Главная

Сяргей Панізнік

Паперадзе нас

Адкрыў для сябе М. Гарэцкага ў Львове, дзе ў бібліятэках I. Свянціцкага, “Рідкісна кніга”, навуковай кніжніцы імя Стэфаніка штовечар чакалі мяне творы-помнікі, якія яшчэ і сёння не заўсёды ўдаёцца прачытаць у Мінску. Такім чынам курсант факультэта журналістыкі Вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча вяртаўся да беларускасці, змагаўся сасваёй псеўдаінтэрнацыяналісцкай замшэласцю. І “Гісторыя...” і “Хрэстаматыя...” М. Гарэцкага чыталіся нібы тэкст адваротнага боку медаля, за якім, здавалася, навечна была схавана вялізная спадчына нацыі. Потым, чытаючы “Камароўскую хроніку”, завёў сабе сшытачкі для слоўніка, куды ўпісваліся каларытныя словы-жарынкі Максіма Гарэцкага. I як было сумна і няўцешна чытаць пасля Гарэцкага многія празаічныя рэчы іншых творцаў, дзе героі мовяць гэтаксама, як і сам аўтар, дзе , не чутно , жывога , дыхання мовы — адно яе закалькаванасць, закратаванасць... Да таго ж — яна яшчэ была і прадыстылявана жорсткімі фільтрамі сацрэалізму.

Яшчэ больш прыцягальнай стала для мяне постаць М. Гарэцкага тады, калі, зацікавіўшыся беларускім культурна-асветным рухам у даваеннай Латвіі, нечакана выявіў яго прысутнасць у Дзвінску (Даўгаўпілсе). Пасля таго, як ён у студзені 1922 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, пасаджаны ў Лукішкі, а потым “без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны Пас памііж польскім і літоўскім фронтам” (гл. “Аўтабіяграфію” М. Гарэцкага), і апынуўся ў Коўне — яго ратаваў Канстанцін Барысавіч Езавітаў, аднагодак Гарэцкага, былы дзеяч БНР, на той час адзін з кіраўнікоў беларускага культурна-асветнага таварыства ў Латвіі “Бацькаўшчына”, інспектар беларускіх пачатковых школ Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. К. Езавітаў “выпісаў” Ігната Дварчаніна з Вільні, а Максіма Гарэцкага з Коўна на летнія шасцітыднёвыя курсы Беларусазнаўства для настаўнікаў — будучых выкладчыкаў Дзвінскай і Люцынскай беларускіх гімназій. I вось у кнізе К. Езавітава “Беларускае культурна-асветнае т-ства Бацькаўшчына” (Рыга, 1932) бачу аблічча лектара М. Гарэцкага на фотаздымку, які падпісаны так: “Беларускія Дзяржаўныя Аднагадовыя Вучыцельскія Курсы ў першы год працы ў Дзвінску”. Праз некалькі старонак аўтар К. Езавітаў змяшчае партрэт М. Гарэцкага з подпісам: “-Максім Гарэцкі, аўтар “Гісторыі Беларускае Літаратуры”, выкладчык літаратуры на Дзяржаўных Беларускіх Вучыцельскіх Курсах у 1922 г.”

Максім Гарэцкі ў Дзвінску напісаў апавяданні “Салдат і яго жонка”, “Каменацёс”, “Свецкі чалавек”, “Не адной веры”. Але мне хочацца адзначыць яшчэ адну вартасць тых дзвінскіх ратоўных для яго тыдняў. Ён перадаў у душы тамтэйшых беларусаў-асветнікаў такое свячэнне, якое, як прызнаецца 96-гадовы паэт і настаўнік з-пад Індры, і па сёння падтрыімлівае ауру беларускасці на латгала-крывіцкім памежжы.

I я вёру, што М. Гарэцкі не толькі з намі, але і паперадзе нас. I ў адраджэнні Краіны мы сыходзімся з ім усё бліжэй і бліжэй.

Іван Шамякін

Анкета “ЛіМа”

На пытанні, што тычацца творчасці Максіма Гарэцкага, ужо адказалі многія з тых, да каго звярнулася рэдакцыя. У сённяшнім, юбілейным нумары — працяг анкеты.

1. Калі і пры якіх абставінах адбылося ваша знаёмства з прозай Гарэцкага?

2. Што ў яго асобе і творчасці падаецца вам вызначальным, сугучным сённяшняму дню, блізкім вам асабіста?

“Нікому не кажы, што чытаў...”

Я — студэнт трэцяга курса Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў. Штудзірую тэхнічныя дысцыпліны, хімій розных было штук пяць. Але глытком паветра, радасцю для мяне была беларуская мова. Яе выкладаў Міхал Міхалавіч Сасноўскі — высокі, сутулы, нязграбны, але вясёлы, дасведчаны чалавек. Мы любілі яго, асабліва я, і ён адчуваў гэта. У нас Сасноўскі падрабляў, асноўная яго праца— у педтэхнікуме. Шчыры беларус, ён рыхтаваў настаўнікаў, якія маглі б выкладаць па-беларуску. Метода яго — дыктанты і сачыненні. Натуральна, у яго не хапала часу і сілы праверыць усе сшыткі, і ён, напэўна, не ўпершыню практыкаваў такую дапамогу сабе — запрашаў лепшага студэнта для праверкі сачыненняў і дыктантаў. Выбраў мяне. I я кожную нядзелю хадзіў да Сасноўскага ў яго драўляны дом і правяраў сшыткі. Праца пакутная: памылак процьма, ад чырвонага алоўка гарэла ў вачах. За работу атрымоўваў я, галодны студэнт, смачны абед і пяцёрку. Але была яшчэ адна ўзнагарода, можа, самая каштоўная: Сасноўскі даваў мне чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў, часам такіх, пра якіх я да таго не чуў. Браць з сабой не дазваляў, чытаў я ў кароткіх перапынках паміж праверкемі дыктантаў і ў гадзінным пасляабедзенным адпачынку, калі гаспадар, выпіўшы чарку, тут жа ў сваім маленькім кабінеце засынаў на канапе і смачна хроп.

Цяпер разумею: гэта быў высокі давер —даць мне Максіма Гарэцкага зімой 1938-39 гадоў. Не чытаў я — глытаў з прагнасцю: як можна больш!

Сасноўскі папярэдзіў, хаваючы кнігу: “Нікому не кажы, што чытаў Гарэцкага”.

Гэта мяне скаланула; можа, і спалохала.

—А што, і ён — вораг народа?
—Браце ты мой, не ўсе ворагі, чые кнігі зніклі з бібліятэк. Людзі разбяруцца.

У наступную нядзелю я сам папрасіў пачытаць Гарэцкага. Сасноўскі прылажыў пальцы да вуснаў: маўчы! Але “кнігу даў, папярэдзіўшы:
—Каб жонка мая не ўбачыла, а то апынецца кніжка ў грубцы.

Жонка асцерагала свайго рызыкоўнага “нацдэма”.

У такіх умовах я ўпершыню пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім. Пасля ажно 15 гадоў не мог раздабыць ніводнай яго кнігі.

Канец 1953 года. Мы з Пятром Глебкам атрымалі кватэры ў адным доме, у адным пад’ездзе. Суседства добра зблізіла нас, пра што я пісаў ва ўспамінах пра Пятра Фёдаравча.

Я прыйшоў да яго, калі ён разбіраў сваю багатую бібліятэку, якая перажыла вайну. У кучы кніг я ўбачыў Максіма Гарэцкага, ажно тры зборнікі. I з дазволу Глебкі прачытаў іх з прагнасцю і ўвагай маладога пісьменніка, якому хацелася адкрыць усю беларускую літаратуру. Шчаслівыя сённяшнія маладыя, што маюць магчымасць усё адкрываць, усё чытаць без аглядкі!

Аб значэнні звароту Максіма Гарэцкага ў нашу класічную спадчыну хораша сказаў многа гадоў назад Алесь Адамовіч:
“Быццам вярнулася з далёкага небыцця ў сваю сістэму велізарная зорка і адразу пачала гравітацыйна ўплываць на ўсю сістэму і на кожную планету паасобку — і на тыя таксама, што з’явіліся, узнііклі за час, пакуль зорка адсутнічала”.

Што мне хочацца дадаць, адказваючы на пытанне? Я катэгарычна не прымаю агульнага адмаўлення, аплёўвання літаратуры савецкага часу, што спрабуюць рабіць некаторыя залішне заўзятыя звяртальнікі. Створана вялікая літаратура, якая складала і складае аснову нацыянальнай культуры. Без яе, без гэтай літаратуры, мы мусілі б пачынаць ледзьве не з нуля, з вытокаў, маючы глыбокі правал. Але прызнаем, што сацрэалізм многіх з нас рабіў рамантыкамі. Мы адступалі ад традыцый Купалы, Коласа, Гарэцкага, ад традыцый рускай класічнай літаратуры. А яны, гэтыя традыцыі, вымушаюць нас вярнуцца да суровага рэалізму, ды крытычнага рэалізму — да той высокай праўды аб жыцці народа, якая вызначальнай была ў творчасці нашых класікаў.

Іван Навуменка

Высокі подзвіг

Сёння мы адзначаем сотую гадавіну з днія нараджэння выдатнага беларускага пісьменніна, літаратуразнаўца і крытыка, дзеяча нацыянальнай культуры Максіма Іванавіча Гарэцкага.

Так здарылася, што рознабоковую, у вышэйшай ступені таленавітую творчасць гэтага мастака, якая выйшла з глыбінь народнага беларускага жыцця-быцця, вельмі цесна звязана з часам, які яе нарадзіў, мы адкрываем як бы нанава. I яшчэ далёка не разгадалі, не асэнсавалі, не аддалі належнай даніны гэтаму вялікаму мастаку і чалавеку.

Максім Гарэцкі — постаць велічная, дыяпазон ягонай творчасці вельмі шырокі, разнастайны, багаты.

Максім Гарэцкі працаваў на ніве беларускага нацыянальнага Адраджэння і вельмі добра ўсведамляў задачы, цяіжкасці, перашкоды, якія стаяць перад кожным, хто адважыўся ісці па гэтым шляху. ён належаў да так званай залатой пяцёркі, у якую ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і нарэшце ён сам, Максім Гарэцкі.

Творчасць Максіма Гарэцкага не выбіваецца з рэчышча развіцця беларускай літаратуры “нашаніўскай” пары і 20-х гадоў. Шматлікія апавяданні, абразкі, замалёўкі пісьменніка вельмі блізкія па духу, татальнасці, скажам, да вершаў зборнікаў Янкі Купалы “Жалейка” і “Гусляр”, да “Песняў-жальбаў” Якуба Коласа і ягоных апавяданняў, да абразкоў Змітрака Бядулі і, калі хочаце, да філасофскіх вершаў Максіма Багдановіча.

Гэтак жа, як Янка Купала, Максім Гэрэцкі трагічна ўспрымае жыццё. У яго творах вельмі многа нярадасных, драматычных малюнкаў, беларускае гора-бяда паўстае ў ягонай абмалёўцы ў поўны свой рост. Тэма неўладкаванасці, невыноснасці, нават трагічнасці вясковага жыцця ўвасоблена ў шматлікіх творах Максіма Гарэцкага: у драматызаванай аповесці “Антон”, аповесцях “У чым яго крыўда”, “Меланхолія”, “Ціхая плынь”, у шматлікіх апавяданнях, замалёўках, эцюдах. Малюінкі, вобразы гэтых твораў перарастаюць у трагічную тэму чалавека, народа, якому адмоўлена ў чалавечых правах, у магчымасці развівацца, па чалавечых і божых законах будаваць уласнае жыццё.

Дарэвалюцыйная беларуская проза небагатая ні пісьменніцкімі імёнамі, ні колькасцю і якасцю напсаных твораў. Жанры апавядання, навелы толькі-толькі прабівалі дарогу, прарасталі першыя нясмелыя яшчэ парасткі аповесці і рамана.

Максім Гарэцкі адным з першых закладваў цагліны ў падмурак беларускай прозы. Ужо першы ягоны зборнік апавяданняў “Рунь” (1914) паказваў, як заўважылі акадэмік Карскі і паэт Максіім Багдановіч, што ідзе мастак самабытны і глыбокі.

У наступных апавядэннях, аповесцях пісьменнік дэманстраваў высокую рэалістычную, псіхалагічную культуру, багатую эмацыянальную палітру, адчуванне “рэчэвасці”, “прадметнасці” жыцця, уздымаў глыбокія пласты гутарковай беларускай мовы, уздымаючы яе на ступень мовы літаратурнай.

Ёсць у дарэвалюцыйніага Гарэцкага апавяданні, якія па майстэрстве псіхалагічнага аналізу, культуры пісьма нават апярэджваліі ў некаторым сэнсе апавяданні нашага найлепшага празаіка Якуба Коласа. Я маю на ўвазе апэвяданіне “Літоўскі хутарок”, напісанае ў 1915 годзе. Дый многія іншыія апавяданні, такія, напрыклад, як “Генерал”, “Дзёгаць”, “Чарнічка”, камедыя “Жартаўлівы Пісарэвіч”, упрыгожаць самую развітую літаратуру.

Тэма ўзаеімааідносін інтэлігента, які выйшаў з сялянскага, народнага асяроддзя, і народа, драматычнасці, нават трагічнасці самавызначэння гэтага чалавека, бадай, галоўная ў творчасці Максіма Гарэцкага. Ні ў якога другога беларускага пісьменніка яна гэтэк ярка, поўна, усебакова не ўвасоблена і не выяўлена.

Мала, вельмі мала часу падараваў Максіму Гарэцкэму лёс, каб да канца раскрыцца, рэалізавацца як пісьменнііку, мастаку. У дваццаць адзін год ён выдае зборнік “Рунь”, і тут жа выбухае першая сусветная вайна. Кровапралітныя баі ва Усходняй Прусіі, цяжкае раненне, бясконцыя шпіталі. Па выражэінні самога пісьменніка, “чатыры гады страчана”. Для беларускай літаратуры яны, аднак, не прапалі безвынікова. Дзякуючы смяртэльным прыгодам вольнапіснага Гарэцкага мы маем запіскі “На імперыіялістычнай вайне”, твор, які можна паставіць на адну паліцу побач з сусветна вядомымі раманамі Рэмарка, Барбюса, Хемінгуэя, прысвочанымі той жа вайне.

I далей лёс не шкадуе Максіма Гарэцкага. Пасля ўтварэння БССР ледзьве паспявае ён разам з рэдакцыяй “Звезды” (тады яна выдавалася на рускай мове) перабрацца са Смаленска ў Мінск, як БССР робіцца Беларуска-літоіўскай рэспублікай, а “Звезда” разам з супрацоўнікамі, у тым ліку Гарэцкім, перавандроўвае ў Вільню. Вільню ў хуткім часе акупіруюць палякі, Гарэцкаму з горада выбрацца не ўдаецца, ён выкладае беларускую літаратуру ў гімназіі, на розных курсах. Нарэшце, як “камуністычны агент”, трапляе ў турму, у славутыя Лукішкі.

Дзе б ні быў гэты чалавек, у якія б цяжкія абстэвіны ні трапляў, ён заўсёды і ўсюды самааддана, самаахвярна служыць беларускай ідэі і роднаму народу. З дзяцінства зачараваны беларускай народнай песняй, казкай, мастацкім словам беларусаў, якое дайшло да яго са старонак “Нашай Нівы”, ён роднай літаратуры прысвячае жыццё. Па сваіх грамадскіх поглядах М. Гарэцкі быў сацыялістам і дэмакратам.

М. Гарэцкі нёс у нашу літаратуру праблемнасць, да якой, як справядліва сцвярджае крытык Д. Бугаёў, “не заўсёды ўзнімаліся яго папярэднікі і часткова нават паплечнікі на літаратурнай ніве”.

Героі твораў М. Гарэцкага ўпарта імкнуцца дакапацца да ісціны, да пазнання сутнасці жыцця, таямніц чалавечай душы, бясконца разважаюць пра сэнс жыцця (“адкуль свет, адкуль што”; “адкуль усё і што яны” і гэтак далей).

Пісьменнік-аналітык па складзе таленту, М. Гарэцкі як бы прывіваў нашай, у нядаўнім мінулым сялянскай літаратуры інтэлектуальна-філасофскую праблематыку, свядома ставіў перад сабой, як перад мастаком, задачу ўзбагачаць нацыянальную мастацкую традыцыю, уздымаць беларускую літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур. Не ўсё пісьменніку ў аднолькавай меры ўдавалася. Многае засталося на ўзроўні нарыса, замалёўкі, дакумента. Не трэба, аднак, забываць, што М. Гарэцкі актыўна жыў у беларускай савецкай літаратуры толькі ў 20-я гады, ад 30-х гадоў, калі пачалі нараджацца шырокія эпічныя палотны (раманы К. Чорнага, М. Зарэцкага, З. Бядулі), ужо быў адарваны. Адбываў высылку то ў Вятцы, то ў Пясочным. Тым не меней нават у тым, што ён напісаў у гэты час, ён як бы закладваў стылёва-жанравыя плацдармы для будучага развіцця беларускай літаратуры.

М. Гарэцкага любілі, сябравалі з ім, трымаліся як роўныя з роўным Янка Купала і Якуб Колас.

Прыходзіцца нават сёння здаіўляцца феномену М. Гарэцкага. Ён закончыў толькі каморніцкае вучылішча. Трохі павучыўся ў Археалагічным інстытуце ў Смаленску. Тым не меней быў бадай што самым адукаваным чалавекам сярод нашых старэйшых пісьменнікаў, Разам з братам Гаўрылам Іванавічам складаў першыя беларуска-рускія слоўнікі, пісаў крытычныя артыкулы, літаратуразнаўчыя працы, складаў для настаўнікаў выпісы па літаратуры, збіраў і друкаваў народныя песні нават з нотамі.

М. Гарэцкі з неадступнай увагай сачыў за развіццём розных плыняў маладой савецкай беларускай літаратуры. “Маладняк”, “Узвышша”, спроба стварэння беларускага “Лефа” па вобразе таго, які ўзначальваў Маякоўскі, іншых пісьменніцкіх груповак, займалі, цікавілі яго як крытыка і тэарэтыка літаратуры. I не толькі як крытыка і тэарэтыка. Пад крылом М. Гарэцкага, у той час, калі ён узначальваў кафедру беларусазнаўства Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, узмацнілася, расквітнела аршанская філія “Маладняка”, паляцелі ў творчы вырай шматлікія маладыя таленты.

Цяжкэ пераацаніць значэнне для беларускай літаратуры, культуры такіх прац М. Гарэцкага, як “Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928”. “Беларуская літаратура пасля “Нашай Нівы”, “Якуб Колас пасля Кастрычніка”, “Наш тэатр”, “Бядуля пасля Кастрычніка”, “Вінцук Дуінін-Мэрцінкевіч”, “Доктар Францыск Скарына”, “На ўгодкі па Багдановічу” і шматлікія іншыя — гэта цэлы наш літаратурны універсітэт.

Само кароткае жыццё Максіма Гарэцкага — суцэльны подзвіг. Высокі подзвіг служэння сваёй радзіме, народу, сваёй “матцы-зямлі Беларусь”.

А. Марціновіч

Дзякуючы “Звяздзе” Максім Гарэцкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай

У пачатку 1919 года адзін з рэдактараў “Звязды” Вільгельм Кнорын запрасіў Максіма Гарэцкага да сябе на работу. На той час газета выходзіла ў Мінску. Але неўзабаве рэдакцыя перабралася ў Вільню. З ёй пераехаў і пісьменнік...

У Вільні ён застаўся і пасля раптоўнага захопу горада польскімі войскамі: не паспеў вярнуцца ў Мінск. Супрацоўнічаў з мясцовымі выданнямі. Калі 1 чэрвеня 1919 года там адкрылася першая Беларуская гімназія, у якой усе прадметы выкладаліся па-беларуску, вельмі ўзрадаваўся. І не толькі таму, што хацеў выкладаць. Аказваецца, што тамтэйшая настаўніца Леаніла Чарняўская складала чытанку для школьнікаў “Родны край”. З ёй акурат і імкнуўся пазнаёміцца Гарэцкі.

Максім ГАРЭЦКІ.

Як толькі з’явілася магчымасць, завітаў у гімназію. З першых вуснаў даведаўся, што чытанка, над якой працавала Чарняўская, не адзіны яе занятак па выхаванні дзяцей у нацыянальным духу. Вось-вось павінен быў выйсці з друку яе зборнік “Дзяціныя гульні”. Леаніла была чалавекам эрудзіраваным, па-сапраўднаму ўлюбёным у літаратуру — гэта і прывабіла Максіма Іванавіча. А калі тая прызналася, што чытала яго кнігу “Рунь”, той, пэўна, скакаў ад шчасця.

Дый і самую настаўніцу талент не абышоў: пісала абразкі, апавяданні. Родам Леаніла была з вёскі Таргуны, што на Віцебшчыне (сёння гэта Докшыцкі раён), гадавалася ў сялянскай сям’і. Паколькі сям’я была немалая (падрастала шасцёра дзяцей), ледзьве зводзілі канцы з канцамі, таму часта пераязджалі з месца на месца. Аднак, хоць і цяжка жылося, бацька дбаў, каб дзеці атрымалі адукацыю. Дый сам умеў чытаць і пісаць.

Асабліва дапытлівай і стараннай была Леаніла. Да ўсяго яна мела добрую памяць, многае схоплівала на хаду. Не выпадкова, калі ў 1902 годзе паступала ў першы клас Віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, па ўсіх прадметах атрымлівала “выдатна”. Асабліва запомніліся ёй урокі літаратуры. У старшых класах іх вёў Фядот Кудрынскі, які ў свой час быў настаўнікам Якуба Коласа. Фядот Андрэевіч вельмі ганарыўся сваім былым вучнем. Расказваў навучэнцам, што сустракаўся з ім, калі той у 1907 годзе працаваў у рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Паведаміў, што неўзабаве выйдзе першы паэтычны зборнік Якуба Коласа “Песні-жальбы”. Даведаўшыся пра гэта, Леаніла ўзрадавалася: можна будзе прыдбаць яшчэ адну цікавую кнігу.

Па размеркаванні дзяўчына прыехала ў вёску Залессе, што на Вілейшчыне. Вучыла не толькі дзяцей. Хутка знайшла паразуменне і з дарослымі. Вяскоўцам адразу спадабалася маладая настаўніца, якая была адкрытай, бачыла ў іх роўных сабе. Па вечарах, у вольны ад работы час разам спявалі народныя песні, ладзілі карагоды. Пра вечарыны, якія арганізоўваліся новай настаўніцай, неўзабаве даведаліся ў навакольных вёсках. Асобна займалася Чарняўская з сялянскімі дзяўчатамі. Для іх яна стварыла нешта накшталт гуртка. Вучыла вязаць, шыць, давала парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, расказвала пра падзеі, што адбываюцца ў краіне. Тым жа, хто ўмеў хоць крыху чытаць, давала кнігі.

Максім Гарэцкі як толькі ўбачыў Леанілу, зразумеў, што яна акурат тая дзяўчына, якая яму патрэбна. Шмат агульнага было ў іхніх поглядах на жыццё, літаратуру. Абодва апантаныя ідэяй нацыянальнага адраджэння. А яшчэ...

Гэтае “яшчэ” заўважыў і Гаўрыла Гарэцкі, які пабачыў братаву жонку ў першы год пасля яе шлюбу з Максімам. У 1983 годзе ва ўспамінах пра Чарняўскую “Жанчына вялікага сэрца і мужнасці” ён успамінаў: “Была яна вельмі прыгожая, з вялікімі сінімі-сінімі вачыма, якія свяціліся розумам, добразычлівасцю, прыхільнасцю, дабрынёю, спагадаю. Голас быў глыбокі, грудны, меладычны. Постаць зграбная, стройная. Каса пышная. Рухі павольныя, плаўныя. Беларуская мова чыстая, напеўная. Леаніла Чарняўская была выключна ласкавая, уважлівая, далікатная”.

Леаніла ЧАРНЯЎСКАЯ з дзецьмі Галінай і Леанідам.

Максіму Гарэцкаму была даспадобы і яе сарамлівасць. Не любіў людзей самаўпэўненых. Дый сабе нічога падобнага не дазваляў. А тут сама даверлівасць, адкрытасць. Часам спрачаліся па літаратурных справах, але адно на аднаго не крыўдавалі. Ведалі: у спрэчцы нараджаецца ісціна.

Пісьменнік наведваўся да Леанілы рэгулярна. Балазе, ад Базыльянскіх муроў, дзе пасяліўся ён у Вільні, да Вастрабрамскай вуліцы не так і далёка. Тут і знаходзіўся будынак першай Беларускай гімназіі. Да яго прымыкаў дом, у якім жыла яна, ягонае каханне і надзея. У гэтым ён ужо ніколькі не сумняваўся.

Паступова ўсё больш пераконваўся, што не адны асветніцкія і літаратурныя турботы цягнуць яго на Вастрабрамскую вуліцу. І зусім не яны прымушаюць яго затрымлівацца ва ўтульным пакойчыку да позняй ночы. Прыйшло каханне, і менавіта яно надавала віхурным дням надзею на лепшае, спадзяванне на шчасце.

Як жа ўзрадавалася Леаніла, калі аднойчы — лета яшчэ толькі ўбіралася ў свае правы — ён з’явіўся на парозе з вялікім букетам руж. Хоць не, радасць прыйшла крыху пазней. Спачатку ж, убачыўшы Максіма ў дзвярах, дзяўчына ледзь не страціла прытомнасць. На вуліцы страляніна — ніколі, здаецца, такой не было. Кулі так пасвістваюць, што ажно ў пакоі чутно. А ён на спатканне сабраўся! Ды як сердаваць, калі Максім, як заўсёды, у настроі. Усміхаецца шчыра, адкрыта, ветліва. А яшчэ кветкі прынёс... Дзе толькі і адшукаў іх такой парой?!

Пасля гэтага часта заходзіў да яе з нязменным букетам у руках. Аднаму Богу вядома, дзе знаходзіў столькі руж. Спрабавала адгаворваць. Маўляў, навошта так часта, турботна ж гэта. Адгаворвала, а ў душы радавалася. І за саму ўвагу, і за шчырасць. І, вядома ж, за тое, што лёс падарыў ім абодвум тую першую сустрэчу, якая ад звычайнага знаёмства перайшла ў сяброўства, а затым прывяла да кахання.

Абвянчаліся яны 16 ліпеня 1919 года ў Прачысценскім саборы. Калі сталі жонкай і мужам, Максім Гарэцкі перабраўся да Леанілы на кватэру. Яны ўжо разам працавалі ў гімназіі. Ён выкладаў беларускую літаратуру, адначасова рабіў гэта і на настаўніцкіх курсах. Яна па-ранейшаму была настаўніцай пачатковых класаў. Працягвала працаваць і над чытанкай “Родны край”. Так ужо атрымалася, што спачатку была складзена і выйшла ў 1919 годзе “Другая пасля лемантара кніга для чытання”. Значыць, трэба было прыспешваць з'яўленне хрэстаматыі для першага класа. Дый і для трэцяга, чацвёртага... Так што турбот ставала, але былі яны прыемныя. У нечым дапамагаў і Максім, які пачаў выступаць у крыху нязвыклай для сябе ролі дзіцячага пісьменніка.

Выдатная свацця выйшла са “Звязды”! Не ўзяў бы Кнорын Гарэцкага на работу ў рэдакцыю, той мог бы і не трапіць у Вільню, а гэта значыць, не пазнаёміўся б са сваёй жонкай.

Марына Весялуха

Выдадзена кніга "Максім Гарэцкі. Творы"

Адзін з пачынальнікаў беларускай прозы. Адзін з першых гісторыкаў нашай літаратуры. Выдатны рэдактар і публіцыст, таленавіты драматург і філосаф... І гэта — далёка не ўсе характарыстыкі, якімі можна апісаць постаць Максіма Гарэцкага. Постаць у сваім часе яркую і заўважную, але разам з тым надзвычай трагічную. Такая ж па характары і яго проза — густоўная, шчырая, часам дакументальна дакладная і вывераная, а часам — крыху цьмяная, з адценнямі містычна-фантастычных сненняў, матывамі народных паданняў і страшных расповедаў, што так часта сустракаюцца ў фальклорных зборніках канца ХІХ стагоддзя.

Таму не дзіўна, што ўвага да творчасці класіка застаецца нязменна вялікай у айчынных выдаўцоў і чытачоў. Так, следам за кнігай выбраных твораў Гарэцкага ў серыі “Беларускі кнігазбор” (2009) свет пабачыў зборнік рускамоўных перакладаў яго прозы “Роднае карэнне” (Выдавецкі дом “Звязда”, 2014, пераклала Ідалія Кананец), асобнай кнігай выйшла дакументальная аповесць “На імперыялістычнай вайне (Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы)” (Беларуская навука, 2014), а годам пазней — выбранае, у серыі “Мая беларуская кніга” (Папуры, 2015).

І вось перад намі — новы зборнік твораў Максіма Гарэцкага, напэўна, самы грунтоўны з ліку пералічаных выданняў. Гэтая кніга сталася 12-м томам серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Пра творчасць літаральна любога пісьменніка прынята казаць, што кожны чытач успрымае яе па-свойму, бачыць асобныя рысы ярчэй, а некаторых адметнасцяў не заўважае. Гэта цалкам натуральна і лагічна: мы ж і на свет глядзім па-рознаму. Вось і Гарэцкі ў кожнага — свой. А новая кніга яго твораў дае чытачу шмат магчымасцяў знайсці любімыя рысы ў прозе, публіцыстыцы і драматургіі гэтага аўтара. У чымсьці чаканыя, але часам і зусім непрадказальныя.

Ёсць тут і знаёмыя са школьных гадоў апавяданні, і праграмная аповесць “Дзве душы”, і шчымлівая “Ціхая плынь” — пра хлопчыка Хомку, які дрэнна вучыцца ў школе, пра яго панурага і маўклівага, але вельмі працавітага бацьку, а таксама дзеда-дзівака, што аднойчы абсмаліў свінню... жыўцом. Адметна, што ўсе характары з твораў Гарэцкага — жывыя, яны проста застылі і існуюць у сваім часе — канцы ХІХ ці пачатку ХХ стагоддзя. Тут ёсць холад, бруд і галеча тагачаснай беларускай вёскі, нястачы салдацкага жыцця (дакументальны аповед “На імперыялістычнай вайне” таксама ўвайшоў у выданне). Тут сустракаюцца жанчыны, якія маюць мужа і дзяцей, але адчуваюць сябе адзінокімі і толькі ў працы знаходзяць суцяшэнне, але побач з імі існуюць і маленькія іскрынкі шчасця, сапраўдныя пачуцці кахання, мацярынства, клопату, веры.

Проза Максіма Гарэцкага — нібыта масток, што яднае мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню. Як і для творчасці многіх аўтараў пачатку ХХ стагоддзя, для яго празаічных пошукаў характэрна пераемнасць з фальклору. Але гэта не толькі і не столькі песеннасць, народная мудрасць і разважлівасць, колькі пошукі патаемнага сэнсу існавання, жаданне зазірнуць за гарызонт паміж жыццём і смерцю. Таму тут часта сустракаюцца вобразы, што засталіся на памежжы, дзіўныя відзежы і сненні, фантазіі пра ўваскрашэнне памерлых і магчымасць свету мёртвых уплываць на свет жывых. Бачым мы і водгулле старажытных традыцый, уяўленняў пра прывіды і “жывых нябожчыкаў”.

Так, напрыклад, у апавяданні “Страшная музыкава песня” прыгонны селянін, таленавіты музыкант-скрыпач мусіць правесці ноч побач з нябожчыцай, якая была ў яго закаханая (гэта распаўсюджаны сюжэт, які часта сустракаецца ў аповедах, запісаных, у прыватнасці, Еўдакімам Раманавым). Таму, як піша Гарэцкі, “Жудасць ахапіла людзей, вялікі жаль мелі да музыкі і баяліся, што ў той зале пры нябожчыцы прыйшла-ткі на яго загуба”. Але — і гэта таксама сведчанне прысутнай сучаснасці, сцверджанне сілы мастацтва. Неверагодны і бястрашны талент (памятаеце, як у коласаўскім “Сымоне-музыку”, купалаўскім “Кургане”?) перамагае зло: “Трудна было адразу ўхапіць, аб чым гаворыць яго скрыпка, але чулася нешта знаёмае, даўна вядомае, даўна перажытае”.

А дзе ж прыступка да будучыні? Яна таксама ў Гарэцкага ёсць. І бачыцца перадусім у яго філасофска-алегарычных творах, у прыватнасці, у “Скарбах жыцця”. Гэта пошук жыццёвай дарогі, сваёй і ўсяго краю: “Бачу я бясконцы спрадвечны шлях у пустым вялікім полі. І — падарожнікаў... Чую песню. Далёкую, маркотную — і жудасна-спакойную песню. Вечную песню! І вечнасць варушыцца ў маёй істоце: ідзі, ідзі!”.

Можна бясконца доўга расчытваць вобразы і сімвалы прозы Гарэцкага, разглядаць яе пад рознымі вугламі, а можна — проста чытаць і атрымліваць задавальненне ад журботных сненняў і фантазій гэтага неверагодна таленавітага майстра беларускага слова. І новая кніга выбраных твораў — выдатная нагода пазнаёміцца менавіта са “сваім” Гарэцкім ці па-сяброўску сустрэцца з ім яшчэ раз.

Яўгенія Шыцька

Няздзейсненыя мары

Постаць Максіма Гарэцкага выклікае вялікую цікавасць у сучаснікаў. Трагічны лёс, загадкавасць асобы ды непаўторная мастацкая і навуковая спадчына стварылі той вобраз аўтара, пра які хочацца даведацца нашмат больш, чым дазваляюць цяпер інфармацыйныя рэсурсы. А мэты, мары і ідэалы, дзеля якіх жыве чалавек, характарызуюць яго нават лепш, чым учынкі. Менавіта пра жыццёвыя і творчыя памкненні пісьменніка выданне «Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам» (Мастацкая літаратура, 2018). Укладальнікі — Радзім Гарэцкі і Віктар Шніп.

У зборнік, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага, увайшлі ўспаміны, выбраныя аповесці, апавяданні і нататкі. Мастацкая частка кнігі носіць назву «Скарбы жыцця». Яе склалі «Літоўскі хутарок», «Габрыелевы прысады», «Усебеларускі з’езд 1917-га года», «Максімава зязюля», «Дзве душы», «На імперыялістычнай вайне» і «Скарбы жыцця» (фрагмент). Раздзел «Вянок памяці» складаецца з успамінаў братоў Гаўрылы і Парфіра, дачкі Галіны і менш падрабязных нататак Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай, Андрэя Сухога, Алеся Вечара, Юркі Гаўрука, Міколы Улашчыка ды іншых.

Амаль кожнае апавяданне напоўнена смуткам з-за страты брата, сябра, творцы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца таму факту, што М. Гарэцкі не паспеў здзейсніць мару свайго жыцця — скончыць эпапею «Камароўская хроніка». Не абмінаецца і стаўленне да створанага пісьменнікам. Вылучаецца адна з найяскравейшых вартасцяў яго твораў: вобразы і героі вельмі блізкія любому беларусу. Гэта, напрыклад, адзначыў Міхась Ганчарык ва ўспамінах пра першае ўражанне ад прачытання «Руні». Нават апісаная лазня з кнігі апавяданняў, якая ў кожным кутку краіны са сваімі асаблівасцямі, склалася ў адзін вобраз нечага знаёмага і роднага для любога селяніна.

Галоўны апавядальнік, бясспрэчна, — брат Гаўрыла Гарэцкі, для якога М. Гарэцкі быў яшчэ і настаўнікам. Ды і хто, як не брат, змог бы падрабязна расказаць пра хату, дзе нарадзіўся і вырас Максім, дзе пачалася яго дарога да прыгожага слова. Ужо ў дзяцінстве ён любіў выдумляць гісторыі і, бывала, палохаў сваіх малодшых братоў і сясцёр. Шмат Гаўрыла Гарэцкі распавёў пра сацыяльны аптымізм пісьменніка, прычына якога — родныя карэнні творчасці, што сягаюць у перадрэвалюцыйнае мінулае беларускага селяніна. Пісьменнік быў упэўнены, што праз рэвалюцыю беларускі народ прыйдзе да шчаслівага жыцця, а адлюстраваць у літаратуры складаны шлях ад прыгону да прынцыпова іншага жыцця у рэшце рэшт стала марай. Адлюстраваннем гэтага павінна была стаць “Камароўская хроніка”.

Шмат увагі аўтар успамінаў удзяляў мэтацакіраванасці брата, уласцівай яму на працягу ўсяго жыцця, якое было прысвечана беларускай літаратуры, а таксама агульнаграмадскай неабходнасці — выданню падручнікаў. Цікавы факт: ён вельмі любіў рускую літаратуру, у заходнееўрапейскай вылучаў Бальзака, а “Новую зямлю” Якуба Коласа лічыў лепшым творам беларускай. Гаўрыла Гарэцкі падкрэсліваў: “Максім марыў аб часе, калі беларуская проза пазбавіцца вузкіх рамак этнагарфізму, правінцыялізму, дробнай мясцовай тэматыкі і запазычанняў, выйдзе на шырокія прасторы сусветнай літаратуры, глыбокага псіхалагізму, паказу ў малым, сваім, мясцовым вялікага, усялюдскага, гуманістычнага, прагрэсіўнага”. Дарэчы, зародкі такой прозы ён бычыў у творах Кузьмы Чорнага.

Успаміны дачкі Галіны Гарэцкай — шчырыя і эмацыянальныя, але ў той жа час разважлівыя апавяданні пра асяродак пражывання сям’і. Асаблівую ўвагу яна аддала маці Л е а н і л е Чарняўскай, якая пражыла дастаткова доўгае жыццё. Храналагічна паслядоуны расповед напауняецца жыццём дзякуючы дробязям. Напрыклад, апісанне вясёлага дня падарожжа, які змяніўся сумам і горыччу з-за звестак пра смерць Максіма Горкага. Галіна Гарэцкая апісала бацьку як сур’ёзнага, патрабавальнага да сябе і іншых, але чуллівага і сціплага чалавека.

Выданне каштоўнае тым, што прапаноўвае чытачу самому паразважаць над звесткамі. Кніга будзе цікавая тым, хто ўжо ведае галоўнае, але да гэтага не звяртаў увагі на нейкія акалічнасці. Значнасць сабраных успамінаў — у незнарок увасобленым гістарычным кантэксце, які шмат раскажа пра эпоху і характэрныя для яе з’явы. Важкасць заключаецца і ў тым, што вобраз пісьменніка ствараецца праз зусім непадобных адзін да аднаго людзей: дачкі, якая памятала Максіма Гарэцкага маладым (з-за маленькага узросту яе ўспаміны няясныя, напоўненыя яркімі або няпэўнымі вобразамі дзяцінства); братоў, што раслі разам, помнілі яго хлапчуком, юнаком, сур’ёзным мужчынам; сяброў і калег, што, бывала, бачылі яго толькі раз ці два, ды кожная сустрэча змагла запомніцца (кожны згадвае пісьменніка і адзначае мову яго твораў, непадобную на сучасную, з захапленнем і нават недзе ідэалізавана). Гэта нядзіўна: жыццёвыя і творчыя мэты аўтара сапраўды былі ідэальныя.


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина