«Тут росы бялей…» |
19.10.2018 |
«У кожнага чалавека ёсць спадчына – яго зямля, яго Радзіма. Яе немагчыма ні аддаць, ні прадаць, ні падарыць - яе трэба любіць і рабіць так, каб гэтая спадчына свяціла добрым Святлом, бо вобліск Яго – кожны з нас.» |
17 кастрычніка ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі імя М.Гарэцкага сабраліся ўсе зацікаўленыя творчасцю горацкай паэтэсы Лідзіі Андрэевай на прэзентацыі яе новай паэмы «Тут росы бялей…».
Лідзія Андрэеўна – член Саюза беларускіх пісьменнікаў, народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», лаўрэат і пераможца міжнародных літаратурных конкурсаў, аўтар 10 паэтычных зборнікаў. Вершы яна пачала пісаць пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Дагэтуль добрасумленна адпрацавала на зоаінжынерным факультэце акадэміі асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам. Сёння яна ўжо не ўяўляе сябе без паэзіі. У 2005 годзе выйшаў з друку яе першы зборнік вершаў «Спешу сказать…», затым былі «Жыватворная крыніца», «Споведзь», «Мая сям’я ад А да Я», «На хвалях вечнасці», «І боль, і мары, і любоў», «Цвіла каліна», «У сваім краі, як у раі», «Ніці».
Прэзентацыя новага твора Лідзіі Андрэевай – паэмы «Тут росы бялей…» – праходзіла ў рамках праекта «Ён думкай і словам служыў Беларусі», прысвечанага 125-годдзю Максіма Гарэцкага. Аўтар прысвяціла свой твор Году малой радзімы і Дню вызвалення горада Горкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У паэтычных радках адлюстравана гісторыя нашай горацкай зямлі, прыводзіцца легенда пра ўзнікненне горада Горкі. Сама кніга вельмі багата аздоблена фотаздымкамі Горацкага раёна.
Павіншаваць Лідзію Андрэеўну з выхадам новай кнігі прыйшлі прыхільнікі яе творчасці, сябры і калегі, людзі, а таксама прадстаўнікі ўлады. З віншаваннямі да паэтэсы звярнулася старшыня Горацкага раённага Савета дэпутатаў Аксана Агароднікава і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Уладзімір Чыкізаў. Выступілі на прэзентацыі і людзі, якія ўнеслі свой уклад у справу выдання кнігі Лідзіі Андрэевай: Аляксандр Каданчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт, які аказаў грунтоўную рэдакцыйную падтрымку; Віталій Еўціховіч – дырэктар ААТ «Горкілён» і Пётр Панасюга – дырэктар ВГУП «Горацкі элеватар», якія аказалі матэрыяльную дапамогу.
Добрыя словы ў адрас Лідзіі Андрэевай прагучалі ад Людмілы Дзеружковай – кіраўніка літаб’яднання «Роднае слова», удзельнікам якога ўжо больш за 10 год з’яўляецца паэтэса; Марыі Студнёвай – галоўнага бібліятэкара акадэмічнай бібліятэкі імя Д.Р. Новікава; Ірыны Пачэкінай – дырэктара горацкай бібліятэчнай сеткі; Ганны Малько – дацэнта кафедры лінгвістычных дысцыплін БДСГА, з якімі Лідзія Андрэеўна плённа супрацоўнічае ў творчым плане.
Ну і якая ж прэзентацыя паэтычнага твора без дэкламавання ўрыўкаў з яго. З гэтай місіяй выдатна справіліся супрацоўнікі бібліятэкі - Вольга Максімава і Ангеліна Лішнёва.
Напрыканцы мерапрыемства кожны жадаючы мог набыць новую кнігу Лідзіі Андрэевай.