1917 - 1941
У ГАДЫ ВЫПРАБАВАННЯЎ
26 кастрычніка 1917 г. у Горках і павеце стала вядома аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе. Але Горацкі Савет, у якім былі ў асноўным прадстаўнікі партый меншавікоў і эсэраў, доўгі час не прызнаваў перамогу бальшавікоў у Петраградзе. Горацкія бальшавікі даручылі былому салдату царскай арміі С. Дз. Пагодзіну арганізаваць чырвонагвардзейскі атрад, у які ў першыя дні ўступіла больш за 80 чалавек. Улічваючы перавагу ў ваеннай сіле, Горацкі Савет вымушаны быў назначыць С. Дз. Пагодзіна ваенным камісарам, а намеснікамі - бальшавікоў А. Ф. Фабрыстава і С. Н. Шчура.
Абапіраючыся на чырвонагвардзейскі атрад, бальшавіцкая арганізацыя, якую падтрымлівалі рабочыя мясцовых майстэрняў і будаўнікі, рэвалюцыйна настроеныя навучэнцы горацкіх земляробчых устаноў, дабілася палітычнай перамогі. У канцы 1917 г. на першым павятовым з’ездзе Саветаў рабочых, чырвонагвардзейскіх і сялянскіх дэпутатаў большасць атрымалі бальшавікі. У Горках перамагла Савецкая ўлада.
У студзені 1918 г. быў створаны новы апарат Савецкай улады, пачаліся першыя пераўтварэнні. Ажыццяўляўся Дэкрэт Савецкага ўрада ад 17 лістапада аб нацыяналізацыі суконнай фабрыкі «Якаўлевічы» Горацкага павета, Дэкрэт аб зямлі. Але мірнае будаўніцтва было спынена нападам войск кайзераўскай Германіі. Калі фронт прыблізіўся да мяжы Горацкага павета, савецкія органы з горада былі эвакуіраваны ў вёску Баева. Ваенны аддзел выканкома і чырвона-гвардзейскі атрад пад камандаваннем С. Дз. Пагодзіна перадыслацыраваўся ў вёску Собалева, бліжэй да лініі фронту. У Горках застаўся Камітэт абароны.
14 сакавіка 1918 г. апазіцыі ўдалося арыштаваць членаў Камітэта абароны і захапіць уладу ў Горках. 15 сакавіка, калі атрад пад кіраўніцтвам С. Дз. Пагодзіна вызваляў арыштаваных членаў Камітэта абароны, ваенком быў смярот на паранены.
3 воінскімі ўшанаваннямі пахавалі чырвонагвардзейцы свайго камандзіра ў яго роднай вёсцы Гушчына. У памяць аб загінуўшым атрад быў названы імем С. Дз. Пагодзіна.
Горкі былі цэнтрам абароны Магілёўскай губерні. Да 1 красавіка 1918 г. у Чырвоную Армію ў горадзе запісалася больш за тысячу чалавек.
У 1920 г. у сувязі з наступленнем палякаў Горкі зноў аказаліся ў прыфрантавой паласе. У павеце быў арганізаваны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які падпарадкоўваўся Рэўваенсавету 16-й арміі. Старшынёй рэўкома назначылі М. С. Новікава.
У дапамогу Чырвонай Арміі рэўком сфарміраваў спецыяльны ўзброены атрад - каравульную роту. Яна складалася з 210 чалавек.
Нягледзячы на грамадзянскую вайну, у павеце і горадзе працягвалася будаўніцтва новага жыцця. Навучальныя ўстановы былі рэарганізаваны ў адзіную працоўную школу. У школах горада і павета ў 1920 г. займалася амаль 17 тыс. дзяцей. Для дарослых працавала 20 курсаў ліквідацыі непісьменнасці. Для дзяцей, якія страцілі бацькоў, адкрыліся 5 дзіцячых дамоў. Дзейнічала 43 хаты-чытальні, 2 клубы.
Пры павятовым камітэце РКП(б) быў арганізаваны жансавет пад кіраўніцтвам В. Гольберга, які адкрыў чытальню, дзіцячыя яслі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Для жанчын чыталіся лекцыі на палітычныя, эканамічныя і бытавыя тэмы.
Па ініцыятыве павятовай партыйнай арганізацыі ў верасні 1919 г. у Горках прайшоў першы камуністычны суботнік, у якім удзельнічала 35 камуністаў. Працавалі на аднаўленні згарэўшага Горацкага завода сельскагаспадарчых машын.
Высокі працоўны ўздым адрозніваў і Усерасійскі суботнік, які адбыўся 1 мая 1920 г. У Горках працавала ўсё дарослае насельніцтва.
Але ж менавіта ў гэты час ішло ўзмацненне палітычнага рэжыму, парушэнне правоў чалавека. На аснове дэкрэта аб працоўнай павіннасці ўсё працаздольнае насельніцтва павета прыцягвалася да бясплатнай абавязковай працы. Па харчразвёрстцы ў сялян забіралі лішкі прадукцыі. Усё гэта прыводзіла да такіх падзей, якія адбыліся ў Горацкім павеце 26 мая 1919 г. Члены харчатрада Уладзімір Арэф’еў, Міхаіл Стрэпетаў, Рыгор Шумілаў, Арцём Гобрыкаў, Залман Міркінд, Іван Хліманкоў, Ошэр Лібкінд, Іона Дымшыц, Максім Чуба, Плотнікаў былі акружаны ў вёсцы Шэды і забіты. Целы загінуўшых перавезлі і пахавалі ў Горках. На магіле быў устаноўлены помнік.
Калектыў выкладчыкаў і навучэнцаў Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў падняў пытанне аб аднаўленні дзейнасці Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Рашэннем калегіі Народнага камітэта па асвеце РСФСР ад 7 красавіка 1919 г. сельскагаспадарчы інстытут быў адноўлены. Да канца 1920 г. у інстытуце вучылася 260 студэнтаў.
Пасля грамадзянскай вайны краіна Саветаў прыступіла да аднаўлення разбуранай гаспадаркі. За гады вайны зменшылася колькасць рамесных прадпрыемстваў, рэзка скараціліся пасяўныя плошчы, знізілася ўраджайнасць, пагалоўе жывёлы.
13 верасня 1921 г. адбылася канферэнцыя беспартыйных рабочых, сялян і чырвонаармейцаў Горацкага раёна, якая «...адобрыла лінію, узятую Савецкай уладай у галіне эканамічнай палітыкі ў напрамку ўсёй рэарганізацыі народнай гаспадаркі».
У пачатку лістапада 1921 г. старшынёй Горацкага павятовага выканкома быў выбраны М. М. Галадзед, які пазней стаў сакратаром ЦК КПБ і Старшынёй Савета Народных Камісараў. Ён паставіў задачу: рэарганізаваць павятовы выканком, «зрабіць яго больш гібкім, менш колькасным і больш праца-здольным».
У гэты час у Горках ствараюцца прафсаюзы харчавікоў, будаўнікоў, работнікаў дзяржаўных органаў, асветы і аховы здароўя. У 1921 - 22 гг. у павеце асобная ўвага ўдзялялася аказанню дапамогі галадаючаму насельніцтву Паволжа. Арганізоўваліся зборы грошай і каштоўнасцей, праводзіліся суботнікі і нядзельнікі, а заробак пералічваўся ў фонд галадаючых. Некалькі дзесяткаў дзяцей былі прыняты ў дзіцячыя дамы Горак і павета.
Горацкі павятовы РКСМ звярнуўся да камсамольцаў і моладзі горада і павета з заклікам збіраць сродкі для галадаючых. Пры кожнай камсамольскай ячэйцы была арганізавана камісія па аказанню дапамогі галадаючым. Камсамольцы горада і павета (а іх тады было 275) збіралі харчаванне, грошы, адзенне.
Павятовы камітэт РКСМ у гэты перыяд узначальваў Мацвей Паўлючкоў, ураджэнец вёскі Валынцава. У 1920 г. пасля заканчэння школы 2-й ступені (такую назву мела сярэдняя агульнаадукацыйная школа ў першыя гады пасля рэвалюцыі) ён стаў студэнтам першага набору Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. У канцы 1921 г. ён захварэў на туберкулёз. У 1924 г. Мацвея Паўлючкова не стала.
Першы павятовы з’езд камсамола адбыўся летам 1919 г. у Горках. Сюды з’ехаліся дэлегаты з Дуброўна, Копысі, Лядаў, Раманава. Усяго прысутнічала 25 дэлегатаў.
У 1922 - 23 гг. аднавілі працу нацыяналізаваныя ў 1918 г. лесапільныя прадпрыемствы ў вёсках Ліхачова, Зубры, лесапільнае і мукамольнае прадпрыемства ў в. Цімохаўка, вінакурні ў былых маёнтках Копцеўка і Раманава (Леніна).
Да канца 1923 г. аднавілі 186 прамысловых і рамесных прадпрыемстваў, дзе працавала 885 чалавек. Развіццю эканомікі Горак садзейнічала заканчэнне будаўніцтва чыгуначнай лініі Орша - Унеча. У трох кіламетрах ад горада была пабудавана чыгуначная станцыя - Беларускія Горкі, якой пазней прысвоілі імя С. Дз. Пагодзіна.
У Горках і павеце працавала 240 школ 1-й ступені і 13 - 2-й, усяго навучалася каля 17 тыс. вучняў, 3 дзіцячыя сады на 150 месц і 5 дзіцячых дамоў на 127 чалавек. Для дарослых былі адкрыты 2 вячэрнія школы.
Новае жыццё наладжвалася і ў вёсцы. Для сялян адкрыліся аграпункты з шасцю доследнымі ўчасткамі і 13 пракатных станцый. Дзейнічала 28 камун і арцелей, 10 саўгасаў. Адным з першых на тэрыторыі павета быў саўгас «Леніна», арганізаваны ў 1918 г. на базе былога маёнтка Раманава. У 1923 г. у якасці шэфскай дапамогі ад У. I. Леніна сюды быў прысланы трактар «Фардзон», які стаў першым у Горацкім павеце. У 1934 г. саўгас налічваў 6 трактароў. У 1926 г. у раёне працавалі саўгасы «Леніна», «Горкі», «Іванова».
3 ліпеня 1922 г. Горкі і павет ува ходзілі ў склад Смаленскай губерні. 3 сакавіка 1924 г. быў выдадзены дэкрэт аб перадачы БССР 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Горацкі павет увайшоў у склад Аршанскай акругі.
Да гэтага часу працоўныя Горак дабіліся значных поспехаў у аднаўленні народнай гаспадаркі. Стала даваць ток электрастанцыя. У дамах загарэлася электрычнае святло. Пачаў дзейнічаць цагельны завод, прадукцыя якога была вельмі патрэбна гораду. Па пуцёўцы камсамола на прадпрыемства прыйшоў працаваць Іван Якубоўскі - будучы маршал, двойчы Герой Савецкага Саюза. Аб гэтым перыядзе свайго жыцця ён успамінае ў кнізе «Земля в огне».
Горацкі раён утвораны 17.7.1924 г. у Аршанскай акрузе (да 26.7.1930 г.). 3 15.1.1938 г. у Магілёўскай вобласці. 20.8.1924 г. падзелены на 12 сельсаветаў: Горацкі, Гарадзецкі, Горскі, Кацялёўскі, Красулінскі, Ленінскі, Любіжскі, Паленскі (Паленкаўскі), Панкратаўскі, Паршынскі, Сенькаўскі, Чашніцкі. 2.1.1925 г. Гарадзецкі сельсавет перайменаваны ў Ходараўскі. 21.8.1925 г. утвораны Казіміраўскі, Каменкаўскі (Каменскі), Асталопаўскі сельсаветы; ліквідаваны Горацкі сельсавет; перайменаваны сельсаветы: Красулінскі - у Шарыпскі, Паленскі (Паленкаўскі) - у Ліхачоўскі, Сенькаўскі - у Рэкценскі (Ракцянскі), Чашніцкі - у Макараўскі, 24.9.1926 г. зноў перайменаваны сельсаветы: Ліхачоўскі - у Паленскі (Паленкаўскі), Рэкценскі (Ракцянскі) - у Сенькаўскі. У 1931 г. гэтым сельсаветам зноў вернуты іх назвы. У 1927 г. ліквідаваны Ходараўскі сельсавет; 25.3.1931 г. Казіміраўскі сельсавет уключаны ў Горацкую гарадскую мяжу, 11.7.1931 г. сельсавет ліквідаваны. 8.7.1931 г. да раёна далучаны Бельскі (Кішчыцкі), Гасподаўскі (Трылесінскі), Гарадзецкі, Дрыбінскі, Кледнявіцкі, Карэбскі, Пакуцьенскі, Чурылаўскі (Студзянецкі) сельсаветы ліквідаванага Дрыбінскага раёна, Маслакоўскі сельсавет ліквідаванага Копыскага раёна, Пячонкаўскі сельсавет ліквідаванага Раснянскага раёна. 25.7.1931 г. далучаны Чэрнеўскі сельсавет Чавускага раёна, Пячонкаўскі сельсавет перададзены Мсціслаўскаму раёну. 5.9.1931 г. далучаны Жданавіцкі сельсавет Чавускага раёна. 20.11.1934 г. Асталопаўскі сельсавет перайменаваны ў Варашылаўскі. 12.2.1935 г. Бельскі (Кішчыцкі), Гарадзецкі, Гасподаўскі (Трылесінскі), Дрыбінскі, Жданавіцкі, Карэбскі, Кледнявіцкі, Пакуцьенскі, Чэрнеўскі, Чурылаўскі (Студзянецкі) сельсаветы перададзены зноў утворанаму Дрыбінскаму раёну.
15 ліпеня 1924 г. на 2-й сесіі ЦВК БССР быў пакладзены пачатак беларусізацыі як афіцыйнай дзяржаўнай палітыцы. У дзяржаўных, прафсаюзных, кааператыўных і навучальных арганізацыях Горацкага раёна пачалася праца па пераходу на беларускую мову.
3 архіўных матэрыялаў вядома, што ўжо ў 1925 г. партыйныя і савецкія органы пачалі весці справаводства на беларускай мове, на ўсіх установах з’явіліся шыльды на беларускай мове.
Паспяхова праходзіла беларусізацыя ў навучальных установах. Ужо ў 1927 г. больш чым палова агульнаадукацыйных школ раёна працавалі на беларускай мове.
Асабліва вялікія поспехі былі зроблены ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе ў 1925 г. была створана кафедра беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. 3 1 лютага 1926 г. яе ўзначальваў пісьменнік М. I. Гарэцкі. Разам з ім працавалі Ю. П. Гаўрук, у 6удучым вядомы паэт і перакладчык, і П. В. Мядзёлка, заслужаная дзяячка культуры Беларусі. Ю. П. Гаўрук у «Запісках Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі» пісаў, што заняткі па беларускай мове, літаратуры і гісторыі праводзіліся на двух першых курсах усіх факультэтаў. На першых курсах выкладалася беларуская мова, літаратура і гісторыя, на другіх чытаўся курс лекцый па новай (паслякастрычніцкай) літаратуры.
Выкладчыкі гэтай кафедры рэдагавалі навуковыя «Запіскі акадэміі», якія выходзілі на беларускай мове, кіравалі тэрміналагічнымі камісіямі, што былі створаны на кожным факультэце, рэцэнзіравалі дыпломныя работы, напісаныя па-беларуску. Пры кафедры плённа працаваў гурток беларускай культуры і хор. Вялікая бібліятэчка беларускай літаратуры была створана пры кабінеце кафедры.
Напружаная праца кафедры на чале з М. I. Гарэцкім пачала даваць добры плён. У справаздачы рэктара акадэміі М. Ц. Козырава за 1927 г. адзначалася, што амаль 60 % прафесараў і дацэнтаў і 90 % асістэнтаў вялі заняткі па-беларуску. На беларускую мову было пераведзена ўсё справаводства. Планавалася ўвесці і дзяржаўныя экзамены па беларускай мове і літаратуры.
Вялікая праца па беларусізацыі праводзілася філіяй «Маладняка», шырокае развіццё атрымала краязнаўства.
Такім чынам, у сярэдзіне 1920-х гадоў прыхільнасць да беларускай мовы лічылася за гонар. Але ў 1930-я гады гэта трансфармавалася ў сваю процілегласць. Неабгрунтавана рэпрэсіраваны былі М. Гарэцкі, Ю. Гаўрук, асудзілі таксама і С. Фаміна.
У 1925 г. у Горках быў арганізаваны камбінат, які аб’ядноўваў электрастанцыю, жывёлабойню і млын. Працавалі два лесапільныя і адзін скураны заводы, на тэрыторыі раёна дзейнічала Якаўлевіцкая суконная фабрыка, у той час адзіная ў Беларусі.
Адраджаліся традыцыйныя промыслы: шавецкі, сталярны, ганчарны. У 1925 г. тут працавалі ўжо 83 прадпрыемствы. Вырабы горацкіх рамеснікаў экспанаваліся на кустарнай сёльскагаспадарчай выставе, у якой прынялі ўдзел усе саюзы саматужнікаў і 435 сялянскіх гаспадарак.
Паступова развіваўся прыватны і кааператыўны гандаль. У горадзе і павеце было створана больш за 100 кааператываў.
У 1930 г. працавалі торфараспрацоўчая арцель «Сысоўка» (в. Сысоева), торфзавод «Чапялінка», Самадумскі лесапільны завод, Шарыпскі льнозавод, маслазаводы ў в. Любіж, мяст. Горы, мяст. Леніна, піваварнае прадпрыемства ў в. Леніна. 3 1924 г. дзейнічаў Ліхачоўскі льнозавод. У 1935 г. у раёне на тэрыторыі калгасаў і саўгасаў працавалі 39 млыноў, 74 кузні па рамонту сельскагаспадарчага інвентару, 2 бандарныя і 1 шавецкая майстэрні.
Да пачатку 40-х гадоў дала ток першая гарадская электрастанцыя, быў пабудаваны новы цагельны завод. Да 1934 г. у раёне дзейнічала 8 заводаў і 6 прамысловых арцелей, дзе працавала 5700 чалавек. У 1940 г. гэтымі прадпрыемствамі было выраблена 2,5 млн штук цэглы, 27 тыс. тон торфу, 7130 пар абутку, 5319 т хлебабулачных вырабаў.
Фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі каштавала неверагоднага напружання сіл рабочых горада і раёна. Адным з метадаў уцягнення рабочых у фарсіраваную індустрыялізацыю было сацыялістычнае спаборніцтва за датэрміновае выкананне пяцігадовых планаў. Яно ахапіла ўсе прадпрыемствы, прамысловыя арцелі і ўстановы. Раённая газета «Ленінскі шлях» друкавала прозвішчы ўдарнікаў працы. Увесь раён ведаў I. А. Вярбіцкага - рабочага цэха цагельнага завода, А. В. Котава - лесаруба, М. Н. Кунцакову - работніцу швейнай арцелі, Н. К. Бальцава - рабочага хлебазавода.
Пачалася калектывізацыя. Яна праходзіла ў складаных абставінах. 3 аднаго боку, былі парушаны прынцыпы добраахвотнасці, каля тысячы сялян былі падвергнуты раскулачванню незаконна. У час раскулачвання, пад якое часта траплялі і сераднякі, забіраўся жывы і мёртвы інвентар, да новых калгасаў бясплатна пераходзіла жыллё і вытворчыя будынкі. 3 другога боку, некаторыя заможныя сяляне не здавалі паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, нават забівалі вясковых актывістаў.
У калгас вёскі Ермалоўка ўступіла спачатку 10 чалавек, старшынёй выбралі 25-гадовага Ігната Лосева. За чатыры гады сяляне стварылі калгас, які быў адным з перадавых. Ігнат вучыў грамаце непісьменных сялян. Аднак у 1935 г. Ігнат Антонавіч і яго жонка Алена Данілаўна Мядзведская былі забітыя па-зверску. Выпадкова засталіся жывымі дзеці - сядзелі пад сталом.
Тым не менш калектывізацыя ў раёне працягвалася. I калі ў маі 1931 г. у раёне налічвалася 106 калгасаў, то ў 1934 г. іх лічба складала 250. Амаль усе сяляне былі ўцягнуты ў калгасы.
У гэты час на горацкія палі прыйшлі трактары. У лістападзе 1930 г. у Горках была створана МТС. Да лютага 1931 г. у ёй было 40 трактароў і іншая сельскагаспадарчая тэхніка. МТС абслугоўвала 76 калгасаў і сельскагаспадарчых камун 8 сельсаветаў. Пазней у раёне былі створаны (1935 - 36 гг.) Ленінская, Горская, Паленкаўская (Ліхачоўская) МТС (ліквідаваны ў 1957 - 58 гг.). На курсах маладых рулявых навучалася 114 калгаснікаў, 16% з іх былі жанчыны. Пры МТС працавалі курсы па падрыхтоўцы брыгадзіраў. Палітаддзел станцыі выпускаў газету «За бальшавіцкія калгасы».
Некаторыя калгасы даказвалі сваю перавагу перад уласнымі гаспадаркамі. Напрыклад, гадавы даход бедняка да ўступлення ў калгас «Таварыш» вёскі Жаўлачоўка складаў 175 руб., серадняка - 350, а калі была арганізавана гаспадарка, даход калгасніка склаў 437 рублёў.
Як і ў горадзе, масавая агітацыя і прапаганда партыі садзейнічала разгортванню ў вёсцы сацыялістычнага спаборніцтва.
10 чэрвеня 1933 г. адбыўся першы раённы злёт калгаснікаў-ударнікаў, які падвёў вынікі сацыялістычнага спаборніцтва і намеціў шляхі яго далейшага развіцця. Пасланцы Горацкага раёна прымалі ўдзел у рэспубліканскім з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў у Мінску.
У тую пару на ўвесь раён было шырока вядома імя Д. С. Каравосавай, якая ўстанавіла ў 1934 г. рэкорд па церабленню льну. Першай у раёне яна была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».
Актыўна ў пераўтварэннях вёскі ўдзельнічала горацкая моладзь. 20 членаў ЛКСМБ сталі старшынямі калгасаў, 96 брыгадзірамі, 46 - загадчыкамі малочнатаварных фермаў. Камсамольцы былі ініцыятарамі стварэння калгасаў «Чырвоная змена» вёскі Асінаўка і «Калгаснік Беларусі» ў Міхайлавічах.
Вясной 1931 г. у горадзе была адкрыта маладзёжная доследная сельскагаспадарчая станцыя. Яна заклала ў калгасах 8 доследных дзялянак пад яравыя культуры.
У ходзе калектывізацыі змянялася сялянская псіхалогія. 3 аднаго боку, пачалі фарміравацца калектыўныя адносіны да працы. 3 другога - пачаўся працэс адчужэння сялян ад зямлі, ад сялянскай працы.
Адбываліся змены і ў культурным жыцці горада і раёна. Перш за ўсё адкрываліся новыя школы і хаты-чытальні, бібліятэкі. У 1924 г. у горадзе і павеце працавала 2 сямігодкі, 32 пачатковыя школы, 4 бібліятэкі. У горадзе адчыніліся дзіцячыя яслі і сады, дзіцячая амбулаторыя. У павеце выдавалася газета. Спачатку яна называлася «Известия», затым «Луч Интернационала». 3 1925 па 1929 г. газета ў Горках не друкавалася і зноў пад назвай «Ленінскі шлях» пачала выходзіць з 1930 г.
Развіваўся сельскагаспадарчы інстытут, які ў жніўні 1925 г. быў ператвораны ў акадэмію. На ўрачыстым сходзе прысутнічалі народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас, выступілі перад будучымі спецыялістамі сельскай гаспадаркі.
Далейшае развіццё атрымала ахова здароўя. Горацкая раённая бальніца лічылася адной з лепшых у Магілёўскай вобласці. У 1940 г. галоўнаму ўрачу раёна А. I. Татарскай адной з першых у рэспубліцы было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны ўрач БССР».
У 1940 г. у Горках і раёне працавалі 50 пачатковых, 10 сярэдніх і 11 сямігадовых школ.
30-я гады. 3 аднаго боку - поспехі ў эканоміцы, культуры, з другога - бюракратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, масавыя рэпрэсіі. Пад іх колы трапілі многія жыхары Горацкага раёна. Сярод іх былы рэвалюцыянер А. Фабрыстаў, рабочы М. Гладкі, пісьменнік В. Каваль, калгаснік М. Цельпухоўскі, святар .Ф. Глінскі, студэнтка БСГА М. Прэс, выкладчык БСГА В. Аксельрод і інш.
Ніхто не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы. Ніхто, кладучыся спаць, не ведаў, ці можа пазбегнуць начнога арышту. Нікому не было літасці. Герой рэвалюцыі і яе вораг, стары бальшавік і беспартыйны, калгасны селянін і народны камісар, рабочы і інтэлігент, - усе былі роўныя перад дэспатызмам улады.
Вясной 1935 г. НКУС былі арыштаваны шэсць студэнтаў аграхімфака сельгасінстытута. Яны абвінавачваліся ва ўдзеле ў віктарыне, пераказах палітычных анекдотаў, амаральных учынках.
Але недаказанасць віны і палітычная галадоўка аднаго з арыштаваных выратавала іх ад пакарання.
Сярод крымінальных спраў значную частку складалі так званыя сялянскія справы. Калі на адказных партыйных і савецкіх работнікаў, военачальнікаў улікі фабрыкаваліся больш-менш дасканала, то на радавых «ворагаў народа» супрацоўнікі НКУС гэтым сябе не абцяжарвалі. Парушэнне норм закона было звычайнай з’явай. Большасць крымінальных спраў, звязаных з «контррэвалюцыяй», не ўзбуджаліся, людзей арыштоўвалі без усякіх санкцый і адразу ж прад’яўлялі абвінавачванне.
Летам 1937 г. была раскрыта «контррэвалюцыйная трацкістская арганізацыя», у якую ўваходзілі восем жыхароў Горацкага раёна. У віну ім ставілася тое, што яны ў размове паміж сабой шкадавалі аб расстрэле «ворагаў народа» Тухачэўскага і Убарэвіча. Траім гэта размова каштавала жыцця, пяцёра былі пазбаўлены волі на 10 год кожны.
1941 год. Матэрыялы раённай газеты «Ленінскі шлях» ад 22 чэрвеня адлюстроўвалі мірную стваральную працу рабочых, калгаснікаў і служачых. Перадавы артыкул заклікаў арганізавана і своечасова правесці падрыхтоўку да новага навучальнага года ў школах. Газета расказвала аб поспехах меліяратараў раёна, аб калгасе «Шлях сацыялізму».
А ўдзень 22 чэрвеня жыхары горада і раёна даведаліся аб тым, што пачалася вайна.
У. Ліўшыц.