Таццяна Супранкова
Фаўсціянскія матывы ў творчасці Максіма Гарэцкага
У творчай спадчыне пісьменніка М. Гарэцкага вельмі часта можна бачыць, як ён выкарыстоўвае архетыповыя, уласцівыя для розных культур міфа-сюжэты. Нярэдка ў апавяданне ўплятаецца ўстаўная гісторыя: легенда, сон, відзеж. Неарамантычная канцэпцыя двухсвецця змешвае ў адно рэальнасць і звышрэальнасць. Гэта надае творам аўтара не толькі рознастылёвасць (што характэрна і для яго еўрапейскіх сучаснікаў), але і мастацкі ўніверсалізм. Падобныя прыёмы былі ўласцівыя і Ё. В. Гётэ, што ўвасобілася ў неўміручым «Фаўсце». Матывы фаўсціяны, якія набылі з шэдэўрам нямецкага асветніка сусветнае гучанне, можна сустрэць і ў М. Гарэцкага. Асаблівую ўвагу хацелася б у гэтай сувязі звярнуць на творы пісьменніка дасавецкага перыяду, пачаўшы з малой прозы.
Адным з першых такіх прыкладаў хочацца назваць апавяданне «Роднае карэнне» (1913), дзе фальклорныя матывы пераплятаюцца з разважаннямі пра моц розуму і навукі, у гэтым рэалізуецца неарамантычная канцэпцыя двухсвецця (рэальны свет і ірацыянальны пры гэтым уступаюць у канфлікт і змагаюцца паміж сабой у свядомасці галоўнага героя), губляецца мяжа паміж рэальнасцю і сном, уводзіцца у ніць апавядання народная міфалогія. Падобныя прыёмы мы сустракаем у Гётэ, калі міфалагічная аснова з’яўляецца тлумачэннем важных філасофскіх ідэй і канцэпцый. М. Гарэцкі падымае пытанні ўніверсальнага маштабу і закранае праблемы самасвядомасці беларусаў.
Пачынаецца твор з ліста з малой радзімы, які студэнт Архіп Лінкевіч чытае і дзівіцца невуцтву сваіх землякоў, што ў век навуковага прагрэсу працягваюць верыць ва ўсялякія забабоны: «Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе — угары, у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш... Сумна, сумна». Малады чалавек, будучы медык, вывучае навуку і верыць у яе моц, але ж разам з тым працягвае сумнявацца ў ёй, не забываючы пра народныя казкі-байкі: «У дваццатым вяку баяцца жыць у новай хаце. А чаго? Ну, пэўне, чэрці не даюць». У гэтым праяўляецца дваістасць душы (рыса, характэрная як для беларусаў, так і для іншых еўрапейцаў, якую бярэцца даследаваць М. Гарэцкі): пры ўсім імкненні рацыянальна спасцігнуць гэты свет, яго матэрыяльную абалонку, нельга забывацца на духоўнае спасціжэнне, якое таксама пралівае пэўнае святло і разам з гэтым заблытвае яшчэ больш навуковыя пошукі. Цікавымі з’яўляюцца разважанні галоўнага героя, калі ён ад думак аб забабонах і казках пераходзіць да рэфлексіі аб жыцці суайчыннікаў: «Што за народ наш, беларусы? — уголас задаў ён сабе пытанне і размеркаваў, што доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа.
— Незразумела, уцяміць не можна. што за штуковіна такая, — ламаў галаву медык. і на глыбіні яго душы пачалі капашыцца вобразы таёмнага, страшнага, шчыра-беларускага...
Не дарма быў Архіп — выліты яго дзед, што да смерці заўсёды крэпка маліўся Богу і тым часам лашчыў, як можна. дамавых, лесавых, вадзяных.
Студэнт памаўчаў троху, шчакануў пальцамі і тут жа падскочыў ад раптоўнай думкі — паехаць самому дамоў на гэтую чартоўшчыну».
У гэтых радках заўважаем наступныя магывы фаўсціяны: імкненне навуковым спосабам патлумачьшь падзеі; калі кніжныя веды не дапамагаюць, трэба ў «гэтай чартоўшчыне» разабрацца самому. Першая сцэна з «Фаўста» пачынаецца тым, што галоўны герой, вывучыўшы ўсе магчымыя на яго час навукі, прыйшоў да поўнага расчаравання, бо так і не змог спасцігнуць ісціну, таму ў надзеі на гэта звяртаецца да духоўнага свету: «Бяжы на волю! Кінь бярлог! // Ці ж таямнічы Настрадам // Табе парадай не памог? // Не стаў апораю? Ты там // Спазнаеш без усіх свяціл // I выворыш духоўны рух. // Духоўных набярэшся сіл // І будзеш з духамі, як дух. // Наш чэрствы розум тых радкоў // Святых не растлумачыць, не! // Вы, духі, тут, з усіх бакоў! — // Прашу вас. адкажыце мне!» (Тут і далей мастацкі пераклад В. Сёмухі). У «Родным карэнні» таксама можна ўбачыць супрацьпастаўленне кніжных ведаў, што назапашаныя стагоддзямі чалавецтвам, і таго, што набываецца толькі праз сутыкненне з рэальнасцю, — уласным жыццёвым досведам: «I Архіп успомніў, як ён з вялікім жарам і шчырай ахвотай пачынаў вучыцца, бо думаў, ды што думаў. — крэпка верыў. што ў кніжках усё ёсць, кніжкі ўсё раскажуць, не толькі як яно, але і адкуль яно.
I вось ён «укусіў» ад кніжнае мудрасці... Пагіраўдзе, знайшоў такія і гэткія адказы, але ж — Божа! — пэўнасці аніякай няма, няма. Хто даў гэтыя адказы?».
Фаўст, нягледзячы на пэўныя сумнівы ў кніжных ведах, верыць у навуковы прагрэс. у другой частцы твора ён нават упэўнены, што скарэнне чалавекам прыроды можа паслужыць на карысць усім людзям і зрабіць іх шчаслівымі. Аб гэтым яго апошнія словы: «Не скорана пагібельная багна, // На плён, здабыты мною, зеўрыць прагна, // Ды я падступную стыхію змушу // Аддаць захопленую сушу // Мільёнам рупных пасялян. // Няхай пагрозай вечнай калыхацца // Ля дамбы будзе грозны акіян, Свабодны люд і радасная праца // Шчаслівым зробяць гэты ўбогі край, // І на зямлі яны здабудуць рай». Ён прыходзіць да свайго самага галоўнага адкрыцця: «Das ist der Weissheit letzter Schluss: // Nur der verdient sich Freiheit wie das Leben, // Der taeglich sie erobern muss». — «Гэта мудрасці канечны вынік: // толькі той заслугоўвае свабоды як жыцця, // Хго штодзённа мусіць іх заваёўваць» (Тут і далей падрадковы пераклад наш. — Т. С.). За гэтыя словы хапаецца Мефістофель. каб забраць душу Фаўста, але за іх жа галоўны герой апраўданы і ўзносіцца на Неба. У выніку Фаўст перамагае, таму што імкнецца да свабоды і шчасця іншых людзей. Таксама адных яго добрых учынкаў не дастаткова, бо ён нарабіў вельмі шмат памылак і прынёс пакуты многім, але важным з’яўляецца прабачэнне Маргарыты, якую як адну з персанажаў мы сустракаем у фінале на нябёсах.
Словы Ё. В. Гётэ аказаліся актуальнымі на пачагку XX стагоддзя, што адчуваў М. Гарэцкі, супрацьпастаўляючы ў «Родным карэнні» два бакі беларускага жыцця: патрыярхальны свет вёскі і прагрэсіўнага горада. Гэта параўнанне яскрава прасочваецца ў сістэме мастацкіх вобразаў: медыцына (навука) — народныя вераванні ў дамавых, чарцей і іншую нячыстую сілу; горад дае магчымасць «выбіцца ў людзі», памяняць свой сацыяльны статус, а ў вёсцы жыццё застыла і цячэ павольна, там змены бываюць рэдка і ўспрымаюцца як катастрофа (новая хата. якая згарэла); чыгунка («цёплыя, добрыя бягучыя хаткі», якія імчацца па ёй на край свету) і воз (які едзе па родных мясцінах); рэальны свет — свет духаў (неарамантычнае двухсвецце); мінулае — будучыня; сон — рэальнасць і інш.
Архіпа прываблівае горад з яго магчымасцямі, але не адпускае і вёска, якая нагадвае яму пра родныя карані. Як і Фаўст, Архіп Лінкевіч прыходзіць да разважанняў. што ёсць рэчы ў гэтым свеце, якія застануцца па-за межамі нашага пазнання і на якія не ў стане даць адказы ніякая прагрэсіўная галіна чалавечых ведаў. Толькі гётаўскі герой — чалавек эпохі Новага часу, калі адбываюцца важныя навуковыя адкрыцці і людзі вераць з аптымізмам у навуковую моц, а персанажы Гарэцкага народжаныя Найноўшым часам, калі прыйшло расчараванне ў гэтых ведах, таму што войны і рэвалюцыі абарочваюць іх супраць чалавецтва; «Як, у істоце, усё каля нас дзіўна, няясна... Навука? Што ж навука? Яна, скажам, дае малюпаценькія адказы, якім парадкам робіцца што ў прыродзе. Ну і ўсё. Наўчоныя людзі падлічылі, колькі важыць зямля, ці далёка ад зямлі месяц, сонца; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць планеты, а няхай дадуць яны адказ, хто пусціў іх у гэткі гарманічны ход, няхай яны знойдуць першапрычыну ўсякае істоты. Навука ведае, што за жывучкі, няўгледныя простым вокам, робяць хваробы, яна ведае, што ўжываюць клетачкі, з каторых складаюцца людзі, жывёла, расліны, але што ж? Як бы даў адказ ён, Архіп, студэнт-медык, на пастаяннае пытанне ў «пісьменных» людзей дзядзькі Якуба: «Чаму чалавек расце-расце гадоў так да дваццацёх, а далі, як ты яго ні кармі, у росце не прыбаўляецца. Здаецца, і есць таксама, а другі і смачней, чымся змалку, а росту няма такога, як раней. Што за прычына? » Эге ж. Наўчоныя ведаюць цяпер, як чалавек зараджаецца, з чаго ён складаецца, і многа чаго іншага ўцямілі. А няхай жа во яны самі набяруць з зямлі, чаго ім трэба, і створаць чалавека. Не, навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая». Сугучную думку можна знайсці і ў Ё. В. Гётэ, калі аўтар уводзіць у «Фаўста» такога персанажа, як Гамулкул, увасабленне штучнага розуму (вынайдзенага не скептыкам Фаўстам, а чалавекам рэнесанснай культуры Вагнерам не без дапамогі Мефістофеля), асноўнай мэтай якога з’яўляецца ўцелаўленне, але гэты аспект аўтар абыгрывае даволі алегарычна, так і не даючы канкрэтных рэцэптаў, як гэта мусіць адбыцца.
Але сам М. Гарэцкі пры ўсім захапленні навуковым прагрэсам бачыць у сялянскіх забабонах і традыцыях тое «роднае карэнне», ад якога не варта адрывацца. Калі для героя Ё. В. Гётэ важна дапамагаць чалавецтву, то персанажы М. Гарэцкага прыходзяць да высновы не адрывацца ад роднай зямлі, спасцігаць айчынную культуру, каб было што перадаць наступным пакаленням.
Ад гэгага апавядання, якое закранае пытанне пераймальнасці пакаленняў, хацелася б перайсці да трагічнай гісторыі маладой жанчыны, якая з ціхмянай, сціплай і паслухмянай дачкі ператвараецца ў дзетазабойцу. У творы «Маці» (1916), як і ў іншых апавяданнях ваеннага часу, мы можам пабачыць, якое жудаснае «ператварэнне» адбываецца з чалавекам. Часцей за ўсё людзей «ламае» вайна, што цудоўна паказана ў «Рускім», «Генерале», «Літоўскім хутарку» і інш. У 1916 годзе, калі на тэрыторыі Беларусі ішлі ваенныя дзеянні, М. Гарэцкі (сам браў удзел у Першай сусветнай і атрымаў раненне) падымае тэму братазабойства (беларус забівае ўкраінца, салдаты калечаць мірных людзей і інш.) і дзетазабойства.
Дзетазабойцаю робіць сваю ўлюбёную гераіню Маргарыту (Грэтхен) Ё. В. Гётэ, пішучы першую версію «Пра-Фаўста». На гэтую ідэю паўплывала гісторыя, што прывяла ў замяшальніцтва родны горад паэта Франкфурт-на-Майне: прасталюдзінку Сюзану Маргарэту Брандт прыгаварылі да смяротнага пакарання за ўтапленне дзіцяці. Сваякі маладога Гётэ, які сам толькі атрымаў ступень доктара права і вярнуўся дадому, вялі справу гэтай жанчыны, таму будучы стваральнік «Фаўста» змог пазнаёміцца з пратаколамі і запісамі па гэтым забойстве.
Гісторыя, распаведзеная нашым суайчыннікам, на вялікі жаль, тыповая не толькі для беларускіх вёсак, але і для любога патрыярхальнага грамадства ўвогуле. Максім Гарэцкі адважыўся распавесці яе, востра адчуваючы трагедыю свайго сучасніка і суперажываючы яму. Таму цікава прасачыць аналогіі і тыпалагічную сувязь, якія ўводзяць у фабулу Гётэ і Гарэцкі, звяртаючыся да такой шакіруючай тэмы.
У «Маці» асноўная ўвага канцэнтруецца не столькі на знешнім дзеянні, сколькі на ўнутранай дынаміцы характару галоўнай гераіні, якая рыхтуецца стаць маці. М. Гарэцкі ў экспрэсіянісцкай манеры не дае імя сваёй галоўнай гераіні, а называе яе алегарычна — Маці, якой ёй наканавана было стаць жахлівым чынам. У намінацыі твора праяўляецца прыём discordia concors, характэрны для антынамічнасці барока і вельмі папулярны сярод мадэрнісцкіх школ мінулага стагоддзя. Але гэтым чаканням не дадзена збыцца: знешнія фактары, прапушчаныя ёю праз прызму ўласнага светаўспрыняцця, «ператвараюць» яе ў злачынцу. Аўтар спрабуе пранікнуць у яе стан, звярнуць увагу і на такіх ахвяр, чый скалечаны лёс прыводзіць да наступных бедаў.
Гётаўская Грэтхен, як і Маці ў Гарэцкага, і канкрэтны, і сімвалічны персанаж, іх лёс — няшчасных у каханні, кінутых і звар’яцелых жанчын, для якіх вар’яцтва аказваецца вынікам самасуду ўласнага сумлення. Абедзве забіваюць сваіх немаўлят у стане афекту.
У пачатку твора мы сустракаем незвычайны ўступ, дзе адразу адбываецца завязка дзеяння: «Пачувала, што надышоў-ткі яе страшны час...». Аўтар не кажа адразу наўпрост, што адбылося, а выкарыстоўвае табу і эўфемізмы, ужываючы дзеясловы, каб сканцэнтраваць увагу на дзеянні: хавалася, аборамі ўкручвала сябе, у лазню не хадзіла, шыбка бегала, цяжкое паднімала, цяжка працавапа і інш. Пісьменнік ужывае прыём рэтраспекцыі, каб ярчэй і кантрасней адчувалася тая эвалюцыя, якая адбылася ў душы галоўнай гераіні.
Абедзве гераіні застаюцца на самоце са сваёй праблемай. У Максіма Гарэцкага хлопец у хуткім часе пакідае вёску, не даведаўшыся нават аб лёсе дзяўчыны. Фаўст адчувае мукі сумлення, калі Мефістофель паведаміў яму аб тым, што стала з Маргарытай. Ён нават напраўляецца ў турму, каб вызваліць яе. Г. Сініла, аналізуючы гэтую сітуацыю, адзначае: «Мефистофель дает понять, что это бесполезно, ибо он знает то, чего еще не знает Фауст: Гретхен сошла с ума, и даже Мефистофель не в силах вернуть ей сознанне, разрушить стены ее внутренней темницы».
Маргарыта — тонкая і вельмі набожная натура, хоць і з’яўляецца прадстаўніцай трэцяга саслоўя (асветнік Ё. В. Гётэ, як і многія яго сучаснікі, разбураў саслоўныя забабоны). Маці — звычайная вясковая дзяўчына, тыповая гераіня прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага адраджэння. Абедзве вельмі маладыя, прывабныя знешне і прыгожыя душэўнымі якасцямі, ціхія, працавітыя. Грэтхен — шчырая верніца, наведвае царкву, вядзе з каханым размовы аб рэлігіі, моліцца Божай маці.
Галоўная гераіня Гарэцкага моліцца таксама, толькі малітва яе больш падобная на народнае заклінанне, на чароўную замову, паколькі яна напаўняе яе пагрозамі: «Памажы, калі грэх мне ў тым! Не папусці, раз дзяўчыне не дазволена. Не хацела ж я. Абмахнулася тады. цяпер — вызвалі. Памажы, каб ніхто не даведаўся. Бо лаяцца грэшна пачну. На царкву брахаць, на абразы, на святое. Бо мяне ж бацька абаб’е да смерці, з хаты мяне вытурыць. Матка ў слёзах сваіх утопіць. Уся сям’я дакорамі загрызе. Людзі засмяюць мяне, бедную, гразёю закідаюць мяне...».
Максім Гарэцкі падрабязна спыняецца на апісанні нараджэння дзіцяці, не адкрываючы нам, хлопчык гэта ці дзяўчынка. Пісьменнік ужывае часцей слова ніякага роду «дзіцё», Гётэ таксама выкарыстоўвае аналагічнае нямецкае «das Kind», абодва аўтары паказваюць такім чынам эфект адчужэння родных маці ад сваіх дзяцей. Дарэчы, гераіня Гарэцкага так і не даведалася, хто ў яе нарадзіўся: «I, трасучыся, вымала дзіцёначка з прыполу, клала на салому, каб паглядзець, дзяўчынка ці хлопчык, і зноў паглядзець. Яно ляжала ў кохце нерухома, як здохлы хрушч. I матка трывожна схапілася, ці жывое яно. Разгарнула кохту. Дзіцянё дрыгнула ножкамі і ручкамі і піскнула, як камар, насілу сабраўшы духу і жаласна-жаласна. <...> Схапіла рукою за галоўку і заціснула раток і насок».
Далей у Гарэцкага — пакрокавае жахлівае апісанне ўтаплення ўжо мёртвага дзіцяці, якое нагадвае пратакольны запіс следчага. Аўтар робіць акцэнт на механічнасці дзеянняў, на пэўных несвядомых учынках, быццам бы ў гераіні прачынаецца нешта бессвядомае, страшнае, вар’яцкае. У падобным стане поўнага адчаю забівае сваё дзіця і Грэтхен. Гарэцкі спыняе дзеянне смерцю дзіцяці, дае нам адкрыты фінал, як і многія дзеячы мадэрнізму запрашае чытача да сутворчасці. У асветніка Гётэ мы бачым працяг дэманстрацыі жудаснага стану маці-дзетазабойцы, якая страціла розум і яе абвостраннае сумленне спявае песеньку забітага ёю немаўляці: «Meine Mutter, die Hur, // Die mich umgebracht hat! // Mein Vater, der Schelm, // Der mich gessen hat! // Mein Schwesterlein klein // Hub auf die Bein, // An einem kuehlen Ort; // Da ward ich ein schoenes Waldvoegelein; // Fliege fort, fleige fort!». — «Мая маці — шлюха, // якая мяне загубіла! // Мой бацька — прайдзісвет, // які мяне з’еў! // Мая маленькая сястрычка // падняла косткі, // у халоднае месца [занесла]; // Там стала я лясной птушачкай; // Ляці прэч, ляці прэч!» Вар’яцтва Грэтхен нельга не параўнаць з вар’яцтвам шэкспіраўскай Афеліі: «и там и здесь — шемяще-трагическая атмосфера создается из обрывков бреда и народных песен, причем бред приобретает скрытую страшную логику, а песни в этом контексте — жестокий и жуткий смысл».
У творы М. Гарэцкага можна бачыць выкарыстанне прыёму, блізкага да плыні свядомасці, і ўнутраны маналог, калі аўтар на фоне апісання падзей прыводзіць фрагменты і ўрыўкі думак сваёй гераіні. Гэтыя фрагменты быццам накладваюцца на словы апавядальніка, але нельга іх не аднесці і да думак самой гераіні, якая ў звар’яцелым стане быццам бы губляе сябе. Творы «Роднае карэнне», «Маці» і іншыя сталі пралогам да даследавання феномена «двудушша» М. Гарэцкім.
Першая сусветная вайна нарадзіла вялікі адчай і песімізм у еўрапейскім грамадстве. Яна стала вынікам новай парадыгмы мыслення, якая намецілася ў заходняй філасофіі яшчэ з другой паловы XIX стагоддзя, з эпохі дэкадансу, калі Фрыдрых Ніцшэ і іншыя прадстаўнікі філасофскай думкі прапанавалі новыя аксіялагічныя падыходы да маралі, чалавечых і грамадскіх узаемаадносін. Тэмы дэфармацыі свету, дысгармоніі, разладу і разарванасці становяцца прадметам мастацкіх пошукаў прадстаўнікоў еўрапейскага авангарда і мадэрнізму. Звычайна ў такія часы катастроф і крызісаў, калі на вачах мяняецца свет і звыклая сістэма светабудовы, людзі адчуваюць раздвоенасць. Гэтая якасць асабліва востра праявіла сябе ў эпоху Новага і Найноўшага часу. Гэтую дваістасць душы вельмі добра можна пабачыць у культуры XVII і XVIII стагоддзяў, асабліва ў мастацкай сістэме барока.
Адразу б хацелася ўнесці яснасць з пункту гледжання лексічнага значэння прадмета даследавання. Феномен «двудушша» не трэба блытаць з двудушнасцю альбо крывадушнасцю. Найчасцей гэта слова разумеецца менавіта ў такім сэнсе. Максім Гарэцкі, аўтар складанага часу войнаў і рэвалюцый, краху імперый, спробы стварэння незалежных дзяржаў, даследаваў гэтую з’яву ў сваіх творах вельмі глыбока, у цеснай сувязі з еўрапейскай традыцыяй.
Адным з першых асветнік Ё. В. Гётэ зафіксаваў гэты антрапалагічны канцэпт у характары свайго героя Фаўста: «Zwei Seelen wohnen? Ach! In meiner Brust? // Die eine will sich von der andern trennen; //Die enie halt, in derber Liebeslust? // Sich an die Welt, mit klammernden Organen; //Die andre hebt gewaltsam sich vom Dust, // Zu den Gefilden hoher Ahnen ». «Дзве душы жывуць, Ах! у маіх грудзях // Адна хоча аддзяліцца ад іншай; // Адна трымае, з моцным любові жаданнем, // Сябе ў свеце, ухапіўшыся за цела [органы]; // Другая падымаецца гвалтоўна ад зямлі, // Да мясцовасцей высокіх продкаў». Свой варыянт топасу фаўсціяны пісьменнік ускладняе дваістасцю канцэпцыі асобы, якая праявіцца ў адзінстве і барацьбе супрацьлегласцей, у тэзісе аб звышчалавеку і ідэі апраўдання.
У XX стагоддзі гэты канцэпт даследуецца нямецкім філосафам Освальдам Шпэнглерам у грунтоўнай працы «Заход (Заняпад) Еўропы» («Der Untergang des Abendlandes», 1918—1922), дзе ён характарызуе розныя тыпы культуры і называе заходнееўрапейскую культуру культурай фаўстаўскага тыпу. «Die faustiche Sele» («фаўстаўская душа») нараджаецца на Захадзе каля 1000 года і звязаная з апакаліптычнымі чаканнямі. Прасімвалам фаўстаўскай душы ёсць бязмежная прастора («der reine grenzenlose Raum»), а целам — заходняя культура, якая расквітнела з нараджэннем раманскага стылю ў X стагоддзі. Радзімай гэтай душы з’яўляецца бязмежнае адзіноцтва, якое ва ўсёй глыбіні ўвасобілася ў «Фаўсце» Ё. В. Гётэ. Фаўстаўская душа імкнецца да бясконцасці, яна праяўляецца не ў знешнім чалавеку, але ў характары асобы: «Зигфрид, Парсифаль, Тристан, Гамлет, Фауст — это самые одинокие герои всех культур... Светотень Рембрандта, метафизически означаюшая это одиночество, безграничную потерянность души среди мирового пространства, имела своих первых предвозвестников в жутких коричневых и серых тонах северного мира богов; аналогичным образом она в последний раз проявляется в ночном сумраке последних квартетов Бетховена с их мучительными вспышками молний и в безысходной тоске музыки “Тристана”, и потом быстро тускнеет в запоздалой, оторванной и трудно доступной лирике мирового города у Бодлера, Верлена, Георге и Дрема».
Фаўстаўская культура — культура волі (Willenskultur), таму што воля звязвае будучыню з сучаснасцю. Дынамічная карціна Сусвету Галілея, Ньютана і дынамічная карціна душы з воляй як цэнтрам адносін, паводле Шпэнглера, — адно і тое ж, гэта карціны барока, сімвалы фаўстаўскай культуры, якая дасягнула спеласці. Фаўстаўская душа — дзейсная, ёю кіруе характар. Фаўстаўская драма ў культуры — драма характараў. Першая сусветная вайна і сацыялістычная рэвалюцыя трактуюцца філосафам як прыкметы заняпаду Захаду, еўрапейскі ж сацыялізм ён аб’яўляе фазай заняпаду культуры.
Феномен «двудушша» вельмі глыбока адчуваў і Максім Гарэцкі, разважаючы над гэтай тэмай у творах ваеннага і пасляваеннага перыяду. Асабліва гэта праявілася ў няскончанай аповесці «Дзве душы» (1919). У асобе галоўнага героя Ігната Абдзіраловіча ўвасобіўся пошук ідэнтычнасці і разважанні беларускай інтэлігенцыі аб шляху народа. Лейтматывам твора становяцца словы, якія характарызуюць гэты пошук: «I душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі, цяпер цвярдзеець, але робіцца нядобраю, набірае ўсё болей нейкай калянасці і нават жорсгкасці... І адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала. знямела... І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму выспятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку».
Разарванасць і раздвоенасць душы галоўнага героя праяўляецца і ў падмене, калі сапраўдная маці-сялянка Малання вырашыла змяніць лёс свайго дзіцяці, і ў каханні. і ў адносінах да сацыяльна-палітычных падзей («быў сам несвядомы і хоць горача любіў бацькаўшчыну. але з якоюсь недавернаецю думаў аб руху адраджэння»), і ў тых выбарах. якія робіць галоўны герой на працягу твора. Сам матыў падмены і пражывання чужога жыцця вельмі сімвалічны ў аповесці і сустракаецца ў творчасці еўрапейскіх майстроў слова (Р. М. Рыльке, Г. фон Гофмансталя і інш.). Ігнат Абдзіраловіч — збіральны вобраз беларуса-еўрапейца, які жыве ў час імперыялістычнай вайны і крушэння імгіерый, калі нешта адбываецца ў свядомасці людзей, калі яны прымушаныя жыць не сваім жыццём, калі яны страчваюць жыццёвыя арыенціры.
Падобная сітуацыя вельмі яскрава прааналізавана пісьменнікам у маленькім, але глыбокім агіавяданні «Рускі» (1915). Як і ў творчасці Ф. Кафкі, так і ў спадчыне М. Гарэцкага варта шукаць творы-двайнікі, пры супастаўленні якіх лепш зразумелай становіцца аўтарская задума. Не дарма пры сцэнічнай пастаноўцы «Дзвюх душ» у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў канву п’есы падключаецца ўстаўная сцэна пра братазабойства з «Рускага». Беларуская даследчыца Е. Лявонава, параўноўваючы навелу Ф. Кафкі «Ператварэнне» і «Рускага», так каментуе ў гэтым апавяданні метафару «перамены-ператварэння», што адбываецца з галоўным героем Рускім: «Неўсвядомлены, спантанны ўчынак абяртаецца для яго самога знішчальнай, невыноснай душэўнай мукай, бясконцай жудой, няспынным болем і маркотай, па сутнасці — вар’яцтвам, і ад гэтага “ператварэння” ўратаваць гаротніка не ў стане ніякія дактары... Гэтаксама неадназначнай уяўляецца праблема віны (наогул аднаго з тыповых пачуванняў герояў М. Гарэцкага на вайне) Рускага. З аднаго боку, ён забойца, і забойства гэтае тым больш страшнае, што ў асобе аўстрыяка ён пазбаўляе жыцця сапраўды, у пэўным сэнсе, “свайго” — славяніна, украінца, “брата”. З іншага боку, яшчэ большая віна ляжыць на тых, хто навязаў яму ненатуральныя, ненармальныя правілы паводзін, згвалтаваў яго душу, маральна яго і мільёны такіх, як ён, дэзарыентаваў, дамогшыся чалавека ад зямлі ператварыць у “чалавека мілітарызаванага” (гэткае вызначэнне новага, народжанага вайною антрапалагічнага тыпу прапанаваў у свой час М. Бярдзяеў)...».
Сітуацыя ператварэнняў у цэлым з’яўляецца характэрнай для многіх герояў М. Гарэцкага, толькі ў кагосьці гэтая драма адбываецца ў душы, вядзе да разладу з самім сабою, да «двудушша», кагосьці падштурхоўвае да двудушнасці (крывадушнасці). У аповесці можна пабачыць галерэю вобразаў, якія становяцца прыстасаванцамі і крывяць душою, не праяўляюць шчырасці ні з іншымі, ні сам-насам. Паказальным тут з’яўляецца Іван Карпавіч Гаршчок, якога так характарызуе аўтар: «Здабыў пашану за розум свой ад таварышаў-работнікаў і стаўся Карпавічам. Але правадыры-інтэлігенты з іх характэрнай інстынктыўнай цямнасцю не мелі для яго асаблівай прыхільнасці. Чулі ў Карпавічу той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высакосці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным, а дзеля таго неўспадзеўкі і страшна лёгка зваліваюцца часам на самы дол чалавечай думкі. Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое».
У тэксце аповесці пісьменнік асабліва падкрэслівае гэтую метафару ператварэння скарачэннем імені героя да імя па бацьку. М. Гарэцкі іранічна выкарыстоўвае такое «імя», каб паказаць у асобе Гаршка героя новага часу, які прыстасоўваецца да абставін, спрашчаецца, вельмі хутка мяняе свае погляды. Тут узнікае пытанне, а ці была нейкая грунтоўная светапоглядная сістэма, на якой ён будаваў сваё жыццё? «Троху чаго не зрабіўся» — трапнае азначэнне не толькі для гэтага персанажа, але і для многіх прыстасаванцаў, якія шукаюць сваёй карысці з войнаў, рэвалюцый, разладу.
Беларускі філосаф і пісьменнік пачатку XX стагоддзя Ігнат Канчэўскі не дарма ў якасці псеўданіма бярэ імя галоўнага героя аповесці М. Гарэцкага. Філасофскае эсэ «Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду» (1921) — разважанне беларускага інтэлігента пра шлях сваёй нацыі. Аўтар піша пра нялёгкі лёс нашага народа, адчуўшага на сабе не проста ўплыў заходняй і ўсходняй культур, але культурную і палітычную інтэрвенцыю. Сапраўдны ж шлях — у спробе захаваць незалежнасць і самабытнасць, стварыць свае нацыянальныя формы культурнага жыцця. Толькі пры ўмове захавання палітычнай незалежнасці дзяржавы беларуская культура можа захавацца, толькі пры гэтай умове зможа развівацца творчы патэнцыял нацыі ў цэлым і асобы ў прыватнасці.
Пытанні, закранутыя ў невялікай па аб’ёме, але глыбокай працы I. Абдзіраловіча, вельмі блізкія да грунтоўнейшых культуралагічных разважанняў пра канцэпцыі культурна-гістарычных тыпаў М. Данілеўскага і О. Шпэнглера і, як ні дзіўна, актуальныя для нашага грамадства і зараз.
Акрамя беларускага народа такі лёс не абмінуў іншыя славянскія народы (украінцаў, балканскіх славян), якія часта станавіліся разменнай манетай у палітычных гульнях імперскіх дзяржаў. Такім чынам, наша становішча — недзе пасярэдзіне, бо мы «не зрабіліся народам Усходу, але не прынялі й культуры Зах. Эўропы». Гэта нявызначанасць, таксама «двудушша», дала падставу іншым глядзець на нас як на цёмны і дзікі народ, грамадзян Расіі або Польшчы (сыноў «ojczyzny» і «отечества»), праваслаўных або каталікоў (сыноў царквы і касцёла).
Розныя культуры, у азначэнні I. Абдзіраловіча «культурныя формы», заўсёды ствараліся па нейкіх мадэлях: элінскай, хрысціянскай, гуманістычнай, сацыялістычнай і інш. Часам форма можа «захапіць жыццё» і завалодаць над душою, якая «ўцякала ад гвалцячага жыцьця, шукала свайго ратунку»...
Феномен «двудушша» — вельмі складаны канцэпт, які не паддаецца адназначнаму азначэнню. Гэта адчуванне характэрна ў памежнай сітуацыі: на зломе часоў, этычных і эстэтычных парадыгмаў, у стане міжкультурнага франціра. М. Гарэцкі ўслед за разважаннямі еўрапейскіх філосафаў, а часам і раней за некаторых з іх, сфармуляваў яго ў сваіх творах, глыбока адчуваючы сам гэтую сітуацыю няпэўнасці. Ці зможам мы яго пераадолець — гэтае пытанне застаецца адкрытым для нас як для нацыі і па сённяшні дзень.
Такім чынам, Максім Гарэцкі ў сваіх невялікіх па памерах, але выбітных па глыбіні творах у сціслай і ёмістай форме прадстаўляе нам даследаванне беларускіх характараў. Матывы, якія збліжаюць яго творы з сусветнай фаўсціянай (вера ў навуку, расчараванне ў кніжных ведах, імкненне даследаваць сапраўднае жыццё, пранікаць у яго глыбіні, цікавасць да свету трансцэндэнтнага, жудаснае «ператварэнне» людзей у братазабойцаў і дзетазабойцаў, як вынік гэтага — вар’яцтва), надаюць творчасці ўніверсальнае гучанне і нацыянальны каларыт.
Сяргей Дубавец
Тлумачэнне Гарэцкага
Тры мае ўлюбёныя пісьменнікі памерлі не сваёй смерцю. Японец Акутагава скончыў жыццё самагубствам. Француз Камю загінуўу аўтакатастрофе. Максіма Гарэцкага расстраляла НКВД... Тры класікі сучаснага экзістэнцыялізму. Тры кнігі стаяць побач на маёй паліцы. Я бяру адну з іх і не заўсёды ўсведамляю пры гэтым — чыю.
У кожнай ёсць тое, што мне трэба. А трэба — адчуць іншы раз, што жыццё не вытлумачваецца даканца. I таму канцаў яго няма.
Думаць пра стагоддзе Максіма Гарэцкага нават лепей з кніжкай Акутагавы ці Камю ў руках. Гэта ўсё так блізка! Вось брама Расёман, вось французскі Алжыр, а вось — беларуская Вільня. Воўчая Гара. Урыўкамі Гарэцкі пражыў тут усяго пяць гадоў. Розныя абставіны і розныя ўлады літаральна выкідвалі яго з горада. А ён упарта вяртаўся ў Вільню — у радавое гняздо беларушчыны.
Сённяшняя Вільня сустракае юбілей Гарэцкага моўчкі. Назаўсёды знікла з цэнтральнага пляцу чыгуначная група апісаных ім віленскіх камунараў. У браме Базылянскіх Муроў, дзе ён жыў у пачатку 1920-х, размясцілася пасольства Польшчы. У будынку беларускай гімназіі, дзе ён працаваў,— нейкая літоўская палітэхніка. Няма ўрачыстых сходаў ці навуковых канферэнцый... Але я не скажу — няма Гарэцкага. Адчуты і апісаны ім да драбніц вечны горад па сутнасці не змяніўся. Падобныя людзі падобным чынам прыладжваюцца да падобнага жыцця. Не змяніліся норавы. А горад гэтак жа захоўвае дух першароднае беларушчыны, той, якая не спазнала савецкіх дэфармацый.
Чаму Гарэцкі не ўпісваецца ў “чыста беларускую” паліцу кніг, я зразумеў, калі сустрэў ягоныя творы ў зборніках расейскай літаратуры, дзе яны друкаваліся, як свае, без згадкі пра пераклад. Напрыклад, не ставала вялікай літаратуры свайго Рэмарка для кніжкі “Руский военный рассказ”, і яны ўзялі Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне”.
Але маглі б узяць і іншыя. Ён у нас самы “канверсуемы”. I самы нацыянальны. Вось чаму ён не ўпісваецца ў ерархію народных і заслужаных, эпікаў і лірыкаў, вялікіх і выдатных, тых, што “для ўнутранага карыстання”. Бо калі я здымаю з паліцы кнігу Акутагавы, я бяру ў рукі японскую літаратуру і, можа Японію, калі Камю — Францыю, калі Гарэцкага — Беларусь.
Інфармацыю пра гібель самалёта захоўвае “чорная скрынка”, а інфармацыю пра чалавека — гены. Гэтак і нацыя ў часе гібелі пакідае сваю “скрыню” і свой ген, надзеленыя ўсімі ўласцівымі рысамі і жыццёваю сілаю. Вось чаму калі ад беларускай культуры адняць Гарэцкага — застанецца беларуская культура. I калі ад Гарэцкага адняць усю астатнюю беларускую культуру — застанецца беларуская культура. Менталітэт, гісторыя, мова нацыі — у гэткім спраектаваным і “канверсуемым” выглядзе. Ген, з якога і пасля поўнага вынішчэння беларушчыны ўсё адно будзе паўставаць тая ж беларушчына.
Гарэцкага не назавеш славутым, выдатным ці вялікім. У ім ёсць усё. Не хапае хіба кан- тропьнага інстынкту самазаха- вання. Бо гэты інстынкт — па-над ім. Можа, гэта інстынкт нацыі...
Яго нясе — і на паперы, і па жыцці. Ён не баіцца збою, недакладнасці, марнасці сказанага ці зробленага. Ён не пачувае адказнасці і не патрабуе ўмоваў. Ён піша заўсёды і паўсюль. Піша не навелы і артыкулы, а хроніку навакольнага жыцця і сябе ў ім. Жанр не вымагае фармальнае дасканаласці. Таму ніводнае слова, ніводны ўчынак не выпадае, не псуе агульнай карціны. Нейкая вышэйшая сіла ад пачатку дазваляе яму некантраляваць сябе, рабіць, што заўгодна, скакаць вышэй галавы. Яна сама ўсё апраўдае і згарманізуе. Яна — звышсіла — можа спарадкаваць гэткі лёс і гэткі творчы “разброд” аж да таго, што творца будзе выглядаць звычайным.
У іншых гэта не так. Там асобныя ўчынкі і творы не ўключаны ў такое магнітнае поле, яны “завісаюць”, загадваючы нашчадкам складаныя загадкі: адкуль, што і чаму? Там паводле кантрольнага інстынкту творцы знаўцы разлічваюць заканамернасці сталення, тых ці іншых зменаў у светапоглядзе і лёсе. Як уражвае колькігадовае маўчанне Купалы ці — пераезд Ластоўскага ў БССР ці самагубства Палуяна... Там магнітнае поле — у межах асобы. I гэта спакушае дашуквацца адказу: чаму ён зрабіў так, чаму напісаў гэтак?
У Гарэцкага тое магнітнае поле вонкі. Яго творы ніяк не назавеш “вынашанымі”, а стыль — “адточаным”. Урэшце, дзе было “насіць” і “тачыць”? Хіба ў акопах першай сусветнай вайны, хіба ў віленскім вайсковым шпіталі, хіба ў цягніку, які вёз яго з Вільні ў Маскву, у Петраград, Іркуцк, Жалезнаводск...
Усё пішацца сходу. Жыву — пішу. Потым ужо бясконцыя нататкі кампілююцца ў мазаічныя зводы — аповесці, п'есы, артыкулы. Зразумелыя, будзённыя, звычайныя.
А толькі звычайнае і не старэе, не дэфармуецца і не падлягае пераацэнкам і тлумачэнням. Гэта ім, звычайным, можна растлумачыць усё астатняе. Бо не гены вытлумачваюць, а імі. Не прыроду, а ёю. Тут усё залежыць ад таго, што першаснае. Першаснае можна толькі вывучаць, а ўжо ім — тлумачыць.
Я хачу параўнаць з прыродай - Гарэцкага.
Ген утрымлівае ў сабе інфармацыю не толькі пра тое, што было, але і пра тое, што будзе. Гарэцкім можна растлумачыць, напрыклад, наш беларускі камунізм.
Ёсць у яго такі радок і біяграфіі - праца ў кнорынскай «Звезде», і ёсць такі артыкул — «Няхай жыве камуністычная Беларусь!». Чытаючы Гарэцкага, разумееш, што тлумачыць агульны зрух нацыі да камунізму агульнанародным энтузіязмам, уздымам, парывам — недакладна. Беларусы ўвогуле не энтузіястычная нацыя. Гэта больш падобна да праграматычнага прыроднага прыстасаванства.
Згадваючы пра свой побыт у Вільні ў 1919 г. Максім Гарэцкі пісаў: “У савецкіх установах чулася найбольш польская і літоўская мова, на вуліцах — польская і яўрэйская, а калі я зварочваўся да газетніка, фурмана, нумарнога ў гатэлі па-беларуску, дык яны кідалі мову польскую ці расейскую і гаварылі па-беларуску”.
Прырода жыве ў нас і кіруе нашымі ўчынкамі, вызваляе нас ад адказнасці і ўтрымлівае ў межах адной ёй вядомае маралі. Які несамастойны чалавек! Ён можа нечага дасягнуць толькі там, дзе ягоныя памкненні супадуць з неспазнанаю зададзенасцю прыроды. Дасягне, а так і не зразумее, “што яно?” Усё, што ён можа, гэта быць чым больш адэкватным правадніком прыроды. Гарэцкі ўжо потым быў правадніком нацыянальнай ідэі, найперш — нацыянальнай прыроды.
Нарэшце, я думаю пра самую сутнасць тлумачэння. Усё растлумачыць здолелі толькі бальшавікі ці іншыя, хто браў на сябе ролю прыроды. Магчыма, самае роспачнае, з чым давядзецца змірыцца ў паслякамуністычную эпоху,— гэта з тым, што жыццё нельга патлумачыць да канца. Гэтая роспач спыніла Акутагаву, спыняла Камю. Гарэцкі паміж імі, нібы нейкі няздзейснены шанц.
Паміж Японіяй і Францыяй у Беларусі ёсць гэты нявыкарыстаны шанц...
Пятро Васючэнка
Зачараванасць “патаёмным”
Максім Гарэцкі i сімвалізм
У перыяд “нашаніўства” творцы (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Вацлаў Ластоўскі, Змітрок Бядуля, Цётка, Ядвігін Ш. ды іншыя) самарэалізоўваліся не толькі як паэты, празаікі, драматургі, але і як мысляры, філосафы, якія асэнсоўвалі лёс і перспектывы Беларусі. У ліку інтэлектуалаў “нашаніўскага” часу месца Максіма Гарэцкага адметнае. Пісьменнік, які падпісаў шэраг сваіх твораў псеўданімам “Лявон Задума”, вылучаўся дапытлівай, пранікальнай энергіяй таленту. Сялянскі сын, інтэлігент у першым пакаленні, Максім Гарэцкі з вясковай учэпістасцю ўлягаў у навуку і літаратурную творчасць. Старанны вучань, ён з маладосці зведаў не толькі радасць спазнання, але і той смутак, пра які гаворыцца ў Эклезіясце: "...У вялікай мудрасці багата смутку; і хто памнажае веды, множыць журбу”.
Сімвалізм у творчасці Максіма Гарэцкага выявіўся як вынік інтэлектуальнага пошуку, цяжару ведаў і яго пераадольвання. У нейкай ступені гэта парадаксальна, бо значная колькасць твораў празаіка напісана ў паслядоўнай рэалістычнай манеры, у традыцыі аналітызму і псіхалагізму, без прэтэнзій на пашыраныя падтэкст і іншасказальнасць, прыкладам, “Віленскія камунары” (1931 - 1932), “Камароўская хроніка” (1930 - 1932). Мастацкі свет М. Г арэцкага не мае такой разгалінаванай і ўзаемазвязанай сістэмы вобразаў-сімвалаў, якую назіраем у Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Але ж сімвалізм - не толькі стыль, а і светапогляд, які мае асновай здагадку пра таямнічую, невядомую сферу быцця, непадуладную логіцы, навуцы, веры. Адзіны спосаб спасцігнуць таемнае - інтуіцыя, узброеная сімвалам. Пісьменнікі-сімвалісты часта не знаходзілі тэрміна, каб вызначыць сутнасць загадкавай субстанцыі, і называлі яе з дапамогай займеннікаў: “яно”, “нешта”, “тое”. Дамовімся вызначыць гэтую няўлоўную субстанцыю як сімвалісцкі трансцэндэнталізм.
Сімвалісты бачылі таемнае вакол чалавека і ў ім самім. Чалавечы лёс мог уяўляцца як алагічная і незразумелая гульня абыякавых альбо варожых сіл, як гэта паказана ў драмах расейскага пісьменніка-сімваліста Леаніда Андрэева “Жыццё Чалавека” (1907), “Цар Голад” (1908), “Анатэма” (1909). Душэўная гармонія чалавека, яго ўнутраны спакой таксама разглядаліся сімвалістамі як з'явы трансцэндэнтальныя, і ў пошуку шчасця героі праходзілі праз рэальны свет і апраметную, знаходзілі шчасце поруч з сабой і зноў страчвалі - так адбывалася ў п’есах “Пер Гюнт” (1867) нарвежскага драматурга Генрыка Ібсена і “Сіняя птушка” (1908) бельгійца Ма- рыса Метэрлінка. Нарэшце, герой са здзіўленнем ад- крываў таямніцу сам у сабе, што можна назіраць у тво- рах “Жанчына з мора” (1888), “Будаўнік Сольнес” (1892) Генрыка Ібсена, “Залатое руно” (1901), “Снег” (1903) Станіслава Пшыбышэўскага, “Дробны д’ябал” (1907) Фёдара Салаіуба ды іншых.
“Што яно і адкуля яно?” - ад гэтага пытання пакутуюць і героі-інтэлігенты ранняй прозы Максіма Гарэцкага. Таямніцы вакол чалавека звернуты якраз да пачаткаў быцця, да прыроднага трансцэндэнталізму.
Маладыя інтэлігенты з твораў М. Гарэцкага мусяць перажываць не толькі радасць, але і смутак ведаў, калі сустракаюцца з неспазнаным. Студэнт-медык Архіп Лінкевіч, герой апавядання “Роднае карэнне” (1913) атрымлівае з вёскі ліст, у якім бацька паведамляе, што ў новай хаце завёўся нячысцік. Горкая ўсмешка кранае вусны маладога чалавека: “Як многа слаўнагаў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна мёртвыя ў жыцці. Час ідзе - у гары, у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш... Сумна, сумна”.
Будучы медык верыць у тое, што цудаў, не вытлумачаных навукай, не бывае і быць не можа. Ён, як і многія тагачасныя рацыяналісты, быў палоннікам эпохі пары і электрычнасці, свята верыў у неабмежаваныя магчымасці тэхнічнага прагрэсу. Тэхналагічны рывок, які здзейсніла чалавецтва на пачатку XX ст., узмацніў гэтую веру, але, з іншага боку, яна падточвалася і фундаментальнымі навуковымі адкрыццямі А. Эйнштэйна, 3. Фрэйда, К. Юнга, і філасофскімі прарывамі ў галіне інтуітывізму і ірацыяналізму. У ведах чалавека новага стагоддзя адкрылася прастора неспазнанага.
Архіп Лінкевіч, які прыязджае ў вёску і разам з бацькам начуе ў новай хаце, робіцца сведкам загадкавай з’явы:
“Добра спіць Архіп, дзіўна спіць Архіп.
А на дварэ малання бліснула вялікая, вострая, жудасная, загрымеў гром, па ўсім небе вялікі грукат-грымот пайшоў у самыя далёкія канцы глуха і дробна пакаціўся, пасыпаўся і раптам: трах-тара-рах-рах... трэснуў-стукнуў пярун.
Ірвануўся Архіпзусіх сіл сваіх, зусіх жыл сваіх, і праз страшны сон з лаўкі на зямлю паляцеў, больна аб мост урэзаўся ”.
У стагоддзе дырыжабляў, радыё і падводных апаратаў можа здарыцца і такое... Герою варта было прыгадаць гамлетаўскую рэпліку, адрасаваную сябру-скептыку Гарацыо:
Ёсць болей з ’яў на свеце, друг Гарацыо,
Чым сніцца філасофіі тваёй.
Перакананням рацыяналіста Архіпа Лінкевіча процістаіць прыроднае нешта, неспазнаная сфера натуральнага быцця, таямнічую існасць якой амаль не закрануў тэхналагізаваны чалавечы розум.
Гэты трансцэндэнтальна-містычны абсяг існавання ўвасабляўся Максімам Гарэцкім у апавяданнях і абразках “Патаёмнае”, “Страхаццё”, “Цёмны Лес”, “Стогны душы”, “Што яно?” (усе датуюцца 1913 г.).
Часам аўтар разам з яго персанажамі спрабуе вытлумачыць прыродны або псіхалагічны феномен рацыянальным спосабам. Жахлівае здарэнне ў апавяданні “Страхаццё” тлумачыцца досыць празаічна, нават іранічна ў дачыненні да “страхотнага”. Гаўрыла Пячкур, вясковец, які не баіцца нячыстай сілы і не прызнае ніякіх страхаў, насмерць напалоханы голасам, які загаманіў з ім на могілках. I толькі праз тры гады пасля яго смерці людзі даведаліся, што спужаў Гаўрылу басяк і злодзей Атрох, які схаваўся ў буданчыку на могілках ад дажджу.
У іншых выпадках рацыянальныя тлумачэнні з’яў не вельмі пераконваюць, абмяжоўваюцца развагамі пра паступовасць пазнання, размаітасць свету, пакручасты шлях да ісціны.
У межах зачараванага, міфалагічнага часу замыкаецца дзеянне апавядання “Што яно ?”, ключавая падзея якога - смерць чараўніка Янкі і яе містычныя наступствы. Трансцэндэнтальнае “нешта” пашыраецца і на сам інтэлектуальны працэс. “Я-герой” знаходзіць ірацыянальнае ўжо ўнутры сябе: “Забабоны мае! Адкуль вы? Я ж ведаю, што нічога таго няма... чаго... А ці ж ведаю? Не! Я дзеткам кажу аб прыродзе па-навучнаму, рэдка раскажу ім страшнае. Любыя дзеткі...
Думы мае! Адкуль вы? Калі тое было, што дзядуля-нябожчык (няхай святы ляжыць) казкі мне страшныя казаў, мэкай ды мышэшай пужаў.
Думымае, адкуль вы?”.
Страхі, што апаноўваюць герояў М. Гарэцкага, караняцца не толькі ў жахлівых паданнях; іх падстава - боязь самога жыцця, якое патрабуе ад актыўнай, дзейснай і свядомай натуры адэкватнага стваральнага акту. Гэта-прадчуванне няўдачы, боязь яе.
“Дзіцячыя” пытанні, якія ставяць дарослыя героі пісьменніка, множацца: “Што яно?”, “Адкуля яно?”, “І адкуль яно ўсё?”, “I чаму яно ўсё?”, “Што там?”. Першы крок у жыццёвы трансцэндэнталізм, апроч расчаравання, прывёў героя-інтэлігента М. Гарэцкага і да адной істотнай высновы: абапірацца трэба на “роднае карэнне”, гэта значыць, на нацыянальную глебу, гістарычную, культурную, духоўны досвед беларускага народа. Праўда, гэты скарб часта выглядае “заклятым” і яго не возьмеш ніякімі замовамі.
Персанажаў “інтэлігенцкіх апавяданняў” бянтэжыць не толькі прыродная, але і чалавечая таямніца, трансцэндэнталізм народнай душы. Здавалася б, ім, інтэлігентам у першым пакаленні, душа селяніна не павінна здавацца непрагляднымі нетрамі. Бо і самі яны, як той яблык, недалёка адкаціліся ад мужыцкае нівы, не страцілі цікавасці да вясковага побыту, традыцый. Яны, дэмакраты па поглядах, часам перабольшвалі і ідэалізавалі стваральныя магчымасці сялянства. Магчыма, якраз такое перабольшванне і прыводзіла персанажаў да расчаравання.
Гэтае пачуццё востра перажывае Клім Шамоўскі, герой апавядання “У лазні” (1912). “Нашанівец”, нацыянальны адраджэнец па светапоглядзе, вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, ён, у духу “нашаніўства”, выводзіць беларушчыну наўпрост з вясковасці і самы кароткі шлях да Беларусі бачыць у тым, каб вярнуць спрадвечныя сялянскія завядзёнкі.
Клім прыязджае на вакацыі ў роднае Мардалысава і ідзе ў вясковую лазню, ды не проста каб памыцца, але “ачысціцца” ад налёту панства, бо хоча пачувацца ў вясковым асяроддзі “сваім”.
Лазня, у якой лягчэй забрудзіцца, чым памыцца, нагадвае нават не чысцец, а пекла з грэшнікамі і чарцямі: “Аж стогн лунаў у лазні. Павярнуцца - думау Клім - недзе: паўнютанька лазня людзей. На нізуў гразі блазнота... Іншьі плакаў ад дыму ціяшчэ ад чаго і цёр вочы кулакамі, і плёскаў гразнай вадой. Але й тую яму нехта забараніў браць, казаў: “Злётай прынясі сам ”. Іншы сядзеў непарушна, ушчаміўшы галаву паміж ног. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў - мацаў некага па вачах, кажучы: “Ці еў балазе?”.
Лазня дапамагае герою вызваліцца ад ілюзій пра маральную падрыхтаванасць вяскоўцаў да пазітыўных зменаў. Уначы яго апаноўваюць іншыя думкі і пытанні: “Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала? ”. Клім уцяміў, што двойчы ў адную і тую лазню, як і ў раку, не ўвойдзеш. Памяняліся не толькі вёска, не толькі Беларусь, але і сам ён. На памяць прыходзяць коласаўскія радкі, якія герой перайначвае:
Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Уцяміць цябе не маю сілы...
Трансцэндэнтальная Беларусь - такой бачыць яе цяпер Клім Шамоўскі. Ён кіруецца запаветнай формулай Каруся Каганца: “Беларусь трэба падымаць!”. Але як? Гісторыя дзеецца, як выявілася, болыш марудна і складана, чым яму мроілася...
“Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан..”, — быў другі шэпт. “Люблю... ці ж нелюблю?.. А страшна яно, роднае... чым?.. ”
I спахмурнеў Клім, сігаў шпарчэй па скрыпучым марозным снезе. Ляцела думка: “Мойродны кут, люблю цябе без меры! ” — і забавілася яна, не ўцякала.
— Ці не захварэла твая галава, Клім, пасля лазні? - спытаўся бацька.
— Палепшае, - адказаў сын”.
Ірацыянальнае ў чалавечай свядомасці робіцца прадметам далейшага мастацкага даследавання Максіма Гарэцкага. Сфера трансцэндэнтальнага не абмяжоўваецца вонкавым прыродным быццём.
Глыбіні чалавечага “я”, несвядомага, непадуладнага логіцы вымяраюцца ў драматычнай аповесці “Антон” (1914).
Што прымусіла яе героя, рахманага і набожнага селяніна, зрабіць жудаснае, здавалася б, не матываванае злачынства, замахнуцца на жыццё ўласных дзяцей? Над лёсам Антона Жабона, забранага ў вар’ятню, разважаюць адукаваныя людзі. Яго ўчынак тлумачаць хваробай мозга, бядотным сацыяльным становішчам, агульным палітычным крызісам. Беларускі інтэлігент лічыць, што прычына хаваецца ў пераломе, у пераходным стане народнай свядомасці: “Цяпер у майго народа крызіс: старыя багі струпехлі, а новых... новыя мала ведамы... і сусветна новыя багі, багі цела, што даюць ці могуць даць поўнае здавальненне толькі целу, гэтыя багі не надта падабаюцца беларусу...”. Адначасова пісьменнік дае зразумець, што гэтымі версіямі таямніца Антона не вычэрпваецца - яна надта глыбока схаваная ў прыцемках несвядомага, у тых глыбінях чалавечай душы, дзе можа ўтойвацца непрадказальнае, пачварнае.
Героі Максіма Гарэцкага з іх рэфлексійнасцю, схільнасцю да самааналізу, назіраюць ірацыянальнае не толькі ў грамадскім асяроддзі, але і ў саміх сабе. Расчараванне ў ілюзіях выклікае ў іх крыўду, а пасля высвятляецца, што крыўдуюць яны на саміх сябе. Так адбываецца з Лявонам Задумам у аповесці “У чым яго крыўда?” (1926), які пацярпеў і ад свайго наіўнага нарадафільства, і ад недарэчнага кахання да цёмналескай Дульсінеі, а найбольш - ад унутранай няпэўнасці.
У аповесці “Меланхолія” (1928) задуменны герой Максіма Гарэцкага будзе апантана змагацца за беларушчыну, даводзіць свае нацыянальныя пачуцці ў вёсцы і ў горадзе, цярпець новыя паражэнні, трапляць у недарэчныя сітуацыі, але ўсё гэта прывядзе яго да істотнай эвалюцыі, і пра яе сведчыць змена сімволікі. Герой развітаецца з лазняй (сімвалам адсталасці, заскарузлай патрыярхалынчыны), скіне з плеч сялянскі жупанок, які дагэтуль упарта насіў, каб паказваць сваю блізкасць да простага люду. Меланхолія, якая зменіць яго татальную крыўду, - стан не толькі балесны, але і плённы. У меланхалічным настроі Лявон вучыцца не толькі задуменна, але і скептычна, са здаровай іроніяй глядзець на навакольны свет і на сябе. Гэтыя якасці спатрэбіліся яму падчас новых, больш жорсткіх выпрабаванняў, якія ён апісаў у кнізе- дзённіку “На імперыялістычнай вайне” (1926).
Вольнанаёмны Лявон Задума сутыкнецца на фронце з новымі для яго праявамі ірацыянальнага – ваенным трансцэндэнталізмам, неспасцігальным імкненнем людзей да калектыўнага забойства. Максім Гарэцкі, які па-ранейшаму стаіць за спінай героя, невыпадкова лічыцца паплечнікам пісьменнікаў “страчанага пакалення” (Э. М. Рэмарка, Р. Олдынгтана, А. Барбюса, Э. Хэмінгуэя). Беларускі аўтар паказаў абсурднасць, ірацыянальнасць вайны ў алавяданнях “Літоўскі хутарок”, “Рускі” (абодва 1915), “Генерал” (1916) і ў аповесці-дзённіку “На імперыялістычнай вайне”, скарыстаўшы не толькі прыёмы жорсткага рэалізму, але і прыём трагічнай іроніі, “ачужэння”.
Стварэнне вобраза Ігната Абдзіраловіча, героя “Дзве душы” (1919), працягвае творчую эвалюцыю, што адбывалася з Задумам. Абдзіраловіч і Задума падобныя тым станам унутранай канфліктнасці, якая не дае спакою кожнаму, але на змену меланхоліі прыходзіць душэўная раздвоенасць.
Твор мае меладраматычную завязку: карміцелька пераменьвае немаўлятак, у выніку чаго сялянскае дзіця выгадоўваецца на паніча. Гэты фабульны ход стаў падствай для складанага мастацка-псіхалагічнага даследвання. Максім Гарэцкі тварыў у той час, калі чалавецтва ўжо ведала пра законы спадчыннасці і пісьменнікі адлюстроўвалі генетычныя працэсы ў сваіх творах. Праблему спадчыны ставілі Герхарт Гаўптман “Перад узыходам сонца” (1889), Генрык Ібсен у п’есе “Здані” (1881). Рэха спрэчак, што вяліся ў грамадстве вакол праблем спадчыннасці, заўважнае і ў драматычнай аповесці М. Гарэцкага “Антон”.
У аповесці “Дзве душы” таксама закранаюцца праблеммы спадчыннасці, але не толькі яны. Генетычнае, “базавае” класавае пачуццё, якога не адмаўляе Максім Гарэцкі, безумоўна, уплывае на ўчынкі Абдзіраловіча тады, калі і аўтарам, і героем у рэфлектыўным стане яны разглядаюцца як алагічныя, невытлумачальныя. Але ёсць яшчэ выхаванне, адукацыя, шчырая вера ў перамогу розуму над ірацыянальным цёмным. Яны таксама фармуюць аблічча Ігната Абдзіраловіча. Ён найчасцей бачыць і ацэньвае падзеі праз прызму адукацыі і выхавання, праз ідэалы бурлівага стунэнцтва, праз чытанне Льва Талстога і ўспрыманне гуманістычнага зместу “талстоўшчыны”, нарэшце праз непахісныя каноны хрысціянскай маралі: “не забі”…, “не пажадай...”, “даруй ворагам сваім...”.
Нерашучасць Ігната Абдзіраловіча ў абставінах вайны і рэвалюцыі, што штурхалі да выбару, тлумачыцца і яго выхаваннем, і яго падчыннасцю — “поклічам крыві”. Іх вынікам і з’яўляюцца душэўныя згрызоты героя:
“І душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, на што яна мучыць яе падманкамі, цяпер цвярдзее, але робіцца нядобраю, набірае ўсё больш нейкай калянасці і нават жорсткасці. Няхай сабе тая плача па нейкай паненцы. Ей не шкода, і яна здрыгнецца, калі дзікая людская куламеса пашарпае на шматкі і князя, і Макасея міліёншчыка, і разумца-армяніна. Ёй не шкода... А тая, другая, падумала і здрыганулася”.
Унутраная далікатнасць героя “Дзвюх душ” выклікала раздражненне ў некаторых тагачасных крытыкаў М. Гарэцкага, найперш у А. Навіны (Антона Луцкевіча). Сёння, калі так высока цэняцца душэўная мяккасць і сумленнасць, ацэнка паводзінаў Абдзіраловіча ў крытыкаў хутчэй пазітыўная, а ў тыя часы названыя вышэй якасці прынеслі шмат нягодаў і літаратурнаму герою, і яго стваральніку.
Прастора, у якой рэальнае жыццё ўзаемадзейнічае з літаратурным, поўніцца прыкладамі павучальных, парадаксальных, а часам амаль містычных узаемадачыненняў аўтара, рэальных прататыпаў і літаратурных герояў. Гэта таксама сфера неспазнаных, амаль не вывучаных пісьменніцкіх прагнозаў, прадчуванняў і прароцтваў. У гэтай прасторы палягае эпілог аповесці, які мог бы стаць тэмай твораў пра далейшы лёс Задумы або Абдзіраловіча. Да канца жыцця Максім Гарэцкі імкнуўся прыстасаваць свае дэмакратычныя шуканні да лёсу грамады, шчыра спрабаваў тварыць у абставінах дыктатуры пралетарыяту і таталітарызму, дзеля чаго пісаў лаяльныя да новай улады творы. У адрозненне ад многіх кан’юнктуршчыкаў і сервілістаў сталінскай эпохі ён імкнуўся рабіць гэта сумленна, ды яшчэ з падключэннем інтэлігенцкага досведу: прыцягненне - адштурхоўванне. Заканчэнне “асабістай справы грамадзяніна М. Гарэцкага” дапіша крывавымі літарамі “тройка” УНКУС Смаленскай вобласці, што прысудзіла пісьменніка да расстрэлу.
Мяркуючы па тэксце пратакола, судзілі Максіма Гарэцкага хутка і нядоўга, судзілі малапісьменныя людзі, выхадцы з той самай шэрай грамады, пра лёс якой гэтулькі клапаціліся ды перажывалі творца і яго героі. Ірацыянальнае, агрэсіўнае і жорсткае, што таілася ў нетрах масавай свядомасці, выплюхнула вонкі. Але гэтая перамога не была канчатковай.
Інтэлектуальны пошук герояў М. Гарэцкага, іх вера і сумненні, іх ростані і пошукі выбару былі далёка не марнымі і працягнулі традыцыю беларускай інтэлектуальнай прозы. Відавочны той плён, які мела проза пісьменніка ў фармаванні нацыянальнай школы філасофіі, выпрацоўцы канцэпцыі Беларускага Шляху. Канцэптуальным творам, які падагульніў гэты пошук, стала эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэў- скага) “Адвечным шляхам”.
Выбар аўтарам эсэ такого псеўданіма быў невыпадковы: разам з ім філосаф наследаваў не толькі ўдумлівасць Максіма Гарэцкага і яго персанажаў, але і іх цікавасць да адвечнага і “патаёмнага”, некатэгарычнасць і дыялагізм у развагах.
Рэфлексійнасць і дапытлівасць, зачараванасць “патаёмным” - гэтыя якасці творчай асобы пісьменніка актуальныя і сёння. Яны выспеліліся дзякуючы творчаму пераасэнсаванню майстрам мастацкага вопыту сімвалізму. У змаганні з ірацыянальнымі, варожымі для чалавека праявамі быцця варта пакладацца адначасова на веру і веды, інтуіцыю і творчасць, як гэта рабіў Максім Гарэцкі.
І. Аношкін
Жыццё не песціла яго
Неяк, выступаючы ў адной школе, я заўважыў, што наш зямляк Максім Гарэцкі — у першай шарэнзе беларускіх пісьменнікаў, побач з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Нехта з вучняў тады здзівіўся: то чаму ж пра яго так мала ведаем?
Сапраўды, чаму?..
Быў час, калі на нашай зямлі бясследна знікалі не толькі піеьменнікі. А Максім Гарэцкі знікаў двойчы. У 1931 годзе, абвінавачаны ў прыдуманай нацдэмаўшчыне, быў высланы з роднай Беларусі. А год праз колькі зноў схоплены і адпраўлены яшчэ далей — і як у ваду кануў. Творы ж яго можна было знайсці хіба што ў спецсховішчы.
Нарадзіўся Максім Гарэцкі 6, а па новаму стылю — 13 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета (цяпер раёна). Вёска хоць і называлася Багацькаўкай, але жылі ў ей бедна. Аднак, не зважаючы на нястачу, Іван Кузьміч і Афрасіння Міхайлаўна стараліся, каб іх дзеці вучыліся. Напачатку Максім хадзіў у школу граматы, што была ў суседняй Вялікай Багацькаўцы, затым падаўся ў царкоўна-прыходскую ў Вольшы Аршанскага павета. Скончыўшы гэту школу, паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Добра. думалася, ужо тое, што вучылішча было блізка ад родных мясцін і што там было можна вучыцца, як тады казалі, “на казённы кошт”. У Горы-Горацкім вучылішчы Максім зблізіўся з навучэнцамі, якія цікавіліся беларускай мовай, народнымі казкамі, байкамі, стварылі гурток, выпісалі газету «Наша ніва» — адзіную па тым часе беларускую газету, якая выходзіла ў Вільні. Максім і сям пачаў дасылаць свае допісы ў гэтую газету, а потым паслаў і апавяданне. I вось у студзені 1913 года ў “Нашай ніве” было надрукавана пад псеўданімам Максім Беларус яго першае апавяданне — «У лазні».
Сюжэт просты, узяты з уласнага жыцця, з побыту роднай вёсачкі. Вучань апошняга класа зямельнага вучылішча, казённы стыпендыят Клім прыехаў да бацькоў на каляды. I ўсё яму здаецца тут цяпер не так. Цёмна, брудна, прама ў хаце гадуюць парсючкоў, Прывёз Клім з сабою кніжкі, хацеў пачытаць іх каму, але мужчынам і дзецюкам з-за гульні ў карты няма калі паслухаць. Перад Новым годам Клім з бацькам і братамі ідзе ў лазню дзядзькі Якуба. I там яго засмучае бруд, неўладкаванасць. Вяскоўцы ж над ім пакепліваюць: «Запанеў наш землямер, Клім Раманавіч, духу баіцца». А гэты ўяўны пан, вяртаючыся марозным вечарам з лазні, тужліва думае, што і як рабіць, каб жыццё сялян пасвятлела.
Пасля заканчэння вучылішча Максім уладкаваўся на Віленшчыне. Працуючы там, наведаўся і ў рэдакцыю «Нашай нівы», дзе пазнаёміўся з. Янкам Купалам і Якубам Коласам. А ў 1914 годзе там жа, у Вільні, быў выдадзены яго зборнік «Рунь». Дарэчы, гэта адзіная кніжка Максіма Гарэцкага выпушчаная да рэвалюцыі. Большасць апавяданняў гэтага зборніка — пра інтэлігентаў, якія выйшлі з сялян, пра іх клопаты аб роднай старонцы, імкненне прымяніць свае веды на карысць народу, дзеля яго шчасця.
Аднак неўзабаве М. Гарэцкі мусіў на пэўны час адысці ад актыўнага літаратурнага жыцця, бо давялося апрануць салдацкую форму. Тым часам пачалася імперыялістычная вайна. Разам са сваёю артылерыйскай батарэяй сувязіст Максім Гарэцкі ўдзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены. Але і ў акопах, шпіталі ён не расставаўся са сваімі запіснымі кніжкамі, занатоўваў падзеі, уражанні, рабіў накіды плануемых твораў. Адным з такіх твораў і стала дакументальная аповесць «На імперыялістычнай вайне». Але гэта потым. Пакуль жа, ачуняўшы пасля ранення, трапіў зноў у акопы.
У 1916 годзе, скончыўшы Паўлаўскае ваеннае вучылішча, Гарэцкі ў чыне прапаршчыка разам са сваёю воінскай часцю апынуўся ў Пінскіх балотах. Падзеі ж ішлі сваёй чаргой. Пазбавіўся царскай кароны Мікалай Другі, аднак у гаротным стаполішчы простых людзей нічога не змянілася. Рознай масці паны і падпанкі патрабавалі працягваць вайну да пераможнага канца. Кастрычніцкая рэвалюцыя застала Максіма ў Смаленску.
Не зважаючы на сваю хворасць, М. Гарэцкі супрацоўнічае ў газетах «Известия Смоленского Совета» і ў «Дзянніцы», якая на беларускай мове выходзіла ў Петраградзе. У газеце «Звязда», куды быў неўзабаве запрошаны М. Гарэцкі, ён змяшчае свае артыкулы, апавяданні. У 1919 годзе, у сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, разам з рэдакцыяй гэтай газеты Максім Іванавіч трапляе ў Вільню. Ды падзеі разгарнуліся так, што Вільня была захоплена панскай ГІольшчай. Пісьменнік, які з-за хваробы не змог выехаць у родныя мясціны, застаўся цяпер ужо ў чужой дзяржаве. Ды і тут змагаецца за правы беларусаў, творча працуе. Менавіта ў гэты віленскі перыяд ім напісаны аповесць аб рэвалюцыі і грамадзянскай вайне — «Дзве душы», «Гісторыя беларус кай літаратуры», падрыхтава. на да друку «Хрэстаматыя. беларускай літаратуры», сабраны матэрыялы для рамана-хронікі «Віленскія камунары».
Такая дзейнасць. вядома, не падабалася панскай уладзе, беларускі пісьменнік быў арыштаваны і пасаджаны ў сумна вядомы астрог “Лукішкі”. Аднак у 1923 годзе Максіму Іванавічу разам з жонкай-пісьменніцай Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай удалося вярнуцца ў Савецкую Беларусь.
I адразу ж уключыўся ў грамадскае жыццё. Працуе выкладчыкам у інстытуце беларускай культуры, на раб-факу Дзяржаўнага ўніверсітэта, у родных мясцінах — сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, а потым — у Акадэміі навук рэспублікі. I ўсё гэта адначасова з пісьменніцкай працай. Выходзяць з друку яго аповеспі «Ціхія песні» і «На імперыялістычнай вайне». У 1926 годзе выдадзены зборнік апавяданняў « Досвітак».
У «Досвітку» паказана цяжкае, бяспраўнае мінулае просгага люду. Вось апавяданне «Прысяга». Селянін Тарас, вельмі набожны, вымушаны паграшыць, даць ілжэпрысягу перад іконай, каб выратаваць жыццё тром беглым мужыкам. Робіць гэта не адразу, а пасля ваганняў, барацьбы самога з сабой. Урэшце бярэ грэх на душу, згаджаецца гарэць, як кажуць царкоўнікі, у гіёне вогненнай, толькі ж тых небаракаў-сялян не выдае, жадае ім: «Што ж, браткі, заставайцеся надалей, жывіце...».
У сааўтарстае з кампазітарам Ягоравым пісьменнік выдаў фальклорны зборнік «Народныя песні», у якім было звыш 300 беларускіх песень, запісаных большасцю Максімам Іванавічам ад маці. Пісаў ён і п'есы, якія друкаваліся ў розных выданнях, ставіліся пераважна гурткамі мастацкай самадзейнасці.
I вось творчы працэс быў парушаны — пісьменнік, навуковец зноў адарваны ад роднай зямлі, зысланы з Беларусі. Аднак і ў цяжкіх умовах, у якіх апынуўся, працягваў літаратурную працу. Закончыў «Камароўскую хроніку» — твор аўтабіяграфічнага плана. А галоўнае —напісаў раман-хроніку «Віленскія камунары», які пабачыў свет толькі ў 1963 годзе, быў выдадзены не толькі на беларускай, але і на рускай, украінскай, літоўскай і іншых мовах.
У рамане адлюстравана барацьба працоўных за шчасце долю, рост класавай свядомасці народных мас, пераход іх ад пасіўнага пратэсту да арганізаванай барацьбы, выведзены вобразы камуністаў. Віленскія камунары — рабочыя розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, літоўцы, палякі, яўрэі... У аснову твора пакладзены дакладныя факты — як віленскія рабочыя-камунары ў 1918 годзе трымалі абарону ў Вільні супраць белапольскіх жаўнераў.
Максім Гарэцкі пражыў усяго 44 гады. Жыццё не песціла яго — то фронт, акопы, то адарванаспь ад роднай зямлі. I смерць прыняў ад яжоўскіх апрычнікаў як змагар за свой народ, яго культуру, мову. Пра гэта помняць. I не толькі мы, беларусы: стагоддзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага шырока адзначаецца ва ўсім свеце.
Васідь Дранько-Майсюк
Брама скарбаў Максіма Гарэцкага: адчыняем і ўзбагачаемся
Творца ўнікальнага таленту, чый 125-гадовы юбілей шырока адзначаецца па ўсёй Беларусі, стаў сапраўднай зоркай айчыннай літаратуры яшчэ юнаком, калі надрукаваў у «Нашай Ніве» апавяданне «У лазні» (1913 г.). Ён першы сярод беларускіх літаратараў, хто пачаў актыўна ўзбагачаць беларускае прыгожае пісьменства іроніяй і (што важна!) самаіроніяй. За чатыры гады да класічнага рамана Эрыха Марыя Рэмарка «На Заходнім фронце без зменаў» выдаў свой шэдэўр дакументальнай прозы (якім натхняўся Алесь Адамовіч) «На імперыялістычнай вайне» (1926 г.). Максіму Гарэцкаму не было і сарака гадоў, а ён паспеў скласці тры беларуска-рускія слоўнікі, выдаў «Гісторыю беларускай літаратуры», выявіў ва ўсёй трагічнай выразнасці беларускую сутнасць у рамане «Дзве душы»...
Адзначым найбольш цікавыя мерапрыемствы, якія праходзілі ў лютым з нагоды юбілею пісьмённіка.
МАРКА ГАРЭЦКАГА
Міністэрства сувязі і інфармацыі выпусціла паштовую картку з арыгінальнай маркай «125 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага». У афармленні выкарыстаны партрэт юбіляра, а таксама выява дома, дзе ён нарадзіўся.
ТЭЛЕФОННАЯ РАЗМОВА 3 ПЛЯМЕННІКАМ РАДЗІМАМ
Літаратурная вечарына «Жыве яго слова» адбылася ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна. Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў прапанаваў узбагаціць сустрэчу тэлефоннай размовай з пляменнікам Максіма Іванавіча — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім. Спадар Радзім расказаў пра славутага дзядзьку, падкрэсліў яго вялікую ролю ў станаўленні незалежнай беларускай дзяржавы і падзякаваў прысутным за шанаванне памяці вялікага пісьменніка.
МАЛАВЯДОМАЕ ПРА АЎТАРА «ДЗВЮХ ДУШ»
«Ён словам і думкай служыў Беларусі» — так называецца выстаўка, якую зладзілі Горацкая цэнтральная раённая бібліятэка і Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Падрабязна пазнаёміцца з творчасцю і жыццём Максіма Гарэцкага дапаможа стэнд, багата аздоблены біяграфічнымі матэрыяламі і мастацкімі выданнямі.
Адкрыў выстаўку вечар паэтычнага настрою «Скарбы яго жыцця», на які былі запрошаны навучэнцы Мсціслаўскаіа дзяржаўнага будаўнічага каледжа». Бібліятэкары Валянціна Бабко і Юлія Еўмушкова расказалі малавядомыя факты пра знакамітага зямляка.
ЗАПІСКІ САЛДАТА ЛЯВОНА ЗАДУМЫ I НЕ ТОЛЬКІ
27 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя выстаўкі «Ахвярую сваім “Я”...», прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага і 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Радзім Гарэцкі, даследчыкі і аматары творчасці юбіляра, беларускія пісьменнікі.
У выкананні дыктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алега Вінярскага прагучалі ўрыўкі з дакументальна-мастацкага твора «На імперыялістычнай вайне».
Зоя Мельнікава
Сын беларускай нацыі
Пытанне праз эпохі ад Максіма Гарэцкага
Роздум пра Беларусь-радзіму, яе мінулае і будучыню пранізвае ўсю літаратурную спадчыну Максіма Гарэцкага. Надзвычай паслядоўна і таленавіта гісторыка-патрыятычная праблематыка ў яго творчасці выявілася ў драматычны час рэвалюцый 1917-га і наступных гадоў, калі ў беларускага народа ўзнікла перспектыва дзяржаўнага самасцвярджэння. Аб гэтым сведчаць два знакавыя творы пісьменніка — аповесці «Ціхая плынь» і «Дзве душы».
Аповесць «Ціхая плынь» пісалася М. Гарэцкім на працягу 1917—1918 гадоў. Якраз тады перад беларускім народам паўсталі праблемы нацыянальнага і дзяржаўнага самавызначэння. Мастацкімі сродкамі ў гэтым творы пісьменнік сцвярджае: ніхто, ніякая знешняя сіла не зацікаўлены бараніць Беларусь і беларусаў; настаў час насельнікам «забытага краю» прачнуцца ад «сумных сненняў». «Ціхая плынь», як і ўся спадчына М. Гарэцкага, вызначаецца глыбокім мастацка-філасофскім роздумам аб мінулым і будучыні беларускага народа. Ідэал новай, маладой Беларусі, абуджанай і адроджанай дзеля таго, каб «народ наш жыў па-беларуску, радзіў сваіх інтэлігентаў, бліжэй кажучы — шчырых маладабеларусаў, а не палякаў з «Забранай Літвы» і не русакоў «с Западного краю», выразна прасочваецца ў гэтым дасканалым творы.
Драматызм лёсу Беларусі і беларускага народа прыносіў боль і пакуты М. Гарэцкаму, але спадзяванне, што народ здабудзе годную будучыню, ніколі не пакідала яго. Гэта было важнай ідэяй-марай пісьменніка. Сваю мастакоўскую мэту ён бачыў у тым, каб «…паказаць беларуёсу, у якой пушчы ён блудзіць і дзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнага жыцця»…
Распавядаючы пра выдатны розум і вайсковы спрыт князёў Лугвеневых, М. Гарэцкі даводзіць, што раней слынныя і вартыя людзі былі сынамі і гаспадарамі гэтай зямлі, пра іх добрыя справы пісалі свае і чужыя хронікі. Неаднойчы ў творы М. Гарэцкі падкрэслівае: там, дзе некалі шумела вольная рада магутных і ганарлівых продкаў «нашай белай косці», там, дзе звінеў звон рады і бразгала «гострае шабелле», зараз запусценне. Дэталёва, з выразным сумам аўтара-апавядальніка, прысутнасць якога ў аповесці «Ціхая плынь» прасочваецца выразна як свядомая творчая стратэгія, апісваецца, як паступова ўсё разбураецца, трухлее, гіне. Знакамітае ў мінулым мястэчка забыта шумным светам і «ціха спіць». Мастацкімі сродкамі М. Гарэцкі даводзіць прычыны вымірання краю. Адна з галоўных, — і гэта выразна прачытваецца ў падтэксце, — заключаецца ў тым, што не засталося тут сапраўдных гаспадароў, якія б з гонарам апекаваліся родным краем і сваім народам. Ужываючы былінна-сказавую стылістыку аповеду, аўтар уздымае вострую для таго часу праблему выхавання, фарміравання нацыянальна свядомай грамадскай эліты, блізкай да жыцця народа інтэлігенцыі, сыноў-будзіцеляў і збавіцеляў. Гэта было надзвычай актуальным у той час, калі пісаўся твор.
Выразна гуманістычная, адраджэнцка-асветніцкая канцэптуальнасць аповесці рэалізуецца на ўзроўні аўтарскага светаадчування і ўвасабляецца ў многіх лірыка-іранічных ці філасофска-роздумных па-засюжэтных развагах аўтара-апавядальніка. Вось, на-прыклад: «Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разьбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе гады прачнавання нашага розуму — рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі… Але часта- часта жыццё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары. …Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату — і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямент у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну».
Разуменне Бацькаўшчыны, радзімы ў творах М. Гарэцкага звычайна звязана з беларускай вёскай, якая, на думку аўтара, асноўная матэрыяльная і духоўная сфера беларуса. «Будучыня адраджэння беларусаў залежыць ад селяніна», — сцвярджаў яшчэ ў 1914 годзе аўтар «Ціхай плыні». За мастацкімі вобразамі і лірыка-філасофскімі абагульненнямі выразна прачытваецца думка Максіма Гарэцкага аб абавязку народнай інтэлігенцыі сплаціць доўг беларускай вёсцы, Бацькаўшчыне. Неабходнасць гэтага глыбока ўсведамлялася пісьменнікамі-адраджэнцамі пачатку ХХ стагоддзя — Цёткай, Янкам Купалам, М. Багдановічам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем і іншымі.
Далейшы пакутлівы і драматычны лёс Бацькаўшчыны і яе сыноў М. Гарэцкі прасачыў у наступным, 1919 годзе, прароча паказаўшы антынародную сутнасць бальшавізму ў аповесці «Дзве душы».
Час напісання аповесці «Дзве душы» — 1918—1919 гады. Гэта драматычна складаны і супярэчлівы час, калі вырашаўся лёс Беларусі. Асноўны сюжэт твора — гісторыя Ігната Абдзіраловіча. Гэта яго аўтар надзяліў «дзвюма душамі». Герой М. Гарэцкага жыве ў першыя гады савецкай улады, у імклівую эпоху, якая не дае часу для роздуму: варта ці не прымкнуць да бальшавікоў, што яны зробяць добрага для краіны і для беларусаў, ці дапамогуць беларускаму народу рэалізаваць сваё адвечнае права «людзьмі звацца»… Тая эпоха патрабавала ад чалавека прымаць не толькі хуткае, але і правільнае рашэнне…
Герой, як можа здавацца, занадта доўга не можа вызначыцца ў сваіх грамадскіх ідэалах, і ў гэтай акалічнасці, несумненна, заключаецца важная аўтарская пазіцыя — асабістая стрыманасць М. Гарэцкага ў адносінах да новай улады. І менавіта таму, што герой на раздарожжы, бачыцца ўдумлівае, аб’ектыўнае і праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці пісьменнікам.
Вельмі выразна характарызуецца бальшавіцкі парадак праз душэўныя пакуты малодшага брата Абдзіраловіча — Васіля. Ён далучыўся да бальшавікоў, паверыў іх абяцанням зрабіць лепшым жыццё працоўнага народа. Пануры і змрочны, у глыбокім роздуме ён вяртаецца з вёскі, дзе павінен быў рэквізаваць у сялян збожжа. На пытанне Абдзіраловіча, як сяляне ўспрымаюць гэта, са змрочным гумарам Васіль адказвае: «Як прымаюць? Вот так сабе, як і гдзе: дзе каламі, дзе чым». Выконваючы заданне партыі па харчразвёрстцы, Васіль убачыў канаючую ад нястачы і голаду сялянскую вёску.
Вобразы змагароў за беларушчыну — Ірыны Сакавічанкі, Міколы Канцавога і Міколы Сухавея — пазначаны ледзь прыкметнай аўтарскай сімпатыяй. Аднак, думаецца, пісьменнік у гэтым дыскусійным творы даў права голасу найперш тыповым прадстаўнікам розных ідэалагічных і грамадска-сацыяльных груп. Не дэманструючы свае сімпатыі і меркаванні, ён прадстаўляе магчымасць кожнаму з чытачоў скласці сваё ўражанне пра драматычную эпоху і яе герояў. Тым не менш праз вобразы інтэлігентаў, якія марылі аб сапраўдным адраджэнні Беларусі і не ішлі на кампраміс з новай уладай, М. Гарэцкі выказаў і свае погляды на супярэчлівую сучаснасць і вельмі няпэўную для адраджэння будучыню. Героі-адраджэнцы ўсё ж надзелены аўтарскай спагадай, хоць галоўны герой, Абдзіраловіч, неадназначна ставіцца нават да Ірыны Сакавічанкі, якую раней кахаў, і да яе паплечнікаў па адраджэнцкай дзейнасці Сухавея і Канцавога. Гэтыя людзі Абдзіраловіча і прыцягваюць, i адштурхоўваюць. Абдзіраловіч упэўнены, што неабходна адраджаць Беларусь, ён страшэнна абураны заявай князя Гальшанскага аб адсутнасці на Беларусі класавай барацьбы. Але, разам з тым, яго бянтэжыць і адштурхоўвае «заядласць знаёмых яму адраджэнцаў у выяўленні нацыянальнага пачуцця».
Адраджэнне павінна было ахапіць не толькі беларускае сялянства, што заўсёды было і застаецца вельмі складанай задачай, але і іншыя сацыяльныя слаі. Несумненна, што М. Гарэцкі выказвае сваю пазіцыю і праз Міколу Канцавога, для якога самым балючым было тое, што на Беларусі, апрача бальшавікоў-прышэльцаў, у бальшавізме апынуліся і найгоршыя беларускія людзі, рэнегаты і праціўнікі ўсякага адраджэння. І гэтыя людзі, што пагарджалі роднай беларускай мовай і ўсім нацыянальна беларускім, пачалі кіраваць беларускім сялянствам, усім беларускім народам.
Праз наскрозь супярэчлівыя, драматычныя абліччы сваіх герояў-адраджэнцаў у гэтым творы аўтар ставіць пытанне: што замінае беларускаму адраджэнню, чаму яно не стала асноўнай ідэяй, якая б з’яднала нацыю? І дае адказ на гэтыя пытанні праз сваіх герояў: «селяніну бліжэй і знаямей пытанне аб міру і зямлі, чымся аб беларускім адраджэнню». І бальшавікі скарысталіся гэтым, атрымаўшы падтрымку і перавагу ў сялян, якія вякамі марылі быць гаспадарамі на сваім кавалку зямлі. А потым справа адраджэння паступова ператварылася ў рэальную небяспеку, а ўслед за гэтым ішло «справядлівае» бальшавіцкае пакаранне «ворагу народа», якое, на жаль, не абмінула і аўтара аповесці.
Тым не менш М. Гарэцкі паказаў, што былі ў Беларусі героі, якія ў віхурных рэвалюцыйных падзеях рабілі настойлівыя крокі да нацыянальнага самавызначэння. Праблема быць ці не быць беларусам паўстае і перад былым прапаршчыкам царскага войска Абдзіраловічам. Ён раней асабліва не задумваўся над тым, якой ён нацыянальнасці і што значыць быць беларусам. Але раптам у яго свядомасці адбываецца пераварот, з’явілася, як піша аўтар, нейкая няпэўнасць у самім сабе, незразумеласць, як быць далей, што рабіць, каб не ператварыцца ў звычайную трэску на хвалях бурлівай рэвалюцыйнай ракі. Чым больш разважае Абдзіраловіч сам-насам, тым больш да яго прыходзіць усведамленне, што неабходна нешта рабіць, каб выбрацца з тупіка няпэўнасці, безвыходнасці, нацыянальнай непрыкаянасці. Ён акутуе ад думкі, што жыццё пражыта не так, многае страчана незваротна, і каб вярнуць хоць часцінку страчанага, трэба пераходзіць да дзеяння. Герой не ведае, што і як рабіць.
Чаго ж плача і дваіцца душа інтэлігента Абдзіраловіча? У большай ступені душэўныя пакуты героя абумоўлены яго ўласнай бяздзейнасцю і няпэўнасцю грамадскіх ідэалаў, бо ён доўга заставаўся пасіўным сузіральнікам у чаканні новага.
Абдзіраловіч — дзіця свайго часу, вельмі складанага і супярэчлівага. Эпоха перад кожным чалавекам ставіць праблему выбару. Няправільна зрабіўшы выбар, чалавек валіцца ў бездань. Відавочна, што Абдзіраловіч бачыць перад сабой праблему нацыянальнага выбару, у ім жыве пачуццё нацыянальнай годнасці.
...Аднак ад свядомай нацыянальнай беларускай палітыкі і ідэалогіі ён яшчэ далёкі, бо не вырашыў, куды і з кім яму ісці.
М. Гарэцкі, як мала хто з яго сучаснікаў, меў грамадзянскую і пісьменніцкую мужнасць сказаць небяспечную на той час праўду аб рэвалюцыі і сутнасці бальшавізму. Гэта датычыцца вобразаў Гарэшкі і Гаршчка — бальшавікоў-прыстасаванцаў, людзей, далёкіх ад грамадскіх інтарэсаў і тым больш інтарэсаў беларускага адраджэння. Несумненна, што менавіта каларытныя вобразы бальшавікоў у гэтым творы сталі сапраўднай прычынай замоўчвання аповесці «Дзве душы» на працягу многіх савецкіх дзесяцігоддзяў.
Аповесць «Дзве душы» і сёння прываблівае ўвагу многіх даследчыкаў, што і зразумела, бо нанава пераасэнсаваць твор, перачытаць яго — значыць яшчэ глыбей спасцігнуць сутнасць творчай задумы аўтара.
Таму твор — па-філасофску заглыблены, ідэалагічна дыскусійны, шматгранны — выклікае жывую цікавасць і сёння, хоць быў напісаны амаль стагоддзе таму. Аповесць «Дзве душы» застаецца актуальнай і таму, што кожны з сучаснікаў, жывучы ўжо ў ХХI стагоддзі, павінен разам з героямі твора адказаць на пытанне: «Што вы робіце для бацькаўшчыны, для маткі-Беларусі?» Гэтае пытанне праз эпохі М. Гарэцкі адрасуе ўсім беларусам.
Перавага нацыянальнага як часткі агульналюдскога над класава-сацыяльным, трагізм нацыянальнай гісторыі і мастацтва беларусаў знайшлі глыбокае філасофскае асэнсаванне і ў многіх іншых творах мастака слова. Але асабісты лёс пісьменніка-грамадзяніна і мысляра М. Гарэцкага, на жаль, супадаў з крыжовым пакутным шляхам усёй навуковай, патрыятычнай інтэлігенцыі, з цярнёвымі дарогамі беларусаў па гістарычных завулках у пошуку сваёй дарогі да чалавечай супольнасці і нацыянальнай самакаштоўнасці.

















































