Вольга Губская
Дзве сусветныя вайны і... каханне
26 чэрвеня ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі прайшлі ХХІІ Гарэцкія чытанні, прысвечаныя жыццю і творчасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Скразной тэмай канферэнцыі былі гістарычныя даты: 100-годдзе Першай і 75-годдзе Другой сусветных войнаў.
Мерапрыемства наведалі даўнія сябры: даследчыкі творчасці Максіма Гарэцкага, пісьменнікі і дзеячы культуры. Прывіталі прысутных паэт Анатоль Вярцінскі і галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько, падзяліліся досведам даследавання Таццяна Дасаева, Таіса Грамадчанка, Зінаіда Драздова, Міхась Кенька, Сяргей Запрудскі, Вольга Козіч ды інш. А старшынствавалі на пасяджэнні акадэмікі Радзім Гарэцкі і Міхась Мушынскі. Прыемна адзначыць, што былі сярод гасцей і маладыя даследчыкі. Гэта яшчэ раз пацвярджае: творчасць класіка беларускай літаратуры М. Гарэцкага не толькі тэматычна актуальная ў наш час, але і недастаткова даследаваная.
Хаця ці магчыма цалкам растлумачыць, раскрыць творчасць такога ўзроўню? Мы можам толькі наблізіцца да разумення пісьменніка праз чытанне яго твораў, ліставанне і непасрэдны кантакт з яго роднымі — дзякуй Богу, яшчэ ëсць такі шанц. Знаёмства з Радзімам Гарэцкім — пляменнікам пісьменніка, акадэмікам НАН Беларусі — дае магчымасць уявіць, якім быў М. Гарэцкі.
Прыемна ўразіла прэзентацыя кнігі Р. Гарэцкага «Лісты жыцця і кахання», якая адбылася падчас мерапрыемства. Выступоўцы падкрэслівалі актуальнасць і своечасовасць яе з’яўлення сëння, у час, калі інстытут сям’і перажывае глыбокі крызіс. Кніга і сапраўды даволі інтымная, як адзначыў сам аўтар, бо там сабраныя лісты яго бацькоў, вядома ж, напісаныя не для агульнага прачытання. Сын вырашыў апублікаваць іх і не памыліўся: водгукі самыя лепшыя. Не дзіва, бо дзе сëння можна сустрэць такія шчырыя, сапраўдныя, цëплыя пачуцці, сабраныя ў кнігу! Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія вымушаны былі давяраць свае пачуцці паперы — такім быў збег абставін. Кожны ліст — старонка жыцця, кахання і роспачы, трапяткога клопату і болю ад немагчымасці нешта змяніць. А колькі ў іх слоў пяшчоты, не вядомых сучаснай моладзі…
Вядома, закраналіся і перспектывы развіцця гарэцказнаўства, папулярызацыі імя Максіма Гарэцкага ў сферы культуры. М. Мушынскі слушна адзначыў недастатковую даследаванасць драматычнай спадчыны класіка, публіцыстыкі (якую можна наблізіць да журналістыкі), нявывучанасць тэмы «Гарэцкі ў літаратурнай крытыцы».
Р. Гарэцкі падкрэсліў, што беларускія тэатры маглі б звярнуць увагу на драматычныя творы пісьменніка і такім чынам пашырыць беларускамоўны рэпертуар.
Вось так, у разважаннях пра вайну і каханне, дасягненні і перспектывы праходзілі Гарэцкія чытанні сёлета. Да наступнай сустрэчы ў гісторыкаў, філосафаў, журналістаў, літаратуразнаўцаў і проста прыхільнікаў дзейнасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх ëсць магчымасць сустрэць новых сяброў і пакінуць уласны след у гарэцказнаўстве.
«Ды што нам той Гарэцкі!»
У спрэчцы зносіць ці не зносіць дом, у якім у Горках жыў, дарэчы, не толькі пісьменнік Максім Гарэцкі, але і яго брат, навуковец Гаўрыла Гарэцкі, нечакана ўзнікла яшчэ адна тэма. Сфармуляваць яе можна прыблізна так: “А што нам той Гарэцкі?!” Маўляў, не асабліва ён важная птушка, каб пра яго памяталі ды дом захоўвалі!
Такой пазіцыі прытрымліваюцца менавіта тыя, хто ўсяляк агітуе за знішчэнне адзінага захаванага дома, дзе жылі знакамітыя браты. I гэта не дзіўна. У сённяшняй Беларусі, на жаль, шмат недаацэненых герояў Гэта тыя асобы, якія для любога іншага народа былі б гонарам. Вось толькі для беларусаў яны - нішто.
Аднак не будзем пасыпаць галаву попелам. Лепей кінем на нашых цудоўных землякоў, якія жылі і тварылі ў Горках, аб'ектыўны позірк.
У чым яго талент?
Вось як пра творчую спадчыну Максіма Гарэцкага, які вучыўся і жыў у Горках, а таксама працаваў у БДСГА, выказваліся ў розныя часы культурныя дзеячы нашай краіны.
Васіль Быкаў: “...Я вельмі люблю Гарэцкага, лічу яго самым-самым з беларускіх празаікаў мінулага, вельмі шкада, што яго напаткала такая доля. Але што ж! Ніхто з нас не ведае, што чакае яго...”
Янка Брыль: “Вобраз Максіма Гарэцкага ідзе са мною з ранняй маладосці”.
Ніл Гілевіч: “...Вы ведаеце і разумееце, што значыць для мяне імя Максіма Іванавіча, яго творчасць, яго жыццёвая справа. Гартаў я гэтыя Вялікія Тамы і радаваўся, што яны выйшлі, што яны вернуты на народу, а душа тым часам плакала - як і заўсёды пры ўспаміне аб трагічным лёсе найслаўнейшых сыноў нацыі...”
Пімен Панчанка чытаў кнігі Максіма Гарэцкага яшчэ падлеткам. А ўжо ў сталым узросце так ацаніў творчасць нашага земляка: “Максім Гарэцкі даўным-даўно так хораша, так высокамастацкі пісаў, як у нас пачалі толькі нядаўна пісаць лепшыя беларускія празаікі (Мележ, Брыль, Быкаў). Для мяне гэта шчаслівае адкрыццё”.
Сяргей Грахоўскі: “Творы Максіма Гарэцкага - гонар нашага народа, слава беларускай літаратуры. Па яго падручніках я вучыўся любіць і шанаваць роднае слова, па творах - разумець глыбіню і шчодрасць народнай душы”.
Міхась Ткачоў: “Творчасць Максіма Гарэцкага - выдатная з’ява ў беларускай літаратуры... Спадчыну аўтара я асабіста вельмі высока ацэньваю. За многія яе якасці, у прыватнасці і за тое, што яна з эмацыянальным хараством даносіць моўную стыхію ўсходняй Магілёўшчыны”.
Анатоль Сідарэвіч: “Гарэцкі - постаць выключная, бясспрэчны класік прозы і літаратуразнаўства”.
Дык давайце цяпер падумаем і скажам сабе шчыра: ці разбурылі б у Франкфурце- на-Майне дом Гётэ? Ці давялі б да такога вартага жалю стану, як у Горках, жытло Чарльза Дзікенса ў брытанскім Портсмуце? Ці выступалі б гэтак жа горача, як у нас, чыноўнікі горада Таганрога за знос дома Антона Чэхава?
Скажаце, Гарэцкі - не Гётэ? Ну дык і Горкі - не Франкфурт-на-Майне. У кожнага горада свой маштаб і свае знакамітасці, ад якіх у цывілізаваных краінах - не адмаўляюцца.
Як Гарэцкі акадэмію ратаваў
Цяпер жа некалькі словаў пра Гаўрылу Гарэцкага.
Вось якія факты ў сваёй кнізе “Браты Гарэцкія” прыводзіць сучасны беларускі навуковец і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі (сын Гаўрылы Іванавіча, пляменнік Максіма Гарэцкага).
У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Горках існаваў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, які ўзначальваў М.Ц. Козыраў камуніст, малады ініцыятыўны арганізатар ды вораг беларушчыны. У яго каманду ўваходзілі такія відныя прафесары - вялікадзяржаўныя шавіністы, як У.І. Кіркор, У.У. Вінар, А.В. Ключароў. Іх актыўна падтрымліваў А.І. Крыніцкі - першы сакратар ЦК КП(б)Б (па сённяшніх мерках, лічыце, кіраўнік краіны) і намеснік наркамасветы П.І. Валасевіч.
Гэтая група імкнулася аддзяліць ад Беларусі яе ўсходнюю частку, а таксама Магілёўскую губерню і асабліва Горацкі раён, дзе знаходзіўся сельскагаспадарчы інстытут, і далучыць іх да Смаленскай губерні РСФСР. У процівагу гэтым дзеячам выступіла вялікая група маладой беларускай інтэлігенцыі. Сюды амаль цалкам увайшлі, напрыклад, супрацоўнікі Інбелкульту (цяпер Акадэмія навук).
Дзякуючы прынцыповай пазіцыі нашай інтэлігенцыі, Горацкі раён пакінулі ў складзе БССР. Такім чынам, у Савецкай Беларусі апынулася два сельскага-спадарчыя інстытуты: Горацкі ў Горках і Беларускі ў Мінску. Разгарнулася новая вялікая дыскусія: ці пакідаць абодва інстытуты, ці аб’яднаць у адзін? А калі аб’яднаць, дык дзе тады размясціць новую ўстановы - у Горках ці Мінску?
У гэтую барацьбу ўключыўся і Гаўрыла Гарэцкі, які стаў адным з самых актыўных удзельнікаў “беларускай групы”. Апошняя дабівалася, каб зрабіць адзіную моцную сельскагаспадарчую ўстанову ў Горках. Гарэцкі апублікаваў на гэтую тэму шэраг артыкулаў. Адзін з іх выйшаў у 1922 годзе ў газеце “Савецкая Беларусь”. Назва артыкула – “Дзе быць Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі”.
“Беларусі патрэбна свая Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, якая б стаяла па навукова-навучэбнай каштоўнасці разам з заходнееўрапейскімі і расійскімі вышэйшымі сельскагаспадарчымі ўстановамі. <...> На Усходняй Беларусі няма адраджэнскай базы. Горкі такое месца, дзе Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і магла б найлепш заснавацца”, - адзн.гму у сваім артыкуле Гаўрыла Іванавіч.
Тая даўняя дыскусія, як не складна здагадацца, скончылася перамогай “беларускага крыла”. Было вырашана спалучыць Горацкі і Беларускі інстытут сельскай гаспадаркі ў адзіную ўстанону Беларускую дзяржаўную акадэмію сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюціі з цэнтрам у Горках. Рашэнне было зацверджана пастановай СНК БССР ад 5 жніўня 1925 г.
Вось і выходзіць, што без гарачых старанняў Гаўрылы Iванавіча, не было зараз у Горках акадэміі, без якой наш горад – і не горад зусім. I не было б дзе працаваць некаторым з тых у цяперашняй БДСГА, хто хоча, каб ад дома Гарэцкага не засталося каменя на камні.
Быў ён з моцнага і трывалага беларускага роду, але пражыў усяго 44 гады.
Заўтра, 18 лютага 1993 года, мы, беларусы, будзем адзначаць 100-гадовы юбілей свайго выдатнага сына, пісьменніка і навукоўца Максіма Гарэцкага. Толькі сорак чатыры гады пражыў на свеце гэты шчодра адораны талентамі чалавек, наш з вамі зямляк. А мог бы жыць яшчэ і сёння. Бо быў ён з моцнага і трывалага беларускага роду: продкі Гарэцкага жылі да 115 гадоў!
У незайздросны час выпала пражыць сваё кароткае, але яркае, як след бліскавіцы, жыццё, Максіму Гарэцкаму. Жорсткая і бяздушная машына таталітарнай дзяржавы хацела знішчыць Гарэцкага не толькі фізічна. Яго творчасць доўгія гады была схаванай ад уласнага народа, а многія дэталі лёсу і дасюль яшчэ патрабуюць свайго ўдакладнення і высвятлення.
Мы прапануем сёння вашай увазе тры кароткія гутаркі з нагоды юбілею.
Нашы карэспандэнты задалі пытанні:
Радзіму Гарэцкаму, пляменніку Максіма Гарэцкага, акадэміку АН Беларусі.
— Вы толькі што вярнуліся з Вязьмы - куды быў сасланы і дзе загінуў наш выдатны вучоны і пісьменнік. Раскажыце, калі ласка, пра свае ўражанні.
— Я і раней бываў у Вязьме. Але сёлетняя паездка была асаблівая. Мне паведамілі, што нарэшце знайшлі месца расстрэлу Максіма Іванавіча. А дасюль жа лічылася, што ён загінуў недзе у Комі ад крова- зліцця ў мозг.
Горад Вязьма стаіць на пагорках. Ён даволі сімпатычны, лясісты, азёрны, самабытны.
Жыве тут каля 60 тысяч жыхароў, сярод іх шмат беларусаў, якія збіраюцца утварыць сваю суполку.
На ўскраіне горада, недалёка ад таго месца, дзе ўзвышаюцца будынкі турмы (там сядзеў Максім Іванавіч) і дзе расстрэльвалі звычайна вязняў (гэта яшчэ памятаюць мясцовыя жыхары), на крутым абрыве, адкуль адкрываецца ўся мясцовасць, узвялі помнік. З гэтай нагоды быў наладжаны мітынг. На чорнай стэле з лабрадарыту выбітыя такія словы: «Верагодна, на гэтым месцы, дзе пахаваны сотні вядомых і невядомых людзей, ахвяраў рэпрэсій, знаходзіцца прах беларускага пісьменніка, вучонага, педагога Максіма Іванавіча Гарэцкага». Спонсарам усёй гэтай пачэснай справы стаў Вяземскі горна-ўзбагачальны камбінат Моспрамбудматэрыялы.
На мітынгу пры адкрыцці помніка да мяне падыходзілі людзі, расказвалі пра загінуўшых сваякоў, паказаалі фотакарткі. Далёка не ўсе яшчэ ведаюнь пра лёс, які спасціг іх родных і знаёмых, у часы таго жахлівага тэрору.
— Якія новыя факты з жыцця Максіма Гарэцкага сталі вам вядомыя апопінім часам?
- Усё тое, што стала вядома, апошнім часам пра яго смерць, было выкладзена мною летась у вялікім артыкуле ў «ЛіМе».
- Хочацца прыгадаць, што Максім Гарэцкі некаторы час працаваў у газеце «Звязда», пісаў для яе артыкулы...
- З самага пачатку заснавання «Звязды» Максім Іванавіч быў яе актыўным карэспандэнтам. І тады, калі яна выходзіла ў Смаленску, і калі выданне перавялі ў Мінск. Кнорын, які ў той час быў галоўным рэдактарам «Звязды», запрасіў Гарэцкага на сталую працу. Потым ён паследаваў за «Звяздою» ў Вільню. Калі горад у 1919 годзе захапілі бе- лапалякі, Максім Іванавіч не паспеў выехаць. Вярнуўся ён у Савецкую Беларусь толькі ў 1923 годзе, з вялікімі цяжкасцямі. Але якім трагічным было тое вяртанне!..
Міхасю Мушынскаму, доктару філалагічных навук, загадчыку аддзела выданняу і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы:
— Міхась Іосіфавіч, цяпер многіх цікавіць, наколькі блізкія да арыгіналу творы класіка нашай літаратуры, уключаныя ў апошні «савецкі» збор твораў?
— Напомню, што чатырохтомнік М. Гарэцкага выходзіў у 1984-1986 гадах. Мне давялося быць кіраўнікоім падрыхтоўкі яго да друку. Было крыўдна і балюча, што ў той час мы не маглі ўключыць у збор твораў ні аповесць «Дзве душы», ні цудоўную п'есу, якую любіў сам Гарэцкі «Жартаўлівы Пісарэвіч», ні класічныя апавяданні «Лірныя спевы», «Апостал», «Фантазія» і іншыя; нічога - з крытыкі, публіцыстыкі, перапіскі...
Толькі ў 1990 годзе ўсё гэта ўвайшло ў асобны том «Творы» і склала вялікую, больш чым на 600 старонак кнігу-кампенсацыю...
У лютаўскім нумары часопіса «Полымя», - які неўзабаве выходзіць, я, дарэчы, даю з каментарыямі публікацыю ўсіх купюр па раману «Камароўская хроніка».
— Ці не маглі б вы прывесці прыклады?
— 3 рамана напрыклад, цэнзурай была выкінута ўся сюжэтная лінія, звязаная з арыштам Гурыка (правобразам яго быў Гаўрыла Гарэцкі). Выключаны эпізод, калі чырвонаармейцы, трапіўшы ў палон да бела- палякаў, пачалі хаваць ці знішчаць свае партбілеты. Гэта цяпер мы разумеем, што куды важней жывы чалавек, чым яго білет і нечы прынцып...
— Гарэцкі большасці з нашых чытачоў невядомы са школы. 3 чаго б вы параілі пачаць знаёмства?
— Адкрыйце першы том згаданага ўжо збору твораў. Якія даступныя, шматслойныя апавяданні «У лазні», «Роднае карэнне». За лёгкім, часта з гумарам выпісаным побытавым малюнкам, - калі ўчытаешся - стаяць праблемы светабудовы, філасофія жыцця чалавечага. Можна пачаць і з апавяданняў, якія аўтар у 1926 годзе аб'яднаў у зборніку «Досвіткі» («Маці», «Прысяга», «Смачны заяц», «Дурны настаўнік», «У панскай кухні» і інш.). Тут таксама ідуць назіранні за станаўленнем нашага нацыянальнага характару: і падаюцца не ў лоб, а па-мастацку трапна.
А вазьміце яго празрыстую і глыбокую прозу — аповесці «Меланхолія», «Ціхая плынь», «У чым яго крыўда»... Запіскі ж «На імперыялістычнай вайне» крытыка яшчэ ў канцы шасцідзесятых называла лепшым, што напісана ў СССР пра вайну...
Гарэцкі, як кожны значны пісьменнік, валодаў дарам сацыяльнай прагностыкі. Учытайцеся у яго «Сібірскія абразкі», малюнкі жыцця сібірскіх беларусаў і пераканайцеся, што аўтар прадбачыў шмат якія трагічныя моманты ў жыцці нацыі. Або знайдзіце тое ж раней забароненае апавяданне «Апостал», дзе галоўным героем выведзены зацыклены на сваім пераўтваральным месіянстве камуніст Жабін...
— I ўсё ж: ці хутка творы пісьменніка дойдуць да школы?
— Інстытут літаратуры ўжо падрыхтаваў адпаведную аль- тэрнатыўную праграму для школ. Зацікаўленыя настаўнікі могуць знайсці яе ў часопісе «Роднае слова».
Уладзіміру Пецюкевічу, загадчыку доследна-экспазіцыйнага аддзела Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту:
— Заўтра ў Малой Багацькаўцы на радзіме пісьменніка адкрываецца адноўлены музей. Яму не шанцавала: раней хата двойчы гарэла. Як музейшчыкі выйшлі з такой сітуацыі?
— Двойчы ж хата і адбудоўвалася. Чарцяжы, малюнкі ў свой час зрабіў па памяці брат пісьменніка Гаўрыла Іванавіч. Мы абапіраліся таксама на ўспаміны пляменніцы Клаўдзіі Іванаўны Шнарскай.
Вялікая сям’я Гарэцкіх жыла ў сядзібе «вяночнага тыпу». А гэта - дзве хаты, злучаныя сянямі, гаспадарчыя пабудовы і брама, пакрытыя адной саламянай страхою. Былі ў гаспадарцы і добры агарод, склеп, гумно, сад з калодамі пчол. I хаця архітэктары падрыхтавалі ўжо макет рэстаўрацыі ўсёй сядзібы, да юбілею адчыняецца толькі асноўная яе частка «хата-сені-хата». Тут размяшчаюцца літаратурная і этнаграфічная экспазіцыі. Апошнюю якраз ладзіў наш музей. Яна склалася пасля цікавейшых вандровак нашых супрацоўнікаў па мсціслаўскаму краю.
— Як землякі, сваякі ўспамінаюць Гарэцкага?
— Прасветлена. Мы сапраўды адчувалі, якую трапяткую памяць пакінуў па сабе гэты чалавек. «Добры дужа быў, гаваркі, - казала нам яго дваюрадная сястра Марыя Канстанцінаўна Карабкова, якой ужо за дзевяноста. Частавала яблыкамі, успамінамі, падаравала музею тканыя рэчы і дадала: «Калі памру, забірайце для Максіма ўсё, што спадабаецца».
«Максіму», гэта значыць музею, землякі ахвяравалі і перадавалі найдаражэйшае. Так, Марыя Давыдзенка з вёскі Сычоўка перадала ў экспазіцыю даўнейшую, добра захаваную мэблю - стол, канапу, лаву, крэсла, а яшчэ і жорны... Нават у беднай удовінай хаце, дзе, здаецца, усяго і было, што сама гаспадыня, кот ды печ, адчынялася вечка запаветнага куфра...
Такая павага і ўдзячнасць - жывое адлюстраванне характару самога Максіма Гарэцкага. Выйшаўшы з вёскі, ён, як мог, усё жыццё клапаціўся пра яе, пра сваю радзіму...
Вось думаю, з якім добрым гумарам напісаў бы ён цяпер апавяданне пра тое, як з адкрыццём музея славутага пісьменніка дачакаліся, нарэшце, яго землякі і заасфальтаванага кавалка дарогі...
“На цярнёвай дарозе, якою народ мой ішоў…”
Развагі ў сувязі з 100-мі ўгодкамі з дня нараджэння Максіма Гарэцкага Незнаёмы... знаёмец
«Дзіўны лёс часам сустракае чалавека ў яго падарожжы па прасторы часу! Сягоння даводзіцца рэкамендаваць чытачу таго, хто сам многа гадоў выконваў нялёгкі абавязак — знаёміць усіх з літаратурай і літаратарамі беларускай зямлі». Па тым, што гэтае выказванне ўзята ў двукоссе, бадай кожны ўжо здагадаўся, што не мною яно вымаўлена. Не мною... Максімам Лужаніным. Роўна трыццаць гадоў назад, калі ў трэцім нумары часопіса «Полымя» за 1963 год ён прадстаўляў ракам М. Гарэцкага «Віленскія камунары», які на нарэшце змог пабачыць свет.
Напісаны ж гэтм твор у 1933 ці 1934 годзе. Ды каб жа такімі неспрыяльнымі былі абставіны для адных «Віленскіх камунараў»! Увогуле, творчасць М. Гарэцкага не на адзін дзесятак гадоў у прамым сэнсе гэтага слова выкраслілася з літаратурнага ўжытку. I прычына не столькі ў тым, што асобныя рукапісы загубіліся, чакалі свайго адкрыцця (той жа часопіс «Полымя» ў 1966 годзе апублікаваў «Камароўскую хроніку» М. Гарэцкага). Ідэалагічныя куратары прыгожага пісьменства накладвалі табу і на апавяданні, аповесці, шматлікія артыкулы пісьменніка, якія ў свой час публікаваліся.
Неймаверных высілкаў каштавала рупліўцам на нацыянальнай ніве выдання ў 1973 годзе выбраных твораў М. Гарэцкага ў двух тахах. Здавалася б, пасля гэтага ягонае імя вернута з небыцця назаўсёды. Ды дзе там! Па-ранейшаму знаходзіліся тыя, хто бачыў у М. Г арэцкім нацыяналіста. З няменшымі, а можа, і з большымі цяжкасцямі прабіваў сабе дарогу Збор твораў у чатырох тамах (1984—1986). Які гэта Збор (не ў папрок, вядома, прадстаўнічай рэдакцыйнай калегіі сказана), бачна ўжо па тым, што ў 1990 годзе давялося выпускаць дадатковы том. «Гісторыя беларускай літаратуры» — найбольш значная праца М. Гарэцкага — навукоўца, даследчыка, крытыка
— толькі неўзабаве выйдзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Чаму так не спадабаўся М. Гарэцкі партыйнаму кіраўніцтву, якое займалася пытаннямі літаратуры? Адказ, відаць, дае гэтае вызначэнне Алега Лойкі, сказанае, праўда, з іншага выпадку: «Месца М. Гарэцкага ў беларускай дакастрычніцкай прозе (на маю думку, гэта тычыцца і ўсёй творчасці пісьменніка. — А. М.) вызначаецца, прынамсі, трыма момантамі: 1) новай тэматыкай, новым героем, уведзеным ім у родную літаратуру, у цэлым — новым канцэптуальным поглядам на беларускага селяніна; 2) прышчапленнем нацыянальнай прозе высокай культуры псіхалагізму; 3) узбагачэннем яе рознымі кампазіцыйна-стылёвымі формамі». Адкінем трэцюю пазіцыю, паколькі яна тычыцца ў асноўным стылёвых адметнасцяў прозы М. Гарэцкага, а засяродзім увагу на першых дзвюх.
Новы герой — гэта найперш БЕЛАРУС. Не проста як чалавек, а як прадстаўнік канкрэтнай нацыі. Беларус з ягоным характарам, поглядамі, псіхалогіяй. Беларус, які прачынаўся ад сну бяспамяцтва, а паколькі тагачасны беларус — найперш селянін, бо пераважная большасць насельніцтва жыла на вёсцы, дык і імкненне па-новаму зірнуць на гэтага селяніна. Што тычыцца «прышчаплення нацыянальнай прозе высокай культуры псіхалагізму», дык зноў жа тут М. Гарэцкі ішоў непасрэдна ад характару БЕЛАРУСА, заглыбляючыся ў ягоны свет, даследуючы ягоную псіхалогію. Адным словам, М. Гарэцкі, як нямногія з пісьменнікаў, у разняволенні народа на першае месца ставіў нацыянальнае вызваленне. I, як ніхто іншы, гаварыў пра гэта прама і адкрыта. I не толькі ў дарэвалюцыйны час, калі гэта літаратуры «дазвалялася». Нацыянальная ідэя ў паслярэвалюцыйнай прозе М. Гарэцкага атрымала яшчэ больш выразнае падсвечванне. Адначасова ён жа, у чым, у прыватнасці, пераконвае аповесць «Дзве душы», першы зазірнуў у нутро тых «бальшавікоў», хто нічога святога не меў за душой, ірваўся да карыта, прыкрываючыся марксісцкай ідэяй.
Безумоўна, такі пісьменнік «не ўпісваўся» ў літаратурны працэс. Ад яго хацелі адкараскацца, пазбавіцца... У трыццатыя гады выкарысталі фізічную расправу (М. Гарэцкага неаднаразова арыштоўвалі, ён знаходзіўся ў высылцы і, як стала нядаўна вядома, дзякуючы росшукам ягонага пляменніка, выдатнага беларускага вучонага Радзіма Г арэцкага, не памёр 20 сакавіка 1939 года, пра што сведчаць многія даведнікі, а быў расстраляны яшчэ 10 лютага 1938 года). У пасляваенны час шмат было зроблена, каб чытач не ведаў ягоных твораў, а імя пісьменніка радзей з’яўлялася ў друку. Таму і сталася так, што М. Гарэцкі — незнаёмы... знаёмец. Адзін з класікаў нацыянальнай літаратуры, які стаіць поруч з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і іншымі, ён, не сказаць каб пастаянна, знаходзіўся на слыху ў аматараў прыгожага пісьменства.
Максім Беларус: прарок ці рэаліст?
Максім Беларус — псеўданім М. Гарэцкага. Не буду шмат разважаць наконт невыпадковасці выбару тагачасным навучэнцам Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, а якраз на апошнім курсе яго, у снежні 1912 года, М. Гарэцкі і напісаў першае апавяданне «У лазні», якое было змешчана ў газеце «Наша Ніва» 25 студзеня 1913 года. Тут, як кажуць, і так усё зразумела. Важна лепш зразумець, як ужо на самым пачатку творчай дарогі (перад гэтым у «Нашай Ніве» выступаў з допісамі) М. Гарэцкі са сваёй Малой Багацькаўкі (ягоная родная вёска, цяпер у Мсціслаўскім раёне) пачаў глядзець на ўсю Беларусь, а калі шырэй, дык і на ўвесь свет вачыма БЕЛАРУСА. Бо ўжо і ў гэтым творы, у якім пры жаданні можна знайсці і пэўную сюжэтную «рыхласць», М. Гарэцкі паўстае пісьменнікам са сваім бачаннем жыцця.
Галоўны герой апавядання — «вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, казённы стыпендыят Клім Шамоўскі» — канечне ж, сам аўтар. I ягоны прыезд на Каляды ў вёску Мардалысава — гэта наведванне бацькоў у Малой Багацькаўцы самім М. Гарэцкім. I пачуцці, перажыванні Кліма Шамоўскага — нявыдуманыя. Усё гэта было на самой справе. Хлапечая душа, якая ўжо хоць крыху пабачыла свету, працівіцца вясковай забітасці. Зусім не кінутае адным з мужыкоў: «Запанеў наш каморнік», раззлавала Кліма. Не гэтае... «Які тут чорт «запанеў!» — злаваў Клім. — Свінні, а не людзі, — думаў ён, злосны на ўсё, бадай, Мардалысава. — Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякай увагі... Шчэ казалі, — разумцы! — што «некалі ім займацца панскім дзелам».
Ды гэта першыя ўражанні. Так звычайна бывае. Увойдзеш са святла ў цёмны пакой, доўга азіраешся па баках, ніяк паразумецца не можаш, што і да чаго, а пасля прывыкаеш, асвойваешся пакрысе. Падобнае і з Клімам Шамоўсхім адбылося. Ягоная душа дваіцца пачымае. I новым жыве яна, не прымаючы ў роднай вёсцы колішняга. Але адначасова і прыцягвае яе, быццам магнітам, да землякоў, тых самых, хто з пагардай паставіўся да прывезеных кніжак. Не пра сябе думае Клім. Менш за ўсё пра сябе. А пра што?
Дазволю сабе даволі ладную цытату, таму што яна не толькі ключ да разумення самога апавядання. З яе «вынікае» і ўся далейшая творчасць М. Гарэцкага, вымалёўваецца скразная лінія. Выпадак вельмі рэдкі, каб з першага ж твора (і надрукаванага, і ўвогуле напісанага!), па сутнасці, сфармаваўся пісьменнік як мастакоўская індывідуальнасць. Але гэта так. Алавяданне «У лазні». — таму сведчанне.
«I неяк невясёла-невясёла было Кліму, «запанеўшаму», як сказаў стары Мікіта. Думкі плылі, чапаліся адна за другую, роем мітусіліся ў галаве. «Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала?» — звінела ў адным баку. «І што з табою будзе?» — плыло ў другім.
А зорачкі блішчалі так хораша на небе. I скрыпеў снег… I мерныя тужлівыя вершы ляцелі з ніадкуль:
Мой родны край, краса мая,
З табой навек растаўся я!...
І задумаўся Клім. І пяялася неяк па-іншаму.
Мой родны край, краса мая,
З табою век не ў згодзе я…
Пад ложачкаю шчымела нешта незнаёмае.
Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы…
І ляцелі думкі. І дрыжалі струны душы дзіўна-маркотным гукам.
Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Ўцяміць цябе не маю сілы…
«Эге ж, уцяміць, пазнаць, зразумець, ніколі не здолеш», - быў чуцен шэпт. «І хіба!... Што?...»
«Але ж не адрыкацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан…» - быў другі шэпт. «Люблю…ці ж не люблю?... А страшна яно роднае… чым?...»
І спахмурнеў Клім, сігаў шпарчэй па скрыпучым марозным снезе. Ляцела думка: «Мой родны кут, люблю цябе без меры! – і забавілася яна, не ўцякала».
Герой М. Гарэцкага прыходзіць да высновы, што ён павінен (але, павінен!) адразу ўцяміць, што без Бацькаўшчыны нішто. Тое, што хоць у малой ступені дае падставы бачыць у ім «панства», мусіць сплысці, адысці, забыцца. «Не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну», — і Клім прамаўляе. I сам жа аўтар гаворыць іншымі вуснамі гэта. Вуснамі персанажаў наступных сваіх твораў, што пісаліся ўслед за апавяданнем «У лазні». Скажам, услед за героем «Роднага карэння» Архіпам Лінкевічам ён задае пытанне: «Што за народ наш, беларусы?» Шукае адказу Лінкевіч, гэтак сама настойліва і ўпарта шукае, як рабіў гэта Клім Шамоўскі. У яго высакародная задача — «служыць на Беларусі і... збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа». А дзед Яхім, з якім юнак любіць паразважаць аб жыцці-быцці, па-сялянску проста і разважліва дае яму адказ на многае з таго, што хвалявала і Кліма Шамоўскага: «Нядбаласці, звярынства, гразі многа... Але дзе ж гэтага няма? Бяднога нас адалявае...» Адказ і разам з тым як бы парада, як надалей жыць: «Адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш... Помні, што, каб другога вы- зваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўрадаць, а то і самога затопчуць...»
Прамоўлена старым і па-свойму мудрым селянінам, але ж да гэтага ў сваім разуменні набліжаецца і Касцюк Зарэмба («У чым жа крыўда?»), калі ў лісце да сябра зазначае: «Ты выйшаў з народа і разумееш, дык будзь чалавекам, разбірайся ў ісцінна паступовым... Маем жа нейкую зямельную сілу ў сабе, гэта не мая навіна, але хаваемся са сваімі ідэаламі, нясмела азіраемся на новай дарозе». I ён жа, Касцюк Зарэмба, перакананы: «Каб нам, ведаеш, свой беларускі прарок, каторы б прамыў нам вочы, у чым наша істота, паэзія жыцця, прыгажосць жыцця».
Жаданне знайсці прарока... У каго яго не было?! Сам пісьменнік таксама ў пэўнай ступені браў на сябе гэткую высакародную і адначасова такую няўдзячную місію (прарок жа заўсёды абганяе час, і яго далёка не ўсе разумеюць). Ягонае «прароцтва» ў настойлівым жаданні, каб і самі беларусы нарэшце з павагай зірнулі на сябе і каб увесь свет да іх з гэткім гонарам паставіўся. А дзеля гэтага неабходна пазбавіцца сваёй другаснасці, таго «тутэйшаства», пра якое так дакладна пазней скажа Янка Купала. Вызваліцца з путаў уласнага прыніжэння. Ведай сабе цану, тады і іншыя цябе па вартасцях ацэняць! I як не прыгадаць у сувязі з гэтым героя-апавядальніка («Вясна»). «Змываючы нуду сваю ў лазні», ён да таго спакойны, што... «Добра тут распарыцца, распесціцца з прыліплаю лісцінкаю на баку, пакуль дзесь там Нью-Йоркі будуюцца».
Хай «Нью-Йоркі будуюцца». Усяму, як кажуць, свой час. Герой М. Гарэцкага ўпэўнены, што прыйдзе вялікі час будаўніцтва і на роднай Бацькаўшчыне. Тут пісьменнік і прарок, і рэаліст адначасова, і менавіта ў гэтыя гады з’явіўся шэраг артыкулаў М. Гарэцкага, у якіх абгрунтавана разглядаецца ідэя нацыянальнага Адраджэння. У прыватнасці, 1913 годам пазначаны артыкул «Наш тэатр». У асноўным пра задачы драматургіі, сцэнічнага мастацтва гаварыў аўтар, але, калі шырэй, дык і ўвогуле нагадваў аб ролі літаратуры ў пераломны час: «А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жыве, няможна, гэткага жыцця няможна трываць... I трэба яшчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён чалавек, што ён павінен мець свой чалавечы гонар, павінен дзетак сваіх гадаваць з сумленнем...»
І сучаснасць, і ўспамін аб... будучым
Адрадзіць беларуса ў... беларусе. Менавіта так, а не інакш. Пра гэта дбайна клапаціўся М. Гарэцкі. Гэтую ж думку выказаў ён і ў апавяданні «Рунь», што дало назву першай кнізе пісьменніка, якая выйшла ў 1914 годзе. Паказаў аднаго са знаёмых героя-апавядальніка, Уладзімера. Той якраз і «хацеў словам адраджаць чалавека ў беларусе (не ў другім кім, бо ён — сын беларускага народу і найлепш мог паслужыць Беларусі)». Праўда, гэты Уладзімер па-свойму ставіўся да нацыянальнага Адраджэння: «Але запала яму неяк у галаву, што вось прарокі слова ў нас знаходзяцца, а прарокаў-эканамістаў няма». Таму Уладзімер хацеў «сабраць у свеце ў адных сваіх руках столькі грошай, каб, напрыклад... купіць усю Вільню і потым з гэтымі грашамі рабіць эканамічнае адраджэнне Беларусі».
Безумоўна, у такім жаданні бачыцца і нешта такое, што не вяжацца з цвярозым стаўленнем да жыцця. Нездарма Уладзімера «некаторыя лічылі... блізка што ненармальным». Ды, бадай, і гэта невыпадковасць. Ва ўсе часы не прымалі тых, хто вылучаўся з шэрай, пакорлівай масы, хацеў жыць інакш, чым усе. Але ж М. Гарэцкі і не збіраўся ідэю Уладзімера узводзіць у нейкі абсалют. Ён проста ствараў цэлую галерэю герояў, што ў пэўнай ступені думкамі і паводзінамі сваімі адпавядалі таму стаўленню да жыцця, якое было ў яго самога.
Гэта бачна і па аповесцях «У чым яго крыўда? », «Меланхолія» і «Ціхая плынь». Усе яны сюжэтна самастойныя, але, разам узятыя, даюць падставы гаварыць і аб свайго роду трылогіі. Канечне, такое вызначэнне ўмоўнае, тым не менш яно мае падставы. Пісьменнік, выкарыстоўваючы аўтабіяграфічныя матэрыялы, надзіва праўдзіва і псіхалагічна пераканаўча адлюстроўваў сталенне ўчарашняга рамантыка, так добра вядомага па згаданых ужо апавяданнях. Аднак эвалюцыю героя (правільней — герояў, паколькі ў першых двух творах галоўны персанаж Лявон Задума, у трэцім Хомка) яму было прасачыць нялёгка. Пра гэта сведчыць і тое, што аповесць «У чым яго крыўда?» нарадзілася з аднайменнага апавядання і апавядання «У лазні», дзве астатнія таксама маюць варыянты. Ды М. Гарэцкі ад пастаўленай перад сабой задачы не адмаўляўся, узнаўляючы працэс «адраджэння чалавека ў беларусе».
Тым самым ён адлюстроўваў блізкую яму сучаснасць, але, як вялікі мастак слова, здатны быў і зірнуць далёка наперад, узняць у сваіх творах праблемы, якія будуць хваляваць нацыянальную літаратуру праз дзесяцігоддзі. Таму творчасць М. Гарэцкага — гэта не адна сучаснасць, а і ўспамін аб... будучыні. Парадоксу ў гэтым няма. Прыгадайма «запіскі салдата 2-й батарэі -скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы», «На імперыялістычнай вайне». Напісаныя, як кажуць, на пярэднім краі. Як вядома, М. Гарэцкі пайшоў на службу (летам 1914 года) «вальнапісаным», кажучы па-цяперашняму, выбраў альтэрнатыўную службу, стаў сувязістам. У адным з баёў яго цяжка параніла, шмат правёў часу ў шпіталях, вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы, зноў фронт.
Вайна, як яе бачыць Лявон Задума, (М. Гарэцкі!) — вайна, якую мы сёння ведаем праз успрыманне В. Быкава, I. Шамякіна, I. Навуменкі, I. Новікава і іншых пісьменнікаў. Зразумела, на той «імперыялістычнай» іншы размах быў, ды М. Гарэцкага цікавілі не батальныя сцэны, у полі зроку знаходзіўся звычайны салдат, просты чалавек. I з перадавой, і з тылу.
Сам час абагнаў М. Гарэцкі ў «ваенных» апавяданнях «Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі» і іншых. Апошняе А. Адамовіч ставіць поруч з апавяданнем «Адна ноч» В. Быкава. I сапраўды, тая ж «акопная праўда». З адной розніцай. У М. Гарэцкага праўда імперыялістычнай вайны, у В. Быкава — другой сусветнай... У В. Быкава немец і наш салдат Іван Валока аказаліся засыпаныя выбухам бомбы. Каб выжыць, яны павінны былі дзейнічаць разам. «Адна ноч», — слушна зазначае А. Адамовіч, — як бы ўспамін беларускай літаратуры пра самую сябе — пра «Рускага». Хоць Быкаў, пішучы, калі і помніў каго, дык хутчэй Талстога, Рэмарка, Хемінгуэя, а не Гарэцкага...» Агаворку А. Адамовіч робіць нездарма, бо апавяданне М. Гарэцкага на той час («Адна ноч» з’явілася ў 1961 годзе) было мала каму вядома. А сітуацыя ў ім аналагічная. Выпадкова сустрэліся ля пярэдняга краю расійскі і аўстрыйскі салдат. Пасядзелі, пагаварылі — «усё, як людзі, як сяляне, якіх чорт нейкі загнаў на гэта поле і трымае ў акопах, замест таго каб ім дома хлеб сеяць». Пагаварылі і разышліся, кожны ў свой бок. Усё добра было б, калі б у «Рускага» («рускі быў звычайным земляробам Магілёўскай губерні») не дала аб сабе знаць тая самая «навука нянавісці», якая яму пастаянна ўбівалася ў галаву: «Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум націснуў пальцам:
— Так!»
Непапраўнае адбылося. Калі падбег «рускі» да аўстрыяка, пачуў толькі: «Што ж цій москаль наробыв... Зостанэцця моя жынка і діты». Сам не свой стаў пасля «рускі». Пастаянна толькі паўтараў: «Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!».
I шмат якія цяперашнія творы аб жудасцях сталінізму таксама «як бы ўспамін беларускай літаратуры пра самую сябе». Было ўсё гэта ўжо ў М. Гарэцкага. У апавяданнях «Апостал», «Незадача» і іншых, у аповесці «Дзве душы». Прынамсі, галоўны герой «Незадачы» «часовы камісар -скай франтавой надзвычайнай камісіі ў справе змагання з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і дэзерцірствам, таварыш Батрачонкаў», які, як кажуць, гарой стаяў за рэвалюцыю, сам быў «арыштаваны і адданы пад суд за спекуляцыю, п’янства і шкодную для службы адлучку для асабістых патрэб на казённым самакаце». Справа не столькі ў нізкіх маральных якасцях Батрачонка, відавочна і іншае — фанатызм «будаўнікоў новага свету», для якіх канкрэтны чалавек — усяго «вінцік» агульнага механізма пераўтварэння грамадства.
Што тычыцца аповесці «Дзве душы», дык па сённяшні дзень у нашай літаратуры няма твора, у якім бы гэтак эпічна спасцігнута была складанасць становішча, у якім апынулася грамадства пасля рэвалюцыі. Безумоўная аўтарская ўдача — вобраз галоўнага героя Ігната Абдзіраловіча. Менавіта ягоная душа дваілася. Адна палова несказана плакала і жалілася на другую, нашто яму мучыць яго падманкамі. I калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы...» Ды куды ўцячы, куды падацца? Пытанні няпростыя, і на іх шукае адказу Абдзіраловіч, як шукаў іх і сам М. Гарэцкі, спрабуючы разабрацца ў рэвалюцыі і далёка не ўсё разумеючы. Цяжка яму было ад гэтага, бо, як успамінаў брат пісьменніка Гаўрыла Гарэцкі: «Максім прадчуваў надыход рэвалюцыйных падзей, чакаў іх у бліжэйшы час. У падручніку гісторыі Расіі, які быў у 1915 годзе ў нашай хаце, у храналагічнай табліцы, пасля слоў «Мікалай II» ...напісаў: «1916 г. Рэвалюцыя».
Усё аказалася зусім не так, як хацелася. Колькі сустракаў ён на сваім шляху такіх прымазанікаў, як Іван Карпавіч Гаршчок у «Дзвюх душах»?! Не хацеў, праўда, верыць, што яны «надвор’е робяць». Вуснамі нават Абдзіраловіча спрабаваў даказаць у невінаватасці бальшавізму, што «правінцыя мае толькі такіх культавых беларусаў, як гэты Гаршчок...» Спрабаваў і паказваў сапраўдных змаганцаў за беларушчыну — Міколу Канцавога, Іру Сакавічанку, Сухавея. Тым самым у нечым і ягоная асабістая «душа дваілася». Дваілася і шукала выйсця. А паколькі гэта была душа не звычайнага чалавека, а пісьменніка, усе сумненні, трывогі знаходзілі адпаведны водгалас у творах.
Праз стыхію да вечнасці
М. Гарэцкі апынуўся ў варунках падзей, калі вельмі цяжка было разабрацца, дзе праяўляе сябе заканамернасць гістарычнага развіцця, а дзе дае знаць тая ж злая, неўтаймаваная стыхія. Лютаўскую рэвалюцыю пісьменнік сустрэў у войску, на Піншчыне, пад Парахонскам. У гэты ж час цяжка захварэў, абвастрыўся гастрыт. Вымушаны быў лячыцца. I ў палявым шпіталі, і ў Арле, Маскве, Жалезнаводску. У студзені 1918 года звольніўся з арміі па «белым білеце» і прыехаў у Смаленск, уладкаваўся ў газету «Известия Смоленского Совета депутатов» і адначасова ў жыллёвы аддзел. У жніўні гэтага ж года на яго звярнуў увагу адзін са стваральнікаў і першы рэдактар газеты «Звязда» В. Кнорын, запрасіў у штат рэдакцыі. У «Звяздзе» М. Гарэцкі працаваў і тады, калі яна пераехала ў Мінск, і падчас знаходжання рэдакцыі ў Вільні. У перыяд акупацыі горада буржуазнай Польшчы, паколькі не спыняў культурнай дзейнасці, быў кінуты ў Лукішкі. Галоўнае ж абвінавачанне — прыналежнасць да камуністычнай партыі, якой ён і на самой справе сімпатызаваў. Нядоўгае зняволенне змянілі на высылку, і толькі ў кастрычніку 1923 года пісьменнік пераехаў у Беларусь.
Знаходжанне ў Вільні (пасля акупацыі выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, адначасова даваў урокі ў Віленскай гімназіі) дало М. Гарэцкаму нямала назіранняў. Атрымаў ён даволі поўнае ўяўленне і аб дзейнасці шматлікіх партый, кожная з якіх дакляравала народу ці не манну нябесную. Шукаў сваё месца ў гэтых складаных абставінах, задумваўся, дзе ж сапраўдная ісціна, каму паверыць, за кім пайсці? Для сябе адразу вызначыў усё канчаткова. А іншыя? З такога роздуму, з пазнейшых назіранняў і нарадзіўся раман «Віленскія камунары».
Наконт гэтага твору міжволі ўзнікае пытанне, што высвечваецца з вышыні нашага сённяшняга дня. Ці так ужо неабходна было М. Гарэцкаму расказваць пра віленскіх камунараў? Расказваць пасля напісання «Дзвюх душ», «Чырвоных руж», іншых твораў, у якіх рэвалюцыя, як і ўдзельнікі яе, паказаны з непрыгляднага боку. Тым больш, што ў рамане гучыць сапраўдны гімн мужнасці, няскоранасці людзей, што ўзяліся за зброю ў імя «светлай будучыні».
Наступаў М. Гарэцкі на «горла ўласнай песні»? Вымушаны быў гэта рабіць, што менавіта ў гэты час быў разлучаны з любай Беларуссю, з 1931 года знаходзіўся ў высылцы? Каб хоць неяк рэабілітавацца... Куды прасцей усё растлумачыць. На самой жа справе, як бачна са знаёмства і з «Віленскімі камунарамі», і з «Камароўскай хронікай», з перадгісторыяй гэтых твораў, яму даўно хацелася напісаць вялікі эпахальны твор, у якім можна прасачыць жыццё народа на значным прамежку часу. Гісторыя ж, калі падаваць яе аб’ектыўна, «белых плямаў» не прымае. Гісторыя рэвалюцыі таксама. Былі ў ёй рознага роду гаршкі, яшчэ колькі знаходзілася прымазаннікаў. Але ж нямала ў вадаварот падзей трапляла і людзей сумленных.
I стыхію рэвалюцыі адлюстроўваў М. Гарэцкі, думаючы адначасова пра вечнасць жыцця. I лепшых людзей яе паказваў з такім жа майстэрствам, як і адшчапенцаў, прыстасаванцаў. I ў гэтым заставаўся тым мастаком слова, для якога ёсць адзін крытэрый — праўда і толькі. Праўда мастацкая і праўда жыцця. Гістарычная праўда як супольнасць іх. Акрамя таго, раман «Віленскія камунары» ён лічыў часткай свайго галоўнага твора «Камароўскай хронікі». Як быццам, яны і не стасуюцца так цесна між сабой, але ж нельга забываць, што «Камароўская хроніка» так і засталася незавершанай, ды і «Віленскія камунары» аўтар перапрацоўваў, робячы рускамоўны варыянт «Виленские воспоминания». Каб больш пражыў, калі б не напаткала куля энкэвэдзістаў, відаць, унёс бы пэўныя карэкціроўкі, каб гэтыя два творы склалі сабой свайго роду дылогію.
Але не будзем пра тое, што магло б быць, скажам пра тое, што ёсць. «Незакончанасць, незавершанасць мастацкага твора можа часам успрымацца як эстэтычная якасць. Са знакам плюс! Дадатнай эстэтычнай якасцю можа стаць нават нейкае парушэнне формы, частковае разбурэнне», — так гаворыць, маючы на ўвазе і «Камароўскую хроніку» і... Венеру Мілоскую, А. Адамовіч. Тыя пяць «сшыткаў» галоўнага твора М. Гарэцкага, які, па сутнасці, пісаўся ім усё свядомае жыццё, гэта і энцыклапедыя таго ж народнага жыцця, і свайго роду мастацкі «даведнік» існавання цэлага роду Задумаў-Батураў, і «лёс» самой Камароўкі...
Адзінства аўтарскай задумы паядноўвае, здавалася б, сюжэтна не звязаныя запісы. Яна, гэтая задума, сягае то легкакрылай птушкай уверх, да самага ўзаышанага рамантычнага, то, стомленая ад палёту, апускаецца на грэшную зямлю, дзе столькі гора, слёз, звадаў. Аднак хіба не трэба і пра гэта расказваць? Хіба ачышчэнне не пачынаецца з умення аднолькавымі вачыма глянуць і на добрае, і на благое? Хіба па-сапраўднаму любіць народ — адно спяваць яму гімны? Любоў ды гэта і здатнасць не адцурацца, не адысці ад таго, каго любіш, і ў цяжкую хвіліну, а не толькі ў радасную, святочную.
Такая любоў і поўніць «Камароўскую хроніку» М. Гарэцкага. Падобная любоў пранізвае і «Віленскія камунары», таму «буравеснікі» рэвалюцыі выклікаюць у яго павагу, захапленне, бо для М. Гарэцкага чалавек заўсёды індывідуальнасць. Ён сам (і толькі ён) мае права на ўчынкі, якія лічыць правільнымі, неабходнымі, апраўданымі. Іншая справа, што ўсім нам, хто знаходзіцца, так сказаць, «збоку», даецца мажлівасць прымаць іх ці не прымаць. А ў барацьбе супрацьлегласцяў, заўсёдным сутыкненні іх і руханне наперад, і вечнасць самога жыцця. Так сама прырода распарадэілася...
Брама скарбаў, адчыненая нашчадкам
Сказаць у адным артыкуле аб творчасці М. Гарэцкага ўсеабдымна немагчыма. Бо, чым больш набліжаешся да яе, уваходзячы ў шматфарбнасць свету пісьменніка, тым часцей прыходзіць адчуванне, што нешта пакінуў па-за ўвагай, пра штосьці не паспеў пагаварыць. I справа нават не ў тым, што дэталёвага аналізу вымагае «Гісторыя беларускай літаратуры» (першая ў рэспубліцы), артыкул-даследаванне «Маладняк» за пяць гадоў, як і іншыя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ. І не толькі таму, што, хоць і мала, але М. Гарэцкі пісаў і для дзяцей. Ды і драматургічная спадчына яго значна багацейшая, чым ужо згаданыя творы. Да ўсяго ёсць у М. Гарэцкага і цудоўнейшыя «Сібірскія абразкі» — па сутнасці, пачатак беларускай «падарожнай» літаратуры. А яго эпісталярная спадчына? Гэта ж скарб думак, разваг, назіранняў. За імі — М. Гарэцкі не толькі грамадзянін, пісьменнік, а і бацька, муж...Не менш важнае і іншае, пра што мімаходзь было заўважана: М. Гарэцкі і наша сённяшняя літаратура, М. Гарэцкі і беларуская літаратура заўтрашняга дня, таго, які яшчэ прыйдзе і ў якім з'явяцца новыя, пакуль не вядомыя нам таленты. Звернуцца яны да М. Гарэцкага ці, магчыма, палічаць яго састарэльім, нямодным? Упэўнены — звернуцца. Не могуць не звярнуцца, бо пра што б ні пісаў ён — пра дарэвалюцыйную вёску ці пра саму рэвалюцыю, імперыялістычную вайну альбо тыя мірныя будні, у якіх так заміналі яму прымаць удзел, — да ўсяго ставіўся не з класавых, а з агульначалавечых пазіцыяў.
Максім Гарэцкі, канечне, — сын свайго часу (ахвяра яго!), але ён і сын усіх часоў. Яму наканавана бьіць нашым сучаснікам і сучаснікам нашых наступнікаў.
Ён з намі, М. Гарэцкі. Быў, ёсць, застаецца. Усімі творамі сваімі, у тым ліку і апошнім «Скарбы жыцця («Лебядзіная песня»). «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Голас жывы, нязгасны, хоць і адтуль ён ужо, з небыцця. Праз напла- ставанні часу даходзіць. Споведзь аб пражытым, пройдзеным і прага ўзае- маразумення. «Судзі мяне, судзі мяне кожны І ўсякі! Судзі мяне судом сваім, і кожным і ўсякім... Карай мяне карамі сваімі, карай...Толькі прашу цябе: не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў...
А выб’еш — оуду азірацца на іх з сумам і жалем вялікім, перавышаючым мае слабыя сілы...
Як мне забыцца на іх, пакінутых там, ззаду, на дарозе, у пыле і брудзе, на цярневай дарозе, якою народ мой ішоў...»
Маленькі пучок васількоў у руках... Адразу, адразу ўсплывае ў памяці багдановічаўскае: «Цвяток Радзімы васілька...» I сапраўды, любоў, у тым ліку і любоў да Бацькаўшчыны, пачынаецца з самага малога. Калі чалавек здатны палюбіць знешне някідкае, сціплае ў сваёй красе, дык што ўжо казаць пра ўзвышанае, высокае! М. Гарэцкі быў здатны на гэта, бо ён, нягледзячы ні на што, заўсёды заставаўся беларусам. МАКСІМАМ БЕЛАРУСАМ!Как пройти к Горецкому
Нужно ли переносить дом-музей писателя Максима Горецкого в Мстиславль?
О возможном переносе литературного музея Максима Горецкого в Мстиславль из деревни Малая Богатьковка идут бурные дискуссии. Кто–то стоит горой за то, чтобы сельский музей остался на своем изначальном месте — на родине писателя, в когда–то большой, а теперь практически опустевшей деревне. Другие, в том числе туристы, отправляющиеся в неблизкий путь по памятным местам первого историка белорусской литературы, ратуют за то, чтобы с его наследием можно было познакомиться чуть поближе — в районном центре. Потому что иначе, по их мнению, это наследие погибнет, его ждет забвение. Словом, «перенести нельзя сохранить» — знак препинания каждый ставит по своему выбору. Корреспонденты «СБ», наслушавшись дебатов и начитавшись дискуссий, отправились в Малую Богатьковку, чтобы разобраться в ситуации и своими глазами увидеть предмет споров.
Первое, что подстерегает желающего припасть к истокам творчества Максима Горецкого, — транспортные проблемы. До места еще попробуй доберись. Без малого тридцать километров от Мстиславля, а автобус в направлении Малой Богатьковки ходит из райцентра два раза в неделю. Деревня, в которой некогда бурлила жизнь, умирает: четыре жилых дома, шестеро жителей; всюду царит запустение, колодец–журавль, пару лет назад еще вполне рабочий, — и тот приказал долго жить. Только издалека, с одного из не заброшенных пока дворов, доносится собачий лай. Музей — большая солидная хата–пятистенок — заперт, и, чтобы попасть внутрь, замок, застывший на морозе, приходится прогревать огнем, иначе ключ в нем не поворачивается. Пока завхоз расчищает путь среди сугробов привезенной с собой снегоуборочной лопатой и после долгой возни с заледеневшим замком все же открывает двери, разговариваем с директором Мстиславского районного историко–археологического музея (музей Горецкого является его филиалом) Людмилой Кириенко:
— Здание музея возвели в 1993 году, к юбилею писателя, на том месте, где некогда располагался дом семьи Горецких. Сама хата, где родился Максим Горецкий, до наших времен не сохранилась. Дом возведен в соответствии с богатьковским типом постройки, то есть так, как было принято строить в этих местах, но, конечно, он больше по размеру. Несмотря на многочисленность семьи Горецких, дом их, судя по сохранившимся фотографиям, был не очень велик, кровля была соломенная... Пространство внутри делилось на светлую половину и темную, крестьяне в то время жили все вместе в одной комнате, а Горецкий был крестьянином.
Созданный в 1993–м музей был причислен к Государственному музею истории белорусской литературы как один из филиалов. Начальник отдела идеологической работы, культуры и по делам молодежи Мстиславского райисполкома Наталья Бискуп:
— Судьба этого здания была с самого начала сложная. Привыкли ругать власти: что не хранят, не помнят и им лишь бы сгубить. На самом же деле инициативой исполкома было восстановить дом на том месте, где он некогда стоял. Музей много лет находился в республиканском ведении, а это, как говорится, очень далеко. Финансирования годами не было, ни на текущий, ни на капитальный ремонт средства не выделялись. Все что могли мы делали собственными силами. Надо было обкашивать траву вокруг дома — приезжали сотрудники из районного музея. Экскурсии проводить — тоже. В 2011 году музей Горецкого перешел под крыло Мстиславского районного историко–археологического. Текущий ремонт мы провели, сразу починили кровлю, сложили печь. Обработка сруба также проводится, хотя и не так часто, как бы хотелось. Была у музея до недавнего времени и заведующая — работник культуры, правда, уже на пенсии, жила в соседней деревне Курманово и каждый день за 7 километров отправлялась на работу. Сейчас, к сожалению, по состоянию здоровья уже не может этого делать, так что экскурсоводов при необходимости привозим из района.
Экскурсии на родину писателя снаряжают регулярно, система налажена, но, чтобы принять туристическую группу, сотрудникам районного историко–археологического музея требуется накануне приехать и протопить печь — хотя гости проведут в доме максимум полчаса. В летний период это, разумеется, не нужно, но зимой в нетопленой избе невозможно находиться: руки и ноги мгновенно коченеют от холода и уже не до новых знаний. Хранить сколько–нибудь серьезные экспонаты в таком помещении невозможно, если только не хочешь их погубить, да с ними тут и негусто. По задумке создателей музея, в одной просторной горнице располагается его литературная часть, во второй — этнографическая. Я рассматриваю горлачи, прялки и слушаю Людмилу Кириенко:
— Мы бы очень хотели сказать, что они те самые, что стояли в доме Горецкого. Но по факту предметы собраны по деревням Малой и Большой Богатьковке. В принципе, от дома к дому в селах глобальных различий не было, вещи однотипные и то, что вы видите, близко к быту семьи писателя.
В литературной части — в основном баннеры с фотографиями, копиями архивных документов, выдержками из рукописей, книги писателя. Действительно значимые предметы хранятся в Государственном музее истории белорусской литературы в Минске. В первую очередь, признал директор Дмитрий Яцкевич, к которому мы обратились с вопросом, в данной ситуации играют роль соображения сохранности предметов, поскольку обеспечить ее без соответствующего режима хранения просто невозможно. Кроме того, проблему представляет доступность экспонатов широкому зрителю:— В наших фондах хранятся вещи Максима Горецкого и его семьи, предметы, переданные племянником писателя Радимом Горецким. С точки зрения сохранности этим экспонатам на данный момент лучше находиться в Минске. Кроме того, все упирается в логистику и вопросы музейного и туристическо–экскурсионного менеджмента, в то, насколько туркомпании готовы раскручивать соответствующие маршруты. Много ли людей ездит в Малую Богатьковку? Для примера: в музее Якуба Коласа несколько лет бились над тем, чтобы туристические компании развернули маршруты от Мира и Несвижа к коласовским местам, — безрезультатно. А Мстиславский район еще дальше, и при отсутствии регулярного сообщения попасть в деревню не так просто.
Решение о возможном переносе музея просто напрашивается, но районные власти не настроены принимать его единолично. Наталья Бискуп приводит данные опроса:
— Опрашивали жителей устно, через интернет, проводили письменное анкетирование: около 78% процентов респондентов выступает за перенос музея. Однако мы продолжаем анкетировать людей, пусть каждый выскажет свое мнение. Есть удобное доступное место, куда можно его перенести, — в историческом центре Мстиславля, на пешеходной улице Пироговской (бывшей улице Урицкого). А в Малой Богатьковке можно установить памятный знак, чтобы все желающие могли доехать до деревни и увидеть своими глазами, где стоял дом Горецких.
Действительно, прогуливаясь по центру, видим на Пироговской небольшой, но вполне подходящий пустырь — деревянный сруб, который можно разобрать, перевезти и заново сложить на месте, здесь вполне поместится, отчасти его скроет впереди стоящее здание, но он будет виден с улицы. Кроме того, все сомнения развеет указатель, который сразу направит туриста верным путем.
— Сколько можно будет проводить музейных уроков для школьников, устраивать литературные чтения, творческие вечера! — рисует перспективы Людмила Кириенко. — Так наследие писателя станет только ближе, а память о нем — живее. Да и если создать условия для хранения экспонатов (сейчас мы о таком даже не мечтаем), можно было бы говорить о возвращении музею хотя бы некоторых вещей Горецкого из Минска.
МАКСІМ ГАРЭЦКІ I ВУСНАЯ НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Адносіны Максіма Гарэцкага да фальклору былі своеасаблівымі і шмат у чым адрозніваліся ад адносін яго папярэднікаў і сучаснікаў. Як і Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, пісьменнік высока цаніў вопыт вуснай народнай творчасці, як адзін з першых беларускіх літаратуразнаўцаў адзначыў яе ролю ў станаўленні беларускай літаратуры, зрабіў шмат запісаў фальклору. I ў той жа час, як сведчаць яго тэарэтычныя працы, ён не лічыў неабходным адмаўляцца ад «забабонаў», «цёмных паданняў вясковага жыцця», а раіў праз іх ісці да спасціжэння духоўнай глыбіні жыцця беларуса.
Максім Гарэцкі яшчэ з калыскі быў зачараваны дзівоснымі казкамі і песнямі свайго народа, менавіта яны прадвызначылі яго лёс, лёс адданага сына сваёй Радзімы. Вось што пісаў Гаўрыла Гарэцкі пра брата: «...маленькі Максімка быў на ўсё жыццё зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысцёны, ціхімі песнямі сваёй матулі – Ахрассіні, у казках і песнях пазнаваў ён цяжкую гісторыю сацыяльна і нацыянальна прыняволенага беларускага народа». Песні матулі былі тым падмуркам, з якога пачалася дзейнасць М. Гарэцкага не толькі як песняра сваёй краіны, але і як нястомнага даследчыка беларускага фальклору. Усё жыццё прысвяціў ён вывучэнню «таемнай» душы жыхара беларускіх пушчаў і, як ніхто паказаў душу беларуса, філасофскія асновы яго жыцця: «Чым болей я жыву і прыглядаюся да духоўнага жыцця беларуса, жыхара беларускіх таёмных пушч, чым болей я пазнаю нахіл яго да неразлучных з яго жыццём пытанняў: “Адкуля ўсё і што яно?”. Чым болей я знаёмлюся, як мне здаецца, з душой беларускай, тым з большай пэўнасцю станаўлюся я на тым, што беларускай літаратуры суджана сказаць многае, новае». Але гэтае «многае, новае» немагчыма сказаць, на думку пісьменніка, без вывучэння і выкарыстання сваёй спадчыны – вуснай народнай творчасці, якая захавала ўсе найлепшыя здабыткі многіх пакаленняў, а таксама мову народа. Так, у артыкуле «Збіранне і апрацоўка фальклору» М. Гарэцкі сцвярджае, што творчасць пісьменніка немагчымая без ведання і выкарыстання фальклорнага матэрыялу: «Говары вуснай паэзіі маюць важнае навукова-грамадскае і літаратурна-мастацкае значэнне.
Збіранне і даследванне іх асабліва патрэбна цяпер, у пару беларусізацыі і новага будаўніцтва беларускай культуры ў БССР. Збіранне нашых вусных твораў можа мець масавы характар, можа ажывіць усю нашу краязнаўчую працу. Даследванне нашых вусных твораў шмат чаго вытлумачыць нам у гісторыі культуры – як агульнай, так і нашай, і дасць нам належныя падставы ў справе гістарычнай паэтыкі. Гэтае даследванне раскрые нам сутнасць самабытна-беларускай паэтычнай творчасці. Яно будзе дапамагаць нашым паэтам і пісьменнікам тварыць і працаваць па-беларуску з належнай тэарэтычнай свядомасцю і тэхнічнай дасканаласцю. Яно высветліць наш фальклорны матэрыял так, што і школа наша зможа карыстацца ім у належнай меры і з належным падыходам».
Больш за тое, пісьменнік гаворыць пра навуковае, сістэматычнае, тэрміновае, масавае збіранне фальклору і адзначае яго найвялікшую мастацкую і навуковую вартасць: «Ну ці ж не мог бы кожны наш настаўнік мімаходам запісаць вусныя творы ў сваёй вёсцы? А па колькі народных мелодый умеюць пяяць нашы настаўніцы? Сялянка ўмее 50 – 100, а настаўніца-сялянка часам усяго 2 – 3 мелодыі. Можна яшчэ зазначыць, што нашы літаратурныя гурткі, школьныя і інш. хоры не звязаны шчыльна з жыццём нашых мас: ёсць пэўная адарванасць ад масавай песні і ад масавага апавядання.
Вывады з вышэйсказанага.
Трэба зараз арганізаваць і распачаць даследчую працу над нашым фальклорам. Трэба друкаваць сабраны матэрыял і тэарэтычныя артыкулы як вынікі доследаў. Трэба паставіць на ногі замежную і ўнутраную інфармацыю. Трэба пашырыць культурную агітацыю ў справе збірання, ствараючы і грунт і абставіны, якія спрыяюць рабоце, трэба тварыць масавыя хоры і развіваць пяянне ў самых шырокіх размерах, трэба ўводзіць пяянне прымітывак (але без найменшай утрыроўкі і шаржавання), трэба, каб пяялі не толькі вучоныя артысты-прафесіяналы, а выступалі б на сцэне і пеюны-мастакі з рабочых і сялянскіх мас без усякай тэарэтычнай падрыхтоўкі, але прызваныя той масай, што іх акружае. Трэба, каб літаратурныя гурткі мелі ў ліку сваіх членаў і казачнікаў з народа, каб гэтыя казачнікі-мастакі выступалі з сваімі апавяданнямі, прымалі б удзел у літаратурных з’ездах і нарадах, каб імя іх папулярызавалася ў прэсе, як імя артыстаў. Трэба, каб наш універсітэт штогодна рабіў узорныя запісванні фальклору, пасылаючы калектывы студэнтаў пад кіраўніцтвам спецаў».
Максіму Гарэцкаму належыць не толькі вызначэнне вядучай ролі вуснай народнай творчасці для фарміравання беларускай літаратуры і ўвогуле беларускага грамадства, але і спробы распрацаваць навуковую тэрміналогію, абагульніць і сістэматызаваць вядомы яму фальклорны матэрыял. Выключна важнае значэнне надаваў М. Гарэцкі і народнай песні, нават пачаў рыхтаваць у 1925 г. разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым зборнік песень, запісаных ад маці. «Людзей частаваць сваёй народнай песняй» заклікаў пісьменнік у артыкуле «Наш тэатр» і лічыў іх найболып зразумелымі і любымі для беларуса.
«Дык вот трэба, каб са сцэны беларускага тэатра палілася беларуская песня, каб ад яе павеяла на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзіі, каб пачулася ў ёй турлычлівая песня жаўроначка над вясеннім небам над зялёнай рунню, каб у ёй пачуўся і далёкі спакойна-тужлівы гук бяроставай трубы хлопчыка, што кароў пасе каля рэчкі, і шум бясконцы лясоў непраходных, і “шэпты спелых каласоў”, і звон сярпа, і “ўжык! ды ўжык!” касца ў дуброве, каб чалавек пазнаў у ёй красу беларускіх палёў з горкамі- валатоўкамі ды курганамі старасвецкімі, лажчынкамі, мурожкамі-сенажаткамі, гайкамі, каб у ёй заблішчэла серабром рэчка, у каторую ціхамірна глядзіцца старая верба, а хлопчык сядзіць на беразе і ў дудачкі іграе…
I мы павінны самі смакаваць і людзей частаваць сваёй народнай песняй. І тут мне прыпамінаецца звяртанне дзядзкі Раманава да «дщерей белорусских», каторых цяпер многа сярод вучыцелек, курсістак, чаму ж не пяюць песень родных пад музыку фартэпіяна, скрыпкі і так. А ўжо потым. будзем мы пець творы нашых песняроў, пакладзеныя на ноты, бо я відзеў, як на некалькі соцень людзей у зале зрабіла большае ўражанне і больш падхапіла наша “Чачотачка”, чымся “А хто там ідзе?”, дайжэ гэткая глыбокая па думцы песня, але на шкоду з труднай музыкай і нялюбымі троху прастаце-беларусу закручанымі зваротамі мовы (“на ў крыві нагах...”)».
У даследчыка быў свой, асаблівы падыход да разумення народнай творчасці, беларускай душы. Ён вылучаў у фальклоры захаванае праз многія стагоддзі сведчанне самых старажытных пластоў народнай свядомасці, выяўленне імкнення да «патаёмнага» ў жыцці, да духоўнага пошуку. Іншымі словамі, ён зразумеў, што творчасць народа – гэта выражэнне першавобразаў, якія ўласцівы як народнай творчасці, так і творчасці пісьменніка. Таму так заклікаў М. Гарэцкі да арганізацыі збірання і даследчай працы над нашым фальклорам, публікацыі сабранага матэрыялу і тэарэтычных артыкулаў як вынікаў доследаў і нават да стварэння масавых хораў і развіцця «пяяння» не толькі вучоных артыстаў-прафесіяналаў, але і «пеюноў- мастакоў» з рабочых і сялянскіх мас. Ці не слушны заклік зараз, у перыяд глабалізацыі і страты нацыянальнай адметнасці этнасаў?
Разуменне выключна важнага значэння вуснай народнай творчасці, а не адмаўленне ці абыякавасць да яе, што было вельмі частай з’явай у эпоху нараджэння, а потым і панавання сацрэалізму, дазволіла Максіму Гарэцкаму асэнсаваць глыбінную сутнасць быцця беларусаў, зрабіць актуальныя і ў наш час тэарэтычныя назіранні і высновы.

















































