Кнігі-юбіляры
Летапісец зямлі Горацкай
Сёлета спаўняецца 10 гадоў з таго часу, як выйшла ў свет кніга Уладзіміра Ліўшыца «Горкі: старонкі гісторыі» - бадай, адно з самых значных і дасканалых даследванняў пра далёкае мінулае і сённяшні дзень нашага роднага горада. Нястомны працаўнік на ніве мясцовага краязнаўства, Уладзімір Маісеевіч на працягу многіх дзесяцігоддзяў прафесійна займаецца зборам, вывучэннем і папулярызацыяй сярод публікі невядомых дагэтуль звестак пра цікавыя моманты з гісторыі Горак з сівой даўніны да сучаснасці, пра нашых знакамітых землякоў ды іх заблытаныя лёсы.
У цэнтральнай бібліятэцы імя М. Гарэцкага можна знайсці значную частку неабсяжнай літаратурнай спадчыны Ліўшыца. Тут сабраныя амаль усе выданні яго самых значных твораў, прысвечаных горацкай гісторыі - ад сціплых брашур да такіх маштабных і сур’ёзных прац як сёлеташняя юбілейная кніжка. Больш за трыста старонак грунтоўнай, аб’ектыўнай і, што немалаважна, сістэматызаванай інфармацыі пра горад, у якім аўтар жыў з 1946 года і на пульсе якога трымае руку і дагэтуль. «Горкі: старонкі гісторыі» – гэта, на наш погляд, менавіта тая кніжка, што будзе карыснай кожнаму зацікаўленаму гісторыяй роднага края. Бо гэта, без перабольшвання, у сваім родзе энцыклапедыя горацкай зямлі.