У цяперашні час у Горацкім раёне вядзецца праца па стварэнні абноўленай электроннай базы дадзеных «Кніга «Памяць». Праект рэалізуецца ў мэтах захавання гістарычнай памяці, процідзеяння спробам фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фарміравання ў грамадзян высокай патрыятычнай свядомасці, павышэння даступнасці да звестак аб важных гістарычных падзеях і гісторыка-культурнай спадчыне Горацкага раёна. База дадзеных будзе ўключаць як звесткі, прадстаўленыя ў друкаванай версіі навукова-папулярнага выдання «ПАМЯЦЬ. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раену», так і новыя дадзеныя аб нашым раёне.

ДА ЧЫТАЧА

Гэтай кнігай працягваецца серыя гісторыка-дакументальных Хронік Памяці, якая выдаецца ў Рэспубліцы Беларусь па рашэнні ўрада. Іх паяўленне выклікана патрабаваннем часу. Складаны працэс адраджэння і развіцця беларускай нацыі, яе культуры, пабудова незалежнай дэмакратычнай дзяржавы шчыльна звязаны з беражлівымі адносінамі да гістарычнаяй спадчыны.

Кніга створана на аснове навуковых даследванняў, разнастайных дакументаў з дзяржаўных архіваў, шматлікіх публікацый ў газетах, кнігах, успамінаў удзельнікаў і сведак падзей, якія адбываліся ў жыцці Горацкага раёна.

Апрача матэрыялаў па гісторыі раёна, асаблівая ўвага ў кнізе нададзена ўвекавечванню памяці загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, адлюстраванню неўміручага подзвігу абаронцаў Радзімы. Безумоўна, стваральнікі хронікі не могуць гарантаваць поўную вычарпальнасць прыведзеных матэрыялаў. На жаль, засталіся яшчэ невядомыя салдаты, што спачылі на зямлі Беларусі, імёны далёка не ўсіх рэпрэсіраваных у гады сталіншчыны ўстаноўлены. Але пошукавая работа не спыняецца з выхадам кнігі, з'яўляюцца новыя звесткі, даследванні, а значыць, і новыя імёны.

У пошуку, зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў да хронікі прымалі ўдзел мясцовыя краязнаўцы, работнікі архіваў, музеяў, супрацоўнікі дзяржаўных органаў і устаноў, ваенкаматаў, навукоўцы, рэдактары выдавецтва.

Раённая камісія па падрыхтоўцы кнігі «Памяць» і выдавецтва «Вышэйшая школа» вельмі ўдзячны ўстановам, арганізацыям і прыватным асобам, якія дапамаглі ў зборы, падрыхтоўцы, удакладненні матэрыялаў і выданні гісторыка-дакументальнаяй Хронікі «Памяць. Горацкі раён».


Горацкі раён размешчаны на паўночным усходзе Магілёўскай вобласці. Утвораны 17.7.1924 г. Плошча 1,3 тыс. км2. Населеных пунктаў 177, у тым ліку горад Горкі - цэнтр раёна. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горскі, Горацкі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Ракцянскі, Саўскі. 2/3 тэрыторыі раёна занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай. На паўночным усходзе адгор’і Смаленскага ўзвышша. 75 % тэрыторыі размешчана на вышыні 190 - 200 м над узроўнем мора, 20 % - ніжэй за 190 м.

Сярэдняя тэмпература студзеня -8,2 °С, ліпеня +17,8 °С. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 суткі. Цэнтральную частку раёна перасякае р. Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша. На захадзе цячэ рака Бася з прытокамі Пална, Галубіца; на ўсходзе прытокі ракі Быстрай - Рамасцвянка, Лебедзеўка, Дняпрэц. На паўночным усходзе пачынаецца р. Мярэя. Карысныя выкапні: торф, пясок, гліна. Пад лесам 1,8%, сельскагаспадарчымі ўгоддзямі - 82,4 % тэрыторыі раёна. У раёне 11 калгасаў і сельскагаспадарчых аб’яднанняў, 7 саўгасаў і аграгандлёвых прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца па мяса-малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтве і льнаводстве, вырошчваюць збожжавыя культуры і бульбу. Працуюць прадпрыемствы па вытворчасці будматэрыялаў, харчовай і лёгкай прамысловасці, дзяржаўнае прадпрыемства «Прэма», міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц», доследная станцыя БСГА. Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка, аўтамабільная дарога Орша - Мсціслаў. Выдаюцца раённая газета «Ленінскі шлях» і шматтыражная газета «Советский студент» (БСГА).