Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
Кніжная мудрасць стагоддзяў
Любоў да Бацькаўшчыны і роднай мовы прыходзіць праз веданне ўласнай літаратуры, гісторыі, культуры. Важную ролю ў гэтым выхаваўчым працэсе адыгрывае і цэнтральная бібліятэка імя М. Гарэцкага, якая падрыхтавала цэлы шэраг мерапрыемстваў да ўрачыстай даты. Так, да паўтысячагадовага юбілею беларускай друкаванай кнігі была створана віртуальная выстава пад назвай «Кніжная мудрасць стагоддзяў». Цікавасць да мінулага кніжнай спадчны сваёй краіны выклікае неабходнасць данесці яе да сучасных нашчадкаў. З гэтай нагоды супрацоўнікі бібліятэкі пастараліся сабраць для вышэйназванай экспазіцыі самыя цікавыя факсімільныя ды рэпрынтныя выданні са свайго фонду.
Цяжка цяпер ўявіць сабе свет, у якім няма кнігі. Здаецца, ва ўсе часы з таго моманту , як з’явілася першая кніга, людзі не пераставалі чытаць. Мы прывыклі да кнігі з самага дзяцінства, яна раскрывае дзівосныя таямніцы жыцця і дае карысныя парады ў цяжкую хвіліну, навучае нас разумець саміх сябе. Ва ўсе эпохі да кніг адносіліся як да святыні – іх перапісвалі ад рукі, а вокладкі ўпрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Нават сёння, сярод бясконцага акіяну лічбавых гаджэтаў, звычайная папяровая кніга застаецца неад'емнай часткай існавання чалавека. Звычайна для кожнага яна мае досыць рознае значэнне. Але ж што такое менавіта беларуская кніга? Цікава, ці шмат хто з нас мае ўласны адказ на гэтае пытанне?
Геніяльнае вынаходніцтва нямецкага першадрукара Гутэнберга ў сярэдзіне XV стагоддзя аказала велізарны ўплыў не толькі на еўрапейскую культуру таго часу, але і на ўсю сусветную гісторыю. 6 жніўня 1517 года ў арандаванай пражскай друкарне на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі (тагачаснай літаратурнай беларускай мове) пабачыла свет кніга «Песни царя Давыда еже словуть Псалтыр». Гэта была першая друкаваная кніга на нашых землях. Сёлетні 2017 год праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага святкавання. Адзначэнне такой значнай падзеі – гэта свята духоўнасці, асветы і культуры.
Канешне, ушанаванне памяці заснавальніка беларускага кнігадрукавання не можа абыйсціся без звароту непасрэдна да яго спадчыны. Сярод найбольш каштоўных экзэмпляраў на выстаўцы – калекцыйнае факсіміле скарынаўскай Бібліі, так званае Пяцікніжжа. Спецыялісты кажуць, што скарынавы кнігі ўяўляюць выключную з’яву як паводле колькасці змешчаных у іх гравюр, так і паводле бездакорнай тэхнікі іх выканання. Сваёй прыгажосцю і дасканаласцю яны далёка перасягаюць не толькі ранейшыя выданні, але нават і тагачасныя венецыянскія. Такім чынам, у наведвальнікаў горацкай бібліятэкі ёсць унікальны шанец пазнаёміцца з выдатнымі тварэннямі сусветнай культуры. Характэрна, што гэта ўсяго частка масштабнага праекту па факсімільным узнаўленні кніжак Францыска Скарыны, які ладзіцца на працягу некалькіх апошніх гадоў. Творчая спадчына легендарнага доктара мае ўсеславянскае і ўсееўрапейскае значэнне, а яго глыбокія думкі ды ідэі актуальныя нават сёння.
На жаль, на працягу сваёй гісторыі Беларусь страціла значную частку сваіх кніжных помнікаў – а тое нешматлікае, што захавалася, раскідана па кнігасховішчах краіны і свету. Зберагчы пісьменства, кніжную культуру сваёй нацыі і зрабіць яе як мага больш даступнай – адна з галоўных задач такіх устаноў як бібліятэка. І ў гэтым плане наяўнасць у яе факсімільных выданняў – гэта магчымасць зрабіць для сваіх чытачоў сапраўды чароўны падарунак. Ці ж гэта ня дзіва – зазірнуць, напрыклад, у знакаміты, створаны ў XVI стагоддзі Баркалабаўскі летапіс? А вось «Буквар мовы славянскай», што быў выдадзены ў Вільні ажно ў 1767 годзе – адзін з найбольш ранніх друкаваных дапаможнікаў для пачатковага навучання грамаце ў Беларусі. Адным з самых цікавых у графічным плане экспанатаў выставы стала, на наш погляд, рэпрынтнае ўзнаўленне трэццяга тома выдання «Литовское и Белорусское Полесье» – толькі дзіву даешся вынаходлівасці і таленту тых майстроў, што займаліся афармленнем гэтай цікаўнай кнігі! А яшчэ тут можна знайсці шыкоўны фотаальбом «Кніжная спадчына Беларусі», у якім змясціліся высокаякасныя выявы найбольш значных кніжных помнікаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, сярод якіх – каштоўныя старадрукі і цудоўныя старыя картаграфічныя выданні. Ёсць тут таксама і факсіміле аднаго са старажытнейшых помнікаў сярэднявечнай агіяграфіі на ўсходнеславянскіх землях – «Жыціе блаженнай Еўфрасінні», складзенае ў канцы XII стагоддзя, тэкст рукапісу якого публікуецца ўпершыню. Слуцкае Евангелле – унікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя, адна з буйнейшых праваслаўных святыняў Беларусі, факсімільнае выданне якой перадае ўсе асаблівасці першакрыніцы і па ўзроўню выканання не мае аналагаў. Дык вось на падрыхтаванай экспазіцыі ёсць і такі ўнікальны артэфакт – і гэты фаліянт па-сапраўднаму вялікі, ужо паверце! Цэлых тры тамы займае «Опыт описания Могилевской губернии», cастаўленай Дзембавецкім у канцы пазамінулага стагоддзя. Выданне цікавае тым, што змяшчае вялікую колькасць рэзаных на дрэве гравюр, карт ды іншых цікавых выяў.
Кніжная спадчына Беларусі : = Книжное наследие Беларуси = Belarusian book heritage : (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) / [складальнік А. А. Суша ; прадмова Р. С. Матульскага ; фота А. П. Дрыбаса]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014. – 411, [4] с.
Фотаальбом уключае выявы найбольш значных кніжных помнікаў, якія сёння зберагаюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У выданні прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя помнікі, створаныя ў XV–XX ст.ст. на тэрыторыі Беларусі беларускімі пісьменнікамі і выдаўцамі або прысвечаныя Беларусі. Унікальныя беларускія рукапісы, каштоўныя старадрукі і рэдкія кнігі мінулых стагоддзяў, цудоўныя картаграфічныя і выяўленчыя выданні, кнігі з вядомых беларускіх кнігазбораў пераконваюць у самабытнасці і развіцці айчыннай культуры, яе багацці і разнастайнасці.
Будзе цікавым шырокай аўдыторыі.
Багдановіч, А. Я. Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў : этнаграфічны нарыс / Багдановіч Адам Ягоравіч. – Рэпрынтнае выданне 1895 года. – Мінск : Беларусь, 1995. – 186 с.
Кніга, выдадзеная ў Губернскай тыпаграфіі ў 1895 годзе, амаль адразу стала бібліяграфічнай каштоўнасцю і была станоўча ўспрынята тагачаснай навуковай крытыкай.
Выданне насычана фактычным матэрыялам з вобласці этнаграфіі і фальклору. Аўтар сабраў багаты матэрыял аб элементах фетышызму, анімізму, магіі і чараўніцтва ў вераваннях беларусаў у ХІХ ст. Этнаграфічныя матэрыялы, якія ўвайшлі ў кнігу, сабраны, галоўным чынам, у цэнтральнай Беларусі – у паветах: Барысаўскім, Ігуменскім, Мінскім, Слуцкім і Навагрудскім Мінскай губерні, Сенненскім і Аршанскім – Магілёўскай і Лепельскім – Віцебскай губерні.
Баркалабаўскі летапіс / [рэдакцыйны савет: Т. У. Бялова (галоўны рэдактар) [і інш.] ; апрацоўка і ўзнаўленне тэксту: І. У. Будзько [і інш.] ; аўтар уступнага артыкула А. А. Суша. – Факсімільнае выданне. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. – 616 с. : іл.
У навуковым выданні ўпершыню разам з вынікам навуковых даследванняў публікуецца поўны тэкст летапіснага спісу, які ўключае знакаміты Баркалабаўскі летапіс.Ён быў складзены ў ХVII стагоддзі на аснове айчынных і замежных хронік, гістарычных дакументаў, запісаў і ўспамінаў відавочцаў. У летапісе змешчаны ўнікальныя звесткі па гісторыі Беларусі: важнейшыя падзеі, адметных гістарычных асоб, развіццё эканомікі і культуры, праваслаўнай царквы. У выданні таксама змешчаны артыкулы М. В. Доўнара-Запольскага і. Е. Р. Раманава пачатку ХХ стагоддзя, прысвечаныя Барлалабаўскаму летапісу. Кніга будзе карыснай для гісторыкаў, краязнаўцаў, філолагаў, студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, усіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і культуры Беларусі.
Без-Корнилович, М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии / Без-Корнилович Михаил Осипович ; предоставил оригинал книги и подготовил издание В. Н. Татур. – Факсимильное издание. – Минск : Алфавит, 1994. – 356 с.
У кнізе беларускага гісторыка, краязнаўца і этнографа, генерал-маёра рускай арміі Без-Карніловіча М. В. (1796–1862) разгледжаны пытанні этнічнай тэрыторыі, прыведзены звесткі пра гістарычныя помнікі Беларусі, культуру, побыт і вераванні яе жыхароў. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны апісанню народных абрадаў, звычаяў, народнай метэаралогіі.
У кнізе беларускага гісторыка, краязнаўца і этнографа, генерал-маёра рускай арміі Без-Карніловіча М. В. (1796–1862) разгледжаны пытанні этнічнай тэрыторыі, прыведзены звесткі пра гістарычныя помнікі Беларусі, культуру, побыт і вераванні яе жыхароў. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны апісанню народных абрадаў, звычаяў, народнай метэаралогіі.
Суша, А. Буквар у жыцці нашых продкаў = Букварь в жизни наших предков = The ABC-book in life of our ancestors / Алесь Суша. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – 156 с.
У камплект ўваходзіць два выданні. Першае – гэта сам тэкст факсімільна-ўзноўленага буквара, які з’яўляецца ўнікальным помнікам асветніцкай думкі Беларусі, адным з найбольш ранніх друкаваных дапаможнікаў для пачатковага навучання грамаце ў Беларусі. Другое выданне змяшчае гісторыка-культурны нарыс, прысвечаны часу і абставінам стварэння кнігі “буквар мовы славянскай” (Вільня, 1767. У дадатку да нарыса змешчаны пераклад буквара на рускую мову. Будзе цікавы для даследчыкаў айчыннай гісторыі, кніжнай культуры, мастацтва, рэлігіі, а таксама ўсіх неабыякавых да беларускай кніжнай спадчыны.
Живописная Россия : Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении : в 12 т. – Репринтное воспроизведение издания 1882 года. – Мінск : Белорусская энциклопедия имени Петруся Бровки, 1993. – Т. 3 : Литовское и Белорусское Полесье / отпечатано с экземпляра белорусского писателя Б. Саченко. – 550 с. : ил.
Гэта 12-томнае выданне падрыхтаванае таварыствам М. В. Вольфа ў 70-я гады ХІХ ст., прадстаўляе сабой усебаковае мастацка-навуковае апісанне Расійскай імперыі і народаў, якія яе насялялі. Выданне было адным з самых каштоўных у гісторыі расійскага кнігадрукавання. У яго складанні прымалі ўдзел 93 вучоныя. Рэпрынтнае ўзнаўленне 3-га тома выдання «Литовское Полесье» і «Белорусское Полесье» цалкам адрасавана апісанню гісторыі і прыроды літоўскіх і беларускіх зямель, матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў, якія іх насялялі. Большасць нарысаў тома напісана знакамітым беларускім этнографам і гісторыкам А. К. Кіркорам. Выданне змяшчае вялікую колькасць ілюстрацый.
Кніжная спадчына Францыска Скарыны = Книжное наследие Франциска Скорины = Book heritage of Francysk Skaryna : [да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання] / Нацыянальная бібліятэка Беларусі ; [аўтары ідэі: Р. С. Матульскі, П. У. Калаўр ; адказны рэдактар А. А. Суша ; пераклад на англійскую мову: Г. М. Каваленка, І. В. Ісаева ; літаратурны пераклад прадмоў Ф. Скарыны на сучасныя беларускую і рускую мовы А. У. Бразгунова]. – Т. 1 : Кніга Быцця = Книга Бытия = The book of Genesis. – 2013. – 269, [2] с.
У 2014 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з «Банкам БелВЭБ» рэалізавала першую частку агульнанацыянальнага праекта па выпуску факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны, першыя пяць тамоў з якога ўжо пабачылі свет. Выдавецкі праект разлічаны на перыяд 2013–2017 гг. і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Шматтомнае факсімільнае выданне ўпершыню дазволіць сабраць поўны рэпертуар кніг, якія былі надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе (1517–1519) і Вільні (1522–1525). У яго аснову пакладзены электронныя копіі найлепш захаваных кніг першадрукара, якія зберагаюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Факсімільнае выданне з максімальнай паўнатой узнаўляе кнігі Францыска Скарыны. Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў, а таксама ўпершыню здзейсненымі перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Факсімільнае ўзнаўленне пазнаёміць шырокую грамадскасць з адным з найбольш каштоўных скарбаў кніжнай культуры Беларусі.
Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / Вацлаў Ластоўскі ; прадмова А. Сушы. – Факсімільнае выданне. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 814 с.
Вацлаў Ластоўскі – адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў таго пакалення, якому давялося дабіцца права Беларусі заняць “свой пачэсны пасад між народамі”. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, створаная Вацлавам Ластоўскім, дасюль застаецца надзвычай запатрабаванай і ніколькі не страціла сваёй актуальнасці і каштоўнасці як навуковае прэзентацыйнае выданне, якое больш 85 гадоў чакала свайго перавыдання.
І паўстаў народ… : факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941 - 1945 гадоў / [укладальнікі: А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў ; уступныя артыкулы: А. Савіцкі, А. П. Дзенісенка]. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. – 639 с.. – (Гісторыя Беларусі ў дакументах, манаграфіях, літаратурных помніках).
Гэта кніга – выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, плакатаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 194–1945 гадоў, якія зберагліся ў адзінкавых экзэмплярах, захоўваюцца ў дзяржаўных музеях і цэнтральных навуковых бібліятэках і амаль невядомы шырокаму колу чытачоў. Выданне будзе карысным для даследчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў – увогуле для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй сваёй краіны.
Опыт описания Могилевской губернии : в 3-х книгах / составитель А. С. Дембовецкий. – Факсимильное издание.– Могилев : АмелияПринт, 2007. – Кн. 1. – Репринт. – 844 с.
Выданне змяшчае звесткі, якія датычацца гістарычнага, фізіка-геаграфічнага, этнаграфічнага, прамысловага, сельскагаспадарчага, ляснога, навучальнага, медыцынскага і статыстычнага становішча рэгіёна, з двума картамі губерні і 17 рэзанымі на дрэве гравюрамі відаў і тыпаў, Кнігі, складзены па праграме і пад рэдакцыяй старшыні Магілёўскага губернскага статыстычнага камітэта А. С. Дэмбавецкага. У 1-ай кнізе сабраны наступныя нарысы аб губерні: гістарычны, фізіка-геаграфічны, этнаграфічны, датаваныя канцом ХІХ стагоддзя, а таксама прыведзена адміністрацыйная карта губерні.
Опыт описания Могилевской губернии. – Кн. 2. – 2008. – 1028 с.
У 2-ім томе дадзена апісанне гарадоў і мястэчак Магілёўскай губерні, яе прамысловасць (фабрычная, рамесленая, паляўнічая, рыбалоўчая і пчалярная), дарогі, лясная гаспадарка і сельская гаспадарка (земляробства і жывёлагадоўля), ахова здароўя. Таксама прыведзена карта глебаў і лясоў.
Опыт описания Могилевской губернии. – Кн. 3. – 2008. – 396 с.
У 3-ім томе сабрана статыстычная інфармацыя аб насельніцтве Магілёўскай губерні, змешчаны табліцы землеўладальнікаў і дадатковыя статыстычныя і даведачныя звесткі.
Святое Евангелие. Слуцк, 1582 / ответственный за выпуск А. Вейник [и др.] ; допечатная подготовка А. Гопиенко ; оформление переплета Н. Сорока. – Факсимильное издание. – Минск : Белорусская Православная Церковь : Национальная библиотека Беларуси, 2009. – 450 с.
Слуцкае Евангелле – унікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя, адна з буйнейшых праваслаўных святыняў Беларусі, якая па праву лічыцца сімвалам духоўнага адраджэння нацыі. Евангелле, перапісанае ў Слуцку князем Юрыем Алелькавічам (1559–1586), сваяком святой Сафіі Слуцкай, – унікальны выпадак, калі Евангелле было перапісана прадстаўніком шляхты. Князь Юры Алелькавіч надумаў перапісаць Евангелле золатам і рабіў гэта тайна. У хуткім часе золата было заменена на чарніла, аднак не ў сувязі з фінансавымі цяжкасцямі. Князь адчуваў набліжэнне хваробы і спяшаўся скончыць працу, а праца з золатам патрабавала доўгага часу. Евангелле – своеасаблівае завяшчанне слуцкага князя – было падаравана ім Троіцкаму манастыру ў Слуцку. У 2009 г. выдавецтва Беларускага Экзархата здзейсніла факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля. Гэта выданне амаль дасканала перадае ўсе асаблівасці першакрыніцы. Па ўзроўні выкарыстання выданне не мае аналагаў у Беларусі.