18 лютага − дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры
Максіма Іванавіча Гарэцкага
З 15 лютага ў чытальнай зале Раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага працуе выстава літаратуры “Жыве яго слова”, прымеркаваная да дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага.
Непаўторны творца, палымяны публіцыст, руплівы даследчык і навукоўца Максім Іванавіч Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры. Яго самабытная і рознабаковая творчая спадчына ўяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Шырыня і шматграннасць яго творчых інтарэсаў не могуць не ўражваць. Пісьменнік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, крытык, фалькларыст, лексікограф, мовазнаўца, гісторык, грамадскі дзеяч... Уся яго творчасць прасякнута пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры.
Першы раздзел экспазіцыі “Максімава доля” знаёміць з літаратурай пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага. Кнігі і артыкулы такіх вядомых літаратуразнаўцаў, як Мікола Мушынскі і Іван Чыгрын, Дзмітрый Бугаёў і Алесь Марціновіч, Радзім Гарэцкi, Алесь Адамовіч і Уладзімір Ліўшыц, прысвечаныя даследаванню драматычнага жыццёвага шляху М. Гарэцкага, расказваюць пра яго творы, іх мову і жанрава-стылёвую адметнасць, напрамкі творчасці пісьменніка, змяшчаюць успаміны пра яго. Дапаўненнем экспазіцыі з’яўляюцца зборнікі матэрыялаў міжнародных навуковых канферэнцый “Гарэцкія чытанні”, якія ладзяцца штогод з 1992 г. і даведнік “Горацкі Гарэцкі”, распрацаваны Горацкай раённай бібліятэкай.
У раздзеле “Багацце таленту” прадстаўлена літаратурная спадчына пісьменніка. Пачэснае месца займае першы твор Максіма Гарэцкага – апавяданне “У лазні”, напісанае ім у час вучобы ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы і першы зборнік апавяданняў “Рунь” (рэпрынтнае выданне 1914 года). Працягваюць выставу дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне” (запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы), раман-хроніка “Віленскія камунары”, аповесць “Дзве душы” і шмат іншых твораў, якія ўвайшлі ў збор твораў М. Гарэцкага ў 4-х тамах, выбраныя творы на рускай і беларускай мовах, а таксама творы, змешчаныя ў калектыўных зборніках і часопісах.
Адметнае месца займае праца М. Гарэцкага “Гісторыя беларускае літаратуры”, якая працяглы час выкарыстоўвалася ў якасці школьнага падручніка і дапаможніка для студэнтаў, і не губляе сваёй актуальнасці і сёння.
Дапаўняюць экспазіцыю шматлікія фотаздымкі з архіву, копіі рукапісаў, а таксама факсімільнае выданне газеты “Наша Ніва” (1912-1915 і 1920 гады), на старонках якой друкаваліся першыя допісы маладога М. Гарэцкага. Асаблівае месца на выставе займаюць музычныя інструменты (дудка і скрыпка), ігрой на якіх так удала валодаў творца.
Выстава дзейнічае да 9 сакавіка.