Эмануіл Іофе
Штрых да штрыха
Гэта ўжо стала гісторыяй, а я ўсё ніяк не магу забыць той памятны нумар “ЛіМа” з партрэтам М. Гарэцкага, дзе ён пасля многіх год замоўчвання і недаацэнкі ўпершыню быў названы Алесем Адамовічам класікам беларускай літаратуры. Так, класік, які займае ў ёй самае пачэснае месца побач з Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам, З. Бядулем. I трэба рабіць усё магчымае, каб у яго біяграфіі — і жыццёвай і творчай — заставалася менёй “белых плямаў”.
Аўтару гэтых радкоў удалося знайсці ў розных архівах, часопісах і газетах 20-х гадоў звесткі аб юнацтве пісьменніка, якія дазваляюць удакладніць асобныя невядомыя і малавядомыя старонкі жыцця гэтага чалавека. Некалькі матэрыялаў увайшлі ў радыёперадачу, аўтарамі якой былі Э. Іофе і У. Ліўшыц.
Так, у службовых спісах супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта за 1923 год выяўлена рэгістрацыйная анкета, напісаная ўласнаручна М. Гарэцкім, з якою, думаю, цікава пазнаёміцца:
1. Прозвішча — Гарэцкі
2. Імя — Максім
3. Імя па бацьку — Іванавіч
4. Данладны адрас — Мінск, Савецкая, 97—6
5. Час нараджэння —1893
6. Месца нараджэння — Меншая Багацькаўна, Шамаўская вол.,
Мсціслаўскага павету.
7. Нацыяінальнасць — беларус
8. Родная мова—беларуская
9. Паходжанне (саслоунае) — селянін
10. Сямейнае становішча — жанаты
11. Склад сям’і, месца яе прабывання — жонка і двое дзяцей, у Менску.
12. Адукацыя агульная (ніжэйшая і сярэдняя школы і час сканчэння) — Альшанская другакласная школа Аршанскага павету, 1908 г., землямерна-агранамічная школа ў Горах-Горках Магілёўскай губерніі, 1913.
13. Адукацыя вышэйшая (падрабязна з указаннем часу заканчэння) — слухаў лекцыі ў Маскоўскім археалагічным Інстытуце на I курсе ў 1918 — 1919 г. (гісторыя мастацтва.
14. Спецыяльнасць — беларуская літаратура
15. На якіх мовах акрамя роднай гаворыць, піша, чытае, (указаць падрабяэна) — расійская і польская.
16. Папярэдні занятак: а) да Кастрычніцкай рэвалюцыі і б) пасля Кастрычніцнай рэвалюцыі.
Каморнік (землямер), рэпарцёр, настаўнік, літаратар.
17. Вучэбная спецыяльнасць (галіна і прадмет выкладання) — беларуская літаратура.
18. Якімі тэхнічнымі і практычнымі навыкамі валодае і дзе працаваў.
Умею ўсякую сельснагаспадарчую работу, умею каморніцтва.
19. Папярэдняя вучэбная і навуковая работа.
Быў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі, на беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску (Латвія).
20. У якіх навуковых таварыствах і камісіях удзельнічаў або ўдзельнічае.
Інстытут беларускай культуры ў Менску, беларускае навуковае таварыства ў Вільні.
21. Якія мае навуковыя або літаратурныя працы — “Гісторыя беларускае літаратуры”, “Беларуснія слоўнікі”, апавяданні.
22. Ці мае навуковую ступень — не.
23. Ці займаў калі-небудзь выбарныя пасады, дзе і калі.
Кандыдат Менскага гарадскога савету. 1923 г.
24. Адносіны да воінскай павіннасці (дзе служыў і ў якіх чынах).
Бамбардзір 2-й батарэі 27-й артылерыйскай брыгады.
Па набору ўвосень 1918 г. у Смаленску прызнаны зусім нягодным за ранамі для службы, дакумент прапаў.
25. Ці састаяў у Прафесіянальным саюзе, у якім менавіта, з якога часу.
Сябар беларускага Настаўніцкага саюза ў Вільні з 1919 г. (№ 31), цяпер сябар саюзу працаўнікоў асветы.
26. Ці спачувае або належыць да якой-небудзь палітычнай партыі.
Беспартыйны.
Подпіс М. Гарэцкі”.
У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца “Дело о присвоении звания землемера-агронома Горецкому Максиму Ивановичу”. У ім ёсць прашэнне М. Гарэцкага: “...допустить меня к испытательному экзамену”. Яно датуецца 19 чэрвеня 1909 года. Унізе подпіс і горацкі адрас: вуліца Зялёная, дом Якаўлева. Далей з архіўнай справы відаць, што на запытенне дырэктара вучылішча ад 25 чэрвеня 1909 года горацкі павятовы іспраўнік пад грыфам “сакрэтна” паведамляе, што “селянін Максім Іванавіч Гарэцкі за час пражывання яго ў Горках з верасня 1908 года ні ў чым заганным не заўважаўся”.
На жаль, у архіўнай справе адсутнічаюць матэрыялы аб тым, як праходзіла яго вучоба. Праўда, у другой справе таго ж фонду ў “Ведомостях о переводных экзаменах ученкков землемерно-агрономического училища в 1912 г.” адзначаецца, што Гарэцкі М. I. меў “выдатна” па 23 прадметах і практыцы, 41⁄2(была і такая адзнака) па глебазнаўстве.
У вучылішчы будучы пісьменнік не толькі атрымлівае спецыяльнасць, але і далучаецца да літаратуры. Пачаў з невялікіх нататак, затым фельетонаў і апавяданняў. У першай сваёй інфармацыі, падпісанай “Беларус”, ён расказвае аб каморніцка-агранамічным вучылішчы, аб вялікім конкурсе — да трохсот заяў на 36 месцаў. “Можна сказаць, — пісаў М. Гарэцкі, што вучні з’язджаюцца з усіх куткоў Расіі, бо беднякоў прымушае шукаць асветы тое, што вучылішча мае шэсцьдзесят 180 рублёвых стыпендый”.
У ліпені 1913 года паўстала пытанне аб размеркаванні на работу. У архіўнай справе маецца пісьмо загадчыка каморніцкай часці землеўпарадкавальнай камісіі Магілёўскай губерні на імя дырэктара вучылішча. У ім гаворыцца, што просім “...не отказать Максиму Горецкому подать на мое имя установленное прошение о приеме его на службу в Могилевскую губернию”. Указвалася і сума гадавога аклада — 900 рублёў.
Можна меркаваць, што М. Гарэцкі з-за блізкасці да роднага дому і неабходнасці аказаць дапамогу бацькам хацеў паехаць на работу ў Магілёў, і, напэўна, вёў папярэднія перамовы. Аднак атрымлівае накіраванне ў Вільню. А ў Магілёў дырэктар вучылішча паведемляе, што М. Гарэцкі меў казённую стыпендыю і абавязаны адслужыць па накіраванні “...число лет, равное времени использовання казенной стипендии”.
У архіўнай справе захоўваецца і копія атэстата Максіма Гарэцкага. Вось як ён заканчваў вучобу: агульнаадукацыйныя прадметы, сельская гаспадарка і землеўпарадкаванне — “выдатна”, прыродазнаўчанавуковыя прадметы —“добра”. “При этом, — адзначаецца ў атэстаце, — проявил особый интерес и оказался наиболее сведущим , по геодезии и коренным улучшениям сельскохозяйственных угодий”. На копіі атэстата ёсць подпіс: “Подлинный получил 29 июля 1913 года. Максим Горецкий”.
Восенню 1913 года ён ад’язджае на работу ў Вільню. З гэтага горада М. Гарэцкі прысылае 4 студзеня 1914 года ў канцылярыю вучылішча паштоўку, у якой просіць паведаміць, ці няма яму пакета з Шамоўскага валаснога праўлення (у гэтай воласці знаходзілася яго родная вёска Малая багацькаўка.— Э. I.). Паведамляе і свой адрас: “Вільня, Губернская чарцёжная. Гарэцкаму”.
Вялікі інтарэс прадстаўляюць некалькі анкет і апытальных лістоў, якія запоўніў М. Гарэцкі і якія захоўваюцца ў асабістай справе. Пра адукацыю сведчыць, што закончыў каморніцка-агранамічнае вучылішча ў Горках, займаўся самаадукацыяй і слухаў лекцыі ў Віленскім універсітэце. Ці ведаюць аб апошнім факце яго біёграфы?
Адказваючы на пытанне аб прафесіі, М. Гарэцкі піша ў адной анкеце — настаўнік, у другой — гісторыя беларускай літаратуры. Яго рукой састаўлена кароткае апісанне жыцця за апошнія 15 год: да 1913 г.—вучыўся; 1913—1914 гг. каморнікам на Віленшчыне; 1914—1917 гг.—на вайне; 1918 —1919 гг.— працаваў у савецкіх газетах; 1919—1923 гг. — настаўнічаў у Віленскай белаларускай гімназіі; 1923— 1925 гг.— настаўнічаў у Мінску (рабфак, камвуз).
З анкет таксама бачна, што М. Гарэцкі прыцягваўся да суда ў Вільні польскімі ўладамі “...за рэдагаванне газеты “Беларускія ведамасці” і камунізм”.
Даведваемся з дакументаў і апытальных лістоў, што ён свабодна валодаў польскай мовай. Пайшоў у армію 1 ліпеня 1914 года і служыў малодшым феерверкерам у артылерыі, удзельнічаў у баях і быў цяжка паранены. Прымаў удзел у з’ездзе настаўнікаў беларускіх сярэдніх школ у Вільні ў 1922 годзе (быў прадстаўніком ад Віленскай беларускай гімназіі). У 1926 годзе М. Гарэцкі - дэлегат ад Інбелкульта на краязнаўчай канферэнцыі.
Толькі некалькі штрыхоў, але і яны дадаюць ведаў пра аднаго з самых таленавітых і славутых сыноў нашага народа.
Барыс Бур’ян
“Паказваць беларуса са ўсіх бакоў…”
Калі думаеш сам або каму-небудзь даводзіш, навошта створаны і якім павінен быць беларускі нацыянальны тэатр, калі гаворка ідзе пра вышэйшьі сэнс сцэнічнай творчасці на ніве беларускага Адраджэння, няма патрэбы штосьці выдумляць і рабіць з сябе надта да сведчанага тэарэтыка: дастаткова разгарнуць старонкі Максіма Гарэцкага. Напісаныя ў 1913 годзе. Калі іх аўтару было дваццаць гадоў. Звычанна ягоныя равеснікі яшчэ толькі далучаюцца да крыніцы ведаў пра тое ж тэатральнае мастацтва, знаёмяцца з ім па розных хрэстаматыях ды першакрыніцах. А тут ёміста і грунтоўна абвешчана нацыянальная задача ў галіне будовы беларускага тэатра, задача надзённая і дзейсная і дагэтуль. А мо нават і асабліва актуальная якраз у нашы дні, напрыканцы XX стагоддзя, калі суверэнная Беларусь кшталтуе адметную культуру, вызваляючыся ад ідэалагічнага дыктату і мінучых прапагандысцкіх забабонаў.
Маю на ўвазе артыкул М. Гарэцкага “Наш тэатр”. Яго можна ўспрымаць і як маніфест сталага і эрудзірзванага культуролага, і як праграму нацыянальнай інтэлігенцыі, і як афарыстычны катэхізіс-настаўленне для драматургаў, рэжысёраў і артыстаў, што выносяць плён сваёй творчасці на падмосткі сцэны. Ёсць у гэтым тэксце і нешта паэтычнае. Катэхізіс, падобны да натхнёнай паэмы. Дарэчы, “Наш тэатр” і быў выдадзены ўпершыню славутым панам Марцінам Кухтам у Вільні адначасова з “Вянком” знакамітага Максіма Багдановіча. У такіх супадзеннях заўсёды пульсуе пэўная заканамернасць, і ўсё выпадковае набывае таямніча - сімвалічны сэнс.
Наогул, як мне здаецца, у нашым тэатразнаўстве і літаратурнай крытыцы ледзь закранута вялікая тэма — Максім Гарэцкі і тэатр. Ды і сама наша сцэна, мабыць, яшчэ схамянецца і здагадаецца, што дарэмна дасюль пакідае па-за сваім творчым інтарэсам драматычную па сваёй сутнасці і духу мастацкую спадчыну выдатнага празаіка, які так маляўніча раскрывае праз моўныя характарыстыкі свае вобразы і прасочвае іхні лёс у драматычна вострых жыццёвых калізіях. Гэта проза патэнцыянальна багатая для перакладу на сцэнічны лад.
Што гэта так і ёсць, пацвярджаюць і драматургічныя пректыкаванні М. Гарэцкага, тыя абразкі, якія ён пісаў у дыялагічнай форме, у выглядзе кароценькіх п’ес. Сапраўды, варта сёння пагартаць тыя кнігі пісьмекніка, дзе змешчаны аповесць “Антон”, п’есы “Гапон і Любачка”, “Салдат і яго жонка”, “Атрута”, “Чырвоныя ружы”, “Каменацёс”, “Не адной веры”, “Жалобная камедыя” або “Свецкі чалавек”—і ты атрымаеш уяўленне пра безумоўную тэатральную вартасць створанага М. Гарэцкім. I як гэта ні дзіўна, у сцэнічньім летапісе пазначаны толькі адзін факт звароту да драматургіі гэтага мастака сцэны. Ды і то аматарскай.
Гэта здарылася ажно ў 1937 годзе восенню, калі М. Гарэцкі быў у кіпцюрах яжоўска-берыеўскіх драпежнікаў, калі над ім чынілі гвалт недэпечаныя артадоксы і недавучаныя патрыёты “непарушнага Саюза”, сталінскай дзяржавы. Здарылася паблізу ад Карэлічаў у вёсцы Загор’е, дзе дваццацігадовы Янка Брыль арганізаваў аматарскі тэатр, каб са сцэны прапагандаваць беларускае слова і беларускую думку. Тэатр — як выклік санацыйным уладам Польшчы! I сярод першых пастановак аматараў з Загор’я — “Атрута” М. Гарэцкага, дзе небарака селянін — Рыгор і без таго раб дзяржаўных чыноўнікаў ды мясцовых багацеяў — робіцца яшчэ і рабом магутнай атруты, губляючы ад гарэлкі і маральныя свае вартасці і нават сумленне. Той Рыгор нібы пабрацім па сваім горы - злачынстве Коласаваму “Антосю Лаце”. Ва ўмовах Заходняй Беларусі таго часу такая драматургія і спрыяла фарміраванню нацыянальнай свядомасці, і мела выхаваўчы этычны ўплыў на людзей.
Гэта пакуль што адзіны радок у сцэнічнай біяграфіі твораў М. Гарэцкага.
Затое ягоныя даследаванні і парады ў галіне тэатразнаўчай журналістыкі і крытыкі зрабілі свой адбітак на практычныя справы I. Буйніцкага, А. Бурбіса, Ф. Ждановіча, У. Галубка і Е. Міровіча; мелі яны значэнне і для драматургічных пошукаў паэтаў і пісьменнікаў. Я не асмелюся гаварыць больш канкрэтна аб тым, хто менавіта — В. Гарбацэвіч або Я. Рамановіч, Е. Міровіч ці Ф. Аляхновіч — непасрэдна кіраваўся прарочымі ўказаннямі аб тым, якім бачыцца і якім павінен быць беларускі тэатр на шляху Адраджэння, але ўпэўнены, што кожны з памянёных тут ведаў і нават вывучаў праграмны артыкул “Наш тэатр”.
Дастаткова прывесці з яго толькі адзін абзац, каб адчуць усю агністую духоўную энергію змагара за нацыянальны ідэал: “Пакажыце беларусу са сцэны, хто ён, чым ён быў, што ён цяпер, чым бы ён мог быць, гукніце яго са сцэны да новага жыцця—і божа мілы! — гэты гаротнік беларус, пераканаўшыся, ужо знойдзе здольнасці парваць ланцугі рабства, патрапіць крыкнуць: “Жыве Беларусь!” — так дужа, што аж векавыя муры няволі, як тыя сцены ерыхонскія, пасыплюцца ў прах. А ў такім разе доўг нашых пісьменнікаў, каторы яны павінны сплачваць, гэта—у драматычных творах паказаць беларусу, у якой пушчы ён блудзіць і дзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнага жыцця”.
Артыкул разгортвае і ўдакладняе гэты тэзіс, канкрэтызуе ўяўленне пра нацыянальнае аблічча тэатра Беларусі як цывілізаванай і незалежнай краіны. Мусібыць, дастаткова і гэтага тэзісу, каб адчуць праніклівы і пільны роздум па-сучаснаму адукаванага паладзіма ў пашанотнай варце Мельпамены і Таліі.
Я звяртаюся да гэтых муз, бо і М. Гарэцкі не трэбуе так званым высокім стылем, каб абвясціць веліч тае задачы, што наканавана вырашаць беларускай сцэне. Спашлюся яшчэ на такую мясціну з артыкула: “Тэатр гадуе мападых байцоў за праўду і дае грамадзянскую моц людзям у пары, але заняпаўшым, ён абгладжвае на добры лад характары людзей і народаў. Толькі трэба памятаць, што тэатр — дамаская шабля, вострая з абодвух бакоў. У тэатры можна прыносіць ахвяры Духу Чысціні і Праўды, можна пакланяцца і Ваалу з Астартай... Добра, каб ён быў храмам, а не бруднай стайняй Аўгія, і не памяшчэннем злога бога Арымана, і не кутом дурнога скалазубства...”
Не буду тлумачыць імёны герояў грэчаскай міфалогіі, толькі падкрэслю, што да іх М. Гарэцкі звяртаўся, каб яшчэ раз вылучыць агульначалавечае значэнне дзейнасці нацыянальнага тэатра. Тэатр засяроджваецца на маральных і духоўных каштоўнасцях (або заганах) уласнага народа, каб адчуць і паказаць яго адметнае месца і ролю ў планетарнай культуры зямлян. Прынамсі, так успрымаеш тэатральны маніфест М. Гарэцкага цяпер, калі па-сённяшняму гучыць і такі сказ: “Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння...”
Пагадзіцеся, што нашай сучаснай сцэне яшчэ многае трэба зрабіць, каб і на самай справе мець годнасць Храма Мастацтва і не дазваляць сабе падаць у прыкрыя Нізіны, у глухі закутак таннага скалазубства або бязглуздзіцы. Чаго грэх таіць: і сёння мы бываем сведкамі, як нам прапануюць замест храма — мітынговую трыбуну з напышлівымі рыторыкамі, а камедыю зводзяць да непрыстойных анекдотаў, разлічаных на самахвальскі рогат не надта патрабавальнага гледача. Ой, варта б пастаўшчыкам такой тэатральнай вытворчасці перачытваць М. Гарэцкага, таго дваццацігадовага мудраца, які восемдзесят гадоў назад склаў высакароднага духу катэхізіс “Наш тэатр”!
Не, не трэба выстаўляць М. Гарэцкага носьбітам бясспрэчных ісцін і абсалютна беспамылковым крытыкам. Больш таго: сёння, мабыць, наогул цікава і карысна для тэатралаў заглыбіцца і ў дыскусійныя моманты спрэчак М. Гарэцкага з Я. Купалам, напрыклад, або ўважліва перачытаць водгукі на творчасць У. Галубка і ягонага тэатра або М. Грамыкі, параўнаўшы з сучасным нашым уяўленнем аб ролі вандроўнага тэатра на Беларусі, аб творчасці аўтара “Плытагонаў” або “Пісаравых імянін”... Не губляюць свайго значэння і ягоныя заўвагі і меркаванні пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, пра оперу “Сялянка”.
Хаця навошта ж я спрабую дакладна вызначыць практычны сэнс інашага вывучэння тэмы “Гарэцкі і тэатр”? Артыкулы публіцыстычна і па-мастацку так адмыслова напісаны, што можна гаварыць нават і пра эстэтычную асалоду, якую нам дорыць такая літаратура. Прынамсі, чытаючы такія артыкулы, як “Беларускае драматычнае пісьменства” (1919), “Вінцук Дунін-Марцінкевіч” (1919), “Удадзіслаў Галубок” (1919), “75 гадоў оперы “Сялянка” (1921), “Пісаравы імяніны” — камедыя Галубка” (1923), “Аб Галубковых спектаклях” (1923), “Беларускі тэатр у палове XIX веку” (1924), я адчуў неабходнасць павучыцца майстэрству ўдумлівага крытыка і выдатнага стыліста на рэцэнзенцкай і тэатразнаўчай ніве. А праблематыка артыкулаў не састарэла і дасюль.
Раскрыем словы М. Гарэцкага хоць бы пра “Раскіданае гняздо” Я. Купалы. Ці не заўсёдная спрэчка пра ўзаемаадносіны ў адным мастацкім творы элементаў высокай рамантычнай сімволікі з элементамі зямнога рэалізму адгукаецца ў роздуме М. Гарэцкага, які, відаць, не згаджаўся з тым, што наогул у еўрапейскай культуры на рубяжы XIX і XX стагоддзяў рэалізм набываў акрэсленыя ўжо рысы натуралістычнага паказу рэчаіснасці, і мастакі слова шукалі новыя выразныя формы і новы стыль адлюстравання праўды жыцця ў мастацтве, багатым на змястоўныя сімвалы, асацыятыўныя параўнанні і суадносіны, на блазенскія і гратэскныя пасажы. Таму яму здавалася, быццам “Раскіданае гняздо” — гэта “мешаініна рэалізму з сімвалізмам, разам з тым сімвалы новага часу абгорнуты нейкім туманам няпоўнай усвядомленасці, і дзеля таго, яны, падмяняючы прынаднасцю думкі, выйграюць, але маючы ўшчэрбу ў сочнасці фарбаў побач з рэалізмам, многа губяць”.
Надта спрэчна! Бо і сцэнічная практыка, напрыклад, у пастаноўцы “Раскіданага гняза” ў купалаўцаў у 1972 г. рэжысёрам Б. Луцэнкам і “Тутэйшых” у 1990 г. М. Пінігіным па-свойму абвяргае абстрагаваныя ад магчымага тэатральнага ўвасаблення разважанні пра паэтыку драматургіі Янкі Купалы наогул. У гэтых работах наша рэжысура разам са сцэнографам і акцёрамі знайшла той запаветны ключык, які адкрывае перад намі паэтычнае хараство ўвасобленых Купалам карцін жыцця як алегарычна асэнсаваных з’яў быцця чалавецтва ў яго нацыянальным тэмпераменце і нацыянальным мастацкім светаадчуванні. Тады сімвал робіцца нібы кодам жыцця. Мастацкі код!
Вядома, у мяне могуць быць і апаненты, якія па-свойму паставяцца да сказанага М. Гарэцкім. I гэта засведчыць жывую актуальнасць некаторых ідэйна-эстэтычных поглядаў выдатнага пісьменніка, які разумеў, што без тэатра Адраджэнне наўрад ці здабудзе таго плёну, аб якім марылі пакаленні беларусаў.
Трэба спадзявацца, што 100- годдзе Максіма Гарэцкага наблізіць нашу сцэну і наша тэатразнаўства да сапраўды каштоўнай і змястоўнай спадчыны гэтага майстра, які ў трагічным віры сталіншчыны загінуў, не паспеўшы стварыць, магчыма, самых выдатных сваіх твораў. У тым ліку і для тэатра, які жывіўся для яго прывабным дзвізам: “Падняць” беларуса да ідэальнага чалавека!”
Падняць, заўважым мы асабліва, гэта не адно і тое ж, што перавыхаваць або загартаваць! I невыпадмова потым М. Гарэцкі ўдакладняе: “...Адправы ў нашым Храме Адраджэння адны: цудоўмымі ў мастацтве абразамі паказваць беларуса са ўсіх бакоў і прамываць яму вочы”. У галаслівых хваляваннях ахлакратыі цяпер часта выяўляецца жаданне натоўпу “прамываць вочы” і вучыць якраз інтэлігенцыю, асабліва творчую — артыстаў, мастакоў, музыкантаў, кінематаграфістаў, філосафаў. А ў тэатры ўсё часцей выказваюць сваё імкніенне забаўляць ды пацяшаць цяперашняга гледача, адцягваць увагу публікі ад сур’ёзных жыццёвых клопатаў і роздуму рознымі меладраматычнымі, дэтэктыўнымі і эратычнымі байкамі, вадэвілямі, міфамі. Штосьці зрушваецца пры гэтым у самім паняцці “наш тэатр”, як яго разумелі лепшыя прадстаўнікі народа. Вядома ж, што тэатр вучыць, пацяшаючы, і пацяшае, навучаючы! Тым і прамывае нам усім вочы на праўду. Калі толькі гэта сапраўдны Тэатр.
Уладзімір Содаль
Адно імгненне і ўсё... жыццё
“Браты М. а Г. Гарэцкія” — так пазначылі сваё аўтарства Максім і Гаўрыла Гарэцкія на “Руска-беларускім слоўніку”, які быў выдадзены ў 1918 годзе ў Смаленску “к патрэбе і на добрае ўжыванне маладым і адраджоным братам, што па-маскоўску чытаць-пісаць умеюць, а па-беларуску вучыцца хочуць”.
Калі яшчэ быў жывы адзін з гэтых аўтараў — акадэмік Г. Гарэцкі, я пацікавіўся ў Гаўрылы Іванавіча, як слоўнічак рыхтаваўся, хто з братоў што рабіў. Атрымаў такі адказ: “Я дапамагаў брату. У абласным камітэце ў Смаленску, дзе я працаваў тады, была машынка, і я друкаваў, глядзеў карэктуру, мо і якое слова падказаў, а галоўнае — за мною заставалася тэхнічная праца. Слоўнік выпускалі ў той жа друкарні, у якой выходзіла і абласная газета. З надрукаваннем не было цяжкасці. Тады была такая пара: друкуй, калі ласка, што хочаш, колькі хочаш, толькі грошы давай. А вось іх якраз у нас не было. Пра гэта Максім і Жылуновіч не раз пісалі...” — “Ну, і дзе ж тых грошай расстараліся?” — “А зусім выпадкова. У Смаленску Максім неяк напаткаў свайго таварыша Старобінца. Разам у артылерыі служылі. Быў дэмабілізаваны. Максім расказаў Старобінцу пра свой клопат.
I гэты Старобінец дастае восемсот рублёў. Добра помню, колькі грошай было, — і дае Максіму. Вось так і вырашыўся лёс слоўніка. Больш таго Старобінца я не спатыкаў. Хто ён і адкуль не ведаю...”
Такая сціплая згадка пра гісторыю выдання “Руска-беларускага слоўніка” ў Смаленску ў 1918 годзе братамі Гарэцкімі. На гэтым можна было б кропку і паставіць.
Але, глядзіце — невядомы цяпер нам артылерыст Старобінец за адно імгненне вырашыў лёс слоўніка. За гэтае імгненне і сваё імя ўвекавечыў, след на зямлі пра сябе пакінуў. Мы не ведаем, колькі пражыў ён, чым займаўся далей, але з усяго жыцця толькі гэтае імя імгненне і застанецца ў гісторыі...
Ці не павучальны прыклад для нашых сённяшніх мецэнатаў, бізнесменаў, мільянераў?!
I яшчэ... Максім, далучаючы да працы над слоўнікам малодшага брата, рыхтаваў яго да свядомага жыцця на нацыянальнай ніве. I яму гэта, як вядома, удалося. Будучы акадэмікам, слынным геолагам, доктарам геолага-мінералагічных навук, Г. Гарэцкі ўсё жыццё цікавіўся і філалогіяй, і моваю, і нетрамі зямлі. I ў гэтым, бясспрэчна, ёсць след і Максімавай руплівасці.
Алесь Марціновіч
Дзе тая праўда, дзе тая манна… “Скарбы…” М. Гарэцкага ў “Полымі”
Голас з небыцця і адначасова — голас з вечнасці. Голас Максіма Гарэцкага, стомленага фізічна, спакутаванага духоўна, ды па-ранейшаму нязломнага, няскоранага. Колькі пражыта- перажыта, колькі пабачана і перадумана, што настала пара заняцца і падсумаваннем зробленага, бо хто яго ведае, як будзе далей, якія яшчэ варункі чакаюць наперадзе. А таму — споведзь, лебядзіная песня:
“Браму скарбаў сваіх адчыняю: падходжу і так, падходжу і гэтак, пасяджу, адсапнуся — зноў адчыняю, псую сабе гумар. Цяжкаватая брама, панурая вельмі, завесы на ёй паржавелі, замок папсаваўся, ключ у замку не хоча круціцца, — замардавала мяне. Падазрона гляджу па бакох, асцярожна рыхтую запас тлумачэнняў: можа, госці залчаць, а хто яны будуць? Чакаю спагаднага, блізнага сэрца, але ж брама адчынена ўсім...”
Разам з Галінай Максімаўнай, Гаўрылам Іванавічам, Юльянам Пшырковым і Дзмітрыем Бугаёвым мы рыхтавалі двухтомнік твораў пісьменніка, прабівалі яго праз самыя розныя інстанцыі. Некалькі разоў чытаў я, кожны раз захапляючыся зноў і зноў, “Камароўскую хроніку”, рыхтуючы яе да публікацыі. Ганаруся, што і пяцітомнік Максіма Гарэцкага выходзіў не без Майго ўдзелу. Максім Гарэцкі — вялікі пісьменнік, і, зразумеўшы гэта, я, як і некаторыя іншыя, рабіў усё дзеля таго, каб яго творы не хаваліся ад народа, а як найхутчэй трапілі да чытача. Каб імя яго ва ўсёй сваёй непаўторнасці і значнасці вярнулася ў нашу літаратуру, у свядомасць народа.
Так пачынаў М. Гарэцкі свой апошні твор “Скарбы жыцця”. Дасведчаны чытач, безумоўна, пра “Скарбы жыцця” не мог не чуць. Прынамсі, хоць бы з кнігі Алеся Адамовіча “Браму скарбаў сваіх адчыняю...” Першыя ж радкі яе — пра “лебядзіную песню”: “Словамі, вынесенымі намі ў загаловак, пачынаецца апошні твор Максіма Гарэцкага...” Аднак А. Адамовіч, як таго вымагала задума даследавання, пра “Скарбы...” гаворыць мімаходзь, разглядаючы іх толькі ў кантэксце іншых твораў пісьменніка.
Праходзілі гады (згаданая кніга А. Адамовіча пабачыла свет яшчэ ў 1980 годзе), а аўтарскі аўтограф М. Гарэцкага ў архіве Аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навіуковай бібліятэкі АН Беларусі так і ляжаў, як кажуць, без руху, быццам забыты. Намаганні А. Адамовіча і іншых навуковых супрацоўнікаў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы апублікаваць “Скарбы...” цалкам плёну не давалі. Тэк і не трапілі яны ні ў Збор М. Гарэцкага ў чатырох тамах, ні ў дадатковы, пяты том. Вяртанне гэтай кнігі (а перад намі сапраўды кніга-роздум, кніга-падагульненне) з небыцця адбылося толькі цяпер: “Скарбы...” і яшчэ некалькі твораў М. Гарэцкага апублікаваны ў другім нумары за сёлетні год часопіса “Полымя”...
Максім Гарэцкі, як вядома, 18 ліпеня 1930 года быў арыштаваны, адпраўлены ў мінскую турму. Пачаліся месяцы допытаў, катаванняў, а пасля высылка ў далёкую Вятку. Там ён жыў з 1931 па 1935 год, пакуль пакутніцкая адысея не атрымала працягу, на гэты раз трагічнага. Як мяркуе дачка М. Гарэцкага Галіна Максімаўна, “Скарбы...” напісаны “не рэней сакавіка 1935 года, магчыма, у 1937 годзе”. Сапраўды, у творы нямала момантаў, якія даюць падставы меркаваць, што так яно і ёсць. Пісьменнік вяртаецца ў маленства і юнацтва, прыгадвае блізкіх яму людзей, хоць і робіць гэта не прама, а завуалявана, і ўсё часцей задумваецца, а што ж там, наперадзе, за мройным і такім неакрэсленым даляглядам. Кожны чарговы крок не столькі дадае ўпэўненасці, колькі прыносіць з сабой стомленасць:
“І вечнасць варушыцца ў маёй істоце: ідзі, ідзі! Усе ідуць — ідзі ты. Стапталіся мае лапці: урэзаліся аборы ў ногі, давяць матузы ад хатыля. Ідуць — іду. Узіраючыся ў вечнасць”.
Гэта была яшчэ і спроба, жаданне маральна ачысціцца ад бруду, які навальвалі на яго хціўцы, здрайцы, даносчьікі.
Ачысціцца і застацца чалавекам: “Вечнасць. Жуда. Тое, што завуць: бог, любоў, павіннасць, праўда, ідэал — усё яно дробненька круціцца ў вечнасці, і туды і сюды, і так і гэтак”.
Сёння мы ўжо ведаем са сведчанняў ацалелых вязняў ГУЛАГу, як часам адна гадзіна па жудаснасці вьтрабаванняў вымяралася днямі, тыдінямі, месяцамі. Пра гэта таксама ў “Скарбая...” Зноў . жа, боль нясцерпны праступае падтэкстава, бо не мог М. Гарэцкі пісаць адкрыта, бо за ім сачылі, правяралі кожны ўчынак. Але не мог і не пісаць. Адмовіцца ад гэтага — таксама была б пакута. I клаўся тым самым радок за радком. Звернуты да нас, наступнікаў, з надзеяй, што напісанае застанецца. Са спадзяваннем, што калі-небудзь яго “лебядзіную песню” пачуюць:
“Направа — чырвоныя кветачкі перад хаткаю невядомаю грудком запякліся. Налева — страшнае бяздонне... зірнеш — да зямелькі прысядзеш... Беражком, па самым краёчку, як па гострай брытве, трэба ісці...”
А хіба лягчэй было яму бачыць, як знаёмыя (што ўжо гаварыць пра незнаёмых) адварочваюцца, не пазнаюць?! Ды так было, і пісьменнік згадвае ў “Скарбах...”:
“Белым налётам крыецца бруд. Буду я жыць, каб жыць. Цяжка мне танцаваць на арэне маёй. Мазгі мае сохнуць асацыяцыі мае блекнуць. Цяжка правіцца дрэву з сэрцам усохлым. На тых берагох вахебнікі вежу збудавалі, а я гоцаю пачвараю... Людзі цураюцца мяне, каб не запэцкацца аб мяне...”
Адзінае ўратаванне М. Гарэцкі бачыў у тым, каб быць з блізкіімі. Няхай і на адлегласці, але — адчуваць іх прысутнасць. I памерлых, і жывых.
Гэта пра сястру Ганну, якая зусім юнай, будучы студэнткай, трапіла ў Маскве пад трамвай і загінула, згадвае ён: “Ные вечная рана”. Гэта пра любага брата Гаўрылу Іванавіча і яго жонку ўспамінае (яны таксама не па сваёй волі развіталіся з Беларуссю і апынуліся на далёкай Поўначы): “А хто ж там ходзіць, а хто ж там бродзіць на гэтых снегавых прасторах на месячным святле? Мядзведзь ходзіць, Пралеску водзіць”.
А перадусім жыла ў М. Гарэцкага прага творчасці, пастаянна напамінала аб сабе. Сведчанне таму — і самі творы, што з’яўляліся ў такіх неспрыяльных умовах, і пакутліва-роздумныя згадкі ў “Скарбах...”:
“Шукай свой човен залаты! Едзь на выспу Патмос. Даўно там не быў. Духам аскудзеў. О сонца светлае-прасветлае! абагрэй ты мянеі Далёкая выспа Патмос! Там прытулак...”
Патмос — назва геаграфічная і біблейская адначасова. Як вядома, на гэтым грэчаскім востраве, што знаходзіцца ў Эгейскім моры, з’явілася адна з кніг Новага запавету, ці не самая галоўная на сённяшні дзень, калі ўлічыць цікавасць да яе — “Апакаліпсіс”. Семантычна ж назва гэтая паходзіць ад дрэва, якое можа пражыць тысячу гадоў, а пасля даць дружныя маладыя парасткі. Хутчэй за ўсё гэтае дрэва і меў на ўвазе М. Гарэцкі, калі пісаў у “Скарбах...”: “Усохлая дуля зялёны сучок паказала. Залаты чавёнчык паплыў па сіняму мору. Хвалі і праслаўляй выспу Патмос”.
Аднак выспа Патмос у “лебядзінай песні” з’явілася, так сказаць, не на голым месцы. Яна прыйшла з яшчэ аднаго аўтабіяграфічнага твора М. Гарэцкага — “Лявоніус Задумекус”, пісанага ў Вятцы недзе ў другой палове 1931 — пачатку 1932 года. Адна са згадак: “У залатым чоўне на выспу Патмос. Успаміны маюць вялікую моц. Пачуў сябе блазенны абагрэтым. Успомніў маці сваю”.
Увогуле, “Лявоніус Задумекус”, па сутнасці, яшчэ ў большай ступені “сатканы” з успамінаў, чым “Скарбы”. Гэтаксама, як і ў “лебядзіуай песні”, М. Гарэцкі не маўчыць пра арыштанцкае мінулае: “Успомні, уздумай, прыгадай сабе, Лявоніус Янус, як сядзеў ты ў страшнай вежы, з забаронаю глядзець у вакно, і здалёк бачыў работу па пабудове”.
Прыгадвае, і тут жа саркастычна, іранічна заўважае:
“І чуў (Лявоніус. — А. М.) маральнае задавальненне, што так працуе, бо гэта ж робіць ён для вялікага сацыял. будаўн працуе, як гаспадар, як на сваім, але без усякага ўлас’ніцкага нахілу... Жыве блазенны, жыве! Будуе новае жыццё... Дом для венікаў жывых з помнікаў мёртвоіх”.
Будаваў гэтую самую лазню і сам М. Гарэцкі, будаіваў і пераконваўся, якую вялікую, нявыказаную радасць “прыносіць” чалавеку “сацыял. будаўн.” Асабліва ж, калі ён зняволены, працуе пад прымусам, вымушаны займацца справай КУДЬІ “больш будзённай і важнай”, чым нейкія там мроі аб далёкай і загадкавай выспе Патмос.
Іронія скрозь слёзы, маўклівыя мужчынскія слёзы, якія старонняму чалавеку не заўсёды бачны. Але яны праступаюць:
“Поле сваё рабіць не забывайся, блазенны! Поле — гэта хараство. І вольным часам пагуляць па Ім можна. Асяроддзе тваё — далёкае ад цяжкай індустрыі, ад вялікіх вытворчых працэсаў, ад кіпучага новага жыцця. Пакуль што — гэтак. Потым будзе, можа, і другое. Чым багаты, тым і рады. Жыццё трэба ведаць з усіх бакоў. Можа, яно так, можа, не зусім. Спяшайся — час твой ка” роткі”.
Разумеў, што кароткі, таму і спяшаўся. Спяшаўся, а ўсё ж напісанае крэсліў, перапрацоўваў. I, каб застаўся ў жывых, пакінуў бы іншыя варыянты твораў, пра якія ідзе гаворка, паставіў бы ў іх апошнюю кропку. Ды час не мае звароту, і чалавечае жыццё, як і творчае, у новым кірунку не пракруціш, таму ёсць тое, што засталося. Але, чытаючы фрагменты, магчыма, у нечым неадшліфаваныя, мы павінны памятаць, што задума аўтара сягала значна далей таго, пра што можна гаварьпць, як пра ажыццёўленае.
Гэта тычыцца і мастацкага дзённіка “Кіпарысы”, які ўзнік са звычайных падарожных запісаў, што М. Гарэцкі вёў, у прыватнасці, у час паездкі летам 1928 года ў Крым. Апрацаваны ён быў у ссылцы, але, як сведчыць Г. Гарэцкая, “першапачатковы тэкст не захаваўся, а новы, пад назваю “Кіпарысы”, мусіць, стаў чарнавым матэрыялам для будучага мастацкага твора ў форме дзённіка”. “Кіпарысы” цікавыя пазнавальнасцю, хоць ёсць тут і псіхалагічна-заглыбленыя моманты.
Прыйшло да сучаснага чытача і апавяданне М. Гарэцкага “Ашуканы палітрэдактар”. Твор рыхтаваўся да “Зборніка апавяданняў” пісьменніка, які мусіў выйсці ў 1928 годзе, але, з-за ўмяшання цэнзуры, так і не пабачыў свет. Свае ўласныя хаджэнні па творчых пакутах паклаў аўтар у аснову гісторыі, што адбылася з паэтам Трышкам Ласым. У апавяданні праўдзіва адлюстравана ўся атмасфера адміністраванага камандавання літаратурай і творчасцю ўвогуле, якая пачалася з першых гадоў савецкай улады. Няма сумнення, што аўтар ведаў усіх гэтьгх літаратурных чыноўнікаў Двубокага, Крыўляку, Балматуху і іншых. I, безумоўна, сам ён сутыкнуўся і з камісарам Пупком, і з яго жонкай. Яны з той рэдкай пароды людзей, якія здатны ў любых абставінах і пры любой уладзе трымацца на паверхні: “Пра яе казалі, што раней, у Гомелі, яна была страшэннаю русацянікаю, а цяпер, зайшоўшы за Пупка, зрабілася беларускаю і прыхільніцаю беларускае літаратуры. Ніхто не ведаў, чаму яна так крута перамянілася, і думалі, што яна гэта для кар’еры мужа”.
Завяршаюць палымянскую падборку мясціны з “Камароўскай хронікі”, што звышпільнай цэнзурай былі выкраслены з гэтага твора пры падрыхтоўцы Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы Збору твораў М. Гарэцкага ў чатырох тамах. Тады даходзіла да сапраўднага абсурду. Выкрэсліваліся, па сутнасці, зусім бяскірыўдныя выразы. Напрыклад, у адным месцы замест: “А Лаўрыка выпусцілі, а во і ён”, пакінулі: “А Лэўрык..., во і ён...” Дзеля чаго? А дзеля таго, каб чытач не здагадаўся, што брат пісьменніка знаходзіўся ў зняволенні.
Не будзем, аднак, прыводзіць прыклады, яны ў часопісе займаюць чатыры з паловай старонкі і дапытлівы чытач, пры жаданні, зможа параўнаць, што было ў М. Гарэцкага і што засталося ў Зборы твораў пасля ўмяшання цэнзуры.
Нарэшце М. Гарэцкі “браму скарбаў сваіх” адчыніў як мага шырока (не магу не назваць тых супрацоўнікаў Інстытута літаратуры, якія мелі дачыненні да гэтага вяртання: Т. Голуб — аўтара грунтоўнага ўступнага артыкула “Скарбы жыцця” і каментарыя да твораў, М. Мушынскага і Г. Рэут — дзякуючы ім мы маем уяўленне пра аўтарскі варыянт “Віленскіх камунараў” (а найперш Галіну Іванаўну Гарэцкую, яе высілкамі публікацыя ажыццёўлена і ёю напісаны тлумачэнні да твораў).
Пасля гэтага ёсць падставы гаварыць у нечым і пра новага М. Гарэцкага, пра таго, якога мы дагэтуль не ведалі.
Яшчэ раз услухаемся ў яго споведзь. Услухаемся. Гэта ж так неабходна — і яму, М. Гарэцкаму, і ўсім нам:
“Судзі мяне, судзі мяне кожны і ўсякі! Судзі мяне судом сваім, і ножным і ўсякім Карай мяне карамі сваімі, карай... Толькі прашу цябе: не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў...”
I яшчэ. У “Скарбах” М. Гарэцкі задумваўся: “дзе ж тая праўда і дзе ж тая мана, і якою сцежкаю трэба ім (гэткім жа пакутнікам. — А. М.) ісці і якою не трэба”. Мы, здаецца, у праўдзе і мане вучымся разбірацца. I, што важна, не без яго, Магасіма Гарэцкага, дапамогі...
Кнігі аб жыцці і дзейнасці М.Гарэцкага
|
Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі : успаміны, арт., дак. : да 100-годзя з дня нараджэння / уклад. Р.Г. Гарэцкі, Р.А. Зінава; пад рэд. Р.Г. Гарэцкага. — Мінск: Тэхналогія, 2000. — 420 с. |
|
Бугаёў, Дз. Максім Гарэцкі / Дзмітрый Бугаёў. — 2-е выд., выпр., дап. — Мінск : Бел. навука, 2003. — 239 с. |
|
Гарэцкі, М. Успаміны, артыкулы, дакументы / склад. А.С. Ліс, І.У. Саламевіч; бібліягр. паказальнік і камент. І.У. Саламевіча. — Мінск : Маст. літ., 1984. — 366 с., 8 л. іл. |
|
Гарэцкі Р. Ахвярую сваім “я”… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія). — Мінск : Беларуская навука, 1998. — 287 с.: іл. — (Серыя “Людзі беларускай навукі”). |
|
Гарэцкі, Р. Браты Гарэцкія / Радзім Гарэцкі. – Мінск : Медысонт, 2008. – 344 с., [24] с.іл. — [Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі; кн.1]. |
|
Гарэцкі, Р. Вечна жыве Беларусь! : артыкулы, інтэрв’ю, замалёўкі / Радзім Гарэцкі. — Мінск : “Беларускі кнігазбор”, 2003. — 144 с. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць :(прысвячаецца 100-годдзю выхаду ў свет аповесці «Дзве душы» і 90-годдзю афіцыйнага надання Гаўрылу Гарэцкаму звання акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі) : матэрыялы ХХVІІ Гарэцкіх чытанняў, Мінск, 14 чэрвеня 2019 г. / Дзярж. музей гісторыі бел. літ., Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Цэнтр даследав. бел. культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск : РІВШ, 2019. – 154 с. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : матэрыялы ХІІ Гарэцкіх чытанняў (Мінск, 4 мая 2004 г.) / рэдкал.: Р. Гарэцкі і інш. — Мінск : 2005. — 95 с. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія і спадарожніцы іх жыцця і творчай дзейнасці : матэрыялы XIV Гарэцкіх чытанняў (прысвячаюцца Году Маці) (Мінск, 8 чэрвеня 2006 г.) / рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк.рэд.) [і інш.] . — Мінск: 2007. — 176 с. |
|
Максім Гарэцкі - жыццё і творчасць: метадычныя матэрыялы і парады ў дапамогу прапагандыстам кнігі : (да 100-годдзя з дня нараджэння) / аўт.-склад.: У.М. Ліўшыц, Е.П. Зеньковіч, Т.І. Скікевіч, М.М. Студнёва. — Магілёў, 1993. — 32 с. |
|
Мушынскі, М. Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі : жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага / М.Мушынскі; навук. рэд. А.М. Макарэвіч. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 510 с. |
|
Ліўшыц, У.М. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага : кароткі даведнік / У.М. Ліўшыц. — Орша, 1997. — 72 с, іл. |
|
Чыгрын, І.П. Паміж былым і будучым : проза М. Гарэцкага / І.П.Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 166 с. |
|
Адамовіч, А. “Браму скарбаў сваіх адчыняю...” / Алесь Адамовіч. – Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1980. – 224 с. : іл. |
|
Гарэцкі, Р. Жыццёвы меланж : публіцыстычныя артыкулы, лірычныя замалёўкі, мініяцюры, эсэ / Радзім Гарэцкі. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – 648 с. : іл. |
|
Дасаева, Т. М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага / Т М. Дасаева ; акадэмія навук Беларусі, інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – 87 с. |
|
Ліўшыц, У. Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця (да 125-годдзя з дня нараджэння) / Уладзімір Ліўшыц. – Горкі : БДСГА, 2018. – 180 с. : іл. |
|
Максім Гарэцкі.Вернасць высокім ідэалам : успаміны, аповесці, апавяданні, запіскі / укладанне Радзіма Гарэцкага і Віктара Шніпа ; мастак Усевалад Свентахоўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 319 с. : іл. |
|
Марціновіч, А. Брама, адчыненая ў вечнасць: дзецям пра Максіма Гарэцкага : нарысы / Алесь Марціновіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 206 с. – (Гісторыя ў асобах). |
|
Гарэцкія чытанні : тэзісы дакладаў і паведамленняў / Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Аддзел культуры Горацкага райвыканкама, Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей ; рэдкалегія: У. Ліўшыц (адказны рэдактар) [і інш]. – Горкі, 1992. – 104 с. |
|
Гарэцкія чытанні : матэрыялы дакладаў і паведамленняў, г. Магілёў, 17-19 лютага 1994 г. / Аб’яднанне дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей ; рэдкалегія: У. Ліўшыц (адказны рэдактар) [і інш]. – Мінск, 1994. – Ч. 1. – 152 с. |
|
Гарэцкія чытанні : матэрыялы дакладаў і паведамленняў, г. Магілёў, 17-19 лютага 1994 г. / Аб’яднанне дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей ; рэдкалегія: У. Ліўшыц (адказны рэдактар) [і інш]. – Мінск, 1994. – Ч. 2. – 118 с. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : матэрыялы XVІІІ Гарэцкіх чытанняў (прысвячаюцца 110-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага), Мінск, 11 чэрвеня 2010 г. / Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа І Янкі Купалы нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ; рэдкалегія: Я. Аношка, Р. Гарэцкі (адказны рэдактар) [і інш]. – Мінск : 2010. – 178 с. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : матэрыялы XІХ Гарэцкіх чытанняў (праблемы выдання спадчыны), Мінск, 18 лютага 2011 г. / Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа І Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ; рэдкалегія: Я. Аношка, Р. Гарэцкі (адказны рэдактар) [і інш]. – Мінск : 2011. – 264 с. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : матэрыялы XХ Гарэцкіх чытанняў, Мінск, 14 чэрвеня 2012 г. / Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа І Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ; рэдкалегія: Я. Аношка, Р. Гарэцкі (адказны рэдактар) [і інш]. – Мінск : 2012. – 140 с. : іл. |
|
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць (прысвячаецца літаратурна-мастацкай і навуковай дзейнасці братоў Гарэцкіх) : матэрыялы XХV Гарэцкіх чытанняў, Мінск, 22 чэрвеня 2017 г. / Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ; рэдкалегія: Р. Гарэцкі (адказны рэдактар) [і інш]. – Мінск, РІВШ : 2017. – 194 с. |
Аўдыёдыскі
|
Гарэцкі, М. Дыямант у пабітым шкле [Гуказапіс] : Споведзь разняволенай душы : аўдыёкампазіцыя да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка / Максім Гарэцкі ; [кампазіцыя, рэжысёр, музычнае афармленне Алег Вінярскі ; музычнае афармленне Л. Савіцкай і І. Пісыгіна]. – [Мінск : Ковчег, 2018] – 1 гукавы дыск (mp3 ; 8 гадзін 52 мін ; 12 см, у канверце). |
Барыс Сачанка
Працаваў да самазабыцця
У другой палове пяцідзесятых гадоў, дакладней, пасля XX з’езда партыі. Тады якраз ішла рэабілітацыя многіх, хто быў у свой час беспадстаўна арыштаваны, рэпрэсаваны. З падвалаў “спецхрана” падымаліся на свет божы кнігі, часопісы, газеты, якія праляжалі там, здавалася, вечнасць. Цэлыя горы! Частку іх я бачыў, калі заходзіў у кабінет беларускай літаратуры, што быў на другім лаверсе ў Ленінскай бібліятэцы. У гэтым кабінеце працавалі дактары, кандыдатьі навук, аспіранты, але знаходзілася іншы раз і мне, студэнту, месца. Менавіта там у тыя гады я пазнаёміўся ўпершыню з творчасцю многіх беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і з творчасцю Максіма Гарэцкага празаіка, крытыка, філолага.
У 1960 г. Діяржаўнао выдавецтва БССР выдала навялікую кніжачку прозы пісьменніка пад назваю“Выбранае”. Прызнацца, калі я прачытаў яе змест, аж узлаваўся – туды не трапілі лепшыя творы выдатнага мастака. У тым самым годзе Янка Брыль і Янка Скрыган запрасілі мяне на працу ў аддзел прозы часопіса “Полымя”. І, прыйшоўшы туды, я адразу ж пачаў шукаць магчымасці пазнаёміць чытачоў як найпаўней з творчасцю любімага мною пісьменніка. На маю радасць, выявілася, што, апрача надрукавзных, выдадзеных яго твораў, было шмат зусім невядомых, яны ляжалі ў рукапісах. Прычым, многія з іх захоўваліся не толькі ў сям’і Максіма Гарэцкага, якая жыла ў Ленінградзе, але і ў архівах. Помню, якое незабыўнае, светлае ўражанне зрабіў на мяне раман “Віленскія камунары”, — яго прывёз у рэдакцыю “Полымя”, перадрукаваўшы, як умеў, адным пальцам на машынцы, былы рэдактар заходнебеларускага штоквартальніка Янка Шутовіч. Уразіў ён мяне перш за ўсё глыбінёй аналізу і паказам падзей, вобразамі, што паўставалі з яго старонак. I, вядома ж, мовай — крынічнай, жывой, сапраўды баларускай. Само жыццё, адвечнасць, здавалася, дыхалі і кожнага радка, кожнага слова. Па манеры пісьма, кампазіцыі, сувязі з мінулым, думках раман быў куды больш сучасны, чым многія з твораў, што ляжалі ў рэдакцыі, чакалі сваёй чаргі. Словам, для мяне “Віленскія камунары” былі падзеяй. Раман, на жаль, нялёгка клаўся на старонкі часопіса. Як, дарэчы, і іншыя творы Максіма Гарэцкага, што друкаваліся потым з яго літаратурнай спадчыны. Жылі яшчэ некаторыя з тых, хто імкнуўся зрабіць з пісьменніка “ворага народа”, заганяў яго на той свет, хто не хацеў яго рэабілітацыі. Помню, як я, будучы дзяжурным па нумары, даказваў у Галоўліце, што адзначаныя чырвоным алоўкам мясціны ў гэтым рамане ніякай пагрозы савецкай уладзе не нясуць, іх трэба пакінуць. Не дапамагло! Калі раман быў надрукаваны, каб зняславіць пісьменніка, паднята было з архіваў пісьмо Максіма Гарэцкага Л. Жалігоўскаму — начальніку Сярэдняй Літвы, якое пісьменнік напісаў 1 ліпеня 1921 г. і ў якім прасіў дазволу на выданне штотыднёвіка “Беларускія ведамасці”. Пісьмо гэтае ўстаўлена было ў даклад першага сакратара ЦК КПБ К. Т. Мазурава, які ён зачытаў на нарадзе работнікаў культуры, вось, маўляў, каго друкуа “Полымя”. Не, у рэдакцыі часопіса не разгубіліся, там працавалі людзі, якія ведалі, што такое літаратура, што значыць для Беларусі Максім Гарэцкі. І рабілі ўсё, што ад іх залежала, каб творчасць яшчэ аднаго класіка дайшла да чытача. Імёны гэтых людзей не павінны быць забыты – гэта Максім Танк, Янка Скрыган, Іван Пташнікаў, Алесь Бачыла, Алена Шарахоўская. Шмат дапамаглі рэдакцыі Юлбян Пшыркоў, Дзімтры Бугаёў, Максім Лужнін і асабліва дачка пісьменніка Галіна Максімаўна і брат Гаўрыла Іванавіч.
Разам з Галінай Максімаўнай, Гаўрылам Іванавічам, Юльянам Пшырковым і Дзмітрыем Бугаёвым мы рыхтавалі двухтомнік твораў пісьменніка, прабівалі яго праз самыя розныя інстанцыі. Некалькі разоў чытаў я, кожны раз захапляючыся зноў і зноў, “Камароўскую хроніку”, рыхтуючы яе да публікацыі. Ганаруся, што і пяцітомнік Максіма Гарэцкага выходзіў не без Майго ўдзелу. Максім Гарэцкі — вялікі пісьменнік, і, зразумеўшы гэта, я, як і некаторыя іншыя, рабіў усё дзеля таго, каб яго творы не хаваліся ад народа, а як найхутчэй трапілі да чытача. Каб імя яго ва ўсёй сваёй непаўторнасці і значнасці вярнулася ў нашу літаратуру, у свядомасць народа.
Максім Гарэцкі быў чалавекам вельмі добрай беларускай душы, сціплым па прыродзе сваей, на абцяжараны ні славай, ні званямі, ні тытуламі. Увесь нядоўгі век, што быў яму адпушчаны, куды б, у якія краі ні закідала яго злая доля, ён прауаваў да самазабыцця, рабіў усё што было ў яго сілах, дзеля свайго народа, Бацькаўшчыны. Умеў ён шанаваць і працу тых, хто жыў да яго, хто акружаў, хто гэтак жа, як і ён, імкнуўся служыць ідэі нацыянальнага адраджэння, хоць і выбіраў дзеля гэтага свае, адрозныя ад яго, шляхі. Ніколі, у самыя скрутныя сітуацыі, не выяўляў раздражнення, злосці, а тым больш нянавісці. Павучыцца б гэтаму ў Максіма Гарэцкага некаторым наваяўленым сённяшнім лжэпрарокам, хто пнецца, лезе, не маючы на тое ніякіх падстаў, ледзь не ў лідэры нацыі! Але... Не дарэмна ж кажуць: калі Бог хоча пакараць каго, то перш за ўсё забірае ў яго розум... Што ж датворчасці выдатнага мастака слова, дык можна з упэўненасцю сказаць, што яе не чакае лёс твораў шматлікіх падзёншчыкаў, хай сабе і пры званнях, тытулах, з раздзьмутай зіхатлівай, але падманнай славай, што паміраюць на нашых вачах, бо яна, гэтая творчасць, вытрымала выпрабаванне часу, даказала сваю змястоўнасць і каштоўнасць і з кожным годам, з кожным новым паваротам гісторыі набывае ўсё большую і большую вагу. I ў гэтым неўміручасць і веліч самога яе стваральніка. Ва ўсім, да чаго б не дакранаўся мастак, вызначальным быў талент. I ашчэ — крыштальная сумленнасць, непадкупнасць, на першым месцы заўсёды стаялі інтарэсы справы, народа. Пісьменнік пайшоў на эшафот, але нідзе, ніў чым не здрадзіў сабе. Трэба спадзявацца, што подзвіг Максіма Гарэцкага калі-небудзь усё ж будзе па-належнаму ацэнены.












































































