Мая мова - булатны клінок… |
21.02.2018 |
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята мае сваю сумную гісторыю, якая каранямі ідзе ў далёкі 1952 год у Бангладэш. Менавіта там 21 лютага адбылася трагедыя, якая і дала пачатак гэтай знамянальнай даце: паліцыя расстраляла ўдзельнікаў акцыі, якія выступалі за прызнанне бенгальскай мовы дзяржаўнай. У памяць пра гэтыя падзеі Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Гэты дзень прызваны садзейнічаць захаванню і абароне моў народаў свету.
Кожны год напярэдадні Дня роднай мовы бібліятэкі сеткі праводзяць акцыі і афармляюць выставы, прысвечаныя нашай роднай мове – беларускай. На сваім шляху беларуская мова сустрэла шмат перашкод, ды і зараз яе становішча не з лепшых: у сітуацыі двухмоўя ў нашай краіне большасць людзей аддаюць перавагу рускай мове ці карыстаюцца так званай «трасянкай». Мерапрыемствы, якія праводзяцца бібліятэкарамі, дазваляюць дакрануцца да беларускага слова, адчуць яго прыгажосць і мілагучнасць. Так, цэнтральная бібліятэка імя М. Гарэцкага праводзіць акцыю «Размаўляем па-беларуску», падчас якой супрацоўнікі размаўляюць на беларускай мове і запрашаюць сваіх чытачоў таксама далучыцца да роднага слова. Акрамя гэтага ў бібліятэцы дзейнічае выстава «Слова роднае – вечнасці след», з якой можна азнаёміцца ў чытальнай зале. У Маслакоўскай сельскай аб’яднанай бібліятэцы арганізавана кніжная выстава «Хочаш верш, а хочаш казку – выбірай жа калі ласка», на якой прадстаўлены кнігі з вершамі і казкамі на беларускай мове. Як добра маленькія чытачы ведаюць беларускую мову, супрацоўнікі Ленінскай сельскай аб’яднанай бібліятэкі праверылі падчас віктарыны «Моўныя скарбы роднага краю». Тут дзеці знаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі, адгадвалі беларускія загадкі, вымаўлялі беларускамоўныя скорагаворкі, адказвалі на цікавыя пытанні, а таксама змаглі пазнаёміцца з выставай «Багата, родная ты мова!». Разам з супрацоўнікам Рэкцянскай сельскай бібліятэкі дзеці адправіліся ў «Падарожжа ў краіну беларускіх казак». Менавіта пад такой назвай у бібліятэцы прайшла гадзіна роднай мовы. А ў Саўской сельскай аб’яднанай бібліятэцы маленькія чытачы сталі ўдзельнікамі конкурсу чытачоў «Мову родную люблю я». У раённай дзіцячай бібліятэцы дзейнічае выстава «Мова - родная, лагодная мая», а таксама у Аўсянкаўскай, Красулінскай сельскіх бібліятэках дзейнічаюць выставы прысвечаныя беларускай мове. Тут галоўным чынам экспануюцца беларускія слоўнікі і даведнікі.