Мая родная мова - БЕЛАРУСКАЯ |
22.02.2019 |
Беларускі пісьменнік Алесь Разанаў казаў, што кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор -… Ёсць думкі, што гэта за твор?
Гэта МОВА.
21 лютага адзначаўся Дзень роднай мовы. З нагоды свята бібліятэкары сеткі аформілі выставы, на якіх прадстаўлена разнапланавая беларускамоўная літаратура, ад зборнікаў вершаў да слоўнікаў. Так, выстава «Скарбы роднага слова» дзейнічае ў цэнтральнай бібліятэцы імя М. Гарэцкага, «Жыві – мая мова, жыві – мой народ» – у Красулінскай сельскай бібліятэцы, «Мова продкаў нашых і нашчадкаў» – у Ленінскай сельскай аб’яднанай бібліятэцы,
«Цудоўны свет беларускай кнігі» – у Маслакоўскай сельскай аб’яднанай бібліятэцы, «Родная мова – крыніца празрыстая» – у Аўсянкаўскай сельскай аб’яднанай бібліятэцы.
Акрамя выстаў праводзіліся і мерапрыемствы. Супрацоўніца Маслакоўскай бібліятэкі пазнаёміла з беларускімі пісьменнікамі выхаванцаў дзіцячага садку падчас агляда-гутаркі «Да роднай мовы крок зрабі». А ў Аўсянкаўскай бібліятэцы прайшла тэматычная гадзіна «Слова роднае – вечнасці след!», на якой дзеці выконвалі розныя заданні па беларускай мове, чыталі беларускія вершы. Таксама бібліятэкар праводзіла акцыю «Сёння размаўляем па-беларуску»: на працягу дня наведвальнікам бібліятэкі прапаноўвалася размаўляць па-беларуску. Аналагічная акцыя праходзіла і ў цэнтральнай бібліятэцы імя М. Гарэцкага пад назвай «Размаўляем па-беларуску».