1945 - Да нашах дзён



У МІРНАЙ ПРАЦЫ

Ліпень 1944 года. Вызваленыя Горкі і раён ляжалі ў руінах. Разбураны былі ўсе прамысловыя прадпрыемствы, культурна-бытавыя і адміністрацыйныя будынкі і ўстановы. Гітлераўцы ўзарвалі і спалілі 166 са 170 дамоў камунальнай гаспадаркі. Карпусы, лабараторыі і жыллёвыя пабудовы сельскагаспадарчага інстытута ператварыліся ў разваліны.

Лепшыя кнігі бібліятэкі фашысты вывезлі ў Германію. Матэрыяльны ўрон, нанесены толькі інстытуту, склаў 146 мільёнаў рублёў (у цэнах 1940 г.).

Вялікі ўрон нанеслі гітлераўцы гаспадарцы раёна. Яны разрабавалі ўсе калгасы і саўгасы, 2 тыс. гаспадарчых пабудоў, знішчылі 110 вёсак, 5746 жылых дамоў, 50 калгасных клубаў, 2 бальніцы і 13 медпунктаў, усе бібліятэкі.

Але як можна змерыць нязмерныя людскія страты, слёзы матак і сірот? За тры гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі і па-зверску замучылі тысячы мірных грамадзян, 1375 чалавек вывезлі ў Германію.

Яшчэ ішлі баі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, а райком партыі і выканком раённага Савета дэпутатаў працоўных прымалі тэрміновыя меры для аднаўлення жыцця ў вызваленым горадзе. Раённую партыйную арганізацыю ўзначаліў А. Б. Лабанок, выканком райсавета – Д. І. Бычкоў.

Гарсавет звярнуўся да жыхароў з просьбай прыняць актыўны ўдзел у аднаўленчых работах. І гэта знайшло разуменне з боку людзей.

Шырокае распаўсюджванне атрымаў рух чаркасаўцаў (па імені А. Чаркасавай, брыгада якой добраахвотна і бясплатна ў свабодны час працавала на аднаўленні Сталінграда). Ініцыятарамі стварэння такіх фарміраванняў у Горках выступілі рабочыя арцелі «Прагрэс», якія абавязаліся адпрацаваць на аднаўленні горада па 10 дзён кожны. Чаркасаўскія брыгады вызвалілі ад развалін усе вуліцы і двары горада, сабралі 180 тыс. штук цэглы.

У час расчысткі руін былі выяўлены міны, якія пакінуў вораг. Размініраваннем тэрыторыі займалася спецыяльная група. Не абышлося і без ахвяр. Загінулі інжынер-маёр К. І. Цыбульскі, радавыя В. Н. Скварцоў і І. К. Сукач.

Для будаўніцтва горада неабходна была вялікая колькасць цэглы і лесу. У верасні 1945 г. на цагельным заводзе былі адноўлены 2 печы і абпалена 48 тыс. штук цэглы. На далейшае расшырэнне вытворчасці дзяржава выдзеліла прадпрыемству 317 тыс. рублёў.

Раён паспяхова выканаў план па лесанарыхтоўках.

Да канца 1945 г. увайшлі ў строй хлебазавод, прамкамбінат, малочны завод, арцелі «Прагрэс», «Харчавік», раённая друкарня і электрастанцыя.

У райцэнтры пачалі працаваць дзве школы, а таксама бальніца і паліклініка, Дом сацыялістычнай культуры.

У кастрычніку 1945 г. адкрыўся дзіцячы дом на 130 чалавек. Жыхары горада сабралі для дзяцей-сірот прадукты харчавання і цёплае адзенне. А работнікі Горацкага райкома партыі ў снежні 10 % зарплаты пералічылі ў фонд выхаванцаў дзіцячага дома.

Прымаліся меры для хуткага пад’ёму сельскай гаспадаркі раёна. У першыя ж месяцы пасля вызвалення было арганізавана 160 калгасаў і саўгасаў, машынна-трактарная станцыя. У МТС да чэрвеня 1945 г. ужо дзейнічалі майстэрні, гараж, кузня, мелася 22 трактары і 2 грузавыя машыны. Пачалі працаваць курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў.

У верасні 1945 г. камсамольцы раёна адпрацавалі ўдарную пяцідзёнку ў гонар юбілею камсамола Беларусі. 93 камсамольска-маладзёжныя брыгады, 112 камсамольскіх пастоў па ахове ўраджаю выйшлі ў поле. Прыклад у працы паказвалі трактарыст Горацкай МТС Тарас Ларковіч (узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ) і вучаніца 7-га класа Панкратаўскай васьмігадовай школы Ганна Капусціна, якая зжынала штодзённа па 0,25 га жыта. Камсамольцы азелянілі двары і вуліцы, будавалі клубы і бібліятэкі, дамы для тых, хто жыў у зямлянках. Моладзь вёскі Хамінічы пабудавала пасёлак і назвала яго Камсамольскім. За актыўны ўдзел у аднаўленні раёна ў 1945 г. ЦК ВЛКСМ узнагародзіў камсамольскую раённую арганізацыю Ганаровай граматай.

26 мая 1946 г. на будоўлях горада адбыўся суботнік, на якім працавала 337 чалавек. 7 ліпеня прайшоў суботнік па аднаўленню і расшырэнню цагельнага завода.

У горадзе шырокі размах атрымала сацыялістычнае спаборніцтва. Ініцыятарамі рацыяналізатарскага руху сталі працаўнікі льнозавода.

На раённай сельскагаспадарчай выстаўцы, якая адкрылася 15 кастычніка 1950 г., былі падведзены вынікі развіцця сельскай гаспадаркі за гады чацвёртай пяцігодкі. Адзначалася, што ў выніку павелічэння пасяўных плошчаў і росту ўраджайнасці валавы збор збожжавых культур у 1950 г. дасягнуў 277,7 % ад узроўню 1945 г. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з 1940 г. вырасла на 65 %, свіней на 166 %, авечак на 146 %. Лепшымі з 59 узбуйненых калгасаў былі прызнаны гаспадаркі «Шлях сацыялізма», «Культура», імя С. М. Кірава, імя С. М. Будзёнага.

Адначасова актыўна вялося будаўніцтва жылля, школ, медыцынскіх і культурных устаноў. У 1950 г. у раёне налічвалася 88 школ, працавалі 444 настаўнікі, 18 урачоў, 22 фельчары, 48 медыцынскіх сясцёр. Дзейнічала 110 бібліятэк, 15 хат-чытальняў, 14 калгасных клубаў, раённы Дом культуры, кінатэатр, пяць кінаперасовак.

У сотні кватэр былі праведзены радыё і электрычнасць. Адразу пасля вайны было прынята рашэнне аднавіць работу Беларускага сельскагаспадарчага інстытута. Для гэтай мэты дзяржава выдзеліла 2 млн рублёў, прыборы, машыны і падручнікі. У канцы 1945 г. на першы курс было прынята 105 чалавек і 100 вярнулася да вучобы.

Студэнты, выкладчыкі, тэхнічны персанал рабілі рамонт у карпусах, інтэрнатах, выраблялі мэблю, вучэбнае абсталяванне. Дзякуючы гэтаму заняткі ў інстытуце пачаліся першага снежня 1945 г.

Першы пасляваенны выпуск налічваў усяго 9 чалавек. Сярод іх быў А. А. Калікінскі, пазней доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, загадчык кафедры. А бібліятэка інстытута сваім адраджэннем была абавязана дырэктару Дз. Новікаву (гл. матэрыял «Адданасць кнізе»).

У кастрычніку 1948 г. сельскагаспадарчы інстытут быў пераўтвораны ў акадэмію. З’явіліся новыя факультэты: гідрамеліярацыйны і эканамічны, завочнае аддзяленне, курсы павышэння кваліфікацыі. У канцы пяцігодкі ў акадэміі вучылася ўжо 1523 студэнты.

У 1954 г., калі пачалося асваенне цалінных і залежных зямель, моладзь раёна не засталася ўбаку.

Лепшыя з пасланцоў Горацкага раёна за асваенне цалінных зямель былі адзначаны высокімі ўзнагародамі Радзімы. Механізатар І. Л. Крупскі быў удастоены высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Ордэн Леніна атрымаў Б. І. Латушкін, які 10 год працаваў дырэктарам саўгаса.

У 50-я гады значна пашыралася ў Горках капітальнае будаўніцтва. Былі ўзведзены будынкі універмага, гасцініцы, канторы Дзяржбанка, сярэдняй школы № 2, раённага камітэта КПБ, вучэбнага корпуса факультэта механізацыі, інтэрната на 427 чалавек сельскагаспадарчай акадэміі. У горадзе адкрылася некалькі новых магазінаў, будаваліся шматпавярховыя жылыя дамы, развівалася індывідуальная забудова. У 1957 г. у Горках з’явілася 9 новых вуліц. Толькі будаўнікі здалі 18 аб’ектаў.

У 1957 г. у раёне працавалі 82 агульнаадукацыйныя і адна музычная школы. У іх вучылася 6980 вучняў і выкладала больш чым 500 настаўнікаў. У гэтым жа годзе адкрыўся раённы Дом піянераў. У горадзе працавалі дзве бібліятэкі, у вёсках – сорак. У іх фондах налічвалася каля 100 тыс. кніг. Быў пабудаваны кінатэатр «Мір». Усяго ў раёне працавала 6 стацыянарных і 10 перасовачных кінаўстановак.

Неблагія паказчыкі мелі працаўнікі сельскай гаспадаркі. Даход калгасаў у 1957 г. узрос у параўнанні з 1953 г. у 3,3 раза. У раёне працавала 213 трактароў, 102 збожжаўборачныя камбайны, 140 аўтамашын. Горацкая МТС выйшла пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва сярод іншых машынна-трактарных станцый.

Актыўна нарошчвала ў пасляваенныя гады вучэбны патэнцыял БСГА (гл. артыкул «З гісторыі акадэміі»).

Паступова мяняўся знешні воблік раённага цэнтра. На галоўнай магістралі горада – вуліцы І.І. Якубоўскага, якую ў самым пачатку перасякае рака Парасіца – разлілося прыгожае возера, паявіліся Дом быту і школа, Дом сувязі, гасцініца, аптэка, універмаг.

Пабудаваны таксама новы мост праз раку Капылку. Цэнтральная вуліца злучана з Вакзальнай, а на месцы былога рынку сфарміраваўся адміністрацыйны цэнтр горада – плошча імя У. І. Леніна. У цэнтральнай частцы Горак сканцэнтраваны адміністрацыйныя, грамадскія, культурна-бытавыя і відовішчныя ўстановы, а таксама шматпавярховыя жылыя дамы. Тут размясціліся Дом саветаў, Інфармацыйна-вылічальны цэнтр, гастраном, кафэ, бюро падарожжаў і экскурсій, Дом абрадаў.

Уздоўж вуліцы Вакзальнай раскінулася прыгожая алея Перамогі, якая была пасаджана 9 мая 1946 г. На правым баку вуліцы ў апошнія гады вырас новы мікрараён.

З 1983 г. Горкі сталі горадам абласнога падпарадкавання. На 1 студзеня 1991 г. тут пражывала 30,2 тыс. чалавек.

У раёне чыгуначнай станцыі Пагодзіна яшчэ ў гады першых пяцігодак сфарміравалася прамысловая зона. Там былі пабудаваны льнозавод, масласырзавод, прамкамбінат.

У апошнія гады істотна змяніўся Горацкі льнозавод – адзін з буйнейшых у вобласці – на базе якога створана адкрытае акцыянернае таварыства «Горкі– Лён». Тут узведзены новыя карпусы, устаноўлена сучаснае абсталяванне, пачаў дзейнічаць цэх па прамысловаму прыгатаванню трасты з ільносаломкі, дзе ўкаранёна сістэма аўтаматычнага кіравання працэсам. На прадпрыемстве выраслі вопытныя кадры.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Горацкі масларобны сыраробны завод» пастаўляе сваю прадукцыю ў Мінск і іншыя гарады.

Больш за восем назваў прадукцыі выпускае Горацкі завод напіткаў. Вырабляюць гэтую салодкую прадукцыю сапраўдныя майстры сваёй працы.

У апошнія гады завод пачаў вырабляць цукеркі, гадаваць рыбу, вырошчваць грыбы, адкрыў фірменную краму.

Значнае месца ў эканоміцы горада займае завод жалезабетонных вырабаў, прадукцыя якога ідзе на будоўлі ўсёй Магілёўскай вобласці.

У кастрычніку 1984 г. на базе Горацкага ўчастка Шклоўскага мэблевага аб’яднання быў створаны камбінат будаўнічых матэрыялаў. Ён выпускае цэглу, дзвярныя і аконныя блокі, тару, камплектуючыя дэталі для аршанскага завода «Легмаш», тавары шырокага ўжытку. Калектыў камбіната састаўляюць у асноўным вопытныя рабочыя, настаўнікі моладзі, якія аддалі прадпрыемству шмат год свайго жыцця. У 11-й пяцігодцы былі здадзены ў эксплуатацыю кінатэатр «Крыніца» на 420 месц, Дом быту па вуліцы Калініна, камбінат грамадскага харчавання, гарадскі стадыён. Значна вырас жыллёвы фонд Горак, які складае 300 тыс. квадратных метраў.

У 1990 г. будаўнічыя арганізацыі горада ўвайшлі ў аб’яднанне «Горкісельбуд».

Паступова рашаюцца пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада, адукацыі, сувязі. На базе кацельняў горада створана аб’яднанне. Гэта дало магчымасць палепшыць забеспячэнне гарачай вадой большасці шматпавярховых дамоў.

Здадзена ў эксплуатацыю сярэдняя школа на 1726 месц, пятая па ліку, гасцініца.

У раёне працуе 16 сярэдніх, 8 няпоўных сярэдніх і 11 пачатковых школ, Дом піянераў, станцыя юных натуралістаў і дзіцяча-юнацкая коннаспартыўная школа.

Пашырылася матэрыяльная база аховы здароўя. Пабудавана новая раённая паліклініка на 375 наведванняў, працуе аддзяленне прафілактыкі. Усеагульнай дыспансерызацыяй ахоплена каля 90 працэнтаў насельніцтва. Раён абслугоўваюць 122 урачы, больш чым 400 фельчараў і медсясцёр.

Развіваецца паштовая сувязь.

Для ўдасканальвання тэлефоннай сувязі ў новым памяшканні поштызманціравана АТС на 4 тыс. нумароў. А пасля ўводу ў строй у Магілёве квазіэлектроннай станцыі «Кварц» усе абаненты Горак атрымалі магчымасць званіць у іншыя гарады нашай краіны і СНД па аўтаматычнай тэлефоннай сувязі.

У 1980 – 94 гг. значна пашыралася гандлёвая сетка раёна, плошча магазінаў павялічылася больш чым на тысячу квадратных метраў. Горад упрыгожыў новы комплекс «Парнас», які ўключае рэстаран, кафэ і магазін кулінарыі.

У раёне дзейнічае 9 дамоў культуры, 18 сельскіх клубаў, 31 бібліятэка, 8 музычных школ, 3 музеі. Усё гэта стварае неабходныя ўмовы для актыўнага ўдзелу жыхароў раёна ў культурным жыцці, выяўлення народных талентаў.

Папулярнымі ў горадзе і раёне сталі святы вёсак і вуліц, ярмаркі, тэатралізаваныя відовішчы.

У горадзе, на тэрыторыі сельскіх Саветаў працуюць стадыён, 15 спартыўных залаў, 2 плавальныя басейны, 16 стралковых ціраў, 125 спартыўных пляцовак.

Жыхары раёна могуць карыстацца паслугамі Горацкага бюро падарожжаў і экскурсій. З Горак экскурсійныя маршруты вядуць у Маскву, Санкт-Пецярбург, Мінск і іншыя гарады. Штогод бюро абслугоўвае некалькі тысяч чалавек.

Пасля ўтварэння суседняга Дрыбінскага раёна (1989) у Горацкім засталося 11 калгасаў і 6 саўгасаў. На працягу 1993 –95 гг. раён з’яўляецца лідэрам рэспублікі па вытворчасці малака, іншых сельскагаспадарчых культур. Па выніках за 1995 г. Горацкаму раёну прысуджаны тры першыя месцы ў Магілёўскай вобласці – за павялічэнне вытворчасці і продаж дзяржаве збожжа, ільну і бульбы з уручэннем прэмій па 17 мільёнаў рублёў за кожны від прадукцыі.

Сярод гаспадарак вобласці два першыя месцы па вытворчасці малака і кармоў заняў племсаўгас імя Чкалава.

У раёне вядзецца пошук новых форм гаспадарання, якія больш адпавядаюць перыяду пераходу да рыначных адносін. Вучонымі БСГА Э. А. Пятровічам, М. З. Фрэйдзіным, А. М. Каганам, практыкам А. П. Герасімавым распрацаваны праекты рэфармавання сельскай гаспадаркі. Пад іх кіраўніцтвам у 1990 г. на базе калгаса імя Свярдлова створана сельскагаспадарчае аб’яднанне, куды ўвайшло пяць сельскагаспадарчых кааператываў, а працаўнікі гаспадаркі сталі акцыянерамі.

Павялічваецца колькасць фермерскіх гаспадарак. У 1993 г. іх было 28, а ў 1995 г. стала 33, і яны апрацоўваюць 1053 га зямлі.

У прамысловасці і будаўніцтве ствараюцца акцыянерныя таварыствы, малыя і арэндныя прадпрыемствы. Калектывы гэтых прадпрыемстваў асвойваюць нетрадыцыйныя віды прадукцыі, шукаюць новыя рынкі збыту, удасканальваюць тэхналогію.

У раёне пачалі працаваць філіялы рэспубліканскіх банкаў «Белбізнесбанка», «Прамбудбанка», «Аграпрамбанка», «Прыорбанка» і банка «Дукат». У горадзе і на вёсцы ўзнікла каля сотні прыватных крам і ларкоў. Некаторыя прадпрыемствы горада, калгасы і саўгасы пачалі таксама адкрываць свае фірменныя крамы.

У той ці іншай ступені змены закранулі і другія сферы жыцця.

У Горках, на базе сярэдняй школы № 5 адкрылася першая гімназія з мастацкім ухілам, ліцэйныя класы ў сярэдняй школе № 4. У школе № 1 пачалі працаваць харавы і харэаграфічны класы, пазнавальна-творчыя аб’яднанні «Клуб аматараў мастацтва», «Гартаючы старонкі гісторыі», «Гаспадынька» і іншыя. У 1993 г. адчыніла дзверы станцыя тэхнічнай творчасці. Раённы гісторыка-этнаграфічны музей адчыніў чатыры філіялы ў вёсках Маслакі, Аўсянка, Копцеўка і Леніна. Пры музеі працуюць тры аб’яднанні, якія збіраюць аматараў літаратуры, гісторыі і мастацтва. Лепту ў культурна-нацыянальнае адраджэнне ўносяць таварыствы беларускай мовы, краязнаўчае, навукова-асветніцкае «Рунь» імя М. Гарэцкага.

У пачатку 90-х г. у раёне зроблены першыя крокі на шляху шматпартыйнасці – тут функцыяніруюць партыя камуністаў Беларусі, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларускі народны фронт, аграрная партыя, Саюз моладзі Беларусі. Гарадскі клуб выбаршчыкаў аб’ядноўвае прыхільнікаў дэмакратычнага накірунку.

Сацыяльна-эканамічнае развіцце ў перыяд пераходу да рыначнай эканомікі носіць складаны і супярэчлівы характар. Пабудова незалежнай, суверэннай дзяржавы – адказны момант у жыцці народа – адкрывае новую старонку ў шматвекавой гісторыі раёна.

У. Ліўшыц