Ён сэрцам пісаў сваю кожную песню
17 верасня 105 гадоў споўнілася з дня нараджэння Максіма Танка, выдатнага паэта, перакладчыка, грамадскага дзеяча. Бібліятэкі сеткі не пакінулі гэтую падзею па-за ўвагай і адзначылі юбілей класіка беларускай літаратуры рознымі мерапрыемствамі.
Так, у Рэкцянскай сельскай бібліятэцы прайшоў літаратурны аганёк «Незгасаемае святло беларускай паэзіі», падчас якога бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў з асноўнымі фактамі біяграфіі знакамітага паэта. Таксама на мерапрыемстве прагучалі вершы Максіма Танка рознай тэматыкі, сярод якіх такія вядомыя, як «Два полі», «Восенню», «Рукі маці».
Раённая дзіцячая бібліятэка арганізавала літаратурную гадзіну «Майстар слова – Максім Танк». З дапамогай прэзентацыі бібліятэкар расказала прысутным пра жыццё і шлях у літаратуру нашага выдатнага майстра слова, пазнаёміла іх з некалькімі яркімі творамі паэта, прапанавала паўдзельнічаць у цікавых конкурсах.
Да вучняў 7 класа СШ №1 завітала супрацоўніца цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага. Яна падрыхтавала для іх літаратурную кампазіцыю «Прайсці праз вернасць часу і падзей». Дзякуючы інфармацыі бібліятэкара, дзеці даведаліся шмат новага і цікавага пра творчую асобу Максіма Танка: пра яго жыццё, пра пачатак літаратурнага шляху, пра грамадскую дзейнасць і іншыя факты яго біяграфіі.
У Аўсянкаўскай сельскай бібліятэцы з нагоды юбілея паэта была арганізавана выстава яго кніг «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню».
Творчасць Максіма Танка – выдатная з’ява ў свеце сучаснай еўрапейскай літаратуры. Напоўненыя глыбокім філасофска-аналітычным асэнсаваннем жыцця і чалавека, высокім гуманістычным зместам і грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылі асаблівасці нацыянальнага характару, гістарычнага шляху і лёсу беларускага народа, выявілі багацце і шматстайнасць яго гісторыі і культуры, вялікія патэнцыяльныя магчымасці мовы, пераканаўча абгрунтавалі паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасці.