Паланэз прафесара Клачкова
65 гадоў спаўняецца сёлета нашаму знакамітаму земляку-вучонаму, доктару тэхнічных навук, прафесару БДСГА і паэту Аляксандру Клачкову. З гэтай святочнай нагоды ў цэнтральнай бібліятэцы імя М. Гарэцкага наладзілі літаратурную экспазіцыю «Паланэз з накірункам да зор».
Аляксандр Віктаравіч – вопытны выкладчык і вядомы навуковец, аўтар цэлага шэрага падручнікаў і кніжак па механізацыі сельская гаспадаркі, за яго плячыма – больш за 380 навукова-метадычных прац і каля 50 вынаходніцтваў, а пра яго навуковую школу вядома далёка за межамі краіны. Артыкулы Клачкова публікаваліся ў Швецыі, Францыі, Польшчы, а сам ён стажыраваўся ў ЗША, Нідэрландах ды Даніі. Наш зямляк ужо укараніў мноства навуковых распрацовак у сельскагаспадарчую вытворчасць Рэспублікі Беларусь, але тым не менш працягвае выконваць значную працу па павышэнні прафесійнай адукаванасці спецыялістаў, падтрымліваючы стасункі з прадпыемствамі па вытворчасці спецыялізаванай тэхнікі.
А яшчэ Аляксандр Віктаравіч піша вершы.Займацца гэтым ён пачаў са школьных часоў і працягнуў у студэнцкі перыяд. Першай, выдадзенай ім кнігай, сталі «Мікітавы прыгоды», што выйшлі з друку ў Горках ажно ў 2000 годзе. Адметна, што у прадмове менавіта да гэтае кніжкі другі наш паэт-зямляк Алесь Пісьмянкоў адзначыў унікальную здольнасць аўтара «ствараць шэраг праўдзівых і запамінальных сцэн з жыцця вёскі, прасякнутых не толькі гумарам, але і болем за яе ўчарашні і сённяшні дзень». Пасля таго дэбюта Клачкоў выдаў у свет яшчэ амаль за дзесяць сваіх паэтычных зборнікаў, а многія яго вершы былі надрукаваныя ў шматлікіх мясцовых і рэспубліканскіх калектыўных выданнях. Дарэчы, у гэтым годзе адзначаюць свае міні-юбілеі цэлых тры кніжкі Аляксандра Віктаравіча . Гэта – «Тайна часу», якой спаўняецца 15 гадоў з моманту выдання, «Паланэз» (10 гадоў) і самыя маладзейшыя «Думкі», што выйшлі 5 гадоў таму. Больш падрабязна пра гэтых мясцовых літаратурных юбіляраў наша бібліятэка ўжо пісала вось тут.
Вышэйназваная выстава на абанеменце цэнтральнай бібліятэкі сабрала для наведвальнікаў амаль поўную калекцыю літаратурных твораў Клачкова – трэба зазначыць, што некаторыя з іх на сённяшні момант, з-за свайго часта досыць мікраскапічнага тыражу, з’яўляюцца сапраўднымі бібліяграфічнымі рэдкасцямі. Таму падобныя экспазіцыі – даволі каштоўны падарунак для ўсіх прыхільнікаў вытанчанай лірыкі і сваеасаблівай філасофскай паэтыкі горацкага аўтара.