|
Імя Максіма Гарэцкага |
28.02.2023 |
Гады ідуць, боль заціхае.
Мінуў парадаксальны век,
А нас Гарэцкі сустракае
Ля карпусоў, бібліятэк…
Лідзія Андрэева
Мінае час… Нас пакідаюць людзі… Знікаюць асобы… Зыходзяць у нябыт імёны… Кажуць, што калі чалавек не ведае мінулага, у яго няма будучыні… І таму задача бібліятэкараў, як аднаго са звенняў ланцуга, што здзяйсняе повязь продкаў з нашчадкамі, максімальна поўна захаваць і данесці да маладого пакалення вопыт і спадчыну лепшых прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай культуры і літаратуры, якім і з’яўляецца Максім Іванавіч Гарэцкі.
Пэўны перыяд жыццядзейнасці М. Гарэцкага звязаны менавіта з Горкамі і Беларускай сельскагаспадарчай навучальнай установай. Горкі сталі тым месцам, адкуль ён пайшоў у вялікі свет. З 1909 па 1913 год ён вучыўся ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы. За гэты перыяд Гарэцкі не толькі атрымаў спецыяльнасць, але і далучыўся да літаратуры. У вучылішчы пад яго кіраўніцтвам было створана “таварыства аматараў беларускай літаратуры”.
Максім Гарэцкі быў адзін з першых гурткоўцаў, хто пачаў пісаць нарысы аб жыцці і сваёй вучобе ў Горках па-беларуску, адсылаючы іх у рэдакцыю “Нашай Нівы”. У 1913 годзе ў гэтай газеце было змешчана яго першае апавяданне “У лазні”. А з 1926 па 1928 год Максім Гарэцкі працаваў загадчыкам у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на кафедры беларусазнаўства.
У Горках ушанавана памяць пісьменніка-класіка. Яго імем названа адна з вуліц горада. Усталявана памятная дошка на вучэбным корпусе № 4 БДСГА. У гэтым корпусе працуе музей-кабінет М. Гарэцкага. З 2015 года рэктарат акадэміі ўручае імянную стыпендыю імя М.Гарэцкага замежным студэнтам за поспехі ў вучобе і грамадскай дзейнасці.
1 лютага 1993 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Горацкай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена імя Максіма Гарэцкага.
З таго часу пачалася крапатлівая праца па збору, захаванні і папулярызацыі жыццёвага і творчага шляху пісьменніка. 90-я гады – гэта той перыяд, калі сталі ўзнікаць забытыя імены, з’яўляцца забароненыя раней творы. У перыядычным друку шмат публікавалася артыкулаў, якія раскрывалі раней невядомыя старонкі з жыцця многіх раней “невядомых” асоб, у тым ліку і Максіма Гарэцкага.
Бібліятэкары нашай установы пачалі збіраць гэтыя матэрыялы, у выніку чаго сфарміравалася прэс-дасье “Максім Гарэцкі”, якое налічвае больш за 200 артыкулаў, а таксама фотакопіі ўласных дакументаў Гарэцкага. На сённняшні дзень гэтыя матэрыялы алічбаваныя і створана база данных “Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага”. Яна змяшчае біяграфічныя звесткі, алічбаваныя фотаздымкі, кнігі твораў М. Гарэцкага з фонду нашай бібліятэкі, бібліяграфію, поўныя тэксты артыкулаў з перыядычных выданняў пра М. Гарэцкага, пераведзеныя ў электронны фармат, успаміны і вершы, прысвечаныя пісьменніку.
Дзейнасць бібліятэкі па развіцці цікавасці да асобы і творчасці гэтага пісьменніка з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў і яна вядзецца комплексна. Гэта: пошукавая дзейнасць, стварэнне фонду даведачна-бібліяграфічных матэрыялаў, папулярызацыя творчасці пісьменніка праз арганізацыю масавай работы і ўласную выдавецкую дзейнасць.
У чытальнай зале сфарміраваны фонд, які складаецца з кніг, брашур, перыёдыкі, аудыё-відэаматэрыялаў, электронных рэсурсаў. Сёння тут маюцца дзясяткі артыкулаў з часопісаў і газет, фотаздымкі пісьменніка, лісты да родных, публікацыі аб ім. Беражна захоўваюцца альбомы з фотаздымкамі і пражаданнямі ад пісьменнікаў да ўрачыстага святкавання 100-годдзя Гарэцкага
(Ніла Гілевіча, Янкі Брыля, Сяргея Законнікава, Віктара Карамазава і інш.), памятны медаль да 100-годдзя з дня нараджэння і лісты ад дачкі пісьменніка Галіны Максімаўны, з якой бібліятэка раней вяла перапіску. Пазней пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік перадаў бібліятэцы ўспаміны Яўгеніі Лобан, якая вучылася ў 1-м класе Віленскай гімназіі ў Максіма Гарэцкага.
Да 130-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага ў фае бібліятэкі на першым паверсе была створана міні-музейная экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку. Там знаходзіцца бюст Максіма Іванавіча (работа скульптара Заіра Азгура, 1975 г.), партрэт пісьменніка (мастак В. Шпартаў), фота-экспазіцыя, выставачны стэнд, дзе размешчаны бібліятэчныя выданні пра М. Гарэцкага і яго творы, а таксама два інфармацыйныя банеры “Рукапісы твораў Максіма Гарэцкага” і “Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага”.
Пры стварэнні гэтай экспазіцыі супрацоўнікамі была праведзена пошукавая работа па ўстанаўленні года стварэння скульптуры З. Азгурам. З гэтай мэтай быў накіраваны запыт у ДУ “Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура”. Як вынік – быў не толькі ўстаноўлены год, але і папоўніўся фонд успамінаў пра М. Гарэцкага ўспамінамі Заіра Азгура.
Асобае месца на выставах адводзіцца шматлікім творам пісьменніка. Кніжныя выданні дапаўняюць артыкулы перыядычнага друку з цікавымі звесткамі аб жыцці Гарэцкага, як чалавека і пісьменніка, напрыклад, артыкулы “М. Гарэцкі і Л. Чарняўская. Гісторыя кахання”, “Справа № 13036”; шматлікія фотаздымкі, а таксама факсімільнае выданне газеты “Наша Ніва” (1912-1915 і 1920 гады), на старонках якой друкаваліся першыя допісы маладога М. Гарэцкага. Асаблівае месца на выставе займаюць музычныя інструменты (дудка і скрыпка), ігрой на якіх так удала валодаў творца.
Усе назапашаныя бібліятэкай матэрыялы хочацца данесці як да шырокага кола чытачоў, так і аказаць метадычную дапамогу тым, хто займаецца прапагандай творчасці пісьменніка: бібліятэкарам, настаўнікам, педагогам-арганізатарам і інш. Гэта дапамагаюць зрабіць уласна бібліятэчныя выданні як бібліяграфічныя, так і поўнатэкставыя.
Даведнік “Горацкі Гарэцкі” распавядае пра перыяд жыцця і творчасці пісьменніка ў Горках, змяшчае вершы-прысвячэнні Алеся Пісьмянкова, Лідзіі Андрэевай, Аляксандра Клачкова Максіму Гарэцкаму, выданні пра жыццё і творчасць пісьменніка, бібліяграфічнае апісанне яго кніг, якія знаходзяцца ў фондзе ЦБ.
Таксама да юбілею М. Гарэцкага распрацаваны метадычныя парады бібліятэкам сеткі “Я праўду адкрываю свету” са сцэнарнымі распрацоўкамі вуснага часопіса “Памножана будзе слава Айчыны нашай”, літаратурна-музычнай кампазіцыі “Старонкамі жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага” і інш.
Прыемна і тое, што наша работа па прапагандзе творчасці М. Гарэцкага не застаецца незаўважанай збоку яго пляменніка – Радзіма. Кожны раз, калі ён бывае ў Горках, ён наведвае і нашу бібліятэку. Так, у 2013 годзе ў маі да нас завіталі Радзім Гарэцкі з жонкай і пісьменнік, сябар сям’і Гарэцкіх – Анатоль Бутэвіч. Адбылася вельмі цікавая гутарка з гэтымі людзьмі, разам з імі мы наведалі тое месца, дзе раней знаходзіўся дом, у якім жыў М. Гарэцкі.
На развітанне Радзім Гарэцкі і Анатоль Бутэвіч падаравалі бібліятэцы шэраг уласных выданняў і выданняў Максіма Гарэцкага, на якіх яны пакінулі аўтографы з пажаданнямі поспехаў у далейшай працы па ўшанаванні і захаванні памяці выдатнага сына беларускага народа М. Гарэцкага. На падставе гэтых выданняў у чытальнай зале бібліятэкі арганізавана выстава “Тут след пакінуў я”.
Былі набыты электронныя экзэмпляры рэдкіх выданняў М. Гарэцкага з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія зараз размешчаны на сайце бібліятэкі. А таксама ўвазе інтэрнэт-карыстальнікаў прапанавана віртуальная выстава кніг “Скарбы Максіма Гарэцкага” (сумесны інтэрактыўны праект з бібліятэкай УА БДСГА імя Д. Р. Новікава).
Праца цэнтральнай бібліятэкі і ўстаноў культуры па ўшанаванні памяці нашага земляка, слаўнага сына сваёй Бацькаўшчыны Максіма Гарэцкага, будзе працягвацца далей. Бо Максім Гарэцкі адносіцца да ліку тых людзей, якія не губляюцца ў часе, а, наадварот, набываюць новую існасць, пражываюць другое жыццё, натхняюць на новыя літаратурныя сюжэты. Мала, вельмі мала часу падараваў Максіму Гарэцкаму лёс, каб да канца раскрыцца, рэалізавацца як пісьменніку, мастаку. Але само кароткае жыццё М.Гарэцкага – суцэльны подзвіг. Высокі подзвіг служэння сваёй радзіме, свайму народу, сваёй маці-зямлі Беларусі.
Максім Гарэцкі быў чалавекам вельмі добрай беларускай душы, сціплым па прыродзе сваёй, не абцяжараны ні славай, ні званнямі, ні тытуламі. Увесь нядоўгі век, што быў яму адпушчаны, куды, б, у якія краі ні закідвала яго злая доля ён працаваў да самазабыцця, рабіў усё, што было ў яго сілах, дзеля свайго народа, і заўсёды дарагой і роднай Бацькаўшчыны. І з упэўненасцю можна зазначыць – Імя Максіма Гарэцкага назаўсёды ўвайшло ў гісторыю культуры нашага Горацкага краю і заняло сваё пачэснае месца.

















































