Чароўны куфэрак |
04.08.2023 |

Песня і казка ходзяць у пары,
Сеюць па свеце дзівы і чары,
Будзяць спрасоння думкі дзіцячы,
Як той уранні промень свяцячы.
Калісьці ў куфрах нашы бабулі і дзядулі захоўвалі лепшыя, самыя каштоўныя набыткі сям’і. Мы ж прадставілі скарбонку духоўнасці народа таксама як куфэрак. Толькі не звычайны, а чароўны – казачны, бо начыненне гэтай скарбонкі – невычарпальнае, і дакранаючыся да яго чалавек дакранаецца павагай да свайго народа, сваёй мовы, сваёй культуры. Да такога працэсу, безумоўна, трэба быць далучаным з дзяцінства.

Мова, звычаі, традыцыі, веды, якія перададзены нам продкамі з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праз час і прастору, скрозь вякі, як каштоўныя знакі памяці, змяшчаюцца ў простых, знаёмых кожнаму ад самай калыскі, народных казак. Казка – дзіўны свет фантазіі і чараўніцтва. Казка далучае і дзяцей, дарослых да скарбонкі сусветнай класікі, да твораў сучасных аўтараў, вучыць разумець вечныя каштоўнасці.

4 жніўня ў аддзеле па абслугоўванню дзіцячага чытача цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага праведзена чарговае мерапрыемства – казачная віктарына “Чароўны куфэрак”. На сустрэчу прыйшлі дзеці першага атрада аздараўленчага лагера “Радуга” ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Горкі”. У казачным куфэрку былі схаваныя розныя заданні, якія дзеці з задавальненнем дружна выконвалі.

Пачалося мерапрыемства са знаёмства з бібліятэкай. Дзеці паглядзелі выставы кніг, якія прымеркаваны да пачатку II міжнародных Гульняў краін СНД, і іншыя: “Живи безопасно”, “Летом читаем, скуки не знаем”, “Маяковский – детям”, пазнаёміліся з новай літаратурай для дзяцей і падлеткаў.
Вядучая мерапрыемства Ніканчук Наталля Валянцінаўна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, растлумачыла дзецям, якія бываюць казкі: народныя, аўтарскія, бытавыя, чароўныя і прачытала аўтарскую казку «Дзяўчынка Кацярынка і мышка Дабраначка», пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак са сваімі выдадзенымі кнігамі.

Далей школьнікаў чакалі шматлікія закавырыстыя пытанні з чароўнага куфэрка. Рабяты прыпаміналі чароўныя словы і заклінанні з розных літаратурных твораў, адгадвалі літаратурных герояў па іх знешняму апісанню і звычках, адшуквалі кнігі для розных літаратурных герояў па іх выказваннях, адказвалі на іншыя пытанні звязаныя з казкамі і казачнымі героямі.
У завяршэнне мерапрыемства самы актыўны ўдзельнік – Пілевіна Валерыя атрымала прыз – кнігу з казкамі і званне лепшага знаўцы казак. Дзеці зрабілі выснову, што неабходна як мага больш чытаць кніг, каб мець вялікі слоўнікавы запас. Кожны ўдзельнік папоўніў свой асабісты куфэрак новымі ведамі. Народнае, мудрае, спадчыннае – вось што дапаможа моладзі не проста быць відушчымі, а надзяляе іх неацэнным дарам прадбачання, духоўнасці, грамадзянскасці.