Па-беларуску? Калі ласка! |
21.02.2024 |

Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата… Канюшына… Жыта…
Бульба… Бусел… Шпак…
Мроя… Хлопец закаханы…
Цемра… Шлях дамоў…
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!
Леанід Дайнека.
Звычаі, традыцыі, веды, якія перададзены нам продкамі з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праз час і прастору, скрозь вякі, як каштоўныя знакі памяці, змяшчаюцца ў простых, знаёмых кожнаму ад самай калыскі, простых слоў: Радзіма, матуля, мова…

Ва ўсiм свеце 21 лютага адзначаюць міжнародны дзень роднай мовы. Гэта асаблівае свята для кожнага народа, бо ўсялякая мова з’яўляецца ўнікальнай і адлюстроўвае традыцыі і менталітэт народа. Менавіта праз мову вызначаецца не толькі нацыянальная самасвядомасць і мысленне, але таксама духоўная сувязь пакаленняў.

Да Дня роднай мовы бібліятэкары ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» падрыхтавалі для сваіх чытачоў шэраг бібліятэчных выстаў і тэматычных паліц: «Скарбы роднага слова», «Любі і ведай сваю мову», «Ганарымся нашай мовай», «Са слова пачынаецца Радзіма», «Мова продкаў нашых і нашчадкаў», «Мая мова – беларуская!», «Мова – крыніца ўсёй прыгажосці» і інш.

Наярэдадні святочнай даты ў аддзеле па абслугоўванню дзіцячага чытача для вучняў 9-а класа ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Горкі» была праведзена выхаваўчая гадзіна «Чытаем кнігі на роднай мове». Прысутныя ўпэўніліся, што моўная разнастайнасць – велізарны здабытак спадчыны і непаўторны вынік творчасці чалавека. Вучні пазнаёміліся з цытататамі класікаў літаратуры, беларускімі словамі, якія адлюстроўваюць прыгажосць і ўнікальнасць роднай мовы, гутарылі па-беларуску, чыталі выразна вершы.

У філіяле «Рудкаўшчынская сельская аб’яднаная бібліятэка» адбылася інфармацыйная гадзіна «З вытокаў роднай мовы». Маленькія наведвальнікі прынялi ўдзел у конкурсах «Гэта мова – твая і мая», «Паспрабуй перакладзi». Разам разгадвалi лiтаратурную крыжаванку, у гульнi «Словазнаўцы» выбiралi беларускiя словы, расказвалi, што яны абазначаюць. Свята роднай мовы прадоўжылася гучнымі чытаннямі вершаў на беларускай мове.

Бібліятэкар філіяла «Маслакоўская сельская аб’яднаная бібліятэка» запрасіла маленькіх чытачоў да ўдзелу ў гульне-віктарыне «Пагуляем у роднае слова». Дзеці размеркаваліся па камандах і знаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі, адгадвалі беларускія загадкі, вымаўлялі беларускамоўныя скорагаворкі, адказвалі на цікавыя пытанні. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў на родную мову.

У сценах цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага для наведвальнікаў абанемента прайшла акцыя «Размаўляем па-беларуску», падчас якой супрацоўнікі размаўлялі на беларускай мове і запрашалі сваіх чытачоў таксама далучыцца да роднага слова. Бібліятэкары аддзела па абслугоўванню дзіцячага чытача падрыхтавалі слайд-віктарыну «Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску», дзе дзеці змагаліся ў некалькіх раўндах – перакладалі словы, расказвалі вершы, давалі азначэнні беларускіх слоў.

Родная мова – неацэнна для кожнага з нас. На роднай мове мы гаворым нашы першыя словы і найлепш выказваем свае думкі. Гэта тая аснова, на якой усе людзі будуюць сваю асобу з моманту свайго першага ўздыху, і яна тое, што арыентуе нас на працягу ўсяго жыцця. Яна з’яўляецца спосабам, з дапамогай якога можна навучыць паважаць сябе, сваю гісторыю, сваю культуру і галоўнае – іншых людзей з усімі іх асаблівасцямі. Мова наша неабдымная! Не дадзім загінуць ёй, жывой і непаўторнай, «з легендаў і казак» сатканай, «вобразнай, вольнай, пявучай», цудоўнай роднай мове!
![]() | ![]() | ![]() |
---|
![]() | ![]() | ![]() |
---|
![]() | ![]() | ![]() |
---|