|
Жыве яго слова |
24.02.2023 |
… ахвярую сваім «Я»
ва ймя святога
для ўсіх нас адраджэння.
Максім Гарэцкі
Яго вялікасць лёс поўнай мерай адмераў Максіму Гарэцкаму і шчасця, і геніяльнасці, і выпрабаванняў. Нарадзіўшыся ў простай сялянскай сям’і, ён змалку імкнуўся да ведаў, увесь час вучыўся, спазнаваў новае. І выкрышталізоўваў дыяменты таленту… Рана пачаў друкавацца, і ад публікацыі да публікацыі агонь пасіянарнасці, які гарэў у душы пісьменніка, разгараўся ярчэй, усё большыя глыбіні чалавечай сутнасці адлюстроўвала пяро творцы, усё больш дакладнымі выяўляліся абрысы рэалістычнасці ў яго апавяданнях, аповесцях, раманах.
Можна толькі ўявіць, якога ўзроўню маглі б дасягнуць творы Максіма Гарэцкага з яго здольнасцю насычаць іх рэаліямі паўсядзённасці, у якой жыў пісьменнік, якая была рэчаіснасцю для нашага народа... Як шмат ён мог бы сказаць, прайшоўшы праз Першую сусветную вайну, цяжкае раненне, шматлікія выпрабаванні… Але нават і тое, што сказаў, раскрывае чалавечую натуру напоўніцу…
Сёння ён – агульнапрызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Сваё кароткае жыццё Гарэцкі прысвяціў высакароднай справе духоўнага адраджэння роднай краіны, выхаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў. Зараз на радзіме Максіма Гарэцкага (у вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне)
створаны музей. Яго імем названы бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У Мінску і Вязьме класіку беларускай літаратуры пастаўлены помнікі. Вобраз Максіма Гарэцкага ўвасоблены ў дакументальных стужках. Яго творчасць знаходзіцца пад пільнай увагай літаратуразнаўцаў. Рэгулярна арганізуюцца Гарэцкія чытанні, выдаецца яго творчая спадчына. З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.
Адметна тое, што не толькі у юбілейныя даты, а штогод бібліятэкары ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» ўшаноўваюць памяць аб пісьменніку і прапануюць сваім чытачам змястоўныя кніжныя выставы, агляды літаратуры, выставы-прысвячэнні. Гэты год – не выключэнне, багацце таленту Максіма Гарэцкага можна прасачыць наведаўшы экспазіцыі бібліятэк сеткі: «Жыве яго слова», «Браму скарбаў сваiх адчыняю», «Партрэт на фоне пакалення», «Маляўнічая сіла слова Максіма Гарэцкага», «Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі», «Скарбы жыцця М. Гарэцкага», «Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця», «Багацце таленту Максіма Гарэцкага», «Я праўду адкрываю свету».
Максім Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. Адзначэнне 130-годдзя з дня яго нараджэння – своеасаблівы напамін, каб засведчыць нашу бязмерную любоў і глыбокую павагу вялікаму нацыянальнаму мастаку, які жыў і працаваў дзеля прымнажэння славы зямлі беларускай у шырокім свеце. Памяць пра Максіма-пакутніка жыве ў нашых сэрцах, заклікае захоўваць важную для беларусаў спадчыну і прапагандаваць беларускую літаратуру, асабліва тое, што стварыў і аб чым марыў Максім Іванавіч.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|

















































