Творы, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму
Восень. Пагодзіна. Горкі.
Цэдзіць святло маладзік.
Тут па былінных пагорках
Калісьці
Гарэцкі
хадзіў.
Гэтак жа падалі зоркі,
Антонаўкі спелі ў садах.
Пахла бульбоўнікам горкім,
Калі ён пра долю гадаў.
Спеліў шчымлівае слова,
Каб праўдаю высветліць сказ,
Каб слова дыхнула жытнёва
І нам растлумачыла нас.
***
М.Гарэцкаму
У краі лясоў і ўзгоркаў
Убачыш Былыя Часы,
Дзе некалі дзіўная зорка
Шукала свае галасы.
Ды нема зямліца маўчала,
Сказаць не знаходзіла сіл.
Самому ж здавалася мала
Пражыць Час, якому не міл:
Устаўшы над брудам адчаю,
Пабачыў уперадзе свет.
Адбіткі тых слоў прыкмячаю,
Паспелых, як яблык - ранет.
***
М.Гарэцкаму
Я зноў пачуў гаворку дзеда,
Маіх краёў і смех і стогн.
Да вёскі ў падводзе еду,
Вязём паціху сена ў стог.
Хоць гэты час не так далёка,
Ды ўжо яго не раглядзець,
Малюнак іншы бачыць вока,
І пачынаеш жыць хацець.
А дар сапраўднага паэта
Гучыць з адпешчаных радкоў,
Так доўжыцца навука дзеда,
І сена смак з усіх бакоў.
Гады ідуць, боль заціхае.
Мінуў парадаксальны век,
А нас Гарэцкі сустракае
Ля карпусоў, бібліятэк.
І сіла залатой эліты
Не страціць моцы праз гады,
Што беларускасцю адліта –
Дасць праз вякі свае плады.
Боль здрады
Багацькаўка Малая. Дата:
Праз сем гадоў – дваццаты век…
Пад саламяным дахам – хата.
Тут нарадзіўся чалавек.
Ён Сейбітам стаў і Аратым
Адвечнага ў краі бацькоў.
Загінуў не на полі ратным –
Партыйныя забілі каты
У самым росквіце гадоў.
Быў.
Быль.
Боль здрады прыціхае.
Сыйшоў парадаксальны век.
А нас Гарэцкі сустракае
Ля карпусоў, бібліятэк.
Насенне залатой эліты
Не страціць моцы
праз гады.
Што беларускасцю адліта,
І праз вякі дае плады.
Памяці Максіма Гарэцкага
I
Не толькі тая маці нам,
Што нарадзіла, узрасціла,
А тая родная сынам,
Чыя жыве ў іх моц і сіла.
Чые пякуцца мазалі,
Чые завуць палі і гоні…
Ты сын і горацкай зямлі,
З якой твае ўзляцелі коні.
Каб заіскрыла цемра-ноч,
Патрэбны моцныя падковы,
Ды не ляцець жыцця узбоч,
Дзе лёс лунае выпадковы.
А крочыць, дзе звініць ралля,
Дзе родзіць, б’е так трапна слова,
Калі майстэрствам каваля
На шчасце зроблена падкова.
II
У Багацькаўцы сягоння
Песні матчыны шчыруюць.
Сыне родны і народны,
Землякі цябе шануюць.
Не, таго не адбылося
На тваім шляху агністым,
Каб ты здрадзіў свайму лёсу,
Здрадзіў песні асабістай.
Ў час знявагі і знямогі
(Каты цешыліся ўволю)
Закаваць даў рукі, ногі,
Песню ж выпусціў на волю.