Касмічныя прыгоды ў творах беларускіх пісьменнікаў |
20.07.2023 |

Сузор’яў веліч азірні,
Дзівосы там жывуць,
Святло і мудрасць з вышыні
Яны здаўна ільюць!
Наталля Ігнаценка
Дзіцячыя пісьменнікі абавязкова павінны быць крыху чараўнікамі і пачынаць ладзіць дзівосы ад самага пачатку стварэння любой кнігі, асабліва фантастычнай. Пад вокладку яны хаваюць нешта чароўнае, цікавае, карыснае, вясёлае, прыгодніцкае, фантазійнае... Дадаюць ў творы драбок чараўніцтва, бязмерны кубачак дабрыні, шчодрую жменю цікавостак, яркае дражэ весялосці, зярняткі духоўных каштоўнасцей і загадкавы, непрадказальны на смак кампанент – для вастрыні сюжэта. Усё самае лепшае для сваіх чытачоў!

20 ліпеня ў сярэдняй школе №3 г. Горкі для наведвальнікаў школьнага экалагічнага лагера “Дружба”, бібліятэкарам аддзела па абслугоўванню дзіцячага чытача ДУК “Горацкая РБС” была праведзена інфармацыйная гадзіна “Кнігі беларускіх пісьменнікаў”. Наталля Валянцінаўна Ніканчук (член Саюза пісьменнікаў Беларусі) запрасіла прысутных праз прапанаваныя кнігі беларускіх аўтараў здзейсніць неверагоднае касмічнае падарожжа, пагаварыць аб космасе, зорках і невядомых планетах і магчымых у будучыні зорных вандроўках.

Касмічная тэма заўсёды прыцягвае ўвагу падрастаючага пакалення, бударажыць уяўленне. Падчас сустрэчы Наталля Валянцінаўна правяла віктарыну “Усё аб космасе і касманаўтах” і адказала на шматлікія пытанні. Як можна хутка перамяшчацца ў касмічнай прасторы? Што такое тэлепартацыя? Якое паліва можна выкарыстоўваць на міжпланетных лятальных апаратах? Як могуць выглядаць іншапланецяне?

Для чытання на касмічную тэматыку дзецям альбо разам з дзецьмі раім касмічную Адысею Раісы Баравіковай "Казкі астранаўта. Касмічныя падарожжы беларусаў", "Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў", а таксама "Касмічную кнігу ў творах беларускіх пісьменнікаў" (укладанне Раісы Баравіковай). Спытайце ў бібліятэцы таксама кнігі Паўла Місько "Эрпіды на планеце Зямля" і Кацярыны Хадасевіч-Лісавой "Вухуцік". Кожны з гэтых твораў вучыць юнага чытача сябраваць, быць добрым, шчырым, адказным і цікаўным, абуджае жаданне пазнаваць свет і, бадай, самае галоўнае – чытаць па-беларуску.
![]() | ![]() | ![]() |
---|