Пісьменнік-юбіляр
«Жыве мая ліра нанова…»
У песні можна пераліці Цётка |
ХХ стагоддзе было вельмі няпростым часам для беларускага народу - рэвалюцыйныя падзеі не мінулі бокам нашу Радзіму. Але ў той жа час, пачатак ХХ стагоддзя адзначаны пачаткам Беларускага нацыянальнага адраджэння, якое спрыяла развіццю беларускай культуры і мастацтва. Менавіта ў гэты час з’яўляюцца выдатныя творы новай беларускай літаратуры, загараюцца зоркі таленавітых пісьменнікаў. Сярод такіх імёнаў як Я.Купала, Я.Колас, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч стаіць і імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). А сёння, 15 ліпеня, мы адзначаем 140 год з дня яе нараджэння. Менавіта гэтай памятнай даце прысвечана бібліятэчная выстава «Жыве мая ліра нанова…» ў Цэнтральнай бібліятэцы імя М.Гарэцкага.
Нарадзілася Алаіза Пашкевіч у 1876 годзе ў вёсцы Пешчына на Гродзеншчыне. Вучылася ў Віленскай прыватнай гімназіі, а потым у Пецярбурзе на агульнаадукацыйных курсах Лесгафта, дзе атрымала веды па медыцыне, біялогіі, гігіене, якія актыўна выкарыстоўвала ў жыцці. З 1904 года жыла ў Вільні. Прымала актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 года, стала адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады. Паралельна з гэтым працавала фельчаркай. З-за пагрозы арышту, у 1906 годзе Алаіза Пашкевіч вымушана пакінуць радзіму, і яна накіравалася ў Львоў, дзе працягвала сваю адукацыю. Між тым, некалькі разоў наведвала радзіму пад чужым прозвішчам і нават прымала ўдзел у выданні першай легальнай беларускай газеты «Наша доля». У 1911 г. Алаіза Пашкевіч выйшла замуж за літоўскага інжынера С.Кайрыса і, дзякуючы змене прозвішча, змагла легальна вярнуцца ў Беларусь.
Падчас першай сусветнай вайны як сястра міласэрнасці даглядала хворых у тыфозным бараку. У 1916 памёр бацька пісьменніцы, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.
Вядомыя зборнікі вершаў Цеткі «Хрэст на Свабоду» і «Скрыпка беларуская» былі выдадзены ў 1906 годзе ў эміграцыі. Да таго ж яна выдала першыя кніжкі на беларускай мове для дзяцей: «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў».
Асноўныя матывы паэзіі Цёткі - любоў да радзімы, да роднай прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў - характэрныя рысы яе лірыкі.
Цётка - адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка»), цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей («Міхаська»). Пяру Цёткі належаць публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.
Творы перакладзеныя на рускую, украінскую, чэшскую і нямецкую мовы.
Пазнаёміцца ці ўзгадаць творчасць і жыццёвы шлях пісьменніцы вас, шаноўныя чытачы, запрашае абанемент Цэнтральнай бібліятэкі імя М.Гарэцкага, дзе можна ўбачыць кніжную выставу, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння Цёткі «Жыве мая ліра нанова…». На ёй прадстаўлены асобныя творы, а таксама кнігі і артыкулы аб жыццёвым і творчым шляху паэткі.
Выстава дзейнічае да 20 жніўня. Прыемнага чытання!