Родная мова – “Роднае слова”

Родная мова – “Роднае слова”

21.02.2023


Роднае слова міла, вяснова
Зернем упала ў нашым краі.
Светлыя думы матчынай мовы
З глебы радзімай буйна ўзраслі.

Лідзія Андрэева


Штогод 21 лютага ўвесь цывілізаваны свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Менавіта да гэтага свята і была прымеркавана творчая сустрэча студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Ніканчук і ўдзельнікам народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Аляксандрам Ведзянеевым. Сустрэча адбылася ў студэнцкім інтэрнаце № 4 БДСГА.

Подробнее

Да мерапрыемства была падрыхтавана літаратурная выстава “У родным слове – сэрца пачуццё”. Тут былі прадстаўлены выданні класікаў беларускай літаратуры, кнігі па гісторыі, стылістыцы і культуры маўлення, а таксама зборнікі магілёўскіх і горацкіх аўтараў на беларускай мове: Аляксандра Казекі, Ніны Кавалёвай, Міхаіла Уласенкі, Наталлі Ніканчук, Аляксандра Клачкова, Лідзіі Андрэевай і іншых.

Спачатку кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Людміла Дзеружкова расказала пра гісторыю свята і выданні, якія былі прадстаўлены на выставе, зачытала свае любімыя радкі класікаў беларускай літаратуры і пажадала моладзі шанаваць наш нацыянальны скарб – родную мову, больш чытаць беларускіх аўтараў, размаўляць і думаць на матчынай мове.

Наталля Ніканчук у сваім выступленні адзначыла: “Пішу пераважна на роднай мове і не магу нават думаць, што можа быць інакш. Жаданне пісаць на беларускай мове было яшчэ з дзяцінства. Я скончыла беларускамоўную школу ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, заўсёды слухала Беларускае радыё. Ды і ў нашай мясцовасці больш размаўлялі на роднай мове”. Прагучалі яе вершы на роднай і аб роднай мове (“Крынічанька жывая…”, “Беларуская мова — святая…”, “Да мяне завітала надзея…” і інш.), а таксама пераклады твораў рускіх паэтаў на беларускую мову.

Студэнты зацікавіліся творчай дзейнасцю і Аляксандра Ведзянеева. Паэт сказаў пра адносіны да роднага слова і беларускай літаратуры, прачытаў свае вершы пра Радзіму і мову (“Наша мова”, “Сінявокі небасхіл”, “У замежжа” і інш.). Таксама ён дэкламаваў апавяданне Максіма Гарэцкага “Страхаццё” (нашага земляка, юбілей якога адзначаўся 18 лютага), што выклікала асаблівую зацікаўленасць у аўдыторыі.

Мерапрыемства атрымалася ў форме дыялогу і садзейнічала выхаванню ў моладзі павагі да роднага слова і разуменню неабходнасці ведаць яго і шанаваць. На працягу Тыдня роднай мовы цэнтральная бібліятэка імя М. Гарэцкага запрашае наведаць кніжныя выставы, пазнаёміцца з навінкамі беларускага друку, узяць дадому кнігі на беларускай мове і атрымаць асалоду ад чытання на роднай мове.



Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина