|
Максіму Гарэцкаму – 130 гадоў |
21.02.2023 |
18 лютага споўнілася 130 год з дня нараджэння Максіма Іванавіча Гарэцкага – класіка беларускай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, крытыка, літаратуразнаўца, лексікографа, пісьменніка арыгінальнага, самабытнага таленту, вядомага прадстаўніка беларускай думкі, грамадскага дзеяча беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння і нашага зямляка.
“Пакутлівы шлях выпаў на яго долю. Змагаючыся за права слова на роднай мове, ён страціў права на ўласнае жыццё, аднак паспеў пакінуць запавет нашчадкам: не шкадуючы сіл, рабіць усё магчымае і нават немагчымае ў высакароднай справе адраджэння нацыянальнай культуры, у распаўсюджванні ведаў пра беларускі край, пра яго выдатных сыноў, што прысвяцілі сваё жыццё служэнню Бацькаўшчыне”.
В. М. Губская, загадчык кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
Нарадзіўся Максім Гарэцкі 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні. Так склаліся жыццёвыя абставіны, што за сорак пяць гадоў жыцця Максім Іванавіч Гарэцкі пабываў і жыў, на жаль, часта не па сваім жаданні, у шмат якіх гарадах. Аднак той час, які звязаны з Горкамі, займае асаблівае месца ў біяграфіі пісьменніка.
З 1909 па 1913 год ён вучыўся ў Горы-Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы. За гэты перыяд Гарэцкі не толькі атрымаў спецыяльнасць, але і далучыўся да літаратуры. Менавіта тут ён пачаў пісаць нарысы аб жыцці і сваёй вучобе ў Горках па-беларуску, адсылаючы іх у рэдакцыю “Нашай Нівы”. У 1913 годзе ў гэтай газеце было змешчана яго першае апавяданне “У лазні”. З 1926 па 1928 год Максім Гарэцкі працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (у той час – Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі) спачатку дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры беларусазнаўства.
Гэты перыяд жыцця быў вельмі плённым для Максіма Гарэцкага як для пісьменніка. Збіраючы матэрыялы для “Камароўскай хронікі”, летам 1926 года М. Гарэцкі накіраваўся ў падарожжа ў Сібір. Вынікам яго паездкі стала кніга “Сібірскія абразкі”, дзе ён апісаў жыццё сялян у далёкім краі. За перыяд з 1926 па 1928 год выйшлі з друку яго творы: “У чым яго крыўда?”, “Ціхія песні”,
“На імперыялістычнай вайне”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, зборнік апявяданняў “Досвіткі”. Працаваў пісьменнік над зборнікам песень, запісаных сумесна з кампазітарам М. І. Аладавым ад яго маці Е. М. Гарэцкай “Народныя песні з мелодыямі”, займаўся перакладамі мастацкай прозы. За гэты час напісаны артыкулы аб творчасці Якуба Коласа, Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Змітрака Бядулі, якія пазней увайшлі ў яго “Гісторыю беларускае літаратуры”.
18 ліпеня 1930 года яго арыштавалі па абвінавачванні за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі.” Вінаватым ён сябе не прызнаў, тым не менш быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Пасля яе адбыцця М. Гарэцкі ў Смаленску атрымаў накіраванне на працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў пасёлак Пясочня. У 1937 годзе М. Гарэцкі па даносе зноў быў арыштаваны. 6 лютага 1938 года ён быў прыгавораны да расстрэлу, які быў прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў горадзе Вязьма. 21 студзеня 1959 года прэзідыумам Калужскага абласнога суда М. І. Гарэцкі быў поўнасцю рэабілітаваны.
У Горках ушанавана памяць пісьменніка-класіка. Яго імем названы адна з вуліц горада і цэнтральная раённая бібліятэка. Усталявана памятная дошка на вучэбным корпусе № 4 БДСГА. У гэтым корпусе працуе музей-кабінет М. Гарэцкага. З 2015 года рэктарат акадэміі ўручае імянную стыпендыю імя М. Гарэцкага замежнаму студэнту за поспехі ў вучобе і актыўную грамадскую дзейнасць.
21 лютага з нагоды юбілейнай даты класіка беларускай літаратуры, нашага земляка ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі прайшла літаратурная кампазіцыя “Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі”. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні СШ № 2, студэнты БДСГА і горацкія аўтары.
Супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага распавялі аб жыццёвым і творчым шляху класіка. Аповед супраджаўся паказам мультымедыйнай прэзентацыі. Была прадстаўлена інсцэніроўка паводле апавядання “Страхаццё” (у ролі галоўнага героя – Аляксандр Ведзянееў). Горацкія аўтары Алеся Азаранка, Аляксандр Ведзянееў і Валянціна Мажугіна прачыталі свае вершы, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму і роднай мове.
Больш падрабязна даведацца пра жыццёвы лёс беларускага пісьменніка Максіма Іванавіча Гарэцкага, яго творчасць, прасякнутую пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры, можна, наведаўшы Цэнтральную раённую бібліятэку, якая 30 гадоў носіць імя пісьменніка і па крупіцах збірае і захоўвае літаратурны скарб класіка.














































