Максім Іванавіч Гарэцкі
(1893 - 1938)

Горацкая цэнтральная раённая бібліятэка вось ужо трэці дзясятак носіць імя класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага.

Чаму менавіта Максіма Гарэцкага?

Так ужо складаліся жыццёвыя абставіны, што за 44 гады свайго жыцця (у 30-я гады ён быў рэпрэсіраваны, а затым расстраляны, і толькі ў 1957 годзе рэабілітаваны) Максім Гарэцкі пабываў і жыў, на жаль, часта і не па сваім жаданні, шмат у якіх кутках краіны. Аднак тыя адрэзкі жыцця, якія звязаны з магілёўшчынай, з вёскай дзе ён нарадзіўся, з Горкамі, займалі асаблівае месца ў жыцці пісьменніка. Так, менавіта Горкі сталі тым месцам, адкуль ён пайшоў у вялікі свет. З 1909 па 1913 год Максім Гарэцкі вучыўся ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, амаль год да паступлення жыў на вуліцы Зялёнай (зараз вуліца носіць яго імя). За гады вучобы ён не толькі атрымаў спецыяльнасць, але і далучыўся да літаратуры. Як успамінаў брат пісьменніка, акадэмік АН БССР Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі: “…У вучылішчы пад кіраўніцтвам Максіма было створана “невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры”. Выпісвалі “Нашу Ніву”, чыталі “Тараса на Парнасе”, вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Дарэчы Гарэцкі – адзін з першых гурткоўцаў, хто пачаў пісаць нарысы аб жыцці і сваёй вучобе ў Горках па-беларуску, адсылючы іх у рэдакцыю “Нашай Нівы”. А ў 1913 годзе ў гэтай газеце было змешчана яго першае апавяданне “У лазні”.

Другі раз Гарэцкі прыехаў ў Горкі ўжо вядомым пісьменнікам. У 1926 годзе ён быў накіраваны на працу ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на кафедру беларусазнаўства. Сам М. Гарэцкі ўспамінаў, што гэты горацкі перыяд быў не толькі плённым, але яшчэ і адным з самых шчаслівых у яго жыцці. На жаль, да гэтага часу не захаваўся дом, дзе жыла сям’я Гарэцкіх. Але з успамінаў дачкі Гарэцкага Галіны Максімаўны вядома: “Наш драўляны дом, двухпавярховы, жаўтаваты, стаяў каля хімічнага корпуса акадэміі, бліжэй к дарозе, за якой спускаўся луг да рэчкі. У трохпакаёвай кватэры нашай заўсёды, як і ў Мінску, гасцяваў хто-небудзь з радні. Прыязджалі з Малой Багацькаўкі, Слаўнага. Бацька пасылаў у Малую Багацькаўку грошы бацькам, братам на пабудову хаты, на куплю каня, малатарні, хатніх рэчаў і іншыя справы”.

Працуючы ў Горках, Максім Гарэцкі падтрымліваў сяброўскія адносіны з дырэктарам акадэмічнай бібліятэкі Дзям’янам Раманавічам Новікавым. Той успамінаў: “Максім Гарэцкі часта заходзіў у бібліятэку. Чытаў газеты і часопісы. Шмат кніг браў з сабой дахаты. Пры гэтым мяне заўсёды здзіўляла шырыня яго далягляду і энцыклапедычнасць ведаў. Папрацаваўшы час-другі, ён выходзіў на прагулку. Вельмі любіў гуляць па ліпавай алеі, што расла на горцы “Парнас”. З вялікай ахвотай, па майму запрашэнню, прыходзіў ён на літаратурныя вечары і канферэнцыі чытачоў, якія арганізоўвала бібліятэка. Цікава апавядаў аб гісторыі літаратуры, аб творчасці пісьменнікаў, чытаў свае творы, вершы Купалы, Коласа, Багдановіча, пры тым вершы ён чытаў на памяць”. Гарэцкі часта быў сам ініцыятарам і арганізатарам сустрэч з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, такімі як, Я. Купала, Ц. Гартны і Я. Колас, дарэчы, з апошнім М. Гарэцкі сябраваў.

У Горках Гарэцкі дапамагаў пачынаючым творцам, ўдзельнікам літаратурнага гуртка – філіяла “Аршанскага маладняка”, асабліва ў выданні іх зборнікаў.

Горацкі перыяд жыцця быў вельмі плённым для Гарэцкага як для пісьменніка. Збіраючы матэрыялы для “Камароўскай хронікі”, летам 1926 года М. Гарэцкі зрабіў падарожжа ў Сібір. Вынікам яго паездкі пазней стала кніга “Сібірскія абразкі”, дзе ён апісаў жыццё сялян у далёкім Сібірскім краі. За перыяд з 1926 па 1928 г. выйшлі з друку яго творы: “У чым яго крыўда?”, “Ціхія песні”, “На імперыялістычнай вайне”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, зборнік апявяданняў “Досвіткі”, працаваў над зборнікам песень, запісаных сумесна з кампазітарам М.І. Аладавым ад яго маці Е. М. Гарэцкай “Народныя песні з мелодыямі”, займаецца перакладамі мастацкай прозы, а таксама за гэты час напісаны артыкулы аб творчасці Якуба Коласа, Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Змітрака Бядулі, якія пазней увайшлі ў яго “Гісторыю беларускае літаратуры”.

У жніўні 1928 года заканчваецца тэрмін, на які Максім Гарэцкі быў камандзіраваны ў Горкі. Ён падае заяву рэктару акадэміі, дзе просіць зволіць яго з пасады, бо тэрмін (2,5 гады), на які яго накіравалі на працу, скончыўся. З сярэдзіны верасня Максім Іванавіч працуе ўжо ў Мінску ў Інстытуце беларускай культуры.

1 лютага 1993 года, з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, вучонага, даследчыка літаратуры, крытыка, лексікографа і фалькларыста Максіма Гарэцкага, Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Горацкай раённай бібліятэцы было прысвоена імя пісьменніка. З таго часу пачалася крапатлівая праца па збору, захаванні і папулярызацыі жыццёвага і творчага шляху пісьменніка. 90-я гады – гэта той перыяд, калі сталі ўзнікаць забытыя імены, з’яўляцца забароненыя раней творы. У перыядычным друку шмат публікавалася артыкулаў, якія раскрывалі раней невядомыя старонкі з жыцця многіх раней “невядомых” асоб, у тым ліку і Максіма Гарэцкага. Бібліятэкары нашай бібліятэкі пачалі збіраць гэтыя матэрыялы, у выніку чаго сфарміравалася прэс-дасье “Максім Гарэцкі”, якое налічвае больш за 50 артыкулаў, а таксама фотакопіі ўласных дакументаў Гарэцкага. На сённняшні дзень гэтыя матэрыялы алічбаваныя і прадстаўленыя чытачу вось гэтай базай данных “Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага”. У ёй змешчаны біяграфічныя звесткі, алічбаваныя фотаздымкі, кнігі твораў М. Гарэцкага з фонду нашай бібліятэкі, бібліяграфію, поўныя тэксты артыкулаў з перыядычных выданняў пра М. Гарэцкага, пераведзеныя ў электронны фармат, успаміны і вершы, прысвечаныя пісьменніку.

Дадзены рэсурс будзе карысным усім тым, хто цікавіцца вывучэннем творчасці Максіма Гарэцкага.