"СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРАВЫ"
Ў ПЕРАКЛАДЗЕ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
У артыкуле аналізуецца пераклад Максіма Гарэцкага "Слова пра паход Ігаравы". Вызначаюцца асаблівасці перакладу, яго спецыфіка і адметнасць. Звяртаецца ўвага на ступень вывучанасці твора.
Ключавыя словы: Максім Гарэцкі, гісторыя, міфалогія, дыялектызмы, песні, паданні, гутарковая мова, старажытнарускі тэкст, фальклорныя вытокі, мастацкі твор.
Праблематыкай, высокай мастацкай культурай і ідэйна-эстэтычным пафасам творчасць Максіма Гарэцкага зрабіла вялікі ўплыў на беларускую літаратуру. Пісьменнік захапляўся і старажытнай усходнеславянскай літаратурай. Таму некаторыя яго творы стылізаваны пад мастацтва сівой даўніны ("Патаемнае", "Лірныя спевы").
У 1922 г. убачыла свет складзеная М. Гарэцкім "Хрэстаматыя беларускай літаратуры: XI век – 1905", дзе было змешчана "Слова пра паход Ігаравы" ў перакладзе аўтара і старажытнарускі тэкст. Пераклад звяртае ўвагу значна большым, у параўнанні з іншымі тэкстамі "Хрэстаматыі", памерам (10 старонак). Станоўчай ацэнкі заслутоўвае і імкненне данесці гэты твор да беларускіх чытачоў, бо са старажытным тэкстам можна было пазнаёміцца толькі па рускіх даследаваннях.
Максім Гарэцкі хацеў зрабіць "Слова пра паход Ігаравы" даступным і зразумелым. Дзеля гэтага ён падаваў паралельна амаль даслоўны пераклад, рабіў у дужках і зносках тлумачэнні сэнсу.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Тогда при ОльзҌ Гориславличи… [9; с. 376] | Тады пры Алегу Гараслаўлічу* [3, с. 14] *Алег Святаслаўліч празываецца тут Гараслаўлічам, затое што пры ім было шмат гора |
Перакладчык захаваў асаблівасці мовы аўтара, стылістычны каларыт арыгінала (русічы, славу, ракаталі, вояў і інш.).
Калі тлумачэнні "цёмных месцаў" здаваліся непераканальнымі, М. Гарэцкі вольна перадаваў у дужках сваё разуменне сэнсу і рабіў пры гэтым купюры ў тэксце і перакладзе.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Усобсица княземъ... рекоста бо брать брату: "Се мое..." [9, с. 378] | Міжусобіцы князёўскія... (губілі народ). Сталі казаць (князі) брат брату: Гэта маё..." [3, с. 15] |
Перакладчык імкнуўся знайсці лексічныя і фразеалагічныя эквіваленты ў беларускай мове (в щий Боянь [9, с. 372] – чарадзей Баян [3, с. 10], въ сьдло кощиево [9, с. 378] – сядло нявольніцкае [3, с. 16] і інш.); часта выкарыстоўваў клічныя формы назоўнікаў (салавею, Баяне, браце, княжа, Яраславе, Мсціславе і інш.), формы парнага ліку (вачыма), формы інфінітыва на -ці (неўваскрасіці, прыкрыці і інш.).
Максім Гарэцкі пазбег небяспекі падрадковага перакладу.
На наш погляд, апісанне другой бітвы ў М. Гарэцкага атрымалася. Ён скрупулёзна працаваў, падбіраючы кожнае слова для перакладу.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Земля тутнеть, рҌкы мутно текуть, пороси поля прикрывають, стязи глаголють... [9, с. 376] | Земля тужыць, рэкі мутна цякуць, порась-пыл поле пакрывае, сьцягі гавораць-шумяць... [3, с. 13] |
Для разумення старажытнарускага тэксту перакладчык выкарыстоўвае не даслоўны, а мастацка-тлумачальны пераклад (поросы – порась-пыл, глаголють – гавораць-шумяць). Дзеясловы гавораць-шумяць вельмі ўдала перадаюць атмасферу трывогі ў рускім стане. Але, на думку М. Булахава, ужытае М. Гарэцкім слова тужыць не адпавядае значэнню слова тутнеть у старажытнарускім тэксце. Яго лепш перадае слова гудзе. Маецца на ўвазе, што зямля гудзе пад капытамі конніцы, якая ідзе ў бой. Такой пазіцыі прытрымліваліся Я. Купала, Р. Барадулін, I. Чыгрынаў, В. Дарашкевіч, а таксама Д. Ліхачоў, Л. Дзмітрыеў, А. Арлоў.
Каб перадаць атмасферу сівой даўніны, фальклорныя вытокі старажытнага твора, М. Гарэцкі ў перакладзе шырока ўжывае словы гутарковай беларускай мовы, дыялектызмы, паэтычная стыхія народных песень, паданняў.
У перакладзе "Слова.. " М. Гарэцкага вылучаюцца словаформы, уласцівыя Мсціслаўшчыне. Гэта формы дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага ліку на -ець\ вядзець, пасець, едзець, жджэць.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Стоять стязи въ ПутивлҌ, Игорь ждеть мила брата Всеволода [9, с. 372] | Стаяць сьцягі ў Пуціўлі, Ігар жджэць мілага брата Усевалада... [3, с.11] |
Сустракаецца Амсціслаў замест Мсціслаў, зялеза замест жалеза, пяяць замест пець.
Звернемся яшчэ да аднаго ўрыўка, у якім ёсць прыклады ўжывання дзеепрыслоўяў, прыклады дзекання, звароты.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| А бы ты сиа плъкы ущекоталь, скача словсию, по мыслену древу, летая умомъ подъ облакы, свивая славы оба полы сего времени, рища в тропу Трояню чресъ поля на горы! [9, с. 372] | Вось каб ты апяяў гэтыя палкі, бегаючы, салавею, па дрэву думак, лятаючы арлом пад ваблокамі, зьвіваючы, салавею, абедзьве часьці гэтага часу (мінулае і сучаснае), рыскаючы Траянаваю сьцежкаю цераз поле на горы [3, с. 11] |
Мы бачым, што ў сваім перакладзе М. Гарэцкі адступіў ад старажытнарускага тэксту, напісаў арлом замест умомъ. М. Булахаў лічыць, што гэта магло быць зроблена пад уплывам фразы ў пачатку помніка "шызымъ орлом подъ облакы" [2, ч. 1, с. 67].
Пры аналізе твора нельга абмінуць урывак, у якім гаворыцца пра сон Святаслава. Паэтыку сну ў творах шырока выкарыстоўвалі А. Міцкевіч, Я. Чачот, Т. Зан, Ф. Савіч, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч. Пра сон у мастацкай сістэме твора пісала ў сваім дысертацыйным даследаванні "Паэтыка снабачанняў у літаратуры Беларусі XIX стагоддзя" 3. Тычына. "Сон – гэта жыццё душы, якая, вызваленая ад цяжару цела, мае мажлівасць засяродзіцца на самой сабе, паглыбіцца ў сябе і спасцігнуць сутнасць свайго існавання і сутнасць рэальных мінулых, сучасных і будучых падзей, выйсці за рамкі штодзённасці" [10, с. 99], – адзначае даследчыца.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| А Святъславъ мутенъ сонъ видҌ въ КиевҌ на горахъ. "Синочи съ вечера одЪвахуть мя, рече – чръною пополомою на кровати тисовҌ, чръпахуть МИ синее вино съ трудомъ смҌшено, сыпахуть МИ тъщими женчюгь на лоно, и мЪгуть мя" [9, с. 378] | А Сьвятслаў відзіў нядобры сон. "На гарах у Кіеве, гэтай ночы з вечара, акрывалі, кажа, мяне чорнаю посьцілкаю на цісавым ложку; чэрпалі мне зялёнае віно, зьмешанае з муцьцю; сыпалі з мізэрных каўчаноў (палавецкіх) буйны жомчуг мне на ўлоньне, песьцілі" [3, с. 16] |
Усе прамыя значэнні слоў ва ўрыўку выяўляюць чорна-журботны колер (тисовъ – звязаны з жальбай, тъщими – звязана са значэннем кораня журба, трудъ – немач, гора) [5, с. 225]. Журботны фон урыўка завяршае слова жамчужына – сімвал тугі, смутку і слёз. Замест синее вино М. Гарэцкі ўжыў зялёнае віно. Сімвалічнае значэнне гэтых выразаў аднолькавае, бо ў старажытнарускай мове зелёный магло абазначаць жоўты, зялёны, блакітны і ўсялякае светлае, яркае адценне гэтых колераў [5, с. 220]. Не вельмі ўдалая, на нашу думку, замена перакладчыкам старажытнарускага слова трудъ (гора) на муць.
Вялікае значэнне ў мастацкай сістэме твора мае "залатое слова" Святаслава. Д. Ліхачоў слушна адзначыў: «Нерухомы вялікі князь Святаслаў Кіеўскі, але яго "залатое слова" звернута з Кіева "на гарах", дзе ён сядзіць, да ўсіх рускіх князёў» [7, с. 54].
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Тогда великий Святъславъ изрони Златослово, слезами смҌшено, и рече: "О, моя сыновъя, Игорню и Всеволоде! Рано еста начала Половецкую землю мечи цвҌлити, а себъ славы искати. НҌ нечестно одолҌсте, нечестно бо кровь поганую пролиясте. Ваю храбрая сердца вҌ жестоцемъ харалузҌ скована, а въ буести закалена. Сели створисте моей серебреней сҌдинҌ!" [9, с. 380] | Тады вялікі Святаслаў сказаў са слязьмі залатое слова: "0 Мае пляменьнікі, Ігару і Ўсеваладзе! рана вы пачалі сячы мячамі палавецкую зямлю, шукаючы сабе славы; ды бяз славы зрабілі; бяз славы паганскую кроў разьлілі. Вашы храбрыя сэрцы ў нязломнай скованы сталі, а ў буйнай адвазе загартаваны. Што ж вы зрабілі маёй сівізьне сярэбранай!" [3, с. 17] |
Слова сыновъя М. Гарэцкім перакладзена як пляменънікі. Я. Купала ў вершаваным перакладзе напісаў сыны. Апісальна (буйнай адвазе) перадае М. Гарэцкі лексему буести. Што тычыцца старажытнага цвпьлити, то перакладчык падабраў яму беларускі адпаведнік сячы. Такім чынам, пераклад урыўка атрымаўся творчым. Перакладчык змог перадаць боль, трывогу, смутак, якія былі ў сэрцы Святаслава.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага | Старажытнарускі тэкст, змешчаны ў"Хрэстаматыі/' М. Гарэцкага |
|---|---|---|
| Тогда по Русской земли рЪтко ратаевҌ кикахуть, нъ часто врани граяхуть, трупиа себҌ дҌляче, а галици свою рҌчь говоряхуть, хотять полетҌти на уедие [9, с. 376] | Тады па рускай зямлі рэдка пяялі аратаі, а часта каркалі груганы, хацеўшы ляцець на пажыву [3, с. 14] | Тогда по руськой землі редко ратаеве кыкахуть, н'часто врані граяхуть, хотять полететь на уедие [3, с. 14] |
У прыведзеным старажытнарускім тэксце, якім карыстаўся М. Гарэцкі, і перакладзе з "Хрэстаматыі" зроблена недакладнасць. Паміж словамі граяхуть і хотять павінна стаяць шматкроп'е, якое адпавядала апушчанаму ўрыўку "трупиа себпь дпьляче, а галици свою рпьчъ говоряхуть". Л. Зарэмба заўважыла, што ў 1925 г. пісьменнік аднавіў прапушчаны ўрывак у наступным прачытанні: "трупіа себе деляче, а галіці свою речь говоряхуть" пераклаў "трупы міжсобку дзелячы, ды галіцы сваю размову вялі" [4, с.213].
Можна ўбачыць у перакладзе М. Гарэцкага некаторыя несупадзенні са старажытнарускім тэкстам "Слова пра паход Ігаравы".
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| На седъмомъ вҌцҌ Трояни връже Всеславъ жребий о дҌвицию себҌ любу [9, с. 382] | На сёмым Баянавым веку кінуў Ўсяслаў жэрабе аб любай сабе дзяўчыне [3, с. 19] |
У старажытнарускім тэксце чытаем “на седъмомъ впьцпь Траяни”, а ў перакладзе “на сёмым Баянавым веку”.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| А всядемҌ, братие, на свои брҌзыя комони да позримъ синего Дону [9, с. 374] | Усядзем жа, браты, на сваіх шыбкіх коні ды й пабачым сіняга Дону [3, с. 11] |
Замест старажытнарускага брҌзыя, што характарызуе прадмет, які рухаецца, М. Гарэцкі ўводзіць свой прыметнік шыбкія. На думку М. Булахава, гэта сінанімічныя прыметнікі, яны адрозніваюцца паходжаннем і ўжываннем [2, ч. 1, с. 69].
Чырвоны, белы і чорны колеры ў старажытнарускім тэксце звязаны з агнём, вадой (паветрам) і зямлёй.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Чръна земля подь копыты костъми была посҌяна, а кровию польяна... [9, с. 376] | Чорная пад капытамі зямля касьцьмі пасеяная, а крывёю палітая... [3, с. 14] |
Адпаведна вызначаем, што косці – белыя, кроў – чырвоная, зямля – чорная. М. Гарэцкі прытрымліваецца старажытных прынцыпаў і пры перакладзе пераважна не адыходзіць ад тэксту "Слова...".
На думку Д. Ліхачова, калі мы прыгледзімся да тэксту "Слова пра паход Ігаравы", то адразу ж заўважым, якое значнае месца ў ім маюць святло і цемра [7, с. 261]. Ігар – увасабленне святла. Для яго характарыстыкі ў творы выкарыстаны сінонімы свпьть свпьтлый [9, с. 372] – съвет светлы [3, с. 11]. Такую назву князь Ігар атрымаў таму, што ён супрацьстаіць чорнай сіле полаўцаў. Ён заступнік і выратавальнік рускай зямлі.
Вялікую ролю ў творы адыгрывае сонца – сімвал святла. Паводле народных уяўленняў, Сонца – вялізнае касмічнае ("Божае") вогнішча, якое "грэе неба, каб там было цёпла". Пры гэтым яно выступае найвышэйшым увасабленнем касмічнага агню ўвогуле. У пазнейшай інтэрпрэтацыі Сонца мае круглую форму таму, што Бог паставіў перад ім з боку зямлі вялікае круглае павелічальнае шкло [1, с. 479].
У сваю чаргу Д. Ліхачоў адзначае, што ў "Слове..." ёсць два месцы, з якіх відаць, што сонца – крыніца не толькі святла, але і цемры [7, с. 262].
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Тогда Игорь възрҌ на свҌтлое солнце и видҌ отъ него тьмою вся своя воя прикрыти... [9,с.374] | Паглядзеў тады Ігар на светлае сонца і бачыць, як пакрыла яно цемнатою ўсіх яго вояў [3, с. 14] |
Максім Гарэцкі таксама звярнуў на гэта ўвагу і знайшоў удалыя адпаведнікі.
| Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
|---|---|
| Солнце ему тьмою путь заступаше, ноіць стонуццы ему грозою птсічь узбуды, свсість звҌрілнь вьеста, збсіся Діівь клычеть врьху древа... [9, с. 374] | Сонца яму цемнатою дарогу заступала; ноч стагнала яму гразою і птушак узбудзіла; свіст звярыны... птушка лесавая паверх дрэва клікае [3, с. 12] |
Слова дывь М. Гарэцкі пераклаў тлумачальным спосабам лесавая птушка. Калі Я. Купала замяніў свысть на выццё, то М. Гарэцкі меркаваў, што ўсха- піліся ўсе звяры, а не толькі тыя, якія свішчуць. Пісьменнік перадаў таксама душэўную трывогу чалавека ў хвіліны прадчування страшнай небяспекі.
Неабходна звярнуць увагу і на заключныя радкі "Слова пра паход Ігаравы": «Пеўшы песьню старым князём, пасьля пеці маладым славу: Ігару Сьвятслаўлічу, буй-туру Ўсеваладу, Уладзімеру Ігаравіну: "Хай жывуць князі і дружыньнікі, змагаючысь за хрысціянаў з палкамі паганскімі! Слава князём і дружыньнікамі. Амін!» [3, с. 22].
Заключныя радкі твора – урачысты гімн, слава перамозе. Нягледзячы на гібель Ігаравай дружыны, руская зямля радуецца вяртанню Ігара з палону і заклікае князёў да адзінства і згоды.
Такім чынам, Максім Гарэцкі хацеў пазнаёміць чытача са старажытным арыгіналам і адначасова зрабіць "Слова пра паход Ігаравы" даступным і зразумелым. У перакладзе ўжыты клічныя формы назоўнікаў, формы парнага ліку, формы інфінітыва на -ці, формы дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага ліку на -ець, прыклады дзеепрыслоўяў, прыклады дзекання, звароты, падаўжэнне зычных, памякчэнне зычнага перад наступным мяккім. Перакладчык шырока выкарыстоўвае словы гутарковай беларускай мовы, дыялектызмы, паэтычную стыхію народных песень, паданняў. Максім Гарэцкі захаваў асаблівасці мовы аўтара, стылістычны каларыт арыгінала, імкнуўся даць больш-менш паглыблены эстэтычны разгляд "Слова...", даволі падрабязна перадаў змест твора, разгледзеў яго мастацкія вартасці, фальклорныя вытокі.
Спіс літаратуры
1. Беларуская міфалогія : энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2004. – 592 с.
2. Булахаў, М. Г. "Слово о полку Игореве" і Беларусь: Да 200-годдзя першага выд. "Слова о полку ИгоревЪ" : манаграфія: у 2 ч. / М. Г. Булахаў; Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. – Мінск : БДПУ, 2000.
3. Гарэцкі, М. Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век – 1905 / М. Гарэцкі. – Вільна, 1922.
4. Зарэмба, Л. I. Я. Купала і М. Гарэцкі – перакладчыкі "Слова аб палку Ігаравым" / Л. I. Зарэмба // Полымя. – 1985. – № 4. – С. 207-214.
5. Колесов, В. В. Свет м цвет в "Слове о полку Мгоре- ве" / В. В. Колесов // "Слово о полку Игореве": 800 лет. – М., 1986. – С. 215-230.
6. Купала, Я. Збор твораў : у 7 т. / Я. Купала. – Мінск, 1974. – Т. 5. – С. 248-280.
7. Лихачёв, Д. С. "Слово о полку Игореве" и культура его временн / Д. С. Лихачёв. – Ленинград, 1985.
8. Майхровіч, С. К. Слова аб палку Ігаравым / С. К. Майхровіч. – Мінск, 1968.
9. Памятники литературы Древней Руси. XII век. – М., 1980. – С. 372-387.
10. Тычына, С. М. Паэтыка снабачанняў у літаратуры Беларусі XIX ст. : дыс. ... канд. філал. навук : 10.01.01 / С. М. Тычына. – Мінск, 2007. – 115 л.
Вольга БУЙНОЎСКАЯ,
спашукальнік кафедры гісторыі беларускай літаратуры
філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Кастусь РАДЗІМІЧ
КРОКІ ГАРЭЦКАЗНАЎСТВА
Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе. Матэрыялы XV Гарэцкіх чытанняў. Мінск, 2008.
У зборнік «Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе» ўвайшлі даклады XV Гарэцкіх чытанняў.
Сярод заяўленай на канферэнцыі тэматыкі можна адзначыць як аналіз твораў М. Гарэцкага, вывучэнне яго жыцця і дзейнасці, так і асобныя моманты сувязі Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх з іншымі дзеячамі беларускай навукі і культуры.
Як бачна з пададзенай у назве зборніка XV Гарэцкіх чытанняў тэмы, гэтая канферэнцыя прысвячалася менавіта іх грамадска-культурнаму і навукова-творчаму асяроддзю. Але з надрукаванага ў кнізе такіх дакладаў налічваецца ўсяго шэсць. Артыкул Ірыны Гоўзіч «Малая проза» Максіма Гарэцкага ў кантэксце літаратурнага працэсу XX стагоддзя» можна ўмоўна лічыць прыналежным да тэмы, бо кантэкстуальны аналіз, які вымагае параўнання з іншымі тагачаснымі аўтарамі (што і было зроблена даследчыцай), таксама фактычна выяўляе грамадска-культурнае, навукова-творчае асяроддзе, што існавала вакол пісьменніка. Артыкул Ганны Запартыкі «Педагагічная дзейнасць Максіма Гарэцкага ў высылцы» адлюстроўвае ўмовы жыцця і дзейнасці М. Гарэцкага ў той перыяд, калі ён быў высланы ў Вятку (Кіраў). Пазней пісьменнік жыў у сяле Пясочнае. Высылка – таксама грамадска-кулыурнае асяроддзе, бо ўплывала на агульны настрой пісьменніка, што ў значнай ступені звязана з тэматыкай яго апошніх твораў. Дарэчы, у рукапісным архіве М. Гарэцкага захоўваюцца матэрыялы, звязаныя з абставінамі жыцця класіка беларускай літаратуры ва ўмовах высылкі. Некаторыя з гэтых дакументаў цытуе ў артыкуле Г. Запартыка.
Зусім нечаканым падаўся артыкул Ганны Серэхан «Літаратурны «сваяк» братоў Гарэцкіх: асоба і творчасць Антона Гарэцкага». Рэч у тым, што паэт Міхал-Антон Гарэцкі жыў у ХІХ стагоддзі, і з братамі Гарэцкімі яго яднае аднолькавае прозвішча. Ён належыць да польскамоўнай плыні беларускай літаратуры. Ці з'яўляюцца яны дальнімі сваякамі з агульным продкам, які жыў, напрыклад, у XV, XVI стагоддзях? Цяпер пакуль на такое пытанне адказаць нельга. Але Г. Серэхан заўважае нават іх генетычную сувязь праз прозвішчы: «Літары прозвішча нагадваюць літары ў ДНК чалавека. Таму людзі з аднолькавымі прозвішчамі, без устаноўленай сваяцкай роднасці таксама маюць аднолькавы генетычны код. Акрамя таго, чалавечая падсвядомасць успрымае імя і прозвішча як сігнал да дзеяння. I падсвядомая частка мозга людзей з аднолькавымі прозвішчамі арыентавана на адну ідэю». Як прыклад, даследчыца паказвае факт існавання ў беларускай літаратуры такіх цёзкаў па прозвішчы, як Адам Міцкевіч і Якуб Колас (якога, як вядома, клікалі Кастусём (Канстанцінам) Міцкевічам), Цётку (Алаізу Пашкевіч) і Алеся Пашкевіча, Максіма Багдановіча і Ірыну Багдановіч. Але можна было б запярэчыць: у гісторыі сустракаліся розныя паводле ідэйных, палітычных, а значыць і філасофскіх перакананняў асобы, што мелі аднолькавае прозвішча. Такіх прыкладаў шмат. Разам з тым думка, якую праводзіць даследчыца, можа быць у пэўнай ступені слушнай, калі гаварыць пра псіхалагічны ўплыў імя і прозвішча на агульны настрой.
Заўважаецца, што амаль усе даклады секцыйных пасяджэнняў прысвечаныя М. Гарэцкаму. Акрамя артыкула Г. Серэхан, імя Г. Гарэцкага сустракаецца яшчэ ў матэрыяле С. Макарэвіча «Андрэй Сухі – сведка станаўлення асобаў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх». Аўтар піша: «Кожны раз, як гаворка заходзіць пра род Гарэцкіх, то без выключэння называецца найперш таленавіты пісьменнік Максім Гарэцкі. Неяк у цяні застаецца яго родны брат Гаўрыла. I калі нехта ўзгадвае шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча, то не праміне ўдакладніць, што ён пляменнік пісьменніка Максіма Іванавіча. Зусім несправядліва на другі план адштурхоўваецца асоба вядомага ў свеце навукоўцы Гаўрылы Гарэцкага».
Андрэй Сухі, пра якога ідзе гаворка ў дакладзе, – брат вядомага авіяканструктара Паўла Сухога – беларуса па нацыянальнасці. Андрэй пазнаёміўся з Гарэцкімі ў Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні. А. Сухі публікаваўся ў «Нашай ніве» пад псеўданімам Мікола Мокры. Пазней, праз гады, пісаў успаміны пра свае сустрэчы. У артыкуле падаюцца даволі цікавыя факты іх знаёмства.
У большасці секцыйных дакладаў выступоўцы разгледзелі пытанні жыцця і творчасці М. Гарэцкага незалежна ад афіцыйна вызначанай тэмы канферэнцыі. Вось прыклады: Алена Белая – «Комплекс Праметэя» і праблема самаідэнтыфікацыі героя ў прозе М. Гарэцкага», Генадзь Кажамякін – «Максім Гарэцкі і яго творчасць у энцыклапедычных артыкулах», Ганна Навасельцава – Мастацкае асэнсаванне мінулага ў прозе М. Гарэцкага», Алена Шарапа – «Навелістычныя традыцыі ў «малой» прозе Максіма Гарэцкага». I гэта зразумела: яшчэ далёка не вычарпаныя шмат якія аспекты гарэцказнаўства, што вартыя разгляду на навуковай канферэнцыі.
Асобная тэма даследаванняў – мова Максіма Гарэцкага. Яна выяўленая ў дакладах Ларысы Кныш «Паралінгвістычныя сродкі гутарковай камунікацыі ў мастацкім тэксце (паводле прозы Максіма Гарэцкага)» і Святланы Сачанкі «Устойлівыя выразы ў рамане Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Наконт мовы М. Гарэцкага трапна сказаў у прывітальным слове на пленарным пасяджэнні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: «Я заўсёды захапляўся сінтаксісам беларускай мовы ў Гарэцкага. Хай бы хто напісаў манаграфію ці дысертацыю «Сінтаксіс Максіма Гарэцкага». Як жа ён непадобны да сінтаксісу многіх і многіх сённяшніх аўтараў, у якіх сінтаксіс якісь ненатуральны, небеларускі, якісь куртаты, абрублены. Не адчуваеш, што гэта беларускі народ гаворыць. А ў Гарэцкага – што ні фраза – цуд жывога маўлення! Сінтаксіс – душа мовы».
Н. Гілевіч прапанаваў скласці і выдаць слоўнік мовы Максіма Гарэцкага. Трэба адзначыць, што сам М. Гарэцкі – беларускі лексікограф. Ён першы ў часе станаўлення беларускай дзяржаўнасці разам з братам Гаўрылам пачаў складаць і выдаваць беларускія слоўнікі. Першае выданне «Руска- беларускага» (пазней – «Маскоўска-беларускага») слоўніка выйшла ў 1918 годзе ў Смаленску. Несумненна, што ў прапанаванае Н. Гілевічам выданне мусіла б увайсці і ўключаная ў слоўнікі М. Гарэцкім лексіка беларускай мовы.
Прыемным фактам стаў удзел у канфернцыі школьнікаў. Юныя даследчыкі прапанавалі два даклады: Сяргей Клішэвіч – «Максім Гарэцкі і Міхась Чарот: на перакрыжаваннях лёсу», Аляксей Кляцкоў – «Праблемы экзістэнцыяльнага суб'екта ў беларускай літаратуры ў кантэксце традыцый еўрапейскага экзістэнцыялізму». Між іншым, праблемі экзістэнцыяльнага ў прозе М. Гарэцкага разглядаецца і ў некаторых іншых даклада канферэнцыі – напрыклад, у матэрыяле Т. Тарасавай «Максім Гарэцкі. «Дзве душы»: канфлікт экзістэнцыяльнага чалавека і сацыяльнай асобы ў адным лёсе».
Несумненна, Гарэцкія чытанні не толькі яднаюць прадстаўнікоў прафесійна-навуковага, студэнцкага і школьнага асяроддзя, але і плённа ўзбагачаюць айчынную літаратуру.
ВЕРБАЛЬНЫЯ СРОДКІ КАМІЧНАГА Ў ДРАМАТЫЧНЫМ АБРАЗКУ «ЖАРТАЎЛІВЫ ПІСАРЭВІЧ» МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Даволі значнае месца ў літаратурнай спадчыне Максіма Гарэцкага займаюць драматургічныя творы. Ужо на пачатку літаратурнай дзейнасці пісьменнік “не абмяжоўваўся якой-небудзь адной жанравай формай, а ахвотна спрабаваў свае сілы ў розных жанрах, у тым ліку – у драматычных”. М. Гарэцкі – аўтар п’ес "Антон" (1914), "Атрута" (1913), "Гапон і Любачка" (1914), "Салдат і яго жонка", "Свецкі чалавек", "Не адной веры", "Каменацёс", "Чырвоныя ружы", "Жалобная камедыя" (1922). Называючы свае п’есы "драматычнымі абразкамі, пісьменнік тым самым засведчыў іх жанравую спецыфіку, іх прыналежнасць да драматычнага і эпічнага родаў літаратуры".
Паводле М. Мушынскага, "сцэнкі" і "абразкі" М. Гарэцкага "ўспрымаюцца як пэўны цыкл, аб'яднаны аўтарскім пафасам выкрыцця маральных хібаў і заганаў, уласцівых чалавеку ці пэўнай сацыяльнай групе".
3 вяртаннем спадчыны і імя Максіма Гарэцкага ў літаратуру адрадзілася цікавасць і да яго драматургічнай творчасці. Баранавіцкім народным тэатрам пастаўлена "Атрута" (1981), Краснапольскім народным тэатрам – спектакль "Стогны душы" (1992) паводле аднаактовых п'ес "Салдат і яго жонка", "Свецкі чалавек" і "Атрута" (паказаны ў 1993 г. у Горках і ў Мінску на вечарыне з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка). На беларускім тэлебачанні ставіўся спектакль паводле п’есы "Салдат і яго жонка" (1980).
Драматургічны абразок "Жартаўлівы Пісарэвіч" напісаны ў 1922 г., упершыню апублікаваны ў часопісе "Полымя" (1925, № 8). "Шматок драмы" пад назвай "Жарты пана Пісарэвіча" быў змешчаны ў газеце "Наша будучыня" (8 снежня 1922 г.) пад псеўданімам А. Мсціслаўскі. Абразок надрукаваны ў кнізе: Гарэцкі М. Жартаўлівы Пісарэвіч: сцэнкі і размовы. Мінск, 1928. Датуецца 1922, 1927 гг. на падставе ["Храналогіі твораў"].
На долю Пісарэвіча выпалі неймаверныя жыццёвыя выпрабаванні бежанца-пакутніка, які ўдалечыні ад бацькаўшчыны марнее ў холадзе і голадзе, што дашчэнту падарвала яго здароўе. На адной са станцый беларускага прыгранічча, калі выпала мажлівасць вярнуцца дадому, Пісарэвіч, знясілены, памірае.
Адна з адметных асаблівасцей гэтага персанажа – вялікая сіла волі: нават будучы хворым, ён увесь час жартуе – не толькі з сябе, але і навакольнага свету. У п'есе багата жартаў, смешных эпізодаў, тым не менш яна ўспрымаецца як "камедыя-плач" – "па тых таленавітых, пісьменных, шчырых беларусах, якіх параскідаў лёс па розных канцах свету".
Драматычны абразок шмат у чым аўтабіяграфічны: як і Пісарэвічу, М. Гарэцкаму давялося зведаць горкую долю бежанца-выгнанніка.
Найважнейшыя вербальныя сродкі камічнага наступныя.
Іранізмы. На эфекце "падманутага чакання" пабудаваны наступны дыялог: спачатку Пісарэвіч нібы згаджаецца з Пані (Выбачайце: тут мяшкаюць панства Пісарэвічы?): Тут, тут... Аднак далейшы працяг яго рэплікі сведчыць пра адваротнае: хоць якое там панства! Быў конь, ды з'ездзіўся. Без скаргі, не адкрыта, а неяк прыхавана, у вобразнай форме, з дапамогай вылучанай прыказкі (гаворыцца пра таго, хто састарыўся ці страціў былое значэнне, уплыў і пад.) Пісарэвіч даў зразумець Пані, хто ён ёсць насамрэч (нямоглы, пазбаўлены свайго жылля, гаспадаркі...). Горкая самаіронія ўкладзена "панам" Пісарэвічам у сэнс ужытай ім прыказкі.
Іранічную афарбоўку могуць набываць словы персанажа, якія ўжываюцца як адмысловая ("разавая") яго назва: [Жонка (збітая з раўнавагі):] Дык гэта ж і ёсць сам пан Пшэпюркоўскі, лекар бяжэнскага камітэту. [Пісарэвіч:] А-а?! А чаму ж ты з ім не пазнаёмілася? Знаёмы і сам уцякач, гэта ж: "Пралетары ўсіх краёў, злучайцеся". [Жонка:] Не жартуй, Алесь! Якое ж цяпер у нас можа быць знаёмства з парадачнымі людзьмі? Сорам прызнацца, хто мы ёсць... Вылучаны выраз Пісарэвіч выкарыстоўвае ў дачыненні да лекара бяжэнскага камітэту, які, мабыць, нярэдка карыстаўся гэтым адным з першых самых вядомы камуністычных лозунгаў (ням. Ргоlеtагier alles Landег; vегеіnіgt еuсh!; упершыню быў выкаказаны Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам у «Маніфесце Камуністычнай партыі").
Як іранізмы ўспрымаюцца радкі, якія неаднойчы спяваў Пісарэвіч дзеля суцяшэння сваёй і людской нядолі, – заключныя словы 1-й страфы міжнароднага пралетарскага гімна "Інтэрнацыянал" (1871) французскага паэта-песенніка Эжэна Пацье:
1) [Пісарэвіч:] Быў конь ды з’ездзіўся. Ну, нічога! Добра, усё добра! (Пяе, махаючы ад сцюжы рукамі – ботам і шылам.)
Хто быў ніным,
Той будзеўсім!
Хоць Пісарэвіч і суцяшае сябе (Ну, нічога! Добра, усё добра! ), але ягоныя словы ўспрымаюцца як прыхаваная іронія, пра што сведчыць жытая ім прыказка Быў конь, ды зездзіўся, а таксама радкі гімна.
2) [Пісарэвіч:] Ну, нічога, добра! (Пяе.)
Хто быў ніным,
Той будзе ўсім!
3) [Пісарэвіч:] Гэ, а чаго мне журыцца? Я шыю боты, жонка мяшкі выпыльвае, дзеткі ў школе… [Пані:] А ў якой школе? [Пісарэвіч:] У школе жыцця! [Пані:] Бальшавіцкай, значыцца? Многа яны там наўчацца! [Пісарэвіч:] Дазвольце вытлумачыць, грамадзянка! На станцыі стаіць эшалон з чырвонаармейцамі, што едуць на белых, на фронт. (Бярэцца за працу і адварочваецца.) Дык яны там цэльны дзень пільнуюць з місачкамі. Астаткі крупнічку, камочак кашы, скарыначка хлеба, селядцовы хвосцік – усё на патрэбу чалавевеку... <...> Нічога, усё добра будзе! (Пяе.)
Хто быў нічым
Той стане ўсім!
4) [Пісарэвіч (прыходзіць, пеючы "Хто быў нічым…”) А што, пайшла ўжо гэтая лялька [маладая, досыць прыгожая пані Ядвіга]? Няўжо і да сябе запрасіла? [Жонка (халяруе):] Змоўкні, змоўкні, змоўкні з гэтаю песняй! Ты ненармальны!
Пра дасціпнасць Пісарэвіча, здольнасць яго пра жыццёвыя нягоды сказаць не адкрыта, а іншасказальна сведчыць наступны дыялог: [Пісарэвіч:] Промысел – чым мы будзем жыць, і што мы будзем есці. Але, грамадзянка, не стойце ў дзвярах, праходзьце далей у нашы палацы! [Пані (нясмела заходзіць):] А хто вы такі? Ці сапраўды тут жывуць панства Пісарэвічы? 3 папярэдняй разгорнутай рэмаркі вынікае, што нашы палацы – гэта сцюдзёная няпаленая марознай зімою кватэра.
У функцыі іранізмаў могуць ужывацца выразы-эўфемізмы. Такія выразы выконваюць важную мастацкую нагрузку: не парушаючы прынцыпаў этыкі ў найменні рэалій, яны, аднак, сваім кампанентным складам камічна намякаюць на прамую назву: [Баба (прыбягае раз’юшаная):] Зладзеі вы!
3-пад чужой курыцы яйкі выбіраеце ды яешні сабе смажыце! Падумаеш, паны дужа вялікія! [Жонка:] Алесь, галубок, даражэнькі! Яна брэша, няпраўда, я не брала, я на рынку купіла... (Тупіць вочы, уцягвае галаву.) [Баба:] Купіла пад чужой курыцай! Тут выраз Купіла пад чужой курыцай!ужываецца са значэннем забрала з-пад чужой курыцы.
3 іранічным адценнем успрымаецца ацэнка-пахвальба Пісарэвічам сваіх хлопчыкаў: [Пісарэвіч:] Мае хлопчыкі? А нічога, нічога, дзякую! Аддалі былі іх у прытулак, – хоць Стася і дужа не хацела, але крута нам прыйшлося. Дык нічога! Красці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў, а цяпер во з намі жывуць, бо прытулак зачыніўся, – нічога, добрыя хлопчыкі... Актуалізатарам іранічнага ўжывання словазлучэння (нічога), добрыя хлопчыкі з’яўляецца прэпазіцыйны вербальны кантэкст – красці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў.
Алагізмы. Асновай камічнага можа быць алагізм – вербальна апісаны факт, які не адпавядае рэчаіснасці і разлічаны на тое, каб пацешыць суразмоўніка: [Пісарэвіч:] Го-го! Мы сабе з Масквы снег выпісваему а з Варшавы сананкі. Так і пакатаемся і паваляемся... го-го! [Мяшчанка:] Які вы жартаўнік, пан Пісарэвіч!
Алагізмы (як элементы першаснага маўлення – Пісарэвіча) могуць ужывацца ў рэпліцы іншага персанажа: [Мяшчанка:] Вы ж мяне павесяліце, пан Пісарэвіч. Як гэта вы казалі, што ў вас не так, як у нас, – не на дрэве, а на зямлі ігрушкі растуць... Хі-хі!
На скаргу Мяшчанкі (Насланнё мне з гэтымі ўцекачамі... Сцягнулі-ткі чурбанок!) Пісарэвіч "усур’ёз" супакоіў яе: Яны бачылі, дурныя, і думалі, што гэта кавалак мяса. Дык вось яны схапілі ўночы, а цяпер вараць... Зразумела, Мяшчанка не паверыла Пісарэвічу: Не сорам вам бажыцца, пан Пісарэвіч? Ці ж гэта можа быць тое, што вы кажаце? Каб пераканаць суразмоўніцу ў "ісціннай праўдзе", Пісарэвіч працягвае свой жарт, які імкнецца па-ранейшаму выдаць за праўду, і дае Мяшчанцы "слушную" параду: Можа, не зусім так, але каля таго; калі не імеце веры, дык вось, Мар’я Іванаўна... (Цягне з-за спіны чурбанок.) Трымайце! Я на ім боты рапараваў, а думаў сабе: пасля звару яго ды з’ем. Далібог, так думаў! Але неяксь пашкадаваў. Бярыце, Мар’я Іванаўна: мо калі голад будзе ў вашай губерні, – не вам, дык добрым людзём спатрэбіцца замест кавалка мяса... Нарэшце ўсё-такі дайшло да Мяшчанкі, што гэта жарты-выдумкі: Дык гэта ўсё вашы жарцікі, пан Пісарэвіч? А я спалохалася - дзе, думаю сабе, мой чурбанок? Ну і жартаўнік!
Як алагізм успрымаецца зварот, утвораны аб’яднаннем сэнсава несумяшчальных кампанентаў формулы маўленчага этыкету: [Пісарэвіч (тыцкаючы сябе пальцам у грудзі):] Вы, грамадзянка, бачыце перад сабою грамадзяніна ці, як вы кажаце дзеля старой сваёй прызвычаёнасці, пана, грамадзяніна-пана Пі-са-рэ-віна! Тут грамадзянін – тыповая форма афіцыйнага звароту да дарослага чалавека, пан – форма ветлівага звароту да асобы, якая належыць да прывілеяваных класаў.
Выслоўі. Дасціпныя, гумарыстычна афарбаваныя выразы даволі часта сустракаюцца ў маўленні Пісарэвіча. На папрок Жонкі (Апамятайся і людзей пастыдайся. Ледзьве ногі цягаеш, а скачаш, як малое дзіцянё) хворы Пісарэвіч сапраўды, як тое малое дзіця, прыпявае: Гуляй, хата, гуляй, печ! Гэтая пацешка-прыгаворка яскрава сведчыць, што і ў неймаверна цяжкім фізічным стане (блуканне па пакутах падарвала здароўе Пісарэвіча) ён працягвае жыць жартамі, якія сілкуюць яго волю, не даюць скарыцца перад нядоляй, заняпасці духам.
Некаторыя выразы (выдумлянкі) успрымаюцца як смех праз слёзы: [Пісарэвіч:] Я – хворы? Глядзі, якія здаровы! (Махае кулакамі.) Го-го! На мяне яшчэ маладзіцы заглядаюцца! Го-го! Ну, смейся ж, Стасенька! Чаго там плакаць? Го- го! Мы яшчэ... о-го-го!Адчуваючы, што яе муж жартуе праз сілу, Жонка са спачуваннем звяртаецца да яго: Не жартуецца табе, Алесь! Кінь...
Фразеалагізмы. Пачуўшы ад Дзяўчынкі: Я не брадзяга, – майго бацьку на вайне забілі за вас, праклятых, Пісарэвічава жонка адпрэчыла яе са злосцю: Ідзі, ідзі! (Бярэ яе [Дзяўчынку] за плечы і выводзіць.) Бач, распусціла язык, як карова.Вылучаны выраз у рэпліцы Жонкі ўжываецца з фразеалагічным значэннем (разм. няўхвальн. 'дазволіла сабе нагаварыць многа лішняга'). Пад уплывам падкрэсленага параўнання гэты выраз набывае больш зніжаную экспрэсію, паколькі Дзяўчынка ўскосна параўноўваецца з жывёлай.
Прыгаворкі-рыфмаванкі. Камічны эфект дасягаецца паўтарэннем аднолькавых слоў, якія не з'яўляюцца паўнацэннымі лексічнымі адзінкамі і ўжываюцца ў функцыі выклічнікаў: [Пісарэвіч (схаваўшы чурбанок з ботам за спіну):] Выбачайце, Мар'я Іванаўна, што вы не пастукалі: я ў хатнім выглядзе і боты сабе рапараваў. (Скача на адной назе.) Дылі-дылі, го-ца-ца! Дылі-дыліу го-ца-ца! [Мяшчанка:] Кіньце свае жарты, пан Пісарэвіч! Чурбанка няма. Ці не бачылі вы часам? Параўн.: выклічнік го-ца-ца і дзеяслоў гоцацца – разм. 'з шумам скакаць, падскокваць'.
Кантамінаваныя іншамоўныя ўкрапіны. Камізм выклікае нямецка-беларуская ўкрапіна цуруком, утвораная ад частковай нямецкамоўнай украпіны цурук (ням. zuruk' назад') з уласцівым беларускай мове канчаткам творнага склону -ом: [Немец:] Цурук! (Варочае яго назад.) [2-гі ўцякач:] Вярніся, хай ён падавіцца сваім цуруком.
Комплекснае ўжыванне вербальных сродкаў камічнага. У рэпліках персанажаў-суразмоўнікаў могуць ужывацца вербальныя сродкі камічнага розных тыпаў, што садзейнічае стварэнню насычанага камізму: [Пані:] Не, я-то ўжо бальшавікоў хваліць не магу. Галайстру гэтую, хвэ! I муж мой, доктар, цярпець іх не можа... [Пісарэвіч (устае):] Охо-хо... Выбачайце, грамадзянкі, але мне трэба выйсці за фізіялагічнай патрэбаю: гнілая бульба робіць часцейшы кругазварот. (Насвіствае і выходзіць.)
Хто быў нічыму
Той стане ўсім!
У функцыі камічнага ўжываюцца эўфемізм за фізіялагічнай патрэбаю, выраз, пабудаваны на канцылярскі лад (гнілая бульба) робіць часцейшы кругазварот, словы "Інтэрнацыянала": Хто быў нічым, / Той стане ўсім!
Вось якая размова адбываецца паміж Мяшчанкай і бежанцам Пісарэвічам, які шукае пакойчык, каб было хоць дзе прытуліцца: [Мяшчанка:] Маеце шмат чаго-о? Дык вы мне пакой згноіце, заставіўшы сваім дабром. [Пісарэвіч:] У нас яго зусім мала, панічка... [Мяшчанка (перабіваючы):] А вы ж казалі – многа. [Пісарэвіч:] Ды так... ні многа ні мала: ні кошыкам перанесці, ні пакой згнаіць. [Мяшчанка:] Гм! Вас таўкачом у ступе не зловіш... Вербальныя сродкі камічнага: досціп- гумарызм ні многа ні мала: ні кошыкам перанесці, ні пакой згнаіць, выраз вас таўкачом у ступе не зловіш (мае адценне жартаўлівасці і звычайна ўжываецца, калі гаворка ідзе пра каго-н. надта ўвішнага, спрытнага).
Такім чынам, камічны эфект у драматычным абразку дасягаецца ўжываннем як спецыялізаваных вербальных сродкаў (іранізмы), так і неспецыялізаваных (алагізмы, выслоўі, фразеалагізмы, прыгаворкі-рыфмаванкі, кантамінаваныя іншамоўныя ўкрапіны). Стварэнню насычанай камічнай экспрэсіі садзейнічае комплекснае ўжыванне вербальных сродкаў.
Васіль РАГАЎЦОЎ,
доктар філалагічных навук
Да 70-годозя Перамогі
Нона ШАНДРОХА
"Я ВЕРУ Ў ЛЕПШЫ ЧАС..": РЫТАРЫЧНЫ АСПЕКТ ФРАНТАВЫХ ЛІСТОЎ-СПОВЕДЗЯЎ ЛЕАНІДА ГАРЭЦКАГА
Чаму вайна здараецца, чаму?
Святога для людзей няма нічога,
Непадуладна розуму майму,
Што злыя людзі – падабенства Бога.
Стварыў усё Бог: і неба, і зямлю,
Зямля – як рай, ласкава сонца свеціць,
Высновы паступова я раблю:
Не ўсё зрабіў Бог правільна на свеце.
Анатоль Балуценка.
Сёлета Беларусь адзначае 70-годдзе Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Яна забрала сярод многіх юнацкіх жыццяў жыццё цудоўнага прадстаўніка тагачаснай моладзі, сына беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага – Леаніда Гарэцкага. Жывым увасабленнем веры ў праўду, дабро і справядлівасць застанецца назаўсёды малады лейтэнант Леанід Гарэцкі ва ўдзячнай памяці пакаленняў. А ягоная да болю шчымлівая і спавядальная франтавая перапіска з роднымі ўвайшла ў скарбніцу эпісталярнага жанру як выдатны ўзор красамоўства. Хацелася б, каб Лёневы пісьмы сталі ўзорам мыслення для вучняў старэйшых класаў, сучаснай моладзі, якая сёння жыве пад мірным небам і якой, магчыма, не да канца будуць зразумелыя духоўныя памкненні яе равесніка. Равесніка, што ў дваццаць адзін год аддаў жыццё, каб для нас і яшчэ многіх пакаленняў захаваць спакой і мір на Зямлі.
«Я веру ў лепшы нас... – так светла і рамантычна марыў малады Леанід Гарэцкі, думаючы пра блізкіх яму людзей, маладосць, Радзіму, жыццё... і ўдумліва, мужна прысягаў матулі яе ўдзячны сын-франтавік: – ...буду захоўваць бадзёрасць духу, каб перажыць лягчэй цяжкасці і не зваліцца з ног, каб не прапала марна праца дарагіх людзей, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць дагэтуль маё жыццё. Мы не ведаем, што будзе з намі, але я хачу, каб ты не падала духам і верыла ў лепшы час, калі скончыцца вайна і мы будзем жыць разам». Але «жыць разам» не давялося. Сын Максіма Гарэцкага Леанід сумленна выканаў святы бацькоўскі запавет – быць вартым высокай годнасці чалавека, грамадзяніна і патрыёта. Ён пражыў на свеце няпоўныя дваццаць два гады і загінуў 18 лютага 1944 г. на Ленінградскім фронце, якраз у дзень нараджэння бацькі. Пахаваны ў брацкай магіле на ўсходнім беразе ракі Шалонь Шымскага раёна Ленінградскай вобласці.
На светлую памяць нашчадкам засталіся франтавыя лісты Лёні, адрасаваныя маці Леаніле Усцінаўне, сястры Галі і дзядзьку Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму, вядомаму беларускаму вучонаму-геолагу. Усяго захавана больш за 200 лістоў Л. Гарэцкага, напісаных у гады вайны. 107 з іх надрукаваны ў перакладзе на беларускую мову ў часопісе «Маладосць». Франтавыя лісты – не проста побытавая салдацкая перапіска, а «каштоўны дакумент эпохі» (М. Мушынскі). Больш за тое, гэта адна з рэальных праяў духоўнай пераемнасці пакаленняў. Франтавыя лісты яскрава сведчаць, што Леанід атрымаў у спадчыну ад бацькоў не толькі душэўную шчодрасць, інтэлігентнасць, але і мастацкі, красамоўны талент. Не сакрэт, што сіла ўздзеяння эпісталярнага маўлення цалкам залежыць ад аўтарскай арганізацыі яе рытарычнай прасторы. Найбольш відавочнымі для чытачоў і асабліва дзейснымі з пункту гледжання рытарычнай эфектыўнасці эпісталярнага маўлення зяўляюцца эпітэты, лексічныя паўторы, рытарычныя пытанні, воклічы і інш.
Леаніду гарэцкаму давялося спазнаць у дні вайны і холад. і голад, і цяжкую хваробу, але ён па-мужчынску стрымана і шчыра клапаціўся з сыноўняй любоўю пра маці і блізкіх: «…Мне зараз, як ніколі, хочацца з табой пагаварыць, пабачыць цябе. Зараз у нас была б дружная гаворка.»
«Шчасцем для мяне было б зараз пабыць з табой, з Галяй, з Гурыкам і Ларай. ...Вельмі хацеў бы пабачыцца з табой, пагаварыць (тут і далей вылучана мной. – Н. Ш.)». У душы юнака заўсёдным болем жыў вобраз бацькі, светлая памяць пра Максіма Гарэцкага: «Цяпер мне ўсё часцей успамінаецца жыццё з бцькам. Яно мне бясконца дарагое і роднае», «Як бы рады быў і цяпер пабачыцца, пабыць з бацькам! Але ява паўстае спакойнай сцяной, нібы кажучы: не вернеш таго, што адбылося, і толькі вельмі сумна становіцца ад успамінаў» У лісце ад 31 мая 1943 г. юнак імкнецца асэнсаваць ^гычыны трагізму лёсу бацькі: «...І я не магу зра зумець, чаму ж лёс нанёс бацьку смяротны ўдар. За што ён адпомсціў чалавеку, больш справядлівага і сумленнага за якога я не страчаў? Чалавеку з адктытай і прамой душой, пазбаўленай усялякіх дробязных пачуццяў і запоўненай вялікімі пачуццямі любові і клопату аб сваёй радзіме і народзе. Можа, за тое, што шмат праўды і ласкі тварыў ён...». Сыноўняя споведзь душы не можа не уздзейнічаць на чытача менавіта сваім рытарычна апраўданым прамоўніцкім майстэрствам: «Тата ўлажыў у мяне многа сваіх выдатных якасцей, ён перадаваў мне іх настойліва, і нешта ад яго ў мяне ёсць... Удар па сям’і, калі не стала таты, я змог пахаваць у далёкі куток душы».
Пасля смерці бацькі ідэалам адукаванасці, самаахвярнасці і працавітасці стаў для Лёні Гарэцкага ягоны родны дзядзька Гаўрыла Іванавіч, які быў яму духоўным настаўнікам і апекуном, ліставанне з ім прыносіла сапраўдную асалоду маладому франтавіку. Пра інтэлектуальнае суразмоўніцтва, сумесныя з дзядзькам шчырыя гутаркі юнак узгадваў у лістах да маці: «Шкада, што так далёка Гурык! Яго лісты заўсёды бадзёрылі, прыносілі радасць у жыццё...». Сам Гаўрыла Іванавіч па-бацькоўску любіў пляменніка, апекаваў Леаніда і вельмі цаніў яго, пра што ўспамінаў у лісце да сына Усяслава: «Я меў ад Лёні 102 лісты. Усе яны захаваліся. Гэта – найцікавейшыя сведкі Лёнінага жыцця, выключна каштоўныя дакументы. Я перапісаў апошнія лісты Лёні і паслаў іх Лёлі. Лёня вельмі любіў жыццё, але ён нібы прадчуваў немінучасць згубы, ён не верыў, што мы калі-небудзь убачымся, што сустрэнемся ў Багацькаўцы. Ён чакаў увесь апошні час адпраўкі на фронт, імкнуўся на перадавую...».
Калі чытаеш франтавыя пісьмы Леаніда Гарэцкага, то на першы погляд здаецца, што яны вельмі аптымістычныя, жыццярадасныя. Лёня з уласцівым яму юнацкім максімалізмам марыць пра будучыню, жыве цёплымі ўспамінамі і верыць у блізкую Перамогу: «Вельмі, мама, я хачу перажыць гэты час і дачакацца сапраўднага жыцця..», «Я чакаю перамогі, канца вайны... Зноў зазелянеюць спаленыя вёскі. Віхура вайны мінецца, скора ці не скора, а гэта наперадзе – несумненна», «Кім бы я быў, калі 6 жыццё маё працягвалася нармальна? Я ўпэўнены, што быў бы высокім чалавекам. Я мог бы быць кампазітарам, і не халтуршчыкам, альбо архітэктарам ці канструктарам. ...Люблю я багатую прыроду нашу, яе прастор, прыгажосць, люблю кіпучае жыццё краіны, яе здаровых і сумленных людзей і ўсё мастацтва, створанае чалавекам».
Але, на жаль, калі перачытаць некалькі разоў франтавыя пісьмы Л. Гарэцкага і паглыбіцца ў іх змест, то ўлоўліваецца штосьці трагічнае і зашыфраванае. Гэта асэнсаванне рэальнай праўды вайны і адначасова ўласнае прадбачанне хуткай смерці. Рытарычнае слоўнае майстэрства пераконвае нас у юначым максімалізме і смеласці прыняць суровую рэчаіснасць: «Але я пайду наперад, смерць можа вырваць мяне з эпохі, ды, пакуль жыву, маіх памкненняў не спыніць ніякі недалёкі чалавек...», «Смерці я не баюся. I калі здарыцца, што нас акружаць, у палон возьмуць толькімой труп». Сустракаючы апошні год жыцця, Лёня ў лісце ад 31 снежня 1944 г. пісаў: «...Не верыцца мне, што давядзецца калі-небудзь наведаць Багацькаўку і яшчэ раз пабачыцца з усімі. Гэта мара. Не верыцца, што будуць у нас яшчэ спакойныя дні жыцця». I прадчуванне самага жудаснага, што праклятая вайна магла зрабіць з чалавекам, чытаем у апошнім Лёневым лісце да дзядзькі, лісце за пяць дзён да смерці: «Ужо даўно не чуў я нямецкіх кулямётаў і мін... Жадаю Вам, цётцы Лары і Радзіку здароўя і ўдачы!»
Нельга без слёз прачытаць словы апошняга духоўнага развітання Гаўрылы Гарэцкага з любым пляменнікам. Колькі тут душэўнага болю, роспачы і пачуцця безвыходнасці! Гэта сапраўдны ўзор красамоўства, рэалізаваны ў заслужана велічным звароце да Леаніда на «Ты», дубітацыі, частых запытальных паўторах без адказаў: «Бывай, бывай навек, мой мілы хлопчык, мой Гайавата, мой сынуля родны. Не ўбачыш Ты роднае краіны, не прыйдзеш радасны ў сваю Багацькаўку, не пасмакуеш медунічак, не пагамоніш з дзедам, з роднымі, не заменіш бацьку. Аб чым былі Твае апошнія думкі, мой родны? Ці пранесьліся перад Тваімі вачыма сьцені родных? Ці ўбачыў Ты іх вобраз? Ці разьвітаўся з Зямлёю? Цяжка было Табе пакідаць яе? Ці лёгка была Табе сьмертухна? <...> Вось і канец Тваім гераічным імкненьням, Тваім вялікім марам, Твайму шчасцю. <...> Будзь роднай матуляй, зямелька чужая, майму хлопчыку, прытулкам яго, прылашчы, пахавай яго ціха, ціха, будзь яму ўсім, яго любай каханкай, яго новым адвечным родам. Бывай жа, бывай, мой дарагі, мой любы...».
Падагульняючы адзначанае, заўважым, што ваенная тэматыка, на жаль, пастаянная ў літаратуры. Разам з тым інфармацыйны выбух, які адбыўся ў канцы XX – пачатку XXI ст., разбурыў ранейшы погляд на мінулае і адкрыў прастору для новых фактаў пра вайну – як падзею ўсеагульнага знявечання і разбурэння. У названым рэчышчы вайна – гэта смерць, разбурэнне, скалечаныя лёсы і, самае страшнае, страта ўсякай ахвоты жыць. Ваенны час змусіў і творчую інтэлігенцыю спазнаць суровыя выпрабаванні.
Успаміны пра вайну можна лічыць своеасаблівым помнікам загінулым. Франтавыя ўспаміны паглыбляюць памяць і ўяўленне пра вайну, паказваючы яе ва ўсёй праўдзівасці перажытага і выпакутаванага народам. Вайну цяжкую, непасільную, поўную болю, расчараванняў, пакут і здзекаў. Гэта сапраўдная, непадробная праўда вайны і праўда пра вайну.
Нона Эдмундаўна Шандроха - дацэнт кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кандыдат педагагічных навук (1998). Закончыла філалагічны факультэт гэтай навучальнай установы (1992) і аспірантуру пры Нацыянальным інстытуце адукацыі (1996). Аўтар дапаможнікаў «Экспрэсіўны сінтаксіс» (2002), «Прафесійнае маўленне гісторыка: камунікатыўны аспект» (2007), «Рыторыка: тропы і фігуры маўлення» (2009), «Педагагічная практыка студэнтаў па беларускай мове і літаратуры» (у суаўтарстве) (2010). Даследуе праблемы красамоўства, экспрэсіўнай стылістыкі, маўленчай камунікацыі і методыкі выкладання беларускай мовы.
«ДАЙЦЕ НАМ НАШУ МЯСЦІНКУ ПАД НЕБАМ»: ДА 125-ГОДДЗЯ 3 ДНЯ НАРАДЖЭННЯ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Класік беларускай літаратуры, даследчык, патрыёт
В. М. Губская,
загадчык кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
У лютым 2018 Г. спаўняецца 125 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Пакутлівы шлях выпаў на яго долю. Змагаючыся за права слова на роднай мове, ён страціў права на ўласнае жыццё, аднак паспеў пакінуць запавет нашчадкам: не шкадуючы сіл, рабіць усё магчымае і нават немагчымае ў высакароднай справе адраджэння нацыянальнай культуры, у распаўсюджванні ведаў пра беларускі край, пра яго выдатных сыноў, што прысвяцілі сваё жыццё служэнню Бацькаўшчыне.
Максім Гарэцкі адносіцца да ліку тых людзей, якія не губляюцца ў часе, а, наадварот, набываюць новую існасць, пражываюць другое жыццё, натхняюць на новыя літаратурныя сюжэты, выступаюць тым падмуркам, адштурхнуўшыся ад якога сучасныя літаратары, як тыя птушкі, робяць першы ўзмах крыламі і пачынаюць палёт у літаратурным небасхіле.
Прыхільнікам творчасці Гарэцкага ёсць чым ганарыцца. Па-першае, ужо другі раз на штогадовым найбуйнейшым кніжным кірмашы ў Лейпцыгу выстаўляецца яго аповесць «Дзве душы» ў перакладзе на нямецкую мову, зробленым Н. Рандау. У 2014 г. у Берліне аповесць стала першай у рэйтынгу кніг, апублікаваных па-нямецку выдавецтвам «Гугальц». Па-другое, варта згадаць галоўную падзею 2016 г. у сферы тэатральнай культуры – пастаноўку спектакля «Дзве душы» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, зробленую рэжысёрам і мастацкім кіраўніком тэатра М. Пінігіным (інсцэніроўку прадставілі У. Ахроменка і М. Клімковіч). Улетку 2017 г. адбылася 25-я сустрэча даследчыкаў-гарэцказнаўцаў падчас Гарэцкіх чытанняў, якія праводзяцца штогод з 1992 г. па ініцыятыве пляменніка пісьменніка акадэміка НАН Рэспублікі Беларусь, геолага Радзіма Гарэцкага. Па сутнасці, Гарэцкія чытанні сталі трыбунай для новага пакалення даследчыкаў творчасці класіка літаратуры, якімі за чвэрць стагоддзя напісана больш за 500 навуковых артыкулаў. Гэты факт – пацвярджэнне таго, што імя Максіма Гарэцкага назаўсёды ўвайшло ў гісторыю культуры нашай краіны і заняло пачэснае месца побач з агульнапрызнанымі імёнамі Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Сяброўства, абарванае часам
Сяброўства Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага не было працяглым па часе, аднак Гарэцкі паспеў разгледзець у маладым паэце вялікі талент. Абодва літаратары друкаваліся на старонках «Нашай нівы», знаёмства ж іх адбылося ў ліпені 1913 г. на Віленшчыне. Пазней, у 1917 г., яны сустрэліся ў Смаленску: Купала працаваў агентам аддзела забеспячэння, а Гарэцкі – спачатку камендантам жыллёвага аддзела, потым супрацоўнікам газеты «Известия Смоленского Совета депутатов», загадчыкам розных аддзелаў газеты «Звязда».
Храналогія іх далейшых сустрэч выглядае наступным чынам. У кастрычніку 1918 г. Купала і Гарэцкі запісаліся слухачамі факультэта гісторыі мастацтваў на Смаленскае аддзяленне маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1923 г. Гарэцкі з сям’ёй пераязджае ў Мінск, дзе таксама сустракаецца з Купалам. У снежні Гарэцкі разам з Купалам, Коласам, Гартным, Бядулем, Чаротам накіроўваюць віншавальную тэлеграму В. Брусаву з нагоды 50-годдзя. У студзені 1925 г. Максім Гарэцкі разам з Янкам Купалам і Гаўрылам Гарэцкім увайшлі ў новы склад правадзейных членаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі, часта сустракаліся і працавалі ў Інбелкульце, удзельнічалі ў рабоце Тэрміналагічнай і Літаратурнай камісій, Камісіі па складанні слоўніка беларускай мовы. У траўні-чэрвені 1925 г. адзначалася 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Гарэцкі на ўрачыстым пасяджэнні падрабязна акрэсліў ролю паэта ў нацыянальна-культурным адраджэнні. У 1930 г. Максім Гарэцкі быў арыштаваны і высланы ў Вятку. Янка Купала разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай дапамагаў сям’і Гарэцкіх у гэты складаны момант.
М. Гарэцкі ў сваіх літаратуразнаўчых працах, перш за ўсё ў «Гісторыі беларускае літаратуры», высока ацаніў творчасць Янкі Купалы. Ён аналізаваў творы паэта па наступных крытэрыях: прысутнасць ідэалогіі адраджэння, наяўнасць сацыяльнай тэматыкі, характар прыродаапісальнай лірыкі і лірыкі кахання, элементы сатыры ў паэзіі, эпічныя творы, драматычныя паэмы.
Прывядзём невялікія вытрымкі па вышэй акрэсленых пунктах. «Ідэалогія адраджэння – галоўная прымета не толькі лірыкі, але і ўсяе паэзіі песняра. Ужо ў першых сваіх выступах на літаратурнай ніве ён пачынае з словам мужык звязваць слова беларус» (для прыкладу прыводзяцца вершы «3 песняў а сваёй старонцы», «А хто там ідзе?», «Над сваёй айчызнай», «Песня сонцу», «Выйдзі», «Мая малітва», «Свайму народу»). «Сацыяльны элемент ёсць важная складаная частка ўсяе творчаці Купалы... Сацыяльны элемент творчасці Купалы разліт у большасці яго лепшых вершаў, асабліва ў бытавых апісаннях, апісаннях працы, а найпаўней ён выказан у такіх лірычных рэчах...», сярод якіх Гарэцкі вылучае «З песняў беларускага мужыка», «З песняў мужыцкіх», «Ах ці доўга...», «На польскую ноту», «Эй, восень, восень...», «Аб мужыцкай долі», «З песень беззямельнага» і інш. Прыроду, на думку Гарэцкага, Купала апісвае не як мастак чыстага слова, а як грамадзянін і адраджэнец. Для прыкладу дае вершы «Прыйшла зіма халодная», «Явар», «Пчолы», «Адцвітанне». Лірыку кахання характарызуе так: «Каханне ў кароткіх лірычных вершах Купалы таксама нагадвае сабою адцвітанне, нават «недацветы». Каханне тут адзначаецца смутным тонам, нясмелым аглядам мінулых летуценняў, нейкаю трывожлівасцю, прычым на першым плане стаіць не жыццярадасны пачатак, а зняможны канчатак кахання». Як прыклад дае вершы «Як у лесе зацвіталі», «З недацветаў», «З табою», «Заручыны», «Быў гэта сон». Сатыра, па разуменні Гарэцкага, «разліта ў многіх яго лірычных вершах, а ёсць сатыра і ў чыстым відзе», напрыклад верш «Беларускія сыны», эпіграма «На ўсе рукі». Як чысты эпік Купала, на думку Гарэцкага, не развіўся: «Да яго эпасу трэба залічыць байкі, абробкі народных пераказаў і легенд, вершаваныя апавяданні, а таксама драматычныя паэмы – «Адвечную песню» і «Сон на кургане», ідылічную паэму «Яна і Я» і інш». Сярод драматычных твораў Гарэцкі вылучае п’есы «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», аднак у дачыненні да апошняй выказвае шкадаванне з-за адсутнасці трэцяга акта драмы.
Складана сабе ўявіць, як бы развіліся стасункі Купалы і Гарэцкага, каб лёс адвёў ім больш часу, каб не 1930 г. – перыяд сур’ёзных прад’яў да творчай інтэлігенцыі. Для Янкі Купалы гэта быў пераломны год, калі ён рашыўся на спробу самагубства, а затым быў вымушаны выступіць з «Адкрытым лістом» у газеце «Звязда» ад 14 снежня.
Пісьменніку Максіму Гарэцкаму трапілі ў рукі зусім іншыя «лісты прызнання». У студзені 1931 г. ён чытаў наступнае: «...дапытаць у якасці абвінавачанага... у прыналежнасці да нелегальнай к.-р. арганізацыі... аб чым аб’явіць яму пад распіску і даслаць адбітак гэтай пастановы да ведама пракурора». Ніжэй рукою Гарэцкага напісана: «Гэта пастанова мне аб’яўлена 14 студзеня 1931 г.».
3 хатыльком за плячыма, валенцамі пад пахай
10 красавіка 1931 г. рашэннем калегіі АДПУ быў вынесены прыгавор 86 асуджаным па справе Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). Пад № 39 адзначана: «Горецкий М. Н. - 37 лет, белорус, белорусский писатель, ученый специалист БАН:
а) в период с 1924 г. по день ареста состоял в литературной группе к/р организацни «СВБ» и проводил задачи этой организации;
б) направлялся центром организации в Горки для работы по созданню филиала Горецкой СХА, т. е. совершил преступление, предусмотренное ст. 76, применительно к ст. 64 УК БССР (ст. 58-11, применительно к ст. 52-2 УК РСФСР). Виновным себя не признал». У выніку Максіма Гарэцкага асудзілі на 5 гадоў высылкі ў Вятку.
Гісторыя вяткаўскіх пакут вартая асобнага рамана, які, магчыма, калі-небудзь напішуць нашчадкі. Выпрабаванні былі цяжкімі і вельмі пакутлівымі не толькі фізічна, але і душэўна. Пісьменнік дакладна зразумеў (яшчэ ў перыяд знаходжання ў мінскай турме), што стаў абузай для сям’і, бо служкі сістэмы будуць пільна сачыць за роднымі, чыніць усялякія перашкоды жонцы, якая спрабавала, як ставала сілы, часам у шкоду сабе, дапамагчы мужу ў гэтай складанай сітуацыі. У лістах да сваёй любай Лёлі ён пісаў: «Я клапачу, што вам цяжка плата за кватэру, але рады ніякай даць не магу. Рабі, Лёля, так, як знойдзеш сама патрэбным. Наогул, я прашу цябе глядзець на нашы адносіны так, што я цябе абсалютна нічым і ні ў чым не звязваю. Ніякага незадавальнення з майго боку не будзе...» (Мінск, 20 сакавіка 1931 г.). Аднак Леаніла Усцінаўна ні на хвіліну не задумвалася аб расставанні з мужам, толькі рабіла ўсё магчымае, каб палегчыць яго душэўны боль, дасылала кнігі, пісала пра поспехі дзяцей і родных, падбадзёрвала, як магла. Муж цаніў яе клопат: «...Ты пішаш: «Ганю сум». Добра робіш. Не сумуй, трэба жыць, як прыходзіцца. Бывае горш, нічога не зробіш. А ў мяне прыемная навіна. З учорашняга дня ўзялі мяне на чарцёжную работу ў ФУП (фабрика учебных пособий), у аддзел капітальнага будаўніцтва. Будуюць новую фабрыку, сабралася вельмі многа чарцёжнай работы. Плату вызначаць пасля двухтыднёвага іспытання. Працаваць ад 9 да 4 1/2. Учора хадзіў у іхнюю сталоўку, вельмі смачна і танна паабедаў... Глядзі, беражы сябе, а то будзеш бегаць, справы, дык прастудзішся. Як Лёня і Галя? Што піша Гур[ык]? Я здароў. Жыву па-даўнейшаму. Цалую» (Вятка, 13 жніўся 1931 г.).
Асабліва захапляюць у сямейнай перапісцы лісты, што дэманструюць бацькоўскія пачуцці, якія не перарвалі ні адлегласць, ні жыццёвыя цяжкасці. Такому дыдактызму, прыроджаным педагагічным здольнасцям, уменню падабраць трапныя словы, з якімі пісьменнік звяртаецца да сваіх дзяцей, сёння можна толькі пазайздросціць: «Добры дзень усім! Нашто ж гэта вы, хлопчыкі, б’іцё Галю? Добра, калі гэтак толькі жартуеце, жартаваць можна, а дакучаць забараняецца. Ну, нічога, яна ўжо вам не здаецца. Дзякуй табе, Лёня, што пацешыў мяне сваімі лістамі і малюнкамі, а цяпер дзякую і табе, Галінка. Я быў дужа рад, што і ты адгукнулася. Маладзец, што пасабляеш маме і насіла заказную бандэроль. Гэта, мусіць, другую, што я ўжо атрымаў. Я па тых рукапісах напісаў цікавую гісторыю, калі-небудзь пачытаеце. Там пра Вільню, дзе вы радзіліся, і пра віленскіх камунараў. Вам будзе прыемна, бо вы ж ужо піянеры і шмат што разумееце. А якія ж ты кніжкі бярэш, Галя, у школьнай бібліятэцы? I якія ты, Лёнечка, чытаеш? – таксама напішы, як будзеш мець вольны час і захочацца напісаць...» (Вятка, 4 студзеня 1932 г.). Відавочна, што ў гэтым лісце Максім Гарэцкі згадвае раман «Віленскія камунары», які ён дапісваў у высылцы, спадзеючыся, што атрымаецца надрукаваць і даказаць савецкай уладзе чысціню сваіх памкненняў.
Аднак часам пісьменнік, якога па волі лёсу выкінулі з літаратурнага працэсу, паддаваўся дэпрэсіі. Як зняволеная птушка, як мастак, пазбаўлены права на слова, ён толькі ў думках мог па-сапраўднаму тварыць: «Добры вечар, Цярплівая Ласка! Добры вечар, парасткі малыя! Заўтра ў Задумекуса выхадны дзень. Зараз ляжа Задумекус у свой аблезлы човен і панясецца на выспу Патмос. У той дарозе, можа, спаткае любых сэрцу свайму, пабачыцца з імі, пагамоніць. Цёпла будзе блазеннаму, бо ў каморы ў яго сёння настрой Арктыкі і кіно-парад скарбаў жыцця перад задуманымі вачыма... Што яшчэ скажа ён Цярплівай Ласцы і сваім парасткам любым? Няхай пра яго не думаюць, няхай пра яго не клапоцяць. Каб не быў ён зубам, што ные і ные... Ну нічога: жыццё само палечыць, час усё загоіць. I тады не будзе таго лішняга наракання: чаму ён часцей не піша? – Як трэба – напіша. Як зможа – паможа. Толькі трэба менш пра яго думаць. Трэба ісці сваім шляхам...».
Вызвалілі пісьменніка ў 1935 г., два гады ён паспеў пабыць на волі, працаваў выкладчыкам рускай мовы ў пасёлку Пясочня, з новымі сіламі займаўся творчасцю. Аднак у лістападзе 1937 г. яго зноў арыштавалі. Абвінавачванне гучала так: «Будучи непримиримым врагом Советской власти, в течение ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические н контрреволюционные намерения, работая учителем школы, обрабатывал учеников в контрреволюционном духе». Зноў высылка ў Вязьму, зноў разлука з сям'ёй. Апошняе развітанне з мужам Леаніла Усцінаўнаўна апісвае так: «Падышоў цягнік на Вязьму. Развіталіся. Ён пацалаваў мае рукі, прасіў прабачэння за свой нервовы характар. Клапаціўся, што будзе з намі, як будзем жыць далей. Я з выгляду была спакойная. Пацяшалася, што абойдзецца добра, павінна так быць. Кароткі зімовы дзень канчаўся. Этап пастроілі і павялі па вагонах. Мы, праважаючыя, пайшлі следам на перон. Так і застаўся ў маёй памяці Максім Іванавіч Гарэцкі з хатыльком за плячыма, валенцамі пад пахай. Поезд крануўся, пайшоў паволі. I усё...».
У студзені 1938 г. адбылося пасяджэнне «тройкі». Выпіска з пратакола № 85 пасяджэння «Тройки УНКВД Смоленской области» выглядала так:
| Слушали | Постановили |
|---|---|
| 66. Дело № 13036 Кировского РО УНКВД с/о, по обвинению: Горецкого Максима Ивановича, 1893 г., уроженец д.Малое Бочачково, Мстиславского р-на, БССР из крестьян-середняков, служащего, судимого | Горецкого Максима Ивановича Расстрелять Лично ему принадлежащее имущество конфисковать |
| Постановление Тройки УНКВД СССР
по Смоленской области
от 5 января м-ца 1938 г. о расстреле
Горецкого Максима Ивановича 1893 г. р.
приведено в
исполнение 10 февраля м-ца 1938 г.
в 15 час.
Секретарь Тройки УНКВД Смоленской области Антонов |
Апошнія радкі, якія Цярплівая Ласка атрымала ад свайго Задумекуса, былі такімі: «Спасибо за передачу. Получил всё. Отсылаю обратно корзинку и 2 рубашки. Заботьтесь о себе. Максим». Да свайго 45-годдзя Максім Гарэцкі не дажыў восем дзён.
Рэзюмэ аўтара
Трагічны лёс пісьменніка, жахлівы перыяд гісторыі нашай краіны – сур’ёзны заклік сённяшняму пакаленню зрабіць ўсё магчымае, каб не паўтарыліся памылкі мінулага. У артыкуле «Развагі і думкі» пісьменнік адзначаў: «Мы ж даходзім да праўды, толькі праўды, мы шукаем толькі таго, хто па праву належыць да нас, і чужога нам не трэба, няхай бачыць найвышні! Дык пакіньце перашкаджаць нам, пакіньце мучыць нас, дайце нам нашу мясцінку пад небам, а вашы скарбы – вашы, нам іх не трэба, хопіць нам свайго…». У змаганні за «сваю мясцінку пад небам» Максім Гарэцкі аддаў жыццё. Прайшло 125 год ад яго нараджэння і 80 год, як ён загінуў ад рук сталінскай машыны. Беларусы маюць сваю мясцінку пад небам… Засталося не страціць набытае, зберагчы той скраб, які нашы продкі здабывалі коштам уласнага жыцця.
ІРЫНА ЧАСНОК
НАРАТЫЎНАЯ СТРАТЭГІЯ Ў АПОВЕСЦІ «ЦІХАЯ ПЛЫНЬ» МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
У артыкуле вызначаецца наратыўная стратэгія ў аповесці «Ціхая плынь» М. Гарэцкага – арыентацыя на фіктыўнага чытача. Разглядаюцца наратыўныя прыёмы, з дапамогай якіх арыентацыя на фіктыўнага чытача рэалізуецца ў тэксце: кантраст, чаргаванне апавядальных планаў, інтэрактыўнасць, мантажная будова тэкставых фрагментаў з розным узроўнем мастацкай умоўнасці, сугестыўнае мастацкае маўленне, акцэнтаваная драматызацыя выбраных эпізодаў.
Ключавыя словы: беларуская проза, наратыўная стратэгія, наратыўны прыём, тэкст, аўтар, наратар, фіктыўны чытач.
Вывучэнне наратыву склалася як развіццё ідэй у першую чаргу расійскіх фармалістаў, структуралістаў, семіётыкаў, а таксама іншых замежных навукоўцаў. У нараталогіі вялікая ўвага аддаецца разгляду пісьменніцкага падыходу да падачы матэрыялу, самому разгортванню аповеду.
«Ціхая плынь» (1917–1930) – прэцэдэнтны тэкст, самая лірычна-тужлівая з аповесцей М. Гарэцкага. Разгледзім наратыўную (апавядальную) стратэгію ў творы. Бо нават з улікам пільнай увагі навукоўцаў да хрэстаматыйнай аповесці задача наблізіць яе сапраўдны змест да сучаснага чытача яшчэ застаецца ў значнай ступені нявырашанай.
Пад наратыўнай стратэгіяй будзем разумець сукупнасць наратыўных працэдур, якія вытрымліваюцца, або наратыўных сродкаў, што выкарыстоўваюцца для дасягнення пэўнай мэты ў разгортванні аповеду. Паняцце фіктыўны чытач будзем выкарыстоўваць у значэнні інстанцыі, каму наратар адрасуе аповед. Мы не будзем вылучаць асобна абстрактнага чытача (адрасата абстрактнага аўтара), як прапануе нямецкі наратолаг В. Шмід, таму што пагаджаемся з крытыкай М. Бала і А. Падучавай, якія лічаць такое размежаванне немэтазгодным.
Дзмітрый Бугаёў заўважыў, што «непаспешлівая, някідкая, знешне зусім сціплая, пазбаўленая ўсякай афектацыі, але затое даволі грунтоўная ў сваёй дзелавітасці, сагрэтая стрыманым лірызмам, апавядальная манера пісьменніка падкупляе даверлівай інтанацыяй сардэчнай гутаркі, плаўнай павольнасцю, своеасаблівай мернасцю моўнага складу і дакладнай узважанасцю кожнага слова». Выбар пэўнай аповеднай манеры ўжо з’яўляецца стратэгічным. Так, аповед у «Ціхая плынь» выклікае ўражанне аб’ектыўнасці, і разам з тым звароты да чытачоў дазваляюць прама ўздзейнічаць на адрасатаў. Наратар у творы не персаніфікуецца, не паведамляе нічога пра сябе, не ўдзельнічае ў падзеях аповесці, аднак часам нібы ўцягвае чытача ў гутарку. Для аповесці характэрна экспліцытнае выяўленне фіктыўнага чытача: да яго звяртаюцца, яму задаюць пытанні.
Пачатак «Ціхая плынь» наводзіць на невясёлыя думкі. У раздзеле «Забыты шлях» апісаны маркотны беларускі куток: вёскі, беднасць, глухата, няшчасны край, няшчасны герой... Згодна з В. Шмідам, і апісанне можа набываць наратыўны характар. У дадзеным выпадку яно спрыяе выяўленню аўтарскай інтэнцыі: выклікаць у чытача вострае спачуванне, суперажыванне, а за імі – роздум, актыўнае разуменне прачытанага, што якраз абвергне звыклыя прапагандысцкія штампы пра нікчэмнасць беларуса там, дзе трэба бачыць найперш несправядлівы гвалт з яго (а наратар упэўнены, што фіктыўны чытач бачыць найперш нікчэмнасць). 3 гэтай мэтай звязаны шэраг наратыўных мастацкіх прыёмаў.
Яшчэ В. Шклоўскі абвясціў знакаміты тэзіс фармалістаў – «мастацтва як прыём». Ю. Тынянаў адзначыў, што мастацкія прыёмы нельга вывучаць безадносна іх функцыі, бо «ўся сутнасць новай канструкцыі можа быць у новым выкарыстанні старых прыёмаў, у іх новым канструктыўным значэнні». I нас цікавяць наратыўныя мастацкія прыемы ў суадносінах з іх функцыямі ў тэксце, роляй у камунікацыі.
У «Ціхай плыні» найперш гэта прыём кантрасту. Так, чытач адразу ж заўважае: у інтанацыі апавядальніка гучыць не толькі «песня жальбы», фіксацыя заняпаду. Прысутнічае таксама згадка пра былую веліч народа і культуры: «... прытулілася тое Асмолава пры вялікім некалі шляху з Вялікага княства Літоўскага на Масковію»; «Да трох дзён грымеў тут некалі кірмаш з бойкім торгам і ўсякай весялосцю... Апошнія гады ўсё меней збіраецца народу, цішэй гудзіць дуда і цішэй галосяць дудкі-пасвісцелі (так завуцца тут падвойныя жалейкі); не так дужа і не так шчыра пяюць сляпыя старцы пра таго Божага ўгодніка Лазара і толькі дзеля гадзіся пагражаюць пякельным агнём грэшнаму люду»;...а то ўздымаюць шэры, важкі пыл з пахам поту і дзёгцю, уздымаюць там, дзе некалі, як пішуць вучоныя гісторыкі, шумела вольная рада магутных і ганарлівых продкаў нашай белай косці, там, дзе гудзеў звон рады і бразгала гострае шабелле. Можа, і так!». Наратар кажа «можа», бо кантраст паміж мінулым (умовамі жыцця беларуса ў ВКЛ) і сучаснасцю (жыццём на паўночна-заходняй ускраіне Расійскай імперыі) такі вялікі, чалавек апынуўся настолькі прыніжаным, гэтак заняпаў, што нібы і не верыцца ў былую веліч. Гістарычнаму мінуламу супрацьпастаўляецца цёмная сучаснасць, калі вяскоўцы з-за цемрашальства здольныя нават прывязаць да конскага хваста дзіця і пусціць у поле... Прыгнёт робіць пачварным не толькі знешняе, але і ўнутранае, духоўнае жыццё.
Слова апавядальніка ў аповесці мае выключнае функцыянальнае значэнне, нават калі яно (слова), на першы погляд, непасрэдна не тычыцца падзей.
Прыём згадвання годнага мінулага ў параўнанні з жахлівай сучаснасцю прачытваецца і ў расповедзе пра старога, які калісьці еў уволю, а цяпер нявестка хавае ключ ад клеці, каб не пусціць яго туды. Паступова рэалізуецца адна з асноўных агульных ідэй аповесці: ідэя дэградацыі, з экзістэнцыйным сэнсавым адценнем. Названы прыём, а за ім – ідэю, мы бачым таксама ў наступным урыўку: «Хто счарсцвеў, пагінуў у будзёншчыне, – у дзіцячыя гады быў вялікім музыкаю, граючы на скрыпачцы з лучынак і са струнамі з нітак. I даўлела яму, быў змысел і была радасць. Хто зрабіўся тупы, як палка, – у гады маленства з палкі вырабляў мастацкія для яго мастацкіх пачуванняў штукі: птушачак, звяроў і проста харошы кіёчак-папірашку. Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату – і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну».
Вельмі часта выкарыстоўваецца прыём чаргавання апавядальных планаў; яго можна назваць кінематаграфічным, звязаным з візуальнасцю, чаргаваннем пластычных (слоўных) малюнкаў.
Так, у «Ціхай плыні» наратар у нейкі момант закалыхвае чытача карцінамі беларускай вёскі: «Ці траплялася вам бываць на вёсцы ў гэткі час, калі пуста ў ёй пад пякучым сонейкам, усе людзі на полі сярод аўса і лёну, што жаўцее і галубее?
Ціха вясковая вуліца. Паснулі сланечнікі і макі...». I вось ад сцішаных вясковых краявідаў апавядальнік пераходзіць да такіх рэалій, як бедната, галеча, недагледжанасць... Панарамныя замалёўкі чаргуюцца з дэталізацыяй і буйнымі планамі. У саміх гэтых апісаннях наратар не перастае настойліва даводзіць да свядомасці чытача пэўны пункт гледжання.
Людміла Корань слушна заўважыла, што «немудрагелістую фабулу «Ціхай плыні» лёгка расчытваць паводле вульгарных штампаў пра цемру, галечу, забітасць, «ніжэйшасць» беларускага жыцця і самога беларуса. I.М. Гарэцкі як бы прадчувае такога непрыязнага, такога глухога і сляпога чытача; пісьменнік як бы ўлічвае заканамернасці тэндэнцыйнай рэцэпцыі». Вось прыклад з тэксту аповесці, якім можна пацвердзіць такую думку (толькі ўжо ў адносінах наратар – фіктыўны чытач): «Калі вочы вашы послабкі, калі яны, апрача свайго ўласнага адбітку і зялёнае цямноты, нічога ў акно не ўбачаць, – вы не грэбуйце, не бойцеся запэцкаць рукі і ўпіхніце лахманы. У дзірку бухне з хаты цяжкаватае смуроднае паветра. Адхіліце на хвілінку голаў і ізноў зірніце: можа, цяпер вам не ашукацца ў цемені шкла?». Далей паказваецца ступень заняпаду, акцэнтаваная праз натуралістычныя, вельмі дэталізаваныя малюнкі, іх «кінематаграфічнае» ўзбуйненне, вывядзенне на першы план. Супрацьстаяць такому заняпаду проста няма змогі ў слабога, «маленькага» чалавека. I калі мы чытаем фразу з апісаннем старой печы: «...калі вы доўга прамучыце яе пад сваім урачлівым культурным поглядам, у якім нявера і крытыка, дык яна, ох, ліханька! – загрыміць цэглай і падавіць усё, што ў ёй і пад ёю...», разумеем, што наратар, выстаўляючы і печ, і ўсю бедную хату на «мучэнне» пад «урачлівы культурны погляд», сам сурокаў гэтага погляду не баіцца і нават іранізуе з яго магчымай «разбуральнай» сілы. Так апавядальнік праз слова выяўляе агульную аўтарскую мараль.
Далей карціна набывае яшчэ больш натуралістычны характар. У выніку мы бачым маленькага хлопчыка нібы з экрана, калі персанаж то знаходзіцца далёка ад нас, а то набліжаецца, быццам кінакамера здымае яго буйным планам: «А вы зірніце на жывое. Яно сярод хаты, на земляной падлозе, збітай у ямкі і залітай памыйкамі, сядзіць на кучы кійкоў і бляшанак, сядзіць, па-турэцку падтуліўшы ногі, сядзіць ля місы, у якой рулі з пастаялкі, хлеба, мух і смяцця».
У гэтым урыўку знаходзім і прыём, які часам выкарыстоўваецца сучаснымі рэжысёрамі, каб зацікавіць адрасата – не толькі чытач бачыць Хомку, але і Хомка нібы ўбачыў чытача: «Круглыя дзіцячыя вочачкі, зарумзаныя і пахмурныя, з безнадзейным подзівам уталопяцца на вас. I патроху з’яўляецца свядомасць: чаго вам трэба? Бо вы – не маці, што зачыніла яго...». А далей апавядальнік прадстаўляе героя чытачу: «Гэта – герой нашае гісторыі Хомка. Гэта – яго дзіцячая пара».
I вось рэакцыя Хомкі на такое знаёмства: «Безнадзейны подзіў пачынае паволі знікаць, даючы месца тужліваму расчараванню: не, не маці, а чужынец, незнаёмы, безуважна пазірае на бяду малога. Пакутна ападае ручка, брудненькая і худзенькая, на якой толькі трошку-трошку цьмяна-жоўтай дзіцячай пухласці, і апяшала кідае лыжку ў міску з малаком».
Фразы тыпу «бо вы – не маці» фіксуюць тыя моманты, калі апавядальнік напрасткі ўводзіць у тэкст фіктыўнага чытача, робіць яго суб’ектам тэксту. Такім чынам, у аповесці выкарыстоўваецца прыём, які можна назваць інтэрактыўнасцю. Гэты прыём наратыўнай стратэгіі спрыяе ўсталяванню даверу чытача да тэксту, стварае мацнейшую, чым звычайна, ілюзію саўдзелу.
Тое, што «чужынец, незнаёмы, безуважна пазірае на бяду малога», гучыць як дакор таму, хто чытае аповесць, робіць уздзеянне на адрасата яшчэ большым. Яшчэ больш выразнай становіцца аўтарская мэта выклікаць спачуванне да хлопчыка.
Наратар піша пра Хомку так, як размаўляюць з дзецьмі, нібы сам у пэўныя моманты звяртаецца непасрэдна да маленькага героя аповесці: «А пхэ! Нецікавае дзіця – герой наш. Увесь у соплях, і нямыцька, і худы, а жывот – як той бубен: так выпнуўсяў дзіцяці ад пушнога хлеба і бульбы». Тут заўважаецца горкая іранічная інтанацыя, пераплеценая са шкадаваннем.
Апавядальнік адкрыта далучае персанажа і да сябе, і да адрасатаў: героя называе нашым. Задае пытанні, сам адказвае на іх, дае тлумачэнні, каб і чытач да «нашага героя» займеў такое самае стаўленне. Так інтэрактыўнасць набывае інтанацыю, статус пераканання.
У творы вылучаюцца даволі выразныя мікрасюжэты, фрагменты навелістычнага характару, якія складаюць адну галоўную гісторыю жыцця, але маюць пэўную самастойнасць у тэксце (аповесць пісалася на працягу трынаццаці гадоў, друкавалася фрагментамі). Гэта сюжэт «няўдалага» Хомкавага адказу пра птушку шпака-скворца ў школе, прыкрая гісторыя з біркай, сны (напрыклад, мікрападзеяй выступае сон пра збітую бацькам кабылу), перавозка спірту і ганебны ператрус у чужой хаце... Наратар абірае для расповеду яскравыя моманты, якія найболып дапамагаюць раскрыць Хомкаву душу і ўвогуле расказаць гісторыю жыцця беларуса. Час у творы будуецца апавядальнікам згодна з узгадваннем самага істотнага. Але гэтыя істотныя моманты – моманты са звычайнага вясковага побыту. Нездарма А. Адамовіч адзначаў, калі пісаў пра ўплывы рускіх пісьменнікаў на М. Гарэцкага: «Чэхаў, Горкі маглі дапамагчы маладому пісьменніку маладой прозы зразумець, ацаніць эстэтычную «вагу» паўсядзённай рэальнасці, «ціхай плыні» жыцця, у якой схаваны маланкі».
Як элементы, праз якія крытыкуецца тагачасны сацыяльны лад, выступаюць у «Ціхай плыні» не толькі падзеі жыцця Хомкі. Калі наратар малюе побыт вёскі, лірычна апісваецца дзяўчынка, што бярэ з калодзежа ваду: «Цяжка ёй наліваць... Аблілася дужа! I сарамліва іншы раз азірнецца, ці не пройдзе міма які хлапец з гэтай чужой вёскі, – быццам таму хлопцу дужа яна ў галаве, такая малеча». I адразу ж пункт гледжання наратара выяўляецца ў словах: «Бачыце (зноў адзначаем апеляцыю да свядомасці чытача, якога наратар імкнецца запэўніць, пераканаць, ператварыць у свайго аднадумца. – I. Ч.), міравыя пасрэднікі і старасвецкія каморнікі, наразаючы сялянам ад паноў зямлю, зрабілі так, каб дзяўчынка мусіла бегчы ўлетку па ваду з свайго жніўнага поля ў чужы калодзеж, бо да свайго дужа далёка».
Цікава злучаецца ірэальны свет (але ірэальны толькі знешне: насамрэч, у снах адлюстроўваюцца не менш звыклыя рэчы са штодзённага жыцця) з рэальным у аповесці: «Жах абуяў хлопчыка, і ён валіцца наскрозьдоння, глыбей, глыбей... Высака, хто ведае дзе, крычаць бабы: «Хомка!Хомка!..» – «Крычаць бабы наяве: Хомка! Хомка! Шпак дурны! Коні ў панскі лог ускочаць, – забрытаюць леснікі!»; «Бяжы, Хомачка, па каня, кажа ён сыну» – «Каня! каня! каня!» – крычыць хтосьці дзесьці... Чуе Хомачка праз сон, а прачнуцца не мае сілы».
Два асобныя пласты фіктыўнай рэальнасці аб’ядноўваюцца ў прыведзеных прыкладах пры дапамозе паўтораў асобных слоў. Тут можна вылучыць прыём мантажнай будовы тэкставых фрагментаў з розным узроўнем мастацкай умоўнасці: сны і падзеі з рэальнага Хомкавага жыцця ўзаеманакладаюцца. Гэта адзін з пастаянных прыёмаў наратыўнай стратэгіі ў аповесці «Ціхая плынь»: Хомкавы сненні вылучаюцца ў ёй у цэлую сюжэтную лінію.
Калі Хомка спіць, наратар не перастае ўсё ведаць. I глядзіць часам разам з героем (сінтаксічна гэта аформлена праз пераходы да няўласна-простай мовы): «Прыплюшчыць адно вока – каснічкі растуць, бягуць далей, як жывыя. Чаму яно так? Ну чаму? Няма адгадкі, чаму... І яшчэ гэты патаёмны хрупат адзаду».
Сняцца хлопчыку і прыемныя моманты. Як ловіць ён з іншымі дзецьмі ракаў... У снах дзіцяці паэтызуецца прырода, што сведчыць пра тонкую натуру маленькага беларуса. I менавіта ў час прыемных сноў будзіць Хомку горкая рэальнасць.
Для кантрасту побач з абразлівымі словамі вясковых баб у адрас Хомкі гучаць «рэплікі прыроды», дзе хлопчыка папярэджваюць: «Прачніся, а прачніся! – шапочуць яму кусточкі лазовыя. – Табе сніцца твая дзіцячая пара, але не тады – цяпер крычаць бабы, каб ішоў ты зганяць коні. Прачніся! Ага, будзе бяда!».
Вяртанне да сноў адбываецца праз наратарскі каментар, у якім спалучылася інфармацыя пра цяжкае дзяцінства Хомкі і пра яго стан-самаадчуванне на той момант: «Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. I няма ніякае магі парваць хваравіты ланцуг сненняў – і трывожных, і тамуючых, і супакойных...». Адначасова такім лагодным тонам апавядальнік закалыхвае чытача. У дадзеным выпадку мы бачым выразна выяўлены прыём сугестыўнага мастацкага маўлення: тэкст уздзейнічае на свядомасць і падсвядомасць адрасата, нібы прымушае і яго супакойвацца і бачыць сны (тыя ж, што і Хомка), а потым рэзка прачынацца адначасова з персанажам.
Адметнасцю твора, прыёмам наратыўнай стратэгіі з'яўляецца і своеасаблівая падкрэсленая, акцэнтаваная драматызацыя пэўных эпізодаў (вядома, што М. Гарэцкі цікавіўся тэатральным мастацтвам, пра што сведчыць хоць бы яго артыкул «Наш тэатр », а таксама наяўнасць у творчай спадчыне пісьменніка драматызаваных аповесцей). Наратар так паказвае прастору, быццам піша рэмаркі-інструкцыі для п'есы. Дзеянне ажывае на старонках «Ціхай плыні». Возьмем, напрыклад, школу, дзе падрабязна апісваецца знешні выгляд дзяцей, іх заняткі:
«Другое аддзяленне асцягла плюе на грыфельніцы і шмаруе па іх рукавамі, высалуплівае з натугі языкі, пахіляе і крывіць галовы, цісне ад старання грудзьмі на парты і выводзіць дрыжаныя кіі і крывулі. Першае галосіць па лемантару:
– Б, л, а- бла! в, л, а - ўла! г, л, а - гла!
Трэцяе крыныць:
– Скворец известен всем! Скворец известен всем!».
А пасля расповеду пра тое, як Хомку адправілі са школы з-за «шпака», апавядальнік піша так, быццам супакойвае ўжо самога героя-хлопчыка (прычым праз яскрава індывідуалізаванае маўленне нейкага старэйшага, нібы вось-вось гатовага персаніфікавацца новага персанажа): «Ну, нінога: падрасце, паразумнее Хомка, дык, можа, лепей будзе ўныцца хоць на другі год. Корань навукі горкі, затое плод яе салодкі...». Аўтарска-наратарскія адносіны да хлопчыка перададзены і ў тым, як апавядальнік называе героя: «Толькі болей пільнуецца Хоманка паказаць рупнасць сваюўрабоце...»; «...і ён, наш бедны, сарамлівы Хомка». Блізкасць і станоўчыя адносіны апавядальніка і аўтара да Хомкі перадаюцца адрасату. Тэкст правакуе чытача на эмпатыю ў адносінах да персанажа. Гэта выяўляецца ў непасрэдным сумоўі з чытачом, пастаянным выказванні сімпатыі, падтрымкі, спачування свайму герою, актыўным суперажыванні яму.У пэўныя моманты наратар сам не хавае эмоцый: «О, бірка, бірка! Колькі за цябе пралілося горкіх дзіцяных слёз, колькі выдзерта хахлоў, па- біта рук лінейкаю, намулена бедных каленяў і колькі пасварылася самых блізенькіх сяброў!». Тут відавочная спагада наратара ахвярам несправядлівага, незаслужанага пакарання. А бывае, што праз словы апавядальніка перадаюцца эмоцыі Хомкі: «Каб яны самі ведалі, каб яны самі спрабавалі, як гэта лёгка наўныцца га- варыць па-панску!».
Наратар часта разважае разам з персанажам: «Недарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Пара, пара схадзіць і Хомцы! (відавочнае актыўнае суперажыванне герою: нецярплівасць і эмацыйнасць, радаснае прадчуванне перададзены праз паўторы, клічнік у няўласна-простай мове. – I. Ч.) Сёлета ў касе ідзе ён з Петраком плячо ў плячо, як зусім вялікі хлопец» (бясспрэчна, сам Хомка лічыць сябе вялікім і наратар радуецца разам з ім. – I. Ч.). «Пятрок ездзіў у Сма- ленск, разы два пабыў у Магілёве, а Оршу дык і ліныць яму няма наго! Пятрок хваліўся, што ехаўу Смаленску на трамваі. На параходзе і то ўжо плыў ён... Хомка ж, блізу роўны яму ўрабо- це, нідзе далей Лугвенева і станцыі не быў і све- ту бадай зусім не баныў», – пачуццё несправядлівасці і лёгкай зайздрасці – тое, што адчувае Хомка, а адначасова і пункт гледжання наратара.
У раздзеле «Кірмашовыя прыемнасці» вылучаем падзею знішчэння Хомкавай мары: лугвенеўская дзяўчына аддала перавагу іншаму, больш заможнаму кавалеру, а асмолаўскі бедны хлопец быў уцягнуты ў бойку паміж вяскоўцамі і гараджанамі, пасля напіўся з гора... I пазней Хомка ўспамінае, што шчаслівым быў толькі тады, калі «адпанываў у нырвоным золаце сонца на захадзе... смакаваў сала з халодным блінам... радасна пазіраў на роўненькія слядкі ад кляцоў... на сваю добрую працу...». Матыў гармоніі з прыродай і працай скразны ў «Ціхай плыні». Зноў прачытваецца думка, што адзінае шчасце, якое мае зняважаны беларус, – шчасце ад блізкасці з прыродай, шчасце ад працы. Падобнае назіраем і далей, калі Хомку выпраўляюць на вайну: «Ён цяпер прыбярэцца ў прыгожую «форму», штодня, як кажуць, будзе есці любовае мяса, убачыць вялікія гарады, шмат усякіх паноў з іхнымі штукамі, убачыць трамвай і электрычнасць. Ды нейкае «ўсёроўна» ахоплівае думку... Няма цікавасці. «Усё роўна» ахоплівае думку аб сваім хатнім, дарагім і любым, ды як падумаць – жалкім і ўбогім». Вядома, тое, што тут малюецца, – гэта толькі чаканні Хомкі (а не наратара), яны больш светлыя за жудасную рэальнасць. Але і выдуманыя «светлыя перспектывы», не радуюць героя.
Увогуле ж у плане бачання атрымліваецца, што часам наратар глядзіць разам з Хомкам, а часам самастойна. Такім чынам, сістэма поглядаў у аповесці складаецца з наіўнага ўспрымання свету Хомкам, яго неўсвядомленай і ціхай нязгоды (акрамя эпізоду з біркай) і аўтарскага бунту супраць такога становішча рэчаў (наратарскі і аўтарскі пункты гледжання тут амаль зліваюцца). Гэтыя два погляды – пастаянны кантрапункт, эмацыйна актыўны і пластычна яскравы.
Хомка выступае ў творы як ахвяра. Героя з незайздросным лёсам забіваюць у першым жа баі. Наратар зусім не падобны да абыякавага хранікёра: ён хоць і не самапрэзентуецца (калі не лічыць самапрэзентацыяй звароты да чытачоў), але выказвае занепакоенасць і спачуванне, эмоцыі (што добра відаць па клічных сказах, ацэначных словах).
I праз шчырую наіўнасць персанажа, і праз сурова-аб'ектыўнае, часам рэзкае слова апавядальніка, калі яно выяўляе аўтарскую пазіцыю, перад чытачом раскрываецца жорсткая рэчаіснасць.
У «Ціхай плыні» выразна прасочваецца вельмі дынамічная наратыўная стратэгія – арыентацыя на фіктыўнага чытача. I такая наратыўная стратэгія, якая вызначае, афарбоўвае апавядальную інтанацыю, яскрава адрознівае аповесць М. Гарэцкага ад прозы іншых класікаў – Я. Коласа, К. Чорнага, М. Зарэцкага, што адначасова з М. Гарэцкім раскрывалі адну агульную, вялікую адраджэнскую ідэю. Сам тэкст «Ціхай плыні», яго наратыўная арганізацыя скіраваныя на тое, каб адрасат менавіта актыўна прыняў аўтарскі пункт гледжання. Наратар не проста распавядае гісторыю, а пераконвае чытача, рэакцыю якога загадзя прадбачыць і папярэджвае.
Вядома, ва ўсіх творах прадугледжваецца ўздзеянне на адрасата. Згодна з В. Шмідам, гэта выяўляецца ў арыенціроўцы і апеляцыі.
Аднак у «Ціхай плыні» арыентацыя на фіктыўнага чытача (маем на ўвазе не шмідаўскую арыенціроўку, а больш агульнае паняцце, наратыўную стратэгію) гіпербалізаваная. Яна з’яўляецца дамінантай і вызначае структуру ўсяго наратыву. Калі В. Шмід у якасці прыкладу твора, дзе роля нарататара (фіктыўнага чытача) вызначальная, прыводзіць раман «Падлетак» Ф. Дастаеўскага, то з беларускай літаратуры можна прывесці ў якасці такога прыкладу аповесць М. Гарэцкага.
Мы вызначылі наступныя асноўныя прыёмы наратыўнай стратэгіі ў аповесці «Ціхая плынь»: кантраст, чаргаванне апавядальных планаў, інтэрактыўнасць, мантажная будова тэкставых фрагментаў з розным узроўнем мастацкай умоўнасці, сугестыўнае мастацкае маўленне, акцэнтаваная драматызацыя выбраных эпізодаў.
Арыентацыя на фіктыўнага чытача ў творы непасрэдна звязаная і з жаданнем самога пісьменніка (а не толькі наратара ці аўтара – унутрытэкставай інстанцыі) паказаць, што «так жыць, як ён [беларус] жыве, не можна, гэткага жыцця не мож- на трываць..». Яна надае тэксту дадатковую шматмернасць, спрыяе паспяховай камунікацыі з чытачом: тэкст аповесці выклікае эмпатыю ў адносінах да галоўнага персанажа, трымае чытацкую ўвагу, дазваляе адрасату інтэрпрэтаваць твор згодна з аўтарскімі ўстаноўкамі, выразна схіляе да менавіта такой інтэрпрэтацыі. Бясспрэчна, сам Максім Гарэцкі быў надзвычайна неабыякавы да лёсу Беларусі і беларусаў, і ў «Ціхай плыні» выразна выявілася яго жаданне і ўменне зрабіць такімі ж, максімальна неабыякавымі, і чытачоў.

















































