Пісьменнік-юбіляр
«Ніл Гілевіч – пісьменнік універсальнага таленту»
Да 85-годззя з дня нараджэння паэта, перакладчыка са славянскіх моў, літаратуразнаўца, фалькларыста, грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча на абанеменце Раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага распачала дзейнічаць выстаўка літаратуры “Ніл Гілевіч – пісьменнік універсальнага таленту”.
Ніл Гілевіч дэбютаваў у 1946 годзе, выдаў некалькі зборнікаў паэзіі, у тым ліку для дзяцей. З 1954 года з'яўляўся членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1958-1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». З 1980 па 1989 год з'яўляўся першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). З 1989 года — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Народны паэт Беларусі (1991).
У яго паэзіі адлюстроўваецца любоў да роднага краю, асэнсаванне гістарычнага вопыту беларускага народа. У творах паэта пераважаюць традыцыйныя формы класічнай паэтыкі, тэмы гістарычнай сувязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў. Аўтар кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зборніка п'ес, аўтабіяграфічнай аповесці. Нястомны збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. Неаднаразова выязжаў у фальклорныя экпедыцыі. Перакладаў на беларускую мову творы славянскіх паэтаў.
На вершы Ніла Гілевіча напісалі музыку многія беларускія кампазітары.
На выстаўцы “Ніл Гілевіч – пісьменнік універсальнага таленту” прапанаваны кнігі, прачытаўшы якія Вы маеце магчымасць пазнаёміцца з біяграфіяй паэта, з яго творамі пра жыццё, прыроду, сяброўства, каханне, а таксама артыкулы, прысвечаныя даследванню яго творчасці.
Выстаўка дзейнічае да 20 кастрычніка.