Пісьменнік-юбіляр
«Творчыя абсягі Алеся Марціновіча»
Сучасная беларуская літаратура багатая на выдатныя імёны. Нечыя таленты пакуль толькі пачынаюць адкрывацца, а нечыя ўжо даўно зіхацяць на зорным небасхіле айчыннай літаратуры. Адным з такіх значных дзеячаў з’яўляецца Алесь Марціновіч. 18 жніўня гэты пісьменнік, крытык і літаратуразнаўца адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Да гэтай святочнай даты ў Цэнтральнай бібліятэцы імя М.Гарэцкага была падрыхтавана кніжная выстава «Творчыя абсягі Алеся Марціновіча».
Нарадзіўся Алесь Андрэевіч Марціновіч у в. Казловічы Слуцкага раёна. І маці, і бацька пісьменніка працавалі настаўнікамі. У 1964 годзе Алесь Марціновіч паступіў на філалагічны факультэт БДУ, але на трэцім курсе перавёўся на факультэт журналістыкі. Працаваў у розных мясцовых газетах, а пасля ў газеце «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Беларуская думка». У далейшым Алесь Андрэевіч – намеснік галоўнага рэдактара часопісаў «Нёман» (2008-2009) і «Маладосць» (2009-2011). З 2011 года загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя».
Выступаць у друку як журналіст Алесь Марціновіч пачаў яшчэ школьнікам. З 1966 года пачаў публікаваць рэцэнзіі, літаратурна-крытычныя артыкулы. З’яўляецца аўтарам больш за 30 кніг, у тым ліку выданняў па гісторыі для дзяцей («Святая Еўфрасіння», «Златавуст з Турава», «Сімяён, сын Полацка», «Як Гурка ворагаў граміў»), казак («Віця Неслух у краіне Мурашоў»), літаратуразнаўчых даследаванняў («Іван Чыгрынаў», «Святло чароўнага ліхтарыка: Выбраныя старонкі гісторыі беларускай дзіцячай літаратуры»).
Вяршыняй творчасці пісьменніка з’яўляецца шматтомная гісторыя Беларусі ў асобах, у якой упершыню ў беларускай літаратуры праз жанр мастацка-дакументальных твораў (эсэ, нарыс, апавяданне) прасочаны лёсы больш за 300 знакамітых суайчыннікаў, а таксама тых, хто нарадзіўся ў іншых краінах, але звязаў лёс з беларускім краем.
Акрамя таго, Алесь Марціновіч склаў кнігі публіцыстыкі «Свабоднае грамадства зблізку» (1984), паэзіі «Мы і яны» (1985) і «Слова міру і праўды» (1987), «Памяць: Капыльскі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі» (2001), «Адсюль выток, адсюль натхненне…: Шклоўчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка» (2007) і іншыя.
Шчыра віншуем Алеся Андрэевіча з юбілеем і жадаем яму натхнення і творчых поспехаў. Ну а калі вы, шаноўныя чытачы, жадаеце пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка альбо ўзгадаць падзеі беларускай гісторыі праз жыццё нашых знакамітых суайчыннікаў – запрашаем вас на абанемент Цэнтральнай бібліятэкі імя М.Гарэцкага.
Завітвайце ў бібліятэку за цікавым чытаннем!