Калі ласка, запрашаем – мы тут мову вывучаем! |
11.04.2019 |
Адкрываю, як свет, нанова Беларускае роднае слова, Пералівістае – як каменьчык Вясёлкавае – як ручай, Цёплае – як агеньчык Добрых тваіх вачэй, светлае – як маланка, гнеўнае – як пярун, ціхае – як калыханка, вечнае – як Беларусь! А. Канапелька |
Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забываць сваю мову, не шануе яе. Родная мова асаблівая для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма і мовы без яе носьбіта.
11 красавіка на працягу дня ў раённай дзіцячай бібліятэцы бібліятэкары не толькі віталі чытачоў на роднай мове, але і прапанавалі ім агляд кніжнай выставы «Мова родная, лагодная, мая». Акрамя таго, для дашкалят з дзіцячага садка № 2 было праведзена вясёлае мерапрыемства «Калі ласка, запрашаем – мы тут мову вывучаем!», каб у чарговы раз падкрэсліць багацце фарбаў і гукаў роднай мовы, яе непаўторнасць. Дэвіз дня: «Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю» – вельмі зацікавіў маленькіх наведвальнікаў. Разам з бібліятэкарамі дзецi вывучалi словы на роднай мове, чыталi «рухавыя» вершы па-беларуску, а таксама прымалi ўдзел у вясёлай гульні «Малечам пра рэчы». На першы погляд беларуская мова простая і вельмі падобная да рускай. Але гэта толькі на першы погляд. Зусім нескладана было знайсці беларускія адпаведнікі да слоў: Родина, язык, картофель. І зусім інакш атрымалася са словамі: брюки, кастрюля, пуговица, небоскрёб.
Дашкаляты добра праявілі свае перакладчыцкія здольнасці, кемлівасць і вынаходлівасць. Так, міжволі дзеці запомнілі прапанаваныя беларускія назвы з’яў і рэчаў, ветлівыя абароты, назвы прадметаў побыту.
Спадзяёмся, што ўсе атрымалі прыемную асалоду, цудоўны настрой і паглыбілі свае веды па роднай мове. За мудрым, вечным і цікавым родным словам запрашаем у бібліятэку!