Успаміны пра М.Гарэцкага
Гаўрыла Гарэцкі, брат М.Гарэцкага:
“...сялянская сям’я бацькі і дзядзькі Якава складалася з 12 душ, жыла ў адной цеснай хаце з замшэлай саламянай страхою, з земляною падлогай і маленькімі акенцамі на адну шыбу. Асвятлялася хата лучынаю. Жылі бедна, кожная луста хлеба, кожная лыжка была на ўліку. Працавалі многа і цяжка. Часта хварэлі.
Але ў гэтай хаце маленькі Максім на ўсё жыццё быў зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысціны, ціхімі песнямі сваёй матулі – Ахрасінні...”
“цяжкія гады, вялікія матэрыяльныя цяжкасці (з выпадковай працай не па спецыяльнасці і маральная прыгнечанасць не сакрушылі Максімавага духу і не згасілі прагнасці да літаратурнай творчасці”.
Пісьменнік Юрый Паўлавіч Гаўрук, які працаваў разам з М.Гарэцкім на кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў БСГА:
“Я мала ведаў людзей, якія б так любілі сваю справу, так аддаваліся ёй усёй душой. Ён стараўся сабраць і песні, і казкі, і народную лексіку, стварыць зборнікі, слоўнікі, падручнікі. Ён вельмі старанна ўсё вывучаў і імкнуўся зрабіць гэта здабыткам мас. Усё, што рабіў, рабіў грунтоўна, укладаючы душу”.
Аляксандр Сцяпанавіч Вечар, студэнт акадэміі, што вучыўся ў М.Гарэцкага:
“З пачуццём вялікага задавальнення даведаліся мы, што лекцыі па беларускай літаратуры на нашым курсе будзе чытать вядомы беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі. Некаторыя з нас былі знаёмы з яго творамі. Лекцыі Максіма Гарэцкага вызначаліся глыбокім зместам, вялікай эрудыцыяй, народным гумарам, папулярнасцю. Праз некаторы час на яго лекцыі пачалі прыходзіць студэнты з іншых курсаў і факультэтаў. Як ніхто іншы, ён прывіваў нам любоў да беларускай літаратуры, якую я пранёс праз ўсё жыццё”