В. Дуніну-Марцінкевічу – 210 год |
04.02.2018 |
…Пішучы і шмат друкуючы, ён узбуджаў вакол сваіх твораў размову і палеміку, напамінаў аб існаванні беларускай мовы і пачаткаў беларускай літаратуры, наводзіў на пытанні аб магчымасцях іх далейшага развіцця. М. Багдановіч |
«Здароўя шмат аддаў я гэтай працы. А колькі клопатаў меў і дакору!» – так гаварыў пра сябе як пісьменніка Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. І сапраўды, яго шлях у літаратуры быў нялёгкім. Праз многія перашкоды і цяжкасці, звязаныя з выданнем твораў, праз цэнзурныя забароны, пагардлівыя адносіны панства да беларускай мовы нёс пісьменнік сваё слова народу.
В. Дунін-Марцінкевіч – пісьменнік, паэт, драматург, класік беларускай літаратуры, заснавальнік першага беларускага тэатра. Пісаў на польскай і беларускай мовах. Яму належыць шмат твораў разнастайных у жанравых адносінах, сярод іх камедыя-опера «Ідылія», паэма «Гапон», вершаваныя аповесці «Вечарніцы», «Купала», камедыі «Пінская шляхта», «Залёты», і інш.
4 лютага споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння пісьменніка. З нагоды гэтай круглай даты бібліятэкі сеткі аформілі выставы, прысвечаныя творчасці Дуніна-Марцінкевіча. Так, у цэнтральнай бібліятэцы імя М. Гарэцкага дзейнічае выстава «Ён першы сеяў зерне». Супрацоўнікі Аўсянкаўскай і Ленінскай сельскіх аб’яднаных бібліятэк падрыхтавалі выставы «Жыве паміж намі дудар наш» і «На мове сэрцу зразумелай» адпаведна.