Главная

Валерый Герасімаў

Абпалены промнямі зоркі

У 1976 годзе. А вось пра абставіны... дазвольце, як кажуць, невялічкае лірычнае адступленне.

Уявіце сабе Брагін (дзе меў я гонар з’явіцца на свет) 70-х гадоў — тыповае беларускае мястэчка з багатай гісторыяй (ад летапіснага 1147 года) і ціхай правінцыйнай рэчаіснасцю, з чэргамі за хлебам і выдатна адладжаным механізмам прамывання мазгоў — сістэмай палітычнай адукацыі, што ахоплівала ці не кожнага брагінца: і сямігадовага акцябронка, і горкага прапойцу з мясцовага вінзавода. Выспай духоўнасці ўзвышалася сярод местачковай інтэлігенцыі старэнькі філолаг Аляксандра Кірылаўна Кулініч. Мела яна за плячыма інстытут шляхетных дзяўчат, была нястомным краязнаўцем і сабрала найбагацейшую ў Брагіне бібліятэку. (Дарэчы, ёй дырэктар СШ забараняў выступаць на палітзанятках з-за таго, што ідэалагічна запляміла сябе: і пры нямецкай акупацыі вучыла дзетак). Прывіла Аляксандра Кірылаўна любоў да літаратуры свайму любімаму вучню, майму «малодшаму» дзядзьку Міколу, у кнігазборы якога я і напаткаў «Красные розы» (выбранае на рускай мове) Максіма Гарэцкага. Добра памятэю і сваё першае ўражанне - гэта была сапраўдная класіка, без усялякай паблажлівай скідкі на «беларусікаў».

«Чырвоныя ружы», як вядома, Гарэцкі напісаў у латвійскі перыяд жыцця. Таму зноў узгадаў я іх, гартаючы кніжку Кастуся Езавітава «Беларусы ў Латвіі», дзе і ўбачыў Максіма Іванавіча на фотаздымку разам з настаўнікамі і слухачамі Дзяржаўных Беларускіх Вучыцельскіх Курсаў у Дзвінску.

Чаму ж так позна прыйшла да нас творчасць Максіма Гарэцкага? Таму што, наколькі ведаю, з 1930-га па 1960-ы год кніжкі яго ў БССР не перавыдаваліся, большая частка іх знаходзілася ў спецсховах да пачатку 90-х. А былі ж у 20-я гады даволі распаўсюджанымі. Так, на першавыданнях, да прыкладу, з фондаў Урадавай бібліятэкі стаяць штампы Таварыства «Беларуская Хата» ў Рызе, бібліятэкі «Белдомпросвета» ў Ленінградзе, бібліятэкі Магілёўскай Беларускай Савпартшколы, асабісты экслібрыс «З кніг А. I. Сідарэнка» і г. д. Ды ёсць на іх і іншыя, больш змрочныя, праскрыпцыйныя надпісы чырвоным алоўкам накшталт: «Пр. № 33- 1937» і «Сп. лиц БССР», паводле якіх ператвараліся адметныя асобы нацыянальнага Адраджэння ў «лица» і гінулі, абпаленыя промнямі злавеснай пяцікутнай зоркі.

I да асобы, і да творчасці Максіма Гарэцкага падыходжу я, зыходзячы з ягонага ж вызначэння пра «нацыянальны і сацыяльны» характар літаратуры. Вінавацілі некалі крытыкі Гарэцкага ў «нацыяналістычных тэндэнцыях». Але якраз гэтыя «тэндэнцыі», інакш кажучы, здаровы беларускі нацыяналізм — «чалавецка-беларускі» па выразу самога Максіма Іванавіча — мне здаецца вызначальным і асабіста блізкім.

Таксама адпавядаюць, лічу, сённяшняму дню нацыянальна- адраджэнскія матывы «Лірных напеваў» — з іх папярэджаннем пра небяспеку «магутнай бесканечнай Маскоўшчыны», «у 1920 годзе» — з праўдай пра беларускіх сялян, «варожа настроеных супраць маскоўска- бальшавіцкага наезду». Не ведаю, як паважанаму Радзіму Гарэцкаму, з якім давялося весці разам Першы Сход беларусаў блізкага замежжа, а мне, слухаючы выступленні зсмлякоў з гарачых кропак былога Саюза, узгадваліся «Сібірскія абразкі» яго дзядзькі.

Прарокі і натоўп. Успомнім у Гарэцкага: «Цяпер у майго народа крызіс: старыя багі струпехлі, а новых... новыя мала ведамы» («Антон»); «Каб нам, ведаеш, свой беларускі прарок, каторы б прамыў нам вочы» («У чым яго крыўда?»). Актуальна зараз? Яшчэ як. Вынішчаная ў 30-я гады беларуская інтэлігенцыя зноў паўстала, як Феніікс з попелу. Прыйшлі ўнукі і праўнукі. I зусім не трэба Дыягенавага ліхтара, каб убачыць — ёсць у нас і прарокі, і героі. I будзе іх больш і больш.

Пакрывіў бы я душой, калі б не сказаў пра тое, што не магу прыняць у Максіма Гарэцкага — кампраміс з нацыянал-камунізмам. Як спалучыць аблічэнне «белорусских проходимцев», ухваленне «коммунизма и единения с коммунистами Советской России» (артыкул «Няхай жыве камуністычная Беларусь») і амаль адначасова напісанае апавяданне «Усебеларускі з’езд 1917 года», у якім просты селянін Кузьма асуджае гвалтоўны разгон п’янымі бальшавікамі Усебеларускага Кангрэса: «…Біў цябе (Беларусь. – В.Г.) цар з панамі, а цяпер простыя прыблуды за тое ж узяліся?». Якой крывёй дасягаўся кампраміс?

Безумоўна, напачатку Гарэцкі шчыра верыў у ідэалы сацыялістычнай рэвалюцыі, чаму і супрацоўнічаў з Кнорыным і ды Міцкявічусам-Капсукасам, чаму і пісаў у аглядзе «Беларуская літаратура пасля Нашай Нівы», што «толькі пралетарская творчасць ёсць цяпер рэвалюцыйным і наогул правадзейным фактарам у жыцці Беларусі».

А перазоў з сучаснасцю, скажаце, дзе? Ды самы непасрэдны. Тады - крах беларусізацыі, нацыянальнай ідэі ўвогуле. Крах, абумоўлены згодніцтвам і здрадніцтвам нацыянал-камуністаў. I сёння мы бачым, як найбольш дальнабачныя ўрадоўцы з ліку былой партнаменклатуры даволі ўдала падключаюцца да працэсу Адраджэння: і мову, аказваецца, добра ведаюць, і айчыннай гісторыі не цураюцца, праўда, з пэўнымі купюрамі. Здаецца — згода, крок наперад. Але трагедыя жыцця Максіма Гарэцкага папярэджвае — губляць пільнасці нельга, шлях згодніцтва з нацыянал-камуністамі (яны, адчуваецца, вельмі хутка аформяцца як цэлая плынь) памылковы, тупіковы і шкодны. Прынамсі, не апынуцца б у становішчы сучасніка Гарэцкага Міхася Зарэцкага, калі адзін з герояў рамана «Крывічы» «шукаў Беларусь, а знайшоў бе-ла-ру-сі-за-цыю».

Радзім Гарэцкі

Пасмяротнае вяртанне на Бацькаўшчыну

Для нашага роду люты — асаблівы месяц: 18 лютага, 105 гадоў таму, нарадзіўся Максім Іванавіч, а 10 лютага, 60 гадоў назад — ён быў расстраляны. Ужо пасля забойства пісьменніка, але ў дзень яго нараджэння ў 1944 г., на фронце загінуў ягоны сын Леанід, а праз год — 13 лютага ад тыфу памёр яго бацька — Іван Кузьміч.

Праз некалькі дзесяткаў гадоў забыцця да людзей вярнулася імя Максіма Гарэцкага, якога літаратуразнаўцы (Алесь Адамовіч, Міхась Мушынскі, Зміцер Бугаёўі інш.) вызначылі як класіка беларускай літаратуры. Янка Брыль неаднойчы падкрэсліваў, што мы маем трох народных Максімаў — Багдановіча, Гарэцкага, Танка.

Час памятае ўсё. З памяці народнай нічога не знішчыш.

1993 год быў аб’яўлены ААН годам Максіма Гарэцкага ў знак 100- годдзя з дня яго нараджэння. Прайшлі многія яго вечары, чытанні, пасяджэнні, канцэрты, выставы ў Нью-Йорку (ААН), Парыжы (ЮНЕСКО), Мінску, Горках, Мсціславе і іншых гарадах. Былі адкрыты мемарыяльныя дошкі ў Мінску і Горках, помнікі ў Вязьме і Мінску. Імя пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Мсціславе і раённая цэнтральная бібліятэка ў Горках. Пачалі працаваць музей-сядзіба ў Малой Багацькаўцы на яго радзіме і кабінет-музей у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Выйшлі з друку многія творы, у тым ліку — двух- і пяцітомнік. Яго творы прыйшлі ў школу — нядаўна тры кнігі выдадзены ў серыі «Школьная бібліятэка». Створаны фонд імя братоў Гарэцкіх.

Максім Гарэцкі нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Малая Багацькаўка — ціхім куточку Мсціслаўшчыны — у мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацькі — Іван Кузьміч і Ефрасіння Міхайлаўна — былі непісьменнымі. Абодва роды мелі моцныя карані: бацька Івана пражыў 100 гадоў, а прадзед Ефрасінні — 115. Максім з дзяцінства прагна цягнуўся да ведаў. Ён на выдатна закончыў двухкласную школу, настаўніцкія класы і Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча.

Максім Іванавіч пражыў не надта доўгае (усяго 45 гадоў без 8 дзён), але нялёгкае жыццё. Калі яму быў 21 год, пачалася першая сусветная вайна і ён быў адпраўлены на фронт, дзе неўзабаве яго цяжка параніла. За бой 27 снежня 1914 года пад Аленбургам узнагародзілі яго Георгіеўскім крыжам 4 ступені. У арміі прабыў амаль 4 гады. У 1922 годзе быў двойчы арыштаваны белапалякамі і сядзеў у адзіночцы турмы Лукішкі ў Вільні за пракамуністычную дзейнасць.

Амаль адначасова ў Маскве арыштавалі малодшага брата Максіма — Гаўрылу, які быў студэнтам Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, арганізаваў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю стаудэнтаў, вельмі актыўна працаваў у напрамку нацыянальнага адраджэння Беларусі. Сястра братоў Гарэцкіх — Ганна, якая толькі паступіла ў Зоатэхнічны інстытут, несла ў турму для брата перадачу, трапіла пад трамвай і памерла. Гора братоў было бязмежным.

Толькі ў канцы 1923 года Максіму Гарэцкаму разам з сям’ёй удалося пераехаць у Мінск. Але ўжо ў ліпені 1930 года М. Гарэцкі трапіў у «архіпелаг ГУЛАГ» як «нацдэм», якога абвінавацілі ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі», і як польскага шпіёна. Быў арыштаваны і брат Гаўрыла.

Максіма выслалі ў Вятку, Гаўрла трапіў на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Жылося цяжка, прыйшлося працаваць землякопам, чарцёжнікам. Памерла маці, але на пахаванне братоў адпусцілі.

З восені 1935 года М. Гарэцкі па адбыцці ссылкі працаваў настаўнікам у школе пас. Пясочная Заходняй (Смаленскай) вобласці. У 1937 годзе, калі запар падбіралі недабітых у мінулыя гады «ворагаў народа», ён зноў быў арыштаваны і лютага 1938 года па рашэні «тройкі» быў расстраляны ў вяземскіх Курапатах.

Арыштавалі і Гаўрылу, але ён цудам застаўся жывым.

Калі падлічыць, дык у дарослым стане пісьменніку Максіму Гарэцкаму пашчасціла больш-менш нармальна пажыць усяго каля 13 гадоў. Найбольш спрыяльныя ўмовы для жыцця і творчасці былі ў Вільні (1919-22 гг.), дзе ён працаваў настаўнікам літаратуры і мовы ў Першай Беларускай гімназіі; у Мінску, дзе ён быў абраны правадзейным членам Інбелкульта, працаваў у саставе слоўнікавай, тэрміналагічнай, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай камісій і секцый, членам навуковай Рады Інбелкульта, выкладаў на рабфаку БДУ і ў Камуністычным універсітэце; у Горках (1926 - 1928 гг.), дзе загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

За гэтыя 13 гадоў ён напісаў кнігу «На імперыялістычнай вайне», якую ставяць побач з антываеннымі творамі Барбюса, Рэмарка; выйшлі яго галоўныя аповесці, апавяданні, нататкі, драматычныя творы: зборнік «Рунь», аповесці «Дзве душы», «У чым яго крыўда?», апавяданні «Сібірскія абразкі» і інш. Упершыню Гарэцкі склаў «Гісторыю беларускай літаратуры», якая вытрымала 4 выданні, «Хрэстаматыю беларускай літаратуры XI век—1905 год», шэраг слоўнікаў, напісаў шмат крытычных артыкулаў і г. д.

Сам вельмі музыкальны (іграў на скрыпачцы, жалейцы, балалайцы, добра спяваў), М. Гарэцкі разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым запісаў ад сваёй маці — Ефрасінні Міхайлаўны 318 песень, якія ўвайшлі у выдадзены ў 1928 г. спецыяльны зборнік «Народныя песьні з мелодыямі». У гэтыя гады Максім Гарэцкі пачаў працаваць і над раманам «Віленскія камунары» і галоўным сваім творам — «Камароўская хроніка» — эпапеяй сялянскага народнага жыцця. Першую кнігу ён змог закончыць ужо ў ссылцы ў Вятцы, а другая, так і засталася незавершанай, хаця і працаваў над ёй да апошняй магчымасці. У ссылцы ён напісаў апошнія свае творы: «Скарбы жыцця», «Кіпарысы», «Лявоніус Задумекус», якія выйшлі з друку толькі да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Які быў Максім Гарэцкі? Чарнявы, ладнай постаці, троху звыш сярэдняга росту, з вялікімі карымі вачыма, з прыгожым высокім ілбом. Па характару — надзвычай жвавы, уражлівы, непасрэдны, але разам з тым — цярплівы, стрыманы. Для яго характэрныя дабрыня, аптымізм, самаахвярнасць. Быў вельмі здольны: меў добрую памяць, аналітычны розум, логіку, глыбокае пачуццё, музыкальнасць. Адметнымі былі яго сумленнасць, прынцыповасць, патрабавальнасць да іншых і асабліва да сябе — таму некаторыя лічылі, што ў яго не надта лёгкі характар. Дзівіў усіх мэтанакіраванасцю. Яшчэ ў часы вучобы вырашыў звязаць свой лёс з беларускай літаратурай, з беларускім дэмакратычным рухам і нацыянальным адраджэннем, чаму ён і застаўся верным да канца сваіх дзён. Ён быў вельмі сціплы. Да ўсяго напісанага ім адносіўся вельмі строга і прыдзірліва, быў дужа працаздольны. Вялікае пачуццё абавязку, доўг перад грамадою, Радзімай, перад землякамі, роднымі былі ў яго пануючымі.

Спадчына Максіма Гарэцкага — шматграннага і самабытнага дзеяча нацыянальнага адраджэння — арганічная частка беларускай культуры. Ён не толькі адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, але і вучоны — пачынальнік беларускага літаратуразнаўства, выдатны літаратурны крытык і публіцыст, мовазнавец, перакладчык, фалькларыст, народны асветнік, педагог, рэдактар-выдавец, грамадскі дзеяч.

Максіма Гарэцкага ўсё. жыццё падтрымлівала бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны. Сваім жыццём ён пацвердзіў свае ж словы: «...ахвярую сваім «Я» ва ймя святога для ўсіх нас адраджэння».

Уладзiмiр Пучынскі

Зямля, неба і пазачассе Максіма Гарэцкага

Нашая газета летась пісала аб кружэлцы «Дыямент у пабітым шкле»- аўдыякампазіцыі з твораў Максіма Гарэцкага. Цягам паўгода прайшлі прэзентацыі, сустрэчы з чытачамі-слухачамі, выданне патрапіла да многіх людзей, а таксама культурніцкія асяродкі ў нашай краіне і за межамі. А ў стваральнікаў аўдыякнігі з’явіліся новыя ідэі. Пра гэта мы і пагутарылі з журналістам Кастусём Антановічам, кіраўніком праекта, грамадскім дзеячам.

Ідэя выдання гэтага СD - сумесная праца нашай творчай групы. Мы разам працавалі над першым дыскам. I калі яго ідэя была спантанная, але абгрунтаваная тым, што, напрыклад, цэнтральны твор «На імперыялістычнай вайне» ўваходзіў у школьную праграму, і мне, як студэнту-педагагічнага ўніверсітэта, было бачна, што гэты прадукт будзе запатрабаваным. Я на сабе адчуў, праходзячы гэты твор у школе, ва ўніверсітэце, як далёка не ўсё ў ім разумеў. Калі ж праслухаў, то для мяне многія рэчы сталі больш яснымі. Дадалі на кружэлку і апавяданне «Літоўскі хутарок». Радыёмастацтва дазваляе адкрыць новыя ракурсы, новыя межы літаратурнага твора. Таму калі зрабілі першы дыск, то фактычна адразу пачалі працавать над другім. Па-першае не маглі мы ўсё змясціць у першым, па-другое, ён тэматычна абмежаваны - імперыялістычная вайна. Уключаныя ў яго творы стваралі своеасаблівую кампазіцыю. Для другога мы вырашылі таксама стварыць агульны фон. Невыпадкова мой калега рэжысёр і дыктар беларускага радыё Алег Вінярскі параўноўвае першы дыск з зямлёй, а другі - з небам. Сюды ўваходзяць «Роднае карэнне», «Ціхая плынь» і шэраг іншых твораў, што маюць касмічную, вобразную, дзесьці пазачасавую рэальнасць. Яны з народных вытокаў ідуць. Таму вельмі важна было гэтую працу закальцаваць і завяршыць другім дыскам.

—А трэці будзе?

—Шчыра, ёсць такая думка. Спачатку меркавалі, што будзе дылогія, але цяпер разумеем, што ёсць яшчэ ў багатай спадчыне М. Гарэцкага тое, над чым варта працаваць. Але рана пакуль агучваць, якія творы ў яго ўвойдуць.

—Спынімся на асобах стваральнікаў кружэлкі.

Касцяк творчай групы працаваў над абедзьвюма кружэлкамі. А. Вінярскі стаў голасам праекта і рэжысёрам. Вялікі ўнёсак гукарэжысёраў: да Ігара Пісыгіна (які рабіў і першы СD) далучылася Людміла Свацікава. Сяргей Чайка рабіў майстарынг. Засталася з намі і Вольга Гваздова, а сваімі акварэлямі паліграфію выдання ўзбагаціў Вячаслаў Паўлавец. Дадаўся таксама гурт «Калыханка» (кіраўнік Ларыса Рыжкова). Спадзяюся, кожны, хто прыйшоў у праект будзе працаваць з творчасцю Гарэцкага і надалей.

—А як прыйшлі гэтыя людзі ў праект, і што ён даў ім?

—Для кожнага з нас гэта быў выклік. Для мяне - стварыць прадукт, каб ён быў цікавы, запатрабаваны. Дпя А. Вінярскага - стварыць палатно. Адкрыю сакрэт для чытачоў «КГ» - некаторыя творы, прыкладам, «Роднае карэнне», перачытваліся тройчы. Кожны раз - з рознай інтанацыяй, рознымі перажываннямі. Дпя артыста гэта магчымасць па-рознаму бачыць літаратурны твор. Як падаць слухачу пэўны твор? - гэта немалы выклік. Кожны працаваў фактычна за ідэю (праект некамерцыйны), выпрабоўваў сябе, як зможа працаваць у абставінах, адрозных ад асноўнай працы. Разумеючы, што гэта важна і для М. Гарэцкага, і для сябе, і для будучыні Беларусі.

—Цяпер звернемся да прэзентацыяў.

—Першая прэзентацыя, што было вельмі сімвалічна, прайшла ў Малой Багацькаўцы, фактычна на тым месцы, дзе нарадзіўся пісьменнік. Былі супрацоўнікі Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея, філіял якога дом-музей Гарэцкага, былі мясцовыя наведнікі, а таксама з Мінска і Горак. Пазней прайшла імпрэза ў Горках, дзе Максім Іванавіч вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі. Прэзентацыя ў Вілейцы таксама невыпадковая, там праходзіў фестываль, прысвечаны заканчэнню Першай сусветнай вайны. Пасля дома культуры імпрэза прадоўжылася ў Заброддзі, куды запрасіў мастак Барыс Цітовіч. Прайшла прэзентацыя і ў сталічным храме-помніку на вуліцы Кастуся Каліноўскага. А самая галоўная прайшла ў Мінску ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Я рады, што на апошняй быў пляменнік класіка - Радзім Гарэцкі. Ён, дарэчы, нам дапамагаў і ў стварэнні дыска. Прыкладам, папесенным змесце ў нас былі адны ідэі, а Радзім Гаўрылавіч звярнуў нашую ўвагу, што творчасць Максіма Іванавіча пайшла з вытокаў народных, з матчыных песень, якія ён і запісаў ды выдаў з Ягоравым. Некаторыя з песень сталі добраю аздобаю СD. Адабралі тры песні. Фальклорны гурт «Калыханка» з Міханавічаў развучыў дзве, і на студыі мы запісалі іх. Трэцяя - у выкананні Таццяны Захарыч - «А не даў мне Бог долі», нажаль, неўвайшла на дыск. Але выконвалася калектывам пад час некаторых прэзентацыяў.

На сустрэчах былі моладзь, людзі сталага веку, даследчыкі літаратуры... У Вілейцы - нават расія- не-вайскоўцы, якія з павагаю паставіліся і да нашага творцы, і да яго твораў.

Мы пакуль не прадстаўлялі кружэлку за мяжою, але Ларыса Мікалаеўна літаральна месяц таму ездзіла ў Літву да беларускай супольнасці, дзе пад час сваіх канцэртаў прэзентавала і дыскі Гарэцкага. Я рады, што інфармацыя пра выданні выходзіць за межы Беларусі. Тая ж беларуская меншасць на Падляшшы. Яны ведаюць беларускую мову, але многім цяжка чытаць на кірыліцы. I тут дыск - пэўнае выйсце. Калі я ездзіў у Бельск Падпяшскі, то таксама дарыў тамтэйшай беларускай супольнасці кружэлку. Многія адразу ж слухалі і на наступны дзень выказвалі захапленне. Таму лічу, што аўдыямастацтва мусіць жыць, як і друкаваная газета, бо яны маюць падмурак. Нічога не развівае так вобразнае мысленне, як той жа радыёспектакль. Я не скажу, што за гэтым будучыня, але гэта не мінулае. А ў школе без вобразнага мыслення немагчыма выхаваць рознабаковую асобу. Мяркую, у школьнай праграме павінен вылучацца час для ўдыямастацтва. У краіне ўжо ёсць багатая аўдыятэка - розныя людзі начытваюць і выдаюць літаратурныя творы, казкі, легенды - артысты Алег Хаменка, Віктар Манаеў, выдавец Алесь Калоша ды іншыя.

Гэтая кружэлка не выйшла б, можа, такім накладам, без фінансавай падтрымкі фундатараў. Адзін з дабрадзеяў жыве ў ЗША, беларус, які цяпер працуе. Ён быў у захапленні, калі пачуў «На імперыялістычнай вайне», таму ахвяраваў суму на другі дыск.

—Зямля, неба... атрэцяя кружэлка - што будзе?

— Верагодна, нешта міжчасавае, міжпрасторавае. Другі СD называецца «Дыямент у пабітым шкле», і М. Гарэцкі - сапраўды дыямент. Невыпадкова вокладка шмат у чым сімвалічная: разбітае шкло акуляраў, зорнае неба, а поруч - выява беларускай вёсачкі. I гэта ўсё ў Гарэцкага ёсць. Мы працавалі над дыскам больш за 10 гадоў. Здавалася б, нічога складанага: сабраў усё, начытаў. Але шмат было працы па падборы гукаў, музыкі, нават саміх твораў. Бо калі спачатку мы думалі ўключыць толькі «Роднае карэнне» і «Ціхую плынь», то пасля пачалі нанізвацца іншыя творы. Тое ж «Старое замчышча» - малавядомы твор, які ўвогуле быў узабыцці. Папярэдне ён друкаваўся толькі ў міжваеннай перыёдыцы. Яго ў сучаснай Беларусі толькі часопіс «Праваслаўе» надрукаваў. Няма яго ў зборы твораў. Там у маленькім абразку - квінтэсенцыя беларускай гісторыі. Няхай чытачы газеты паслухаюць, калі не слухалі, - гэта ўнікальны твор. Карысна праслухаць і школьнікам, і дарослым, усім нашым суайчыннікам.

Валерый Максімовіч

Максім Гарэцкі і экзістэнцыялізм

Праблема выбару, свабоды волевыяўлення, а поруч з гэтым адчуванне закінутасці, адзіноты, адчаю ў сітуацыі істотных зрухаў у грамадскай свядомасці і ў пачатку ХХI ст. становіцца агульначалавечай, агульназначнай праблемай. Сама “памежная сітуацыя”, якая ўяўлялася найважнейшым, канцэптуальным паняццем у межах экзістэнцыяльнай філасофскай дактрыны, зараз паступова ўніверсалізуецца, набывае сапраўды татальныя формы свайго праяўлення. Гэта ў вялікай ступені абумоўлена глабальнымі праблемамі сучаснасці, навукова-тэхнічным прагрэсам, узмацненнем франтальнай залежнасці чалавека ад непрадказальных вынікаў сваёй дзейнасці, якія здольныя прывесці да кардынальнай змены ўмоў і фактараў існавання. Негатыўныя адносіны да фундаментальных аксіялагічных установак наўпрост уплываюць на прыняцце жыццёвага выбару, на характар асабістых учынкаў і дзеянняў, на фарміраванне ўнутранага свету. Усё часцей агульны стан чалавечага існавання характарызуецца як стан крызісу, заняпаду, адыходу ад сталых жыццёвых прынцыпаў і прыярытэтаў.

Наш час у многім сугучны з пачаткам ХХ ст. — эпохай кардынальнага перагляду грамадска-палітычных і філасофска-эстэтычных пазіцый, пераацэнкі каштоўнасцей, палемічнасці, суровай крытычнасці і патрабавальнасці ў адносінах да рэчаіснасці і да самога чалавека. Гэта быў час, калі з усё большай відавочнасцю паўставала задача актывізацыі асобаснай свядомасці, пачуцця асабістай адказнасці чалавека ў агульнай плыні гістарычнага жыцця.

Эстэтычныя і духоўныя пошукі праходзілі ў розных кірунках, ахоплівалі даволі значны ідэйна-мастацкі, жанрава-тэматычны, праблемна-змястоўны абсяг. Няма важкіх падстаў прызнаваць прысутнасць дамінантнай філасофска-эстэтычнай дактрыны, школы, плыні ў межах беларускай культурастваральнай прасторы. Уласна, “філасофіяй” станавілася само жыццё з яго множнасцю ісцін, поглядаў, меркаванняў. Мэтазгодна і праўдападобна весці размову пра шматмернасць, плюралізм мастацка-анталагічнага дыскурсу, маючую месца экзістэнцыялізацыю духоўнага свету героя нацыянальнай літаратуры, наяўнасць экзістэнцыяльных матываў нароўні з іншымі мастацка-светапогляднымі праекцыямі. Тая ж экзістэнцыяльная свядомасць арганічным чынам была спалучана з іншымі формамі і відамі мастацкай практыкі, узаемадзейнічала з імі на розных узроўнях, выступаючы складовай часткай цэласнай мастацкай сістэмы пісьменніка. Гэта тычыцца і М. Гарэцкага, які, дзякуючы сваім псіхаэмацыянальным схільнасцям і светапоглядна-каштоўнасным арыентацыям, прытрымліваўся экзістэнцыяльнага філасофскага канона. Спецыфіка яго мастацкіх зацікаўленняў, адметнасць творчага дыяпазону дазваляюць знайсці агульныя кропкі судакранання з названай філасофска-эстэтычнай парадыгмай.

“Экзістэнцыяльная” лінія ў беларускай літаратуры гэтага часу праявіла сябе ў пакутлівых роздумах героя М. Гарэцкага — самарэфлексуючага, удумлівага, востра рэагуючага на празмернае жыццёвае бязладдзе. Ёмістасць і значнасць яго твораў вызначаецца іх быццёвай, субстанцыяльнай шматмернасцю, здольнасцю аўтара знаходзіць арганічную сувязь іх розных узроўняў і праяў і спасцігаць трагізм распаду гэтых сувязей, трагізм рэальнасці. Гэты трагізм перадусім звязаны з немагчымасцю дасягнення героем паўнавартаснай рэалізацыі, у выніку чаго ён адчувае горыч адрынутасці, асуджанасці на адзіноту і вымушаны заставацца сам-насам з сабой.

Чуйны да новых павеваў жыцця, мастак у сілу свайго грамадзянскага тэмпераменту не мог не закрануць праблемы дзейснасці актыўна-творчага пачатку як у асобным чалавеку, так і ў шматлікай людской масе, паказаць, гаворачы словамі У. Караленкі, значнасць асобы на глебе значнасці масы, узважыць меру асабістай адказнасці ў стыхіі безадказнасці калектыўнай. Апошняе становіцца, бадай, галоўнай, стрыжнявой задачай, цесна звязанай з ідэяй дваістасці — адпачатнай і магістральнай у творчасці М. Гарэцкага. Гэтая ідэя стала вынікам мыслярскіх рэфлексій пісьменніка на фактар прысутнасці некалькіх рознаскіраваных пачаткаў у нацыянальнай свядомасці беларуса, яго дваістага ўнутранага стану. Пісьменнік аддае перавагу такому самапачуванню, калі ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калі чалавек здольны ўлавіць сапраўдную і шматзначную дыялектыку жыцця.

Раздвоенасць душы, на якую “хварэюць” многія героі М. Гарэцкага [Клім Шамоўскі (“У лазні”), Архіп Лінкевіч (“Роднае карэнне”), Касцюк Зарэмба (“У чым яго крыўда?”), Антон Жабон (“Антон”), Ігнат Абдзіраловіч (“Дзве душы”) і інш.], — з’ява зусім не радавая, прыватна-інтымная. Яна мае пад сабою глыбінны першавыток, звязаны з агульным узроўнем гістарычнага і сацыяльнага быцця нацыі з яго пакутлівым шляхам самасцвярджэння, самаідэнтыфікацыі. Прычым вельмі выразна ў вышэй прыведзеных творах праводзіцца думка аб узаемасувязі, узаемазалежнасці адзінкавага і цэлага, прыватнага і агульнага, героя і грамады.

Максім Гарэцкі гаворыць пра беларусаў з такой трагічнай пранікнёнасцю, якая нагадвае эмацыянальна-псіхалагічную танальнасць твораў экзістэнцыяльнай скіраванасці. Незвычайнасць, неардынарнасць самой сітуацыі аб’ектыўна схіляе да таго, што канфлікт героя ўспрымаецца перадусім як канфлікт яго з самім сабой, з уласнымі думкамі, развагамі. Акрамя таго, гэты канфлікт успрымаецца не толькі ў сэнсе супрацьстаяння асяроддзю сацыяльнаму, але і біялагічнаму дэтэрмінізму, ракавой спадчыннасці ў духу натуралістычных канцэпцый. У рэшце рэшт ён зварочвае ў плоскасць несупадзення духоўных узроўняў і памкненняў наогул, г. зн. набывае субстанцыяльную накіраванасць.

Асоба героя — той пункт, тая памежная “цэнтрысцкая” лінія, на якой усё сыходзіцца, усё замыкаецца, якая прыцягвае да сябе розназараджаныя вектары руху і па меры магчымага спрабуе ўраўнаважыць іх. Функцыя-прызначэнне гэтага героя, па сутнасці сваёй, прымірэнчая, міратворчая. І гэта з улікам таго, што падобная місія паўнаважка, даастатку ім не ўсведамляецца, “ідэалагічна не праігрываецца”, а ўспрымаецца пераважна на ірацыянальным, падсвядомым узроўні.

Адна з істотных характарыстык лініі паводзін героя М. Гарэцкага палягае ў тым, што жыццёвы кодэкс героя наўпрост абумоўлены аб’ектыўнымі, “зямнымі” рэаліямі і ў многім абцяжараны яго ўласным (як правіла — няўдалым) практычным вопытам чалавечых зносін і спроб змяніць жыццё людзей да лепшага ці, зрэшты, узбудзіць у іх неадольную прагу такога жыцця. У апавяданні “Стогны душы” чытаем: “Я хачу жыць вольным жыццём — жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцця. Я хачу новага, лепшага жыцця. Я крэпка, усімі сваімі сіламі жадаю яго! Бо нездаволен, вельмі нездаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і другіх вызваліць з гэтага жыцця. Бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага... Я не хачу трываць! І не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю! Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені, ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць “паноў” і “мужыкоў””. Як бачым, герой жыве марай палепшыць свой лёс не інакш, як праз паляпшэнне лёсу іншых, але гэтая адмысловая высакародная мара пастаянна разбіваецца аб цяжкі ком жыццёвага друзу і заскарузлай інертнасці і абыякавасці людзей да яго высакародных памкненняў.

Нельга не заўважыць у падобнай пазіцыі наяўнасць прыкмет свядомасна-ахвярнага падзвіжніцтва з боку маладых адраджэнцаў, абазначанасць контураў праграмы ўнутранага дзеяння, якая, зрэшты, з-за сваёй катэгарычнасці, непасрэднай “максімалісцкай” сувязі з сацыяльна-культурнымі пераўтварэннямі і сваёй відавочнай “тактычнай” апераджальнасцю асуджана на няўдачу.

Як бы цяжка ні даводзілася герою, як бы яго ні раздзірала нязгода з родным краем (“Мой родны край, краса мая, // З табою век не ў згодзе я...”), ён ніколькі нават і ў думках не дапускае магчымасці збегчы ад гэтага “свойабразнага пекла”. Парваць сувязі з народам, адысці ад яго надзённых клопатаў і праблем азначала адрачыся ад сябе самога, стаць іншым, а значыць, папросту перастаць быць. Такая “перспектыва” глыбока яму чужая, непрымальная. Калі для рамантыкаў чалавек быў сродкам дасягнення сваіх ганарлівых памкненняў, то для М. Гарэцкага ён станавіўся мэтай, непасрэдным аб’ектам грамадзянска-працэсуальнага чынніцтва. Але ўся неардынарнасць сітуацыі ў тым, што не народ, не “старэйшы” апякуецца над меншым, малодшым, а, наадварот, малодшы апякуецца над старэйшым, і больш за тое — ахвяруе сабою дзеля блізкіх і крэўных па духу людзей.

Героі М. Гарэцкага — вялікія праўдалюбы, максімалісты, што жывуць моцнай прагай жыццёвых перамен, хоць іх мары і добрыя намеры разбіваюцца аб глухую сцяну жорсткай рэчаіснасці. І як заканамерны вынік — песімізм і расчараванасць у жыцці, якія прыводзяць часам да безвыходнасці, адчаю, духоўнай дэпрэсіі. Падобную сітуацыю назіраем у апавяданні “Рунь”, герою якога (Уладзімеру З.) даводзіцца “шукаць сабе чалавека спаміж людзей” У пачатку апавядання, якое напісана нібыта ад імя былога таварыша, прыводзіцца наступнае красамоўнае сведчанне: “Я ведаў вялікія сілы яго душы маладой і крыштальную чыстату гэтай душы.

Я ведаў... І я павінен расказаць братам беларусам, якую, можа, сілу, што была спаміж нас, страцілі мы”, падкрэсліваючы пры гэтым, што Уладзімера З. “займалі не толькі што грамадзянска-палітычныя пытанні, але і перажыванні чалавека, яго псіхалогія. Значыцца тож, любіў ён хараство, прыгажосць, хаця і не любіў паказваць таго занадта, бо па яго сумленню жыццё ў наш практычны век вымагае іншага. Але гэта быў такі рамантык. Колькі вершаў умеў ён напамяць! З беларускай жа народнай паэзіі найбольш ён любіў ціхія легенды і страшныя паданні; таксама — казкі, у каторых даводзіцца, што некалі праўда возьме верх над злом” Але ўвесь парадокс у тым, што жыццёвыя абставіны, слепата людская ўцягваюць героя ў бездань пакут, нараджаюць нуду і боль, крыўду і адчай, правакуюць на духоўнае сіроцтва.

“Нудна! Нудна!

Скуль з’явілася тая нуда ў цябе, што пад канец, у апошнія часы, так неадчэпна грызе табе сэрца і паддае ламаты і болю галаве тваёй? Чаму не маеш цікавасці жыць?

Чагосьці не хапае табе...

<…>

Уладзімерка! Ты не маеш сярод людзей чалавека, якому б раскрыў душу сваю, да якога б прыхіліўся. Можа, таму, што ты сам сабе гідак і непрыемен. Дык баішся паказацца людзём у шчырасці сваёй, у брыдоце сваёй.

А ты ж ідэаліст...

Ты ж змалку гнаўся за праўдаю...

Гаротны!”

У гэтых сведчаннях “закуліснага аўтара” — безумоўная рэальная дакладнасць, квінтэсэнцыя самой сутнасці сучаснай М. Гарэцкаму “духоўнай явы”. Момант адчужанасці, аддаленасці ад свету, ад агульнага жыцця, ад людзей — навідавоку. Чалавек, якому ад прыроды многае дадзена, які валодае зайздроснымі творчымі задаткамі, не ў стане рэалізаваць свой духоўны патэнцыял. Адсюль — і ўвесь трагізм героя, яго асуджанасць на адзіноту. “Беларуская справа”, якая толькі спарадычна згадваецца, на якую робіцца намёк, па волі аўтара заканамерна скіроўвае ў рэчышча анталагічнае, наўпрост звязваецца з праблемай індывідуальнага, асобаснага існавання.

“Праўда, што мы творым жыццё, але калі і праўда, то ці не ўсё роўна? Людзі!..

А каторыя з іх болей варты спагадання? Хто іх разбярэ?

Я заступаюся за брата-мужыка, а я ж яго не люблю, і ён жа мяне крыўдзіў болей чым хто”.

Адсюль бярэ свой першавыток “трагічны гуманізм” героя, яго “інтэлігенцкая хвароба”, якая, па сутнасці, стала вынікам хранічнай адсутнасці права на выбар. Загнаны ў “жалезную клетку” (Л. Андрэеў) безвыходнасці, не знаходзячы шляхоў вырашэння антыноміі “пан — мужык” з-за рэзка палярнага сацыяльна-класавага размежавання грамадства, герой міжволі аказваеццца між двума камянямі-жорнамі. Пастаўлены перад невырашальнай дылемай і не могучы пераступіць планку антымаральнасці, адзіным выйсцем для сябе герой бачыць самагубства.

Прызванне — “інтэлігент” — становіцца ўрэшце ракавым: “ты — сын народу”, але “рука твая не ўзнімаецца на заклятых ворагаў тваіх”. Самаапраўданнем гучаць словы героя: “Я вышэй гляджу! Жыццё!”.

Жыць антымаральна для Уладзімера З. азначала насуперак сваёй волі звярнуць на шлях пурытанства, з пазіцый “класа” асуджаць “ворагаў сваіх”, а значыць, збочыць са шляху інтэлігентнасці (чытай: гуманнасці, філантропіі). Але гэтага ён зрабіць не мог. Яму быў чужы і ўнутрана непрымальны прынцып “маралізуючага імаралізму”, г. зн. “адмоўнага маралізатарства”, які заключаўся ў фетышызацыі ідэі безагаворачнага абвінавачвання, асуджэння, у абсалютызацыі разбуральнага пачатку і катэгарычнага адмаўлення станоўчых каштоўнасцей — любові да бліжняга, супрацоўніцтва класаў, салідарнасці, права на вартае чалавека жыццё. Вось чаму ён заставаўся ідэалістам. Быць ідэалістам у такім разе азначала вітаць і прапагандаваць сваёй уласнай пазіцыяй ідэалістычны тэзіс — “свядомасць вызначае быццё”, адчуваць сваю крэўную далучанасць да цывілізацыі і культуры. Нават, здавалася б, паэтычна-імператыўнае — “а спакою мне!” — у дадзеным кантэксце мае пад сабою матываваную светапоглядную падаснову. Пры ўсім сваім глыбокім роздуме-рэфлексіі над “пытаннямі рознымі”, героі М. Гарэцкага вылучаюцца фізічнай і маральнай бездакорнасцю, цвярозым поглядам на жыццё. У іх добрая і адкрытая душа, якая можа прэтэндаваць на духоўную празорлівасць, вяшчунства. Яны па праве адносяцца да тых людзей, якія, “не маючы закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы закону, яны самі сабе закон: яны паказваюць дзела закону, у сэрцах у іх напісанае, аб чым сведчаць сумленне іх і думкі іх, то абвінавачваючыя, то апраўдваючыя адна адну”. Асновай прынцыпу паводзін героя ранніх апавяданняў М. Гарэцкага, паводле А. Пятровіча, “з’яўляецца тое, што запаведзі (правілы) Божыя напісаны ў яго сэрцы, з’яўляюцца яго сумленнем, якое кіруе ўсімі думкамі і ўчынкамі і не дазваляе рабіць благое (грэх). Сумленне з’яўляецца сур’ёзным заслонам, які перашкаджае граху авалодаць чалавечай душой, сумленне — ахоўная сістэма, якая не дапускае вераломны грэх у душу чалавека і ў яго жыццё”.

Героі Гарэцкага — рамантыкі па духу і “экзістэнцыялісты” па светаадчуванні. Усведамляючы ўсю безвыходнасць свайго становішча, яны тым не менш не адракаюцца ад сваёй мэты бескарыслівага служэння бацькаўшчыне: “Але не адракацца, не быць здраднікам. А любіць, шанаваць родную бацькаўшчыну павінен, доўжан...” Услед за гэтымі словамі, якія належаць Кліму Шамоўскаму, — зігзаг маланкавага запытання: “А страшна яно, роднае... чым?..” Можа, і тым, што ніколі нельга чакаць ад яго, роднага, адназначнага адказу, пэўнага імператыву, нельга цалкам на яго пакласціся, даверыцца без аніякай шкоды для сябе. Таму што гэтае роднае — у адначассі шматлікае, шматаблічнае, як міфічны Янус, здольнае да дзіўных і непрадказальных метамарфоз. Таму і даводзіцца шкадаваць Архіпу Лінкевічу, “што людзі сляпыя такія” А перадвыток гэтай слепаты — трагедыя людзей, што змушаны супраць уласнай волі жыць па канонах навязанага чужой воляй закону. І традыцыя, “архаіка”, нават спалучаная з нецывілізацыйнымі формамі жыцця, — магчымасць не растраціць даастатку, не згубіць сябе.

Максіму Гарэцкаму, як вядома, давялося стаць непасрэдным удзельнікам Першай сусветнай вайны, прайсці праз горан суровых выпрабаванняў і нягод. Убачанае і перажытае балюча вярэдзіла памяць і свядомасць мастака, прымушала яго наноў задумвацца над праблемай псіхаэмацыянальнага пачування і паводзін чалавека ў жорсткіх абставінах вайны. Пісьменнік як непасрэдны ўдзельнік вайны здолеў перадаць яе антычалавечую сутнасць не толькі ў рэалістычным, але, так бы мовіць, і ў эмацыянальна спасцігальным ракурсе, прасачыў працэс паступовай страты цэласнага светаўспрымання, разбурэння сістэмы звышпачуццёвых, ментальных каштоўнасцей у іх традыцыйных формах. Ён паспрабаваў выявіць надзвычай складаны комплекс пачуццяў чалавека на вайне, дзе ў супярэчлівым адзінстве перапляліся свядомае і падсвядомае, рацыянальнае і ірацыянальнае, нізкае і высокае, гуманнае і антыгуманнае.

Ваеннае ліхалецце, паводле глыбокага пераканання пісьменніка, прыносіць шмат фізічных пакут і яшчэ больш пакут духоўных, маральных. Разбуральны, антычалавечы характар вайны пераканаўча паказаны ў апавяданнях “Рускі” (1915), “На этапе”, “Генерал” (абодва — 1916) і ў адным з лепшых твораў М. Гарэцкага на тэму вайны — апавяданні “Літоўскі хутарок” (1915). Вайна нікога не шкадуе: калечацца чалавечыя лёсы, трагічна абрываюцца маладыя жыцці, крышацца надзеі на ўратаванне, на вяртанне ранейшага ўкладу жыцця. Ліхая навала вайны не абышла і сям’ю хутарскога гаспадара Яна Шымкунаса. Незваротна страчаны гаспадарскі набытак, нанесена глыбокая псіхалагічная, душэўная рана дачцэ Монці. Героі, якія аказаліся ў эпіцэнтры ваенных баталій, сталі заложнікамі сітуацыі, вымушаны цярпець ганебны здзек і прыніжэнне чалавечай годнасці, рызыкаваць сваім жыццём. Яны не могуць спадзявацца хоць на нейкую літасцівасць, спагадлівасць, людскае абыходжанне. Страшны малох вайны няўхільна робіць сваю справу, дратуе і нішчыць усё, што трапляецца на яго шляху. Фінал твора адкрыты. Але сама жудасная атмасфера здранцвення і гібелі ўсяго жывога, сітуацыя адчаю і безвыходнасці, якая цяжкім бярэмем павісла над уцалелымі цудам жыхарамі злашчаснага хутара, не пакідае надзеі на тое, што людзям удасца захаваць свае жыцці ў гэтай беспрасветнай калатнечы і неапраўданых нічым чалавеказабойствах.

Суровая праўда пра вайну, сапраўдная існасць ваенных выпрабаванняў раскрыты М. Гарэцкім у дакументальна-мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”. “Запіскі...”, якія ўпершыню пабачылі свет у 1926 г., сталі адметнай, наватарскай з’явай у беларускай літаратуры. Пісьменнік вачыма салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады свайго духоўнага двайніка Лявона Задумы з гуманістычных, антымілітарысцкіх пазіцый паказвае жудаснае аблічча вайны, малюе антычалавечую карціну бязлітаснай крывавай бойкі, калецтва маладых салдат — фізічнага і духоўнага, самай высокай мерай вымярае духоўныя магчымасці чалавека, яго здольнасць супрацьстаяць разбуральнай сіле зла, насілля, нянавісці. Радавыя ўдзельнікі вайны кожны дзень сам-насам сутыкаюцца са смерцю, і кожны з іх павінен знаходзіць у сабе моц, каб выстаяць у гэтым невыносным пекле агню, бамбёжак, абстрэлаў, захаваць сваю годнасць і чалавечае аблічча. Разам з занатаваннем страшных эпізодаў вайны герой імкнецца пакінуць плён сваіх балючых роздумаў, перажыванняў, клопатаў і турбот. I гэтыя роздумы маюць не толькі асабісты характар, а непасрэдна спалучаны з агульназначным, агульнанародным, дзе яскрава праступаюць востры боль і трывога за лёс роднага краю, сваёй бацькаўшчыны. У адзін з такіх роздумных момантаў і прыходзяць думкі аб існым сэнсе і характары вайны: “Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам... ва славу... ва славу... чаго? Вызвалення “малых” народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна?”

Бязлітасныя абставіны вайны, тая страшная калатнеча, удзельнікам якой даводзіцца быць Лявону Задуму, выклікаюць у душы героя магутны пратэст супраць неапраўданых чалавечых ахвяр, супраць злачыннай машыны вайны, якая ненасытна забірае чалавечыя жыцці, прыносіць непапраўнае гора, страшныя пакуты, непамысныя разбурэнні. “Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны!” — гэтыя словы вырываюцца з глыбіні душы ў аднаго з радавых удзельнікаў вайны. Але падобны пратэст нараджаўся ў кожным, хто пабываў у самым пекле вайны і перажыў надзвычайную, немагчымую ў мірным жыцці абвостранасць, напятасць усіх фізічных і духоўных сіл, насамрэч зведаў рэальную сітуацыю выпрабавання на мяжы жыцця і смерці.

З максімальнай аб’ектыўнасцю і глыбокай дакументальна-эпічнай перакананасцю М. Гарэцкі паказвае чалавека ў экстрэмальных абставінах вайны. Адлюстраваныя ў дзённіку падзеі пазбаўлены мастацкай ідэалізацыі і гераізацыі. Пісьменнік імкнецца захаваць неабходную меру аб’ектыўнасці, праўды, спрабуе спасцігнуць глыбіні чалавечага духу, зразумець паводзіны і ўчынкі чалавека ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. У надзвычай напружаных, трагічных абставінах чалавеку, з аднаго боку, вельмі цяжка было авалодаць сабой, стрымаць свае эмоцыі, не паддацца імгненнаму пачуццю страху, боязі, роспачы. З іншага боку, сама атмасфера бою, надзвычайная — стрэсавая — сітуацыя дапамагалі як бы гранічна мабілізавацца, знайсці ў сабе скрытую ўнутраную моц і рашучасць не паддацца здрадлівай слабасці, нейтралізаваць пачуццё адчаю і бездапаможнасці, праявіць смеласць і адвагу, што часам межавалі са здзяйсненнем геройскага ўчынку. Але, нягледзячы на ўсё, вайна ва ўспрыманні Лявона Задумы — вялікае злачынства, жудасны выклік жыццю, усяму жывому на зямлі. Недаравальна тое, што яна пакідае незагойныя душэўныя раны, відавочна дэфармуе, відазмяняе ўвесь комплекс светапоглядных і маральна-этычных перакананняў, парушае саму цэльнасць чалавека як разумнай, культурна-цывілізаванай істоты.

Вайна найперш стала жорсткім выпрабаваннем на духоўную трываласць, на чалавечую годнасць. Убачанае і перажытае, суровыя ваенныя выпрабаванні пакідалі глыбокі след у душы, міжволі прымушалі ацэньваць, асэнсоўваць канкрэтныя сітуацыі з гуманістычнага, агульначалавечага пункту погляду.

У аповесці ўзнаўляецца шмат момантаў, якія таксама маюць насамрэчную экзістэнцыйную скіраванасць: праблема маральнага выбару, памежная, экстрэмальная сітуацыя, пошукі шляхоў асабістага і грамадскага шчасця і свабоды, трагічнасць індывідуальнага лёсу чалавека на вайне. Пры ўсіх магчымых варыяцыях усіх іх вянчае гуманістычная ідэя, звязаная з перакананнем, што жыццё чалавека — гэта адзіная сапраўдная каштоўнасць і недатыкальная святасць. Прычым чалавек паўстае тут не як нейкая касмапалітычная, абстрагаваная сутнасць, а як прадстаўнік пэўнай этна-нацыянальнай супольнасці, які і ў крайне суровых, экстрэмальных умовах праяўляе непадробны клопат пра лёс сваёй радзімы, сваёй бацькаўшчыны, народа, жыве грамадскімі інтарэсамі. Трапіўшы ў абставіны, якія пагражалі цэласнасці яго эксзістэнцыі, галоўны герой аказваецца перад быццём і хаосам і вымушаны, наколькі гэта магчыма ў яго сітуацыі, адчайна і рашуча трымацца за жыццё. Пісьменнік задаецца пытаннем пра асабістую адказнасць чалавека за ўчыненае, здзейсненае. Згодна з яго мастацкай канцэпцыяй, не можа быць ніякага апраўдання віны, зробленаму выбару, асабліва калі гэта тычыцца лёсу іншага. Нельга, недапушчальна ў гэтым выпадку матываваць свой выбар грамадскай неабходнасцю, змушанасцю, знешнімі абставінамі і акалічнасцямі. Усё злачыннае, антыгуманнае лажыцца цяжкім бярэмем на чалавека, наўпрост уплывае на яго ўнутранае самапачуванне, яго сумленне, вярэдзіць балючую памяць душы.

Здольны да глыбокага аналізу і ацэнкі ўсяго, з чым ён сутыкаецца і ўдзельнікам чаго яму даводзіцца быць, Задума сам адчувае невымерны цяжар віны за здзейсненае, за безліч нявінных ахвяр — такіх, як і ён сам, паднявольных удзельнікаў вайны. Героя не пакідае адчуванне таго, што на яго вачах адбываецца крушэнне саміх асноў жыцця і ён сам міжволі становіцца выканаўцам чыёйсьці злой волі. “А я ж не пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля...” — з болеем і скрухай у сэрцы прызнаецца ён сам сабе ў хвіліну пакутлівага роздуму.

Асаблівай шчырасцю, чалавечнасцю характарызуецца стаўленне героя да сваіх саслужыўцаў, радавых удзельнікаў вайны як да духоўна блізкіх людзей, з якімі ён адчувае сваю ўнутраную роднасць, тоеснасць. Пачварная рэчаіснасць вайны, непамысныя нягоды і пакуты зблізілі, зраднілі гэтых людзей, адкрылі ім існы сэнс чалавечай еднасці, калектывізму і згуртаванасці. У час паўгадовага адпачынку па стане здароўя ў сябе на радзіме герой у думках міжволі згадвае сваіх таварышаў па зброі (“Шкода іх, шкода… Бедныя, любыя!”), інтуітыўна ўгадвае іх думкі, якія “лятуць з поля смерці, з тых сцюдзёных ям, з бясконцага няшчасця дзён”. Празмерна развітая гуманістычная свядомасць героя не дазваляе яму змірыцца з роляй звычайнага статыста, прыпадобніцца да подлай натуры маленькага чалавечка, які марыць неяк перажыць вайну. Наадварот, ён не можа здрадзіць пачуццю франтавога братэрства, адчувае сваю міжвольную вінаватасць з-за таго, што давялося часова выбыць са строю. Незвычайна абвостранае адчуванне свайго чалавечага абавязку нараджае непазбыўную адзіноту, настальгію, сум, якія цяжка ўлагодзіць, з якімі цяжка ўжыцца.

З іншага боку, Задума з нейкім асаблівым, напятым пачуццём успрымае штодзённа-звыклае, ціхамірнае вясковае жыццё, яскрава ўсведамляючы тое, што яно пры магчымай змене жыццёвых абставін можа ледзь не вокамгненна знікнуць назаўжды. Адсюль і надзвычай абвостранае, высокадраматычнае перажыванне простых радасцей сялянскага жыцця, мірных будняў. У каментарыях да аповесці “На імперыялістычнай вайне” М. Мушынскі слушна заўважае, што “ў паводзінах людзей, што прайшлі франтавое выпрабаванне, пісьменнік угледзеў парасткі новай маралі, праяўленне новага тыпу чалавечых адносін. Гэтыя людзі вымяраюцца пісьменнікам інакшай, больш высокай меркай на годнасць чалавека”. І гэта, думаецца, дзякуючы і таму, што М. Гарэцкі ў шмат якіх момантах спрычыніўся да экзістэнцыялісцкай канцэпцыі чалавека і свету, да разумення чалавечых паводзін у сітуацыі “выбару”.

Вайна, маштабныя сацыяльныя ўзрушэнні, згодна з аўтарскай думкай, нараджаюць адчуванне трывогі, аддаляюць ад прыроды, зямлі, традыцыйных устояў, прыводзяць да дэфармацыі чалавечых якасцей увогуле. Падобны стан героя актывізуе экзістэнцыйнае самапачуванне, наўпрост звязанае са светапогляднымі структурамі, жыццёвымі прыярытэтамі, сістэмай каштоўнасцей і сэнсаў, светаадносін. Героя не на жарт раздражняе побытавая неўладкаванасць, патрыярхальная абыякавасць да ўмоў жыцця аднасямейнікаў, якія змірыліся, звыкліся з наяўным станам рэчаў. Адчуванне Лявонам Задумам унутранага разладу з бацькамі абумоўлена не толькі тым, што ён нічога не можа зрабіць для іх у сэнсе набліжэння да культурных, цывілізаваных форм жыцця (“Як гэта ўсё далёка ад таго, ад той культурнасці, якую бачыў я ў сялянскіх хатах ва Усходняй Прусіі”. Прычына мае больш глыбокія, “экзістэнцыйныя” карані. Яна — ва ўсведамленні героем наканаванай бясплённасці яго фізічных і духоўных ахвяраванняў і высілкаў змяніць, перайначыць свой лёс і лёс блізкіх людзей ці хоць бы абудзіць у іх неадольную прагу да лепшага жыцця. Іншымі словамі, “нязносная адзінота” героя абумоўлена, па вялікім рахунку, агульным узроўнем гістарычнага і сацыяльнага быцця нацыі з яго пакутлівым шляхам самасцвярджэння, самаідэнтыфікацыі, а яго канфлікт са знешнім асяроддзем набывае адзнакі “экзістэнцыйнага” канфлікту — канфлікту з самім сабой, з уласнымі думкамі, меркаваннямі, развагамі.

Герой пачувае сябе на ростанях — ізаляваным, пакінутым сам-насам са сваёй адзінотай. Акаляючая рэчаіснасць падаецца чужой, злавеснай. Усё, з чым даводзіцца яму сутыкацца, мець нейкае дачыненне, набывае адзнаку адчужанасці, непрыхільнасці, варожасці. Добра знаёмыя з дзяцінства рэчы, абжыты свет, які раней унушаў спакой і надзейнасць, ператварыўся ў штосьці непамысна насцярожваючае, прыгнятаючае, — у тое, што становіцца першапрычынай неадольнага суму і безнадзейнай адзіноты. Пачуццём трывогі насычана не толькі знешняя рэчаіснасць. Падобным эмацыянальна-псіхалагічным адчуваннем пранізана сфера ўнутранага самапачування. Больш за тое, менавіта ўласная адчужанасць ад сябе, адчуванне татальнай неабароненасці, бездапаможнасці, перманентнай прыгнечанасці, фрустрацыі становяцца першапрычынай чужасці знешняй, вонкавай. Герой аказаўся нібыта паміж двух агнёў: усюды яго пераследуе небяспека, ён вымушаны знаходзіцца ў стане трывожнага чакання, загадзя ведаючы, што рэальны вынік не абяцае нічога добрага (“Заб’юць цяпер… І к ліху новае жыццё… Ну і чорт яго бяры, такое жыццё, — не шкода…

Але нейкі ком падкаціўся, і заныла ўсё.

І так пераходамі думалася то лепшае, то горшае. А ўсё наогул — нядобра, прыкра, цяжка...” Ён цалкам пазбаўлены жыццёвай апоры, надзейнага грунту, ад чаго свет набыў такія пагрозлівыя, варожыя абрысы, стаў чужым, халодным, палохаючым. І рэальнае ўсведамленне невырашальнасці, тупіковасці сітуацыі, немагчымасць знайсці для сябе рэальнае выйсце з жыццёвых абставін нараджае тое хваравіта-балючае адчуванне мяжы-парога, што цалкам пазбаўляе яго надзеі наладзіць гарманічную сувязь паміж сабой і светам, паразумецца з самім сабой. Ён вымушаны знаходзіцца ў стане пакутлівага перажывання, неадольнага душэўнага цяжару (“Мне ж не хочацца нават гаварыць. Яны мяне з такою радасцю чакалі, а не прынёс я ім весялосці ў хату. Так, мала смеху ў нашай хаце. І я ў тым нямала вінават… Няхай сабе!” Адчуванне безвыходнасці, бездапаможнасці нараджае пачуццё канцовасці — не фізічнай, а звязанай з усведамленнем уласнай недасканаласці, ракавой немагчымасці супрацьстаяць чыёйсьці злой волі, жыццёваму наканаванню.

Даволі сімптаматычным выглядае эпізод з галубком, якога Задума забівае на таку без аніякіх на тое відавочных прычын. Карціна забойства безабароннай птушкі як бы ў мініяцюры, сімвалічна раскрывае стан героя, люструе сітуацыю “экзістэнцыйнага” памежжа: “як людзі перад страхам, замяталіся, пакінулі найлепшую яду і ў смяротнай тузе кінуліся пад вароты, біліся крылкамі, каб вылецець.

Шубнуў лапатаю ў самы груд — і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударажна сціснуў у руцэ. Адчуў, як б’ецца сэрца і ў галуба і ў самога.

Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму не адарваліся. І брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку”. Учынак сапраўды выглядае гідкім, недарэчным. Але ён красамоўна перадае і сам стан героя, і, больш за тое, пераканаўча дэманструе пісьменніцкае ўяўленне пра “экзістэнцыяльнае”, пра мажлівасці жыццёвага выбару, пра дваістую прыроду чалавека, дзеянні і ўчынкі якога падчас могуць быць непрадказальнымі, некантралюемымі.

Адным з найбольш красамоўных паказчыкаў далучанасці твора да філасофскай традыцыі эксзістэнцыялізму з’яўляецца сам прынцып узнаўлення сітуацыі выбару, што набывае востры, крайне абцяжарваючы, абмяжоўваючы чалавека характар. Гэтая сітуацыя, паводле “закону жанру”, патрабуе неадкладнага дзеяння па пераадоленні цяжкасцей, якія ўсведамляюцца і расцэньваюцца як жыццесутнасныя, лёсавызначальныя, звязаныя з выбарам аксіялагічных прыярытэтаў быцця.

Экзістэнцыяльныя героі — неспакойныя, апантаныя натуры, якія цалкам захоплены ідэяй руху, дзеяння, змагання, адчуваючы пры гэтым сваю татальную неабароненасць. Знешне апазнавальным знакам экзістэнцыяльнага вырашэння жыццёвых калізій і канфліктаў з’яўляецца тое, што ў цэнтры ўвагі пісьменніка і яго галоўнага героя знаходзяцца даволі змрочныя, панурыя бакі жыццёвага вопыту, настрой страху і адчаю, роспачы і суму. У адрозненне ад экспрэсіяністаў М. Гарэцкі не прыводзіць свайго героя да суцэльнай апатыі, жыццёвага песімізму. Наадварот, у аснове яго “экзістэнцыяльнай” філасофіі ляжыць адраджэнскі пафас, ідэя ўваскрашальная, віталісцкая. Чуйны да новых павеваў жыцця, мастак у сілу свайго грамадзянскага тэмпераменту аддае перавагу такому стану, калі ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калі чалавек здольны ўлавіць сапраўдную і шматзначную дыялектыку жыцця, знайсці і надаць яму сэнс, які зробіць жыццё сапраўды значным, нават бессмяротным.

У нашым выпадку важна падкрэсліць, што пісьменнік мадэлюе сітуацыі выбару не толькі ў адносінах да франтавых будняў, але і будняў мірных. Гэта можа сведчыць пра тое, што ягонаму герою наканавана перажываць такі стан пастаянна, у кожнае імгненне жыцця. Ягоная свядомасць, яго самапачуванне, душэўны стан ужо адпачатна настроены на катастрафічнасць успрымання рэчаіснасці, на перманентнае рэфлексаванне паводле перажываемага, сітуацыйнага моманту. У кожнае імгненне жыцця, іманентна ён ужо настроены на экзістэнцыяльную хвалю, міжволі трансфармуючы знешнія раздражняльнікі ва ўнутрана прадуцыруемую рэальнасць. Адсюль і наяўнасць той памежнай сітуацыі, экзістэнцыяльнага кантрапункта (шэрагу кантрапунктаў), што адлюстроўвае напал, моц выяўлення ўнутранага перажывання — таго, што ідзе знутры, мае асобасную матывацыю. Увогуле ж, экзістэнцыяльныя героі, у масе сваёй, пакладаюцца больш на інтуіцыю, давяраюць пераважна свайму эмацыйна-пачуццёваму комплексу (унутранаму імператыву), — таму, што ідзе знутры, што непасрэдна імі перажываецца.

Памежная сітуацыя, як яна паўстае ў творы М. Гарэцкага, заўсёды суправаджаецца ўзмоцненай роздумнасцю героя, характарызуецца пэўнай мысленчай дыскрэтнасцю, разарванасцю, у выніку чаго яго “праграмныя” ўстаноўкі не могуць набыць гарманічную і асэнсаваную цэласнасць. Падобны памежны стан з-за сваёй “разарванай” скіраванасці ў прынцыпе не можа быць змененым, пераадоленым, якасна абноўленым. Немагчымасць вырашыць станоўча ўзнікшую сітуацыю гранічна абвастрае адчуванне часовасці свайго быцця, падкрэслівае трагічную наканаванасць жыцця.

Пры ўсім тым стан героя нельга атаясамліваць з вакуумнай пустатой, духоўнай амнезіяй. Наадварот, менавіта падобнае адчуванне ўнутранай незадаволенасці, унутранага пратэсту і нараджае падспуднае жаданне змагацца, дзейнічаць, шукаць канструктыўныя шляхі да ўласнага самавыяўлення, ісці наперад, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці.

Як бачым, у “Запісках…” і ў сваёй ранняй творчасці М. Гарэцкі адначасова ставіў цэлы шэраг экзістэнцыйных, па сутнасці, лёсавызначальных праблем, праводзіў думку аб узаемасувязі, узаемазалежнасці адзінкавага і цэлага, прыватнага і агульнага, героя і грамады. Стрыжнявая лінія твораў паступова расфакусіруецца, скіроўвае ў рэчышча анталагічнае, напрамую звязанае з праблемай індывідуальнага, асобаснага існавання, з праблемай “выбару”, з ідэяй захавання чалавечай суверэннасці, адстойвання права на вартае чалавека жыццё.

Уладзімір Рубанаў

Паказаць асобу і творчасць Максіма Гарэцкага з розных ракурсаў, ва ўспрыманні людзей розных пакаленняў, светапоглядаў, накірункаў дзейнасці — такой была мэта аддзела крытыкі і бібліяграфіі, які ў сваю чаргу далучыўся да юбілейных святкаванняў. Са студзеня г. г. на пытанні анкеты адказалі В. Адамчык, Л. Мірачыцкі, Г. Далідовіч, I. Жук, У. Арлоў, Э. Зайкоўскі, У. Сцяпан, А. Федарэнка, Т. Гаробчанка, У. Казбярук, В. Герасімаў, З. Прыгодзіч, П. Васючэнка, I. Шамякін, С. Панізнік, Б. Сачанка, А. Барадзіна, В. Мазынскі, I. Чыгрын. Эсэ У. Рубанава і нататкі члена-карэспандэнта АН Беларусі М. Мушынскага будуць, на наш погляд, своеасаблівым падрахункам анкеты. Дзякуем усім, хто адгукнуўся.

ПРАРОК

Пісьменнік — перадусім гэта слова, чараванне над словам і малітва яму. Гэта ад Бога, усё астатняе — ад жыцця. Я думаў, такія словы, як ёдка (холадна), мост (падлога), уваўрэў (спацеў), султыжка (костка), супарат (упарты чалавек), лантух (страўнік) ды многія іншыя не выходзяць за ваколіцу маёй вёскі. Аж не. I гэта было маё першае дзіўленне Гарэцкім, цёпла прыхарошанае гонарам зямляцтва. З таго часу мінула, нямнога-нямала — роўна дваццаць гадоў, я тады быў студэнтам Белдзяржуніверсітэта, але ж толькі цяпер я свядома разумею: позна! Не па сваёй віне позна — і не ўсе! — прыходзілі да нас, беларускіх дзяцей, святыя імёны народа, якому вызначана зусім не сціплае месца на цеснай карце нацый, а таксама гісторыя, што стаіць за гэтымі імёнамі. Паважаць пачынаеш (вядома, са знакам мінус) служак утапічнай ідэалогіі, якім хапала розуму цяміць, што прысутнасць вялікіх продкаў кансалідуе нацыю, з’ядноўвае дух і робіць яго непераможным, непадатлівым для авантурных, гібельных мэтаў.

Пра ЯГО можна гаварыць самымі высокімі эпітэтамі (у тыя часы і цяпер) без усякай натугі, як гэта часта робяць нашыя сучаснікі ў адносінах да свежаспечаных «класікаў», падвязваючы іх, бы кароў у галадуху вяроўкамі, няшчыра-сяброўскімі пахваламі.

Канечне, пра ўсіх хто піша (творыць), можна сказаць прыблізна адно (асабліва апусціўшы ўзровень мастацкасці): змаганне дабра са злом, гуманізм. I толькі творцаў, найбліжэйшых да міласці Боскай, вызначае рэдкае — дар прарока.

Чытаючы за 50 ці 70 гадоў пра штосьці (прарочае) і не падумаеш, што гэта позірк у далёкую будучыню. I толькі наступнікам становіцца зразумелым, куды закідвалася прадбачанне.

Гляджу гэтымі восеньска-зімовымі днямі, калі пішу, на шэрыя, паншлыя вуліцы Мінска і разважаю: ці быў Максім Гарэцкі прарокам?

Маленькае адступленне. Апошнім часам я, знаёмячыся з матэрыяламі розных судзілішчаў, рэпрэсій, не магу без гневу думаць: хто даў права палітыкам ставіць сябе вышэй творцы? Хто? Творца ад Бога, ад неба, ад зямлі, з духу народнага... Ён застанецца адным словам, мазком, песняю — і гэта будзе. А палітык? Сёння князь — заўтра гразь. Сёння «самы-самы», заўтра такія ж інтрыганы звергнулі, і ён — ніхто. Ды каб жа ніхто! Крывавы тырам, дыктатар, валюнтарыст, авантурыст... (карацей, «празорлівасць» заднім чыслом у падшыўках газет). Каму з палітыкаў паслякастрычніцкай эпохі народ удзячны? (Дасюль святым лічыўся толькі Ленін...). А колькі... колькі! — светлхх галоў пакацілася ў небыццё за гэты час?

I ў гэтым праведным гневе я рызыкнуў уявіць, што народ можа абысціся без усякіх палітыкаў, дзяржаўных вешчуноў, «праграмнікаў», ідэйных натхняльнікаў-абяцальнікаў, у кожным разе, яны не павінны быць на першым плане. А вось без слова... Без слова, братцы, дудкі! А тыя, хто працуе са словам, патрэбны ці не?

I раптам мяне секанула як маланкаю прачытанае ў «Меланхоліі» Гарэцкага: «Я думаю, што ў нашым вызваленчым руху настаўнікі і літаратары яшчэ доўга (выдзелена мною.—У. Р.) будуць больш патрэбны, чым каморнікі і аграномы».

Гэтае ДОЎГА дацягнулася да нас і хто скажа, колькі яму яшчэ цягнуцца...

I тут жа, у «Меланхоліі», Лявона Задуму агортвае роспач, «што беларускае адраджэнне не мае пад сабою ніякага грунту», што ў кніжным кіёску «было шмат усякіх кніжак, часопісаў і газет, але беларускага нічога не было».

Хіба не пра наш час, хіба не актуальна праз сем дзесяткаў гадоў пасля напісання? Вядома ж, Максім Гарэцкі быў ПРАРОКАМ. У тым і соль, што, пішучы ў пэўным часе, геній як бы штурхае розум грамадства ўперад, дапамагае фарміравацца свядомасці наступньіх пакаленняў.

Сёння можна (і лёгка) казаць, што М. Гарэцкі — вялікі, наш нацыянальны геній, незаменная ахвяра сталінскага інтэлекктакосу. Можа ён, не так значыць для іншых народаў, можа, ягоная творчасць для іх не класіка, а для нас, нашай літаратуры — вяршыня. Як і інаадварот: скажам, для Японіі - добра, а для нас не вельмі, хоць японцу зусім не пашкодзіць ведаць беларускую літаратуру, а беларусу — японскую.

Цяпер патрэба ў Гарэцкім як ніколі вырасла. Прысутнасць ягоная паказвае ўсякім скептыкам-схімнікам, якія думаюць, быццам беларус няздольны на высокі ўзлёт, што мы — нацыя па ўсіх правілах, ёсць адзін (а не адзін жа!) — шукаецца, нараджаецца і другі, ёсць два — задумваецца ў наступнай масе люду трэці... А ў складаных варунках нібыта працэс гэты яшчэ скарачаецца. Гарэцкі — наш набат: МОЖАМ! I — як надзея, як шчасце — адна парадаксальная асаблівасць: вялікая постаць з цягам часу вырастае, малая — мізарнее. Гэтак жа як голас творчасці: альбо мацнее, альбо слабее.

Я нейкі час думаў, важней у прозе рэаліі; цяпер жа, паводле Гарэцкага, зразумеў, што правільней будзе лічыць: важней адчуванні на грунце гэтых рэалій. Гэта як агонь над дровамі — нам важней агонь. I вось чаму. Рэаліі прападаюць, адыходзяць, іх замяняюць новыя, а энергія адчуванняў пайшла, яна застаецца ў космасе, і ўжо адтуль уплывае на нас, нашыя сённяшнія адчуванні (гэта цяпер даказана).

Каб атрымаць эстэтычна-мастацкую асалоду, мне не трэба чытаць Гарэцкага цалкам. Дастаткова некалькі старонак, паўкнігі (у любым месцы). Індывідуальнасць вельмі хутка дзейнічае, насычае імгненна, як высакаякасная ежа калорыямі, і смак ейны выразна-непаўторны ў малой долі.

Пасля Гарэцкага якісьці час не хочацца чытаць нашых пісьменнікаў. Я доўга не мог зразумець — чаму, ёсць жа сярод іх паважаныя, таленавітыя. Адказ вынайшаўся даволі просты (усё простае, калі праясніцца): ні ў кога няма такога яскравага малюнка (зрэзу) часу. Прынамсі, для маіх вачэй. Прызнаюся, адчуваю пэўную няёмкасць, пішучы пра класіка: несуразмерныя велічыні. Было б куды прасцей, калі б чалавека бачыў: тады права на фіксацыю якіхсьці дэталей, падрабязнасцей, штрышкоў мае кожны. І яны самакаштоўныя, бо для нашчадкаў, для якіх іншыя ўжо вызнцчылі цану пісьменніка, цікавае і дарагое ўсё, бо кожны, хоча таго альбо не хоча, прымервае сябе на вышэйшага.

Ніякі юбілейны заказ не прымусіў бы мяне публічна выказваць свае адносіны да Гарэдкага, калі б яны не выявіліся, хам ледзь-ледзь, несвядома яшчэ (што найкаштоўней у дадзеным выпадку), раней: адчуванне чагосьці чароўнага, магічнага, якое табе ТРЭБА.

Колькісь рысачак з таго, што не прывязалася да гэтай нататкі, але было:

1. Чытаеш кепскую (слабую) кнігу — ніякіх думак і ніякага натхнення; добрую (Гарэцкага) - хочацца пісаць сваё.

2. Кепскае ў нас тое, што пісьменнік намі ацэньваецца ў залежнасці ад таго, як ён ставіцца да цябе ў чыста жыццёвых абставінах.

3. Усё, што сніцца, дзесьці існуе (Гарэцкі вялікае значэнне надаваў загады сноў).

4. Бальшыня з нашых адраджэнцаў імкнецца стаць фігураю, а не ўнесці ўклад. У Гарэцкага, мне здаецца, было наадварот.

5. Гартаю слоўнікі (сучасныя) і недаўмяваю, чаму няма ў іх многіх-многіх слоў Гарэцага — жывых, народных, па- беларуску смакавітых? Во дбалі, во служылі беларускасці нашыя карыфеіі Дзякуй Богу, ёсць Творы.

I апошняе. Бадай самае асабістае, у чым быццам і нясціпла прызнавацца (але гэтага вымагаюць канкрэтныя пытанні). Нейк зайшоў у выдавецтва празаік своеасаблівага духоўнага бачання Андрэй Федарэнка і нечакана сказаў мне, што прачытаў маё даўняе-даўняе (надрукавана было ў «Вожыку пасля шматгадовага вылежвання) апавяданнейка «Гарадскі» - пра тое, як вясковы хлопец выракаецца матчынай мовы,— і яно яму нагадала Гарэцкага. Скуль накруцілася гэтая думка Андрэя, шчыра кажучы, не ведаю, урэшце ёсць рэчы, зразумелыя толькі аднаму. Яна мне, вядома, лесціць. Я толькі пэўна ўсведамляю, што ніколі не дасягну жывасці пісьма Гарэцкага, натуральных блёсткаў насловах, нейкага вясенне-травянога разліву ягонай душы па тэксце.

Але — кожнаму свая задуманасць, кожны сваю «знаходзіць у пісанні салодкасць» (Гарэцкі).

Міхась Мушынскі

Аддамо належнае i рэдактарам

Абставіны майго знаёмства з прозай (па сутнасці — з творчасцю) Максіма Гарэцкага цікавыя тым, што прыадчыняюць малавядомую старонкіу гісторыі рэабілітацыі светлага імя пісьменніка-грамадзяніна, як і так багата зрабіў для развіцця нацыянальнай культуры. Гэтая старонка — даволі драматычная, зрэшты, як і ўвесь жыццёвы шлях мастака-пакутніка... У кэнцы 50-х гадоў Інстытут літаратуры імя Янікі Купалы Акадэміі навук распачаў працу над калектыўнай “Гісторыяй беларускай літаратуры”. Гэта была пара т. зв. хрушчоўскай адлігі, калі адкрылася нечаканая магчымасць вярніуць чытачу імёны многіх выдатных мастакоў слова, бессаромна абылганых, зганьбаваных паклёпннікамі, даносчыкамі ў гады масавых палітычных рэпрэсій. Аднак надзеі сумленных людзей на трывалае ўсталяванне сапраўднага дэмакратызму, палітычных, грамадзянскіх свабод, надзеі на хуткае адраджэнне нацыяналынай культуры не спраўджваліся. Абаронцы таталітарнага рэжыму не хацелі здаваць сваіх пазіцый. Яны рабілі ўсё магчымае, каб перашкодзіць духоўнаму абнаўленню грамадства. I хоць у новую “Гісторыю беларускай літаратуры” былі ўведзены асобныя манаграфічныя раздзелы пра Ц. Гартнага, М. Чарота, У. Дубоўку, М. Зарэцкага, П. Галавача, аднак для разгляду творчасці Максіма Гарэцкага месца там не знайшлося. Як бачым, на пачатку 60-х гадоў яшчэ дастаткова ўплывовымі былі тыя, хто паранейшаму, як і ў 30—50-я гады, глядзеў на аўтара “Руні” і “Дзвюх душаў”, як на пісьменніка небяспечнага для тагачаснай палітычнай сістэмы, а таму і нявартага ўвагі ні чытачоў, ні даследчыкаў літаратуры. Лёс М. Гарэцкага ў новай “Гісторыі” — слабое суцяшэнінеі — падзялілі А. Гарун, Ф. Аляхновіч, А. Мрый, Л. Калюга, Я. Нёманскі і іншыя паэты, празаікі, драматургі. Іх творы або зусім ігнараваліся, або ішлі ў агульным пераліку без заглыбленага аналізу.

Сёння кожны з нас упэўнена скажа, што падобнае стаўленне да выдатных майстроў — недаравальны ўчынак тых, хто зацвярджаў план-праспект “Гістарыі літаратуры”, хто прызначаў аўтараў-выканаўцаў. Дык гэта сёння! А ў той час грамадска-палітычная сітуацыя ў краінне і псіхалагічны клімат у акадзмічнай установе былі інакшымі... І вось аднойчы да мяне, маладога навукоўца інстытута, звярнуўся тагачасны загадчык сектара дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі Ю. С. Пшыркоў і не загадаў, а папрасіў напісаць “у пазапланавым парадку” раздзел пра М. Гарэцкага: мы паспрабуем змясціць творчы партрэт пісьменніка хоць бы ў дарэвалюцыйным томе, бо першы том “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1917—1941) ужо выйшаў з друку. Я хацеў бы, каб пра нашу размову, сказаў Юльян Сяргеевіч, да пары да часу ніхт, не ведаў. Так будзе лепей...

Зразумела. Я не мог адмовіць свайму настаіўніку, а ягоную просьбу ўзяўся выконваць з радасцю, і сёння маю маральнае права сказаць, што ганаруся даверам гэтага па-сялянску мудрага чалавека, які адчуваў асабістую адказнасць вучонага перад грамадствам і імкнуўся гэтае ўсведамленне прышчапіць сваім вучням. Ю. Пшыркоў разумеў: пакупь у “Гісгоірыі беларускай літаратуры” не будзе асобнага раздзела пра М. Гарэцкага, грамадзянская рэабілітацыя пісьменніка застанецца фармальным актам, а творы пісьменніка не трапяць ні ў праграму філалагічных факультэтаў, ні ў школьную праграму. Вось так, дзякуючы Юльяну Пшыркову і нечаканаму збегу акалічнасцяў, і адбылося маё сур’ёзнае знаёмства з мастацкай прозай Максіма Гарэцкага, а фактычна пачалося маё глыбокае захапленне творчасцю незвычайнага майстра слова, якое працягваецца і сёння.

З якімі цяжкасц ямі праходзіў падпольна напісаны раздзел рэдактуры і што засталося ад першапачатковага варыянта — тэма асобнай размовы. Пры выпадку я раскажу пра гэта падрабязней, тым болей, што тэкст з рэдактарскімі (чытай: цэнзурнымі) праўкамі, купюрамі я захоўваю як каштоўны дакумент часу. Абмяжуюся тут вытрымкай з індывідуальнай справаздачы за 1968 год, на якую я нядаўна натрапіў, перабіраючы старыя паперы: “Апрача працы над планавай тэмай, на працягу гэтага года я быў заняты завяршэннем манаграфічнага раздзела “Максім Гарэцкі” ў “Гісторыю беларускай дакастрычніцкай літаратуры”. Раздзел неаднаразова пераглядаўся і перадрукоўваўся ў сувязі з заўвагамі, зробленымі пры абмеркаванні, а таксама пасля заўваг рэдактараў”... І ўсё ж — аддамо належнае і рэдактарам — раздзел трапіў у другі том “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (1969), што было ўспрынта грамадскасцю як дазвол афіцыйных улад на канчатковае “памілаванне” аднаго з самых паслядоўных “ідэолагаў” нац-дэмаўшчыны”.

Каб спасцігнуць таямніцу мастацкага ўздзеяніня твораў М. Гарэцкага на чытача, спазнаць сакрэт іх паэтычнай даўгавечнасці, патрэбен час, патрэбны талент даследчьіка, новыя, нетрадыцыйныя падыходы. У асобе М. Гарэцкага, чалавека і пісьменніка, уражваюць цэласнасць і шматграннасць натуры, мэтанакіраванасць ягонай дзейнасці, мастакоўская прадбачлівасць, здольнасць адчуваць, разумець першачарговыя задачы, якія жыццё ставіла перад нацыянальнай культурай, літаратурай. М. Гарэцкі не заклікаў другіх самаадана служыць роднай зямлі, бацькаўшчыне, народу, ён свядома браў на свае плечы непасільны цяжар працы. Мяне заўсёды здзіўляла I сіла яго духу, здольнасць цярпліва зносіць жыццёвыя нягоды і цяжкія выпрабаванні лёсу! У самыя неспрыяльныя часіны жыцця Максім Гарэцкі шукаў паратунку ў творчай дзейнасці. М. Гарэцкі — гэта мастак-падзвіжнііік, яго талент —талент дзеяча-адраджэнца, які верыў у свой народ, у шчаслівы лёс нацыі, у яе мепазбежны росквіт.

Я не ўяўляю М. Гарэцкага як пісьменніка, які нібыта толькі тое і рабіў, што выказваў ісціну ў апошняй інстанцыі, павучаў сваіх чытачоў. Не , яго праца — гэта настойлівыя, а часта і пакутлівыя пошукі адказу на тыя пытаніні, якія нараджала жыццё. I каб зразумець сэнс гэтых пошукаў, патрэбна глыбокае вывучзніне ўсяго, што выйшла з-пад пяра незабыўнага дзядзькі Максіма. А напісана ім багата. Проза М. Гарэцкага прыцягвае мяне сваёй натуральнасцю, чысцінёй аўтарскага голасу, высокай маральнасцю, якой прасякнута кожная сюжэтная сітуацыя, кожная мастацкая дэталь. Гэта — мастацтва высокай духоўнай напоўненасці, любові да жыцця і веры ў чалавечае высакародства. Жыватворная крьініца твораў М. Гарэцкага — высокаўсвядомленая нацыянальная ідэя, ідэя Бацькаўшчыны.


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина