Прадмова
26 кастрычніка 1917 года у Горках і павеце стала вядома аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе. Але Горацкі Савет, у якім былі ў асноўным прадстаўнікі партый меншавікоў і эсэраў, доўгі час не прызнаваў перамогу бальшавікоў у Петраградзе. Савецкая ўлада перамагла ў Горках толькі ў канцы 1917 года.
У студзені 1918 года ў Горацкім павеце быў створаны новы апарат Савецкай улады, пачаліся першыя пераўтварэнні. Ажыццяўляўся Дэкрэт Савецкага ўрада ад 17 лістапада аб нацыяналізацыі суконнай фабрыкі “Якаўлевічы” Горацкага павета, Дэкрэт аб зямлі. На ІІ павятовым з’ездзе Саветаў рабочых, чырвонаармейскіх і сялянскіх дэпутатаў, які адбыўся ў канцы студзеня 1918 года быў зацверджаны першы бюджэт Горацкага павета.
Ваенна-палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, культурнае, духоўнае жыццё ў краіне, і ў павеце адпаведна, было надзвычай складаным, часам супярэчлівым. З аднаго боку – падзеі Першай сусветнай вайны, калі неаднаразоваГоркі знаходзіліся ў прыфрантавой паласе, з другога – ўнутраная барацьба за ўладу. У Горках за гэтыя гады зменшылася колькасць рамесных прадпрыемстваў, рэзка скараціліся пасяўныя плошчы, знізілася ўрадлівасць, пагалоўе жывёлы. Каб выправіць сітуацыю, павятовы камітэт РКП(б) і павятовы выканкам вырашылі ўздымаць палітычны ўзровень камуністаў і насельніцтва. У горадзе быў адкрыты партыйны клуб, дзе камуністы займаліся ў гуртках па вывучэнні палітычнай эканоміі і гістарычнага матэрыялізму, а ў кожнай воласці дзейнічалі хаты-чытальні. У канцы 1923 года ў горадзе і павеце ўдалося аднавіць186 прамысловых і рамесных прадпрыемстваў павета, якія разам з першымі савецкімі гаспадаркамі, камунамі і арцелямі, сялянамі-аднаасобнікамі фарміравалі бюджэт раёна шляхам адлічэння падаткаў ад работы. З архіўных звестак вядома, што ў 1920 годзе на бюджэтныя грошы ўтрымлівалася сістэма народнай адукацыі (240 школ І ступені, 13 школ ІІ ступені, 3 дзіцячыя сады), 5 дзіцячых дамоў, 2 бальніцы, 5 прыёмных пакояў. Асаблівая ўвага ўдзялялася культурна-асветніцкай рабоце. У павеце дзейнічалі 43 хаты-чытальні і 2 клубы.
Пасля ўтварэння Горацкага раёна ў 1924 годзе ў Горках працавала 4 пачатковых школы, сямігодка, 3 дзетдомы, 1 дзетсад, 1 прафшкола, школа для дарослых, 2 лікпункты, 2 бібліятэкі, у якіх налічвалася 52 тысячы кніг, 2845 чытачоў. У гэты ж час быў створаны першы ў павеце музей, першымі экспанатамі якога былі рэчы з калекцыі князя Дандукова-Корсакава. Стварэнню музея садзейнічала раённае краязнаўчае таварыства, устаноўчы сход якога адбыўся 7 снежня 1924 года ў сельскагаспадарчым інстытуце.
У дзяржархіве Магілёўскай вобласці захоўваецца дакумент “Выпіска з плана работ Горацкага райвыканкама за красавік-чэрвень 1924 года”, у якім на першым месцы расходнай часткі бюджэта знаходзіліся расходы на народную адукацыю, на другім – на ахову здароўя, і толькі на трэцім – расходы на ўтрыманне адміністрацыйнага апарата. Згодна гэтага дакумента на ІІ квартал 1924 года запланаваны:
а) рамонт Народнага дома;
б)перабудова пажарнай каланчы;
в) заканчэнне рамонта тэатра;
г) рамонт лазні, дзіцячага дома, школьных і лячэбных устаноў.
Вядома, што ў 1925 годзе ў павеце працавала 13 работнікаў культуры. Па выніках першага ўсесаюзнага перапісу насельніцтва ў Горках жыло 8527 чалавек, у павеце – 56829. Далейшыя працэсы, якія адбываліся ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы рэспублікі, знайшлі адбітак і ў раёне: пабудаваны прамкамбінат, ільнозавод, электрастанцыя, хлебазавод, цагляны завод. Актыўна працавалі 6 прамысловых арцелей. У сельскай гаспадарцы было арганізавана звыш за 250 калгасаў і саўгасаў.
Сацыялістычныя пераўтварэнні ў гады першых пяцігодак значна змянілі і аблічча Горак. Добрыя пабудовы ўставалі на месцы старых хатак, горад стаў разрастацца, амаль усе дамы былі электрафікаваны і радыёфікаваны. Працавалі дзве сярэднія школы, тры бібліятэкі, Дом культуры, Дом калгасніка.
У 1940 годзе ў Горацкім раёне дзейнічалі 50 клубаў, 133 бібліятэкі.
22 чэрвеня 1941 года ў Горках на плошчы, размешчанай супраць клуба Беларускага сельскагаспадарчага інстытута, адбыўся мітынг. Рабочыя і служачыя горада, выкладчыкі і студэнты заявілі аб сваёй рашучасці стаць на абарону Радзімы. Пачынаючы з 27 чэрвеня горад падвяргаўся налёту фашысцкай авіяцыі. Пасля гэтых бамбёжак гарэлі жылыя дамы, цэлыя вуліцы. Былі разбураны гарадок механізацыі сельскай гаспадаркі, музей сельскагаспадарчай тэхнікі, гаражы трактароў і аўтамабіляў, іншыя аб’екты інстытута.
Раённыя ўстановы, прадпрыемствы, інстытут падрыхтавалі больш каштоўнае абсталаванне і маёмасць да эвакуацыі. Аднак, многае вывезці не ўдалося: транспарт быў перагружаны перавозкай войск, узбраення, абсталявання буйных прамысловых прадпрыемстваў.Толькі 3 і 6 ліпеня 1941 года ўдалося двума эшалонамі эвакуіраваць на ўсход каля 2 тысяч жыхарох горада.
12 ліпеня нямецкія войскі занялі Горкі, а ў хуткім часе быў акупаваны ўвесь Горацкі раён. Захапіўшы горад, фашысты разрабавалі лабараторыі і спалілі бібліятэку сельскагаспадарчага інстытута. У вучэбных карпусах інстытута размясціліся гестапа і жандармерыя. Аўдыторыя № 81 першага корпуса ператварылася ў камеру смерці, у клубе інстытута знаходзіўся лагер для савецкіх ваеннапалонных, у якім было закатавана звыш за 300 чалавек. На ўскраіне горада былі вырыты равы, якія сталі брацкімі магіламі для тысяч савецкіх грамадзян. Гітлераўцы ўчынілі жудаснае зверства: расстралялі 150 дзяцей з дзіцячага дома. А 7 кастрычніка 1941 года ля вёскі Задарожжа было расстраляна больш за 2500 яўрэяў. Яшчэ нядаўна шумныя і жыццярадасныя Горкі былі пераўтвораны ў горад смерці і пакут.
У жніўні-верасні 1943 года ў ходзе Смаленскай наступальнай аперацыі да 2 кастрычніка была вызвалена ўсходняя частка раёна. А 18 студзеня 1944 года адбылося аб’яднанае пасяджэнне выканаўчага камітэта Горацкага раённага Савета дэпутатаў працоўных і РК КП(б)Б, на якім было вырашана “…аднавіць дзве хаты-чытальні пры Гарском і Каменскім сельсаветах, абавязаць старшынь сельсаветаў т. Іванова і т. Кажэкіна прадаставіць памяшканні пад хаты-чытальні. Т. Фомчанка (заўв. - в. а. загадчыка рана) падабраць загадчыкаў хат-чытален і прадаставіць на зацвярджэнне райвыканкама”.
Наступіў чэрвень 1944 года. Горкі і раён былі вызвалены. Аднак горад знаходзіўся ў руінах. Разбураны ўсе прамысловыя і адміністрацыйныя пабудовы і ўстановы. Вялікі ўрон нанесены гаспадарцы раёна, разрабаваны ўсе калгасы і саўгасы, 2 тысячы гаспадарчых пабудоў, знішчана 110 вёсак, 5746 жылых дамоў, 2 бальніцы, 19 медпунктаў, 50 калгасных клубаў і ўсе бібліятэкі.
Здавалася, спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб адрадзіць горад і раён. Гарсавет звярнуўся да жыхароў з просьбай прыняць актыўны ўдзел у аднаўленчых работах. І гэта знайшло разуменне з боку людзей.
У лютым 1945 года быў зацверджаны першы пасляваенны бюджэт гарсавета на 1945 год. Планавалася, што даходаў будзе 572 042 рублі. Расходаў –2 312 689 рублёў, з іх: “бібліятэкі – 68 523, калгасны рынак – 57 999. Зарэчанская школа – 16 161, Руская школа – 34 548, Пагодзінская школа – 18 389, дзетсад – 237 400, дзетяслі – 113 222, камунальны аддзел – 58 601, жылупраўленне – 25 950, гасцініца – 36 659, лазні – 80 280, інвентарнае бюро – 41 028, добраўпарадкаванне – 1 457 790”.
І ужо ў канцы 1945 года ўступіў у строй прамкамбінат, малочны завод, арцелі “Прагрэс”, “Харчавік”, раённая друкарня і электрастанцыя, пачала працаваць бальніца, паліклініка, Дом сацыялістычнай культуры, вячэрняя школа працоўнай моладзі. Камсамольцы азелянялі вуліцы і двары, будавалі клубы, бібліятэкі, дамы для тых, хто жыў у зямлянках.
Да 30-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі былі адноўлены 161 калгас і саўгас, пабудавана 216 грамадскіх устаноў, 85 школ і 153 будынкі культуры.У 1947 годзе дзейнічалі: раённы Дом культуры, раённая бібліятэка, 14 хат-чытальняў (з іх 10 знаходзіліся ў грамадскіх будынках).
У 50-х гадах ідзе далейшае развіццё культурна-асветніцкіх устаноў. Расце колькасць калгасных і брыгадных клубаў. У 1950 годзе ў раёне было 110 бібліятэк (разам са школьнымі і прафсаюзнымі), 15 хат-чытален, 14 калгасных клубаў, раённы Дом культуры, кінатэатр, 5 кінаперасовак. У 1952 годзе ў Горках упершыню было праведзена свята песні. З 1 верасня 1954 года ў горадзе пачала працаваць музычная школа з дзвюма аддзяленнямі: фартэпіянным і народных інструментаў, а ў снежні здадзены ў эксплуатацыю будынак кінатэатра “Мір”.Усяго ў раёне працавала 6 стацыянарных і 10 перасовачных кінаўстановак. Дзейнічала ў горадзе 2 бібліятэкі, у вёсках – 40. У іх фондах налічвалася каля 100 тысяч кніг.
Актыўна развівалася культурнае жыццё горада і раёна. Гэтаму спрыяла тое, што ў 1958 годзе ў раёне пачалося масавае будаўніцтва сельскіх клубаў пад лозунгам “Клуб – кожнай вытворчай брыгадзе”. Шырока вядомы ў гэты час “Лугінскі хор” сельгасарцелі імя М. Горкага, у складзе якога 52 удзельніка. Ён быў створаны яшчэ да вайны, ў 1932 годзе па ініцыятыве сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса “Максім Горкі” Паўла Лук’янавіча Хомчанкі, і з кожным годам склад самадзейнага калектыву папаўняецца новымі спевакамі.
Усяго планавалася пабудаваць 42 клубы і столькі ж кінаапаратных для дэманстравання кінафільмаў. У 1960 годзе быў пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю клуб у вёсцы Каменка, у якім размясцілася і бібліятэка, раённы Дом культуры, у якім ўжо 10 сакавіка 1961 года адбыўся спектакль Беларускага Дзяржаўнага Акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы “Востраў Афрадзіты”, у маі – гастролі Смаленскага рускага хору, у кастрычніку – канцэрт артыстаў Калінінградскай філармоніі і інш. У лістападзе абласное ўпраўленне культуры накіравала ў Горкі перасоўку шырокаэкранных фільмаў, якая была устаноўлена ў РДК, і на працягу 15 дзён было паказана 22 шырокаэкранных кінафільмы. Пры РДК былі створаны драматычны калектыў і агітбрыгада, якая прадстаўляла Магілёўскую вобласць ў г. Мінску на рэспубліканскім грамадскім аглядзе самадзейнай творчасці агітбрыгад. У гэтым жа годзе ў раёне праводзіўся агляд работы сельскіх і калгасных клубаў, а перад бібліятэкамі была пастаўлена задача ўзмацніць прапаганду палітычнай, сельскагаспадарчай, прыродазнаўчай літаратуры, дабіцца ахопу кнігай не менш за 90% двароў, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання бібліятэкі і давесці выдачу кніг да 12-14 экзэмпляраў на кожнага чытача ў год.
Расце культурна-бытавое будаўніцтва ў вёсцы. Узведзены 2 клубы на 400 месцаў кожны, пабудавана новая бібліятэка ў вёсцы Горы, адкрыта бібліятэка калгаса імя Кірава, пабудаваны клуб у вёсцы Лебедзева.
У 1963 годзе Магілёўскім абласным упраўленнем культуры БССР Горацкая раённая бібліятэка была ўзнагароджана дыпломам І ступені за дасягнутыя поспехі ў аглядзе нагляднай агітацыі культасветустаноў, у 1965 годзе абласное ўпраўленне культуры і абкам прафсаюза прысвоілі Горацкай раённай бібліятэцы званне “Бібліятэка выдатнай працы”, а ў наступным годзе бібліятэка ўдзельнічала ў ВДНГ і была ўзнагароджана дыпломам першай ступені за актыўны ўдзел у аглядзе бібліятэк, прысвечаным 50-годдзю Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, за поспехі ў арганізацыі бібліятэчнай справы і прапагандзе кніг. На 8 пяцігодку перад работнікамі культуры былі пастаўлены вялікія задачы. Галоўная з іх – фарміраванне высокага маральнага аблічча чалавека, далейшае паляпшэнне ідэйна-эстэтычнага выхавання працоўных, асабліва падрастаючага пакалення. Развіццё культуры мела першапачатковае значэнне для збліжэння ўзроўню жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва, пераадольвання істотнай розніцы паміж горадам і вёскай. Ставілася задача, каб да канца пяцігодкі кожны населены пункт меў сваю ўстанову культуры. Павінен быў павялічыцца кніжны фонд бібліятэк, у кожную ўстанову культуры – набыты тэлевізар і ўсё неабходнае для плённай работы.
У 1967 г. да паслуг працаўнікоў раёна было 32 сельскія клубы, РДК, 23 бібліятэкі. Акрамя гэтага працавалі 69 калгасных і саўгасных клубаў, пры якіх таксама былі бібліятэкі. Многія ўстановы культуры сталі апорнымі пунктамі партыйных арганізацый у масава-палітычнай рабоце сярод працоўных, сапраўднымі цэнтрамі культурна-масавай работы на сяле. Прыкладам добрай пастаноўкі культурна-масавай работы служылі Ленінскі сельскі клуб, Любіжская, Гарская, Рудкаўшчынская сельскія бібліятэкі і іншыя ўстановы культуры. Яны сталі любімым месцам адпачынку калгаснікаў.
Асабліва актывізавалася дзейнасць устаноў культуры раёна да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1967 годзе ў вобласці праходзіла эстафета мастацкай самадзейнасці, прысвечаная 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У верасні Горкі прынялі эстафету самадзейнага мастацтва ад артыстаў са Шклова, а 1 кастрычніка горацкія самадзейныя артысты перадалі яе ў Мсціслаўль, выступіўшы там са справаздачным канцэртам. Па ініцыятыве раённай бібліятэкі і райкама камсамола праводзілася акцыя “Даведайся аб баявым шляху землякоў”, прысвечаная 50-годдзю Савецкай улады. Як вынік дзейнасці – бюро абкама КПБ і выканкам абласнога Савета дэпутатаў падвялі вынікі работы культасветустаноў вобласці і прызналі пераможцам у спаборніцтве Горацкі раён. За поспехі ў развіцці культуры раёну прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг, а імя кінамеханіка стацыянарнай кінаўстаноўкі ў Мацютах Міхаіла Фёдаравіча Рыжыкава занесена ў Кнігу пашаны абласнога ўпраўлення кінафікацыі і абкама прафсаюза работнікаў культуры.
У Горках і раёне частымі гасцямі былі вядомыя пісьменнікі, літаратары і дзеячы культуры: Павел Кавалёў, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, паэт Аляксей Пысін, адказны сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР Пётр Шасцерыкоў, група паэтаў і пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі і Беларусі: Сяргей Вікулаў, Уладзімір Гардзеічаў, Леў Васільеў, Уладзімір Аляксееў, Еўдакія Лось, Міхась Калачынскі і іншыя.
12 кастрычніка 1968 года Горкі і раён з нагоды адкрыцця ў вёсцы Леніна мемарыяльнага комплексу і музея савецка-польскай баявой садружнасці наведала ўрадавая дэлегацыя БССР на чале з П.М. Машэравым, Першым сакратаром ЦК КПБ Ц.Я. Кісялёвым, Старшыней Савета Міністраў БССР, першым намеснікам міністра абароны СССР, маршалам Савецкага Саюза І.І. Якубоўскім.
За два гады (1967-1969) у раёне было пабудавана 3 школы, 30 грамадскіх лазняў, 23 клубы, 2 сталовыя, 15 магазінаў, 1 павільён бытавога абслугоўвання.
У 70-я гады сетка ўстаноў культуры працягвае павялічвацца. У памяшканні СШ № 3 адкрылася гарадская дзіцячая бібліятэка (1970 г.), музычная школа ў вёсцы Леніна (1972 г.) з аддзяленнямі: фартэпіяна, народных і духавых інструментаў. У школе працавала 8 выкладчыкаў, навучалася каля 50 чалавек. У 1973 годзе быў адкрыты брыгадны клуб калгаса імя Свярдлова ў вёсцы Быстрая, здадзены ў эксплуатацыю Палёнкаўскі сельскі Дом культуры. Новую чытальную залу атрымалі на пачатку лістапада чытачы раённай бібліятэкі (1974 г.). У новае памяшканне перамясцілася і кнігасховішча чытальнай залы.
У гэты перыяд атрымалі дальнейшае развіццё самадзейнае мастацтва і народная творчасць. У раёне працуе 180 гурткоў мастацкай самадзейнасці, у якіх прымае ўдзел 2500 чалавек. Усё гэта стварае неабходныя ўмовы для актыўнага ўдзелу жыхароў раёна ў культурным жыцці, выяўлення народных талентаў. Да 50-годдзя ўтварэння СССР у раённым Доме культуры адкрылася выстаўка выяўленчага і прыкладнога мастацтва ўмельцаў раёна, на якой экспанавалася звыш за 200 разнастайных прадметаў. У 1974 райкам КПБ і выканкам Горацкага райсавета прыняў пастанову “Аб удзеле ўстаноў культуры раёна ў рэспубліканскім аглядзе сельскай мастацкай самадзейнасці” і быў праведзены раённы агляд сельскіх калектываў мастацкай самадзейнасці. У ім удзельнічалі харавыя калектывы саўгасаў “Леніна”, калгаса імя Горкага, зводны хор сельскіх работнікаў культуры, танцавальны калектыў саўгаса “Леніна”, дуэт Палёнкаўскага СДК Тамара Дударава і Ніна Цітова і інш. У гэтым жа годзе ў бібліятэках раёна актыўна прайшла завочная Усесаюзная маладзёжная канферэнцыя “Мы справе Леніна і партыі верныя”. У яе рамках праведзены шматлікія мерапрыемствы – тэматычныя вечары, чытальніцкія канферэнцыі, гутаркі, падрыхтаваны кніжныя выставы.
Да 30-годдзя з Дня Перамогі група пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, якая ўдзельнічалі ў творчай нарадзе “Бессмяротны подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне і савецкая літаратура”, пабывала ў Горацкім раёне. Яны наведалі музей савецка-польскай баявой садружнасці, БСГА. У БСГА адбыўся вечар літаратуры народаў СССР. У склад дэлегацыі ўваходзілі Янка Брыль, калмыцкі паэт Міхаіл Хонінаў (дарэчы, ён у гады вайны быў арыштаваны і ў будынку акадэміі гітлераўцы яго дапытвалі), Герой Савецкага Саюза Васіль Емельяненка, Дзмітрый Кавалёў, Пятро Прыходзька, Юрый Додалеў, Юло Тулік, Міхаіл Левін, Аляксей Пысін, Самсон Шляху, Мікола Аўрамчык.
Выканкамам Горацкага райсавета дэпутатаў працоўных быў зацверджаны комплексны план развіцця культуры раёна на 1976-1980 гг. Планам прадугледжана за 1976-1980 гады на сродкі калгасаў і саўгасаў пабудаваць у калгасах імя Свярдлова і “XVII партз’езд” Дамы культуры, у калгасе імя Мічурына, саўгасах “Копцеўскі” і “Слава” – сельскія клубы. Сельскія бібліятэкі намечана ўзвесці ў калгасе “ XVII партз’езд” і саўгасе “Камуніст”.
Павышаецца таксама і ўзровень культурных паслуг, што адзначаецца на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Так, за поспехі, дасягнутыя ў ходзе рэспубліканскага агляду работы раённых і гарадскіх дамоў культуры, Горацкі РДК узнагароджаны Дыпломам другой ступені (1972 г.), Горацкаму раённаму аддзелу культуры за паспяховае выкананне сацыялістычных абавязацельстваў, узятых у гонар 50-годдзя ўтварэння СССР, уручаны пераходны Чырвоны Сцяг абласнога камітэта партыі і аблвыканкама (1973 г.), Панкратаўская сельская бібліятэка заняла адно з прызавых месцаў у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на званне лепшай сельскай бібліятэкі (1973 г.), Музей савецка-польскай баявой садружнасці ў Леніна ўзнагароджаны медалём Міністэрства культуры і мастацтва ПНР “За заслугі ў галіне польскай культуры”. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы культасветустаноў у 1978 годзе выканкам Магілёўскага аблсавета народных дэпутатаў і прэзідыум абласнога Савета прафсаюзаў прызналі пераможцам Горацкі раённы аддзел культуры і ўзнагародзілі яго пераходным Чырвоным сцягам абласнога выканкама і савета прафсаюзаў (1979 г.).
У лютым 1981 года калектыў Горацкай ЦБС адправіў у Маскву працоўны рапарт XXVI з’езду КПСС, у якім гаварылася: “Выконваючы рашэнні XXV з’езда і рыхтуючы дастойную сустрэчу XXVI з’езду КПСС, калектыў Горацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы рапартуе з’езду, што павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы датэрмінова выкананы. За 1980 год абслужана 85,5 % насельніцтва раёна, чытачам выдадзена 628678 экзэмпляраў кніг”.
Была наладжана і актыўная работа з падрастаючым пакаленнем. У час канікул Горацкай кінафікацыяй праводзіліся тыдні дзіцячых і юнацкіх фільмаў. Сумесна з работнікамі РАУС, аддзелаў адукацыі і культуры райвыканкама былі арганізаваны кіналекторыі “Закон і ты”, “Ад з’езда да з’езда”, “Подзвіг народа бессмяротны” і інш. У горадзе сталі традыцыйнымі такія масавыя мерапрыемствы як фестывалі, дэкады творчасці, конкурсы, сустрэчы з пісьменнікамі, святы вёсак і інш.
У сакавіку 1982 годау Доме культуры праходзіў раённы семінар культасветработнікаў, прысвечаны 60-годдзю ўтварэння СССР. Ён адкрыўся паказальным тэматычным мерапрыемствам “Люблю цябе ад краю і да краю, цвярдыня свету, руская зямля”, які падрыхтавалі работнікі РДК сумесна з калектывам цэнтральнай бібліятэкі. У маі бібліятэкі Горацкай ЦБС прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Актыўны прапагандыст кнігі”, аб’яўленым Беларускім рэспубліканскім саветам прафсаюзаў, калегіяй Міністэрства культуры БССР, прэзідыумам рэспубліканскага праўлення добраахвотнага таварыства аматараў кнігі (праходзіў з ліпеня 1981 г. па студзень 1982 г.). Арганізацыйны камітэт прызнаў лепшымі бібліятэкамі ў раёне Горацкую цэнтральную (дырэктар В. І. Мінакова) і Ленінскую сельскую (загадчыца Л. З. Баравікова).
Шмат мерапрыемстваў было праведзена ў 1984 годзе. З нагоды 40-годдзя з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе адбыўся агляд-конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці работнікаў культуры раёна, мітынг-рэквіем “Памяць сэрца”, урачысты вечар-шанаванне ветэранаў, конкурсы песень ваенных год, спартыўнае свята на стадыёне БСГА, з удзелам творчых работнікаў кінастудыі “Беларусьфільм” у раённым Доме культуры прайшло адкрыццё кінафестываля, у праграме якога адбылася творчая сустрэча з кінарэжысёрам Уладзімірам Коласам, кінарэжысёрам дакументальных кінафільмаў Валерыем Каралёвым, актрысай тэатра-студыі кінаакцёра Галінай Рагачовай. У Палёнкаўскім Доме культуры адбыўся тэматычны вечар “Франтавікі, адзеньце ордэны”, і іншыя мерапрыемствы.
У сакавіку 1985 г. Бюро гарадскога камітэта партыі, выканкам раённага Савета народных дэпутатаў прынялі пастанову аб стварэнні сацыяльна-педагагічных, культурна-спартыўных комплексаў у раёне. Першымі былі створаны Горскі і Каменскі культурна-спартыўныя комплексы. А праз тры месяцы старшыня Горацкага райвыканкама В. Л. Скрыннік на сесіі раённага Савета гаварыў аб культасветрабоце наступнае: “Нельга забываць аб сельскіх установах культуры, аб прывядзенні ў парадак клубаў і бібліятэк. А яны дзе-нідзе ўтрымліваюцца ў непрыглядным стане. Аддзелу культуры райвыканкама, выканкамам сельскіх Саветаў, кіраўнікам гаспадарак трэба ў бліжэйшы час прыняць меры па рамонту гэтых устаноў, стварыць тут усё неабходнае для паўнацэннага культурнага і змястоўнага адпачынка людзей. Трэба, каб па-сапраўднаму сталі працаваць, створаныя сумеснай пастановай бюро гаркама КПБ і райвыканкама сацыяльна-педагагічныя, культурна-спартыўныя комплексы (СПКСП). Вельмі слаба клапоцяцца ў гаспадарках аб кадрах для сельскіх устаноў культуры. А наша задача – у самыя бліжэйныя гады ўкамплектаваць іх спецыялістамі”. Пытанне работы устаноў культуры і спорту разглядалася і на вераснёўскай нарадзе партыйна-гаспадарчага актыву раёна, з дакладам выступіла другі сакратар гаркама партыі Л. У. Пакуш.
Разам з тым, 16 студзеня 1986 г. у раённым Доме культуры ўрачыста ўшаноўвалі старэйшых работнікаў культасветустаноў горада і раёна. Медалі “Ветэран працы” былі ўручаны Л. Р. Анціпавай, Л. З. Баравіковай, М. Я. Гладкай, З. М. Гулісавай, Місцюк, В. І. Мінаковай, Н. А. Казянковай, В. Р. Чумаковай, Е. А. Яцковай, Б. Д. і С. З. Круглікавым, Э. І. Краўчанка, Р. П. Ядрэўскай, Э. С. Манушка. Напярэдадні новага 1987 года быў адкрыты кінатэатр “Крыніца” . Урачыстасці з гэтай нагоды пачаў другі сакратар гаркама партыі І. А. Халява. Перад прысутнымі выступілі начальнік МПМК-251, якая ўзводзіла кінатэатр, У. С. Казлоў, дырэктар раённай кінасеткі В. М. Дарковіч. Ва ўрачыстасцях прынялі таксама ўдзел старшыня выканкама гарадскога Савета народных дэпутатаў В. Я. Рэндаў, сакратар гаркама КПБ Н. Г. Ануфрыева, намеснік старшыні райвыканкама Д. П. Зайцаў, намеснік старшыні гарвыканкама М. А. Добышаў. Закончыўся вечар дэманстрацыяй новай каляровай мастацкай кінакарціны “Год цяля”.
У Дзень Перамогі 1988 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Горацкага гісторыка-краязнаўчага музея, які размясціўся ў будынку былога раённага вузла сувязі. Супрацоўнік БСГА, член аргкамітэта па стварэнні музея У. М. Ліўшыц і ветэран Вялікай Айчыннай вайны І. М. Стэльмашонак правялі экскурсію па залах і экспазіцыях музея. Першыя яго наведвальнікі пакінулі свае запісы ў кнізе водгукаў. А праз год у Дзень вызвалення Горацкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была адкрыта карцінная галерэя – мастацкі аддзел Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел ветэраны 70-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Горацкі раён, першы сакратар гаркама партыі Г. С. Яскевіч, сакратар Магілёўскага абкама КПБ Л. У. Пакуш. У гэтым жа годзе Бюро гаркама партыі прыняло пастанову аб стварэнні кнігі Памяці, у якую павінны быць занесены звесткі аб загінуўшых у баях воінах-ураджэнцах Горацкага раёна, аб пахаваных на тэрыторыі раёна воінаў з іншых рэспублік СССР, а таксама аб партызанах, падпольшчыках і мірных жыхарах.
Да 90-х гадоў была значна ўмацавана матэрыяльная база ўстаноў культуры. Быў пабудаваны Аўсянкаўскі Палац культуры, капітальна адрамантаваны раённы і Нікулінскі Дамы культуры, Шалаханаўскі, Старасельскі сельскія клубы, рэканструяваны памяшканні для Саўскога сельскага клуба і бібліятэкі. Палепшаны ўмовы работы ў Нікулінскай, Старасельскай, Шарыпскай, Рэкцянскай, Аўсянкаўскай і іншых сельскіх бібліятэках. У 1991 годзе Горацкім раённым і гарадскім выканкамамі было прынята рашэнне аб перадачы будынка Горацкага ГК КПБ аддзелу культуры райвыканкама для размяшчэння ў ім раённай бібліятэкі і дзіцячай школы мастацтваў.
У пачатку 90-х гадоў у раёне дзейнічала 9 дамоў культуры, 18 сельскіх клубаў, 31 бібліятэка, 8 музычных школ,3 музеі. Ва ўстановах культуры са 178 спецыялістаў толькі 5 не мелі спецыяльнай адукацыі і не вучыліся.
У кастрычніку 1989 года Бюро гаркома партыі зацвердзіла праект праграмы “Спадчына” і вынесла яго на шырокае грамадскае абмеркаванне. Галоўная мэта праграмы – умацаванне нацыянальнай культуры, рэканструкцыя і ахова помнікаў старажытнасці, развіццё фальклорна-этнаграфічнага мастацтва, беларускай мовы, ахова экалагічнага асяроддзя і інш. Праграма была разлічана на перыяд 1990-1995 гг. і прадугледжвала ў тым ліку: “стварыць неабходныя ўмовы для выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах культуры раёна. Штомесяц на семінарах культасветработнікаў вывучаць і разглядаць пытанні, звязаныя з адраджэннем беларускай мовы, нацыянальнай культуры. Забяспечыць культасветработнікаў метадычнымі распрацоўкамі па беларускай мове”. Асаблівая ўвага у праграме была скіравана на стварэнне ў Горках фальклорна-этнаграфічнага цэнтра, які павінен быў уключаць “музей, сялянскі двор, карцінную галерэю, Дом рамёстваў, беларускі шынок, куток Пятра І, гарадскі пятачок з вечарамі адпачынку пад гармонік і духавы аркестр; ратушу паміж музеем і галерэяй са званамі, канферэнц-зал”. Таксама планавалася развіваць фальклорныя калектывы мастацкай самадзейнасці, правесці работу па адраджэнні беларускіх нацыянальных свят Купалле, Масленіца, Дажынкі і інш. Установы культуры актыўна ўключыліся ў рэалізацыю пастаўленых задач. Папулярнымі ў горадзе і раёне сталі святы вёсак, вуліц і двароў, фестывалі беларускай песні ў Аўсянцы і польскай у Леніна, ярмаркі, тэатралізаваныя відовішчы, конкурс “Горацкая зорачка”, штогадовы конкурс-свята “Грай, гармонік” і іншыя. Эстраднай групе “Новая чвэрць” і фальклорнаму гурту “Верасень” раённага цэнтра культуры прысвоены званні “Народны”. Менавіта з гэтага часу Горацкі раён становіцца эксперыментальнай пляцоўкай па стварэнні “нетрадыцыйных” устаноў культуры. Так, у 1991 годзе быў адкрыты першы ў Магілёўскай вобласці раённы дом рамёстваў, у 1995 г. – дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх раместваў, у бібліятэчнай структуры з 1992 года з’явіліся такія ўстановы як бібліятэкі-клубы і з 1995 – сельскія аб’яднаныя бібліятэкі, у 1996 г. – музей-кабінет Максіма Гарэцкага.
У гэты перыяд значна актывізавалася дзейнасць музея і карціннай галерэі па далучэннні да роднага слова, традыцыйнай і сучаснай культуры жыхароў горада і раёна. Арганізоўваюцца выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сучаснай беларускай графікі, дзіцячых малюнкаў і маладых мастакоў Беларусі. Пры музеі ствараюцца аматарскія аб’яднанні “Мастацтва” (аб’ядноўвае самадзейных мастакоў горада і раёна), “Роднае слова” (для аматараў беларускай мовы і літаратуры) і “Векапомнае” (для аматараў гісторыі, нумізматаў, краязнаўцаў, этнографаў). Пакладзены пачатак збору экспанатаў для стварэння этнаграфічнай экспазіцыі ў музеі.
У 1992 годзе на апошняй сесіі гарадскога Савета народных дэпутатаў было прынята рашэнне аб стварэнні аддзела культуры пры гарвыканкаме. Але, улічваючы фінансавую сітуацыю, якая складвалася ў той час у краіне (рэзкі рост цэн на тавары, гіперінфляцыя, зніжэнне жыццёвага ўзроўня насельніцтва)гэта рашэнне, як і частка мерапрыемстваў, запланаваных праграмай “Спадчына”,так і засталіся на паперы.
1993 год для Цэнтральнай бібліятэкі быў адметным. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ёй было прысвоена імя класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага.З гэтай нагоды і да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка у бібліятэцы адбыўся святочны вечар, на якім прысутнічалі міністр культуры Я. К. Вайтовіч, першы намеснік міністра У. А. Гілеп, міністр адукацыі В. А. Гайсёнак, беларускія пісьменнікі і паэты Н. Гілевіч, Я. Брыль, І. Чыгрынаў, С. Законнікаў, В. Зуёнак, А. Дудараў, Я. Вольскі, А. Кудравец, В. Карамазаў і многія іншыя. Магілёўскі мастак У. Шпартаў у дар бібліятэцы перадаў напісаны ім партрэт Максіма Гарэцкага. І ў гэты ж год у бібліятэцы з’явіўся першы камп’ютар, з якога і пачалася аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў у Горацкім раёне.
У 1997 г.райвыканкамам разам з прэзідыумам РК прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу была прааналізавана работа ўсіх 15 СПКСК, якія дзейнічалі ў раёне, адзначаны іх набыткі і недахопы. Сярод лепшых былі названы Маслакоўскі, Копцеўскі, Аўсянкаўскі, Ленінскі, Горскі комплексы, а за актыўны удзел у іх рабоце загадчык Палёнкаўскай бібліятэкі Т. І. Лёўкіна, дырэктар Добраўскага СДК Ю. І. Осіпаў, загадчык Горскай бібліятэкі Н. М. Окунева, акампаніятар Будскога сельскага клуба Т. М. Яфрэменка былі заахвочаны грашовымі прэміямі.
Пачатак XXI стагоддзя для ўстаноў культуры быў вельмі складаным. Дэфіцыт бюджэтных сродкаў і неабходнасць іх эканоміі паставілі перад установамі культуры задачу: хочаце “жыць” і развівацца – зарабляйце. Але нават спробы бібліятэк, музеяў і клубных устаноў забяспечыць сваё фінансавае існаванне хоць у нейкай ступені, не вытрымалі рэалій жыцця. У 2002 годзе з-за адключэння электраэнэргіі спынілі сваю працу на тыдзень гісторыка-этнаграфічны музей, больш за месяц не праводзіліся дыскатэкі ў РЦК. З-за вялікай запазычанасці аддзела культуры па рахунках, планавалася таксама адключэнне электраэнэргіі і тэлефоннай сувязі ва ўсіх установах культуры, у тым ліку ў карціннай галерэі, цэнтральнай бібліятэцы, сельскіх дамах культуры і “высяленне” кіраўніцтва аддзела з памяшканняў райвыканкама, так як за арэнду кабінетаў таксама была запазычанасць.
Гэтыя абставіны і падштурхнулі ўстановы культуры імкнуцца зарабляць грошы, выконваючы дадатковыя паслугі насельніцтву. Так, у бібліятэках за дадатковую плату можна было ажыццявіць пошук у базах данных, атрымаць кнігі з камерцыйнага абанемента, з чытальнай залы, выкрайкі з часопісаў мод, раздрукоўка на прынтары і інш. У музеі пачалі праводзіць камерцыйныя выставы, а таксама быў набыты ксеракс. У кінатэатры “Крыніца” побач з традыцыйным паказам фільмаў пачаў працаваць відэасалон. Паступова выкананне дадатковых платных паслуг насельніцтву ўстановамі культуры становіцца адным з планавых паказчыкаў іх дзейнасці.
У 1998 г. Горацкі гарвыканкам зацвердзіў Праграму развіцця культуры Горак да 2005 г. Яе мэта – паглыбленне і расшырэнне працэсаў развіцця культуры. У ліку важнейшых напрамкаў дзейнасці ўстаноў культуры – каардынацыя і падтрымка развіцця самадзейнай творчасці. Праграма па развіцці культуры ўключала раздзелы: традыцыйная народная культура, аматарская самадзейная творчасць, мастацкая адукацыя, эстэтычнае выхаванне насельніцтва, падрыхтоўка кадраў для культасветустаноў, музейная справа і інш.
На перыяд 2005-2010 гады была распрацавана і зацверджана дзяржаўная праграма “Адраджэння і развіцця вёскі”. У Горацкім раёне 12 населеных пунктаў (вёскі Аўсянка, Горы, Добрая, Каменка, Копцеўка, Красуліна, Леніна, Маслакі, Паршына, Рудкаўшчына, Рэкта, Сава) былі вызначаны аб’ектамі для рэалізацыі гэтай праграмы. У галіне культуры было запланавана развіццё сеткі ўстаноў культуры, стварэнне раённых і сельскіх дамоў рамёстваў, адкрыццё дзіцячых школ народнай творчасці і народных рамёстваў, паляпшэнне культурнага абслугоўвання жыхароў аддаленых вёсак, аднаўленне і арганізацыя работы перасоўных бібліятэк, мадэрнізацыя састарэлага кінапраекцыйнага абсталявання, арганізацыя пляцовак філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання насельніцтва і інш. Такім чынам, шляхам рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы ў Горацкім раёне адбыліся значныя змены ў вобліку і вёсак, і ўстаноў культуры ў іх. Былі зробленыя капітальныя рамонты СДК вёсак Аўсянка, Леніна, Маслакі і Добрая, сельскага клуба вёскі Красуліна, рэканструяваны будынкі устаноў адукацыі для размяшчэння сельскіх клубаў вёсак Паршына, Рэкта, Сава, сельскага клуба і дзіцячай школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў вёскі Копцеўка, пабудаваны шматфункцыянальныя павільёны ў вёсках Горы і Рудкаўшчына. Заканамерным працягам паляпшэння матэрыяльнай базы ўстаноў з’явіліся і змены ў змесце іх работы. Так у структуры ўстаноў клубнай сістэмы з’явіліся: Гарскі Цэнтр фальклора і народнай творчасці, сельскія Цэнтры культуры і вольнага часу вёсак Копцеўка і Рэкта, Цэнтр культуры вёскі Паршына, Аўтаклуб. Паршынская, Рэкцянская, Копцеўская, Гарская і Рудкаўшчынская сельскія бібліятэкі былі пераведзены на базу адрамантаваных клубных устаноў. Усе бібліятэкі аграгарадкоў былі камп’ютарызаваны, падключаны да сеткі Інтэрнэт. Для Рэкцянскай і Рудкаўшчынскай бібліятэк была набыта новая мэбля.
У гэты перыяд на базе устаноў культуры клубнага тыпу згодна плана мерапрыемстваў аддзела культуры на 2006-2010 гг. па аптымізацыі функцыянавання сеткі ўстаноў культуры і развіццю комплексных форм абслугоўвання насельніцтва ў агарагарадках з’яўляюцца адукацыйныя ўстановы Добраўская і Ленінская ДзШМіМР (2006), у Аўсянкаўскім СДК аднавіў работу філіял Горацкай ДзШМ, у Паршынскім ЦК пачалі працаваць філіялы Горацкіх ДзШМ і ДзШМіМР, на базе Каменскай адукацыйнай школы-комплекса быў адкрыты філіял Копцеўскай ДзШМіМР.
Станоўчыя пераўтварэнні ў горадзе адбыліся ў сувязі з правядзеннем рэспубліканскага фестываля-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012”. 2012 год – гэта быў перыяд выпрабаванняў для самаго горада і яго жыхароў. На дзейнасці ўсіх устаноў культуры адбілася падрыхтоўка да ўдзелу ў мерапрыемствах аднаго з самых маштабных рэспубліканскіх свят. Амаль усе аб’екты культурнага прызначэння, размешчаныя ў горадзе, былі ўключаны ў Праграму падрыхтоўкі і правядзення ў г. Горкі і Горацкам раёне рэспубліканскага фестываля-ярмаркі працаўнікоў вёскі “Дажынкі 2012”. Былі рэканструяваны і капітальна адрамантаваны ДзШМ, ДзШМіМР, Цэнтральная бібліятэка, кінатэатр “Крыніца”, новую “прапіску” артымалі ДзВХШ і музей, быў пабудаваны амфітэатр. Але, нягледзячы на рамонтныя работы, установы культуры працягвалі выконваць свае непасрэдныя функцыі: захаванне і развіццё культурнай спадчыны, захаванасць музейнага фонда, забеспячэнне вольнага доступа да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў, развіццё народнай творчасці і эстэтычнай адукацыі.
У складаных умовах быў арганізаваны вучэбны працэс у адукацыйных школах аддзела культуры. Навучэнцы школы рамёстваў часова займаліся ў Доме рамёстваў, школы мастацтваў – у агульнаадукацыйных школах горада.
Вялікі аб’ём будаўнічых работ быў зраблены аддзелам культуры ўласнымі намаганнямі: гаспадарчай групай і мужчынскай паловай структурных падраздзяленняў аддзела. Быў разабраны стары будынак вакальна-харавой школы, адрамантаваны і пафарбаваны гаражы аддзела, адміністрацыйны будынак аддзела кінавідэаабслугоўвання насельніцтва. Выконваліся работы па падрыхтоўцы будынкаў да рамонтаў, дэмантаж мэблі і абсталявання, добраўпарадкаванні тэрыторый.
Дзякуючы “Дажынкам”, а таксама рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады з’явілася магчымасць палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры, наблізіць яе да сучасных патрабаванняў. Для гісторыка-этнаграфічнага музея была выканана распрацоўка навуковага і мастацкага праектаў новай экспазіцыі, набыта экспазіцыйнае і мультымедыйнае абсталяванне, інфакіёск, здзейснены неабходная рэстаўрацыя музейных прадметаў. Для бібліятэк сістэмы было набыта 37 камп’ютараў, праграмнае забеспячэнне «ALIS-web», створана лакальная вылічальная сетка ў Цэнтральнай бібліятэцы. Для школ былі набыты новыя музычныя інструменты.
Па стану на 01.01.2013 года арганізацыяй змястоўнага адпачынку насельніцтва, адукацыйныя і асветніцкія функцыі ў раёне забяспечвалі 23 установы клубнага тыпу, 26 бібліятэк, 2 музеі, 7 устаноў дадатковай адукацыі, маладзёжна-падлеткавы цэнтр “Імпульс” – усяго 59 устаноў, падначаленых аддзелу культуры, у якіх працавала 266 спецыялістаў, з якіх 92,5 % мелі профільную адукацыю.
З 2013 года ў дачыненні да ўстаноў культуры ў актыўнае ўжыванне ўваходзіць такі тэрмін, як “аптымізацыя”. Так, на працягу 2013 года былі закрыты Хамініцкія сельскія клуб і бібліятэка, Старасельская бібліятэка, Шышаўская бібліятэка-клуб, філіял гісторыка-этнаграфічнага музея ў в. Леніна, музей-кабінет Максіма Гарэцкага, філіял Гарскога ЦфіНТ у в. Нікуліна. З 1 ліпеня на базе трох аддзелаў райвыканкама – ідэалагічнай работы, культуры і аддзела па справах моладзі пачаў функцыянаваць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а на базе Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы была створана дзяржаўная ўстанова культуры “Горацкая раённая бібліятэчная сетка”.
Нягледзячы на тое, што дзяржпраграмай “Культура Беларусі” быў прадугледжаны рост паказчыкаў работы ўсіх устаноў культуры і былі створаны для гэтага ўсе ўмовы, працэс аптымізацыі ўстаноў культуры зрабіў сваю справу: пачалося няўхільнае зніжэнне колькасці праведзеных канцэртаў, спектаклей, наведвальнікаў бібліятэк, колькасць экскурсій і выставак у музеі.
У 2014 годзе сетка ўстаноў культуры працягвае скарачацца. Былі закрыты Станаўская бібліятэка-клуб, Будская, Каменская, Камаровіцкая відэаўстаноўкі, Анікавіцкія сельскія клуб і бібліятэка былі пераўтвораны ў Анікавіцкі клуб-бібліятэку. 5 сельскіх бібліятэк былі інтэграваны са школьнымі бібліятэкамі аддзела адукацыі.
На працягу 2015 года адбываліся далейшыя змены сеткі ўстаноў культуры. Былі закрыты 4 (Анікавіцкі клуб-бібліятэка, Старасельскі Дом культурна-сацыяльных паслуг, Лебедзеўская бібліятэка-клуб і бібліятэка сямейнага чытання) і рэарганізавана 1 установа: маладзежна-падлеткавы цэнтр “Імпульс” (у складзе адзела культуры знаходзіўся з 01.01.2011 г.) быў далучаны да дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Горацкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”.
Такім чынам, па стану на 1 студзеня 2016 года культурнае абслугоўванне насельніцтва Горацкага раёна ажыццяўлялі: 19 устаноў клубнага тыпу, 19 бібліятэчных устаноў, 1 музей. Эстэтычную адукацыю забяспечваюць 6 устаноў дадатковай адукацыі.
Але скарачэнне сеткі ўстаноў культуры не паўплывала на якасць аказваемых культурных паслуг. Горацкай культуры сёння ёсць чым ганарыцца.
У 2006 годзе з мэтай развіцця нацыянальных культур, эстэтычнага выхавання дзяцей, шырокага далучэння іх да традыцый народнай мастацкай творчасці, умацавання і расшырэння міжнародных сувязей, выяўлення і падтрымкі юных талентаў, развіцця іх творчага патэнцыялу і павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства ў Горках быў праведзены І рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Славянскі карагод” з удзелам дзіцячых калектываў і індывідуальных выканаўцаў з гарадоў Гарволін (Польша), Манастыршчына (Расія) і Горацкага раёнаў ва ўзросце ад 6 да 17 год. Фестываль, які праходзіў на працягу трох дзён, стаў сапраўдным дзіцячым святам. Юныя ўдзельнікі спаборнічалі ў вакальным, інструментальным, харэаграфічным, тэатральным жанрах, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвах. Таксама ў межах фестывалю былі праведзены конкурсныя прагляды, творчыя канцэрты і сустрэчы ўдзельнікаў фестываля, экскурсіі ў г. Магілеў і г. Мінск. Па выніках праведзеных конкурсаў было ўручана 68 дыпломаў фестывалю, заахвочана падарункамі больш за 90 удзельнікаў гэтага творчага карагоду. Ужо на наступны год на “Славянскі карагод-2007” сабралася больш за 400 удзельнікаў. З кожным годам пашырылася геаграфія фестывалю: раён Пярова г. Масквы, Смаленск, Манастыршчына, Вязьма (Смаленская вобласць), Мінск, Паставы (Віцебская вобласць), Крычаў, Бялынічы, Слаўгарад, Дрыбін (Магілёўская вобласць) і іншыя. Кожны фестываль шырока агучваецца ў сродках масавай інфармацыі і адкрывае новыя далягляды для ўдзельнікаў.
З мэтай далейшага развіцця і павышэння ўзроўня самадзейнай мастацкай творчасці, рэалізацыі творчых магчымасцей і павышэння актыўнасці насельніцтва, для актывізацыі работы грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзных камітэтаў па арганізацыі культурна-выхаваўчай работы ў працоўных калектывах Горацкі райвыканкам прыняў рашэнне аб правядзенні ў 2008 годзе першага агляда-конкурса мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў раёна “Працуй і спявай, наш Горацкі край”, прымеркаванага да 70-годдзя са дня ўтварэння Магілёўскай вобласці. Надалей гэты конкурс праводзіўся раз у два гады.
З мэтай аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў 28 снежня 2015 года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка быў падпісаў указ нумар 522 “Аб аб’яўленні 2016 года Годам культуры”.
Тое, што сёння робяць “культурныя” людзі ў раёне – гэта своеасаблівы эксперымент, як выжываць ва ўмовах аптымізацыі. Вынікі рабіце самі, але надалей прыводзіцца толькі частка з тых мерапрыемстваў, якія ўжо праведзены.
На падставе зацверджаных рэспубліканскага і абласнога планаў мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры быў распрацаваны раённы.
І адразу ж грамадскасць раёна ўключылася ў рэалізацыю гэтага плана. Стартам адкрыцця Года стала ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій раённага выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай моладзі, якая адбылася 12 студзеня на базе дзяржаўнай установы “Дзіцячая вакальна-харавая школа г.Горкі”. 13 сертыфікатаў і грашовыя прэміі атрымалі выхаванцы і творчыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў раёна.
Значная ўвага была нададзена фарміраванню палітычнай культуры і стварэнню ўмоў для выхавання патрыятычнай самасвядомасці грамадзян.
Да 30-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС у бібліятэках былі аформлены выставы і тэматычныя паліцы; па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі з 1 па 25 красавіка праводзіўся конкурс дзіцячых малюнкаў “Чарнобыль - наш боль і памяць”, у якім прынялі ўдзел 36 дзяцей і падлеткаў горада і раёна. Пераможцы атрымалі свае ўзнагароды, а выстаўка конкурсных малюнкаў працавала на базе кінатэатра “Крыніца” у рамках правядзення кіналекторыяў яшчэ на працягу месяца.
Акцыя “Мы - грамадзяне Беларусі” была прымеркавана да Дня Канстытуцыі і ва ўрачастай абстаноўцы Старшыня Горацкага райвыканкама, першы сакратар РК ГА “БРСМ” уручылі 15 лепшым прадстаўнікам моладзі пашпарты і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Выхаванню патрыятызму, гонару за сваю Радзіму, подзвігі продкаў спрыялі мерапрыемствы, прысвечаныя 9 Мая, 75-годдзю з дня пачатку вайны, вызваленню Горацкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дню Незалежнасці.
Горацкі раён багаты на літаратурныя традыцыі. Народнае аматарскае аб’яднанне “Роднае слова” налічвае ў сваім складзе каля 30 аўтараў і актыўна займаецца папулярызацыяй іх творчасці. У 2016 годзе былі выдадзены зборнікі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Н. Кавалёвай “Голубая криница”, М. Уласенкі “Вершаплет”, фантастычнай аповесці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Л. Самусенкі “Планета Зарина” і сумесна з бібліятэкай праведзены іх прэзентацыі.
22 сакавіка гэтага года прадстаўнікі бібліятэкі і музея прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Пысінскія чытанні”, якая праходзіла ў Магілёўскай абласной бібліятэцы.
Значная ўвага ўдзяляецца ўстановамі культуры выхаванню духоўнай культуры, захаванню і папулярызацыі народных, творчых і культурных традыцый і абрадаў беларускага народа, пашырэнню мастацкай творчасці. Рэалізацыі гэтых задач спрыяюць: правядзенне свят вёскі, раённых свят “Купалле”, “Зажынкі” і інш. Вырабы горацкіх майстроў вызначаюцца высокай якасцю, адметнай эстэтыкай, вытанчанасцю. Менавіта пагэтаму майстры раённага дома рамёстваў і творчыя калектывы ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Горацкага раёна” запатрабаваны на мерапрыемствах самых разнастайных узроўняў: ад раённага да міжнароднага.
2016 год багаты на юбілейныя даты шырока вядомых у Беларусі і за мяжой дзеячаў айчыннай культуры. Установы культуры раёна не абмінулі іх у сваёй рабоце. Так, у бібліятэках былі наладжаны цыклы мерапрыемстваў па прапагандзе творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, у клубных ўстановах прайшлі канцэрты, у рэпертуар якіх увайшлі творы кампазітараў-юбіляраў.
Рэкцянская сельская бібліятэка ДУК “Горацкая раённая бібліятэчная сетка” прыняла ўдзел у ХХІV Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і заняла ІІ месца ў намінацыі “пошукавая дзейнасць”.
У год культуры асабліва важна узмацніць работу па ахове і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны раёна, а значыць і Беларусі.
У 2016 годзе праводзіліся ўсе неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне ўмоў па захаванні, належным ўтрыманні, выкарыстанні, аднаўленні і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей Горацкага краю.
Акрамя таго, у раёне былі праведзены дні бескарыснай працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Не менш важнай каштоўнасцю беларусаў з’яўляецца мова: родная, беларуская. З мэтай пашырэння сферы яе выкарыстання ўстановамі культуры былі праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, да Дня беларускага пісьменства, арганізаваны сустрэчы з пісьменнікамі Горацкага краю, прыняты ўдзел у рэспубліканскіх акцыях “Лета з добрай кнігай”, “Чытаем і размаўляем па-беларуску разам” і інш.
Дзейнасць народнага аматарскага аб’яднання “Мастацтва” ДУК “Горацкі раённы гістарычны музей” і арганізацыя персанальных выставак горацкіх мастакоў спрыяюць развіццю і падтрымцы прафесійнага беларускага мастацтва.
Горкі – горад маладзёжны, таму што 27 % насельніцтва па статыстыцы – гэта моладзь. У раёне створаны ўмовы для прафесійнага росту і самарэалізацыі таленавітай творчай моладзі.
Значная ўвага надаецца вытворчай і экалагічнай культуры, навядзенні парадку на зямлі, фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці. З гэтай мэтай праведзены рэспубліканскі і раённы суботнікі, мерапрыемствы па навядзенні чысціні і парадку ў населеных пунктах, дваровых тэрыторый і іх добраўпарадкаванні, акцыі “Тыдзень лесу”, “Бяспека ў кожны дом”, “Моладзь за бяспеку”, “Школа бяспекі - 2016”, “Студэнты. Бяспека. Будучыня” і інш.
Культура здаровага ладу жыцця, побыту, чалавечых і сямейных адносін ў нашым раёне рэалізуецца праз праект “Здаровы горад”. Вынікам гэтай работы стала ўключэнне горада ў Еўрапейскую сетку “Здаровыя гарады” з атрыманнем сертыфікату.
Грамадскія ініцыятывы ў сферы культуры знаходзяць падтрымку і рэалізацыю ў раёне. Так, 26 студзеня адбыўся раённы адборачны этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурса творчых працоўных калектываў “Новые имена Беларуси-2016”. Пераможцы раённага этапа прынялі ўдзел у абласным конкурсе. Хор ветэранаў “Спадчына” прыняў удзел ў абласным адборачным этапе рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.
Інфармацыйнае забеспячэнне Года культуры рэалізуецца шляхам асвятлення мерапрыемстваў у сродках масавай інфармацыі, стварэння на сайтах Горацкага райвыканкама і раённай газеты “Горацкі веснік” раздзела “2016 – Год культуры Беларусі”, трансляцыяй тэматычнай рубрыкі “Смак роднай мовы” на шырокафарматным экране Palami.
І шмат іншага…

















































