Закрыццё сумеснага праекта
30 лістапада у бібліятэцы імя Д.Р. Новікава УА БДСГА адбылося закрыццё праекта «Духоўны патэнцыял кніжнай культуры». Гэты праект быў падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага і бібліятэкі імя Д.Р. Новікава і прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Праект дзейнічаў больш за 2 месяцы. Нагадаем, што яго адкрыццё адбылося на Дзень бібліятэк, 15 верасня.
За гэты перыяд з праектам пазнаёмілася больш за тысячу чалавек. У рамках праекта праводзіліся шматлікія культурна-асветніцкія мерапрыемствы і творчыя сустрэчы з горацкімі аўтарамі, дзейнічала масштабная выстава «Лепшых кніг адкрыты нам старонкі», была арганізавана віктарына «Кніжная мудрасць стагоддзяў». На закрыцці былі падведзены вынікі працы, уручаны падзякі самым актыўным удзельнікам праекта, узнагароджаны ўдзельнікі віктарыны. Трэба адзначыць, што місія ўзнагароджвання была ўскладзена на рэдактараў газет «Горацкі веснік» і «УзГорак», якія выступілі спонсарамі віктарыны. Выступілі са словамі і дырэктары бібліятэк-арганізатараў праекта. Яркім момантам на закрыцці было выступленне намесніка дырэктара НББ, беларускага культуролага, кнігазнаўцы, даследчыка спадчыны Ф. Скарыны Алеся Сушы, які выступіў з цікавым паведамленнем пра першадрукара і асветніка, а таксама з задавальненнем адказаў на ўсе пытанні, якія ўзніклі ў прысутных.