1960

 
Раён стаў раёнам суцэльнай радыёфікацыі.
21 красавіка
У раёне створана Горацкае раённае аддзяленне Таварыства савецка-польскай дружбы.
красавік
Зварот дэпутатаў Ленінскага сельскага Савета да ўсіх дэпутатаў і служачых саўгасаў, калгаснікаў, да ўсіх працоўных раёна аб правядзенні дэкады пасадкі лесу і садоў.
 
Зварот механізатараў сельгасарцелі “Савецкая Беларусь” да ўсіх механізатараў калгасаў і саўгасаў раёна шырэй укараняць механізацыю ў вырошчванні кукурузы, бульбы і іншых культур.
 
Адбыўся І-ы з’езд жанчын раёна.
 
Зварот І-га раённага з’езда жанчын да ўсіх працаўніц прамысловых прадпрыемстваў і саўгасаў, калгасніц, да ўсіх жанчын Горацкага раёна аб павышэнні актыўнасці жанчын у грамадскім жыцці.
20-22 мая
Адбыліся гастролі Беларускага Дзяржаўнага Акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Паказаны спектаклі “Ён бяжыць ад ночы” па п’есе братоў Тур і камедыя “Мільён за ўсмешку” А. Сафронава.
ліпень
Здадзены ў эксплуатацыю спартыўны корпус БСГА. У ім адкрыта гарадская дзіцяча-спартыўная школа.
 
Арганізаваны горацкі камбінат бытавога абслугоўвання на базе прамысловай арцелі “Прагрэс”.
 
Арганізавана горацкая аўтамабільная база № 17 Міністэрства аўтамабільнага транспарту БССР.
 
У Горацкім аэрапорце пачаліся рэгулярныя рэйсы з Горак у Магілёў.
 
У БСГА адкрыўся аграпедагагічны факультэт
 
Горацкі кансервавы завод перайшоў у новае памяшканне з сучасным абсталяваннем.
 
Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю раённы Дом культуры.
 
У вёсцы Каменка пабудаваны новы клуб, дзе размясцілася і бібліятэка.

1961

 
У адпаведнасці з рашэннем студзеньскага Пленума ЦК КПСС у рэспубліцы было ўтворана рэспубліканскае гаспадарча-разліковае аб’яднанне “Сельгастэхніка” і ў адпаведнасці – раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка”.
 май
У Горках спланаваны новыя вуліцы – Юрыя Гагарына і Патрыса Лумумбы. Пачалася забудова гэтых вуліц.
 

Раённае таварыства польска-савецкай дружбы аформіла ў фае кінатэатра “Мір” выстаўкі “Польская народная Рэспубліка” і “На Пазнанскім кірмашы”.

14 ліпеня
Адбылася 1-я раённая канферэнцыя Таварыства аховы прыроды. У раёне створана звыш за 40 пярвічных арганізацый.
 

У Маслаках узведзены будынак камбіната бытавога абслугоўвання.

 
Для сярэдняй школы № 1 пабудаваны новы будынак па вуліцы Савецкай.
1-31 кастрычніка
У раёне праводзіцца “Месячнік саду” (згодна з пастановай СМ БССР). На бягучы момант ужо закладзены сады ў калгасах імя Калініна (8 га), імя Жданава (10 га), “XVII партз’езд” (44 га), у саўгасе “Леніна” (25 га). У 1961 г. у раёне будзе пасаджана 11 000 саджанцаў пладовых дрэў.
лістапад
Адбылася ХХІІ раённая камсамольская канферэнцыя.
 

Абласное ўпраўленне культуры накіравала ў Горкі перасоўку шырокаэкранных кінафільмаў. Шырокі экран абсталяваны ў РДК і на працягу 15 дзён тут дэманстраваліся 22 шырокаэкранныя кінафільмы.

 

Любіжская сельская бальніца пераехала ў новы будынак. У ёй працуюць тэрапеўтычнае і радзільнае аддзяленні, зубаўрачэбны кабінет і лабараторыя.

6 снежня
Агітбрыгада, створаная пры РДК, прадстаўляла Магілёўскую вобласць ў г. Мінску на рэспубліканскім грамадскім аглядзе самадзейнай творчасці агітбрыгад.
лістапад
У Горках па вуліцы Куйбышава адкрыўся новы дзіцячы сад.

1962

красавік 
У Горках адбыўся чарговы пленум Магілёўскага абкама камсамола.
 
Створана тэрытарыяльнае вытворчае калгасна-саўгаснае ўпраўленне. Яно аб’ядноўвае Горацкі і Шклоўскі раёны. У склад яго ўваходзяць 39 калгасаў і 11 саўгасаў з агульным зямельным фондам каля 280 тысяч гектараў. Начальнікам упраўлення стаў Я.С. Мігдалёў.
 
У БСГА пачалі вучыцца замежныя студэнты.
 
З мэтай аказання практычнай дапамогі калгасам у перабудове вёсак кафедра землеўпарадкавальнага праектавання і планіроўкі сельскіх населеных месцаў БСГА з дапамогай студэнтаў-выпускнікоў прыступіла да распрацоўкі праектаў 15 населеных пунктаў: Аўсянка, Зубры, Маслакі, Хамінічы, Рудкаўшчына, Каменка, Пална, Панкратаўка і інш.
 
На Горацкім масласырзаводзе абсталявана новая ўстаноўка, якая разлічана на пастэрызацыю 5000 літраў малака ў гадзіну.
 

Здадзены ў эксплуатацыю Рэкцянскі ФАП, заканчваюцца работы па ўзвядзенні ФАПаў у Паршыне і Жавані.

 
У Горках па вуліцы Кірава адкрыты новы спецыялізаваны магазін гатовага адзення.
лістапад
Пасля лістападаўскага Пленума ЦК КПСС калгасы Горацкага раёна пачалі ўкараняць і ўдасканальваць унутрыгаспадарчы разлік.
 

За пасляваенны перыяд у Горках узведзены два дзіцячыя сады, раённы дом культуры, кінатэатр, бальніца, дзве сярэднія школы, лазня. У акадэміі пабудавана 7 жылых дамоў, 5 інтэрнатаў, 3 вучэбныя корпусы, спартыўная зала, сталовая, забудаваны пасёлак вучгаса.

1963

 
Па развіцці птушкагадоўлі спецыялізуюцца калгасы “Праўда” (у ім пабудаваны птушнік на 6 000 нясушак) і “Звязда” (птушнік на 5 000 нясушак). Ідзе механізацыя працаёмкіх працэсаў на фермах. У калгасах і саўгасах упраўлення налічваецца 14 даільных установак.
 
Герой Сацыялістычнай працы Г.Д. Каліва прыняла зварот механізатараў калгаса імя Заслонава Магілёўскага раёна аб спаборніцтве.
 
Заснавана эксплутацыйна-мантажная кантора, якая ў 1975 годзе пераўтворана ў Горацкае міжраённае вытворчае ўпраўленне газавай гаспадаркі.
11 мая
На стадыёне БСГА адкрылася першая абласная спартакіяда студэнтаў.
 
Распачата будаўніцтва новага механізаванага хлебазавода.
 

Ажыццяўляецца далейшая спецыялізацыя калгасаў і саўгасаў. Калгасы спецыялізуюцца на развіцці ільнаводства і буйной рагатай жывёлы ў спалучэнні са свінагадоўляй, птушкагадоўляй і авечкагадоўляй.

5-15 кастрычніка
У Горках і ў клубе саўгаса “Леніна” праходзіць фестываль польскіх фільмаў.
  Камсамольцы раёна падтрымалі заклік чаркаскай моладзі, якая выступіла ў паход за высокую культуру вёскі. Камсамольцы ўзялі пад свой кантроль работу ачагоў культуры.
 

Другі год працуе ў РДК драматычны калектыў, які паставіў ужо п’есы “Паўлінка”, “Прымакі” Я. Купалы, “Анфіса” Глазава. Зараз тут ідзе рэпетыцыя п’есы “На хвалях Серабранкі”, прэм’ера якой адбудзецца 15 лютага.

 

За 1963 год выкананы значны аб’ём будаўнічых работ. Здадзены ў эксплуатацыю: раённая бальніца на 200 ложкаў, гасцініца на 53 месцы, сталовая на 152 месцы, павільён механізацыі ў БСГА, 5 дамоў агульнай жылой плошчай 7000 м², ў горадзе пабудаваны 50 індывідуальных дамоў.

 
Расце культурна-бытавое будаўніцтва і ў вёсцы. Узведзены 2 клубы на 400 месцаў кожны, камбінат бытавога абслугоўвання ў Копцеўцы. Рабочымі саўгасаў і калгаснікамі пабудавана 315 жылых дамоў.

1964

студзень
Пачата работа па стварэнні племянной птушкафермы ў калгасе “Праўда”.
 

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР “Аб разбуйненні вучэбна-доследнай гаспадаркі БСГА” ўтвораны 2 новыя саўгасы:

        • “Пагодзіна” з цэнтрам у вёсцы Мацюты, куды ўвайшлі населеныя пункты Мацюты, Стан, Чапялінка, Слабада, пасёлак Чарны. Агульная зямельная плошча гаспадаркі 5800 га, у т. л. 5100 га сельгасугоддзяў (з іх ворыва 3600 га і садоў 67 га). Дырэктарам зацверджаны былы старшыня калгаса “Звязда” С.Д. Храмянкоў;
        • “Горацкі” з цэнтрам у вёсцы Рэкта, куды ўвайшлі населеныя пункты Рэкта, Глінькава, Шышава, Нежкава, Халмы, Сенькава, Папкоўка, Ульяшына, Шавароўка. Агульная зямельная плошча гаспадаркі 5700 га, у т. л. 5200 га сельгасугоддзяў (з іх ворыва 3800 га і садоў 68 га). Дырэктарам зацверджаны былы ўпраўляючы аддзялення “Шышава” вучгаса БСГА М.Е. Нікалаеў.
люты
Лютаўскі Пленум ЦК КПСС прыняў рашэнне аб інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
сакавік
У вёсцы Палёнка пабываў беларускі пісьменнік Аляксандр Лазнявы. Ён  сустракаўся з былымі партызанамі і калгаснікамі сельгасарцелі “Запаветы Ільіча”.
21-22 сакавіка
На сцэне клуба БСГА адбыўся спектакль рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага па п’есе У. Гібсана “Двое на арэлях”. Вядучыя ролі выконвалі народная артыстка БССР А.І. Клімава і заслужаны артыст БССР Р.І. Янкоўскі.
май
Да Дня нараджэння піянерскай арганізацыі імя У.І. Леніна вучні Станаўской васьмігадовай школы пасадзілі ўздоўж дарогі Стан-Мацюты больш за 170 дрэўцаў.
ліпень
У пяціпавярховым  жылым доме, што на скрыжаванні вуліц Кірава і Мсціслаўскай, адкрыты новы абутковы магазін гархарчпрамгандлю. На вуліцы Кірава адкрыты новы магазін “Спорттавары”. У ім шырокі выбар спартыўных, паляўнічых і рыбалоўных прылад. Магазін “Спорттавары” – 13-я гандлёвая кропка ў горадзе.
 
На тэрыторыі БСГА ўстаноўлены помнікі А.І. Сцебуту, А.В. Саветаву, М.В. Рытаву, Д.Н. Пранішнікаву, М.Ф. Іванову.
 
Пачаў будавацца завод па вытворчасці жалезабетонных вырабаў.
кастрычнік
У вёсцы Добрая калгаса “Праўда” адкрыта новае аддзяленне сувязі.
 
Закончана будаўніцтва 36-кватэрнага жылога дома па вуліцы Інтэрнацыянальнай з гастраномам “Цэнтральны” і аптэкай.
 

Здадзены ў эксплуатацыю клуб раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”.

 
У саўгасах раёна ажыццяўляцца ўнутрыгаспадарчы разлік.

 1965

 
Пачалося ўзвядзенне раённай кацельні.
 
Пры раённым аб’яднанні “Сельгастэхніка” адкрыліся пяцімесячныя курсы па падрыхтоўцы механізатараў.
студзень
З вялікай канцэртнай праграмай у Горках выступілі заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР і Латвійскай ССР, кампазітар Марыян Віктаравіч Коваль і кампазітар Эдуард Савельевіч Калманоўскі.
 
У калгасах і саўгасах ідзе ўкараненне ўнутрыгаспадарчага разліку. Ён прымяняецца ў 14 калгасах з 18.
 
Адкрыта маладзёжнае кафэ “Мара”, якое абсталявана ў памяшканні акадэмічнай сталовай.
 

Пасля падзелу саўгаса “Леніна” створаны саўгас “Камуніст” (цэнтр саўгаса – вёска Стараселле).

 

Выканкам Горацкага гарадскога Савета прыняў рашэнне аб наданні вуліцы ў Горках імя капітана Івана Чэрнікава, ураджэнца вёскі Сава, які загінуў пры вызваленні польскага горада Млава ў 1945 г.

27 мая Горкі і БСГА наведалі Міністр сельскай гаспадаркі СССР У.У. Мацкевіч, сакратар ЦК КПБ Ф.А. Сурганаў, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР У.Е. Лабанок, Міністр сельскай гаспадаркі Беларусі С.Г. Скарапанаў.
чэрвень
У БСГА закончыўся конкурс на лепшы эскіз юбілейнага значка да 125-годдзя акадэміі. Журы разгледзела 26 прапаноў. Лепшым прызнаны эскіз студэнта аграфака С. Барсукова.
 
Будаўнікі калгаса імя Свярдлова завяршылі ўзвядзенне памяшкання Горскай участковай бальніцы на 36 ложкаў.
ліпень 

Пачаў працаваць новы Дом бытавога абслугоўвання на тэрыторыі БСГА. Працуюць цэхі пашыву верхняга адзення, трыкатажу, цырульня, фатаграфія і радыёмайстэрня.

 
Усе бытавыя прадпрыемствы аб’ядноўваюцца ў адзіную сістэму, кіраўніцтва ёю будзе ажыццяўляць камбінат бытавога абслугоўвання.
9 верасня

На святкаванне 125-годдзя БСГА ў Горкі прыбылі Міністр сельскай гаспадаркі СССР У.У. Мацкевіч, сакратар ЦК КПБ А.А. Смірноў, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР У.Е. Лабанок, Міністр вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР М.В. Дарашэвіч, рэктар акадэміі імя Ціміразева  І.С. Шаціла.

 
Адкрыты музей гісторыі БСГА.
ІІІ кв.
Адкрыліся аўтобусныя маршруты на Мінск, Мсціслаў, Кароўчына і Маслакі.
 
Пабудаваны сельмаг у вёсцы Сялец, прамтаварны ў вёсцы Паршына, магазін у вёсцы Зубры.
снежань
Пачаў даваць прадукцыю завод жалезабетонных вырабаў (ЖБВ) міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі.

1966

студзень Пабудаваны новы магазін у вёсцы Любіж.
люты  Пабудавана новая бібліятэка ў вёсцы Горы, фонд якой налічвае звыш за 11000 тамоў.
31 мая
Адбыліся гастролі Магілёўскага драматычнага тэатра. Была паказана п’еса італьянскага драматурга Эдуара-дэ-Філіпа “Жанчына, у якой свае законы”.
 
У БСГА адкрыты факультэт механізацыі гідрамеліярацыйных работ, павышэння кваліфікацыі.
 
Арганізавана будаўнічая арганізацыя  ПМК-44.
ліпень Разгледзеўшы хадатайніцтва Горацкага выканкама райсавета дэпутатаў працоўных, выканкам Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў працоўных утварыў у Горацкім раёне Кароўчынскі, Паршынскі і Цёмналескі сельсаветы.
 
У вёсках Сава і Добрая ўзведзены новыя школьныя будынкі.
 
Здадзены ў эксплуатацыю будынак СШ № 3.

1967

 

Па ініцыятыве раённай бібліятэкі і райкама камсамола праводзілася акцыя “Даведайся аб баявым шляху землякоў”, прысвечаная 50-годдзю Савецкай улады і 100-годдзю з дня нараджэння У.І. Леніна.

люты У рэпертуары драматычнага калектыву РДК каля 10 спектакляў. Калектыў удзельнічаў у абласным аглядзе творчасці самадзейных тэатральных калектываў.
 
Пачата будаўніцтва Дома Саветаў у Горках.
 
Падрыхтавана пляцоўка для ўзвядзення ўнівермага на 50 рабочых месцаў.
красавік
Намечана вялікая работа па перабудове вёскі Шалаханаўка калгаса “Звязда”. Ужо закладваецца фундамент першага аднакватэрнага дома. А ўсяго да свята Кастрычніка міжкалгасбуд узвядзе 12 блочных і 6 фінскіх дамоў.
 
У Рудкаўшчыне і Саве адкрыты новыя сельскія магазіны.
май
Калгаснікі калгаса “XVII партз’езд” Горацкага раёна прынялі зварот калгаснікаў калгаса імя Леніна Сарненскага раёна Ровенскай вобласці аб спаборніцтве ў гонар 50-годдзя Савецкай улады.
 

На тэрыторыі акадэміі закладзены парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Новы парк заняў тэрыторыю плошчай у 2 га. Тут праведзены планіровачныя работы, пасаджана больш за 8000 дрэў і кустарнікаў. У цэнтры парка плануецца да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ўстанавіць помнік студэнтам, выкладчыкам, рабочым і служачым акадэміі, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Алеі парку былі названы ў гонар факультэтаў.

 

Закладзены таксама сквер інтэрнацыянальнай дружбы. У закладцы прымалі ўдзел замежныя студэнты Кубы, Непала, В’етнама, Камбоджы, Венгрыі, Карэі, Афганістана. У скверы высаджана 5000 саджанцаў кустарнікаў і 225 дрэў.

5 чэрвеня-5 ліпеня
Горацкі выканкам аб’явіў месячнік па дарожнаму будаўніцтву і рамонту дарог у раёне.
чэрвень
Горацкі філіял Карачаўскага завода “Электрадэталь” пачаў выпускаць прадукцыю.
 

Адкрыты першы гарадскі аўтобусны маршрут “Чыгуначны вакзал – вучгас”. Курсіравалі па ім аўтобусы маркі ПАЗ-651 з адной дзверкай, у які ўмяшчаліся 30 чалавек.

 
Жыхары вёскі Нікольск сустракалі былога камандзіра ўзвода разведкі, цяпер падпалкоўніка Аляксея Іванавіча Гусева, які ў чэрвені 1944 г. удзельнічаў у прарыве варожых умацаванняў на рацэ Проня.
 
На традыцыйнае свята вясны калгаснікаў калгаса “XVII партз’езд” прыбыла дэлегацыя спаборнічаючага калгаса імя Леніна Сарненскага раёна на чале з старшынёй калгаса Мікалаем Іванавічам Якімцом.
 ліпень
У Горкі прыбыў аўтапоезд “Дружба” са студэнтамі 13 замежных краін, якія вучацца ў ВНУ Мінска.
верасень
Адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны адкрыццю новага клуба ў цэнтры калгаса імя Калініна.
кастрычнік
У БСГА адбылася юбілейная навуковая канферэнцыя па праблемах генетыкі, селекцыі і насенняводства раслін. У ёй прымалі ўдзел вучоныя ад 44 навукова-даследчых і навучальных сельскагаспадарчых устаноў Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, Кіргізіі, РСФСР.
23 кастрычніка
Па рашэнні ўрада ПНР Ленінскі сельскі Савет узнагароджаны памятным медалём тысячагоддзя дзяржавы польскай. 23 кастрычніка для  ўзнагароджвання ў Леніна прыбыла дэлегацыя ў складзе: члена ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, члена Прэзідыума і сакратара агульнапольскага камітэта фронту яднання народу ПНР Мечаслава Мажэца, суправаджаючыя асобы – адказны супрацоўнік аддзела міжнародных сувязей Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Б.У. Чыркоў, сакратар Магілёўскага абкама КПБ В.І. Гнядзько,  намеснікі старшыні аблвыканкама У.А. Дайнека і Г.П. Зінкевіч, першы сакратар РК КПБ М.К. Старавойтаў, старшыня выканкама райсавета дэпутатаў працоўных Г.С. Гусеў.
28 кастрычніка
У вёсцы Горы адбылося адкрыццё помніка воінам-аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
восень
Каля 2100 дрэў высаджана каля Аршанскага возера, якое будуецца. Закладзены новы сквер на вуліцы Янкі Купалы.
16 лістапада
Выканкам гарсавета, разгледзеўшы хадатайніцтва райваенкамата і пастанову агульнага сходу рабочых і служачых хлебазавода аб увекавечанні памяці нашага земляка, удзельніка грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў генерал-палкоўніка Фёдара Ісідаравіча Кузняцова, вырашыў перайменаваць вуліцу Калгасную ў вуліцу імя Ф.І. Кузняцова.
лістапад
Горкі і саўгас “Леніна” наведала польская дэлегацыя ў складзе намесніка старшыні ваяводскай рады народавай Зялёнай Гуры, старшыні Зялёнагурскага ваяводскага праўлення таварыства польска-савецкай дружбы Яна Каленчука і паэта Юліана Пшыбася.
снежань
Адкрыты магазін у вёсцы  Сенькава.

1968

студзень
Адкрыта бібліятэка калгаса імя Кірава.
люты
РК камсамола правёў лыжную эстафету ў гонар 50-годдзя Узброеных Сіл СССР.
 
Удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Горацкага раёна Агасі Карапетавіч Грыгаран наведаў Горкі. Ён сустракаўся ў раённай бібліятэцы з былымі партызанамі А.Ф. Бычковым, В.М. Шчарбатавым, Е.С. Вераб’ёвай.
 

У 1968 годзе самалёт па маршруту Горкі-Магілёў рабіў 5 рэйсаў штодзённа.

5-8 чэрвеня
У рамках фестывалю беларускага прафесійнага мастацтва, прысвечанага 50-годдзю БССР і КПБ 5 чэрвеня ў Горках, а 6-га ў саўгасе “Запаветы Леніна” выступаў заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі Віктар Вуячыч. 6-8 чэрвеня ў Горках, Дрыбіне і калгасе “Шлях Леніна” адбыліся канцэрты аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Жыновіча. У Хамінічах адбыўся канцэрт заслужанага дзеяча мастацтва Беларусі Шышкіна.
16 чэрвеня
Адбылося першае пасяджэнне створанага літаб’яднання пры газеце “Ленінскі шлях”.
 
Пабудаваны клуб у вёсцы Лебедзева. Загадчыцай стала Ніна Атрошанка.
ліпень
У Горках у БСГА адбылася Усесаюзная нарада вучоных, на якой абмяркоўвалася праблема выкарыстання антыбіётыкаў у жывёлагадоўлі і ветэрынарыі і каардынацыя навуковых даследаванняў па гэтаму пытанню.
 
Міністэрства сельскага будаўніцтва БССР, Беларускі рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў правялі ў Горках семінар-школу перадавога вопыту на базе ПМК-44.
15 кастрычніка Адкрыты мемарыяльны комплекс савецка-польскай баявой садружнасці. Мемарыяльны комплекс узводзілі будаўнікі Магілёўскага трэста № 12 Міністэрства прамысловага будаўніцтва. На адкрыцці прысутнічалі: кандыдат у члены палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК КПБ П.М. Машэраў, Старшыня Савета Міністраў БССР Ц.Я. Кісялёў, дэлегацыя ПНР на чале з кандыдатам у члены палітбюро, сакратаром ЦК ПАРП Мечыславам Мочарам, дэлегацыя Міністэрства Абароны СССР на чале з Маршалам Савецкага Саюза, двойчы Героем Савецкага Саюза І.І. Якубоўскім, сакратары ЦК КПБ Ф.А. Сурганаў, С.А. Пілатовіч, першы сакратар ЦК ЛКСМБ Г.М. Жабіцкі, камандуючы войскамі ЧБВА генерал-палкоўнік І.М. Траццяк, пасол ПНР у СССР Ян Птасіньскі, ваенны аташэ пры пасольстве ПНР у СССР генерал дывізіі Эўгеніуш Кушко і іншыя.
26 кастрычніка
У Горкі прыбыла камсамольска-маладзёжная эстафета ў складзе 25 чалавек польскага саюза моладзі. Эстафета праводзіцца ў гонар 50-годдзя ВЛКСМ.
 
Удзельнікі аб’яднанага паходу савецкай і польскай моладзі па баявому шляху першай пяхотнай дывізіі імя Тадэуша Касцюшкі, прысвечанага 25-годдзю Войска Польскага і 50-годдзю ВЛКСМ наведалі вёску Леніна.
лістапад
Горкі наведалі: галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, пісьменнік Павел Кавалёў, паэт Аляксей Пысін, адказны сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР Пётр Шасцерыкоў. Паездка прысвечана 50-годдзю БССР і КПБ.
 
Пабудаваны ў Горках новы дзіцячы сад-яслі.
 
Пабудаваны пасёлак у калгасе “Звязда”. Уздоўж дарогі Горкі-Леніна выстраіліся 11 новых дамоў.
 
Створаны музей гісторыі БСГА.

1969

студзень
БСГА наведалі з візітам госці з Габраўскай акругі Народнай Рэспублікі Балгарыя – сакратар акруговага камітэта Балгарскай Кампартыі Марыя Стойнава, намеснік старшыні акруговага Народнага савета Ільча Ільчаў, першы сакратар акруговага камітэта Дзмітраўскага Камуністычнага Саюза Моладзі Методзій Уладзіміраў.
 
Драмкалектыў РДК паставіў п’есу беларускага драматурга У.Галубка “Ганка” і прысвяціў яе 50-годдзю БССР.
 
У Горках гастраліравала Кіеўская група цырка пад кіраўніцтвам У.П. Стамплевіча.
21 студзеня
Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам ад 21.01.1969 года па Горацкаму раёну перайменаваў: вёску Асталопава Ленінскага сельсавета – у вёску Светлая, Трыгубава Ленінскага сельсавета – у вёску Касцюшкава, вёску Чартоўшчына Кароўчынскага сельсавета – у вёску Сонечная.
 
Будуецца новы пасёлак у вёсцы Добрая. Пабудаваны пяць аднакватэрных дамоў, лазня. Узводзіцца магазін і калгасны Дом культуры.
  Узводзіцца памяшканне для сельскай бібліятэкі ў Шышаве, заканчваюцца аддзелачныя работы ў Нежкаўскім клубе.
29 мая
Упершыню ў горадзе было праведзена свята жыхароў вуліцы. Яно было прысвечана вуліцы імя Леніна.
12 ліпеня
Вёску Леніна наведала група польскіх дзяцей, якія адпачывалі ў піянерскім лагеры “Дзяржынец”, што пад Мінскам.
1967-1969 гг.
У раёне пабудаваны: 3 школы, 30 грамадскіх лазняў, 23 клубы, 2 сталовыя, 15 магазінаў, 1 павільён бытавога абслугоўвання.
13 жніўня На мяжы Горацкага і Аршанскага раёнаў адбылася сустрэча ўдзельнікаў мотапрабегу краін Варшаўскага дагавору – Балгарыі, Румыніі, Чэхаславакіі, Венгрыі, ГДР, Польшы і Савецкага Саюза. Мотапрабег прысвечаны 25-годдзю вызвалення Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
 
На гэты перыяд газабалоннымі ўстаноўкамі ў раёне карыстаюцца 1068 сельскіх сем’яў.
24 верасня Удзельнікі Ўсесаюзнага семінара работнікаў аховы здароўя, які праходзіў у Мінску, наведалі Горацкі раён. Яны пабывалі ў раённай бальніцы, а затым наведалі амбулаторыю ў в. Леніна.
кастрычнік
Горацкі раён наведала група паэтаў і пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі і Беларусі: Сяргей Вікулаў, Уладзімір Гардзеічаў, Леў Васільеў, Уладзімір Аляксееў, Еўдакія Лось, Міхась Калачынскі.
 
Пабудаваны Дом культуры ў саўгасе “Леніна” на 400 месцаў, клуб у калгасе імя Леніна на 150 месцаў.
 
У вёсках Добрая, Дрыбін, Каменка ўзводзяцца магазіны.
лістапад
У Горках гастраліравала канцэртная брыгада Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад кіраўніцтвам Мікалая Шышкіна. У складзе брыгады: эстрадны ансамбль “Раніца”, салісты Галіна Кастрыца, Мікалай Нікановіч, Ала Серабракова і інш.
 
Пабудавана дарога Красуліна-Куртасы
 
За год пабудаваны: аўтабаза на 300 аўтамабіляў, хлебзавод з вытворчай магутнасцю 30 тон у суткі, электрападстанцыя “Паўднёвая”.