1990

студзень
На сумесным сходзе прадстаўнікоў рабочых камісій прынята рашэнне аб рэарганізацыі інспекцыі грамадскага кантролю ў Раённую інспекцыю грамадскага кантролю за работай прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання пры гарадскім камітэце народнага кантролю.
У Горках уведзена талонная сістэма продажу імпартнага абутку і айчыннага мадэльнага абутку.
люты
На Горацкім маслазаводзе ідзе мантаж новай лініі па разліву малака і кефіру ў бутэлькі.
12 лютага
Адбылася раённая ўстаноўчая канферэнцыя таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
красавік
valign="top">У гаркаме партыі адбылася дыскусія па абмеркаванню платформы ЦК КПСС да XXVIII з’езду. У гутарцы прынялі ўдзел вучоныя кафедры навуковага сацыялізма і кафедры гісторыі КПСС БСГА, кіраўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый горада, сакратары партарганізацый, прапагандысты.
красавік
Брыгада хлебабулачнага цэха Горацкага хлебазавода (брыгадзір Галіна Іванаўна Казлова) заняла першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве Міністэрства хлебапрадуктаў БССР.
14 красавіка
Пасёлак Леніна наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Войцах Ярузельскі. Ён наведаў музей савецка-польскай баявой садружнасці, усклаў кветкі на палявыя могілкі савецкіх і польскіх воінаў, сустрэўся з жыхарамі пасёлка Леніна.
май
Брыгада хлебабулачнага цэха (брыгадзір Г. Казлова) заняла першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве Міністэрства хлебапрадуктаў БССР.
10 мая
Адбыўшаяся IV гарадская партыйная канферэнцыя прыняла рэзалюцыі “Аб адкрытым пісьме ЦК КПСС камуністам краіны “За кансалідацыю на прынцыповай аснове” і “Аб праекце Статута КПСС”.
чэрвень
Увядзенне ў горадзе гандлю па пашпартах не зняла праблему чэргаў у магазінах, таму на прэзідыуме гарадскога Савета абмеркавана пытанне аб увядзенні ў горадзе візітных картак. Прэзідыум адзначыў, што па-ранейшаму месцам сацыяльнай напружанасці ў горадзе застаецца абутковы магазін.
У першым паўгоддзі 1990 г. уведзены ў строй 24-кватэрны дом РБУ, МУААС-88, дом элеватара.
У рэспубліканскім аб’яднанні імя Гастэлы зроблены значок “Горкі” з выявай герба горада.
верасень
Дырэктар райбыткамбіната Алег Міхайлавіч Табанюхаў прымаў удзел у рабоце Ўсесаюзнага навукова-практычнага семінара “Працоўныя калектывы ва ўмовах рыначнай эканомікі”, які адбыўся ў Маскве.
27 верасня
На сесіі гарадскога Савета было адзначана, што “Гархарчпрамгандаль выканаў план рознічнага тавараабароту на 104,7%. Але з кожным днём расце незадаволенасць насельніцтва перабоямі ў харчовых і непрадуктовых таварах першай неабходнасці. У дадзенай сітуацыі выканкамам прыняты шэраг мер для змяншэння вывазу тавараў за межы раёна. Уведзена пашпартная сістэма іх водпуску, перагледжаны нормы, арганізаваны продаж абутку па талонах з пяпярэднім размеркаваннем яго па працоўных калектывах горада”. Гэтых мер таксама аказалася недастаткова.
У гэтай сувязі выканкам гарсавета рашыў: “З 1 кастрычніка 1990 года ўвесці на тэрыторыі горада нарміраваны водпуск прадуктовых тавараў у адпаведнасці з выдзеленымі гораду фондамі па спісах грамадзян з улікам іх прапіскі ў г. Горкі”.
кастрычнік
Створана ПМК № 4 “Магілёўаграпрамбуда”
Адбылася сустрэча калектыва Горацкага хлебазавода з іх калегамі з балгарскага горада Габрава.
1 кастрычніка
У жыцці гарадской партканферэнцыі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння добраахвотнага выхаду з КПСС. Па стану на 1 кастрычніка 1990 г. колькасць камуністаў, якія паклалі свае партыйныя білеты, дасягнула 77.
1 лістапада
У сувязі з цяжкасцямі ў забеспячэнні жыхароў горада асобнымі відамі прадуктовых і непрадуктовых тавараў уведзены камерцыйныя пасведчанні, па якіх будзе праводзіцца продаж у магазінах мяса, каўбасы, мукі, крупы, макаронных вырабаў, алею.
7 лістапада
З супярэчлівымі ацэнкамі многіх гістарычных каштоўнасцей падышло наша грамадства да 73-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Назіраецца далейшая тэндэнцыя да павелічэння добраахвотнага выхаду з КПСС. Па стану на 1 лістапада 1990 г. колькасць камуністаў, якія паклалі свае партыйныя білеты, перавысіла ўжо 100 чалавек.

1991

студзень
У кінатэатры “Крыніца” перад кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў горада па лініі таварыства “Веды” выступіў саветнік Міністэрства замежных спраў СССР, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол СССР, доктар гістарычных навук Леанід Барысавіч Цяплінскі.
У калгасе “XVII партз’езд” з дабрачынным візітам знаходілася дэлегацыя ФРГ у складзе сакратара інстытута камп’ютараў Эды Майер, журналіста Юргена і ўрача Монікі Хербертау.
люты
У 1991 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новыя тыпавыя школы ў вёсках Каменка, Сава, Хамінічы, дзіцячы сад у калгасе імя Калініна.
14 лютага
Горацкі райсавет прыняў пастанову “Аб зацвярджэні ўчастковых камісій для правядзення рэферэндума СССР па пытанні аб захаванасці СССР”.
7 сакавіка
На пленуме Горацкага гарадскога Савета ветэранаў вайны і працы прыняты зварот да ўсіх ветэранаў, працоўных раёна. У ім прызывалася прыняць актыўны ўдзел у рэферэндуме і прагаласаваць 17 сакавіка за захаванне шматнацыянальнага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
17 сакавіка
Адбыўся рэферэндум СССР аб захаванні Саюза ССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік. Усяго ў галасаванні прыняло ўдзел 96,8 % грамадзян. За захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік выказаліся 94,7 %. Супраць – 4,8 %. Несапраўдных бюлетэняў – 0,5 %
красавіка
У пачатку красавіка адбылася рэарганізацыя калгаса імя Свярдлова ў Гарское сельскагаспадарчае аб’яднанне.
Аўсянку наведалі нямецкія госці Эрых Крыхбаўн, Крыстаф Хаксель-Шуман і Лаўрэнс Майер з гуманітарнай дапамогай, падрыхтаванай евангелічнай царквой Брэнсбаха зямлі Гесэн.
Магілёўскай абласной пракуратурай працягвае весціся работа па рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій у перыяд 30-х, 40-х і пачатку 50-х гадоў. Па Горацкаму раёну рэабілітавана больш за чатырохсот чалавек.
май
Першымі фермерамі Горацкага раёна сталі Віктар Барысавіч Антоненка і Аляксандр Уладзіміравіч Сафонаў. Горацкім сельскім Саветам ім выдзелена па 25 га зямлі кожнаму для вядзення сялянскіх гаспадарак у раёне вёсак Зайцава і Макараўка.
9 жніўня
У Палацы культуры БСГА адбыўся вечар, прысвечаны Дню будаўніка і 40-годдзю будаўнічай арганізаціі Горак. Вечар вялі артысты Беларускага тэлебачання. У праграме выступалі артысты мінскіх тэатраў.
25 жніўня
Парламентарыямі Беларусі была прынята пастанова аб департызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. У сувязі з гэтым з 26 жніўня пад ахову міліцыі ўзяты былы будынак гаркама партыі і яго маёмасць.
25 верасня
Адчыніўся Горацкі раённы Дом рамёстваў.
кастрычнік
Горацкім раённым і гарадскім выканкамамі прынята рашэнне аб перадачы будынка Горацкага ГК КПБ аддзелу культуры райвыканкама. Тут плануецца размясціць раённую бібліятэку і школу мастацтваў.
Ва ўмовах распаду Саюза, разрыву дагаворных адносін паміж рэспублікамі, працоўныя калектывы Горак ўсё ж выканалі дагаворныя абавязацельствы па пастаўках гатовай прадукцыі і выпуску тавараў народнага спажывання.
Горацкая раённая бібліятэка атрымала новае памяшканне – частку былога будынку Горацкага ГК КПБ.
Адкрыўся новы прадуктовы магазін № 35 па вуліцы Савецкай побач з базай гархарчпрамгандлю, які быў пабудаваны гаспадарчым спосабам. Яго гандлёвая плошча складае 108 м².
16 лістапада
Адбыўся першы раённы сход прыхільнікаў партыі камуністаў Рэспублікі Беларусь (ПКРБ). У ім прынялі ўдзел каля 70 чалавек. На сходзе былі абмеркаваны праекты Праграмнай заявы і Статута ПКРБ. Выбраны дэлегаты на ўстаноўчы рэспубліканскі з’езд камуністаў: начальнік цэха машынабудаўнічага завода В.Р. Кавалёў і намеснік дэкана эканамічнага факультэта БСГА А.М. Пугач.
1991 год стаў годам нараджэння малога бізнесу ў Горках – зарэгістраваны шэраг малых прадпрыемстваў, таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, арэндных прадпрыемстваў.

1992

студзень
Адкрыўся Маслакоўскі філіял Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Першымі наведвальнікамі сталі выхаванцы калгаснага дзіцячага сада.
1 студзеня
Адбылася лібералізацыя цэн на прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэння. Адпушчаны закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю.
Адбыўся пераход на купонную сістэму продажу тавараў у магазінах Горацкага раёна
люты
У Горацкім райвыканкаме зарэгістравана новае грамадскае фарміраванне “Саюз ветэранаў Афганістана”. Яго старшынёй з’яўляецца былы воін-інтэрнацыяналіст У.І. Каралёў.
15 лютага У калгасе “XVII партз’езд” адбыўся сход упаўнаважаных, на якім разгледжана пытанне аб перайменаванні гаспадаркі. Вырашана даць ёй назву цэнтральнай сядзібы гаспадаркі – “Аўсянка”.
сакавік
Вучгас БСГА быў рэарганізаваны ў вучэбна-доследны калгас “Горкі”.
У канцы сакавіка Горкі наведала дэлегацыя Влацлавецкага ваяводства на чале з ваяводам Сільвестрам Шмігелем.
красавік
Адбыўшаяся сесія гарадскога Савета згадзілася з асноўнымі палажэннямі праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і накіравала ў рабочую групу па яго падрыхтоўцы наступныя заўвагі і дапаўненні:
“Раздзел 6 “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь” выключыць, а абавязкі Прэзідэнта размеркаваць паміж старшынёй Вярхоўнага Савета і ўрадам рэспублікі. Першую частку артыкула 17 выкласці ў наступнай рэдакцыі: “Дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская”
Лічыць немэтазгодным рэферэндум па пытанні правядзення ў 1992 годзе выбараў у вышэйшы орган улады Рэспублікі Беларусь і датэрміновага роспуску Вярхоўнага Савета”.
Дэпутаты Любіжскага і Палёнкаўскага сельскіх Саветаў народных дэпутатаў прынялі рашэнне аб аб’яднанні ў адну адміністрацыйную адзінку – Аўсянкаўскі сельскі Савет.
Новы статус атрымала АГП “Горацкае”, якое стала называцца калгасам “Рэкта”. Саўгас “Старасельскі” цяпер стаў калгасам “Старасельскі”.
1 мая
На базе цэнтральнай кацельні ў Горках створана вытворчае аб’яднанне “Цеплаэнергетыка” для вода- і цеплазабеспячэння горада. Узначаліў аб’яднанне С.П. Гардзееў.
чэрвень
Вядзецца будаўніцтва Каменскай сярэдняй і Станаўской васьмігадовай школ.
ліпень
У БСГА адбыўся VI з’езд Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў. У ім прянялі ўдзел усе навукова-даследчыя цэнтры Беларусі, дзе вядзецца работа па генетыцы і селекцыі.
У Палацы культуры БСГА праходзіла выязное пасяджэнне Савета калгасаў Рэспублікі Беларусь на якім абмяркоўваўся вопыт рэфармавання эканамічных адносін у Горскім сельскагаспадарчым аб’яднанні.
Прынята Палажэнне аб заснаванні Граматы Горацкага райсавета.
30 ліпеня
Горацкі вытворчы ўчастак магілёўскага аб’яднання “Магілёўпіўпрам” пераўтвораны ў Горацкі завод напіткаў.
жнівень
У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам камбінатам грамадскага харчавання прынята рашэнне аб рэарганізацыі. Камбінат грамадскага харчавання рэарганізаваны ў гандлёвае вытворчае аб’яднанне “Горкиобщепит”, у якое ўвайшлі сем малых прадпрыемстваў:
• МП “Вясна” (на базе сталовай № 5);
• МП “Сласцёна” (на базе міні-кафэ і кандытарскага цэха);
• МП “Харчавік” (на базе сталовай № 1);
• МП “Проня” (на базе кафэ “Проня”, чайнай, сталовай № 3, 2-х піўбараў);
• МП “Адпачынак” (на базе кафэ “Адпачынак”);
• МП “Парнас” (на базе ўсяго комплексу грамадскага харчавання “Парнас”);
25 жніўня
Створаны Саюз Моладзі Беларусі. (СМБ) Раённую арганізацыю ўзначаліў Уладзімір Васільеў.
1 верасня
Горацкім гарвыканкамам прынята рашэнне ўтварыць на базе школы № 5 г. Горкі гімназію грамадска-гуманітарнага і культурна-эстэтычнага профілю.
10 верасня
Адбыўся сход раённай арганізацыі камуністаў. Першым сакратаром Горацкага райкама ПКБ быў выбраны В.Р. Кавалёў.
25 верасня
Адкрыты цэнтр медыка-сацыяльнай дапамогі для ветэранаў і састарэлых.
кастрычнік
У калгасе “Аўсянка” гасціла дэлегацыя з абшчыны Зэехайм-Югенхайм з Германіі.
У рамках падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага Горацкі гарвыканкам прыняў рашэнне назваць адну з вуліц горада яго імем.
28 кастрычніка
Адбылося ўрачыстае адкрыццё Каменскай сярэдняй школы. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Д.П. Зайцаў, старшыня Горскага сельскага Савета А.І. Шакуноў, старшыня калгаса “Савецкая Беларусь” У.С. Стаўскі.
лістапад
На канец года у Горацкім раёне налічвалася 18 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. У іх асабістае карыстанне перайшло 434 гектары сельскагаспадарчых угоддзяў.
снежань
У раёне арганізавана 27 фермерскіх гаспадарак, для іх з земляў калгасаў і саўгасаў выдзелена 915 гектараў сельгасугоддзяў. У Аўсянкаўскім сельскім Савеце створана асацыяцыя фермераў, у якую ўвайшлі 12 фермераў.
6-11 снежня
На базе БСГА адбыўся Першы Міжнародны сельскагаспадарчы кірмаш “Тэрра”. У ім удзельнічалі Расія, Україна, Казахстан, Польшча, Германія, Кітай, Тайвань. Усяго было акрэдытавана 320 удзельнікаў. За дні яго работы было заключана здзелак больш чым на 1,5 млрд. рублёў.
14 снежня
У Горках з візітам знаходзіўся старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С.С. Шушкевіч. Ён сустракаўся з кіраўнікамі і работнікамі гарвыканкама і райвыканкама, калектывам племсаўгася імя Чкалава, наведаў музей савецка-польскай баявой садружнасці, БСГА.

1993

Пабудавана школа ў в. Стан. Новыя памяшканні атрымалі ФАПы у Мацютах, Ходараўцы, Палёнцы. Калгас “Савецкая Беларусь” пабудаваў амбулаторыю.
Фермеры прадалі дзяржаве 1174 тоны збожжа, або 4,4 % ад прададзенага раёнам.
люты
Рашэннем Горацкага гарадскога Савета дэпутатаў вуліца “40 год Кастрычніка” перайменавана ў вуліцу імя Максіма Гарэцкага.
18-19 лютага
У Горках шырока адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, вучонага, літаратурнага крытыка Максіма Гарэцкага.
сакавік
Старшыня Горацкага раённага Савета І.А. Халява у складзе афіцыйнай дэлегацыі Магілёўшчыны на чале са старшынёй аблсавета М.Ф. Грынёвым наведаў Лешнеўскае ваяводства Польшчы.
сакавік
Горкі наведаў эксперт каардынацыйнага бюро камісіі Еўрапейскага Эканамічнага Супольніцтва Генрых Беккер. Ён сустрэўся зса старшынёй райвыканкама І.А. Халявам і вучонымі БСГА.
20 сакавіка
У раённым Доме культуры адбылася сустрэча жыхароў горада з народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь, членам Вярхоўнага Савета А.Р. Лукашэнкам.
23 сакавіка
Адбылося пасяджэнне бюро ГК КПБ. На ім прысутнічалі А.А. Крывянкоў, І.А. Халява, В.А. Чабатарэўскі, К.І. Кароткіна, В.Ф. Юр’еў, М.У. Шалак, І.У. Баркоўскі, М.М. Аблівін. Было прынята рашэнне правесці нараду з сакратарамі пярвічных партыйных арганізацый аб легалізацыі КПБ і перарэгістрацыі яе членаў.
май
Горацкі раён наведала дэлегацыя з Польшчы у складзе куратара па культуры і спорту Лешненскага ваяводства Яўгена Слівінскага, куратара па пытаннях помнікаў гісторыі і культуры Аляксандра Стажынскага і бургамістра горада Равічы Браніслава Ляховіча.
25-29 мая
У Горках на базе БСГА праходзіў Міжнародны сельскагаспадарчы кірмаш “Тэрра-93”.
3 чэрвеня
Адбыўся ўстаноўчы сход па аднаўленні дзейнасці раённага краязнаўчага таварыства. Ініцыятарамі выступілі навукоўцы БСГА, аддзел культуры Горацкага райвыканкама і аддзелы адукацыі горада і раёна.
9 чэрвеня
У Горках адкрыты філіял акцыянернага камерцыйнага банка “Прыорбанк”.
1 ліпеня
У в. Ходараўка адкрыты фельчарска-акушэрскі пункт.
жнівень
Горацкі райвыканкам зарэгістраваў раённую асацыяцыю фермерскіх гаспадарак.
На чарговым пасяджэнні Горацкага райвыканкама прынята рашэнне аб далейшай забудове прыватных дамоў па Кацялеўскаму шляху. На карце горада з’явіліся вуліцы імя К. Крапівы, М. Багдановіча, маршала Жукава, К. Мазурава, К. Каліноўскага, П. Машэрава, Ф. Скарыны.
20 кастрычніка
На базе Горацкага камбіната бытавога абслугоўвання адбыўся абласны семінар на тэму “Асноўныя задачы і шляхі паляпшэння работы сельскай службы быту”. У ім прымалі ўдзел адказныя работнікі Магілёўскага аблвыканкама, намеснікі старшынь гар- райвыканкамаў, кіраўніцтва аб’яднання “Магілёўаблбыт”, прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання вобласці.
лістапад
Рашэннем Горацкага райвыканкама зарэгістравана Горацкая раённая арганізацыя партыі камуністаў Беларусі.

1994

студзень
Панкратаўская сельская бібліятэка пераведзена ў пабудаваны для перасяленцаў пасёлак Лазурны.
сакавік
Саўская сельская бібліятэка, Саўскі сельскі клуб пераведзена ў новы будынак (былую сельскую школу). У гэтым жа будынку размясціўся таксама і сельскі Савет.
31 мая
Прэзідыум Горацкага гарадскога Савета прысвоіў Герою Савецкага Саюза Р. У. Дольнікаву званне “Ганаровы грамадзянін г. Горкі”.
26 чэрвеня
Адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, які ўстаноўлены каля гарадскога стадыёна. АўтарІ.Я. Місько. Мітынг адкрыў старшыня гарсавета В.Я. Рэндаў.
4 ліпеня
У Палацы культуры БСГА адбыўся канцэрт лаўрэата міжнароднага фестывалю “Славянскі базар-93” групы “Альянс” пры ўдзеле фіналістаў рэспубліканскага конкурсу эстраднай песні “Маладзечна-94”.
7 ліпеня
Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь зарэгістравана Горацкае аддзяленне акцыянерна-камерцыйнага банка “Прамбудбанк”.
8 ліпеня
Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь зарэгістравана Горацкае аддзяленне акцыянерна-камерцыйнага банка “Белбізнесбанк”.
10 ліпеня
Адбыліся выбары першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Па Горках галасы размеркаваліся так: за А.Р. Лукашэнку – 88,6 %, В.Ф. Кебіча – 7,7 %, па Горацкаму раёну за А.Р. Лукашэнку прагаласавала 91,47 %, а за В.Ф. Кебіча – 5,13 %.
13 ліпеня
У БСГА адбылася сустрэча з паслом Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Эліягам Валкам.
жнівень
Адбылася раённая ўстаноўчая канферэнцыя прыхільнікаў руху “Беларускія жанчыны”.
5 жніўня
Распараджэннем Магілёўскага аблвыканкама ўведзена норма водпуску хлеба ў адны рукі – адзін бохан.
18 жніўня
Адбылося адкрыццё Горацкага філіяла акцыянернага банка “Дукат”.
верасень
БСГА наведаў з візітам міністр сельскай гаспадаркі Рэстублікі Беларусь Васіль Севасцьянавіч Лявонаў.
1 верасня
На будынку корпуса № 10 БСГА адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная былому рэктару акадэміі І.Ф. Гаркушу.
17 верасня
БСГА наведала з візітам французская дэлегацыя, якая прыбыла ў Горкі для падпісання дагавору аб супрацоўніцтве паміж Тулузскім нацыянальным палітэтэхічным універсітэтам і БСГА.
лістапад
Настаўніца СШ № 3 Тамара Гаўрылаўна Стрыжэннікава стала лаўрэатам прэміі Фонду Сораса.
снежань
Навучэнцы горацкай гімназіі № 1 Алег Панамароў, Кацярына Мініценка і Вольга Дзюрыч сталі лаўрэатамі рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу “Тэлебом”.
Навучэнец горацкай гімназіі № 1 Алег Панамароў, стаў лаўрэатам Міжнароднага дзіцячай эстраднай песні ў Санкт-Пецярбургу, лаўрэатам ІІ рэспубліканскага конкурсу “Усе мы родам з дзяцінства” (мастацкі кіраўнік А.І. Башарымаў).

1995

1 студзеня
З 1 студзеня ў Горацкім раёне аб’яднаны гарадская і раённая падатковыя інспекцыі. Начальнікам прызначана Генералава Валянціна Уладзіміраўна.
17 лютага
Паміж Горацкім, Манастыршчынскім і Красненскім раёнамі заключаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве.
май
У ходзе праграмы па абмену вопытам Горацкі раён наведала дэлегацыя старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў Баранавіцкага раёна. Госці пабывалі ў племсаўгасе імя Чкалава, калгасе “Аўсянка”, Горскім СГА.
17 ліпеня
БСГА наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васіль Севасцьянавіч Ляонаў. З ім прыбыла група прадстаўнікоў адміністрацыі і службы кантролю Прэзідэнта, каб сачыць за ходам уступных экзаменаў у БСГА.
25-27 жніўня
У Горках праходзілі міждзяржаўныя спаборніцтвы па коннаму спорту, прысвечаныя памяці Л.М. Даватара..
2 верасня
У святкаванні 155-годдзя з дня заснавання БСГА прымаў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, кіраўнікі ўрада: кіраўнік спраў Адміністрацыі Прэзідэнта І.І. Ціцянкоў, віцэ-прэм’ер рэспублікі С.С. Лінг, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання В.С. Ляонаў, міністр адукацыі В.І. Стражаў, міністр экалогіі М.І. Русы, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі У.І. Ганчарык. Прэзідэнт наведаў таксама племсаўгас імя Чкалава.
11 верасня
Удзельнікі міжнароднага пешага маршу “За без’ядзерны мір”, які стартаваў 12 студзеня ў Бельгіі, прыбылі ў Горацкі раён. Тут яны правялі сустрэчы з моладдзю, пабывалі ў БСГА, наведалі батанічны сад, гісторыка-краязнаўчы музей, гімназію, сустракаліся з дзецьмі-чарнобыльцамі. 13 верасня марш прыбыў у пасёлак Леніна, затым марш накіраваўся ў Смаленскую вобласць.
Горацкі раён наведала надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі пані Эльжбета Смулак.
Здадзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту вучэбны корпус № 1 БСГА плошчай 1320 м².

1996

18 студзеня
Адбылося ўрачыстае адкрыццё Добраўскай сярэдняй школы. З віншаваннямі і прывітаннямі выступілі старшыня райвыканкама А.А. Крывянкоў, яго намеснік А.І. Папытаеў, загадчык райана М.Д. Зуйкоў. Ад імя будаўнікоў выступіў начальнік ПМК-1 аб’яднання “Горкісельбуд” Л.Г. Грушын.
26 студзеня
У Горках адбылася нарада кіраўнікоў АПК Магілёўскай вобласці.
красавік
Па лініі камітэта “Дзеці Чарнобыля” Горкі наведалі прадстаўнікі міжнароднага руху “Педагогі за мір і супрацоўніцтва” – выкладчыкі каледжаў Англіі і настаўнікі-метадысты ЗША. Госці наведалі Ленінскую, Аўсянкаўскую, Шышаўскую, Горскую сельскія школы, піянерскі лагер “Купалінка”, СШ № 2, пазнаёміліся з памятнымі мясцінамі горада і акадэміі.
З нагоды 10-годдзя з дня Чарнобыльскай аварыі па запрашэнні грамадскага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” і кафедры рускай і беларускай моў і літаратур БСГА Горкі наведала група беларускіх пісьменнікаў у складзе паэтаў Алеся Пісьмянкова і Пятра Чабора, празаіка Віктара Супрунчука, рэдактара выдавецтва “Юнацтва” Уладзіміра Марука, барда Сяржука Мінскевіча.
8 мая
Горкі наведаў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Васіль Мікалаевіч Новікаў. Ён пабываў у БСГА, Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, уручыў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дырэктару гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзіміру Маісеевічу Ліўшыцу.
жнівень
Напярэдадні Дня будаўніка калектыў ПМК-1 аб’яднання “Горкісельбуд” уручыў 40 навасёлам з СПМК ключы ад новых кватэр.
23 верасня
У Горках працавала Міжнародная педагагічная канферэнцыя па праграме “Гуманістычныя прынцыпы ў адукацыі на аснове агульначалавечых каштоўнасцей”. Ініцыятарам яе правядзення выступіла Міжнародная прагрэсіўная школа. У яе рабоце прынялі ўдзел замежныя дэлегацыі з ЗША, Канады, ФРГ і Швецыі, а таксама работнікі аддзелаў адукацыі і педагогі 10 раёнаў Магілёўскай вобласці.
9 кастрычніка
У Горках адбылася рэспубліканская нарада па пытаннях работы аграпрамысловага комплексу Беларусі. У ёй прынялі ўдзел Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка, прэм’ер-міністр М.І. Чыгір і іншыя кіраўнікі ўрада рэспублікі.
19 кастрычніка
Горацкая дэлегацыя ў складзе з 18 чалавек прыняла ўдзел ва Усебеларускім сходзе.
25 кастрычніка
Адбыўся арганізацыйны пленум раённага саюза жанчын. Старшынёй выбрана Ларыса Уладзіміраўна Пакуш.
лістапад
У мэтах далейшага развіцця працоўнай і творчай ініцыятывы, стымулявання рэзультатаў работы і заахвочвання за высокія паказчыкі ў эканамічным і сацыякультурным развіцці раённы выканаўчы камітэт зацвердзіў палажэнне аб Ганаровых пераходных сцягах.
1 лістапада
У Горках на гарадскім стадыёне адбыўся футбольны матч паміж зборнай горада і зборнай ветэранаў каманды “Дынама” (Мінск).
24 лістапада
У Горках адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Насельніцтва Горацкага раёна і горада пераважнай большасцю падтрымала пытанні, ініцыіраваныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. У Горацкім раёне ўдзел у галасаванні прыняло 97,2 % ад усёй колькасці, у Горках – 88,3 %.
снежань
Уведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 140 месц у вёсцы Ходараўка.
24 снежня
Заснавана Горацкае бюро падарожжаў і экскурсій.

1997

Па выніках 1996 года Горацкі раён стаў першым у рэспубліцы па надоях малака ад каровы. Тут надоена па 3718 кг ад каровы. У гаспадарцы Гродзенскага раёна, якая займае другое месца, надоена 3390 кг ад каровы.
29 студзеня
Горкі наведала прадстаўнічая дэлегацыя Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь на чале з паслом Евай Спыхальскай. Дэлегацыя зрабіла экскурсію па БСГА, а затым наведала пасёлак Леніна і музей савецка-польскай баявой садружнасці. У час сустрэчы з кіраўнікамі нашага горада і раёна былі абгавораны некаторыя моманты рэканструкцыйных работ у музеі.
люты
Выйшла з друку кніга “Памяць”, прысвечаная гістарычнай хроніцы Горак і Горацкага раёна.
май
БСГА выйграла конкурс на лепшы праект па рэфармаванні агратэхнічнай адукацыі з грантам у два мільёны экю, які праводзіўся ў рамках міжнароднай праграмы “Тасіс” Еўрапейскага Саюза па аказанні дапамогі былым сацыялістычным краінам і рэспублікам былога Савецкага Саюза.
У Горках на базе БСГА адбыўся Міжнародны сімпозіум, прысвечаны 155-годдзю падрыхтоўкі менеджараў-аграрнікаў.
Выхавацель горацкай гімназіі № 1 Марына Кісялевіч была дэлегатам устаноўчага з’езда, а затым членам Цэнтральнага Камітэта Беларускага патрыятычнага Саюза Моладзі.
13 жніўня
Горацкі раён з рабочым візітам наведаў прэм’ер-міністр Беларусі С.С. Лінг. Ён пабываў у калгасах “Аўсянка”, “Праўда”, племсаўгасе імя Чкалава. Апошнім аб’ектам візіту стаў Горацкі элеватар.
верасень
Горацкія гарадскі і раённы выканаўчыя камітэты сталі заснавальнікамі раённай праграмы радыёвяшчання, якая называецца “Голас Горацкага краю”.
З мэтай удасканалення і паляпшэння работы з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю па месцы жыхарства гарвыканкам прыняў рашэнне стварыць на базе раённага вытворчага аб’яднання ЖКГ, ЖЭУ “Горкісельбуда”, вытворчага аб’яднання “Цеплаэнергетыка” маладзёжна-падлеткавы клуб “Імпульс”. Гэтыя арганізацыі з’яўляюцца і заснавальнікамі клуба.
кастрычнік
У Горках працавала абласная выязная калегія па фізічнай культуры і спорту. Удзельнікі пабывалі на спартакіядзе сярод прызыўной і дапрызыўной моладзі.
1 кастрычніка
У вучэбным корпусе № 4 БСГА адкрыўся кабінет-музей Максіма Іванавіча Гарэцкага.
3-4 кастрычніка
Дэлегатамі Першага з’езду настаўнікаў Беларусі ад Горацкага раёна былі: дырэктар гімназіі № 1 Добышаў Міхаіл Агеевіч, выхавацель дзіцячага сада аб’яднання “Горкісельбуд” Траццяк Таццяна Антонаўна, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Копцеўскай СШ Руксова Святлана Сцяпанаўна і настаўніца матэматыкі Ленінскай СШ Буднік Зінаіда Сямёнаўна.
11-15 лістапада
На базе БСГА прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на тэму “Сучасныя праблемы выкарыстання глебавых рэсурсаў і павышэнне іх прадукцыйнай здольнасці”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Андрэя Рыгоравіча Мядзведзева. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдел і вучоныя з Аўстрыі, Даніі, Вялікабрытаніі.
21 снежня
Адбылося святкаванне 500-годдзя вёскі Горы.

1998

У 1998 годзе аддзел адукацыі працаваў над выкананнем прынятай у рэспубліцы праграмы “Сельская школа”. Горацкі раён аб’яўлены стартавай пляцоўкай для адпрацоўкі эксперыменту “Сельская рэгіягальная сістэма адукацыі”.
17 сакавіка
На раённым злёце аператараў машыннага даення было прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці клуба даярак-пяцітысячніц. Старшынёй “Клуба пяцітысячніц” абрана аператар з племсаўгаса імя Чкалава Кацярына Мікіцічна Шаціла.
красавік
З рабочым візітам Горацкі раён наведаў міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь І.П. Шакола і старшыня аблсельгасхарчу У.С. Адашкевіч. Яны пабывалі ў племсаўгасе імя Чкалава і ЗАТ “Горы”.
26-27 ліпеня
На базе БСГА прайшло выязное пасяджэнне калегіі Мінсельгасхарчу Рэспублікі Беларусь. Асноўным пытаннем была падрыхтоўка кадраў аграпрамысловага комплексу.
10 верасня
На нечарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта зацверджаны часовыя нормы водпуску тавараў народнага спажывання ў адны рукі пры продажы ў рознічным гандлі. Гэтыя меры прыняты для прадухілення вывазу прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў за межы раёна.
12 кастрычніка
У пасёлку Леніна адбыліся ўрачыстасці з нагоды 55-годдзя бітвы пад Леніна. Сярод гасцей пасёлка Леніна былі прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Марэк Дукачэўскі, намеснік міністра абароны Роберт Ліпка. Расійскую дэлегацыю ўзначальваў генерал-палкоўнік У.У. Мяснікоў. Беларускі бок прадстаўлялі намеснік міністра абароны рэспублікі М.Ф. Казлоў, старшыня Магілёўскага аблвыканкама А.М. Кулічкоў і інш.
20 кастрычніка
На нечарговай сесіі раённага Савета аднагалосна было прынята рашэнне аб аб’яднанні Горацкага раёна і горада Горкі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку з агульным адміністрацыйным цэнтрам у Горках.
29 кастрычніка
Адбылася працоўная акцыя моладзі Горак па закладцы алеі імя 80-годдзя камсамола ў мікрараёне Будаўнікоў. Яе пасадзілі пераемнікі былых камсамольцаў, члены маладзёжных арганізацый БСМ і БПСМ, школьнікі з падлеткавага клуба “Імпульс”. Усяго было пасаджана каля 150 новых дрэўцаў. Каардынаваў работу моладзі намеснік старшыні гарвыканкама па інфармаванні насельніцтва і сувязях з грамадскасцю У.У. Піскіжаў.
снежань
На пасяджэнні раённага аператыўнага штаба па абароне спажывецкага рынку пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы і рынкавых адносінах М.Г. Снапкова абмеркавана сітуацыя ў сельскім гандлі. Члены штаба адзначылі, што нягледзячы на ўсю вастрыню праблемы, сітуацыя на спажывецкім рынку не выйшла з пад кантролю мясцовай улады, кіраўніцтва гандлю прамысловых арганізацый, якія пастаўляюць сваю праукцыю ў гандлёвую сетку.
Напярэдадні Новага года адкрыліся 2 фірменныя магазіны ААТ “Горацкі масларобча-сыраробчы завод”. Адзін па вуліцы Міру, 19, другі – у раёне акадэміі.
1 снежня
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 563 ад 1 снежня 1998 г. Горацкі раён і горад Горкі аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Горацкі раён з адміністрацыйным цэнтрам горад Горкі.
9-10 снежня
У БСГА адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Тэндэнцыі і шляхі развіцця аграрнай адукацыі ў ХХІ стагоддзі”.

1999

13 лютага
У рэстаранным комплексе “Парнас” адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і пераможцаў абласнога конкурсу на званне “Лепшы прадпрымальнік 1998 года”. Найбольшую колькасць узнагарод – дыпломаў і прэмій сабраў калектыў ААТ “БелРос” (генеральны дырэктар Табанюхаў А.М.).
1 лютага
Горацкім вузлом электрычнай сувязі адкрыты доступ да сеткі Інтэрнэт без заключэння дагавора па дазвоначнаму нумару тэлефона 8-600-100.
сакавік
Горацкі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб далучэнні калгаса “Старасельскі” да саўгаса “Усход”.
13-15 мая
У БСГА прайшоў першы рэспубліканскі фестываль “Аграрная вясна-99”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства сельскай гаспадаркі, Дзяржкамітэт па справах моладзі, Міністэрства культуры. Фестываль сабраў больш за 600 удзельнікаў з 4 вышэйшых і 27 сярэдніх спецыяльных устаноў рэспублікі.
2-3 чэрвеня
На базе БСГА адбылася ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Культура Беларуска-Украінска-Расійскага памежжа”. Удзел у ёй прынялі вядучыя вучоныя ў галіне гісторыі і культуралогіі Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Беларусі.
ліпень
Горкі наведала дэлегацыя пасольства ЗША па лініі Міжнароднага аб’яднання беларусаў “Бацькаўшчына”. У яе складзе быў вядомы вучоны, доктар гістарычных навук Янка Запруднік.
6 ліпеня
У Горках каля газаразмеркавальнай станцыі (ля гарадскога стадыёна) адбыўся мітынг з нагоды паступлення ў горад прыроднага газу. На мітынгу прысутнічалі генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Белпалівагаз” Э.Ф. Таўпінец, намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Белтрансгаз” В.І. Шваб, генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Магілёўаблгаз” А.А. Шалай і інш.
30 ліпеня
Горацкі раён наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ю.Д. Мароз. Ён пабываў у племсаўгасе імя Чкалава і калгасе “Аўсянка”. Міністр даў станоўчую ацэнку стану спраў у жывёлагадоўлі, а таксама ходу ўборачнай кампаніі ў гаспадарках, дзе ён пабываў і ў цэлым па раёну.
кастрычнік
Горацкія ўстановы выпраўленчага тыпу УЖ 15/9 і УЖ 15/18 наведаў намеснік міністра, камандуючы войскамі МУС Беларусі Юрый Віктаравіч Жадобін.
лістапад
Горкі наведалі беларускія паэты: рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” Алесь Пісьмянкоў, выкладчык Беларускага ўніверсітэта культуры А.Ф. Майсеенка, бард Пятро Русаў. Яны правялі сустрэчы з вучнямі СШ № 3 г. Горкі і студэнтамі БСГА.
3-4 лістапада
На базе Горацкаго раёна адбыўся рэспубліканскі семінар па арганізацыі эксперыментальнай работы ва ўмовах праграмы “Сельская школа”. Удзельнікі семінара наведалі Горскую, Добраўскую, Кацялеўскую, Копцеўскую, Ленінскую, Маслакоўскую і Саўскую сельскія школы.