Юбілей у «Полымя»
Сёлета юбілеі святкуюць не толькі многія пісьменнікі і творы, але і перыядычныя выданні. Так, у гэтым месяцы 95 год спаўняецца з пачатку выдання літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя». На старонках выдання друкуюцца творы беларускіх пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусветнай літаратуры і сучасных замежных пісьменнікаў, артыкулы па пытаннях беларускай культуры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, рэцэнзіі.
Часопіс пачаў выходзіць у снежні 1922 года. Першыя дзесяць год ім кіравала рэдакцыйная калегія, у якую ўваходзілі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот і іншыя вядомыя ў літаратурных колах асобы. Пэўны перыяд выданне выходзіла пад назвай «Полымя рэвалюцыі». У цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны часопіс не выдаваўся і быў адноўлены толькі ў студзені 1945 года. На старонках «Полымя» былі ўпершыню апублікаваны многія знакамітыя творы, сярод якіх раманы «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. На працягу жыцця часопіса яго рэдактарамі былі многія вядомыя ў літаратуры асобы. Гэта і Платон Галавач, і Міхась Лынькоў, і Пятрусь Броўка, і Максім Танк, і Сяргей Законнікаў, і Мікола Мятліцкі. Сёння выданне ўзначальвае Алена Мальчэўская. З нагоды юбілею часопіса на абанеменце цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага дзейнічае інформ-дасье «Часопіс «Полымя» адзначае юбілей». Тут вы можаце пабачыць нумары часопіса за розныя гады і такім чынам прасачыць яго эвалюцыю. Калі вы патрыёт роднай мовы і аматар літаратуры, то часопіс «Полымя» для Вас.
Дарэчы, сёлета юбілярамі з’яўляюцца таксама газеты «СБ. Беларусь сегодня», якой спаўняецца 90 год, і «Літаратура і мастацтва», якая адзначае 85-годдзе. Абодва гэтыя выданні вы можаце знайсці ў бібліятэцы. Прыходзьце!