолія» аўтар раскрывае і развівае тэму смерці, якую ён распачаў яшчэ ў сваіх ранніх апавяданнях. Пісьменнік прыходзіць да разумення смерці як шчасця, якое даруе Бог чалавеку, бо толькі праз смерць ляжыць шлях у царства ісціны. Герой-меланхолік ахутаны «благадатным жахам» перад таямніцай смерці, глыбакадумна схіляе галаву перад яе веліччу і вялікасцю паняцця бяссмяротнасці, якое ўвасабляецца, як неад’емная будучыня, за ганкам смерці. «Мілыя, дарагія часы маленства! Колькі страху набраўся ля таго моста, ходзячы адзін позна вечарам са школы, колькі настаўнік кідаў да цёмнага за дуронства. Мост — могільнік — два пераходы, на якіх баяўся Лявон і глядзець у бакі, хоць дужа цягнула зірнуць. Так пазнаваў ён свет у сваім маленстве».
Сапраўдная меланхолія — прадукт моцных пачуццяў і захапленняў. У яе два галоўныя складнікі — бязмежны страх і бяздонны адчай. Успамінаючы на вясковых могілках любімы вобраз свайго дзеда, Лявон Задума, стоячы каля яго крыжа, вядзе душэўна-інтымную гутарку з самім сабой. «Адзелі цябе ў кашулю чыстую, падперазалі тонкаю стужкаю; у лапцікі слабенькія, не носкія, абулі цябе, рукі табе злажылі пад галоўку, хустачку завязалі, рукі жоўта-васковыя; падлажылі пад галоўку падушачку лісцяную; астатнім цалаваннем цалавалі цябе, — і ляжы вечны спакой! ... I ўсё згінула, мінулася, расліна вырасце... Чаму не скажаш, ці ёсць там што, чаму? — Страшная твая загадка».
У чалавеку, вядома, адначасова прысутнічае і д’ябальскі, і боскі пачатак. Чалавек можа зрабіць выбар на карысць таго ці іншага. Той, хто ператварыўся ў жывёлу, пазбаўлены пакутаў быць і захоўваць сябе чалавекам. Героі аповесцей М. Гарэцкага ўсімі фібрамі сваёй душы суперажываюць і мучаюцца ад кожнай недасканаласці свету, якія ім падаюцца толькі сігналам для ўключэння душы, сэрца і розуму ў працэс неспатольнай працы па паляпшэнні прыроды светабудовы і самога чалавека.
Славамір Адамовіч
Лісты да Максіма Гарэцкага, альбо ХРАНАЛОГІЯ ЮБІЛЕЮ
ЛІСТ ПЕРШЫ
г.Менск 16 лютага 1993 году
ДЗЕНЬ ДОБРЫ, МАКСІМЕ!
З-за штодзённай беганіны невядома дзеля чаго й навошта забыўся я на такую шчырую форму людскіх узаемінаў, як ліставанне. Спадзяюся, аднак, што Ты мне прабачыш, бо я тым часам выпраўляюся.
На днях рэдактар даў каману з’ездзіць у Горкі, дзе павінны адзначаць сотыя ўгодкі з дня Твайго нараджэння. Ехаць трэба заўтра.
Сёння перачытваю некаторыя рэчы з Твае “Хрыстаматыі беларускае літэратуры”.
“Як дарагому вобразу, як памятку на магілку ў чужыне...” пасвячаў Ты гэтую кнігу светлай памяці сястры сваёй, Ганны Гарэцкай.
Таксама і я пасвячаю мае лісты Табе, Настаўнік, Табе, Маэстра слова:, цераз якое Ты так балюча-тонка й праўдзіва выказаў беларускую душу. Ніхто іншы, але Ты цалкам свядома і на поўны голас пачаў прамаўляць словы “беларускі рух — беларуская ідэя — беларушчына”. Ты паказаў іх семантыку, Ты стаў іх вытваральнікам, Ты даў нашчядкам магутную зброю беларускую нацыянальную ідэю!
Даруй мне за гэты пафас, але што ж і без яго? Твае “Развагі і думкі” ўліваюць энергію Духу ў маю грэшную арганічную абалонку...
Толькі нешта вярэдзіць мне душу перад тым святкаваннем.
Хадзі здаровы, на разе!
Твой удзячны вучань...
ЛІСТ ДРУГІ
г.Горкі 17 лютага (серада), вечарам у гатэлі
ДОБРЫ ВЕЧАР, МАКСІМ ІВАНАВІЧ!
Сёння быў дзень заезду. Тоўкся каля сталічнай філармоніі гадзіны тры, чакаючы аўтобусаў. Мусіў слухаць, як кумкаюпь па-расейку музыканты-філарманісты, ілюмінаты музыкальнай культуры ў масы. Ніхто з іх не ведае толкам, куды яны едуць. Адзін, праўда, буркнуў, што, напэўна, у Мядзель, на юбілей “нейкага пісьменніка”.
Дальбог жа, хацеў ужо ўцякаць, не паехаць, але падыйшоў Уладзімір Панада, фотака-рэспандэнт газеты “Літаратура і мастацтва”. Стала весялей. Ен таксама едзе ў Горкі. Едуць карэспандэнты з “Голасу Радзімы”, “Звязды”(так, той самай, якая пры Табе выходзіла па-расейску), нават з газеты “Кнігарня” ёсць прадстаўнік.
Нарэшце з’явіліся аўтобусы. Пакуемся. Рушылі...
Як ні дзіўна, паказальнікі на дарогах выкананы па-беларускай амаль без памылак. Мінаем Відэршчыну, Пагосцік, Туравічы, Роскі Сялец, Пугляі, Есіпава, Зубры, Рэкту... У гэтых найменнях — мы, наша Беларусь, за якую так смылела і Твая душа. I як стрэмкі ў здаровым целе — назвы калгасаў: “Гігант”, “Дзімітрава”, “Камінтэрн”... Перлы мінулай эпохі.
У Горкі прыехалі па абедзе. Спыніліся каля будынку раённага аддзелу культуры. Тут жа нехта з мясцовых куратараў свята прыкнопіў на стэндзе плакат з Тваёю выявай і “план асноўных мерапрыемстваў”. Раней, відаць, не было часу гэта зрабіць.
Пасялілі нас у мясцовым гатэлі, у нумарах, якія выдаюць хутчэй на дзоты часоў другой сусветнай ці на турэмныя лёхі, чымся на жытло для вольных людзей.
А можа, гэта жарт архітэктара?
Ужо цямном прайшліся з У. Панадам па цэнтры гораду. Я набыў у кіёску томік Борхэса (зразумела, што ў перакладзе на расейскую пецярбургскага выдавецтва “Северо-Запад”), мясцовыя “Могилёвские ведомости” і “Ратушу”. Вечарам чыталі ў “МВ” інтэрв’ю з ... М. Дземянцеем, колішнім старшынёю Вярхоўнай Рады Беларусі. Між іншым ён скончыў некалі БСГА, а завяршылася ягоная кар’ера ў дзевяноста першым. I тым не менш гэтым палітычным адстаўніком мясцовыя журналісты прапануюць карыстацца пры вырашэнні нашых сённяшніх дзяржаўных задач.
Якраз у сераду вечарам па расейскім тэлебачанні дэманстравалі фільм Станіслава Гаварухіна “Россия, которую мы потеряли”. Глядзелі з Уладзем без асаблівага энтузіязму. Здаецца, зрабіць такую кінастужку ёсць яшчэ большыя прычыны ў нас, беларусаў?
За вячэраю згадалі Цябе, Максім Іванавіч.
Бывай, пакуль што!
Заўжды Твой пакорны служка...
ЛІСТ ТРЭЦІ
г.Горкі 18 лютага (чацвер)
ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МАЭСТРА!
Добры, сапраўды добры сёння дзянёк! Сняжок. Яснота над Горкамі. Але настрой падпсаваўся, як толькі пераступіў я парог чацвертага корпусу Беларускай сельгасакадэміі. У вестыбюлі — традыцыйны белы (можа быць і іншага колеру) бюст Леніна, толькі жывых кветак ля яго і не хапае. Вышэй, злева на сцяне — ягоны партрэт, справа барада Маркса. I дзесці збоку, на дошцы аб’яваў — плакацік з нагоды Твайго юбілею. Ушанавалі, называецца.
А дзесятай раніцы ў аўдыторыі Твайго імя, пра што сведчыць памятная дошка, распачаліся Другія Гарэцкія чытанні. Адкрыў іх рэктар сельгасакадэміі Вячаслаў Шаршуноў. На пінжаку — белчырвона-белы значок. Аняго ж.
I як у іх, у чыноў ных людзей, усё ўжываецца: Лепін, Маркс, Твае ўгодкі, бел.мова — каты і ахвяры — усё разам!
Ці не таму, што без цара ў галаве ўсё робіцца?
З дакладам “Максім Гарэцкі ў ”Архіпелагу ГУЛАГ “выступіў Радзім Гарэцкі. Потым – доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі, рэдактар той кніжкі, у якой змешчаны, Твая аповесць “Дзьве душы”, апавяданні, п’еса, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, літаратурная крытыка і публіцыстыка, лісты.
Міхась Восіпавіч прамаўляў даволі ўсхвалявана, што, зрэшты, нядзіўна. Занадта доўга мусіў чалавек гаварыць эўфемізмамі ды напаўголасу.
Пасля пленарнага пасяджэння ішла праца па секцыях.
А палове пятай надвечар адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку БСГА. Зрабіў бронзавую памятку малады скульптар Валеры Янушкевіч.
На адкрыцці прысутнічалі нашы сталага і сярэдняга веку пісьменнікі: Янка Брыль, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Віктар Карамазаў, Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец.
Паэт Сяргей Законнікаў паведаміў у кароткай прамове, што ў другім нумары часопісу “Полымя” за гэты год будуць надрукаваны Твае “Скарбы жыцця”.
Сёння ж у доме культуры БСГА прайшлі Рэспубліканскія ўрачыстасці. Бралі ўдзел пісьменнікі, міністры і намеснікі міністраў, прадстаўнікі мясцовай улады. Было многа словаў, пасля якіх мусілі выступаць тыя музыкі з філармоніі, але мы з калегам не сталі чакаць іхняга “канцэрту” і сышлі ў гатэль.Ах жа, зусім забыўся! Учора ў кавярні да нашай тройцы (скульптар В. Янушкевіч, фотакарэспандэнт Ул. Панада і Твой пакорны служка) падсеў пруткі як на свае гады чалавек, рэкамендаваўшыся супрацоўнікам магілёўскага аддзелу Беларускага інфармацыйнага агенцтва. Мы ўтрох гаварылі пра сваё, калі незнаёмец стаў нам хваліцца, што дэпутаты магілёўскай гарадской рады прапанавалі далучыць сваю вобласць да Смаленскай (якая, каб ты ведаў, належыць цяпер да Расіі) і такім чынам вырашыць эканамічныя праблемы. Гэткае спавешчанне старога жэўжыка зусім нас не ўсцешыла. Тады ён пачаў заводзіць нэндзу пра тое, што Беларусь ніяк йе зможа без Расіі г.д.
Тут нашу тройцу ўзарвала, прыйшлося суседу прыціхнуць.
Нервовая была вячэра ў гатэльнай кавярні. Усё, як некалі пры табе...
Такія мае навіны.
(...)
ЛІСТ ЧАЦВЁРТЫ
г.Горкі 19 лютага (пятніца)
ДАБРЫДЗЕНЬ, МАКСІМ!
Вось і адбыліся Твае сто гадоў. Сёння на дварэ зноў холадна і змрочна. Святкаванні працягваюцца. Тваім імем назвалі Горкаўскую райбібліятэку. Толькі што яе наведалі госці.
У Малую Багацькаўку едзем з Ул. Панадам на якімсьці куртатым аўтобусіку. З намі — маладыя бібліятэкаркі з Берасцейшчыны. Відаць, што яны з нашага, новага пакалення, якому будаваць вольную Беларусь. Між іншым, паказальнікі на дарозе — старыя, адбітыя па-расейску. Не спяшаецца мясцовае начальства праводзіць дэрусіфікацыю.
На мяжы Горацкага і Мсціслаўскага раёнаў (пры Табе ўжывалі людчэйшае, цяплейшае слова — павет) аўтобусы з удзельнікамі свята спыніліся дзеля неабходнага ў такіх выпадках рытуалу з хлебам-соллю.
А вось і Малая Багацькаўка. На месцы старой хаты, пад саламянаю стрэшкай якое сто гадоў таму назад знайшоўся Ты, мы пабачылі новую, з добрага дрэва і пад шыферам. Трэба прызнаць, што нашчадкі сумленна папрацавалі, каб на Твае ўгодкі адкрыць у ёй паўнавартасную экспазіцыю.
У музеі было не прабіцца за гасцямі і багацькаўцамі — усе хацелі пагрэцца ў хаце каля нацепленых печаў, пакаштаваць бульбачкі, зваранай у чыгуне. Гараджанам цікава было пабачыць старадаўнія рэчы, пагаварыць з вяскоўцамі.
Мушу запэўніць Васпана, што менавіта малая Багацькаўка стала кульмінацыйным пунктам юбілейных урачыстасцяў, бо толькі тут, на святым месцы Твайго нараджэння, сярод Тваіх нашчадкаў-аднавяскоўцаў яшчэ захавалася шчырасць, аўтэнтычнасць таго Беларускага Духу, якога ўхапілі Твае грудзі. Вось ён і надаваў нязмушанасці, непадробленасці святу ў Малой Багацькаўцы. А завяршылася яно ў Мсціславе праглядам дваццаціхвіліннага фільма пра Цябе і — святочным абедам у тамтэйшай рэстарацыі. Прызнаюся, мы зноў крыху ўзялі ў гонар Тваёй памяці. А яшчэ таму, што за вакном — лютаўскі зэс, чакала зваротная дарога, і постаць старога з бярозавым вехцем чамусці бянтэжыла і ўзрушала.
Зрэшты, гэта ўсё.
Бывай!
Як заўжды, Твой...
ЛІСТ ПЯТЫ
г. Менск 20 лютага (субота)
ДОБРЫ ДЗЕНЬ!
Магчыма, гэты ліст ужо лішні. Хапіла б і тых. Аднак пішу, пішу. У панядзелак трэба здаваць матэрыял рэдактару. I гэтыя вестачкі да Цябе — усяго толькі форма, стыль падачы матэрыялу.
Сёння набыў другую кніжку “Полымя” за гэты год. Якое багацце! Успаміны Паўліны Мядзёлкіі — твае “Кіпарысы”, “Лявоніус Задумекус”... Божа мой, божа, — шапчу.— Якая моц! Вось дзе наша філасофія, наша беларуская Псіхея! Але я пачаў ужо больш пра сябе, таму завяршаю мае пісьмёны. Пайду чытаць і перачытваць Тваё.
А сапраўднае, непадробнае свята — веру — наперадзе. Свята спраўджанага нацыянальнага Адраджэння, якое ты набліжаў сваёй працай, за якое...
... I тады мы зможам адказаць на пытанне: “Аткуля ўсё і што яно?”
Будзь з намі!
Рагаўцоў, В.
Іранізмы ў п’есах Максіма Гарэцкага
Максім Іванавіч Гарэцкі — беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, лексікограф, грамадскі дзеяч, акадэмік АН Беларусі (1928-1930). Зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры, у фарміранне нацыянальнай свядомасці. Нарадіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча (1913). У 1914-1917 гг. быў на фронце. З канца 1917 г. у Смаленку, супрацоўнічаў у газетах «Известия Смоленского совета», «Звезда»: (1918), з рэдакцыяй якой на пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Працаваў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). У 1922 г. арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. З 1923 г. у Мінску. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадзейны член), у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1926-1928), у АН Беларусі. У ліпені 1930 г. беспадстаўна арыштаваны, высланы ў Вятку. З 1935 г. выкладаў рускую мову і літаратуру ў пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў, Расія). У 1937 г. зноў арыштананы, у 1938 г. прыгавораны да растрэлу. Рэабілітаваны ў 1957 г.
М. Гарэцкі — адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы: аповесць «Дзве душы» (Вільня, 1919), дакументальна-мастацкі дзённік «На імперыялістычнай вайне» (1926), раман «Віленскія камунары» (1931-1932, апублікаваны ў 1963), аповесць «Камароўская хроніка» (апублікаваная ў 1966) і інш. Аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (Вільня, 1920; 3-е выд. 1924; а факсімільным выданнем выйшла ў 1992), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі а слоўнік» (1924, разам М. Байковым), зборніка «Народныя песні з мелодмямі» (28, з А. Ягоравым) і інш. Творы пісьменніка перакладзенныя на балгарскую, латышскую, літоўскую, рускую украінскую мову. На радзіме пісьменніка ў в. М. Багацькаўка створаны музей, пастаўленыя помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названыя вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 г. створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.
У літаратурнай спадчыне М. Гарэцкага даволі значнае месца займаюць драматургічныя творы. Ужо напачатку сваёй дзейнасці пісьмсннік «не абмяжоўваўся якой-небудзь адной жанравай формай, а ахвотна спрабаваў свае сілы ў розных жанрах, у тым ліку - у драматычных» (М. Мушынскі).
М. Гарэцкі — аўтар п’есаў «Атрута» (1913), «Антон» (1914), «Гапон і Любачка» (1911), «Мутэрка» (1920), «Салдат і яго жонка», «Свецкі чалавек», «Не адной веры», «Каменячос», «Чырвоныя ружы», «Жалобная камедыя», «Жартаўлівы Пісарэвіч» (усе 1922). Называючы свае п’есы «драматычнымі абразкамі, пісьменнік тым самым засведчыў іх жанравую спецыфіку, іх прыналежнасць да драматычнага і эпічнага родаў літаратуры» (М. Мішчанчук).
У 1990-я гг. з вяртаннем спадчыны і імя М. Гарэцкага ў літаратуру адрадзілася цікавасць і да яго драматургічнай творчасці. Баранавіцкім народным тэатрам пастаўленая «Атрута» (1981), Краснапольскім народным тэатрам - спектакль «Стогны душы» (1992) паводле аднаактовак «Салдат і яго жонка», «Свецкі чалавек» і «Атрута» (паказаны ў 1993 г. у Горках і ў Мінску на вечарыне з нагоды 100-годдля з дня нараджэння М. Гарэцкага). На белярускім тэлебачанні ставіўся спектакль паводле п’есы «Салдят і яго жонка» (1980; Т.Я. Гаробчанка).
Адна з асаблівасцяў драматургічных твораў М. Гарэцкага – мастэрскае выкарыстанне элементаў камізму.
Так, у сатырычным творы «Гапон і Любачка» пісьменнік «з’едліва, дасціпна высмеяў духоўнае ўбоства, унутраную спустошанасць, мізэрнасць людзей, якія ўсур’ёз прэтэндавалі на званне інтэлігентаў» (М. Мушынскі) — пана Малахія, настаўнікаў царкоўнапрыходскай школы Гапона Гапонавіча і Любові Іванаўны.
Жартаўлівы Пісарэвіч, персанаж аднайменнага драматьтчнага абразка, мае вялікую сілу волі: нават будучы хворым, ён пастаянна жартуе — не толькі з сябе, але і з навакольнага свету. У п’есе багата жартаў, смешных эпізодаў, тым не менш яна ўспрымаецца, як «камедыя-плач» - «па тых таленавітых, пісьменных, шчырых беларусах, якіх параскідаў лёс па розных канцах свету» (С. Лаўшук).
У вобразе Мутэркі, былога загадчыка двухкласнай школы, цяпер рэпетытара ў мястэчку, М. Гарэцкі «яркімі сатырычнымі фарбамі гнеўна закляйміў тып прыстасаванца, дэмагога, абывацеля» (М. Мушынскі), якому, як ён сам прызнаецца, семінарыя дала ўсё: «кавалак хлеба (значыцца, прафесію), маю цяперашнюю расейскую мову (за якую мяне амаль не ўсюдых лічылі чыстым русаком)». Як адзначае С. Лаўшук, Мутэрка адносіцца да «іванаў, якія не помняць роднасці»: «выракся роднай мовы, адцураўся не толькі свайго народа, але і кроўных блізкіх».
У творы «Свецкі чалавек» М. Гарэцкі «саркастычна-з’едліва» высмейвае... “савецкага” чалавека — Міколу Муху, які пагардліва глядзіць на бяцькоў сваіх - “вясковую цемнату”» (С. Лаўшук). Звычайны маскоўскі швецар, які прыехаў дамоў “выбраць сабе пашпарт”, загадвае бацькам клікаць яго не Міколам, а Мікалаем Хведасеічам. Ён “з вялікім унутраным задавальненнем… здекуецца з бацькі, з маці, з іх мужыцкай гаворкі” (М. Мушынскі).
Важную ролю ў драматургічных творах М. Гаряцкага пры стварэнні камічных сцэнаў, высмейванні адмоўных персанажаў адыгрываюць іранізмм моўныя адзінкі, якія ў кантэксце выражаюць тонкую, прыхаваную насмешку.
Драма «Гапон і Любачка». Даведаўшыся, што настаўнік царкоўнапрыходскай школы Гапон заляцаўся да матушкі, Поп вырашыў правучьіць яго: [Гапон:] А! Дзень добры, бацюшка! Лезце і вы купацца, вада ўжо цёплая, добра! У здаровым целе - здаровы дух... Хух хух хух... [Поп (маўчыць, потым шэпча):] Купайся, купайся, паскуднік... Я цябе зараз пакупаю... Пра тое, што дзеяслоў пакупаю ўжыты ў іранічным сэнсе (“правучу”), сведчыць наступны сітуацыйны кантэкст: улучыўшы момант, калі Гапон вылез на бераг, Поп секануў яго моўчкі з вялікай злосці пугаю па голым целе.
Іранічны сэнс укладзены Папом і ў словы (зараз) паратуюць: [Гапон (крычыць благім матам):] Ратуйце! Ратуйце, гэта разбой! [Поп:] Зараз паратуюць! (Рагоча ад злосці і трасе барадзішчаю.) Ужо бягуць... Будзьце сведкамі, добрыя люді, як я яго пакупаў... (Сыпле пугаю шыбка і часта, але той ізноў уцёк у ваду.) Паказчык іранічна ўжытага Папом дзеяслова паратуюць — рэмарка Рагоча ад злосці, а дзеяслова пакупаў — рэмарка Сыпле пугаю шыбка і часта...
Апрача маўлення Пана, горкай іроніяй напоўненыя асобныя словы ў маўленні Дзяка і царкоўнага Старасты, якія прыбеглі «ратаваць» Гапона: [Гапон:] Ратуйце, браткі! Бацюшка наш ашалеў... Трымайце яго... [Поп (спакойна ябтрасае мокрыя полы):] Ты наперад ашалееш, паскуднае стварэнне! Глядзеце, як я яго выкупаў. Хай жаліцца па мяне цяпер! [Дзяк (іржэ жарабя): ] Ігі-гі-гі! Во Іордані крэшчахуся... Гі-гі-гі! [Старнста:] Не хадзі, настаўнік, курэй красці!
Драматызаваны абразок «Мутэрка». з іранізмамі сустракаемся ў некаторых рэпліках Мутэркі, звернутых да ўдавы Блюмы Ліпскай: Знайшла чым наставіцца, ха-ха-ха! Правільна, Блюма, ты не такая бедная, каб свайму «ка-ха-нку » купляць такую смярдзючую табаку, як гэтая варшауская дрэнь; Адным словам, мадам Ліпская, «палю-боў-нік» вам каштуе надта дорага. Я дасканальна разумею вас і шчыра спачуваю вам. Ха ха-ха! Іранічная афарбоўка, якую набываюць назоўнікі каханак і палюбоунік, выяўляецца з дапамогай дэфіснага напісання слова і двукосся. У ролі паказчыка выступае і кантэкст, з якога вядома, што пачуцця кахання да Ліпскай Мутэрка не мае. Ролю палюбоўніка ён выконвае дзеля задавальнення сваіх карыслівых інтарэсаў, бо Блюма Ліпская — багатая местачковая крамніца. Дарэчы, у другой рэпліцы іранічнае адценне ўкладваецца і ў слова шчыра (спачуваю вам), пра што сведчыць постпазіцыйны вербальны паказчык - гукапераймальны выклічнік ха-ха-ха!
Мутэрка прызнаецца Ліпскай, што з «такім трудам далася мая цяперашняя расейская мова, што псаваць яе, выбачайце, ніколі не згоджуся!» З едкай іроніяй успрымаюцца гэтыя і іншыя «прызнанні» «чыстага русака», які разыгрывае ролю прыстойнага грамадзяніна, дакарае сябе, што з-за кахання «пагэбаваў (на нейкі час) служэннем свайму народу і заняўся прыватнымі лекчыцыямі сярод месцячковых буржуйчыкаў». На словы Ліпскай «А некаторыя ж вашы вучыцялі ўжо адчынілі школы і вучаць па-беларуску» Мутэрка-«натрыёт» спачатку нібы са шкадаваннем, а потым, кіруючыся чыста ўласнымі выгодамі, не без іроніі, а то і сарказму, адказаў ёй: З аднаго боку, немаведама, як у іх пойдзе. З другога боку, сходзіць з галавы нікому забараніць не можна, - так! А калі чалавек хоча жрр-аць, ён будзе вам вучыць не толькі па-беларуску, а хоць бы па-кітайску.
Драматычны абразок “Жартаўлівы Пісарэвіч”. Іранічную афарбоўку набываюць словы, якія ўжываюцца як адмысловыя («разавая») назва персанажа: [Жонка (збітая з раўнавагі):] Дык гэта ж і ёсць сам пан Пшэпюркоўскі, лекар бяжэнскага камітэту. [Пісарэвіч:] А-а?! а чаму ж ты з ім не пазнаёмілася? Знаёмы і сам уцякач, гэта ж: “Пралетары ўсіх краёў, злучайцеся”. [Вылучаны выраз Пісарэвіч выкарыстоўвае ў дачыненні да лекара «бяжэнскага камітэту» , які, мабыць, нярэдка карыстаўся гэтым адным з першых самых вядомых камуністычных лозунгаў (ням. «Рrolеtarier аllеr Lander, vereinigt еuch!»; упершыню быў выказаны Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам у «Маніфесце Камуністычнай партыі»).
У функцыі іранізму ўжываецца перыфраза-эўфемізм, якая кампанентным складам камічна намякае на прамую назву: [Баба (прыбягае раз’юшаная):] Зладзеі вы! З-пад чужой курыцы яйкі выбіраеце ды яешні сабе смажыце! Падумаеш, паны дужа вялікія! [Жонка:] Алесь, галубок, даражэнькі! Яна брэша, няпраўда, я не брала, я на рынку купіла... (Тупіць вочы, уцягвае галаву.) [Баба:] Купіла пад чужой курыцай! Тут вылучаная нерыфраза ўжываецца са значэннем «забрала з-пад чужой курыцы».
На эфекце «падманутага чакання» пабудаваны наступны дыялог: спачатку Пісарэвіч як бы згаджаецца з Пані («Выбачайце: тут мяшкаюць панства Пісарэвічы?»): Тут, тут... Аднак далейшы працяг ягонай рэплікі сведчыць пра адваротнае: «...хоць якое там. панства! Быў конь, ды з’ездзіўся». Без скаргі, не адкрыта, а неяк прыхавана, у вобразнай форме, з дапамогай вылучанай прыказкі (гаворыцца пра таго, хто састарыўся ці страціў сваё былое значэнне, уплыў і пад). Пісарэвіч даў зразумець Пані, хто ён ёсць насамрэч - нямоглы, пазбаўлены свайго жылля, гаспадаркі... Горкая самаіронія ўкладзеная «панам» Пісарэвічам у сэнс ужытай ім прыказкі.
З іранічным адценнем успрымаецца ацэнка-пахвальба Пісарэвічам сваіх хлопчыкаў: Мае хлопчыкі? А нічога, нічога, дзякую! Аддалі іх у прытулак, — хоць Стася і дужа не хацела, але крута нам прыйшлося. Дык нічога! Красці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў, а цяпер во з намі жывуць, бо прытулак зачыніўся, — нічога, добрыя хлопчыкі... Паказчыкам іранічнага ўжывання словазлучэння добрыя хлопчыкі з’яўляецца прэпазіцыйны вербальны кантэкст — красці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў.
Як іранізмы ўспрымаюцца радкі, якія неаднойчы спяваў Пісарэвіч дзеля суцяшэння сваёй і людской нядолі, - заключныя словы 1-й страфы. міжнароднага пралетарскага гімна «Інтэрнацыянал» (1871) французскага паэта-песенніка Эжэна Пацье:
[Пісарэвіч:] Быў конь, ды з’ездзіўся. Ну, нічога! Добра, усё добра! (Пяе, махаючы ад сцюжы рукамі - ботам і шылам.)
Хто быў нічым,
Тойбудзе ўсім!
[Пісарэвіч (прыходзіць, пеючы «Хто быў нічым... »):] А што, пайшла ўжо лялька [маладая, досыць прыгожая пані Ядвіга]? Няўжо і да сябе запрасіла? [Жонка (халяруе):] Змоўкні, змоўкні, змоўкні з гэтаю песняй! Ты ненармальны!
Пра дасціпнасць Пісарэвіча, здольнасць яго пра жыццёвыя нягоды сказаць не адкрыта, а іншасказальна, сведчыць наступны дыялог: [Пісарэвіч:] Промысел - чым мы будзем жыць і што мы будзем есці. Але, грамадзянка, не стойце ў дзвярах, праходзьце далей у нашы палацы! [Пані (нясмела заходзіць):] А хто вы такі? Ці сапраўды тут жывуць панства Пісарэвічы? З папярэдняй разгорнутай рэмаркі вынікае, што «нашы палацы» — гэта сцюдзёная няпаленая марознай зімою кватэра.
Драматызаваная аповесць «Антон». Паказчыкам іранічнага ўжывання моўнай адзінкі з’яўляецца спецыялізаванная рэмарка насмешліва: [Антон (дос касіць, выцірае лоб рукавом):] Ат, будзе з нас, тата, перакашу няўмысля, дагледзіць Банадысёнак - сварыцца пачне... [Аўтух:] А глядзець на яго сваркі? Няхай сабе горла дзярэ, а « ты — сваё адкасіў. і ніхто да цябе “нічога не мае. Адкасі цяпер жа... [Антон:] Ну, дадушы, тата, будзе сварка... Клок тут сена, бярэмца не збярэцца... Мяжа, здаецца, так ідзе. [Аўтух (насмешліва):] Жалобнік ты ў мяне абабраўся... Дурань! Пакінь з аднаго боку Банадысю на паўпакоса ды Ахрэму з другога столькі, і касіць не трэба, бо рэз шырокі, што там... Відавочна, што Аўтух іранізуе з сына («Жалобнік ты ў мяне абабраўся...»), калі той, звяртаючыся да бацькі, просіць яго: Ат, будзе з нас, тата, перакашу няўмысля, дагледзіць Банадысёнак — сварыцца пачне...
Пра іранічнае ўжыванне прыметніка добранькі (Аўтух) сведчыць постпазіцыйны вербальны кантэкст — развіты прыдатак сабака панскі, абдзірала...: [Якаў: ] Ладзен, ладзен ён, твой добранькі Аўтух, сабака панскі, абдзірала... Паліцыя няхай ш возьмецца яшчэ, не падаруецца яму...
Іранічны эфект можа выяўляцца з дапамогай камбінаваных сродкаў -рэмарак насміхаючыся, рагоча, а таксама фрагментаў рэплікі Іцкі: [Ёсель (прыносіць гарэлку):] Аўтух,Аўтух, а ў пані ты даўно быў. Аддала пенсію! [Іцка (насміхаючыся):] Аддадуць. Паня Іванецкая аддае на лета, ды не на гэта... (Рагоча.) Каб у яе было што аддаваць. Лясы прадае, прадасць і зямлю... Тады аддасць... Пачуўшы ад Ёселя, які звярнуўся з пытаннем да Аўтуха, ці аддала пані пенсію, Іцка, , не дачакаўшыся адказу, з іроніяй (паказчык - прэназіцыйная рэмарка насміхаючыся) адказаў: аддадуць. Функцыю постпазіцыйнага вербальнага паказчыка камічнага і адначасова ягонага інтэнсіфікатара выконвае фрагмент Іцкавай рэплік і паня Іванецкая аддае на лета, ды не на гэта... (Рагоча.). I абгрунтоўвае адказ: Каб у яе было што аддаваць.
Такім чынам, у драматургічных творах М. Гарэцкага іранізмы не толькі служаць для стварэння камічных сцэнаў, але і з’яўляюцца (што не менш важна) дзейсным сродкам характарыстыкі адмоўных персанажаў – духоўна убогіх мясцовых “інтэлігентаў”, якія выракліся сваёй роднай мовы, блізкіх…

















































