Главная

Нэлі Зігуля

Дом ля дарогі

Літаратурны музей Максіма Гарэцкага можа пераехаць у Мсціслаў Гэта тэма ўжо трэці месяц абмяркоўваецца ў інтэрнэце. Нагодай стаў электронны ліст мінчанкі ў Мсціслаўскі райвыканкам, якая прапанавала перанесці драўляную хату музея з Малой Багацькаўкі ў горад. Гэта, на яе погляд, дапаможа як мага большай колькасці людзей да лучыцца да творчасці вядомага беларускага пісьменніка. Прапанова была вынесена на грамадскае абмеркаванне і выклікала буру эмоцый. Адны за тое, каб гістарычны Мсціслаў, дзе і так ёсць паглядзець шмат чаго каштоўнага і ўражлівага, прыдбаў сабе яшчэ і літаратурны музей. Іншыя — катэгарычна супраць. Маўляў, страціцца тая невымоўная аўра, якая захоўваецца ў вёсцы. Карэспандэнт "Звязды" пабывала на месцы, каб разабрацца ў гэтай складанай сітуацыі.

НЕ ХАПАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІКА

Літаратурны музей ужо 6 гадоў як з'яўляецца філіялам раённага гісторыка-археалагічнага. Ад горада да вёскі Малая Багацькаўка, дзе ён знаходзіцца, — 26 кіламетраў, і мы разам з дырэктарам музея Людмілай Кірыенкай едзем на месца. Траса Мсціслаў-Горкі мясцовага значэння. Зварочваем убок ад асноўнай дарогі, яшчэ амаль кіламетр шляху — і вось яна, малая радзіма братоў Гарэцкіх. Пры ўездзе ў вёску ў вочы адразу ж кідаецца вялікая драўляная хата з памятнай дошкай на сцяне. Вакол — ні душы, нават аўтакрама на супраць будынка стаіць у адзіноце. Кіроўца сумуе ў кабіне, кажа, што прыходзілі не калькі жыхароў, але яны ўжо купілі ўсё, што ім трэба, і пайшлі. Музей абслугоўваецца па заяўцы, загадчыца трэці месяц як хварэе. За шклом на акне вісіць аб’ яўка з нумарам тэлефона мсціслаўскага музея. Па ім можна дамаўляцца на конт экскурсій. Калі знаходзяцца жадаючыя, экскурсавод едзе з горада. Але, як сведчыць Людміла Сяргееўна, за апошнія тры месяцы журналіст "Звязды" — другая наведвальніца пасля той мінчанкі, якая ў верасні тут пабывала, а потым напісала зварот. У доме холадна, пахне сырасцю і адзінотай. Калідор дзеліць хату на 2 пакоі. У адным — драўляныя стэнды з фотаздымкамі сям'і Гарэцкіх, копіі дакументаў, кнігі Максіма Гарэцкага. У цэнтры хаты — вялікі партрэт пісьменніка. Пад ім мяшочак з зямлёй з месца расстрэлу. На фота — памятны знак у горадзе Вязьма Смаленскай вобласці, месцы мяркуе мага расстрэлу Максіма Гарэцкага. Другая палова дома дэманструе быт звычайнай сялянскай сям’і канца XІX — пачатку XX стагоддзя — ручнікі, калыска, падвешаная пад столлю, руская печка, палаці. Ёсць нават некалькі балалаек і патэфон. Гэта рэчы эпохі і да Гарэцкіх маюць апасродкаваныя адносіны. "З арыгінальных рэчаў, якія належалі б сям’і Гарэцкіх, нічога няма. Гэта ўсё, што перадаў нам музей гісторыі беларускай літаратуры", — кажа Людміла Кірыенка. Акрамя музея, іншых сацыяльных аб’ектаў у Малой Багацькаўцы няма. У вёсцы на огул за сталося ўсяго некалькі хат. "А калісьці ў нас быў клуб і нават школа", — успамінае лепшыя часы тутэйшая жыхарка Галіна ЯНЕНКА. У маладосці ў яе была магчымасць застацца ў Маскве, нават на прыём да Брэжнева паасабістым пытанні прыязджала. Ён тады яшчэ міністрам па сельскай гаспадарцы працаваў. Але сталічная экзотыка ні колі яе непрываблівала. Іншая справа — Багацькаўка. "Тады ў нас весела было, — усміхаецца яна. — У вёсцы 40 хат стаяла, неменей. І ў кожнай па чацвёра-пяцёра дзяцей. Бывала, выйдзеш на вуліцу — вёска гудзіць. Людзі тады жылі зладжана, дружна. Гэта зараз нейкімі ваўкамі сталі". Дом пенсіянеркі знаходзіцца па суседстве з музеем, але пра Гарэцкіх яна ведае толькі па расказах. — Мы ж пасля вайны толькі сюды прыехалі. У тым доме, дзе цяпер музей, апошнім часам жылі старыя Федасенкі. А потым хату знеслі. За мест яе музей пабудавалі. У 90-я гады да нас госці з Мінска завіталі, дарогу вось зрабілі. Раней было недабрацца. Наведвальнікаў музея бывае нешмат, але ж школьнікі з бліжэйшых вёсак незабываюць. Зараз, праўда, радзей сталі прыязджаць. Вёска таксама вымірае, моладзь не застаецца, адны старыя, — расказвае жыхарка Багацькаўкі. Вось і дзеці Галіны Яненкі падаліся ў горад, унукі таксама не думаюць вяртацца. На конт пераносу музея жанчына не супраць, але ж не хавае, што будзе яшчэ больш сумна. Так хоць нейкае жыццё адчуваецца. Калі ехалі назад у Мсціслаў, сэрца таксама шчаміла. Вёска пустая, але не сказаць, што закінутая. Ды і хаты навыгляд яшчэ добрыя. Стаяць, нібы хутаркі, на адлегласці адна ад адной. Вакол лес, прастора — прыгожа так, што дух захоплівае. Вось толькі сапраўднага бізнесмена на ўсё гэта нехапае. Ён бы і музей узяў пад сваё крыло. Вёска знаходзіцца паміж Мсціславам і Горкамі, дык няўжо няма ніводнага прадпрымальнага чалавека, які б захацеў тут сваю справу пачаць? Сёння ўладальнікі аграсядзіб толькі і чапляюцца за нейкія адметнасці і славутасці, каб прывабіць турыстаў. А тут такое прыгожае месца застаецца незапатрабаваным.

ЗАХАВАЦЬ ПА МЯЦЬ

Выпрабаванні ў лёсе музея пачаліся не ўчора. Спачатку ён змяніў гаспадара. Да 2009 года гэты дом быў рэспубліканскай маёмасцю. Як патлумачыла намеснік дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Анастасія КАЛЬЦОВА, цяжка абслугоўваць будынак на такой адлегласці. Пачуць пра яго магчымы пераезд з Багацькаўкі ў Мсціслаў для яе было нечаканасцю. — Пытанне не адназначнае, — разгубілася яна. — Калі парушаецца аўтэнтыка — гэта дрэнна, бо парушаецца самаканцэпцыя музея. Максім Гарэцкі нарадзіўся менавіта ў Багацькаўцы, а не ў Мсціславе. Нажаль, праблема з утрыманнем такіх музеяў існуе. Той жа Літаратурны музей Петруся Броўкі, які з’яўляецца нашым філіялам, знаходзіцца за 250 кіламетраў ад Мінска, на хутары. Народу туды дабрацца цяжка, бо дарога дрэнная. Улічваючы, што цяпер з грашыма напружанне, трэба правільна арганізаваць лагістыку. Каб акупіць праезд, трэба рабіць дарагія білеты. Гэта так сама не папулярная мера. Наогул, калі музеі паміраюць, баліць душа. Музей у Багацькаўцы быў пабудаваны да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Радзім ГАРЭЦКІ, сын брата Максіма Гарэцкага — Гаўрылы, узгадвае, як усё было: — Гэтаму спрыяў Аляксандр Кузьмін, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі па ідэалогіі, які казаў, што трэба аднавіць хату, дзе на радзіўся Максім Гарэцкі. Мой бацька тады яшчэ быў жывы і падказваў, дзе што знаходзілася. Потым было ўрачыстае адкрыццё. У ім прымаў удзел і Ніл Гілевіч. Прыйшло шмат жыхароў. Яшчэ былі жывыя людзі, якія ведалі братоў Гарэцкіх. Бацька перадаў свае асабістыя рэчы ў гэты музей. А я знайшоў у архівах інфармацыю, як на самай справе загінуў Максім. Існавала версія, што ён памёр ад кровазліцця ў мозг у 1939 годзе. На самай справе — яго расстралялі ў 1938-м. Прапанову перавезці музей у Мсціслаў нашчадак успрыняў балюча. "Мне хацелася б даведацца, як усё ж такі гэта будзе, — хвалюецца ён. — На душы да гэтуль не прыемны асадак ад таго, што знеслі дом у Горках, дзе жыў Максім Гарэцкі. Там бывалі такія знакамітыя людзі XX стагоддзя, як Юрка Гаўрук, Якуб Колас, Паўліна Мядзёлка. На будынку мелася памятная дошка, што там жыў Максім Гарэцкі. Але дом знеслі, і нічога не засталося. Абяцалі паставіць памятны знак, аднак яго да гэтуль няма. Тут таксама не ведаю, што атрымаецца. Ды і як гэта наогул успрымаць? Які ж гэта будзе музей Гарэцкага, калі ён нарадзіўся ў вёсцы? Там яго асяроддзе. Уяўляеце, што было б, калі б музей з Міхайлаўскага перанеслі ў Пскоў?

БУДЗЕ БОЛЬШ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

Нельга сказаць, што музей у Малой Багацькаўцы ненаведваюць. У кнізе водгукаў, якая там знаходзіцца, шмат захопленых запісаў. І даты зусім свежыя — 2013, 2014, 2015 і нават 2016 год. "Дзякуй добрым людзям за захаванне памяці пра славуты род Гарэцкіх", — напісаў беларускі пісьменнік Анатоль Бутэвіч. "Очень довольны посещением. Всегда интересно узнать историю о знаменитых белорусских писателях", — пакінулі водгук у 2013 годзе наведвальнікі з расійскага горада Іванава. "Посмотрели, ознакомились — все классно", — зрабілі летась запіс некалькі сем’ яў з Масквы. Сваімі ўражаннямі дзеляцца госці з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Гомельскай вобласці... Дырэктар музея Людміла Кірыенка лічыць, што калі б музей прапісаўся ў Мсціславе, такіх запісаў было б куды больш. — Можна было б праводзіць болей адкрытых урокаў для школьнікаў, ды і колькасць наведвальнікаў павялічылася б, — кажа яна. — Тым больш, што ў біяграфіі Максіма Гарэцкага ёсць перыяд, звязаны з Мсціславам, калі ён у будынку мужчынскай гімназіі разам з Якубам Коласам вёў курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў. Зразумець яе можна. Зараз, калі загадчыца філіяла на бальнічным, цяжка адсочваць лёс музея на адлегласці. Калі з грашыма было б лягчэй, такога б пытання і не ўзнікла. А тут сродкаў нават на экспанаты не хапае. Будынку патрэбны рамонт. Як запэўніваюць у раёне, папярэднімі гаспадарамі ён не праводзіўся. Дарэчы, нават назва Малая Багацькаўка ўжо даўно трансфармавалася ў проста Багацькаўку. У Падсолтаўскім сельсавеце паведамілі, што яе аб’ ядналі з суседняй Вялікай Багацькаўкай і зараз на 2 гэтыя вёскі налічваецца 15 дамоў, дзе жыве 25 чалавек, у асноўным — пенсіянеры. Цэнтр жыцця знаходзіцца ў пасёлку Курманава, ад якога да Багацькаўкі 2 кіламетры. Загадчыца філіяла, дарэчы, там і жыве. Апошнім часам колькасць жыхароў толькі змяншаецца, моладзь едзе ў Мсціслаў і далей. Сёлета закрылі Несцераўскую школу, дзяцей зусім незасталося...

Наталля Якавенка

Пісьменніцкі пераклад як мастацкае мадэляванне свету

Кожны літаратурны твор з’яўляецца мастацкай мадэллю свету, а яна, паводле вызначэння Яўгена Гарадніцкага, "гэта найперш структурна- вобразнае ўвасабленне ў творах уяўленняў аўтара пра свет. Пры гэтым аўтар, ствараючы адпаведную мастацкую мадэль свету, выражаючы ў ёй свае ўяўленні, разуменні, адчуванні, і самога сябе ўключае ў гэту мадэль". Адпаведна літаратурны, і асабліва пісьменніцкі пераклад, — таксама мастацкае мадэляванне свету, але больш складанае, двайное мадэляванне, бо ў ім суіснуюць дзве мадэлі свету і дзве творчыя асобы — пісьменнік-аўтар і пісьменнік-перакладчык.

Зразумела, што ствараецца гэтая мадэль паводле агульнай формулы "перакладчык — твор — чытач", але сутнасць пісьменніцкага перакладу насамрэч больш складаная, таму ўмоўна ў дачыненні да яго можна выкарыстаць формулу "пісьменнік-перакладчык — твор — чытач", якая не дазваляе абысці ўвагай асобу перакладчыка і яго манеру мастацкага мадэлявання свету, тым больш, калі перакладчыкамі з’яўляюцца такія выдатныя пісьменнікі, як Максім Гарэцкі і Максім Лужанін.

Максім Гарэцкі як перакладчык рамана Аляксандра Фадзеева "Разгром"

Таленавіты празаік, крытык, літаратуразнаўца, перакладчык, публіцыст, асветнік, выдавец, грамадскі дзеяч Максім Гарэцкі, як адзначае Тамара Тарасава, "вызначыў свой шлях экзістэнцыялізацыі рэалізму ў беларускай прозе першай трэці ХХ ст. Пісьменнік узняў праблемы маральных меж, грамадства без Бога, сфармуляваў канцэпцыю суадносін розуму і маралі. Прыём "раздваення душы" выступаў у М. Гарэцкага як "інструментарый" яе аналізу. Памежныя (крызісныя) сітуацыі "ваеннай" прозы беларускага мастака выяўлялі падсвядомыя глыбіні чалавечай душы. Распаўсюджаны ў М. Гарэцкага матыў пакут паглыбляў веды чалавека пра сябе і пра свет, захоўваў у ім асобасныя характарыстыкі… Беларускі пісьменнік паказаў трагічную антынамічнасць свабоды, якая паўставала адначасова як вялікі дар і як цяжар. М. Гарэцкі ўвёў у нацыянальную літаратуру сузіральны тып чалавека з "разарванай" свядомасцю. Экзістэнцыяльны вопыт пісьменніка стаў важным фактарам фарміравання трагічнага светаадчування асобы ў беларускай прозе ХХ ст.".

Аналізаваўся аўтарскі пераклад рамана Максіма Гарэцкага "Віленскія камунары", што пісаўся ў палітычнай ссылцы ў Вятцы (1931—1932 гг.), пасля якой адбыўся чарговы арышт. Пазней — у 1934 і 1937 гг. — М. Гарэцкі стварыў два варыянты рамана на рускай мове, але яны так і не выйшлі з друку. Вельмі небяспечнай была праўда, якую паказваў празаік у гэтым творы. Выдатна разумеючы гэта, ён "перастрахоўваўся" падчас аўтаперакладу на рускую мову і жорстка крэсліў свой раман — вялікая асцярожнасць М. Гарэцкага ў асвятленні гістарычных падзей выклікала значную аўтацэнзуру ў перакладзе. У выніку аўтапераклад "Віленскіх камунараў" з’яўляецца не проста рускамоўным варыянтам, а новай рэдакцыяй твора і разам з тым — знакавым дакументам свайго часу. На падставе гэтых асаблівасцей аўтарскі пераклад "Віленскіх камунараў" смела можна назваць неардынарнай з’явай як у гісторыі беларускай літаратуры, так і ў тэорыі мастацкага перакладу.

Аўтаперакладу папярэднічала сур’ёзная перакладчыцкая праца М. Гарэцкага з творамі іншых празаікаў: у 20-я гады ён пераклаў на беларускую мову апавяданні М. Горкага "Канавалаў", "Чалкаш", "Зброднік" і раман А. Фадзеева "Разгром", выдадзеныя ў 1930 г. пад псеўданімам А. Мсціслаўскі, аповесці Ю. Лібядзінскага "Камісары" (пераклад надрукаваны ў 1930 г. пад прозвішчам перакладчыка) і "Тыдзень" (надрукаваны ў 1930 г. без пазначэння прозвішча перакладчыка).

Навуковы аналіз створаных М. Гарэцкім перакладаў апавяданняў М. Горкага зрабіў Міхась Кенька, які акрэсліў перакладчыцкі метад пісьменніка наступным чынам: "Для перакладаў М. Гарэцкага на беларускую мову характэрна імкненне перакладаць творча, удумліва. Ён настойліва шукаў слова, якое найбольш поўна ўбірала ў сябе сэнс рускага адпаведніка, жыло адным жыццём з усёй фразай. У гэтым пераконваемся, калі супастаўляем пераклады М. Гарэцкага з арыгіналамі, з аналагічнымі перакладамі іншых аўтараў". Здзейснены М. Кенькам аналіз перакладаў М. Гарэцкага яскрава паказвае на выяўленне пісьменнікам-перакладчыкам поўнага спектру перакладчыцкіх здольнасцей — літаратурна-мастацкіх, навукова-даследчых, лінгвістычных і здольнасці да "пераўвасаблення ў перакладаемага аўтара". Гэта не дзіўна, калі, акрамя мастацкага таленту, улічыць шырокае кола творчай і грамадскай дзейнасці М. Гарэцкага і такія якасці яго характару, як адказнасць, мэтанакіраванасць, тактоўнасць і інш.

Пры тым даследчык творчасці М. Гарэцкага Міхась Мушынскі справядліва і своечасова ставіць пытанні выбару ім твораў для перакладу, або перадумоў яго перакладчыцкай дзейнасці: "Якімі мастацкімі крытэрыямі кіраваўся Гарэцкі, вылучаючы з бязмежнага мора расійскага прыгожага пісьменства апавяданні М. Горкага, аповесці Ю. Лібядзінскага, раман А. Фадзеева? Чаму на месцы пералічаных празаікаў не аказаліся імёны тых, у каго ён вучыўся, чый мастацкі вопыт паспяхова засвойваў, напрыклад, Л. Талстога, І. Буніна, А. Чэхава? Ці назіраецца ў ажыццёўленым выбары пэўная заканамернасць? Ці галоўную ролю тут адыгрываў сацыяльны заказ часу, бо гаворка ішла ўсё ж пра творы, у пераважнай большасці сугучныя эпосе барацьбы за ўсталяванне рэвалюцыйных ідэалаў? Атрымаць вычарпальны адказ на пастаўленыя пытанні пакуль што не ўяўляецца магчымым, патрэбны далейшыя сур’ёзныя пошукі, у тым ліку дакументальных матэрыялаў. Але некаторыя папярэднія меркаванні выказаць можна. Так, сацыяльна-грамадская абумоўленасць звароту да твораў М. Горкага, Ю. Лібядзінскага, А. Фадзеева прагляд ваецца даволі выразна. Сапраўды, і Лібядзінскага, і Фадзеева крытыка 20-х гадоў ацэньвала як найбольш таленавітых, найбольш значных прадстаўнікоў маладой савецкай літаратуры. Аўтарытэт Горкага як заснавальніка гэтай літаратуры па-ранейшаму заставаўся бясспрэчным. Нельга забываць і пра тое, што перакладзеныя Гарэцкім на беларускую мову творы выйшлі з друку ў 1930 г., калі пагрозлівая атмасфера вакол пісьменніка ўвесь час згушчалася, а 18 ліпеня таго ж года ён быў арыштаваны. Гэтыя факты наводзяць на думку, што М. Гарэцкі, улічваючы ўсе акалічнасці, мог пагадзіцца з прапановай перакласці творы, якія, магчыма, не адпавядалі цалкам яго светапогляднай арыентацыі, але, па-першае, былі сугучныя тагачасным ідэалагічным устаноўкам. Па-другое, апавяданні Горкага, раман Фадзеева — гэта ў рэшце рэшт не павярхоўная белетрыстыка, не займальная чытаніна, а творы, прыналежныя да класікі рускай літаратуры і высока ацэненыя крытыкай і чытачом".

Акрамя таго, М. Гарэцкі — удзельнік Першай сусветнай вайны (у якасці бамбардзіра-тэлефаніста 2-й батарэі 27-й артылерыйскай брыгады прымаў удзел у зацяжных баях ва Усходняй Прусіі і за мужнасць, праяўленую ў час бою пад г. Аленбургам 27 жніўня 1914 г., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені; праз два месяцы быў цяжка паранены ў нагу і доўга лячыўся ў шпіталях), а Ю. Лібядзінскі і А. Фадзееў — удзельнікі Грамадзянскай вайны, "і яму як аўтару "Сібірскіх абразкоў", "Люстрадзёна", — піша М. Мушынскі, — таксама пабудаваных на асабістых назіраннях, на матэрыяле бягучага жыцця, было цікава паназіраць, як непасрэдныя ўдзельнікі ўвасаблялі свае думкі, перажыванні ў мастацкім вобразе, як яны асэнсоўвалі канкрэтныя факты, з’явы і якой аказалася пабудова гэтых аповесцей і рамана. Прычым паназіраць не на чытацкім, а, як і ў выпадку з апавяданнямі Горкага, на прафесійным узроўні за трансфармацыяй разрозненых фактаў, жывой эмпірыкі ў мастацкую цэласнасць. Не менш актуальным было і другое пытанне: як маладыя савецкія пісьменнікі, носьбіты "перадавога марксісцка-ленінскага светапогляду", практычна ажыццяўлялі ідэалагічную ўстаноўку партыі на стварэнне вобраза новага чалавека, актыўнага, дзейснага, прасякнутага прагай рэвалюцыйнага абнаўлення старога свету, як яны вырашалі праблему народ і інтэлігенцыя. Ды і чыста мастакоўскія аспекты — шляхі станаўлення характару героя, суадносіны грамадскага і асабістага, маральнае аблічча рэвалюцыянера і г. д. — таксама ўяўлялі для беларускага пісьменніка жывы інтарэс.

І тут, несумненна, вопыт новай генерацыі савецкіх празаікаў для Гарэцкага аказаўся зусім не лішнім, бо і "Сібірскія абразкі", і "Люстрадзён", у якіх дзейнічалі сучасныя пісьменніку героі, яшчэ чакалі свайго працягу і завяршэння. Таксама і ў "Камароўскай хроніцы" аўтар выходзіў на актуальныя праблемы, народжаныя супярэчнасцямі новага паслярэвалюцыйнага часу.

Сапраўды, у рамане Фадзеева мы знаходзім багата жорсткай праўды пра Грамадзянскую вайну і партызанскі рух на Далёкім Усходзе. Напрыклад, галоўны герой "Разгрому" Левінсон, калі партызанскі атрад трапіў у цяжкую сітуацыю, ідзе на рабаўніцтва мясцовага насельніцтва, забірае прадукты харчавання, а цяжка параненага партызана Фралова фактычна асуджае на смерць. Быў расстраляны кулак, які выдаў белым Мяцеліцу. Як бачым, партызанская вайна не ідэалізавалася, яна была адлюстравана праўдзіва, у традыцыях рэалістычнага мастацтва. Выключная папулярнасць рамана "Разгром" у чытацкім асяроддзі і высокая ацэнка крытыкі яшчэ раз пераканалі Гарэцкага ў тым, што толькі паслядоўная арыентацыя пісьменніка на вострыя сацыяльныя супярэчнасці, па-грамадзянску смелае адлюстраванне праўды жыцця, раскрыццё канфлікту праз лёсы канкрэтных людзей можа забяспечыць твору надзейны поспех. І яшчэ для рамана Фадзеева былі характэрны адсутнасць дэкларатыўнасці, адказ ад публіцыстычна аголенага раскрыцця тэмы. Пільная ўвага да псіхалагічнага стану героя, да перажыванняў дзеючых асоб і іх асабістых стасункаў (Марозка — Вара — Мечык) таксама дапамагала пісьменніку стварыць глыбока праўдзівы мастацкі дакумент эпохі".

Такім чынам М. Мушынскі тлумачыць сутнасць першай перадумовы перакладчыцкай дзейнасці Максіма Гарэцкага — эмпатыі. Пры тым, у дачыненні да перакладу рамана А. Фадзеева "Разгром", варта дадаць наступнае. Тагачасныя крытыкі "Разгрому" "віталі скіраванасць пісьменніка да “заглыбленага псіхалагізму”", якім вызначаецца таксама творчасць Максіма Гарэцкага. Гэта значыць, што яго эмпатыя да рамана А. Фадзеева мае вельмі важны кампанент — блізкасць творчай манеры, што грунтуецца на блізкасці светаўспрымання і, адпаведна, на блізкасці мастацкага мадэлявання свету, пра што па сутнасці сказаў М. Мушынскі.

І ёсць яшчэ адзін эмпатычны кампанент, не ўлічаны даследчыкам, — суперажыванне М. Гарэцкага герою твора А. Фадзеева Мечыку, які атрымаў цяжкое раненне ног і ляжаў у шпіталі. Акрамя таго, вобраз партызана Фралова, несумненна, таксама быў добра "знаёмы" М. Гарэцкаму — падчас свайго лячэння ў шпіталях ён бачыў падобных людзей і глыбока суперажываў іх трагічным лёсам, што неаднойчы выразіў у арыгінальнай творчасці на ваенную тэматыку. Гэта тое самае "фонавае веданне" — жыццёвы досвед пісьменніка-перакладчыка, якое адыгрывае не апошнюю ролю пры выбары твора для перакладу і падчас працы над ім.

Аднак звернемся непасрэдна да перакладу рамана "Разгром", створанага М. Гарэцкім.

Заўважанае М. Кенькам імкненне пісьменніка-перакладчыка пераствараць апавяданні М. Горкага "творча, удумліва" выразна выяўляецца і ў перакладзе рамана А. Фадзеева. Як і тады, М. Гарэцкі "настойліва шукаў слова, якое найбольш поўна ўбірала ў сябе сэнс рускага адпаведніка, жыло адным жыццём з усёй фразай", чаму ёсць наступныя пацвярджэнні.

Урывак з арыгінала:
"Напевным голоском, как деревенский дьячок, Пика рассказывал о сыне — бывшем красногвардейце. — Да-а… Приходит это он до меня. Я, конешно, сидю на пасеке. Ну, не видались давно, поцеловались — дело понятное. Вижу только, сумный он штой- то… "Я, говорит, батя, в Читу уезжаю". — "Почему такое?.." — "Да там, говорит, батя, чехословаки объявились". — "Ну-к что ж, говорю, чехословаки? Живи здесь; смотри, говорю, благодать-то какая?.." И верно: на пасеке у меня — только шти не рай: березка, знаишь, липа в цвету, пчелки… в-ж-ж… в-ж-ж…".

Пераклад:
"Пявучым галаском, як вясковы дзячок, Піка апавядаў пра сына — былога чырвонагвардзейца. —Та-ак… Прыходзіць гэта ён да мяне. Я, канечне, сядзю на пасецы. Ну, не бачыліся даўно, пацалаваліся — справа вядомая. Бачу толькі, сумны ён штось- ці… "Я, — кажа, — татуль, у Чыту выязджаю". — "Чаму гэта так?.." — "Ды там, — кажа, — татуль, чэхаславакі з’явіліся". — "Ну дык што-ж, — кажу, — чэхаславакі?.. Жыві тут; глядзі, — кажу, — дабрыня якая?.." І праўда: на пасецы ў мяне — як не рай: бярозка, ведаеш, ліпа цвіце, пчолкі… ж-ж-ж… ж-ж-ж…".

У мастацкім творы іншамоўныя, або дыялектныя ці размоўна-бытавыя, як у дадзеным выпадку ў творы А. Фадзеева, элементы з’яўляюцца стылістычным сродкам стварэння мастацкага вобраза. Але падчас перастварэння на блізкароднасную беларускую мову, якая ў сваёй літаратурнай традыцыі мае народна-гутарковую аснову, выкарыстанне падобных тэхнічных прыёмаў або цалкам адпадае, або колькасна і якасна змяншаецца. Захаванне аўтарскага стылю ў такіх выпадках вымагае ад перакладчыка большага творчага пошуку, чым звычайна.

Падкрэсленыя фрагменты тэксту ў прыведзеных прыкладах з арыгінала і перастварэння паказваюць на тыя "падводныя камяні", з якімі сутыкнуўся М. Гарэцкі, і якія не дазволілі яму зрабіць поўнасцю рэлевантны пераклад — ёсць змястоўная і фармальная рэлевантнасць, але з мастацкага боку перастварэнне іррэлевантнае, бо мастацкі вобраз страціў частку сваёй каларытнасці. Віной таму не недахоп літаратурна-мастацкіх і лінгвістычных здольнасцей пісьменніка-перакладчыка, а, кажучы тэхнічнай мовай, супраціўленне матэрыялу.

Арыгінальная фраза "Приходит это он до меня" цалкам не адпавядае літаратурнаму стылю рускай мовы, але адпавядае яе простамоўнаму стылю, таму і была ўжытая аўтарам для характарыстыкі героя твора — вясковага дзядзькі. Аднак у падкрэсленых фрагментах выраз адпавядае і гутарковаму, і літаратурнаму стылю беларускай мовы. Яна не магла быць перакладзена іншым чынам, акрамя як "Прыходзіць гэта ён да мяне", таму страты каларытнасці і адметнасці выказвання былі непазбежныя.

Ужытае ў арыгінале слова "конешно" перадае простамоўны стыль з дапамогай адной літары — "ш" замест "ч", але змененая такім жа чынам літара ў перакладзе не адыграла б такой жа ролі, таму што беларускай мове ўласцівае вымаўленне гэтага слова менавіта як "канешне", і дапускаецца адпаведнае напісанне.

Арыгінальнае слова "сумный" з’яўляецца ўкраінізмам (утворана ад украінскага "сумний", блізкага да беларускага "сумны") і ў перакладзе на беларускую мову не можа выглядаць інакш як "сумны".

Рускае размоўнае слова "батя" таксама паходзіць ад украінскага "батько", падобнага да беларускага "бацька", якое ў адпаведнай рускаму маўленню форме — "баця" было б нязвыклым і выбівалася б з агульнага стылю выказвання. Таму М. Гарэцкаму давялося шукаць нестандартны, але арганічны для беларускай мовы адпаведнік. Выкарыстанае ім слова "татуль" мае памяншальна-ласкальнае адценне, якое не зусім адпавядае выкарыстанаму ў арыгінале слову, але "жыве адным жыццём з усёй фразай".

І, нарэшце, выказванне "только шти не рай". Яго простамоўны стыль стварае неадпаведная рускаму літаратурнаму стылю сінтаксічная канструкцыя і слова "шти", ужытае на ўкраінскі манер. Фармальна рэлевантны пераклад на беларускую мову выглядаў бы як "толькі што не рай" і не надаў бы асаблівага каларыту, зноў жа дзякуючы натуральнасці для беларускай мовы падобнага словаўжывання. Выкарыстаная М. Гарэцкім змястоўна рэлевантная, але фармальна іррэлевантная форма "як не рай" таксама не прыўносіць патрэбнага каларыту, але яна не настолькі пашыраная, як магчымая фармальна рэлевантная канструкцыя фразы.

Такім чынам, частковую рэлевантнасць перастварэння ў дадзеным выпадку вызначылі, кажучы словамі Аляксандра Лукашанца, "адрозненні гістарычных шляхоў развіцця беларускай і рускай літаратурных моў, апора на кніжную традыцыю рускай мовы і, як вынік, наяўнасць вялікага пласта стараславянізмаў, у тым ліку і словаўтваральных, з аднаго боку. А з другога боку, перапынак пісьмовай традыцыі і народна-гутарковая база новай літаратурна-пісьмовай беларускай мовы. Усё гэта прадвызначыла неаднолькавую прадуктыўнасць адных і тых жа словаўтваральных сродкаў у супастаўляльных мовах і розную лексічную спалучальнасць (словаўтваральную валентнасць)".

Выкарыстаная М. Гарэцкім у межах лінгвістычных магчымасцей беларускай мовы перакладная словаўтваральная валентнасць — "здольнасць слова ці фразеалагізма спалучацца з іншымі словамі (фразеалагізмамі)". Дапамагла стварыць яму ў цэлым адэкватны, але часткова рэлевантны пераклад, што дае падставы для адпаведных тэарэтычных разваг.

Адэкватнасць перастварэння — гэта яго стылістычная і сэнсавая адпаведнасць арыгіналу, "функцыянальная раўназначнасць элементаў арыгінала і перакладу. Замена элементаў арыгінала пры перакладзе такім спосабам, каб інварыянтнае падабенства значэнняў і іх стылістычная каштоўнасць былі ідэнтычныя".

Рэлевантнасць перастварэння — адпаведнасць перакладнога тэксту, або яго асобных элементаў, арыгінальнаму, якая разам са стылістычнай і сэнсавай эквівалентнасцю дае практычную і сацыяльную прымяняльнасць перакладу ў іншамоўным і іншакультурным асяроддзі.

Адэкватнасць з’яўляецца галоўнай праблемай і задачай перакладу. Рэлевантнасць — важны кампанент перакладу, які адыгрывае рашаючую ролю ў працэсе чытацкага ўспрымання перакладнога тэксту. Поўная ці частковая адсутнасць рэлевантнасці (іррэлевантнасць) стварае пэўную эстэтычную дыстанцыю паміж перакладным творам і чытачом, нават пры ў цэлым адэкватным перакладзе, які дазваляе мова перакладу.

Але, як відаць з разгледжанага прыкладу перастварэння, іррэлевантнасць можа быць вымушанай, абумоўленай моўнымі законамі і магчымасцямі, у прыватнасці магчымасцямі словаўтваральнай валентнасці мовы перакладу. У такім выпадку яна не з’яўляецца памылкай перакладчыка, не можа ставіцца яму ў віну і не можа быць паказчыкам яго перакладчыцкага метаду і перакладчыцкіх здольнасцей.

Прыведзены вышэй урывак з арыгінала і перакладу выключны для рамана "Разгром". Ніжэй прыводзяцца найбольш характэрныя для перакладчыцкай творчасці Максіма Гарэцкага прыклады.

Арыгінал:
"— Свезешь в отряд Шалдыбы, — сказал Левинсон, протягивая пакет. — На словах передай… впрочем, не надо — там все написано.
Морозка недовольно отвернул голову, заиграл плеткой — ехать не хотелось. Надоели скучные казенные разъезды, никому не нужные пакеты, а больше всего нездешние глаза Левинсона…
"Жулик", — подумал ординарец, обидчиво хлопая веками…".

Пераклад:
"— Завязеш у Шалдыбін атрад, — сказаў Левінсон, даючы пакет. — На сло- вах перакажы… урэшце не трэба — там усё напісана.
— Марозка нездаволена адвярнуў галаву і заняўся махаць бізуном — ехаць не хацелася. Абрыдлі нудныя казённыя раз’езды, нікому непатрэбныя пакеты, а больш за ўсё — нетутэйшыя Левінсонавы вочы…
"Круцель, — падумаў ардынарац, крыўдна лупаючы павекамі…".

Падкрэсленыя фрагменты тэксту паказваюць на змястоўную і мастацкую рэлевантнасць пры фармальнай іррэлевантнасці перакладу, што ўсё разам дае эфект адэкватнага і вельмі добрага з мастацкага боку перастварэння і паказвае найперш на літаратурна-мастацкія здольнасці (якія з’яўляюцца вырашальнымі, дамінуючымі ў перакладчыцкай практыцы пісьменніка), а таксама навукова-даследчыя і лінгвістычныя перакладчыцкія здольнасці М. Гарэцкага.

Разгледзім гэтыя прыклады падрабязна: "отряд Шалдыбы" — "Шалдыбін атрад", "заиграл плеткой" — "заняўся махаць бізуном" — змены сінтаксічных канструкцый у перакладзе, зробленыя, хутчэй за ўсё, з мэтаю наблізіць тэкст да характэрнага для беларусаў стылю маўлення; "надоели" — "абрыдлі", "скучные" — "нудныя" — словы не аднасэнсоўныя, але блізкія паводле сваіх канатыўных значэнняў, прычым пераклад узмацняе псіхалагічную афарбоўку слоў, ужытых у арыгінале. Падобна, што, з пункту гледжання М. Гарэцкага, літаральны пераклад ("надоели" — "надакучылі", "скучные" — "сумныя") быў бы фармальна рэлевантным, але не дастаткова яркім, каб перадаць псіхалагічнае напружанне героя твора.

Трэба сказаць, што калі б у арыгінале замест слоў "надоели" і "скучные" былі ўжытыя адпаведныя беларускім "опротивили" і "нудные", псіхалагічны малюнак толькі б выйграў. Падобнае назіраецца і ў наступным прыкладзе — "жулик" — "круцель", дзе падабранае пісьменнікам-перакладчыкам слова найбольш адпавядае намаляванай аўтарам псіхалагічнай сітуацыі.

У перакладзе М. Гарэцкага сустракаюцца выпадкі, дзе ён дазваляе сабе яшчэ больш "папраўляць" А. Фадзеева, прычым, як гэта ні дзіўна, на карысць твору.

"Он посмотрел на свои тонкие, исхудавшие пальцы, ноги под одеялом, скованные лубками, и старые, загнанные внутрь обиды вспыхнули в нем с новой силой, и душа его сжалась в смятении и боли".

"Ён паглядзеў на свае тонкія, схудзелыя пальцы, ногі пад коўдраю, скутыя лубкамі, і старыя, загнаныя ў нутро крыўды ўспыхнулі ў ім з новаю сілаю, і душа яго сціснулася, як паранены звярок, у балючым непакоі".

Аўтарская фраза "и душа его сжалась в смятении и боли" лаканічна і строга, але дастаткова добра перадае псіхалагічны стан героя твора. У перакладзе — "і душа яго сціснулася, як паранены звярок, у балючым непакоі" мы бачым не проста выразны, а шчымлівы псіхалагічны малюнак, дзе прыўнесеная перакладчыкам мастацкая вобразнасць ("як паранены звярок") і мастацкае пераасэнсаванне ("в смятении и боли" — "у балючым непакоі") пазбаўляюць фразу "лаканічнай строгасці", паглыбляюць псіхалагізм і тым самым садзейнічаюць большаму чытацкаму суперажыванню і лепшаму ўспрыманню твора ў сістэме, вызначанай формулай "пісьменнік-перакладчык — твор — чытач".

Будучы перакладчыкам, М. Гарэцкі не перастаў быць пісьменнікам, і тут дарэчы згадаць пра сувымернасць талентаў падчас "бязлітаснай барацьбы пера- кладчыка з перакладаемым аўтарам" (паводле К. Чукоўскага), калі "буйная індывідуальнасць" перакладчыка "сваёй велічынёй можа падавіць" аўтара (паводле І. Кашкіна).

Прыведзеныя прыклады перакладу, як і ўсе наступныя, якія будуць прапаноўвацца ніжэй, сведчаць пра тое, што М. Гарэцкі ні свядома, ні падсвядома не "змагаўся" з А. Фадзеевым. Абодвум пісьменнікам уласціва рэалістычная манера пісьма і псіхалагічная заглыбленасць мастацкага адлюстравання свету, але творчасць беларускага празаіка робіць адметнай тое, чаго няма ў творчасці рускага — тонкая настраёвасць, пачуццёвасць і лірызм. І менавіта гэтыя якасці ён прыўносіць у твор А. Фадзеева, прычым робіць гэта далікатна, не "па-змагарску", а "па-сяброўску", з уласцівымі яму адказнасцю і тактоўнасцю. Такім чынам, "буйная індывідуальнасць" перакладчыка не падаўляе аўтара, але пакідае свой выразны адбітак.

Акрамя таго, гэты і прааналізаваныя вышэй прыклады перакладу сведчаць пра тое, што М. Гарэцкі не змог ці не захацеў "пераўвасобіцца ў перакладаемага аўтара", бо для гэтага неабходна было пазбавіцца ад уласнай пісьменніцкай адметнасці. Наступны прыклад паказвае, як ён "пераўвасабляецца", але не да канца, ілюструючы аксіёму К. Станіслаўскага, паводле якой "чалавек не можа пераўвасобіцца ў вобраз іншага, поўнасцю адмовіўшыся ад самога сябе, ад сваіх уласцівасцей і якасцей".

Арыгінал:
"Вскоре недостаток продовольствия заставил их выйти в соседнюю долину. В течение нескольких дней отряд метался по улахинским притокам, изнывая в боях и мучительных переходах. Незанятых хуторов оставалось все меньше, каждая крошка хлеба, овса добывалась с боем; вновь и вновь растравлялись раны, не успевшие зажить. Люди черствели, делались суше, молчаливей, злей".

Пераклад:
"Неўзабаве недахоп харчу прымусіў іх выйсці ў суседнюю даліну. У працягу некалькіх дзён атрад кідаўся па улахінскіх прытоках, марнеючы ў баях і цяжкіх пераходах. Незанятых хутароў заставалася ўсё меней, кожная крошка хлеба, аўса здабывалася з боем, ізноў і ізноў растраўляліся раны, не паспеўшы загаіцца. Людзі чарсцвелі, рабіліся няласкавыя, маўклівыя, злосныя".

На першы погляд — поўная рэлевантнасць перакладу. Перакладчык як бы ідзе ўслед за аўтарам, перастварае надзвычай блізка да арыгінальнага тэксту, але ў апошнім сказе, хутчэй за ўсё бессвядома, дапускае змястоўную іррэлевантнасць на ўзроўні тонкіх, амаль няўлоўных сэнсавых адценняў, што не ўплывае на змест і мастацкія асаблівасці прыведзенага ўрыўка ў перакладзе і на адэкватнасць перастварэння, але паказвае розніцу паміж перакладчыцкім і аўтарскім светаўспрыманнем.

У А. Фадзеева — людзі "черствели, делались суше, молчаливей, злей", г.зн. яны раней былі чэрствыя, сухія, маўклівыя і злыя, а перажытыя пакуты дадавалі ім гэтых якасцей яшчэ больш. У М. Гарэцкага — людзі "чарсцвелі, рабіліся няласкавыя, маўклівыя, злосныя", г.зн. раней яны былі ласкавыя, немаўклівыя і нязлосныя, а ваеннае ліхалецце надавала ім адмоўныя якасці і прымушала чарсцвець душой. Акрамя таго, звяртае на сябе ўвагу "замена", створаная М. Гарэцкім, — чалавечую сухасць ён "памяняў" на няласкавасць. Так у перакладзе "сустрэліся" два мастацкія стылі — бескампрамісны сацыялістычны рэалізм і гуманістычна скіраваны "экзістэнцыялізаваны рэалізм" (паводле Т. Тарасавай), а таксама дзве мастацкія мадэлі свету, адна з якіх дазваляе бачыць і адлюстроўваць або толькі чорнае, або белае, а другая дапускае рознакаляровасць, паўтоны і адценні.

Між тым, у перакладзе "Разгрому" нярэдкія выпадкі поўнай рэлевантнасці перастварэння, напрыклад:
"Мечик не смотрел на него, даже не слушал, но с каждым его словом что-то тихо вздрагивало в нем, словно чьи-то робкие пальцы обрывали в душе с живого стебля уже завядшие листья. "Все это кончилось и никогда не вернется…" — думал Мечик, и ему жаль было своих завядших листьев".
"Мечык не глядзеў на яго, нават не слухаў, але з кожным яго словам нешта ціха здрыгвалася ў ім, нібы нечыя нясмелыя пальцы ірвалі ў душы з жывога яшчэ сцябла звялае ўжо лісце. "Усё гэта скончылася і ніколі не вернецца…" — думаў Мечык, і яму шкода было свайго вялага лісця".

Тут поўная рэлевантнасць была "забяспечана" нячастай для А. Фадзеева і абавязковай для М. Гарэцкага яскравай мастацкай вобразнасцю. Створаны аўтарам малюнак "лёг на душу" пісьменніку-перакладчыку, цалкам супаў з яго светабачаннем і таму атрымаў абсалютна дакладнае адлюстраванне.

Вось яшчэ адно пацвярджэнне таму, што светаўспрыманне і мастацкае мадэляванне аўтара і перакладчыка ў пэўных эпізодах супадала і мела вынікам поўную рэлевантнасць перакладу:
"Губы его дрогнули, и он заморгал быстро-быстро, удерживая слезы, но они не послушались и потекли, крупные и частые, расползаясь по лицу. Он с головой закрылся одеялом и, не сдерживаясь больше, заплакал тихо-тихо, стараясь не дрожать и не всхлипывать, чтобы никто не заметил его слабости". "Вусны яго здрыгнуліся, і ён заміргаў шыбка-шыбка, устрымліваючы слёзы, але яны не слухалі і пацяклі, буйныя і частыя, распаўзаючыся па твары. Ён з галавою закрыўся коўдраю і, не стрымліваючыся болей, заплакаў ціха-ціха, намагаючыся не дрыжэць і не хліпаць, каб ніхто не заўважыў яго слабасці".

Тое ж самае і ў наступным прыкладзе перастварэння партрэтнага малюнка:
"Этот человек минуты не мог просидеть спокойно — весь был огонь и движение, и хищные его глаза всегда горели ненасытным желанием кого-то догонять и драться". "Гэты чалавек хвіліны не мог прасядзець спакойна — увесь быў агонь і рух, і драпежныя вочы ў яго заўсёды гарэлі ненасытным жаданнем некага наганяць і біцца".

Поўная рэлевантнасць перастварэння паказвае на выяўленне перакладчыцкай здольнасці да пераўвасаблення, аднак на гэту здольнасць паказваюць і выпадкі, дзе ёсць частковая рэлевантнасць — найбольш характэрнае для перакладчыцкай манеры М. Гарэцкага спалучэнне змястоўнай і мастацкай рэлевантнасці з фармальнай іррэлевантнасцю, што ілюструюць прыведзеныя вышэй прыклады.

Пры тым неабходна пакрэсліць, перафразуючы аксіёму К. Станіслаўскага, што, пісьменнік-перакладчык не можа поўнасцю пераўвасобіцца ў перакладаемага аўтара, цалкам адмовіўшыся ад самога сябе, ад сваіх творчых уласцівасцей і якасцей, а таксама ад уласнага светапогляду і манеры мастацкага мадэлявання свету.

Вольгв Губская

Трактоўкі рамана М. Гарэцкага "Віленскія камунары"
(1931–1932) у беларускім літаратуразнаўстве

Гэты артыкул у сістэматызаваным выглядзе адлюстроўвае намаганні даследчыкаў-літаратуразнаўцаў аднавіць імя М. Гарэцкага для беларускай літаратуры пасля афіцыйнай рэабілітацыі пісьменніка. Для прыкладу разглядаюцца розныя трактоўкі рамана М. Гарэцкага "Віленскія камунары" ў беларускім літаратуразнаўстве. У артыкуле ў храналагічнай паслядоўнасці выкладзены пазіцыі даследчыкаў у дачыненні да жанравай структуры і вобразаў вышэй названага твора. Акцэнтуецца ўвага на шырыні дыяпазону поглядаў на раман: ад рамана-хронікі, гістарычнага рамана пра рэвалюцыю да першага ў беларускай літаратуры поліфанічнага рамана з элементамі хранікальнага, апісальнага, плутаўскога, авантурна-прыгодніцкага і разам з тым рэалістычнага пісьма.

Уводзіны

"Не шкадуючы сіл рабіць усë магчымае і нават немагчымае ў высакароднай справе адраджэння нацыянальнай культуры, у распаўсюджванні ведаў пра беларускі край, пра яго выдатных сыноў, што прысвяцілі сваë жыццë слугаванню Бацькаўшчыне. Рабіць шчыра, сумленна, з поўнай душэўнай аддачай, не наракаючы на цяжкасці і не чакаючы ўзнагарод", – такімі былі словы запавету М. Гарэцкага, чалавека, што з прычыны палітычнай сітуацыі, якая ўзнікла ў 30-я гады, пражыў у больш-менш нармальных умовах са сваіх амаль 45 гадоў толькі 13 год.

Агульнавядома, што арышт пісьменніка ў 1930 годзе стаў сур’ёзнай перашкодай для яго літаратурнай дзейнасці: імя М. Гарэцкага было выкраслена з літаратуры, творы забаронены, а вывучэнне спадчыны на пэўны час было спынена.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

Неабходнасць нанава перачытаць творчую спадчыну М. Гарэцкага адзначаў Д. Бугаëў у артыкуле "Аплачана жыццëм" (2003). "Цяпер гэта становіцца і пільна неабходным, і, што не менш важна, магчымым, бо сам час не толькі па-новаму высвечвае вялікасную ў ягоным падзвіжніцтве, трагедыйна-пакутніцкую ў самаадданым служэнні Бацькаўшчыне постаць пісьменніка, але і дазваляе гаварыць пра ўсë зробленае ім, без аглядкі на яшчэ нядаўна непарушныя ідэалагічныя догмы і тыя жорсткія цэнзурныя забароны, якія раней вельмі моцна абмяжоўвалі даследчыкаў, а ў нечым і проста скоўвалі іх, вымушаючы на яўныя недагаворкі, свядомыя ўмаўчанні і іншую эквілібрыстыку, ад якой напакутаваліся ўсе, хто хоць трохі думаў пра сваю адказнасць перад чытачом і яе вялікасцю Праўдай".

Трэба выказаць словы павагі тым даследчыкам, якія першымі ўзяліся за аднаўленне, а у нейкай ступені і новае адкрыццё гэтага імя беларускім чытачам, што было не толькі нялёгка, але і рызыкоўна.

Звернемся да кнігі М. Мушынскага "Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі", у якой ён апавядае пра спробу літаратуразнаўцаў яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны выкарыстаць прадуктыўныя ідэі Гарэцкага-даследчыка без спасылак на яго імя. "Напрыклад, – узгадвае М. Мушынскі, – М. Ларчанка ў артыкулах і ў праграме курса па гісторыі беларускай літаратуры ўслед за М. Гарэцкім высока ацэньвае творчасць Ф. Багушэвіча. Аднак смелыя спробы "вяртання" ў беларускае літаратуразнаўства аб’ектыўных ацэнак Гарэцкага-даследчыка былі адразу перапынены вульгарызатарскай крытыкай". Даследчыкам 1960-х гадоў трэба было пераадолець немалыя перашкоды, каб не толькі вярнуць імя вялікага беларускага пісьменніка ў літаратуру, але і надаць новае жыццё яго творам. (Першым творам, надрукаваным пасля рэабілітацыі пісьменніка (19 снежня 1959 года, газета "Літаратура і мастацтва"), было апавяданне "Стары прафесар" з кнігі "Досвіткі" (1926 )).

Задача артыкула – у сістэматызаваным выглядзе (згодна з храналагічнай паслядоўнасцю) паказаць варыянты трактовак жанравай структуры і сістэмы вобразаў герояў у рамане М. Гарэцкага "Віленскія камунары". Агляд пазіцый літаратуразнаўцаў па дадзеным пытанні пачынаецца з аналізу прац 1959 года – часу рэабілітацыі М. Гарэцкага. Падкрэсліваецца, што галоўнай задачай даследчыкаў той пары была спроба аднавіць імя беларускага пісьменніка М. Гарэцкага, які з прычыны палітычных абставін 1930-х гадоў быў выкраслены з літаратуры.

Гісторыю выхаду ў свет рамана "Віленскія камунары" можна пачаць з ліста Гаўрылы Іванавіча, брата пісьменніка, да Леанілы Усцінаўны і Галіны Максімаўны, жонкі і дачкі М. Гарэцкага, які быў напісаны ў студзені 1958 года. Згадкі пра гэты ліст можна зноў жа знайсці ў вышэйназванай кнізе М. Мушынскага. Як сведчыць даследчык, у гэтым лісце Г. Гарэцкі прапануе Леаніле Усцінаўне і Галіне Максімаўне "звязацца з П. Глебкам, каб пагаварыць з ім наконт магчымай публікацыі рамана "Віленскія камунары" і іншых твораў М. Гарэцкага".

Аднак, як вядома, у першы збор твораў М. Гарэцкага, якім было "Выбранае" (1960), раман "Віленскія камунары" не быў уключаны, і гэта не выпадкова, бо "табу" на імя пісьменніка, якое дзейнічала амаль чвэрць стагоддзя, не магло не адбіцца на поглядах рэдактараў і даследчыкаў. Першы збор твораў "Выбранае" суправаджала асцярожная прадмова даследчыка А. Семяновіча, у якой мы чытаем: "Літаратурная спадчына Максіма Гарэцкага невялікая. Яна складаецца з якіх двух дзесяткаў апавяданняў, некалькіх аповесцей, запісак і шэрагу невялікіх сцэнічных твораў. Яго пяру належыць таксама літаратуразнаўчая праца "Гісторыя беларускае літаратуры" (Вільня,1920; Мінск, 1924, 1926 гг.)… Шмат якія творы М. Гарэцкага для нашага часу гучаць ужо архаічна, яны не могуць задаволіць сучаснага чытача ні сваім зместам, ні эстэтычнымі якасцямі". Як бачым, даследчыкам істотна заніжаны вартасці твораў М. Гарэцкага; зусім не згадваюцца раманы "Віленскія камунары", "Камароўская хроніка", драматызаваная аповесць "Антон", публіцыстычныя творы, перакладчыцкая, педагагічная дзейнасць пісьменніка.

Даследчыкі разумелі сапраўдную каштоўнасць творчасці М. Гарэцкага, працавалі настойліва і рупліва, і насуперак усім перашкодам у 1963 годзе ў часопісе "Полымя" ўбачыў свет раман М. Гарэцкага "Віленскія камунары" (1931–1932). Аўтарам прадмовы быў М. Лужанін, які прысвяціў М. Гарэцкаму наступныя словы: "Мы, у першую чаргу літаратары, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, як след яшчэ не прачыталі Гарэцкага. А пара б перадаць яго творы чытачу са справядлівай ацэнкай іх, фактаў літаратуры, цвяроза суаднесеных да часу стварэння і часу новага прачытання. Пара, каб гэты мастак буйнога, сапраўды-такі "самароднага", не падобнага на нічый іншы, таленту стаў на сваё заслужанае, але так і не здабытае пры жыцці месца", – такія словы суправаджалі першы выхад у свет рамана "Віленскія камунары". 6 траўня 1964 года секцыя перакладчыкаў ССП праводзіла пасяджэнне, прысвечанае чытанню перакладу "Віленскіх камунараў". На гэта мерапрыемства быў запрошаны брат М. Гарэцкага – Г. Гарэцкі. У яго лісце да Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай і Галіны Гарэцкай чытаем: "А. Р. Гатаў [А. Р. Гатаў – рускі пісьменнік, перакладчык “Віленскіх камунараў” на рускую мову. – Камент. В. Г.] сказаў караценькую ўступную прамову і прачытаў 6–7 кавалкаў, пераважна з першае часткі… Потым папрасілі мяне сказаць пра брата. Гаварыў я караценька аб месцы “Віленскіх камунараў” у літаратурнай творчасці Максіма. Адзначыў, што гэты раман як бы мадэль вялікай эпапеі “Камароўскай хронікі”.

Потым гаварыў перакладчык Дораў [Дораўрускі перакладчык. – Камент. В. Г.]. Ён адзначыў станоўчыя бакі рамана, але выказаў думку аб невыразнасці далейшага лёсу Мацея Мышкі. Ён застаўся ў Вільні як абываталь, без азначанай палітычнай мэты. Дораў раіў нават перарабіць канец… (!?)

Затым цёплую прамову сказаў Гарбачоў [Гарбачоў М. В. – рускі пісьменнік, перакладчык. – Камент. В. Г.], беларускі пісьменнік і перакладчык з Віцебшчыны, неафіцыйны прадстаўнік беларускай літаратуры ў Маскве…

Гарбачоў адзначыў, што “Віленскія камунары” належаць да рэдкіх твораў пра рэвалюцыю, яе першыя крокі на ўскраіне Расійскай імперыі, мастацкую праўдзівасць твора, амаль дакументальнасць, лёс чатырох пакаленняў і прыход апошняга пакалення да Кастрычніка; неабходнасць пазнаёміць рускага чытача з творчасцю аднаго з пачынальнікаў беларускай прозы…

Апошнім выступаў Аўг. Сям. Мазалькоў. Ён казаў, што Максім – яго настаўнік, па “Гісторыі беларускае літаратуры” яго ён вучыўся… Мазалькоў станоўча ацаніў “Віленскіх камунараў”. Ён адзначыў, што Максім першы напісаў беларускі раман “Дзве душы”, раней Якуба Коласа; што Максім – арыгінальны пісьменнік, імя якога ў часе культу было пад забаронай; выданне “Віленскіх камунараў” на рускай мове – як бы новае нараджэнне пісьменніка, зварот яго савецкай грамадскасці, і што гэта – самае важнае.

Ну, вось і ўся мая кароценькая справаздача. Мы з Лараю былі рады, што імя Максіма не баяцца гаварыць уголас, з пашанаю, без зняважлівых лаянак і заўваг. Але прапанова Дорава здалася нам недарэчным напамінкам, што крытыку тыпу вось такіх шуканняў заганы яшчэ трэба чакаць".

Гэты ліст не толькі паказвае нам, як савецкая крытыка ўспрыняла раман адразу пасля выхаду ў свет, але і ілюструе логіку фарміравання адносін да твора. Твор савецкай літаратуры абавязкова павінен быў пракламаваць дзяржаўныя ідэі, пазіцыя героя мусіла быць дакладна акрэсленай і прадвызначанай. Гэтай пазіцыі дзеля вяртання імя вялікага пісьменніка на літаратурную ніву і прытрымліваліся даследчыкі творчасці М. Гарэцкага.

Так, Ю. Пшыркоў у артыкуле "Максім Гарэцкі і яго раман "Віленскія камунары", матэрыял для якога быў напісаны ў 1965 годзе, выказваў наступную думку: "Адной з важнейшых эстэтычных праблем літаратуры сацыялістычнага рэалізму з’яўляецца стварэнне вобраза камуніста, чалавека-змагара і пераўтваральніка жыцця на новых сацыяльных і палітычных асновах… [вылучана мною. – В. Г.]. Свой плённы ўклад у распрацоўку названай праблемы зрабіў і Максім Гарэцкі. Вобразы камуністаў у яго рамане не схема, а жывыя людзі, і ў гэтым вялікая паэтычная прыгажосць і сацыяльная значымасць "Віленскіх камунараў"… "Віленскія камунары" – раман гістарычны. Аўтар адлюстраваў адзін з найбольш важных і рашаючых этапаў у барацьбе беларускага і літоўскага народаў за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі. Ён апісаў рэальныя гістарычныя падзеі, паказаў сапраўдных удзельнікаў".

Суровай летапіснай праўдай пра тое, як беларускі і літоўскі народы змагаліся за Кастрычнік, называў раман "Віленскія камунары" і Б. Сачанка.

У 1968 годзе высока ацаніў раман "Віленскія камунары" Д. Бугаëў (у першай пасля рэабілітацыі пісьменніка манаграфічнай працы, якая так і называлася – "Максім Гарэцкі").

У 1971 годзе М. Мушынскі, працуючы над калектыўным выданнем "Беларуская савецкая проза: раман і аповесць", у дачыненні да творчасці М. Гарэцкага адзначаў наступнае: "У першай палове 30-х гг. выяўляюцца адчувальныя сімптомы ўтварэння яшчэ адной жанравай формы, іншай тыпалагічнай разнавіднасці, шмат у чым адрознай, непадобнай на дынамічны, вострасюжэтны раман ["Вязьмо" М. Зарэцкага, "Дужасць" Б. Мікуліча. – М. М.]. Мы маем на ўвазе творы, у якіх назіраецца ўзмацненне эпічных тэндэнцый, адбываецца эпізацыя жанру рамана. Гэты працэс можна прасачыць на прыкладзе раманаў "Праз гады" П. Галавача, "Бацькаўшчына" К. Чорнага, "Віленскія камунары" і "Камароўская хроніка" М. Гарэцкага".

Такім чынам становіцца зразумелым, што імкненне разглядзець ідэю твора "Віленскія камунары" праз непарыўную сувязь з рэвалюцыяй, акцэнт на дакументальнасць і дакладнасць адлюстравання падзей – гэта імператыў часу. Відавочна, што ў 1970-я гады больш пэўнымі зрабіліся ацэнкі рамана з увагай да яго жанравай структуры, паслядоўныя спробы ўвесці яго ў агульналітаратурны кантэкст, супаставіць з творамі іншых раманістаў, падкрэсліць жанравае наватарства М. Гарэцкага.

Безумоўна, нельга абмяжоўваць ролю рамана толькі тым, што аўтар паказаў станаўленне працоўнага чалавека суб’ектам гісторыі, адлюстраваў набыццё ім сацыяльнай і палітычнай значымасці. М. Мушынскі адзначыў: "Сённяшнія ацэнкі рамана павінны вынікаць не з меркаванняў палітычнага характару, а з аб’ектыўнага вывучэння вобразнай сістэмы твора". Гэта выказванне трэба разглядаць не як прапанову, а як канцэпцыю пры доследзе і вывучэнні рамана "Віленскія камунары", чым, па сутнасці, і пачалі займацца даследчыкі ў работах новага тысячагоддзя.

Новы акцэнт пры аналізе рамана "Віленскія камунары" зрабіў І. Чыгрын. У сваёй кнізе "Паміж былым і будучым", выдадзенай у 2003 годзе, ён разглядае раман М. Гарэцкага "Віленскія камунары" па-новаму, па-за старой ідэалогіяй. Так, абсалютна прымаючы думку аб тым, што мэтай твора было адлюстраванне максімальна аб’ектыўнай карціны рэчаіснасці, даследчык звяртае пільную ўвагу на звычайны статыстычны факт – урывак з рамана, які дае нам звесткі пра колькасць фабрычна-заводскіх рабочых у Вільні з падрабязным пералікам тых спецыяльнасцей, па якіх яны працавалі, і, безумоўна, пра тое, што паўсюль сталі з’яўляцца рэвалюцыйныя гурткі. Адсюль даследчык робіць вывад: не было ў Вільні грунтоўнай глебы для зараджэння падобнага руху, аргументуючы сваю думку тым, што "большасць у Вільні (а па Беларусі ў цэлым, трэба думаць, і большы працэнт назбіраўся) сярод рабочых былі рамеснікі. А гэта нават паводле ленінскай тэорыі рэвалюцыі (маўляў, асноўнай рухаючай сілай з’яўляецца прамысловы пралетарыят) азначае ў сваю чаргу не што іншае, як тое, што ў нашым краі належнай глебы да ажыццяўлення рэвалюцыі не мелася. Ва ўсякім разе сацыялістычная рэвалюцыя была тут справай дачаснай".

Далей І. Чыгрын разважае пра вобразы камунараў – хто яны, якія патрабаванні да жыцця выстаўлялі, чаго дабіваліся? Даследчык закранае праблему "прысланых людзей", "людзей-схем" (у чым, дарэчы, можна бачыць супярэчанне Пшыркову), адзначае адзяленне герояў твора на дзве групы – людзей-манекенаў ці, як піша І. Чыгрын, ахвяр тэорыі, і звычайных жывых людзей. Менавіта ў гэтым, на думку даследчыка, і заключана асноўная праўда гістарычнага моманту: паводле чалавечай сутнасці адны героі не столькі блізкія са сваімі супольнікамі, колькі супрацьстаяць ім, хоць па вялікім рахунку закліканы рабіць адну і тую ж справу, рухацца да адных і тых жа мэт. Безумоўна, у гэтых разважаннях адчуваецца вольналюбівы настрой літаратуразнаўства пачатку XXI стагоддзя.

На фоне разважанняў даследчыка над вобразамі камуністаў як людзей прысланых хочацца адзначыць пазіцыю Д. Бугаёва, змешчаную ў кнізе "Праўда і мужнасць таленту" (1995). Д. Бугаёў выказвае, на першы погляд, не зусім характэрную для часу "перабудовы" думку: "У адным з нядаўніх выступленняў давялося пачуць, нібыта пісьменнік (і якраз у "Віленскіх камунарах") паказаў заганнасць камуністаў, надоўга апярэдзіўшы ў іх крытыцы самога А. Салжаніцына. Але гэта ўжо з галіны новых міфаў, у якіх М. Гарэцкі менш за ўсё мае патрэбу.

Нават пры самым беглым чытанні нельга не заўважыць, што ў рамане "Віленскія камунары" менавіта камуністы, усе без выключэння, паказаны станоўча, як людзі гераічнага дзеяння і высокіх памкненняў, гатовыя аддаць сваё жыццё за свае перакананні. "Слава герою!" – так завяршаецца апавяданне пра трагічны лёс камуніста Кобака. І гэтыя словы выяўляюць галоўную сутнасць, квінтэсенцыю таго пачуцця, з якім глядзіць на віленскіх камунараў Мацей Мышка.

Уважліва прачытаўшы раман "Віленскія камунары", складана не пагадзіцца з Д. Бугаёвым у тым, што герой Гарэцкага на самой справе шчыра захапляецца вобразамі "сваіх", менавіта "сваіх" камуністаў, бо гэта былі маладыя людзі з палымяным сэрцам (магчыма, такім быў і сам Гарэцкі падчас рэвалюцыі), якія шчыра верылі ў ідэю роўнасці і ўскладалі надзеі на людзей, якія абяцалі знішчыць несправядлівасць старога ладу і пабудаваць новае жыццё, заснаванае на ідэі вялікага гуманізму.

І. Чыгрын жа прапануе сканцэнтраваць увагу на праблеме развіцця нацыянальнага руху. У яго кнізе мы можам прачытаць: "Важным момантам рэальнага стану рэчаў у краі быў, несумненна, нацыянальны рух, пра што ў творы Максіма Гарэцкага, нягледзячы на канкрэтную тэматычную (сацыялістычная рэвалюцыя і рабочы клас) зададзенасць, гаворыцца вельмі выразна і пра што крытыка недаравальна маўчыць. Гэта якраз той аспект, які рэальна можа дапамагчы выразней акрэсліць ідэйную накіраванасць твора".

Адмысловыя спробы "апраўдаць" Гарэцкага за залішняе захапленне дакументальнасцю, "якая дзе-нідзе яўна, нават груба публіцыстычна выступае з-пад мастацкіх фарбаў "Віленскіх камунараў" рабіў і Алесь Адамовіч (яго праца пра М. Гарэцкага створана яшчэ ў савецкі перыяд), быццам у апраўданне называючы гэты прыём "сведчаннем некаторай незакончанасці, недапрацаванасці, усё яшчэ нявынашанасці твора, нават паспешлівасці". Аднак здаецца, што А. Адамовіч на самой справе добра разумеў – М. Гарэцкага не трэба "апраўдываць", яго творы трэба ўважліва вычытваць. У сваëй кнізе "Браму скарбаў сваіх адчыняю" (1980) ëн пісаў: "А колькі скарбаў у гэтай спадчыне, пакінутай М. Гарэцкім, яшчэ не разгледзелі мы, не вывучылі, не ацанілі па-сапраўднаму. <…> Не ўдакладніўшы месца М. Гарэцкага ў агульным працэсе развіцця беларускай і савецкай літаратуры, немагчыма правільна ўбачыць і ацаніць сам гэты працэс".

Але гэта задача была на будучыню, у 1970-я гады трэба было вярнуць М. Гарэцкага ў савецкую літаратуру, і рабіць гэта трэба было асцярожна і памяркоўна.

Усе прыведзеныя высновы крытыкі дадаткова "тлумачаць" словы самога аўтара, які 10 снежня 1931 года напісаў: "Канчаю апрацоўваць “Камунараў”. Цяжка мне іх пісаць для друку, усё баюся, як не зрабіць якой памылкі ў асвятленні". Задачай даследчыкаў якраз-такі і з’яўляецца дайсці да разумення таго, якую ж памылку баяўся зрабіць Гарэцкі, і што на самой справе было прадметам яго асвятлення. "Тым вышэй творчы подзвіг Гарэцкага-пісьменніка, калі ён выйшаў пераможцам у няпростым змаганні з умовамі паднявольнага існавання і складанасцю матэрыялу, пакладзенага ў аснову твора. Перамога выйшла ў выніку смелага творчага рашэння многіх мастацкіх задач.

Так, напрыклад, выбар галоўнага героя і формы аповеду – ад яго імя – прадыктаваны імкненнем аўтара замаскіраваць ад пільнага цэнзарскага вока свой уласны пункт гледжання, у тым ліку і ўласнае разуменне рэвалюцыі, схавацца за героя апавядальніка", – адзначае М. Мушынскі.

Менавіта таму вобраз Мацея Мышкі – галоўнага героя твора – выклікае вялікую цікавасць даследчыкаў. Збіральная характарыстыка водгукаў на вобраз можа выглядаць наступным чынам: патомак былога прыгоннага, чалавек сялянскага паходжання, які з цягам часу стане "тыповым прадстаўніком рабочага класа, які потым перарасце ў камуніста, чалавека-змагара і пераўтваральніка жыцця на новых сацыяльных і палітычных асновах". А на той момант ён усяго толькі, як адзначаў І. Чыгрын, "дзівак з мізэрным прозвішчам Мышка", "непасрэдны", "капрызны і ўпарты", які не мае трывалай палітычнай пазіцыі. Пры ўсім гэтым даследчыкі сыходзяцца на думцы, што гэта збіральны вобраз, цалкам падпарадкаваны гісторыі ці, як вызначыў М. Мушынскі, "носьбіт адбітку гістарычнага вопыту мінулага".

Вобраз бунтарскі, і менавіта гэта здольнасць Мацея Мышкі "не трываць" выклікала ў даследчыкаў розначытанні. Так, адны сцвярджалі, што Мацей "ад стыхійнага пратэсту прыйдзе да разумення неабходнасці згуртаванай барацьбы пад кіраўніцтвам камуністаў" (Мушынскі М., 1984 год) і стане свядомым і актыўным барацьбітом за новае жыццё (Бугаёў Д., 1968 год), другія сумняваліся ў Мацеевай здольнасці свядомай ацэнкі рэчаіснасці і наяўнасці трывалага погляду на гістарычную сітуацыю па прычыне адсутнасці рацыянальнага падыходу да рэчаіснасці і стыхійнага характару мыслення (І. Чыгрын, 2003 год).

На стыхійны характар удзелу беларуса ў барацьбе звяртае ўвагу і Алесь Адамовіч у 1975 годзе, знаходзячы такія дзеянні часам "гарачымі" і "бяздумна-безагляднымі", а значыць мала апраўданымі, нягледзячы на сілу супраціўлення. "Супраць людзей такога тэмпераменту, такога складу характару бязлітасна дзейнічае "закон гістарычнага бумерангу", – сцвярджаў А. Адамовіч. – Бо актыўнічаюць Мышкі часцей за ўсё – як узрываюцца. Калі ўжо больш цярпець не можна. Без патрэбнай гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. Дорага, заўсёды вельмі ж дорага абыходзіцца такім людзям, як Мышкі, "удзел у гісторыі". Жывуць яны гістарычным жыццём не пастаянна, а імпульсіўна, "час ад часу". Адштурхнуць "бумеранг" і зноў пагружаюцца ў паўсядзёншчыну, у клопаты, справы, думкі свае, а ён вернецца ды так стукне! І зноў нечакана". Але ж Мацей, як бачыць Адамовіч, герой перспектыўны, які актыўна бярэ ўрокі ў гісторыі, а значыць будучае за імі – рэальнымі людзьмі, энергія якіх падпітана бунтарскім вопытам продкаў.

Відавочна, што вобраз Мацея Мышкі дастаткова складаны, у яго стварэнне Гарэцкі заклаў не толькі свой творчы вопыт, але і жыццёвы. І адказаць гэтым вобразам імкнуўся не толькі на пытанне "што рабіць?", але і спрабаваў указаць на тое, з чым трэба змагацца. І не выпадкова герой твора такі непасрэдны капрызны дзівак з камічна бунтарскім мінулым, і не выпадкова, як трапна заўважаў А. Адамовіч, адчуваецца ў творы рука "Пісарэвіча" [11, 288].

Неардынарнасць вобраза Мацея Мышкі і нестандартнасць самога рамана адзначаў таксама М. Стральцоў. У адным са сваіх артыкулаў ён пісаў: "Вось жа жыве, доўжыцца ў нацыянальнай свядомасці і часе гэтая немудрагелістая, нават праставатая хроніка, гаротная адысея непаўторнага Мацея Мышкі, такога жывога да асязальнасці беларуса "…" Вось прыклад кнігі па-сапраўднаму сацыяльна дакладнай, рэвалюцыйна-пафаснай, да здзіўлення проста зробленай на матэрыяле то бытавым, то любоўным, на дакуменце то адозвы, то газеты, на фактах сямейнага летапісу, на ледзь не анекдатычнай прыгодзе, а наогул на калабруньёнаўскім адчуванні будзённага дня як дня гістарычна-непаўторнага, сацыяльна- і грамадска-дзейснага, гістарычна-аптымістычнага. Вось прыклад смелага, невучнёўскага абыходжання з жанрам, які жыве не толькі на ўзроўні падзеі ці героя, але і як бы з аглядкай, з пасміханнем на літаратурную традыцыю, на сюжэт то авантурны, то куртуазны (памятаеце душачку Юзю?), на ідылічную сямейную хроніку з добрымі "бацюшкамі" і "матушкамі", а наогул жа вы адчуваеце, што аўтару ў мастацкай свабодзе ягонай карціць пагарэзіць дзе-нідзе то з маскай якога-небудзь Тома Джонса-знайдыша, то беднага Бапрэ, які, як вядома, у айчызне сваёй быў цырульнікам, пасля ў Прусіі салдатам і г. д. "…" І жыве, і трапечацца, і сумуе, і смяецца, і задумваецца, і пратэстуе, і цягнецца да зброі разам з героем Мышкам жыццёва паўнакроўная народная стыхія, і мы ахвотна пасля гэтага даруем аўтару і эскізнасць некаторых старонак, і несуразмернасць там-сям прыватнага і галоўнага, і замаруджанасць у некаторых выпадках самога апавядання".

Л. Корань (у артыкуле 1996 г.) развіла гэта меркаванне, якое яскрава кантрастуе з агульнапрынятым большасцю даследчыкаў поглядам як на галоўнага героя, так і на сам твор. Разважаючы над "крытычнымі інтэрпрэтацыямі" твора ў савецкія часы, Л. Корань пісала аб вымушанай гісторыка-рэвалюцыйнай трактоўцы зместу "Віленскіх камунараў". "Адсюль, – рабіла вывад Л. Корань, – пэўны камізм шэраговых інтэрпрэтацый "Віленскіх камунараў", бо добразычлівыя крытыкі мусілі рабіць М. Гарэцкага ў сэнсе ідэалогіі, так сказаць, свяцейшым за папу рымскага, а ў сэнсе эстэтыкі – кандовым панарамным эпікам – сацрэалістам".

Атрымліваецца, што тыя недахопы рамана, на якія часам указваюць даследчыкі, можна назваць недахопамі першаснага, актуальнага для 1960-х гг. прачытання. Ці, як дакладна адзначыла Л. Корань, такія "недахопы рамана ёсць толькі натуральныя рысы ягонай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры; і зразумела, што "несуразмернаць там-сям прыватнага і галоўнага" ў вуснах Стральцова маскіруе перад цэнзураю іменна тую абсалютную дэсакралізацыю пэўнага "рэвалюцыйнага пафасу", якая пануе ў рамане Максіма Гарэцкага і якая сцвярджае Гарэцкага сапраўдным мастаком, аўтарам рукапісаў, якія не гараць". Раман і ў наш час не пакідае пасля прачытання адназначнага ўражання, а яго змест не мае адназначнай трактоўкі.

Вывады

Гарэцкі стварае такую літаратурную прастору, якая дае нам магчымасць быць удзельнікамі складанай літаратурнай падзеі пад назвай "твор", прыводзіць да разумення таго, што неабходна схіліцца да аналізу не толькі падзей унутры сюжэта, але і вынесці гэтыя падзеі з-за межаў твора, каб увесці ў гістарычны кантэкст. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да адчування прысутнасці ў рамане двух апавядальнікаў, двух галасоў – голасу пісьменніка і голасу героя М. Мышкі, якія існуюць паралельна і пры гэтым гарманічна.

Жанр рамана "Віленскія камунары" М. Гарэцкага незвычайны, сінкрэтычны: у ім спалучаюцца рысы пісьма паслядоўна-хранікальнага, апісальнага, своеасаблівай сямейнай сагі, а таксама авантурна-прыгодніцкага, плутаўскога, і разам з тым рэалістычнага, з тыповымі вобразамі і сітуацыямі, з сацыяльнай дэтэрмінаванасцю і гістарызмам. Наяўнасць гэтых асаблівасцяў разам з новым для беларускай літаратуры існаваннем у мастацкім творы двух "свядомасцяў", двух "галасоў" і ёсць тая стылявая поліфанія, якая робіць раман М. Гарэцкага "Віленскія камунары" ўнікальным.

Ларыса Цімошык

Душа Максіма Гарэцкага

Ён пісаў пра дзве душы. Адна з іх — жыла, перажывала, пакутавала, асэнсоўвала і паказвала, што ёсць. Другая — адкрылася праз яго творы, якія даходзілі да чытача гэтак жа пакутліва, як ішло яго жыццё, але ў мастацкім выяўленні, дзе ў літаратурнай душы растворана душа цэлага народа, які праходзіў свой шлях выспявання, а можа, праходзіць і зараз. Да 120-годдзя пісьменніка Максіма Гарэцкага сёлета былі прымеркаваны "Гарэцкія чытанні", дзе грамадскія дзеячы, навукоўцы і літаратары разважалі пра тое, чым актуальны Гарэцкі сёння. Актуальны, таму што ў адной асобе спалучыліся пісьменнік, навукоўца і, можна казаць, нацыянальны прарок: яго творы паказваюць душу беларусаў, якая праз усё мінулае стагоддзе (а можа, і зараз) вызначаецца з вартасцямі і якасцямі, праз якія можна атрымаць уратаванне і блаславенне.

Васіль Зуёнак, паэт:

— Я хачу нагадаць пра "Роднае карэнне", адно з першых апавяданняў Максіма Гарэцкага. На самым пачатку свайго творчага шляху пісьменнік робіць заяву, абвяшчае сваё творчае крэда: "Усё ад родных каранёў. Гэта сонца ў кроплі расы, тут і будучы Максім Гарэцкі, тут і прадчуванне і пазнакі будучых пошукаў нашай літаратуры. Тут і плынь жыцця, тут і ветразі, пад якімі выпраўляюцца ў невядомы свет дзеці вёскі — да навукі, да святла, да спасціжэння ісцін жыцця, з памкненнем да разгадкі штодзённых клопатаў і вечных таямніц. Ад гэтых каранёў і "Дзве душы" не толькі ў сэнсе раздвоенасці аднае чалавечае душы перад загадкавымі заломамі быцця, але і ў сэнсе еднасці, зліцця дзвюх душ, дзвюх іпастасяў пісьменніка і яго літаратурнага двайніка, героя мастацкага твора. Адгэтуль вытокі іх — пісьменніка і яго героя — філасофскіх разваг аб сэнсах зямнога і паслязямнога... Максім Гарэцкі адзін з самых (калі не самы) філасафічных нашых пісьменнікаў, і тут палягае адна з першых падказак, а хутчэй, жаданне пабачыць кнігу з аналітычным грунтоўным даследаваннем яго філасофска-гістарычных пошукаў у звязцы з мастацкімі пошукамі пісьменніка, мысляра Максіма Гарэцкага. І ці не наспеў час стварыць, падрыхтаваць і выдаць слоўнік мовы Максіма Гарэцкага? Трэцяя падказка кожнаму, хто ўзяўся за літаратурнае пяро: творчасць Максіма Гарэцкага — выдатная школа майстэрства, і шчаслівы той, хто далучаецца да гэтай школы.

Анатоль Бутэвіч, пісьменнік:

— У гэтыя дні ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць выстаўка, прысвечаная 120-годдзю Максіма Гарэцкага. Я асмеліўся адну кніжачку пагартаць: усе тэксты густа падкрэслены алоўкамі. Значыць, у гэтых кніг быў чытач. Як мне ўяўляецца, чытач неадназначны. Таму што крэслілі і тады, калі выйшлі кніжкі, захапляючыся слоўцамі, думкай, мастацкасцю; але крэслілі і тыя, хто пазней выкрэсліваў Гарэцкага з гісторыі літаратуры. Мне падалося, што гэтая выстаўка дапамагае зразумець, як трэба чытаць нашых літаратараў, але чытаць і тых, хто некалі іх чытаў. Таму што літаратурная творчасць таго ж Гарэцкага некалі перажыла не адно чытанне, чытанне з прыхільнасцю, чытанне з непрыхільнасцю. Чытанне з мэтай даць моладзі разуменне мастацкасці, прыгажосці, патрэбнасці, глыбіні думкі, і чытанне зусім адваротнае: даказаць, што гэта нявартае, нязначнае, непатрэбнае. Але гэта таксама навука, гэта таксама дае магчымасць бачыць гісторыю рэальна. Такая рэальнасць дае магчымасць бачання таго, што і як адбывалася. Наталіць пачуццё, што мы ўсе, нацыя, складаемся з родаў — з гісторыі родаў, з гісторыі кожнага чалавека. Я б хацеў нагадаць пра значэнне наогул роду Гарэцкіх для беларускай культуры і навукі. Беларусы вельмі памяркоўныя. Мы свае роды не вельмі шанавалі. Можа, ведаем тых, хто быў найбольш на слыху. Але ж з кожнага роду складаецца гісторыя нацыі. Таму варта разглядаць дзейнасць як Максіма, так і Гаўрылы Гарэцкіх, якога лёс таксама не пашкадаваў. Памятаю была выстаўка, дзе было каля 30 папяросных, тоненькіх маленькіх староначак, напісаных уборыстым почыркам Гаўрылы Гарэцкага да сваёй жонкі — гэта такая споведзь, такое прачулае, праніклівае слова кахання, і гэта было напісана ў прадчуванні кепскага лёсу. Дай Бог, каб мы гэта маглі прачытаць і ўсвядоміць. Гэта і ёсць тое родавае адрозненне Гарэцкіх, што не замінала ім быць людзьмі пры любой сітуацыі. Нам бы трошкі гэтага памкнення, жадання адкрыць для сябе Гарэцкага Максіма, Гаўрылу, нашчадка гэтага роду Радзіма. Род Гарэцкіх — гэта род беларускай нацыянальнай годнасці і школы, як трэба трымацца ў сённяшнім дні, захоўваць і ўмець адстойваць сваё.

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі:

— Так сталася, што пры жыцці ў Максіма Гарэцкага не было ніводнага годнага юбілею. У 20 гадоў ён пачаў літаратурную дзейнасць, але быў яшчэ малады. У 25 жыў разам з Янкам Купалам у Смаленску і там сустрэў рэвалюцыю. Быў сведкам страшэнных людскіх пакут у цяжкі і люты 1918 год (па словах Купалы), у які ён быў амаль непрытомны. Тады ён пачаў пісаць аповесць "Дзве душы". У 30 гадоў Гарэцкі — ужо вядомы пісьменнік, але нядаўна вызвалены з турмы "Лукішкі" — у канцы 1923 года пераязджае з Вільні ў Мінск. Тады было таксама не да юбілею. Ужо праз 7 гадоў хаця і прызнаны адным з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, але па справе "Саюз вызвалення Беларусі" трапіў у "Архіпелаг ГУЛАГ". У Вятцы сям'я Максіма Гарэцкага адзначыла яго 40-годдзе святочнай вячэрай. Як пісалі сведкі, была тушаная капуста з алеем і самавар гарбаты. Яшчэ праз 7 гадоў 10 лютага 1938 года Гарэцкі быў расстраляны, не дажыўшы да 45 гадоў 8 дзён. Творы пісьменніка былі забаронены, большасць знішчана. Я хачу нагадаць, што сёлета не толькі радасны юбілейны год з дня нараджэння, але і 75 гадоў з яго расстрэлу... Да імя і спадчыны Максіма Гарэцкага пачалі звяртацца толькі амаль праз 30 гадоў пасля яго смерці. Але сёння ёсць звесткі пра тое, што выдатныя філосафы замежжа, сучаснікі Гарэцкага, не толькі добра ведалі, але і высока цанілі яго творы: гэта вынікае з лістоў Кафкі, які адзначаў раман "На імперыялістычнай вайне", Гашака, які пісаў, што раман "Дзве душы" больш варты, чым "Уліс" Джойса. Камю ў лісце да Сартра выказваў абурэнне ад арышту Гарэцкага... Максіму Гарэцкаму і сёння не шчасціць на памяць: не ўдалося захаваць у Беларусі адзіны дом, дзе жыў пісьменнік. Яшчэ 20 гадоў таму было прапанавана ў гэтым доме зрабіць музей Максіма Гарэцкага. У тым доме быў некалькі раз Якуб Колас, іншыя нашы выдатныя дзеячы культуры. Але ад дома не засталося ні духу, ні знаку... На стагоддзе было вырашана ўладамі, каб перакласці і зрабіць том твораў Максіма Гарэцкага на рускай мове. Уключалі ў план такое выданне. Але так і не атрымалася да гэтага часу, хоць пераклад быў зроблены вельмі добры. Зараз яго ўключылі ў план выдавецтва "Звязда". Будзем спадзявацца, што атрымаецца.

Ганна Запартыка, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага архіва:

— Сёння варта больш пільна паглядзець на віленскія дакументы 1920-х гадоў. Справа ў тым, што многія з гэтых дакументаў напісаны алоўкам, таму графіка адпаведная. У пачатку 1920-х Максім Гарэцкі з сям'ёй жыў у Вільні, з невялікім перапынкам. Гэты час ёсць перыяд жыцця Максіма Іванавіча, які, па сутнасці, быў абдзелены ўвагай. Пры складанні летапісу жыцця і творчасці ўсе гэтыя моманты трэба ўлічыць, таму што яны пацвярджаюцца пэўнымі дакументамі, вельмі дакладнымі. Дакументы, якія мне ўдалося выявіць, трэба разглядаць у двух ракурсах: аўтографы Максіма Гарэцкага, на якія дагэтуль не была звернутая ўвага. І пэўныя факты яго біяграфіі менавіта віленскага перыяду. Першы дакумент — пратаколы, а дакладней, матэрыялы ўстаноўчага сходу сяброў беларускага навуковага таварыства, які адбыўся 10 чэрвеня 1920 года на Вастрабрамскай, 9. Пратакол напісаны рукой Максіма Гарэцкага. Стыль, словы, лексіка, характар пісьма — усё вельмі характэрна для Максіма Іванавіча. У будучым гэты дакумент павінен увайсці ў поўны збор яго твораў. Сход устанавіў колькасць членаў урада Беларускага навуковага таварыства, прэзідыума, пасля было галасаванне. Само галасаванне таксама фіксаваў Максім Іванавіч. Гарэцкі ўрэшце быў выбраны скарбнікам. Дакументы беларускага навуковага таварыства варта паглядзець больш дакладна, таму што там могуць быць не толькі аўтографы, але можа быць магчыма ўдакладненне нейкіх дэталяў яго жыцця віленскага перыяду. Як, напрыклад, цікавыя дакументы адносна працы і яго адносін з газетай "Незалежная думка". Захаваўся блок дакументаў гэтай газеты, ганарарныя ведамасці, дзе Максім Іванавіч паставіў свае подпісы. Напрыклад, ён атрымаў ганарары за артыкулы ў нумарах 1 і 2 (усяго 457 радкоў, за якія зарабіў 274 маркі 20 пфенінгаў). Каштоўнасць распіскі ў тым, што ён называе 2 невядомыя нам юбілеі — Купалы і Багушэвіча, да якіх былі напісаны артыкулы...

Максім Гарэцкі — асоба, якая, магчыма, нам яшчэ не адкрылася цалкам. І не толькі таму, што для даследчыкаў спраў яшчэ хопіць. Але і таму, што чытанне яго твораў у Беларусі застаецца актуальным і ў ХХІ стагоддзі.

Мікалай Рудкоўскі

"Жыву i радуюся, i вы жывiце i радуйцеся!.."

Едзеш у Малую Багацькаўку i нiбыта перечытваеш узнёслыя натхнёныя радкi з невялiкай замалёўкi Максiма Гарэцкага "Еду дамоў". Куды б ні закiдваў лёс i бясконцыя дарогi, яго заўсёды вабiлi да сябе блiзкiя сэрцу мясцiны. Таму, як толькi выдавалася нагода альбо магчымасць, ён дзе цягнiком, дзе на фурманцы, а ў час вучобы ў Горках i пехатой iмкнуўся пад страху роднай хаты. Часцей жа пераносiўся сюды ў думках. I тады, калi пасылаў у М.Багацькаўку лiсты да сваякоў, i асаблiва тады, калi працаваў над сваiм галоўным лiтаратурным творам "Камароўская хронiка". Ды толькi шмат з таго, што задумаў i марыў здзейснiць наш выдатны зямляк, не суджана было ўбачыць свет...

Сэнс жыцця

Бывае, нехта з творчых людзей спрабуе скардзiцца на кепскiя ўмовы для плённай работы, тады яму варта параiць блiжэй пазнаёмiцца з біяграфiяй Максiма Гарэцкага. Вось ужо дзе быў нястомны працаўнiк! Якому не былi перашкодай нi бытавая неўладкаванасць, нi напаўгалоднае iснаванне, калi "не да жыру — быць бы жыву", нi частыя пераезды з месца на месца, нi турма, нi ссылка. Нават працяглае знаходжанне ў шпiталi, куды ён трапiў у 1914 годзе пасля цяжкага ранення ў нагу, Максiм Гарэцкi выкарыстаў для напiсання кнiгi, якую назваў "На iмперыялiстычнай вайне". Адным словам, дзе б нi ўладкаваўся гэты нястомны i няўрымслiвы чалавек, няхай сабе i на самы кароткi час, яго пяро верна служыла галоўнай мэце жыцця: не толькi пакiнуць свой адметны след у беларускай лiтаратуры, але i данесцi да суайчыннiкаў усё тое, што было створана мiнулымi пакаленнямi, пачынаючы з перыяду вуснай народнай творчасцi. Так, у свае 27 год М.Гарэцкi, якi, заўважым, не меў спецыяльнай профiльнай адукацыi, выдаў "Гiсторыю беларускай лiтаратуры". I можаце сабе ўявiць, што яна на працягу цэлага дзесяцiгоддзя з’яўлялася адзiным на той перыяд падручнiкам для школ i iншых навучальных устаноў рэспублiкi. Некалькi пазней з’явiлася складзеная Гарэцкiм "Хрэстаматыя беларускай лiтаратуры", дзе былi сабраны лепшыя ўзоры айчыннай класiкi за чатыры стагоддзi — сапраўдныя помнiкi духоўнага жыцця. Паралельна ён пiша апавяданнi, эсэ, публiцыстычныя артыкулы, збiрае фальклор, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

Сляды на снезе

Малая Багацькаўка знаходзiцца акурат на паўдарозе паміж Мсціславам і Горкамі. Нейкi час на ўзбочыне шашы ляжаў вялiкi камень-валун з надпiсам пра музей-сядзiбу, але на гэты раз вока нешта на зачапiлася за яго. Можа, знiк?

Нарадзiўся Максiм Гарэцкi 18 лютага 1893 года. Тады ў вёсцы налiчвалася два дзесяткi двароў. У школу Максiм i яго браты з сястрой хадзiлi ў суседнюю Вялiкую Багацькаўку. На жаль, сёння гэтыя населеныя пункты, здаецца, трапiлi ў разрад "неперспектыўных". Як сказала старшыня мясцовага сельсавета, у абодвух засталося каля 40 двароў. У Малой жа Багацькаўцы дым з комiнаў ранiцай уецца толькi над васьмю. Таму на снезе, што нарэшце напомнiў аб сабе ў сярэдзiне лютага, так мала слядоў. Нават да студнi "з жураўлём" у цэнтры вёскi, якую ў сваiх пiсьмах некалi ўпамiнаў Максiм Iванавiч.

Тым не менш папярэджаныя з раёна супрацоўнiкi музея М.Гарэцкага адчынiлi яго да нашага прыезду. Палiць у грубцы, зразумела, не сталi — няма сэнсу, бо ўзiмку i ў мiжсезонне наведвальнiкаў тут няшмат. Хаця экспазiцыя досыць цiкавая. На першай палавiне прасторнага сялянскага дома знаходзяцца стэнды i вiтрыны, з якiх можна даведацца аб жыццi i дзейнасцi знакамiтага земляка, убачыць на здымках i самога лiтаратара, i яго родных ды блiзкiх. На другой палавiне — адноўлены выгляд звычайнай беларускай хаты з прадметамi ўжытку пачатку XX стагоддзя.

Музей быў адкрыты ў 1993 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння класiка беларускай лiтаратуры. Iмя якога i творчая спадчына, пачынаючы з 1938 года, доўгi час, на жаль, замоўчвалiся. Нават i пасля рэабiлiтацыi ў канцы пяцiдзесятых. Таму, напрыклад, у нататках Максiма Лужанiна, напiсаных у 1966 годзе, давялося прачытаць, што памёр Гарэцкi ў 1939 годзе пры невядомых аўтару абставiнах.

Вяртанне iмя

Першая публiкацыя паводле сапраўдных фактаў растрэлу Максiма Гарэцкага 10 лютага 1938 года ў Вязьме з’явiлася толькi ў кастрычнiку 1992 года ў газеце "Лiтаратура i мастацтва". Кажуць, у гэтым расiйскiм гарадку ёсць помнiк нашаму земляку. Скульптурны вобраз майстра мастацкага слова ўстаноўлены таксама ў нiшы аднаго з грамадскiх будынкаў у Мiнску (непадалёк ад гарадской ратушы). Ён таксама датаваны 1993-м, юбiлейным для Гарэцкага годам, i годам, бадай, найбольшай цiкавасцi да яго творчай спадчыны. Дзякуй Богу, што ўзнiк такi iнтарэс да яго асобы, у вынiку чаго быў пабудаваны музей, якi знаходзiцца на тым самым месцы, дзе i раней стаяла простая сялянская хата пад саламянай страхой. Але з гэтага гнязда да высокiх вяршынь узнеслiся два выдатныя сыны зямлi беларускай. Старэйшы брат Максiм стаў вядомым лiтаратарам, а малодшы Гаўрыла (1900 —1988) — вучоным-акадэмiкам. Якi, апрача навуковай дзейнасцi ў галiне геалогii i геаграфii, прыклаў нямала сiл па аднаўленню лiтаратурнай спадчыны Максiма Гарэцкага, пакiнуў свае ўспамiны пра яго жыццё, творчую i грамадскую дзейнасць.

Застаецца толькi здзiўляцца, як у такой глыбiнцы змаглi нарадзiцца i вырасцi сапраўдныя людзi-волаты, шчодра адораныя прыродай талентам, густам, мэтанакi- раванасцю, што мяжуе практычна з самаахвярнасцю. З якiх крынiц чэрпалi яны сiлы i натхненне, што жывiла iх?

Моцныя духам

Адметнай i, мабыць, важнейшай рысай характару гэтага моцнага духам чалавека была невычэрпная прага да ведаў. Максiм Гарэцкi так i не атрымаў вышэйшую адукацыю, хаця спрабаваў працягваць вучобу ў ВНУ. Ну а добры, трывалы фундамент ён атрымаў, як кажуць, у сябе "дома". З 1909 па 1913 гады Гарэцкi займаецца ў Горы-Горацкай каморнiцка-агранамiчнай вучэльнi. Разам з некалькiмi аднадумцамi ён уваходзiў у склад вучнёўскага таварыства аматараў маладой беларускай лiтаратуры, супрацоў-нiчаў з газетай "Наша нiва". Атрыманая журналiсцкая практыка вельмi дапамагла яму пазней пад час работы ў такiх выданнях, як "Звязда" i "Известия Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов". Менавiта ў Смаленску на пачатку 20-х гадоў ён прыцягвае да сумеснай работы свайго малодшага брата Гаўрылу, чые здольнасцi стэнаграфiста вельмi спатрэбiлiся пры складаннi iмi "Руска-беларускага слоўнiка".

У Смаленску М.Гарэцкi некаторы час вучыцца ў мясцовым археалагiчным iнстытуце, але пакiдае студэнцкую аўдыторыю, каб больш сiл аддаваць лiтаратурнай працы.

З крынiц народных

У Мсцiслаўскай цэнтральнай раённай бiблiятэцы з гордасцю паказалi ксеракопiю старонак зборнiка "Народныя песнi". Выданне гэта вельмi рэдкае, i з копiямi бiблiятэцы дапамаглi сталiчныя вучоныя. Каштоўнасць гэтага зборнiка ў тым, што тут змешчаны яшчэ не да канца лiтаратурна апрацаваныя, а таму — сапраўдныя жамчужыны вуснай народнай творчасцi. З бiяграфii Гарэцкага вядома, што з 1920-х гадоў Максiм Iванавiч актыўна ўдзельнiчае ў рабоце фальклорна-правапiснай камiсii Iнстытута беларускай культуры. Вось урывак з успамiнаў яго жонкi — дзiцячай пiсьменнiцы Леанiлы Чарняўскай: "У пачатку 1926 года Максiм пераехаў працаваць у Горкi. Хутка туды пераехалi i мы ўсёй сям’ёй. Максiм на працягу 1926-1927 гадоў апрацоўваў песнi для выдання зборнiка, разбiваў iх на раздзелы: "Вясельныя", "Жнiўныя", "Калядныя". Дзiвiўся багаццю матэрыялу, захапляўся глыбiнёй зместу, даўнасцю".

Варта дадаць, што ў фальклорных экспедыцыях бралi ўдзел Янка Купала, Якуб Колас, а таксама кампазiтары М. Аладаў i А. Ягораў, якiя занатоўвалi мелодыi i затым друкавалi ноты песень. Цi ж гэта не скарб! Бо ў зборнiку сабрана звыш трохсот аўтэнтычных твораў, большасць з якіх запісана ад маці Максіма Гарэцкага. Думаецца, зварот да гэтай багацейшай фальклорнай спадчыны яшчэ наперадзе.

Заўважце, што кiраўнiцтву i iнтэлектуальнай элiце маладой Беларускай Рэспублiкi былi неабыякавыя пытаннi нацыянальнай самасвядомасцi, уласнай гiсторыi i культуры. Аднак працягвалася такое нядоўга. За даволi смелыя выказваннi па праблеме беларусiзацыi, нацыянальнай годнасцi беларусаў М.Гарэцкi летам 1931 года быў высланы ў Вятку. Тут ён жыве i працуе, прычым па той спецыяльнасцi землеўлад-кавальнiка, якую атрымаў у Горках, аж да 1935 года. І зноў дзіву даешся, калі чытаеш напісаныя ў ссылцы поўныя аптымізму словы, адрасаваныя жонцы і дзецям, якія мы вынеслі ў загаловак. А ў дзверы ўжо грукаў трагiчны для краiны 1937-ы...

Незабыунае

Пасля знаёмства з экспазiцыяй музея, накiроўваемся праз дарогу ў хату, дзе жыве сваячка сям’i Гарэцкiх па мужу 78-гадовая Лiдзiя Пятроўна Шнарская.

— Я добра ведала дачку Максiма Iванавiча Галiну. Яна неаднойчы прыязджала сюды з Ленiнграда, дзе жыла. Часта гасцiў тут i Гаўрыла Iванавiч. Чалавек паважаны, вядомы вучоны. Сын яго Радзім, названы ў гонар дзядзькі, таксама стаў прафесарам. Уся вёска наша збiралася, калi родныя Максiма прыязджалi, бывала, на Радаўнiцу, iшлi на сельскiя могiлкi памянуць тых, каго ўжо не было ў жывых. Шкада, што Максiм так мала пражыў. Колькi гэта — усяго 45?

Бацькоў Максiма Гарэцкага Лiдзiя Пятроўна не памятае: Ефрасiння Мiхайлаўна памёрла ў 1935, а яе муж Iван Кузьмiч — у 1945 годзе.

Дарэчы, адзiн з першых лiтаратурных псеўданiмаў Максiма Гарэцкага быў "Дзед Кузьма" — па iменi ўласнага дзеда. Называў ён сябе i Максiм Беларус, бо вельмi рупiў пра тое, каб суайчыннiкi не забывалiся пра свае каранi, пра сваю культуру, матчыну мову. У шэрагу публiцыстычных артыкулаў ён заклiкаў i сваiх братоў па пяру смялей, актыўней ствараць беларускую лiтаратурную мову, ачышчаць яе ад русiзмаў, паланiзмаў i iншых чужых уплываў. Таму тым, хто любiць, цiкавiцца роднай мовай альбо робiць свае спробы ў лiтаратурнай творчасцi, будзе вельмi карысна, на наш погляд, пачытаць напiсанае Максiмам Гарэцкiм. Ну а тым, хто жыве ў гэтых мясцiнах, не пашкодзiць зазiрнуць i ў перапiску пiсьменнiка, i ў "Камароўскую хронiку". Свой раман Гарэцкi задумваў як мастацкi летапiс некалькiх беларускiх радоў i пакаленняў. Зразумела, што вытокi апавяданне брала зусiм не з мiнскай Камароўкi, як камусьцi можа здацца, а ўсё з той жа Малай Багацькаўкi, над якой i сёння, мабыць, лунае душа яе выдатнага сына...

Таццяна Мушынская

“Ва ймя святога ўсім нам адраджэння... ”

Памятаецца, пасля выхаду апошняга, чацвёртага тома Збору твораў Максіма Гарэцкага знаходзіліся ахвотнікі пакпіць, што ўкладальнікі — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР і выдавецтва “Мастацкая літаратура” — не парупіліся, маўляў, уключыць у яго асобныя творы пісьменніка і праявілі тым самым звычайную аглядкавасць, якой не могуць пазбавіцца яшчэ з застойных часоў. Няўцям было “добразычліўцам”, што хоць тамы і пазначаны 1984—1986 гадамі, ды рыхтаваліся яны задоўга да гэтага, а значыць, пры ўсім жаданні немагчыма было ўключыць у іх і аповесць “Дзве душы”, і іншае з таго, што і сёння яшчэ сяму-таму падаецца “крамольным”.

Аднак Бог з імі, з тымі закідамі. Што было, тое было. Здзіўляе іншае: больш за паўгода ляжыць на паліцах кнігарань том “Твораў” М. Гарэцкага, выпушчаны як дапаўненне да тых чатырох ранейшых (дарэмы, у гэткім жа афармленні, хіба што лічбы пяць на ім няма), а хоць бы слова ў друку. Вось і выходзіць: крычым, браткі, крычым а калі да справы..

Выхад “Твораў” М. Гарэцкага — з'ява ў літаратурным і культурным жыцці. Сюды якраз і ўвайшло тое са спадчыны нашага нацыянальнага класіка, што вельмі доўга працярэблівала дарогу да сучаснага чытача. Найперш — ужо згаданая аповесць “Дзве душы”. Твор быў вернуты з небыцця роўна праз семдзесят гадоў. Упершыню асобныя раздзелы з аповесці публікаваліся ў чэрвені-ліпені 1919 года ў газеце “Беларуская думка”. У тым жа годзе “Дзве душы” выйшлі асобнай кнігай у Вільні. I толькі ў 1989-ым годзе аповесць надрукаваў часопіс “Полымя” (№ 7). Публікацыі спадарожнічаў артыкул П. Васючэнкі “Чаму дваілася душа?” Варыянт яго пад назвай “Дыялектыка душы” ўключаны ў том.

Пра аповесць “Дзве душы” “ЛіМ” пісаў пасля палымянскай публікацыі. Таму абмяжуемся некалькімі словамі М. Гарэцкі ў гэтым творы ўжо тады, адразу пасля рэвалюцыі, глянуў на яе як бы з другога боку, паказаў, што ачышчальны працэс нясе з сабой не толькі абнаўленне свету, але і актывізуе сілы цемры, дае жыццё розным прыстасаванцам. Безумоўна, галоўным носьбітам аўтарскай ідэі стаў Ігнат Абдзіраловіч, у якога “душа дваілася. Адна палова несказана плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі”. Але ж, як чытач памятае, ёсць у “Дзвюх душах” і іншыя, не менш каларытныя вобразы.

Іван Карпавіч Гаршчон, што ідэю рэвалюцыі апаганьваў і сваімі паводзінамі, і сваёй... разбуральнай дзейнасцю. Настройваў людзей супраць тых, хто на самай справе хацеў народу лепшага жьіцця. Ёсць тут і іншын “гаршчні”, для каго, ап’яненых сусветнай рэвалюцыяй, не было нічога святога. Поруч стаяць у творы вобразы сапраудных шчырых, адданых змагароў за беларушчыну, за нацыянаяьнае адраджэнне, Ірынка Санавічанка, Мікола Канцавы... Магчыма, Канцавы і празмерна матэгарычны ў сваіх меркаваннях і абагульненнях, але хіба не мае ён рацыі, хіба яго развагі не актуальныя і сёння-? “Міколе, ян і ўс’ім адраджэнцам, было дужа цяжна зносіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізме, апрача чужынцаў, апынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партьяйна тупыя праціўнікі “ўсякага там яшчэ адраджэння”, пагарджаўшыя, з іх убогай духоўнай фанатычнасцю, беларускай моваю і ўсім нацыямальна-беларускім”

Падобнае сцеярджэнне і лічылася крамолай. Яно. а таксама агульны пафас аповесці і вырашылі яе далейшы лёс. Маўчалі спецхраны, не адчыняліся дзверы перад тымі, хто турбаваўся, каб “Дзве душы” сталі актыўным набыткам літаратуры, а не тольні яе гісторыяй. Нялёгна было і рэдактару “Полымя” С. Законнінаву, які прабіваў аповесці дарогу ў друк.

“Пройгрышныя”, калі падыходзіць да іх з пункту гледжання нядаўняй афіцыйнай ідэалогіі асобныя апавяданні М. Гарэцкага, якія таксама на гадоў семдзесят заставаліся толькі ў саваіх першых публікацыях, Узяць, напрыклад, адно з іх. — “Лірныя спевы”. Даследчыкі звярталі ўвагу на гэты твор. Падкрэслівалі нават, што ў ім пісьменнік паспяхова абжывае гістарычную праблематыку. Але... Вельмі ж “муляла” ў апавяданні адна мясціна. Тая самая, дзе мніх Грыгорый разважае: “Ня хочыць Польшча Русь Літоўскую сястрой роўнай лічыць, дык ня будзіць ні Літвы, ні Польшчы, а будзе магутная бесканечная Маскоўшчына”.

I ў іншых забароненых апавяданнях (“У 1920 годзе”, “Фантазія”, “Апостал”, “Незадача”, “Усебеларускі з'езд 1917-га года”) перастрахоўшчыкі нязменна знаходзілі тое, што дазваляла ім неаднойчы падымаць перад гэтымі творамі шлагбаум забароны. Ці не самае характэрнае ў гэтых адносінах апавяданне — “У 1920 годзе”. Галоўны герой твора, які мае падзагаловак “апавяданне народнага чалавека”, як і Ігнат Абдзіраловіч, належыць да тых, хто пакуль што не знайшоў на зямлі нейкага пэўнага прыстанішча. Больш дакладна — ён далёка не ўсё прымае ў рэвалюцыйных падзеях. I мае на гэта падставы.У рэчаіснасці, якую па-мастацку пераканаўча адлюстроўвае М. Гарэцкі, і на самай справе непрывабны выгляд. Зноў жа, не будзем забывацца, рэвалюцыйная плынь падхапіла шмат людскога смецця, што не толькі не тоне, а пастаянна трымаецца на паверхні. Характэрная гаворка, выпадковым сведкам якой стаў “народны чалавек”. Апынуўшыся за лініяй фронту, знаходзячыся ў хаце селяніна-праведніка, якога схапілі чырвонаармейцы і, па ўсім відаць, ужо расстралялі, апавядальнік глыбока пакутае што ён па сутнасці прынёс гора чужой сям’і, паставіў пад пагрозу жыццё сумленных людзей.

Аказваецца, у гэтай жа хаце ёсць і такія, хто сумленнем не пакутуе. Наадварот, з любой, самай складанай сітуацыі знаходзяць выйсце. Адзін з субяседнікаў — настаўнік, каб неяк выжыць, у розных вёсках па чарзе прапаноўваў, так сказаць, руку і сэрца дочкам заможных бацькоў. Калі ж справа ішла да вяселля — своечасова ўцякаў. Амаральнасць яго паводзін відавочная, але амаральнасць гэтая двайная. Нават у такіх сітуацыях “герой” як быццам стаіць за беларускасць: “з каханкамі я толькі па-беларуску й гаманіў”. Гэта проста гульня на нацыянальных пачуццях свядомых людзей, пераконвае далейшы ход гаворкі. Другі субяседнік; былы афіцэр, хваліцца: “Я “прымазаўся” да беларусаў, дастаю паёк у беларускай вайсковай арганізацыі... Цяпер прыехаў вось сюды вербаваць ахвотнікаў”. Пасля дадае; “Я, прызнацца, не шаную гэтай мовы: дык, няхай, чаго... адно свінства” ! “Шчыры” беларус-настаўнік не прамінуў выпадку, каб папрасіць: “А ўсё ж ты мяне завярбуй у сваё беларускае войска па старой дружбе”. Двурушнасць яго тым больш адчувальная, што перад гэтым афіцэр яму адкрыта сказаў: “Як будзе адзіная недзялімая Расея, то я й цябе адным заходам пастараюся павесіць”.

У адрозненне ад іншых апавяданняў, у гэтым як быццам шмат і недагаворана аўтарам. І сапраўды, М. Гарэцкі не спяшаўся расставіць усе кропкі над “і”, хоць апошнюю кропку ў творы паставіў адразу і тым самым даў магчымасць чытачу зноу і зноў задумацца над усёй супярэчнасцю “кручаных дзён” (Л. Калюга), іх нейкай драматычнай наканаванасцю. Быццам і на самай справе насіліся недзе поруч нябачныя чэрці, тыя “бесы” Ф. Дастаеўскага, якім толькі і хацелася ўсё рушыць з месца, знішчаць, руйнаваць, не задумваючыся надта, ёсць у гэтым неабходнасць ці няма. Неверагодна, але гэта так: становішча, у якое траплялі самыя шчырыя і самыя адданыя рэвалюцыянеры, адначасова несла ў сабе і камічнасць, і трагедыйнасць.

Як не ўспомніць тут апавяданне “Незадача”! Выпадак, пра які расказвае пісьменнік, тыповы. Нездарма ў адным з рукапісаў М. Гарэцкага пад самой назвай рукой аўтара пазначана: “Быль”. У творы нічога лішняга, як бы знарок — пратакольная дакладнасць, што відаць ужо ў самым пачатку: “Часовы камісар Н-скай франтавой надзвычайнай камісіі ў справе змагання з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і дэзерцірствам, таварыш Батрачонкаў, ехаў на аўтамабілі ў сваёй матроскай куртцы дамоў к Іллі на свята, каб разам з тым даведацца, як ідзе рэвалюцыя ў вёсцы”.

Аўтар не абцяжарвае твор разгорнутымі апісаннямі, не вельмі клапоціцца, каб “ужыцца” ў вобраз. Таварыш Батрачкоў і так навідавоку. Ён — тыповы прадстаўнік народнай масы, абуджанай да новага жыцця, але ў той час няздольнай (амуніцыі, як кажуць, адпаведнай не было) узняцца над гэтым жыццём, цвяроза ацаніць і свае паводзіны, і паводзіны таварышаў па партыі. Ёсць рэвалюцыйны максімалізм, ёсць задаволенасць ад усведамлення, што мы, яшчэ ўчора будучы нічым, сёння сталі ўсім… І ўсё… У астатнім Батрачонкаў (прозвішча сімвалічнае), як усе.

Хочаш смейся, хочаш плач... Па дарозе ў родную вёску Батрачонкаў у думках прадугадвае радасць моманту, як глянуць на яго, камісара, землякі, калі ўбачаць у аўтамабілі: “Падумаць: былы падпасак Арцёмка Батрачонак — Другі чалавек, што едзе па гэтым шляху на аўтамабілі; першым быў Шальновіч (земскі. — А. М.)”.

- Хай жыве рэвалюцыя! — голасна крыкнуў Батрачонкаў. Шум машыны і свіст ветру схапілі яго словы.
- ІІІто вы, таварыш? — пачуў, аднак, шафёр і аглянуўся.br/> - Нічога, нічога... — сканфузіўся матрос.

Фінал жа гэтых адведзін “былога падпаска” і цяперашняга камісара Арцёма Батрачонкава ў родную вёску аказаўся страшнейшым, чым можна было і падумаць. Гарачая галава, Батрачонкаў, ап’янены ўладай, гуляў, як мог... Зноў пратакольная дакладнасць у заключных радках апавядання: “Цераз дзень ен быў арыштаваны і адданы лад суд за спекупяцыю, п’янства і шкодную для службы адлучку для асабістых патрэб на казённым самакаце”. Не ведаю, як каму, а мне ў гэтым “казённы самакат”, паколькі словы ідуць з вуснаў самога аўтара, а не з вуснаў зацюканых персанажаў чуецца з’едлівая іронія. А мо і напамінак (ці перасцярога?): і не такое яшчэ будзе, калі да ўлады паўсюдна прыйдуць батрачонкавы...

Вернуты з небыцця М. Гарэцкі — гэта і п’еса “Жартаўлівы Пісарэвіч” (па-сапраўднаму нацыянальны характар, увасоблены ў галоўным героі, які, нягледзячы ні не што, застаецца беларусам, хоць і не тутэйшым), багатая літаратурна-крытычная, публіцыстьічная і эпісталярная спадчына (44 лісты публікуюцца ўпершыню).

Матэрыялы гэтыя — самыя розныя. I спроба падрахумкавання пэўнага этапу ў творчасці асобных пісьменнікаў (С Баранавых, Я. Нёманскі, М. Чарот, А, Моркаўка і іншьія), і артыкулы з нагоды тых ці іншых падзей культурнага і грамадскага жыцця, і развагі краязнаўчага характару...

Хацелася б вылучыць артыкул “Развагі і думкі”, упершыню надрукаваны ў 1914 годзе ў “Велікоднай пісанцы”. Напісаны ён быццам сёння, бо ўвесь прасякнуты ідэяй нацыянальнага Адраджэння, клопатам аб будучыні нашай нацыі.

Услухаемся ж у гэты бескампрамісны, неабыякавы голас. Ён адрасаваны і нам, сучаснікам чарговай хвалі нацыянальнага ўздыму. I не ў апошнюю, чаргу таксама тым, хто, як кажуць, па абавязку службы мусіць рухаць Адраджэнне наперад: “Вот тут-то я і звярнуся да “генералаў” адраджэння, кіаўнікоў руху... Тут я скажу ім: смялей гаварыце новае слова народу беларускаму! Смялей! Менш уважайце на напасці з польскага і расійскага боку. Менш азірайцеся на іх. Смялей спраўляйце хаўтуры па тых святых мучаніках, на касцях каторых радзілася новая Беларусь, і смялей пасылайце добрыя весткі тым братам нашым, што “сярод лядоў, сярод жуды” пакутуюць за адраджэнне”!

Як запавет — і гэтыя радкі: “Прыйдзіце к нам, справядлівыя, прыйдзіце к нам, цвёрдыя, упорныя, смелыя, прыйдзіце к нам, рухавыя. Прыйдзіце к нам з воляю крэпкаю, прыйдзіце к нам, асілкі волі! А вы, браты мае, сястрычкі мае, здабывайце сабе волю, гадуйце ў сабе волю, перш-найперш будзьце вольны ў саміх сабе”.

Сярод эпісталярнай спадчыны прыцягвае ўвагу ліст М. Гарэцкага ад 1 ліпеня 1919 года да рэдактара газеты “Беларуская думка” У. Знамяроўскага. Пісаўся ён у сувязі з тым, што невядомы аўтар, які схаваўся пад псеўданімам “Я”, у той жа “Беларускай думцы” фальсіфікаваў змест апавядання М. Гарэцкага “Ідуць усе — іду я”, абвінавачваў пісьменніка ў “хныканні”, адсутнасці “цвёрдасці ў наш ааказны час”. М. Гарэцкі пратэставаў, але, хоць і быў пакрыўджаны на газету за публікацыю пасквіля, не збіраўся парываць з ёй: “Ад літаратурнага супрацоўніцтва ў “Беларускай думцы” не адмаўляюся пасля такой прыгоды толькі дзеля таго, што ахвярую сваім “Я” ва ймя святога ўсім нам адраджэння”.

Вось так; пісьменнік здатны быў узвысіцца над асабістым дзеля агульнанацыянальнага! Ці не прыклад усім нам, незалежна ад таго, у якіх партыях мы знаходзіліся ці ў якія партыі ўступім заўтра? Адкінем дробязна-ўласнае, калі не на словах, а на справе стаім за нацыянальнае Адраджэнне. Гісторыяй дадзены нам апошні шанц. Выкарыстаем жа яго...

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” мае намер у 1992 годзе выпусціць у серыі “Спадчына” і яшчэ адну вядомую працу М. Гарэцкага — “Гісторыю беларускай літаратуры”. Зноў жа: мо варта адмовіцца ад серыйнасці і зрабіць яшчэ адзін том-дадатак да Збору твораў?

І апошняе. Збор таораў М. Гарэцкага ў чатырох тамах выходзіў тыражом 8 тысяч экземпляраў кожны. Тыраж тома-дадатку — усяго 3100... Прайшло з дня яго выхаду, паўтараю, больш за паўгода, а кніга не разышлася.

Якія ж мы пасля гэтага змаганцы за Адраджэнне?


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина