85 гадоў І.Пташнікаву
7 кастрычніка споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Пташнікава. Як і многія вядомыя беларускія празаікі, Іван Мікалаевіч дэбютаваў з вершам, але хутка перайшоў на прозу. Ён з’яўляецца аўтарам аповесцей, апавяданняў, раманаў. Многія творы пісьменніка перакладзены на іншыя мовы свету. Па яго вядомай аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні пастаўлены аднайменны тэлефільм, а па раману «Алімпіяда» – аднайменны тэлеспектакль. Творчая прыхільнасць Пташнікава-празаіка – вясковая тэматыка. У яго творах бачна добрае веданне побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў. Значнае месца ў творчасці пісьменніка займае і тэма вайны.
З нагоды юбілея Івана Пташнікава на абанеменце цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага пачала дзейнічаць выстава «Свет, у якім жывуць героі». Яна дае магчымасць дакрануцца да творчасці пісьменніка. Тут можна пабачыць такія вядомыя яго творы, як аповесці «Найдорф», за якую Пташнікаў атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Я. Коласа, «Тартак», раманы «Алімпіяда», «Мсціжы». Можна пазнаёміцца і з асобай пісьменніка, дзякуючы літаратуры пра яго жыццёвы і творчы шлях, якая таксама экспануецца на выставе.